ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

топас/мысьленьне


ФРАГМЭНТЫ №7
№7
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


Анджэй Валіцкі

ІНТЭЛЕКТУАЛЬНЫЯ ЭЛІТЫ І ЗЬМЕНЛІВЫЯ ЛЁСЫ “ВЫМЫСЬЛЕННАЙ НАЦЫІ” Ў ПОЛЬШЧЫ

 

Уступныя заўвагі

У тэзе, што нацыі не зьяўляюцца натуральнымі і трывалымі падгрупамі чалавецтва, няма нічога новага. Няма патрэбы пастаянна паўтараць, што сучасныя нацыі маюць адносна нядаўні радавод. Той, каго цікавіць дадзеная праблема, павінен усьведамляць, што яе пачалі вывучаць крыху больш за сто год таму, галоўным чынам, марксісты шматнацыянальнай імпэрыі Габзбургаў, а найлепшыя, клясычныя працы на гэтую тэму зьявіліся ў самым пачатку нашага стагодзьдзя1 .

Сучасныя дыскусіі на тэму нацыяналізму і нацыяў уздымаюць пытаньне вылучэньня суб’ектыўнага фактару ў працэсе стварэньня нацыі. Зараз цьвердзіцца, што нацыі ёсьць штучным утварэньнем, што яны абавязаныя сваім існаваньнем нацыяналістычнаму ўяленьню альбо нават былі адмыслова вымысьленыя і што гэта менавіта нацыяналізм стварыў нацыі, а не наадварот. Такім чынам, навукоўцы, што лічацца марксістамі2 , адхілілі абаротнае марксісцкае меркаваньне, што нацыі ёсьць прадуктам аб’ектыўнага грамадзка-эканамічнага развою, непазьбежным вынікам буржуазна-дэмакратычнага прагрэсу. Замест гэтага яны сфармулявалі канцэпцыю нацыяў як “уяўленых супольнасьцяў”, як зьяваў, “высмактаных зь языка” малаверагоднымі нацыяналістычнымі ідэалёгіямі і таму абапертых на вельмі няпэўныя асновы.

Такое поўнае адмаўленьне ранейшага марксісцкага пункту гледжаньня цягне за сабой адыход ад гістарычнага матэрыялізму. Аднак зь іншага боку, яно ўзмацняе адну даўнюю марксісцкую ілюзію, што нацыі ёсьць у пэўнай ступені менш рэальнымі і менш лягічна матываванымі, чым сацыяльныя клясы. Магчыма, асобныя з цытаваных аўтараў ня мелі такога намеру, але ўспрымаюцца іхнія тэорыі, якія тычацца менавіта гэтай сфэры, зазвычай адназначна. Мэтадалягічна ўзгодненым лічыцца пісаць пра “абуджэньне сацыяльных клясаў”, пра ўздым іх экзыстэнцыі “ў сабе” да сьвядомай экзыстэнцыі “дзеля сябе”, але ўжо не абавязкова прытасоўваць гэтыя крытэрыі да нацыяў: як утварэньні нацыяналістычнага ўяўленьня (так цьвердзіцца) нацыі ня могуць існаваць да нацыяналізму. Гіпотэза, што нацыі “могуць існаваць, не ўсьведамляючы гэтага”, з абурэньнем адмаўляецца як вытворная наіўнай, “даканструктывісцкай” мэтадалёгіі.

На маю думку, “канструктывісцкая” тэндэнцыя ў нацыяналістычных штудыях ёсьць аднабаковай і перабольшанай рэакцыяй на ажыўленьне “сутнаснага” погляду на нацыі, зьвязанага з “эт-
нічным адраджэньнем” у нашым сьвеце. Аднабаковай, таму што вялікая колькасьць фактаў пярэчыць дэфініцыі нацыі як нечага выпадковага, што ёсьць прыдумкай альбо вырабам уяўленьня. Перабольшанай, паколькі падкрэсьліваньне ролі аб’ектыўных фактараў у зьяўленьні сучасных нацыяў мусіць цягнуць за сабой прыняцьцё “сутнаснага” пункту гледжаньня.

Распавёўшы гэта, я хацеў бы азначыць, што бачу ў “канструктывісцкіх” тэорыях істотны праўдзівы момант: момант, цалкам адмоўлены тымі навукоўцамі, якія намагаюцца патлумачыць усё толькі ў катэгорыях эканамічнай і грамадзкай гісторыі. Як гісторык мысьленьня, я з задавальненьнем прызнаю, што “канструктывісты” маюць рацыю, калі зьвяртаюць увагу на істотную, актыўную ролю ідэяў і інтэлектуальных элітаў у фармаваньні нацыянальнай тоеснасьці. Калі гэта так, то Р. Шпарлюк слушна заўважыў, што “шмат залежыць ад таго, якой нацыя сябе лічыць”3. А гэта вынікае з самавызначэньня, нацыянальнай міталёгіі, зьяваў нацыянальнай гісторыі, а таксама з таго, як разумеюць нацыянальную місію інтэлектуальныя эліты або пісьменьнікі, ці нават асобныя мысьляры. З гэтае прычыны гісторыя інтэлектуальнай думкі заслугоўвае таго, каб трактаваць яе як істотны і адносна аўтаномны фактар у тлумачэньні нацыянальнай сьвядомасьці і нацыянальных рухаў.

Можна, без сумневу, сказаць, што ў гэтых назіраньнях няшмат новага. Патрыятычныя мысьляры і пісьменьнікі эпохі Рамантызму выдатна ведалі, якую вялікую ролю ў фармаваньні нацыі адыгрываюць ідэі і ўяўленьне. Польскія філёзафы таго часу хацелі змадэляваць польскую нацыянальную тоеснасьць праз стварэньне выразна польскай філязофіі; паводле вызначэньня выбітнага польскага паэта Цыпрыяна Каміля Норвіда, нацыянальныя культурнікі арганізуюць нацыянальнае ўяўленьне такім самым чынам, як палітык арганізуе нацыянальныя сілы. У нацыяў зь перарванай гісторыяй, якія зьведалі працэс “нацыянальнага абуджэньня”4 , роля асобных “арганізатараў нацыянальнага ўяўленьня” была нават большай: гісторык Францішак Палацкі, які акрэсьліў значэньне гісторыі Чэхіі, варты найменьня “бацькі чэскай нацыі”. У выпадку славакаў, якія ў 19 ст. былі цалкам “новай” нацыяй без якіх-колечы ўласных гістарычна-палітычных традыцыяў, вырашальнай была роля, якую на пачатковым этапе нацыянальнага развою адыгралі асобныя інтэлектуалы. Нацыястваральная дзейнасьць Людавіта Штура (гэта ён вырашыў, якая са славацкіх гаворак павінна стацца падставай славацкай літаратурнай мовы і ўласнай нацыянальнай тоеснасьці) ёсьць, напэўна, найбліжэйшай (прынамсі, у эўрапейскіх умовах) да канцэпцыі Гелнэра пра “вынаходніцтва” нацыі.

Гэтыя добра вядомыя факты патрабуюць, аднак, адпаведнага тэарэтычнага абгрунтаваньня, і я ня маю сумневу, што можна выкарыстаць у гэтых мэтах працы Гелнэра і Андэрсана. Тлумачальныя функцыі іх “канструктывісцкага” падыходу можна захаваць, калі перастаць зьвязваць іх з рызыкоўнымі абагульненьнямі і трактаваць як адзіны, універсальны ключ да ўсіх нацыянальных зьяваў. У розных краінах і ў розныя пэрыяды гісторыі суадносіны суб’ектыўнага і аб’ектыўнага фактараў у стварэньні нацыяў адрозьніваюцца. Таму ўсялякія тэарэтычныя абагульненьні павінны абапірацца на дакладнае вывучэньне канкрэтных выпадкаў.

Па зьмесьце гэты артыкул ёсьць пэўным чынам спрошчаным падсумаваньнем маіх поглядаў на посьпехі і паразы, наўмысныя і ненаўмысныя вынікі спробаў стварэньня польскай нацыі (ці, прынамсі, спробаў уплыву на яе стварэньне), шматразова і ў розныя пэрыяды гісторыі прадпрыманыя польскімі інтэлектуальнымі элітамі.

