ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

тэма/тэкст


ФРАГМЭНТЫ №6
№6
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


Сэмюэль Фрэнсыс

ІНШЫ ТВАР МУЛЬТЫКУЛЬТУРАЛІЗМУ

 

„Вартасьці слабых пераважаюць, — напісаў Фрыдрых Ніцшэ, — бо моцныя прынялі іх у якасьці інструмэнта свайго панаваньня”. Гэтая кароткая і дастаткова загадкавая заўвага патэнцыйна зьмяшчае ў сабе ўсё, што мы мусім ведаць, задаючы пытаньне, чаму такія найноўшыя кірункі, як мультыкультуралізм, фэмінізм, гомасэксуалізм і анты-белы расізм сталіся магутнымі рухамі ў сучасным амэрыканскім і іншых заходніх грамадзтвах. Было б дастаткова проста вызначыць іх як бунт Ніцшэвага Untermenschen, памножаны на натуральныя наступствы масавай дэмакратыі і цывілізацыйнага заняпаду. Але тое, што разумеў Ніцшэ, — і што безьліч сучасных кансэрватараў, якія не трываюць Ніцшэ гэтак жа сама, як Карла Маркса і Хілары Клінтан, — ня ў стане ўцяміць, — тое, што выглядае як заняпад, дэкадэнцыя і загніваньне для кансэрватараў, для абаронцаў гэтых кірункаў бачыцца як прагрэс і нараджэньне новай цывілізацыі. З-за таго, што кансэрватары ня ў стане гэтага ўбачыць, яны ўспрымаюць апакаліптычны абвал як анархію і бязладзьдзе — там, дзе папросту паўстаюць структуры альтэрнатыўнай ўлады. Моцныя — тыя хто любіць і хоча ўлады — скарыстоўваюць непапулярныя, а часам і забароненыя ідэі, каб самім дапасьці да ўлады. У той ступені, у якой яны маюць посьпех, вынікам сапраўды стаецца заняпад таго тыпу грамадзкага і палітычнага парадку, які імкнуцца захаваць кансэрватары, але гэта ня значыць, што пэўны тып парадку не паўстае ў гэты момант з відавочнага хаосу.

Мультыкультуралізм, такім чынам, ёсьць ня столькі вынікам невуцтва і непісьменных фантазіяў, колькі адмысловым інструмэнтам, з дапамогай якога прагныя ўлады спрабуюць перамяніць культуру, чые маральныя коды ім ва ўладзе адмаўляюць, — і выбудаваць культуру альтэрнатыўную, адрозныя маральныя коды якой даюць уладу менавіта ім, а ня іхным канкурэнтам. Большасьць мультыкультуралісцкіх ідэяў, што цяпер стравуюцца ў галовах самых розных людзей, — ад дзетак з розных дзіцячых цэнтраў да постунівэрсытэцкіх студэнтаў і дасьледнікаў, — насамрэч паўсталі ў істотнай, хаця й мала вядомай арганізацыі, што завецца Нацыянальная Асацыяцыя Мультыкультурнай Адукацыі (НАМА). Штогод НАМА зьбірае сэсіі, на якія патрапляюць несьвядомыя, але прагныя ўлады адукатары, — ня толькі настаўнікі, але й школьныя адміністратары, кіраўнікі, прафэсары адукацыі, — і працуюць з больш вузкім колам тых, каго можна назваць прафэсійным ядром, — зь людзьмі, якія ёсьць аўтарамі большасьці ідэяў датасоўнага мультыкультуралізму.

Летась НАМА сабрала сваіх прыхільнікаў у Альбукерке (Нью-Мехіка) — дастаткова цьмяным мейсцы для змоваў супроць пануючай цывілізацыі і пляценьня заблытаных інтэлектуальных сецяў. Шэсьць сотняў наведвальнікаў бавілі час у сэмінарах накшталт „Сьвядомасьць улады: разуменьне ўлады настаўніка ў клясным пакоі”, „Будуючы расавае адзінства”, „Расавая ідэнтычнасьць, трапічная ліхаманка і палітыка міжрасавых дачыненьняў”, „Павелічэньне размаітасьці ад Сябе да Іншага”, „Кідаючы выклік культурнай і адукацыйнай гегемоніі”, „Адукацыя для справядлівасьці і дасканаласьці: выклік для чорнаскурых студэнтаў ужываньня гневу як каталізатару”. Там былі таксама прынамсі два істотныя прамаўленьні, адно зь якіх, Пітэра МакЛарэна (Унівэрсытэт Каліфорніі), названае „Да рэвалюцыйнага мультыкультуралізму”, а другое, Уарда Чэрчыля з Унівэрсытэта Калярада, мела назву „Асыміляцыя ці вызваленьне: раздарожжы тэорыі мультыкультуралізму”.

