ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

тэма/тэкст:
парыская "культура"
і культура супраціву


ФРАГМЭНТЫ №4
№5
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


С.Ларын

САКРЭТ "КУЛЬТУРЫ"

 

Пяцідзесяцігодзьдзе польскага літаратурна-палітычнага часопіса "Культура" (Kultura), што выдаецца ў Парыжы Літаратурным Інстытутам (Instytut Literacki), было амаль не заўважана нашым (расійскім — В.К.) друкам.

Насамрэч "Культура" пачала выходзіць у 1947 годзе, але "круглыя" пяцідзясятыя ўгодкі ўсімі адзначаліся летась, у 1996-м; відавочна, юбілей часопіса адлічвалі ад даты заснаваньня выдавецтва, што распачало сваю працу на год раней.

Ёсьць таксама і іншая, на маю думку, важнейшая нагода, каб узгадаць пра гэты часопіс. А менавіта, варшаўскае выдавецтва "Чытэльнік" (Czytelnik) запачаткавала адмысловую сэрыю пад назваю "Архіў Культуры" (Archiwum Kultury). Ужо выйшлі з друку першыя тамы гэтай сэрыі: ліставаньне рэдактара часопіса Ежы Гедройца (Jerzy Giedroyc) з Вітальдам Гамбровічам (Witold Gombrowicz), якое датуецца 1950-1969 гадамі 1, "Аўтабіяграфія ў чатыры рукі" самога Гедройца 2 ды іншыя кнігі. Гэтыя фундамэнтальныя, забясьпечаныя грунтоўнымі камэнтарамі выданьні дазваляюць аналізаваць часопіс, абапіраючыся на дакумэнтальныя крыніцы, што ўпершыню сталіся даступнымі варшаўскаму выдавецтву й дасьледнікам з ласкі самое "Культуры". Дзякуючы гэтаму, чытач можа зазірнуць да рэдакцыйнай кухні, лепей зразумець, як высьпявалі ды ажыцьцяўляліся разнастайныя ідэі і праекты аднаго з найлепшых культуралягічных часопісаў другой паловы XX стагодзьдзя, як складаліся дачыненьні Гедройца з аўтарамі і г.д.

Сама даўгавечнасьць "Культуры" — ужо вялікае дзіва: у нашыя часы нават слынныя выданьні з шматгадовым стажам спыняюць свой выхад праз недахоп падпісантаў. Апроч таго, на працягу ўсіх прамінулых дзесяцігодзьдзяў "Культурай" нязьменна кіруе адзін чалавек — журналіст, літаратар ды палітык Ежы Гедройц. Юбілей Літаратурнага Інстытуту й "Культуры" супаў зь дзевяностагодзьдзем яе рэдактара.

Сорам ды ганьба, што ўсе гэтыя важныя для літаратуры даты не адгукнуліся ў нашым друку ніводным рэхам. Сорамна хаця б таму, што "Культура" шмат зрабіла для папулярызацыі сучаснай расійскай літаратуры за мяжой. Напрыклад, яна першая на Захадзе надрукавала творы Абрама Тэрца (Андрэя Сіняўскага) і Мікалая Аржака (Юлія Даніэля). У "Бібліятэцы Культуры" (Biblioteka Kultury) выйшаў таксама "Доктар Жывага" Пастэрнака, трохтамовік "Архіпэляг ГУЛаг" Салжаніцына ды шэраг кніг іншых аўтараў, перасьледаваных у тыя часы на сваёй радзіме. Да таго ж, "Культура" выдала ў 1961-1981гг. тры адмысловыя нумары на расійскай мове, з тэкстамі польскіх аўтараў, якія не маглі тады быць надрукаваныя ў СССР з прычыны цэнзуры.

Дарэчы, да ганебнай адсутнасьці ўвагі, выяўленай расійскім друкам у адрас парыскага часопіса, спрычыніўся й той факт, што на працягу многіх дзесяцігодзьдзяў "Культура" была ў Расіі сурова забароненая. Нават у буйнейшых бібліятэках краіны цяжка было здабыць інфармацыю, ці трапляе да іх такі часопіс — зразумела, трапляць ён мог толькі ў "спецхраны" 3. У выніку нават перакладнікі ды паляністы часьцей за ўсё ніколі не трымалі ў руках асобніка "Культуры" і ведалі пра яе толькі па чутках.