 

Ад сярэднявечнай нацыянальнасьці
да шматэтнічнай шляхецкай нацыі

Гледзішча, што нацыя ёсьць прадуктам развалу агульнаэўрапейскіх фэўдальных структураў, запачаткаванага Францускай рэвалюцыяй, не зьяўляецца вынаходніцтвам у Польшчы. Насамрэч яно зьявілася ў польскай гістарыяграфіі ўжо на пачатку нашага стагодзьдзя, але атрымала моцную паразу ад польскіх мэдыявістаў міжваеннага пэрыяду. Усе яны падкрэсьлівалі, што Польшча, у адрозьненьне ад Сьвяшчэннай Рым-
скай імпэрыі нямецкай нацыі
, ужо ў Сярэднявеччы дасягнула этапу шчыльнай, нацыянальнай супольнасьці. Повязі, што злучалі жыхароў сярэднявечнай Польшчы, не абмяжоўваліся толькі дынастычнай і рэлігійнай ляяльнасьцю. У адрозьненьне ад Францыі, Польшча ня зьведала паняволеньня, яна была этнічна аднастайнай, яе ўладары з дынастыі Пястаў былі законнымі спадкаемцамі дахрысьціянскіх пляменных правадыроў, што намагаліся ўзьяднаць усіх этнічных палякаў (ці, хутчэй, усе роднасныя, прота-польскія плямёны) у адну дзяржаву. А дзяржавастваральныя эліты цалкам усьведамлялі неабходнасьць існаваньня чагосьці накшталт нацыянальнай сьвядомасьці і нацыянальнай ідэалёгіі.

Асобныя польскія гісторыкі лічаць, што выкрышталізаваная польская нацыянальная сьвядомасьць зьявілася ўжо напрыканцы 11 стагодзьдзя. Галоўным аргумэнтам, на якім базуецца гэтая тэза, ёсьць кроніка мніха з ордэну бэрнардынцаў, званага Галам Ананімам (напісаная ў 1113-1116 гадох); яна ўтрымлівае сфармаваную нацыянальную ідэалёгію, якая пад-
крэсьлівае, што Польшча не з’яўляецца ўласнасьцю манархаў, услаўляючы мінулае і карыстаючыся з багатай патрыятычнай фразэалёгіі (“honor patriae”, “laus patriae”, “pro patria mori”). Пад час падзелу на раёны (1138-1320) і татарскіх набегаў тая патрыятычная ідэалёгія, разьвінутая потым у кроніцы Вінцэнта Кадлубка, была найбольш уплывовым фактарам, што падтрымліваў вобраз адзінай польскай нацыі і думку пра пазноўнае ўзьяднаньне яе разарваных частак у адно каралеўства.

Сярод сялянскіх масаў нацыянальная сьвядомасьць распаўсюджвалася ў выніку этнічных канфліктаў, што зьявіліся адразу з навалай нямецкіх калянізатараў, якіх часта лічылі нахабнымі і несправядліва ўпрывілеяванымі. Польскае сьвятарства востра рэагавала на спробы ўсталяваньня ў Польшчы нямецкіх касьцёлаў і кляштароў, якія павінны былі падпарадкоўвацца нямецкім касьцельным уладам. Фармальна яно патрабавала, каб прамовы і малітвы за пануючых князёў і айчызну чыталіся ва ўсіх касьцёлах Польшчы па-польску. Усе патрыёты пагаджаліся з тым, што ўсе сыны Польшчы (Poloniae filii) павінны бараніць Польшчу ад нямецкай небясьпекі, каб захаваць польскае панаваньне над усімі землямі, якія належаць польскай нацыі (natio Polonica), і каб прывесьці да нацыянальнага ўзьяднаньня.

Ідэя ўзьяднаньня рэалізавалася адразу з каранацыяй Уладыслава Лакоткі на караля Польшчы ў 1320 годзе. Незадоўга да гэтага Ўладыслаў мусіў стлуміць бунт нямецкіх мяшчанаў, на чале якога стаяў войт Альбэрт з Кракава, і пакараць бунтароў за іх “здраду польскаму народу”. Таксама ён быў зацягнуты ў канфлікт з крыжацкім ордэнам, які ў 1308 годзе заняў Памор’е. Уладыслаў намагаўся вырашыць канфлікт з дапамогай арбітражу. Слушна заўважана, што тры спробы арбітражу, праведзеныя папскімі прадстаўнікамі, былі пэўным чынам “вывучэньнем грамадзкай думкі” на тэму польскага характару Памор’я. Сьведкі з польскага боку, якія рэпрэзэнтавалі ўсе слаі народу Памор’я, засьведчылі, што яно заўсёды было часткай Польшчы, а таксама, што мовай яго жыхароў ёсьць польская. Гэтыя аргумэнты, хаця ў значнай ступені і абмінутыя арбітрамі, паказалі, што мова, на якой размаўляе нацыя, была для палякаў важным фактарам у вырашэньні палітычных спрэчак. Гэта адбывалася таму, што ўжо ў 13 стагодзьдзі палітычныя эліты атаясамлівалі нацыю зь яе мовай і рабілі з таго выснову, што межы дзяржавы павінны адпавядаць тэрытарыяльным абсягам нацыянальнай мовы.

На падставе гэтых фактаў большасьць польскіх гісторыкаў, а таксама марксістаў, схілялася да гледзішча, што зыходнай кропкай доўгага працэсу фармаваньня польскай нацыі была польская сярэднявечная нацыянальнасьць, якая зьявілася на зломе 12 і 13 стагодзьдзяў.

Наступнай фазай у нацыястваральным працэсе ў Польшчы была імпэрыя Ягелонаў, вядомая як польска-літоўская Унія ці Рэч Паспалітая (Res Publica). Яе зьяўленьне супадае па часе са стварэньнем унікальнай палітычнай сыстэмы — шляхецкай дэмакратыі. Гэта была дэмакратыя, паколькі яна аддавала асноўныя ўладараньні народу; яна успрымала самую сябе як рэспубліканскую дзяржаву, што проціпастаўляе дынастычным прынцыпам “волю нацыі”, і таму яе можна лічыць формай грама-
дзянскага нацыяналізму. Зь іншага баку, “нацыя” Уніі складалася з чальцоў шляхты і абмяжоўвалася імі; таму гэта была “шляхецкая нацыя”. Гэта праўда, што шляхта была шматлікай і вельмі размаітай групай, чальцы якой, ад буйных магнатаў да шляхецкага пралетарыяту, лічыліся — прынамсі, тэарэтычна — палітычна і паводле юрысдыкцыі роўнымі. Іх грамадзянскія і палітычныя правы былі паважнымі зь любога гледзішча, а колькасьць “актыўных грамадзянаў” у іх дзяржаве была сапраўды нашмат большай, чымсьці ў Францыі ці Англіі 19 стагодзьдзя, да ўводзінаў у іх усеагульнага галасаваньня. Нягледзячы на гэта, фармальны ўдзел у сумесным уладараньні нацыі абмяжоўваўся толькі адным слоем.

Відавочна, што ператварэньне польскай дзяржавы з этнічна аднастайнай (ці амаль гамагеннай) сярэднявечнай манархіі ў шматэтнічную, шматрэлігійную і шматмоўную шляхецкую федэратыўную рэспубліку мусіла зьмяніць зьмест польскага нацыяналізму. Мы схарактарызуем коратка асобныя з гэтых зьменаў.