НАМА і падобныя ёй арганізацыі займаюцца ў сутнасьці тым, што распаўсюджваюць мультыкультуралісцкія ідэі сярод несьвядомых школьных настаўнікаў, вучаць карыстаць зь іх у класах, абараняць іх ад раззлаваных бацькоў і скептычных мясцовых уладаў, — і праз гэта ўтвараюць кадравую сетку нацыянальнага маштабу, празь якую іхная воля да ўлады можа знайсьці сабе адпаведнае выйсьце.

У фармуляваньні сваёй НАМА-філязофіі яны цьвердзяць, што „ксэнафобія, дыскрымінацыя, расізм, клясізм, сэксізм і гамафобія ёсьць грамадзкімі зьявамі, што несумесныя з прынцыпамі дэмакратыі і вядуць да тупіковага разуменьня рознасьцяў як перашкодаў”. Пасылкай ў гэтым цьверджаньні ёсьць думка, што пералічаныя вышэй сацыяльныя інстытуцыі і ідэнтычнасьці (фобіі і -ізмы) утвараюць апрычоную сыстэму, якая: а) паталягічная (адсюль псэўда-псыхіятрычная тэрміналёгія) і б) недэмакратычная. Значэньне, якое пры гэтым укладаецца ў слова дэмакратыя, адрозьніваецца ад таго, што разумеюць пад дэмакратыяй большасьць амэрыканцаў, але зусім ня дзеля абароны дэмакратыі вышэйназваныя фобіі і -ізмы залічаныя ў анты-грамадзкія зьявы. Далей НАМА сьцьвярджае, што „адмаўляе меркаваньне, паводле якога разнастайнасьць пагражае грамадзкаму ладу”.

Настойваючы на апошнім, мультыкультуралісцкія арганізацыі выяўляюць свае два бакі. З аднаго боку, яны гавораць нам, што амэрыканскае грамадзтва працятае паталёгіямі рэпрэсіяў і выключэньняў і заклікаюць да выкараненьня мэханізмаў, празь якія гэтыя паталёгіі і рэпрэсіі самападтрымоўваюцца; іхнае выкараненьне патрабуе ўзмацненьня размаітасьці і зьмяненьня пануючых ідэяў і інстытуцыяў, што ляжаць у грунце сацыяльнага ладу. Зь іншага боку, усе гэтыя мэты адмаўляюцца ў цьверджаньні, што разнастайнасьць ня ёсьць пагрозай існаму соцыюму. Выяўленьне гэтай супярэчнасьці істотнае ня дзеля абвяржэньня блытаных думак мультыкультуралісцкай мафіі, а дзеля прасьвятленьня сродкаў, з дапамогай якіх гэтая мафія імкнецца атрымаць уладу.

Мультыкультуралізм цалкам мае рацыю ў адной з сваіх галоўных пасылак: што амэрыканскае грамадзтва, як і іншыя тыпы грамадзтваў, вызначае сябе праз выключэньне ці падпарадкаваньне пэўных тыпаў перакананьняў і паводзінаў, і, такім чынам, праз частковае выключэньне тых групаў, якія культурна спадарожнічаюць яму. Але нават першы позірк паказвае, што гэта ня ёсьць чымсьці выключным, — Рымская Імпэрыя ці хрысьціянскія манархіі сярэднявечча не змаглі б стацца тым, чым яны сталіся, калі б яны не выключалі і не падаўлялі альтэрнатыўныя групы і ідэі, якія разыходзіліся зь іхнай саматоеснасьцю. У Злучаных Штатах, дзе амэрыканцы традыцыйна ганарацца сваёй талерантнасьцю і адкрытасьцю, працэсы выключэньня і падаўленьня былі лякалізаваныя па-за фармальным апаратам дзяржавы, і гэта спакусіла шмат каго на меркаваньне, што падобныя працэсы ўвогуле адсутнічаюць, што Амэрыка — унікальнае, выключнае грамадзтва, якое самавызначаецца праз сваю талеранцыю і адкрытасьць.