А ўсё ж у памяці застаўся адзін юбілейны артыкул, прысьвечаны Ежы Гедройцу і створанаму ім часопісу. Надрукаваны ён быў, што праўда, не ў Расіі, а ў Парыжы. Маю на ўвазе невялікі, але яркі й сардэчны тэкст Натальлі Гарбанеўскай у "Русской мысли" (№ 4136, 25-31 ліпеня 1996 г.). Безумоўна, сама дата адпаведна настройвае кожнага, хто хацеў бы пра такі літаратурны юбілей напісаць пачуцьцёва. Зрэшты, "Пан Ежы, — засьцерагае Гарбанеўская, — ня любіць юбілейных прамоваў. Красамоўна, што на ўласных старонках рэдакцыя амаль змоўчала ўрачыстую дату. Толькі ў адным з наступных нумароў (№ 9, 1996) пад рубрыкай "Нататкі рэдактара" Гедройц, дзякуючы ўсім, хто даслаў віншаваньні, дадаў: "Гэтая стыхійная рэакцыя людзей, якіх я паважаю й шаную, любоў і салідарнасьць маіх блізкіх калег ды аўтараў, дзясяткі й дзясяткі лістоў ад моладзі, якая толькі ўваходзіць у жыцьцё, шматлікія вітаньні ад нашых суседзяў з Усходу (не выключаючы Расіі), але таксама і зь Нямеччыны, даюць мне сёньня пэўнасьць, што праца, якой я прысьвяціў усё жыцьцё, будзе працягвацца. Упершыню я гляджу ў нашую будучыню з пэўнай надзеяй".

Ежы Гедройц не перабольшвае, кажучы, што прысьвяціў "Культуры" ўсё жыцьцё. Дзевяностагадовы рэдактар насампраўду аддаў часопісу ўсе свае сілы й талент.Паўстагодзьдзя таму, у бязладзьдзі ды сумяціцы першых паваенных гадоў "Культура" паўстала, уласна кажучы, зь нічога, на голым месцы — вылучна дзякуючы намаганьням ды энэргіі аднаго чалавека і двух-трох найбліжэйшых ягоных сяброў.

Часопіс нарадзіўся ў Італіі, як ужо згадвалася, у 1947 годзе.

Чаму ў Італіі? На італійскай зямлі напрыканцы вайны дыслякаваўся Другі Польскі корпус, які на баку саюзьнікаў ваяваў з гітлераўцамі, у тым ліку і ў славутай бітве пад Монтэ Касіна (Monte Cassino) (у Расіі гэты корпус больш вядомы як Армія Андэрса). Армія гэтая была сфармаваная ў СССР падчас вайны і складалася з палякаў, якія пасьля нашай "вызваленчай" акупацыі Заходняй Украіны ды Беларусі апынуліся ў канцэнтрацыйных лягерох. Пазьней Армія Андэрса перадыслякавалася на Блізкі Ўсход, у Паўночную Афрыку, а потым у Італію.

На прапанову капітана* Гедройца з Адзьдзелу прапаганды сам Андэрс аддаў загад аб стварэньні Літаратурнага Інстытуту й рэдакцыі "Культуры" 4.

Той факт, што ў нетрах войска нарадзіўся часопіс галоўным чынам літаратурнага кірунку, далёкага ад зацікаўленьняў вайсковага атачэньня, мог бы падацца дзіўным. Аднак гэтаму спрыялі акалічнасьці тамтэйшай эпохі. Армія валодала адпаведнай тэхнічнай ды матэрыяльнай базай, таму ў тых варунках новаму часопісу лацьвей было стартаваць у ейным асяродку. Напачатку здавалася, што новапаўсталы Літаратурны Інстытут засяродзіцца на выданьні кніг для польскіх жаўнераў, адрэзаных ад айчыны. Выдавецкую дзейнасьць вырашана было распачаць з роднай клясыкі. Выйшлі "Кнігі народу і пілігрымства польскага" Міцкевіча і "Легіён" Сянкевіча.