Перадусім гэта быў адыход ад этналінгвістычнага патрыятызму ў бок шматэтнічнага грамадзянскага нацыяналізму, абапертага на бачаньне агульнага палітычнага прызначэньня і сцэментаванага гарачай прыхільнасьцю да рэспубліканскіх, нікому не падпарадкаваных, каштоўнасьцяў. Шляхецкая нацыя разумелася як палітычнае, не этнічнае, згуртаваньне і менавіта таму сталася настолькі прывабнай для шляхты з усяе Уніі, незалежна ад яе этнічнай прыналежнасьці й мовы. Уплывовы пісьменьнік 16 стагодзьдзя Станіслаў Ажэхоўскі не памыляўся, калі прыпісваў гэты інтэграцыйны эфэкт прывабнасьці польскіх свабодаў. Што істотна, ён сам быў паводле свайго паходжаньня не палякам, а спалянізаваным рускім, які казаў сам пра сябе, што ёсьць “gente Ruthenus, natione Polonus” — палітычна палякам, хаця этнічна рускім. Гэтая няпольская этнічная глеба не перашкодзіла яму лічыць палякаў выбраным народам, а сябе самога — часткай іхняе місіі.

Узьяднаньне розных этнічных элітаў у адну, злучаную, нацыю, цягнула за сабой сьвядомае стварэньне нацыянальнай ідэалёгіі. Істотная частка гэтае ідэалёгіі мела выключна палітычны характар. Шмат пісьменьнікаў выказвала новы варыянт нацыянальнай годнасьці, уяўляючы дзяржаву Ягелонаў краінай выключнай вольнасьці. Будучы стараннымі вучнямі старажытных, яны акрэсьлілі нацыю як сувэрэннае палітычнае грамадзтва, карыстаючыся з такіх паняткаў, як societas, civitas i res publica. Гэтая зьява была паўсюднай ня толькі ў 16 стагодзьдзі, у пэрыяд гуманізму і “залаты век” шляхецкай дэмакратыі, але таксама ў 17 стагодзьдзі — у пэрыяд контррэфармацыі і — у параўнаньні зь мінулым — заняпаду Уніі. Так, напрыклад, пісьменьнік і палітык 17 стагодзьдзя Лукаш Апалінскі стварыў досыць сучасную сваім гучаньнем тэорыю грамадзянскай супольнасьці (societas civitis), выводзячы яе з развою патрэбаў народу, дзе res publica ці civitas уяўляецца як вялікае зарганізаванае грамадзтва ўсіх людзей (magna illa unius populi civitas), душой якой ёсьць закон.

Аднак ідэолягаў “шляхецкае нацыі” не задавальнялі толькі палітычныя падставы нацыянальнае еднасьці; яны хацелі спрасьціць працэс інтэграцыі, надаючы шляхецкай нацыі пачуцьцё еднасьці праз агульную спадчыну. Гэта вынікае з дапушчэньня, што ўся шляхта Уніі ўтварае “сармацкую нацыю” — нашчадкаў старажытных, уплывовых і знаных сарматаў. Галоўным чынам гэтая тэорыя схілялася да атаясамленьня сярэднявечнай гісторыі вымысьленай “сармацкай нацыі” з выключна польскай гістарычнай традыцыяй; асобныя пісьменьнікі рабілі, аднак, значныя высілкі, маючы на мэце ўзьяднаньне гісторыі Польшчы з гісторыяй Кіеўскай Русі і Літвы. Так, напрыклад, Мацей Стрыйкоўскі выдаў (па-польску, 1582) багатую і цікавую Кроніку Польшчы, Літвы, Жмудзі і Усяе Русі — першую злучаную гісторыю польскай і літоўска-рускай шляхты з уяўленьнем іх агульнага паходжаньня ад “каралеўскіх сарматаў”, нашчадкаў скітаў, чыя гісторыя вялася з калена біблейскага Адама. Ён зрабіў з гэтага выснову, што “сарматы” былі абраным народам, прызначаным панаваць над сьветам.

Трэба падкрэсьліць, што нельга блытаць шматэтнічны характар “шляхецкай нацыі” з аўтэнтычнай шматкультурнасьцю. Ідэолягі сарматызму ўзялі за пэўніцу, што нацыянальная культура павінна быць гамагеннай, а таксама, што падставы ўзьяднаньня культураў мусіць стварыць культура польская, успрынятая як найбольш разьвітая ў Каралеўстве. Адначасова з тым, аднак, экспансія на Ўсход і зарыентаваная на Ўсход палітыка Уніі выставіла шляхецтва пад моцны, хаця і вонкавы, уплыў мусульманства. Іншым бокам гэтай зьявы была самазадаволенасьць, пачуцьцё культурнай выключнасьці і сьвядомае адмаўленьне ад манархічнага і скарумпаванага Захаду. У 17 стагодзьдзі нават нямецкія шляхціцы з паўночных раёнаў польска-літоўскай дзяржавы заводзілі сабе сармацкія вусы і насілі шытую на ўсходні манер вопратку, званую кунтушам. Прыналежнасьць да шляхецкай слані сталася вызваленьнем размаітых этнічных элемэнтаў, але культурнай аўтаноміі заставалася няшмат мейсца. У літоўскай частцы Уніі перахрышчаныя жыды ледзьве не аўтаматычна атрымоўвалі шляхецтва, аднак гэта цягнула за сабой поўную культурную трансфармацыю; новы шляхціц origine Judaeus мусіў апранацца як сармат, насіць шаблю, езьдзіць конна і г.д.

Культурная еднасьць, у разуменьні ідэолягаў “шляхецкай нацыі”, ня значыла ўводзінаў аднае афіцыйнае мовы для ўсёй дзяржавы. У Вялікім Княстве Літоўскім афіцыйна існавала шэсьць моваў (польская, літоўская, руская, нямецкая, армянская і габрэйская)5 ; мовай афіцыйных зносінаў была руская гаворка (набліжаная да беларускай) і нікому не прыходзіла да галавы замяніць яе лацінай або польскай. Аднак прыняцьцё сармацкай тэорыі літоўскай і рускай шляхтай дапамагло нечакана хуткай і добраахвотнай палянізацыі (у тым ліку палянізацыі моўнай) няпольскай шляхты. Гэта, відавочна, вельмі ўзмацніла культурную еднасьць шматэтнічнай “шляхецкай нацыі”; аднак, разам з тым, пазбавіла не-палякаў польска-літоўскай дзяржавы ўласных “гістарычных клясаў”, што значна затрымала іх уласны нацыянальны развой.

З гледзішча польскай нацыі, стагодзьдзі шляхецкай дэмакратыі далі парадаксальныя і шматзначныя вынікі. З аднаго боку, прыналежнасьць да польскай нацыі пашыралася на няпольскіх шляхціцаў, што адгукнулася значным павелічэньнем колькасьці патрыятычных палякаў, стваральнікаў польскай культуры.

Зь іншага боку, панятак “бытнасьці палякам” пачаў выразна асацыявацца са шляхецкім статусам, што, зразумела, парвала сувязі паміж польскай шляхтай і польскім сялянствам, затрымліваючы гэтым развой этналінгвістычнай польскай нацыі. Не ўтрымаюся ад спакусы сказаць, што — у параўнаньні з 14 стагодзьдзем — гэта была ня толькі затрымка, але значны крок назад.

 

Стварэньне сучаснай нацыі

Першая палова 18 стагодзьдзя была сьведкам поўнага заняпаду Уніі. Страціўшы свой грамадзянскі дух, сярэдняя шляхта адхілілася ад публічных справаў, а зьбяднелая безьзямельная шляхта апусьцілася да ўзроўню васалаў буйных магнатаў, гэтым самым дазваляючы ператварэньне “шляхецкай дэмакратыі” ў алігархічную анархію. Войска, якое напрыканцы папярэдняга стагодзьдзя абараніла габзбурскую імпэрыю ад турэцкага нападу, зараз амаль зьнікла. Хутка ўзрастала эканамічная адсталасьць краіны, а яе незалежнасьці з кожным разам усё больш пагражалі суседнія абсалютныя манархіі. Як запозьненая рэакцыя на гэтыя зьявы паўстаў рух на карысьць рэформаў, які бачыў ва ўзмацненьні выканаўчай улады за кошт “залатой вольнасьці” шляхты спосаб выратаваньня Польшчы. Першым буйным дасягненьнем гэтага руху было стварэньне ў 1773 годзе Нацыянальнае адукацыйнае камісіі, першага міністэрства асьветы ў Эўропе, якая ахапіла шэраг школ, што належалі да расфармаванага раней ордэну езуітаў, і якая ўсучасьніла ўсю сыстэму асьветы ў дзяржаве, усьведамляючы за сваю мэту культурную аднастайнасьць. Кульмінацыяй рэфармісцкага руху быў так званы Вялікі ці Чатырохгадовы сэйм (1788-1792), які стварыў у 1791 годзе новы асноўны закон, вядомы як Канстытуцыя трэцяга траўня. Канстытуцыя ператварала шляхецкую рэспубліку ў спадчынную канстытуцыйную манархію з сучасным урадам і парлямантам з двухгадовым тэрмінам паўнамоцтваў. Палітычныя правы трапілі ў залежнасьць ад колькасьці зямельнай уласнасьці, што прынесла ўздым мноства мяшчанаў да статусу “працоўных грамадзянаў”, тымчасам як безьзямельную шляхту — васалаў магнатаў — пазбавілі палітычных правоў. Такім чынам, замена рэспубліканскіх прынцыпаў манархічнымі пацягнула за сабой прыпыненьне найбольш улюбёнай ідэі шляхецкай дэмакратыі — ідэі палітычнай роўнасьці ўсіх чальцоў шляхецкай слані.