Але ў сапраўднасьці, праз слабасьць нацыянальнай дзяржавы цягам сваёй гісторыі, амэрыканскае грамадзтва абапіралася на нефармальныя мэханізмы выключэньня і падаўленьня, каб кантраляваць адхіленьні ад нормы і ўзмацняць уласную ідэнтычнасьць, — і гэтыя нефармальныя мэханізмы былі непасрэдна лякалізаваныя ў тым, што мы сёньня завем „культура”. Тое, што мультыкультуралісты завуць ксэнафобіяй (абмежаваньне ўдзелу ў амэрыканскім грамадзтве тымі, хто культурна вызначае сябе як амэрыканцы), дыскрымінацыяй (выключэньне пэўных групаў зь некаторых формаў саўдзелу, бо яны не падзяляюць меркаваную амэрыканскую ідэнтычнасьць) і ўся рэшта пералічаных вышэй -ізмаў — усё гэта карэніцца не ў фармальных законах ці Канстытуцыі, але ў сям’і, рэлігіі, мясцовых супольнасьцях і школах.

Мультыкультуралісты цалкам маюць рацыю: каб кінуць выклік гэтым мэханізмам выключэньня і падаўленьня, не патрабуецца зьвяржэньня дзяржавы. Што сапраўды істотна, дык гэта зьвяржэньне культуры. Калі вы хочаце рэвалюцыі — каб вызваліцца ад усіх гэтых паталёгіяў і рэпрэсіяў — забудзьце пра Пэнтагон, Эф-Бі-Ай і Сі-А-Эй. Рэальныя ворагі, зь якімі вам прыдзецца змагацца, — гэта сямейныя вячэры, нядзельныя школкі, цырульні — і тыя агульнапрынятыя меркаваньні, якія перадаюцца і пашыраюцца ў гэтых мейсцах.

Маючы такую стратэгію, памножаную на слушнасьць сваіх пасылак, другі бок мультыкультуралізму набывае істотную значнасьць як тактыка рэалізацыі ягоных мэтаў. Гэты другі бок сьцьвярджае, што мультыкультуралізм ня ёсьць радыкальным і рэвалюцыйным рухам, а хучэй пасьлядоўнай рэалізацыяй прынцыпаў дэмакратыі і таго, што НАМА-філязофія заве „шляхотным патрабаваньнем асобаў вызначыць свае дачыненьні і адказнасьць у кантэксьце глябальнага грамадзтва”. Іншымі словамі, другі бок мультыкультуралізму спрабуе мабілізаваць на рэвалюцыйныя задачы, ужываючы агульнапрынятыя словы і сымбалі сучаснай дамінуючай культуры; словы „дэмакратыя” і „глябальнае грамадзтва”, ня кажучы ўжо пра навязьлівыя клішэ „Амэрыка — нацыя імігрантаў” альбо „першая ўнівэрсальная нацыя”, — тонуць у кантэксьце настолькі агульным, што знайсьці ў іх рэальны культурны зьмест практычна немагчыма. Гэтыя агульнапрынятыя словы і сымбалі ўжытыя дзеля таго, каб быць пачутымі й прынятымі ў пануючых цэнтрах культурнай улады. Адсюль і тлумачэньне ўплывовасьці мультыкультуралізму — бо падмурак ягонай рэвалюцыйнай атакі на традыцыйную амэрыканскую культуру быў закладзены самой дамінуючай культурай, зь яе агульнапрынятым жаргонам, празь які яна сябе папулярызуе і вызначае.

Тое, што мы маем сёньня ў Злучаных Штатах, — гэта тры розныя культуры (ці субкультуры, калі хочаце). Адна зь іх — традыцыйная патрыярхальная, арыентаваная на сям’ю эўра-амэрыканская культура, якая вызначае і ўзмацняе сябе празь пераважна нефармальныя мэханізмы, і зь якой большасьць тых, хто заве сябе кансэрватарамі, атаясамліваюцца ў той альбо іншай ступені. Другая — дамінантная культура імпэрскай мэтраполіі: галоўныя мэдыі, унівэрсытэты, палітычныя структуры. Трэцяя — збольшага ўяўная, — культура, якую абараняюць мультыкультуралісты як альтэрнатыўную да першых дзьвюх (хаця дзьве першыя яны звычайна не разрозьніваюць, у аблудным перакананьні, што дамінантная культура ёсьць простым працягам традыцыйнай).