Калі ж гаварыць пра "Культуру", то яна мелася — на думку сваіх заснавальнікаў — дапамагчы адшукаць сваё месца пад сонцам тым польскім жаўнерам, што асядалі на Захадзе. Большасьць жаўнераў з Другога корпусу не зьбіралася вяртацца ў Народную Польшчу — як афіцыйна назвалі краіну камуністы, што пры дапамозе Саветаў запанавалі на берагах Віслы.

Польскія вайскоўцы прайшлі ў Расіі праз цяжкія выпрабаваньні, улучаючы Катынь ды ГУЛаг, многія зь іх страцілі там жыцьцё альбо сваякоў ды сяброў. Тыя ж, хто ацалеў, ня мелі ніякіх ілюзій што да новых парадкаў у Польшчы. Усе ведалі, што вяртаньне дадому не прынясе супакойнага жыцьця, а якраз наадварот — жыцьцё ў заўсёднай боязі за свой лёс ды лёс блізкіх.

У атмасфэры пагалоўнай разгубленасьці ды прыгнечанасьці, якая апанавала Другі корпус напярэдадні дэмабілізацыі, Гедройц меркаваў, што часопіс паслужыць маральным ды культуральным апірышчам. Жыцьцё неўзабаве ўнесла свае карэктывы ў працу Літаратурнага Інстытуту. Выявілася, што ўзнаўленьне польскай клясыкі для ўчорашніх вайскоўцаў, якія пераходзяць да цывільнага жыцьця і, да таго ж, на чужыне, — гэта ня самы пільны клопат. Значна больш важным быў часопіс, які б рашуча ўздымаў надзённыя праблемы.

Пачынаючы выдаваць "Культуру" ва ўмовах эміграцыі, Гедройц усьведамляў, за якую цяжкую справу ён бярэцца. Трэба было, для прыкладу, знайсьці крыніцы фінансаваньня, інакш кажучы, "спонсара": праблема, зь якой нашыя айчынныя выдавецтвы ды часопісы сутыкнуліся толькі нядаўна.

Не лягчэй было і стварыць (пагатоў на эміграцыі) аўтарскі калектыў. Гедройц ад пачатку рабіў стаўку на прафэсійных пісьменьнікаў найвышэйшае клясы, на яркія індывідуальнасьці — ці то ў паэзіі, ці ў прозе, публіцыстыцы, эсэістыцы, літаратурнай крытыцы. У "Культуры" нязьменна публікаваў свой дзёньнік Вітальд Гамбровіч. Ня менш рэгулярна друкаваў свае допісы яшчэ адзін польскі пісьменьнік, Густаў Хэрлінг-Грудзіньскі (Gustaw Herling-Grudziński), аўтар аповесьці "Іншы сьвет" — адной з найбольш кранальных і ўдумлівых кніг пра савецкія канцэнтрацыйныя лягеры, у якія Хэрлінг патрапіў увосень 1939 году *. Чэслаў Мілаш (Czesław Miłosz), у будучыні ляўрэат Нобэлеўскай прэміі, які пасьля гучнага разрыву з ПНР быў беззваротна адрэзаны ад радзімы, друкаваўся амаль вылучна ў "Культуры", а кнігі выдаваў у "Бібліятэцы Культуры".

Часопіс меў таксама свайго выдатнага публіцыста — палітоляга Юліўша Мерашэўскага (Juliusz Mieroszewski) (1906-1976), які рэгулярна аналізаваў у "Культуры" найбольш складаныя праблемы бягучага міжнароднага жыцьця. Ён востра цікавіўся нямецкім пытаньнем. Разважаў, якім менавіта чынам будучая, вольная ад савецкага дыктату Польшча павінна разьвіваць кантакты з ГДР і ФРГ. Мерашэўскі разумеў, што ягоныя прадбачаньні будучага раскладу сіл на эўрапейскім кантынэнце — гэта (як ён сам акрэсьліў у артыкуле "Можа здарыцца й так..." (1970)) "плён абстрактных развагаў", але тым ня менш меркаваў, што "тут пададзены варыянт больш чым праўдападобны". І насамрэч, шмат ягоных прадбачаньняў спраўдзілася.