Паседжаньні Вялікага сэйму суправаджаліся ўсенароднай дыскусіяй, якая дапамагла выкрышталізаваць дзьве розныя праграмы нацыянальнага адраджэньня: праграму рэспубліканскага “асьветніцкага сарматызму” і манархічную праграму партыі рэформаў заходняга характару.

Галоўным слабым мейсцам першай праграмы была блізкая сувязь з рэспубліканскай ідэалёгіяй кансэрватыўнай шляхты. Аднак нават рэспубліканізм Міхала Вяльхорскага, галоўнага ідэоляга кансэрватыўнай Барскай канфэдэрацыі (1768-1772), нельга зьвесьці да абароны фэўдальных вольнасьцяў — ён быў настолькі сучасным і “асьветніцкім”, што натхніў Русо на напісаньне трактату “Considйrations sur le gouvernement de Pologne”, які праявіў гарачыя сымпатыі да “шляхецкай рэспублікі”6 . Пад час Чатырохгадовага сэйму вельмі часта ў якасьці альтэрнатыўнай нацыянальнай праграмы вылучаўся мадэрнізуючы элемэнт рэспубліканскай ідэалёгіі.

Цэнтральным пунктам рэспубліканскага гледзішча на нацыю была ідэя яе панаваньня. Ідэолягі “шляхецкага рэспубліканізму” вызначалі нацыю як калектыўны чыньнік сувэрэннай палітычнай волі, у адрозьненьне ад нацыі, падпарадкаванай манархіі. З гэтага гледзішча “нацыя” і абсалютная манархія, відавочна, выключалі адна адную, і наадварот, адзінай формай сталай нацыянальнасьці была рэспубліка ўдзелу; нават Англія ня вартая называцца нацыяй, бо яе палітычныя вольнасьці занадта абмежаваныя. Шмат тэарэтыкаў шляхецкага рэспубліканізму зрабіла згэтуль выснову, што польска-літоўская нацыя была адзінай сапраўднай у Эўропе. Што цікава, найбольш адукаваныя, да прыкладу, Міхал Вяльхорскі ці віцебскі кашталян Адам Жэвускі, не спрабавалі бараніць гледзішча, паводле якога нацыя павінна абмяжоўвацца выключна аднэй дзяржавай; наадварот, яны падкрэсьлівалі, што гэта часовая зьява, якая вынікае са спэцыфічных гістарычных акалічнасьцяў, і дэкляравалі сваё жаданьне, каб правы працоўных грамадзянаў сталіся больш унівэрсальнымі, каб яны тычыліся ўсіх жыхароў краіны. Адам Жэвускі пісаў: ”О, як горача я прагну, каб не існавала ніякіх упрывілеяваных клясаў і каб мяшчане і сяляне сталіся папросту людзьмі і палякамі.”7 

Нацыянальная праграма асноўнай рэфармацыйнай плыні вялася з таго гледзішча, што ў палітыцы і культуры Польшча найперш патрабуе звароту на Захад, што значыла канец сармацкага, некрытычнага абагаўленьня рэспубліканскіх каштоўнасьцяў і нацыянальнай выключнасьці. Знамянальна тое, што Хуга Калантай, галоўны стваральнік Травеньскай канстытуцыі, інтэрпрэтаваў асучасьненьне праз паняткі нацыястваральнага працэсу: як форму пярэйсьця ад “шляхецкай нацыі” да “нацыі новай” — “нацыі ўладальнікаў”, у якой працоўныя грамадзяне залежалі б ад стану ўласнасьці. Ён хацеў, каб “новая нацыя” была аднастайнай, каб размаўляла на адной мове і мела аднолькавыя правы. Гэтае меркаваньне было польскім адпаведнікам якабінскай канцэпцыі нацыі, што зь вялікай стрыманасьцю падыходзіла да рэгіянальных і культурных адрознасьцяў як да не суадносных з нацыянальнай еднасьцю і мадэрнізацыяй. У польскіх умовах гэта значыла ўніфікацыю права, ліквідацыю аўтаномнага статусу Літвы і абавязковую палянізацыю ўсіх жыхароў дзяржавы. Правы рэлігійных мяншыняў павінны былі паважацца, але толькі ў справах вузка рэлігійных. Так, напрыклад, габраі павінны былі пазбавіцца сваёй аўтаноміі, падпарадкоўвацца польскай юрысдыкцыі, наведваць польскія школы і апранацца па заходняй модзе, як палякі; нават бароды яны мусілі пагаліць, падобна да расейскіх баяраў. Камісія нацыянальнай адукацыі сталася б магутнай прыладай, неабходнай дзеля зьдзяйсьненьня гэтае праграмы.

Трэба зазначыць, што канцэпцыя Калантая, зьвязаная з аднастайнай нацыяй, ня мела нічога агульнага з асноўным значэньнем пазаразумовых культурных повязяў, у тым ліку містыкі нацыянальнай мовы. Перафразуючы Эрнэста Гелнэра, мы можам сказаць, што ягоны нацыяналізм быў папросту варыянтам патрыятызму, які надаваў найбольшую вагу культурнай аднастайнасьці8 . Ягоная канцэпцыя нацыі была палітычнай, рацыяналістычнай, натхнёнай ідэямі францускага Асьветніцтва, якое прабіла шлях якабінскаму нацыяналізму. Яна рэпрэзэнтавала польскую вэрсію таго, што было вядомае як “францускі ўзор нацыі”.

Канстытуцыя трэцяга траўня адлюстроўвала ідэі Калантая, але другі падзел Польшчы затрымаў іх зьдзяйсьненьне. Канстытуцыя ня мела шанцаў стацца найвышэйшым дзяржаўным законам. Яна засталася кавалкам паперы, непатрэбным сёньня, “апошняй воляй” незалежнае польскае дзяржавы. Ледзьве ня цалкам забыліся, што яна насамрэч была адмененая Тадэвушам Касьцюшкам, дэмакратычным правадыром нацыянальнага паўстаньня 1794 году, які абвесьціў, што форму палітычнай сыстэмы ў Польшчы вызначыць новы сэйм. Рэдка памятаюць таксама пра тое, што спадчына Травеньскай канстытуцыі не была ўхваленая польскімі дэмакратамі часоў Рамантызму; што ўсе яны — ад памяркоўных, як Ёахім Лялевэль, да скрайніх радыкалаў, як Эдвард Дэмбоўскі, — аднагалосна яе адмаўлялі, бо яна была манархічнай, санкцыянавала няроўнасьць і здраджвала польскім нацыянальным каштоўнасьцям.

Чаму гэтыя прысуды былі такімі рэзкімі?