Насамрэч мультыкультуралізм не адрозьніваецца ад дамінантнай культуры. Ён жыве і выжывае дзякуючы дамінуючаму ўплыву апошняй, зь яе „дэмакратыяй” і „глябальным грамадзтвам”, зь яе каштоўнасьцямі і пэўнымі тыпамі паводзінаў. Мультыкультуралізм квітнее, бо ён прытуліўся да адукацыйнай і кіраўнічай бюракратыі дамінуючай культуры; ён легітымізуе сябе празь яе апарат прапаганды, ягоныя ідэі і праграмы ёсьць папросту працягам ды інтэнсыфікацыяй ідэяў і праграмаў дамінуючай культуры, — якая, у сваю чаргу, ёсьць пэўнай зьмененай формай культуры традыцыйнай. Пад час адміністрацыі Клінтана дамінантная культура ўзмацніла сваю вайну супроць культуры традыцыйнай, у яўным саюзе з мультыкультуралісцкімі легіёнамі. Адсюль славутыя расавыя ініцыятывы прэзыдэнта, якія талеруюць толькі падыходы, што абапіраюцца на віну белых і крыўды астатніх, адсюль пільная ўвага адміністрацыі да злачынстваў нянавісьці, і прыхаваная мэта гэтай увагі, як заўважыў Робэрт Кнайт з Рады Дасьледаваньняў Сям’і — „узьняць гомасэксуальнасьць (і, гэткім чынам, усе іншыя катэгорыі выключаных і падпарадкаваных традыцыйнай культуры ахвяраў) — да статусу адмыслова абароненых мяншыняў”.

Гэта праўда, што мультыкультуралізм розьніцца ад дамінантнай культуры ў большасьці сваёй рыторыкі і ў некаторых тактычных прыёмах. Размаістасьць, пра якую ўсе балбочуць, у сутнасьці не характэрная для дамінуючай культуры дзяржавы, мэдыяў, эканомікі, але з-за таго, што дамінантная культура не вызначае сябе праз выключэньні і падаўленьні, характэрныя для культуры традыцыйнай, — размаістасьць ня ёсьць для яе рэальнай пагрозай. Тое, што дамінантная культура выключае і падаўляе — гэта ўласна культура традыцыйная, — і размаітасьць сталася сёньня галоўнай зброяй у гэтай барацьбе.

Узмацняючы размаістасьць — як ідэю і як практыку — праз „акцыі сьцвярджэньня”, прымусовую інтэграцыю, масавую іміграцыю, праз уласна мультыкультуралізм, — дамінантная культура падрывае мэханізмы самавызначэньня культуры традыцыйнай і прыводзіць яе да стану, у якім тая ня можа больш функцыянаваць. А паколькі гэткая немагчымасьць мае рэакцыяй часам сапраўды паталягічныя паводзіны яе прыхільнікаў, вобраз традыцыйнай культуры як культуры ўнутрана паталягічнай яшчэ больш узмацняецца.

Звычайна кансэрватары маюць рацыю, што перакосы, якія назіраюцца ў амэрыканскім грамадзтве, ёсьць знакам агульнага заняпаду, паслабленьня сямейных сувязяў, эрозіі супольнасьцяў, скрыўленьня сэксуальнай маральнасьці... Сапраўды, гэта знакі яўнага заняпаду традыцыйнай культуры — не істотна, выкліканыя яны яе ворагамі ці чымсьці іншым. Але гэта таксама знакі перамогі дамінантнай культуры, якая разглядае гэтыя сымптомы альбо як неістотныя раздражняльнікі, альбо (у лепшым выпадку) як набліжэньне вызваленьня ад традыцыйных абмежаваньняў і канчатковую перамогу над сваім ворагам — культурай традыцыйнай.

Вартасьці слабых, дзівакоў, выключаных і падаўленых пераважаюць, бо тыя, хто пануе ў дамінантнай культуры, скарыстоўваюць іх як інструмэнт, з дапамогай якога іхны статус яшчэ больш умацоўваецца. Ніцшэ разумеў гэта задоўга да таго, як гэтая тактыка атрымала сваю назву, задоўга да таго, як групы кшталту НАМА пачалі ўжываць гэтую тактыку для ўзмацненьня сваёй уласнай улады.

 

Пераклад з ангельскай мовы І. Бабкова

 

зьмест