Мерашэўскага асабліва хвалявала яшчэ адна праблема — дачыненьні паміж Польшчай ды Расіяй. Ён лічыў, што будучая Польшча павінна абавязкова мець стасункі з Расіяй на правах партнэрства. Але перш за ўсё, лічыў, трэба будзе навязаць добрасуседскія дачыненьні з незалежнымі Украінай ды Беларусяй, роўна як і з балтыйскімі краінамі, што дазволіць Польшчы ўмацаваць свае пазыцыі ў Эўропе, а тым самым і расіян схіліць да пошуку кампрамісаў.

Каштоўнай знаходкай "Культуры" было яшчэ адно адкрыцьцё Гедройца, Канстанты Яленьскі (Konstanty Jeleński) (1922-1987), які пасьля гітлераўскай навалы апынуўся ў Італіі. Вольна валодаючы некалькімі эўрапейскімі мовамі, Яленьскі зьвяртаў увагу чытачоў на ўсё новае, што зьяўлялася ў літаратуры краінаў Захаду. З роўным майстэрствам ён пісаў кароткія рэцэнзіі, вялікія агляды ды сьціслыя трапныя рэплікі.

Як Гедройц у літаратары-пачаткоўцы адгадаў ягоныя патэнцыйныя магчымасьці — гэта адна з таямніц рэдактара "Культуры", адоранага рэдкім дарам адшукваць ды задзіночваць вакол свайго "дзіцяці" рознабаковыя творчыя таленты. Дарэчы, шматгадовае ліставаньне Гедройца зь Яленьскім, таксама выдадзенае ў "Архіве Культуры" 5, выяўляе ашчэ адну рысу рэдактарскага характару — ягоную ўпартасьць у дасягненьні вызначаных мэтаў, у гэтым выпадку — у залучэньні да працы людзей, якіх ён сабе нагледзеў. "Паляваньне" на Яленьскага доўжылася некалькі год. Урэшце Гедройц перамог: Яленьскі перабраўся з Італіі ў Парыж, каб быць бліжэй да рэдакцыі, і стаўся адным з найбольш актыўных аўтараў "Культуры".

Трэба падкрэсьліць, што высілкаў Гедройца ня спляжылі намаганьні ворагаў, перадусім афіцыйнага польскага друку, прадстаўнікі якога пільна сачылі за кожным крокам парыскага рэдактара. Аднак крытыка варшаўскіх заўзятараў зводзілася да беспадстаўных атак і нападаў на Гедройца, якога яны імкнуліся дыскрэдытаваць, выстаўляючы яго то амэрыканскім шпіёнам ды агентам ЦРУ, то "грашовым мяхом", які здабывае сродкі на "Культуру" з самых падазроных крыніц.

Насампраўду часопіс не валодаў ніякім казачным багацьцем. Дастаткова прачытаць ужо згаданае вышэй ліставаньне Гедройца з Гамбровічам, каб пераканацца, колькі "Культуры" давялося змагацца зь безграшоўем, тады й пазьней. Рэдактар безупынна бядуе, што каса пустая, што ён ня ў стане падвысіць ганарар аўтару "Дзёньніка". Зь іхнага абмену лістамі відзён цяжкі лёс эмігранцкага выдавецтва, вельмі абмежаваныя сродкі й магчымасьці якога вымушаюць Гедройца трымаць на галодным пайку як аўтараў, так і супрацоўнікаў рэдакцыі 6.

З гэтага самага ліставаньня фінансавыя турботы часопіса часам паўстаюць у трагікамічным выглядзе. Гамбровіч, чалавек ня вельмі практычны, які лёгка запальваўся і ў той жа час мала знаўся на фінансах, намагаецца зацікавіць Гедройца штораз новымі фантастычнымі праектамі, як, напрыклад, прыцягнуць да выдавецкай справы чарговага багатага спонсара з Аргентыны (дзе ён тады жыў і за сьмешныя грошы працаваў у банку). Гамбровіч перакананы, што рэалізацыя ягоных чарговых ідэяў раз і назаўсёды вырашыць фінансавыя праблемы часопіса. Ягоныя пляны адзін за адным лопаюцца, як бурбалкі, але Гамбровіч не адступаецца й разьвівае ў лістах новыя фантазіі. Ён нават абураецца, што адрасат, адпісваючы яму, робіцца ўсё халаднейшы, бо Гедройц — чалавек практычны, загартаваны ў такіх калатнечах і добра ведае мэнтальнасьць багатых людзей.