Прычыны цалкам відавочныя й няцяжкія для разуменьня. Як праграма нацыянальнага адраджэньня, Травеньская канстытуцыя была хутчэй выразнай паразай уяўленьня. Яна зрабіла няшмат, каб палепшыць становішча сялянаў, замала дзеля таго, каб яны сталіся патрыятычна ляяльнымі ў дачыненьні існуючай польскай дзяржавы. Разам з тым яна пазбаўляла грама-
дзянскіх правоў масы беднай шляхты, якая, праўда, магла быць падвасальнай рэакцыйным магнатам, але якую ніхто ня мог замяніць у ролі носьбіта нацыянальнай сьвядомасьці і ейнага спавесьніка сярод нешляхецкага народу. Яна была нерэалістычнай у сваёй веры, што шляхецкая нацыя можа быць адным скокам ператвораная ў нацыю ўласьнікаў. Пасьля падзелаў дробная шляхта, нягледзячы на складаную сытуацыю, сталася асноўнай базай грамадзкага польскага руху за нацыянальную незалежнасьць. Гэты досыць шматлікі слой, які няшмат мог страціць і які меў жывое пачуцьцё сваёй грамадзянскай і нацыянальнай годнасьці, давёў, што быў для Польшчы хутчэй скарбам, чымсьці цяжарам.

Абгрунтаваным здаецца цьверджаньне, што сапраўдны “тэстамэнт” Польшчы 18 стагодзьдзя можна знайсьці ў праклямацыі касьцюшкавага паўстаньня, а не ў заканадаўчых актах Вялікага сэйму. Галоўнай ідэяй Касьцюшкі, перанятай польскімі радыкаламі 19 стагодзьдзя, было вызваленьне сялянаў, а разам з тым ператварэньне іх у польскіх патрыётаў. У сваёй эміграцыйнай брашуры “Ці могуць палякі дасягнуць незалежнасьці?” (1800) ён бачыў сялянскія масы, з косамі тырчма, што змагаюцца за Польшчу і робяць яе непераможнай. Ён верыў, што гэта магчыма, бо вызваленыя сяляне зробяць з Польшчы “моцную, шаснаццацімільённую нацыю”, натхнёную да бойкі духам вольнасьці. Зварот да лічбы ў шаснаццаць мільёнаў выразна паказвае, што патэнцыйнымі палякамі ён бачыў усіх жыхароў былой Уніі, незалежна ад іх мовы і рэлігійнай прыналежнасьці.

 

Стварэньне адроджанай нацыі

Дзьве праграмы нацыянальнага адраджэньня, створаныя ў 18 стагодзьдзі, мелі пэўную істотную агульную рысу: у абедзьвюх канцэпцыя нацыі мела выразна палітычны, а не этнічны, зьмест. Менавіта з гэтае нагоды пасьля падаўленьня паўстаньня Касьцюшкі і апошняга падзелу Польшчы (1795), шмат польскіх патрыётаў атаясамлівала сканчэньне польскай дзяржавы з раздрабненьнем польскай нацыі. Гэта адлюстравалася нават у песьні, якая сталася польскім нацыянальным гімнам: яго словы “будзем палякамі” паказваюць, што польская нацыя ў той час перастала існаваць і адновіць сваё існаваньне разам зь незалежнай дзяржаўнасьцю.

Заняпад напалеонаўскай Францыі давёў, што вяртаньне да незалежнай польскай дзяржавы ў прадказальнай будучыні немагчымае, і таму неабходным было грунтоўнае пераасэнсаваньне польскай нацыі. Яе ўжо нельга было азначаць з дапамогай выключна палітычных паняткаў, бо незалежная польская дзяржава зьнікла з мапы Эўропы, а адзінай палітычнай адзінкай з прыметнікам “польскі” ў назьве было маленечкае Польскае Каралеўства, аўтаномная частка Расейскай імпэрыі.

Зь іншага боку, глыбокае пачуцьцё палітычнага легітымізму ўтрымала польскіх патрыётаў ад этналінгвістычнай канцэпцыі нацыянальнасьці. Заўважым у дужках, што такая канцэпцыя была б тады досыць нязвыклай: нават асобы, падпісаўшыя Венскую дамову, ужывалі назву “палякі” ў дачыненьні да ўсіх жыхароў перападзеленай Польшчы. Новая канцэпцыя польскай нацыі мусіла абапірацца на перакананьне, што нацыянальная еднасьць усіх земляў колішняй Уніі магла быць захаванай нават пад акупацыяй, бо гэта мелася быць гістарычна-палітычная еднасьць. Насамрэч Польшча ў далейшым існавала ў сваіх даўніх межах як гістарычная нацыя, сцэмэнтаваная моцнымі традыцыямі і маючая “непазбыўныя палітычныя правы” на вяртаньне страчанай дзяржаўнасьці.

Такім чынам, польскія патрыёты проціпаставілі дынамічнаму легітымізму Сьвяшчэннага саюзу новы прынцып палітычнай законнасьці: “нацыянальны легітымізм” ці прынцып нацыянальнага самавызначэньня. Гэта ня быў яшчэ сучасны прынцып нацыянальнага самавызначэньня, абаперты на этналінгвістычную канцэпцыю нацыі, але менавіта дзякуючы гэтаму ён адпавядаў пануючым палітычным поглядам эпохі і больш пераконваў сваёй лёгікай, уводзячы гістарычныя правы нават у дачыненьні саміх манархаў.

Зразумела, каб выжыць як нацыя без палітычнай незалежнасьці, трэба было рабіць штораз большы націск на непалітычныя фактары нацыянальнай еднасьці. Сярод іх найважнейшым была літаратурная культура. Маўрыцы Махнацкі, найлепшы тэарэтык раньняга польскага рамантызму, назваў польскую літаратуру таго пэрыяду органам нацыянальнай сьвядомасьці; доказам таго, што палякі “зразумелі сутнасьць саміх сябе”. Ён меркаваў, што польская літаратурная культура дапаможа ўзьяднаць усе землі гістарычнай Польшчы, у тым ліку Ўкраіну; “межы” меліся выразна разьмежаваць рэгіянальныя традыцыі ў польскай літаратуры, беручы тым самым удзел ва ўзбагачэньні польскага нацыянальнага духу9 . Такая культурная праграма сталася нязвыкла выніковай: літаратура падзеленай Польшчы ахвотна пагадзілася з задачай прамаўленьня нацыянальнай сьвядомасьці, выдатна выканала гэтую задачу і заслугуе таго, каб лічыцца найважнейшым фактарам нацыянальнай еднасьці. Але гэты посьпех прынёс таксама і пэўныя нечаканыя вынікі: уздым значэньня літаратурнай мовы стварыў аснову для вызначэньня нацыі хутчэй лінгвістычна, чымсьці палітычна.

Ліквідацыя рэштак польскай дзяржаўнасьці пасьля няўдач паўстаньня 1830-31 гадоў яшчэ больш ускладніла вызначэньне польскай нацыі праз палітычныя паняткі. Трэба было цалкам унезалежніць нацыянальнае існаваньне ад палітычных умоваў праз усталяваньне падмуркаў Польшчы ў каралеўстве духу. Генэрацыя рамантызму зьдзейсьніла гэта, акрэсьліваючы нацыю як грамадзтва традыцыіі духу, але перадусім як агульную гістарычную місію. Польскія дэмакраты бачылі гэтую місію ў вайне за вольнасьць і братэрства ўсіх народаў; польскія месіяністычныя паэты — Адам Міцкевіч і Юліюш Славацкі — інтэрпрэтавалі гэта праз рэлігію, трактуючы Польшчу як абраную прыладу “новага праяўленьня”, якое мелася ўнесьці ў палітыку этычныя асновы і прывесьці да ўсеагульнага абнаўленьня. Аднак усе патрыёты, незалежна ад палітычных перакананьняў, прызналі відавочным, што гістарычная місія Польшчы ёсьць агульнай справай для ўсіх земляў дзяржавы Ягелонаў.

Нязгаслая ляяльнасьць у дачыненьні былой Уніі знайшла адлюстраваньне ў трох розных канцэпцыях яе мажлівага аднаўленьня: шматкультурнай, уніяцкай і фэдэратыўнай.

