ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

мысьленьне/літаратура


ФРАГМЭНТЫ №4
№5
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


Чэслаў Мілаш

ДЗІЦЯ ЭЎРОПЫ

 

1

Мы, каго асалода дня працінае да лёгкіх,
Хто бачыць цьвіценьне маёвых галінаў,—
Лепшыя за палеглых.

Мы, што старанна жуем смачныя стравы
І дасканала пазналі аздобы каханьня,—
Лепшыя за пахаваных.

З вогненых печаў, з дратоў, дзе сьвішча ветрам 
                                               адвечная восень,
Зь бітваў, дзе ў курчах раве зраненае паветра,
Ратавалі нас спрытнасьць і веды.

Мы слалі іншых туды, дзе найбольш небясьпечна,
На ўвесь голас клікалі іх у атаку,
А самі йшлі ззаду, бо ведалі: бой безнадзейны.

Меўшы выбар паміж сваёй сьмерцю і сьмерцю 
                                                          сябра,
Выбіралі ягоную й холадна думалі: каб жа ж.

Зачынялі шчыльней дзьверы газавых камэраў, кралі
Хлеб, бо ведалі, што дзень наступны будзе 
                                          горшы за папярэдні.

Як належыць людзям, мы пазналі дабро і зло.
Наша злосная мудрасьць сабе ня ведае роўных.

Што й трэ было давесьці: так, мы лепшыя за
Тых, даверлівых, палкіх, слабых, што мала 
                                           цанілі жыцьцё.


2

Дык шануй гэты спрыт, о дзіця Эўропы.
Спадкаемца гатычных катэдраў, барочных 
                                                   касьцёлаў,
Сынагог, дзе гучэлі скаргі крыўджанага народу,
Наступнік Дэкарта й Сьпінозы, спадчыньнік 
                                               слова „гонар”,
Нашчадак усіх Леанідаў,
Шануй спрыт, што здабыў гэтай грознай парою.

Спрактыкаваны твой розум адразу пазнае,
Што ў кожнай рэчы добрае, што ліхое;
Ён скептычны і вытанчаны, ён дае табе ўцехі,
Недаступныя прымітыўным народам.

Кіруйся ім, і адразу ўбачыш,
Як слушна ўсё тое, што мы табе кажам.
Няхай слодыч дня працінае да лёгкіх.
На гэта ёсьць простыя, мудрыя запаветы.


3

Пра трыумф сілы ня можа быць і гаворкі,
Бо ў нас эпоха, калі справядлівасьць перамагае.

Ані згадвай пра сілу, каб ніхто не падумаў,
Што падпольна трымаешся рэтраградных ідэяў.

Той, хто трымае ўладу, абавязаны гэтым
Гістарычнай лёгіцы. Аддай жа ёй, што ёй належыць.
Хай ня ведаюць вусны, калі фармулююць гіпотэзы,
Пра рукі, што ў гэты час фальсіфікуюць 
                                                   экспэрымэнты.

Хай ня ведаюць твае рукі, фальсіфікуючы 
                                                   экспэрымэнты,
Пра вусны, якія тым часам фармулююць гіпотэзы.

Умей прадбачыць пажар беспамылкова дакладна,
А пасьля падпалі, і хай спраўдзіцца, што павінна.


4

З малога зярнятка праўды вырошчвай расьліну 
                                                         хлусьні.
Не рабі, як тыя, што хлусяць, не зважаючы на 
                                                  рэчаіснасьць.

Хай стане хлусьня лягічнейшаю за сапраўднасьць,
Каб стомленыя вандроўкай знайшлі ў ёй 
                                                   заспакаеньне.

А пасьля дня хлусьні зьбярэмося ў вузейшым коле,
Будзем брацца ў бакі са сьмеху, як успомнім усё, 
                                                        што зрабілі.

Раздаючы пахвалы пад назваю „хуткі розум”,
Раздаючы пахвалы пад назвай „вялікі талент”.

Мы апошнія, хто весялосьць можа чэрпаць 
                                                  з цынізму,
Апошнія, спрытнасьць якіх так нагадвае роспач.

Бо родзіцца ўжо сьмяротна сур’ёзнае пакаленьне
І будзе даслоўна ўспрымаць, што мы сустракалі 
                                                           сьмехам.


5

Няхай словы твае прамаўляюць ня сэнсам,
А тым, супраць каго ты зьвяртаеш словы.

Двухсэнсоўныя словы зрабі сваёй зброяй,
Ясныя пахавай у энцыкляпэдычную цемру.

Не асуджай ніводнага слова, пакуль службовец
Ня спраўдзіць у картатэцы, чыя цытата.

Голас жарсьці — лепшы за голас развагі,
Бо ня маючы жарсьці, ня зьменіш хады 
                                 гістарычных падзеяў.



6

Не любі ніводнага краю: краі хутка гінуць.
Не любі ніводнага места: у друз рассыпаюцца 
                                                            месты.

Памятак даўніны не зьберагай: з шуфляды
Выйдзе атрутны дым, шкодны твайму дыханьню.

Чулы ня будзь зь людзьмі: яны хутка гінуць,
Альбо, скрыўджаныя, просяць твае дапамогі.

Не глядзі ў азёры мінулага: йржавая роўнядзь
Іншы твар адаб’е, ня той, што ты спадзяваўся.



7

Хто пра гісторыю кажа, заўсёды ў бясьпецы:
Сьведчыць супраць цябе мёртвыя не паўстануць.

Прыпісвай ім справы, якія толькі захочаш,
Адказам табе заўсёды будзе маўчаньне.
Зь бездані ночы ўсплываюць пустыя іх твары.
Рысы ім надавай, якія табе патрэбна.

Горды сваёю ўладай над імі, зьменіш
Мінулае — на свой, лепшы, вобраз і падабенства.

8

Сьмехам, які бярэцца з павагі да праўды,
Можа сьмяяцца толькі вораг народу.

Скончаны век сатыры. Больш мы ня будзем
Мовай круцельскаю кпіць зь няздарных манархаў.

Суровыя, як сапраўдныя дойліды справы,
Дазволім сабе толькі станоўчы гумар.

Слухмяныя розуму, сьціснуўшы зубы, увойдзем
На дыбачках у эру абуджанага агню.

1946, Нью-Йорк

 

Пераклад А. Хадановіча і М. Раманоўскага

 

зьмест