Гэтае ліставаньне дазваляе таксама лепей зразумець сам "Дзёньнік" Гамбровіча, фрагмэнты зь якога былі нядаўна апублікаваныя ў "Новом мире" (№ 11, 1996). Лісты паказваюць, пры якіх абставінах зьяўляліся чарговыя старонкі "Дзёньніка" ў "Культуры". Як высьвятляецца, думку пра такі нязмушаны, вольны дыялёг Гамбровіча з чытачом горача падтрымліваў і дапамагаў ажыцьцяўляць сам Гедройц. Дарэчы, менавіта "Дзёньнік", што спачатку друкаваўся з працягам у "Культуры", а потым выйшаў асобнай кнігай, прынёс Гамбровічу славу.

Лісты да Гамбровіча выяўляюць яшчэ й немалы эпісталярны талент Гедройца.Ён без сумневу сапраўдны майстар гэтага жанру. І хаця ўсе ягоныя лісты, у тым ліку і да Гамбровіча, маюць рабочы характар, яны ператвараюцца ў жывую, вольную размову з адрасатам: трапныя характарыстыкі людзей, заўвагі аб літаратуры, справаздачы аб літаратурных навінах, іх сьціслыя, хуткія ацэнкі і г.д. Прайшлі дзясяткі гадоў, а ад гэтых лістоў цяжка адарвацца, як ад чароўнага эпісталярнага раману. Камунікацыя адбывалася вылучна поштаю, затое якая яна паўнакроўная, насычаная жыцьцёвымі рэаліямі!

З гэтага абмену лістамі Гедройц паўстае як выдатны тактык: мудры рэдактар апякуецца імпульсыўным, часам нават капрызьлівым аўтарам, супрацоўніцтва зь якім, нягледзячы на ўсё, надзвычай высока цэніць. Але ў яго хапае характару, каб сказаць рашучае "не", калі чарговыя старонкі дзёньніка зь нейкіх прычын не надаюцца. Гамбровіч, што дзіўна (бо аўтар ён расьпешчаны ды распушчаны), увогуле згаджаецца з Гедройцам, хаця тон іхнае перапіскі ўвесь час напяты.

Чым больш заглыбляесься ў чарговыя тамы "Культуры", тым часьцей міжволі згадваецца іншае буйное эміграцыйнае выданьне, а менавіта "Современные записки", расійскі часопіс, які выдаваўся — таксама ў Парыжы — у дваццатыя-саракавыя гады.

"Культуры" давялося пераадольваць шэраг складанасьцяў, якія мусілі паўставаць таксама і перад рэдактарамі "Современных записок". Рэч ня столькі ў недахопу грошай ды ў няспынным змаганьні за колькасьць падпісантаў, колькі ў самой спэцыфіцы эміграцыйнага часопіса. Ён часта сутыкаецца з масай праблем, якіх выданьні, што выходзяць на сваёй бацькаўшчыне, навогул ня ведаюць. Само геаграфічнае расьсяленьне чытачоў эміграцыйнага часопіса — гэта ўжо спэцыфічная праблема.

"Современные записки", выдавецкая дзейнасьць якіх была зарыентаваная на буйныя асяродкі расійскай эміграцыі — Парыж, Бэрлін, Прагу — зь немалым зьдзіўленьнем даведаліся з чытацкага ліста, што іхны часопіс слаба асьвятляе жыцьцё Далёкага Ўсходу, а таксама тамтэйшых эмігранцкіх культурных асяродкаў — Харбіна ды Шанхаю. Беручы пад увагу праблемы пэрыфэрыйных чытачоў, рэдакцыя пачала нават выдаваць адмысловы "доччын" часопіс "Русские записки", у якім рабіла націск на азіяцкую праблематыку. На тытульнай старонцы стаяў нават надпіс "Парыж — Шанхай". Жыцьцё гэтага часопіса было нядоўгім: ён спыніў свой выхад разам з пачаткам Другой Сусьветнай вайны, зрэшты, як і "Современные записки". Потым "Культура" падзялілася цяжкім эмігранцкім досьведам з новаствораным расійскім часопісам "Континент". Калі перад празаікам Уладзімірам Максімавым у 1974 годзе, пасьля ягонага выезду на Захад, адкрылася рэальная магчымасьць выдаваць грунтоўны літаратурна-публіцыстычны квартальнік, мэтай якога было аб’яднаньне сіл новай эміграцыі да пісьменьнікаў, якім у СССР брэжнеўска-андропаўская цэнзура заціскала рот, не хто іншы, як Салжаніцын параіў новаму рэдактару: "Думаю, што Вам абавязкова трэба скантактавацца з палякамі з "Культуры" 7.