Шматкультурная канцэпцыя выяўляла рамантычную ідэалізацыю старой, шматэтнічнай і шматрэлігійнай Уніі. Моўныя, рэлігійныя і культурныя адрознасьці былі б ня толькі талераваныя, але нават цанёныя і трактаваныя як цалкам адпаведныя разуменьню нацыянальнае еднасьці. Ёахім Лялевэль, выбітны гісторык рамантызму, пайшоў яшчэ далей. Ён цьвердзіў, што панятак нацыі не павінен ужо ўтрымліваць у сабе мову ці рэлігійнае пачуцьцё, ён марыў таксама пра Польшчу, у якой “ня будзе ніякіх адрознасьцяў паміж людзьмі, што яе складаюць”: палякамі, ліцьвінамі, немцамі, жмудзінамі, рускімі. Ён таксама дапускаў талерантнасьць у дачыненьні рэлігійных адрознасьцяў і быў чуйны да схільнасьцяў цэнтралістычных рэфарматараў 18 стагодзьдзя. Буйны паэт рамантызму Адам Міцкевіч — шэдэўр якога “Пан Тадэвуш” пачынаецца словамі: “Літва, мая Айчына” — вызнаваў падобную ідэю і прышчапіў бы яе нацыянальнай сьвядомасьці.

Незалежна ад гэтага большасьць палітычна актыўных палякаў эпохі рамантызму, пераважна дэмакратаў, вызнавала ўніяцкую канцэпцыю нацыі, так званую францускую канцэпцыю. Аднадумцы, падтрымліваючы інтэграцыю гістарычных тэрыторыяў Уніі, пераадольвалі ня толькі тэндэнцыю да сэпаратызму, але нават да рэгіяналізму, а пасьля вызваленьня і адукацыі прыгонных сялян чакалі хуткіх вынікаў іх палянізацыі. Яны пагар-
джалі Канстытуцыяй трэцяга траўня, але ўніяцкая тэндэнцыя ў іхняй нацыянальнай ідэалёгіі была падставова падобнай да палітычнага мысьленьня Партыі рэформаў 18 стагодзьдзя. Рэвалюцыйны маніфэст Кракаўскага паўстаньня 1846 году — паўстаньня, якім кіраваў рамантычны рэвалюцыянэр і палкі крытык асьветніцтва Эдвард Дэмбоўскі — праклямаваў ідэал з’інтэграванае і ўзьяднанае дэмакратычнае нацыі ў межах 1772 году, гэтаксама не зважаючы на аўтаномны статус Літвы. Маніфэст пад-
крэсьліў гэтае непрыняцьцё пазьней, уводзячы істотныя зьмены ў нацыянальны герб, зь якога зьнялі літоўскую Пагоню, пакінуўшы на ўсю плашчыню польскага Белага Арла.

Трэцяя канцэпцыя — “фэдэральнае нацыі” — сфармавала мысьленьне арганізатараў і правадыроў студзеньскага паўстаньня 1863 году. Адрозна ад Кракаўскага, пачатак паўстаньня 1863 году вызначыў маніфэст, які заклікаў да ўзбраеньня тры нацыі былой Уніі: палякаў, ліцьвінаў і ўкраінцаў. Штандар паўстаньня ўяўляў зь сябе траісты сымбаль фэдэрацыі, складзены з польскага Арла, літоўскае Пагоні й рускага Арханёла. У дачыненьнях зь няпольскімі нацыямі былой Уніі паўстанцы карысталіся зь іхных уласных моваў, у тым ліку беларускай. У перамовах паміж польскімі і расейскімі рэвалюцыянэрамі, якія мелі мейсца перад паўстаньнем, польскі бок пагадзіўся прыняць права на самавызначэньне на нацыянальна-мяшаных тэрыторыях. Аднак адначасова палякі выразна цьвердзілі, што яны маюць надзею паўплываць на хаду падзеяў і стварыць добраахвотную унію тых нацыяў з Польшчай, аднаўляючы тым самым былую Унію ў форме свабоднай фэдэрацыі, якая выправіла б фатальную памылку, што палягала ў непрыняцьці правоў украінскага народу. У дэмакратычнай фэдэрацыі, складзенай з трох падставовых частак — Польшчы, Літвы і Ўкраіны, — меліся ажыць найлепшыя традыцыі польска-літоўскае Уніі.

Фэдэральная канцэпцыя розьніцца ад шматкультурнай і ўніяцкай прызнаньнем адкрыцьця, што — нягледзячы на іхнія блізкія повязі з Польшчай — Літва і Ўкраіна былі асобнымі нацыямі. Гэтае гледзішча, выказанае досыць асьцярожна, спрычынілася некалькімі фактарамі, такімі як паступовае нацыянальнае абуджэньне Ўкраіны, уздым значэньня палітычных тэорыяў, што вызначалі нацыі ў этналінгвістычных катэгорыях, а таксама, што істотна, усьведамленьне самімі палякамі таго, што польская мова й каталіцтва ёсьць найбольш верагоднымі элемэнтамі польскае тоеснасьці. Так, для палякаў, што вызнавалі фэдэратыўную канцэпцыю, яна азначала ўдзел ня толькі ў шматкультурнай, сфэдэраванай нацыі, а, хутчэй, у нацыі польскай, складніку фэдэрацыі, што захоўвала й паважала асобныя нацыянальныя культуры былой Уніі. Такім чынам, фэдэратыўны варыянт зьвязваў тугу па гістарычнай, шматнацыянальнай айчызьне з узрастаючым усьведамленьнем прыналежнасьці да культуры выразна акрэсьленай, польскамоўнай і каталіцкай нацыі. Менавіта з гэтае нагоды Студзеньскае паўстаньне было больш жарсным і ўрочыста каталіцкім, чым папярэднія польскія паўстаньні, якія альбо былі рэлігійна нэўтральныя (як паўстаньне 1830-31 гадоў), альбо афарбаваныя пэўнай дозай антыклерыкалізму (як Касьцюшкава інсурэкцыя 1794 году і Кракаўскае паўстаньне 1846). Прызнаньне ўкраінцаў як нацыі набывала тым самым падвойнае значэньне. З аднаго боку, гэта было відавочна спозьненае прызнаньне ўкраінскіх памкненьняў да нацыянальнасьці, але зь іншага боку, гэта тлумачыла розьніцу паміж польскамоўным каталіцкім насельніцтвам (палякамі ў этналінгвістычным і культурным значэньні) і ўсходнімі славянамі.

Як бачым, фэдэратыўная канцэпцыя была насамрэч першым важным крокам у бок адхіленьня штораз большай анар-
хісцкай ідэі адзінай палітычнай нацыі. Па-ранейшаму, аднак, яна была далёкай ад свайго абяцаньня карыстацца з этналінгвістычных крытэрыяў нацыі. Генэрацыі 1863 году вельмі цяжка было сабе ўявіць, што літоўскіх ці ўкраінскіх палякаў можна было б разумець як нацыянальныя мяншыні. Чакалася, што Літва і Ўкраіна зьдзейсьняць, як шматкультурныя дзяржавы, падзелы нацыі, дазваляючы мясцовым палякам вызначыцца як ліцьвінам ці ўкраінцам польскай культуры, па-ранейшаму спалучаючы ляяльнасьць у дачыненьні іхніх уласных нацыяў з прыхільнасьцю да ягелонскіх традыцыяў.

Генэрацыя 1863 году хацела, галоўным чынам, каб разуменьне польскае нацыі было як мага больш абсяжным. Найлепшым доказам гэтаму можа быць паўсюдны энтузіязм у дачыненьні польскіх настрояў, пануючых сярод варшаўскіх габраяў, якія актыўна ўдзельнічалі ў патрыятычных маніфэстацыях напярэдадні паўстаньня. Адразу ж іх прызналі “палякамі юдэйскага веравызнаньня” і ўпісалі ў літаратуру як гераічных удзельнікаў ці нават арганізатараў і правадыроў польскага змаганьня за незалежнасьць. Варта заўважыць, што гэтая эўфарыя ня зьвязвалася з надзеяй, што габраі пярэйдуць у каталіцтва. Якраз наадварот: пісьменьнікі гэтага пэрыяду прапагандавалі ідэю далучэньня габраяў да польскае нацыі, хаця б яны і не зьмянялі веравызнаньня й ня выракаліся гістарычнае спадчыны. Паўсюдна падкрэсьлівалася прынцыповая ідэнтычнасьць месіяністычных надзеяў габраяў і палякаў, габраі й палякі ўяўляліся як “два Ізраілі”, “дзьве абраныя нацыі, патаемны саюз якіх зараз замацаваны крывёю і ўсталяваны раз і назаўжды”. Распаўсюджваньне сымбалічнага малюнку “габрая з крыжом”, што змагаецца разам з палякамі пад агульным нацыянальным штандарам, суправаджала сьвядомая стылізацыя польскага патрыятызму ў малітвах Старога Тэстамэнту: польскія паэты-месіяністы былі прыроўненыя да біблейскіх прарокаў, змагары за вольнасьць атаясамліваліся з махабітамі, Польшча ўяўлялася Сыёнам, Варшава — Ерусалімам.