"Культура" асацыюецца для мяне з "Современными записками" не без падставы. Абодва часопісы яднае перш за ўсё іхная відавочная варожасьць да камуністычнай, бальшавіцкай ідэалёгіі: у гэтым пытаньні іх пазыцыі амаль ідэнтычныя, хаця ёсьць, трэба прызнаць, і пэўная розьніца. Шмат расійскіх эмігрантаў меркавалі, што лёс савецкае ўлады недаўгавечны і што непазьбежна надыдзе Рэстаўрацыя. Таму шматлікія эміграцыйныя літаратурныя часопісы жылі адным днём. Як заўважыў вядомы эмігранцкі літаратурны крытык Г.Адамовіч, "складвалася ўражаньне, што Бунін альбо Шмялёў сёньня пішуць у пакоі парыскага гатэліку, але наступныя іхныя кнігі выйдуць ужо ў Маскве!" 8.

Розьніца паміж "Современными записками" і "Культурай" была выклікана ў значнай ступені тым фактам, што часопіс Ежы Гедройца выдаваўся ў іншую эпоху. Гедройц і ягоныя сябры ўжо ня цешыліся прыгожымі ілюзіямі пра хуткі канец камунізму. Жыхары Мэзон-Ляфіт разумелі, што камуністычны лад запанаваў у Польшчы надоўга, і што ў журналісцкай практыцы трэба зыходзіць з гэтага прыкрага, але няўмольнага факту. У "Аўтабіяграфіі ў чатыры рукі" Гедройц гаворыць пра гэта непрыхавана: "Я адрозьніваўся ад палітычных і вайсковых лідэраў, бо лічыў, што нас чакае доўгая эміграцыя, а яны спадзяваліся на наступную вайну ці на вяртаньне на Радзіму, ды апроч таго выяўлялі немалую легкадумнасьць" 9.

Кіруючыся такім перакананьнем, рэдакцыя ў першым нумары часопіса выступіла са зваротам да чытачоў, якія апынуліся па-за межамі радзімы, бо наважыліся на палітычную эміграцыю. Рэдакцыя нагадвала ім, што "культурнае кола, у якім яны жывуць, ня ёсьць вымерлай пустэльняй". Адначасова "Культура" падкрэсьлівала, што мае намер зьвяртацца таксама і да чытачоў на радзіме, каб узмацніць у іхных сэрцах веру ў тое, што "дарагія для іх каштоўнасьці не зьнявечыліся яшчэ пад абухом раптоўнай навалы".

Дзякуючы гэтаму чытачы лічылі свой часопіс не эміграцыйным выданьнем, а вольнай трыбунай усіх палякаў, таксама й тых, хто быў адрэзаны ад дэмакратычных свабодаў. "Культура" ад пачатку мелася быць агульнапольскім вольным ад цэнзуры часопісам, які толькі з прычыны ўзьніклых абставінаў выдаецца не ў Варшаве, а ў Парыжы. Таму — на думку Помяна — Літаратурны Інстытут і "Культура" — гэта ня толькі выдавецтва, але яшчэ й "асяродак мысьленьня пра польскія справы, які намагаецца ўплываць і істотна ўплывае на меркаваньне як айчыннага, так і эміграцыйнага ды заходняга грамадзтва" 10.

Згаданы ўжо Юліуш Мерашэўскі падкрэсьліваў: "Ані эвалюцыянізм, ані рэвалюцыянізм не зьяўляюцца праграмай "Культуры". Нашая праграма — гэта перабудова Савецкага Саюзу і ўсталяваньне дэмакратыі ва Ўсходняй Эўропе" 11.

Гэтыя словы й заявы не былі для "Культуры" пустымі дэклярацыямі: яна заўсёды працавала якраз у гэтым кірунку. Менавіта таму кардынальныя зьмены, што адбыліся за апошняе дзесяцігодзьдзе ў краінах Усходняе Эўропы, у тым ліку і ў Польшчы ды ў Савецкім Саюзе, на руінах якога фармуецца новая Расія, не засьпелі зьнянацку парыскага часопіса, як гэта адбылося багата зь якімі іншымі эміграцыйнымі выданьнямі, што ня здолелі апынуцца на вышыні неспадзяваных грамадзка-палітычных забурэньняў ды выпрацаваць новую лінію дзеяньня. Верагодна таму такія часопісы, як "Грани" альбо "Посев" страцілі значную частку свайго былога аўтарытэту: іх культуральна-палітычны патас прыблякнуў, а новых фарбаў усё не відаць.

Адметнай рысай "Культуры" заўсёды было майстэрства глядзець наперад і апярэджваць насьпявалыя ў грамадзтве, на радзіме і ў сьвеце працэсы. Гэтым вытлумачваецца непрадбачанасьць шмат якіх ейных поглядаў ды ўчынкаў на тле іншых, кансэрватыўна-традыцыйных эмігранцкіх газэт ды часопісаў — такіх, як лёнданскі Orzeł Biały, а асабліва штотыднёвік Wiadomości, з дагматычнай пазыцыяй якога выданьне Гедройца ня раз востра палемізавала.

У пяцідзясятыя гады, як ужо гаварылася, калі ў ПНР на хвалі палітычнага крызысу прыйшоў да ўлады Гамулка (Gomułka), "Культура" спачатку актыўна падтрымала абвешчаны ім курс рэформаў. І хаця сам першы сакратар ЦК ПАРП хутка адцураўся сваіх дэмакратычных пачаткаў, рэдакцыя "Культуры" не шкадавала аб выказанай яму падтрымцы, слушна лічачы, што лепей штосьці рабіць і памыліцца, чымся памыляцца, нічога ня робячы. Аднак надалей парыскі штомесячнік пазьбягаў падобных эмацыйных парываньняў і ніякай падтрымкі варшаўскаму кіраўніцтву не чыніў. Нават у адрас прэзыдэнта Леха Валэнсы (Lech Wałęsa) "Культура" нярэдка выказвалася крытычна, асабліва сурова ацэньваючы ягоную ўсходнюю палітыку, а дакладней кажучы, адсутнасьць выразнай ды канструктыўнай палітыкі стасоўна посткамуністычнай Расіі.

На заканчэньне хацеў бы падкрэсьліць, што ўзяўся за гэтыя нататкі ня толькі дзеля таго, каб ушанаваць паўстагодзьдзя дзейнасьці "Культуры". "Культура" не патрабуе патэтычных словаў, бо — як калісьці выказаўся Андрэ Мальро (Andrй Malraux) у лісьце да рэдакцыі — "гарантыяй "Культуры" ёсьць кожны ейны нумар!" 12.

Вось ужо паўстагодзьдзя "Культура" застаецца жывым і актуальным часопісам. Гэта самае важнае. Натуральна, часы зьмяняюцца, і "Культура" зьмяняецца разам зь імі. Зьмяняецца, але захоўвае сваю творчую індывідуальнасьць, свой твар. Дзякуючы гэтаму часопіс па-ранейшаму патрэбны чытачам і ў Польшчы, і за яе межамі.

"Культуру" чытаюць людзі розных пакаленьняў, да наймалодшых улучна. У рэдакцыі ды ў аўтарскім актыве таксама зьмянілася ўжо не адна генэрацыя. А "Культура" ўсё жыве і "ни в зуб ногой", як гаварыў Маякоўскі. Як ёй гэта ўдаецца ўжо паўстагодзьдзя, якім дзівам захоўвае яна маладосьць — гэта рэдакцыйная таямніца. Няхай яна й застанецца таямніцай, абы толькі чытачы, як заўсёды, зь нецярплівасьцю чакалі кожнага новага нумара.