Параза Студзеньскага паўстаньня паклала канец мноству рамантычных ілюзіяў. Зьліквідаваныя былі рэшткі аўтаноміі Польскага Каралеўства, як і сама назва, палякі ж, пазбаўленыя нават польскамоўных школ, мусілі засяродзіцца на элемэнтарнай задачы захавацца як нацыя. Гэта парадзіла разнастайныя праграмы пакаёвай “арганічнае працы” — як кансэрватыўныя, што падкрэсьлівалі неабходнасьць згуртаваньня палякаў вакол Касьцёла, так і лібэральныя, сярод якіх найбольш уплывовай была праграма так званых варшаўскіх пазытывістаў, што ахоплівала справу эканамічнай і грамадзкай мадэрнізацыі. У абодвух выпадках “польскасьць” займала абарончую пазыцыю, а гэта, зразумела, вылучыла пярэйсьце да вузкай, этналінгвістычнае дэфініцыі нацыі. Істотным фактарам у гэтым працэсе была ўсё большая і большая роля і штораз выразьнейшая грамадзкая наяўнасьць нямецкіх і габрайскіх элемэнтаў у хуткім развоі капіталістычнай прамысловасьці Каралеўства. Працоўная кляса былога Каралеўства (цяпер званага “Прывісьленскім краем”) сканстытуявалася як шматэтнічны орган, у якім польскамоўныя апынуліся ў сытуацыі падуладных; лічылася, што гэта адбываецца ня толькі празь безасабовую “сыстэму”, колькі хутчэй праз дакладна акрэсьленых іншаземцаў — нямецкіх і габрайскіх уладароў фабрык.

Але гэтая новая сытуацыя мела й пазытыўны бок. Праз дваццаць год пасьля паўстаньня была зразумета няслушнасьць боязі, што вызваленьне польскіх сялянаў расейскімі ўладамі зробіць зь іх ляяльных падначаленых Расейскае імпэрыі, абыякавых да нацыянальнага ўціску. Насамрэч ператварэньне фэўдальнага сялянства ў вызваленых уладароў скансалідавала іхнюю этнічную тоеснасьць і праз гэта стварыла падмуркі для новых, этналінгвістычных, нацыяў. Літоўскія сяляне сталіся сьвядомымі ліцьвінамі, якія ўжо не хацелі далучацца да польскіх паўстанцаў (як зрабілі гэта, у адрозьненьне ад украінцаў, у 1863 годзе). Але такі працэс меў мейсца сярод польскіх сялянаў: іхная сьвядомасьць хутка “нацыяналізавалася” праз усьведамленьне нацыянальнага ўціску, прыгнёту элемэнтарных нацыянальных патрэбаў (такіх як карыстаньне з айчыннае мовы ў школах і ўрадах), а таксама непазьбежных канфліктаў зь няпольскай дробнай буржуазіяй.

Першыя й найбольш радыкальныя спробы заўважыць гэтыя выпадкі й адпаведна перафармуляваць задачы польскіх нацыяналістычных інтэлектуалаў мелі мейсца ў 1886 годзе. Адна з гэтых спробаў, апублікаваная ў варшаўскім папулістычным штотыднёвіку “Głos”, мела назоў “Дзьве цывілізацыі”. Яе аўтар, Паплаўскі, цьвердзіў, што палякі заўсёды падзяляліся на дзьве нацыі: гістарычную “ўпрывілеяваную нацыю” і этнічную “нацыю сялянаў”. Першая зь іх увайшла ў апошнюю стадыю непазьбежнага заняпаду; другая, рэпрэзэнтуючы асобную цывілізацыю, якасна адрозную ад шляхецкае культуры, была апірышчам нацыянальнае экзыстэнцыі і адзінай базай для нацыянальнага й грамадзкага адраджэньня Польшчы.

Іншым маніфэстам новага “сялянскага” нацыяналізму былі Праграмныя накіды, апублікаваныя Баляславам Выслаухам у “Przeglądzie Społecznym”. Аўтар пайшоў так далёка, што патлумачыў традыцыю “палітычнае нацыі” шляхты як цалкам неістотную для сучасных, абапертых на сялянства, нацыяў былой Уніі. Паводле яго, польска-літоўская Унія была карыснай толькі для шляхты, але ж не стварыла падставаў для ўзьяднаньня абедзьвюх нацыяў. Польскае панаваньне над украінскімі й беларускімі сялянамі было толькі чужынскім бярэмем, якое нельга апраўдаць абвешчаньнем перавагі польскае культуры. Прынцып нацыянальнага самавызначэньня павінен пасаваць да кожнае этналінгвістычнае нацыянальнасьці. На практыцы гэта значыла, што палякі мелі права толькі на сваю “этнаграфічную” тэрыторыю, якое прынесла б ім пэўную здабычу на захадзе (Верхнюю Сілезію й Мазуры) і вялікія страты на ўсходзе. Асабліва падкрэсьлівалася, што Львоў, незалежна ад свайго польскага характару, павінен застацца на ўкраінскім баку.

Сталася так, што галоўная плыня грамадзкае думкі ў Польшчы не была падрыхтаваная, каб адразу ж згадзіцца з такой высновай, што ня дзіва. Цікава, што нэгатыўныя рэакцыі на ідэю “этнаграфічнае Польшчы” былі асабліва моцнымі зь левага боку. Тэзы Выслауха сталіся аб’ектам вострае крытыкі з боку Баляслава Ліманоўскага, немарксісцкага сацыяліста, які стаўся потым адным з заснавальнікаў Польскай партыі сацыялістаў (заснаванай у 1892 годзе). Ён зганіў этнічны нацыяналізм (якому проціпаставіў “патрыятызм”) як падтрымку шавіністычнае нецярплівасьці ў дачыненьні мяншыняў.

У адрозьненьне ад мысьляроў эпохі Рамантызму, зь якімі ён падзяляў шмат ідэяў і ілюзіяў, ён усьведамляў уздым нацыянальных памкненьняў сярод няпольскіх нацыяў былой Уніі, але меў надзею, што памяць пра агульную гісторыю пераможа і што ўсе праблемы можна будзе вырашыць на базе дэмакратычных вольнасьцяў і рэгіянальнай аўтаноміі. На ягоную думку, адроджаная польская дзяржава мелася быць усходнеэўрапейскай Швэйцарыяй.

Левыя польскія інтэлектуалы ў асноўным сымпатызавалі такім поглядам. Хіба толькі асобныя зь іх схіляліся да такога ж радыкалізму, як Эдвард Абрамоўскі, іншы заснавальнік ППС, які напярэдадні выбуху першай сусьветнай вайны засьведчыў, што “польская нацыя заўжды складалася з трох народаў: польскага, літоўскага і ўкраінскага” і што “зьяднанае самім Богам няхай ніхто не разьяднае!” Але большасьць зь іх прагнула верыць, што спадчыну дзяржавы Ягелонаў ня зьнішчылі дашчэнту, што жыхары колішніх “усходніх крэсаў” няўстанна цягнуцца да Польшчы і патрабуюць польскага кіраўніцтва. Іншым бокам гэтае веры было тлумачэньне этнічнага нацыяналізму як небясьпечнае сілы, што зьвяртаецца да прымітыўных пляменных інстынктаў і нішчыць складаныя гістарычна створаныя формы чалавечай супольнасьці.