 

P.S. Калі гэты артыкул ужо быў у друку, з Парыжу да нас дайшла сумная вестка: памёр Міхаіл Гельлер (1922-1997), вядомы расійскі гісторык і публіцыст, знаўца найноўшай гісторыі Расіі. У апошнія дзесяцігодзьдзі ён жыў у Парыжы, быў прафэсарам Сарбоны.

У "Культуры" Міхаіл Гельлер пісаў пад псэўданімам Адам Кручок (Adam Kruczek). Ён вёў штомесячную хроніку пад назваю "Расійскія нататкі" — свайго роду палітычны дзёньнік, запіс здарэньняў, што адбыліся ў Расіі. Кароткія, але бліскучыя й трапныя занатоўкі ды меркаваньні гісторыка (аўтара шматлікіх грунтоўных працаў, што выдаюцца цяпер і на ягонай былой радзіме), заўсёды выдатна дапаўнялі кожны нумар, надаючы яму яшчэ большую актуальнасьць.

Шкада, што гэтая рубрыка ў часопісе апусьцела. Чытачам "Культуры" яе будзе вельмі неставаць.

 

Зацемы

 J.Giedroyc — W.Gombrowicz, "Listy 1950-1969", Czytelnik, Warszawa 1993, str. 509.

2 J.Giedroyc, "Autobiografia na cztery ręce", Czytelnik, Warszawa 1994, str.326. Успаміны Е.Гедройца былі спачатку надыктаваныя Кшыштафу Помяну, які іх апрацаваў і падрыхтаваў да друку. Гэтая акалічнасьць, відаць, і дала назву кнізе.  Дарэчы, адзін момант з успамінаў Е.Гедройца дазваляе меркаваць, што пэўныя органы горача цікавіліся "Культурай". Аўтар піша: "Кантакты з Савецкім Саюзам навязаліся рана, праз сакратара рэдакцыі "Нового Мира", Баранава, які прыязджаў у Кракаў і там атрымліваў "Культуру"; у рэдакцыі на паліцы стаялі нібыта гадавікі "Культуры", захінутыя фіранкай". (J.Giedroyc, "Autobiografia...", op.cit., str. 181-182).

Застаецца толькі дадаць, што чалавек з такім прозьвішчам ніколі не працаваў у рэдакцыі, як не існавала там і захінутай паліцы з камплектамі "Культуры".

(Гэтай інфармацыяй з намі падзяліўся Віктар Някрасаў, які гаварыў, што Баранаў шпегаваў у Польшчы, куды часта езьдзіў, галоўным чынам, у Кракаў. — Заўвага рэдакцыі "Культуры").

* Недакладна: Гедройц быў не капітанам, а звычайным жаўнерам, і толькі ў 1942 годзе атрымаў званьне падпаручніка ваеннага часу. (Заўвага рэдакцыі "Культуры").

4 Неўзабаве выдавецтва й рэдакцыя перабраліся ў прадмесьце Парыжу, у Мэзон-Ляфіт (Maisons-Laffitte), дзе Гедройцу ўдалося набыць у крэдыт невялікі дом, у якім рэдакцыя жыве і працуе да сёньня.

* Насамрэч увесну 1940 г. (Заўвага рэдакцыі "Культуры".) J.Giedroyc, K.A.Jeleński, "Listy 1950-1987", Czytelnik, Warszawa 1995, str. 517.

6 У адным зь лістоў да свайго сябра, публіцыста Юліўша Мерашэўскага, Гедройц піша: "Усе, хто працуе ў "Культуры" разам са мной, атрымліваюць 650 франкаў у месяц, і мы аддаем нашай працы 100% часу, практычна цалкам адмаўляючыся ад асабістага жыцьця". ("Kultura i jej krąg. 1946-1986", katalog wystawy, Paryż 1988, str. 8).  "Континент", 1995, № 84, стр. 13.

8 G. Adamowicz, "Samotność i wolność", Respublika 1996, str. 23.

9 J.Giedroyc, "Autobiografia...", op.cit. str. 121. 10 "Kultura i jej krąg", op.cit. str. 7.

11 Тамсама, с. 18.

12 J.Giedrojc, "Autobiografia...", op. cit.

 

Пераклад з польскай мовы В.Кавалёвай

 

зьмест