Аднак на пачатку дзевяностых гадоў мінулага стагодзьдзя сталася відавочным, што этнічны нацыяналізм меў грамадзкую падтрымку ня толькі сярод сялянства і дробнай буржуазіі, але і сярод працоўнае клясы. У траўні 1892 году шэсьцьдзесят тысячаў сілескіх ткачоў паўстала супраць карыстаньня з этнічнага прынцыпу пры падзеле працоўных мейсцаў. Іх барацьба, якая цягнулася дзевяць дзён і суправаджалася антыжыдоўскімі пагромамі, была крывава спыненая ўладамі, але паўплывала на мараль як патрыятычных сацыялістаў, так і дэфінітыўных нацыяналістаў. Гэтыя першыя, будучы пад непасрэдным уплывам сілескага бунту, стварылі ППС; другія ў 1893 годзе зарга-
нізавалі элітарную Нацыянальную Лігу, а ў хуткім часе масавую арганізацыю пад назвай Нацыянальная дэмакратычная партыя. Сацыялістычныя патрыёты, да якіх належаў Юзаф Пілсудзкі, хацелі ўціснуць нацыяналістычныя настроі працоўных змагароў за незалежную дэмакратычную Польшчу. Нацыянальныя дэмакраты (“нацдэмы”) — на чале з Раманам Дмоўскім, палітыкам, які ад імя адроджанай Польшчы падпісаў Вэрсальскую дамову, — хацелі распаліць этнічныя канфлікты і падпарадкаваць іх шырока зразуметым нацыянальным інтарэсам. Гэтыя апошнія яны вызначалі як немагчымыя да пагадненьня з інтарэсамі жыдоў ці іншых нацыянальных мяншыняў, але ўхвалялі іх за падтрымку польскага земскага кіраўніцтва на ўсходніх землях, пераважна няпольскіх.

Уздым палітызацыі масаў, што вынікаў, сярод іншага, з актыўнасьці ППС і нацдэмаў пад час рэвалюцыі 1905 году, штораз больш даходліва даводзіў, што нават працоўная кляса, якая лічылася найбольш інтэрнацыянальнай, была значна раздробненай згодна з этнічнымі поглядамі. Палітычнае абуджэньне выказала вялікі сумнеў, што этнічныя падзелы існавалі паўсюдна і што гэтага факту больш нельга было ўнікнуць. Гэта вымусіла польскія палітычныя партыі прыняць на практыцы, хаця найчасьцей са шматлікімі засьцярогамі, этналінгвістычную канцэпцыю нацыі. Патрыятычныя сацыялісты неахвотна гэта прызналі, спрабуючы ўратаваць як мага больш са старога разуменьня нацыі як гістарычна-палітычнай супольнасьці; асобныя зь іх пайшлі за Пілсудзкім і яго ўпартай прыхільнасьцю да фэдэральных ідэяў 1863 году. Нацыянальныя дэмакраты прынялі этналінгвістычную канцэпцыю як зыходную кропку, але — у адрозьненьне ад раньніх поглядаў Паплаўскага — намагаліся ўзьяднаць этнічны нацыяналізм са спадчынай колішняй Польшчы; яны прэтэндавалі потым на нацыянальную тэрыторыю, што ахоплівала ўсе тыя землі, дзе — на іх думку — польская цывілізацыя і фізычная прысутнасьць польскай меншыні была настолькі моцнай, каб гарантаваць пасьпяховую палянізацыю (паводле Дмоўскага, гэта тычылася ўсёй этнічнай Літвы).

Такім чынам, старая традыцыя польскага “палітычнага нацыяналізму” прывяла да дэзінтэграцыі на абодвух канцах палітычнага спэктру, падрываючы веру ў прынцыповасьць і магчымасьць адбудовы Польшчы ў яе папярэднім выглядзе. Напярэдадні выбуху першай сусьветнай вайны толькі некалькі непапраўных ідэалістаў пеставала ілюзію, што этнічна няпольскія нацыі былой Уніі павінныя разумецца як палякі ці патэнцыйныя палякі.

Першыя гады існаваньня новай незалежнай Польшчы прынесьлі шмат аргумэнтаў на карысьць гледзішча, што толькі этнічныя палякі могуць лічыцца трывалым падмуркам польскай дзяржавы. Абвяшчэньне незалежнасьці супала з выбухам жорсткіх братазабойчых бітваў паміж палякамі і ўкраінцамі ва ўсходняй Галіцыі. У 1920 годзе польскія працоўныя і сяляне насуперак камуністычнаму інтэрнацыяналізму абаранялі “буржуазную Польшчу” ад нападу Чырвонае арміі. Адначасова захоп Вільні генэралам Люцыянам Жэлігоўскім зьнішчыў добрыя стасункі Польшчы зь Літвой. Вялікая колькасьць правадыроў нацыянальных мяншыняў адмовілася прызнаць межы Польшчы і прававыя асновы адроджанай дзяржавы; нават жыды мелі шмат сумневаў на гэты конт і наогул лічылі сябе нацыянальнай меншынёй, а не “палякамі юдэйскага веравызнаньня”. У 1922 годзе блёк меншыні ў парляманце, кіраваны сыя-
ністам Ісакам Грунбаўмам, быў успрыняты як моцна антыпольскі10 ; кульмінацыяй вынікаўшых з гэтага напругаў быў замах на Габрыэля Нарутовіча, першага прэзыдэнта Рэчы Паспалітай, выкананага палякам-шавіністам. Ня дзіўна, што ўвесь міжваенны пэрыяд стаўся шэрагам жорсткіх этнічных канфліктаў, у тым ліку актаў палітычнага тэрарызму, такіх як падпал польскіх сядзібаў украінскімі нацыяналістамі і — у адказ — пацыфікацыя ўкраінскіх вёсак польскімі ўланамі. Часткай гэтай карціны быў уздым антысэмітызму, штораз больш гвалтоўнага і расісцкага11 .

Пад час другой сусьветнай вайны грамадзяне даваеннай Польшчы былі сьведкамі ня толькі нямецкіх зьверстваў, але таксама аднаўленьня польска-ўкраінскай вайны ва ўсходняй Галіцыі ў значна больш жорсткай форме, чым у 1918-1919 гадох. Незалежна ад прасоўваньня на захад польскіх усходніх межаў гэтая вайна працягнулася ў Народнай Польшчы і скончылася толькі тады, калі польскія камуністычныя ўлады, заахвочаныя Сталіным, вырашылі зруйнаваць украінскія вёскі, а іх жыхароў выселіць. Адначасова значная колькасьць польскіх габраяў, якая перажыла Галакост, пакінула Польшчу, выехаўшы ў Ізраіль ці іншыя краіны сьвету. А гэта была толькі малая частка гіганцкіх перасяленчых апэрацыяў, якія тычыліся мільёнаў людзей: палякаў з колішніх “усходніх крэсаў” і немцаў зь нямецкіх правінцыяў, далучаных да новай Польшчы.

 

Колькі высноваў

Вернемся зараз да пытаньняў тэорыяў нацыяналізму, па-
стаўленых у найноўшай літаратуры на гэтую тэму. Шмат заходніх тэарэтыкаў нацыяналізму, асабліва ў Амэрыцы, прызвычаілася проціпастаўляць нацыяналізм “палітычны” ці “грамадзянскі” больш вузкаму нацыяналізму, этналінгвістычнаму, акцэптуючы першы і крытыкуючы другі. Асобныя заходнія крытыкі нацыяналізму, ідучы сьледам за лёрдам Эктанам, аспрэчваюць асноўны прынцып нацыянальнага самавызначэньня, які вядзе да небясьпечных катастрафічных вынікаў у міжнародных дачыненьнях12 . На працягу апошніх дзесяці год сталася модным тлумачыць нацыі як штучныя ўтварэньні, вынайдзеныя ці вымысьленыя ідэолягамі нацыяналізму.

У разуменьні гісторыі стварэньня нацыі ў Польшчы найпершае значэньне мае палітычна-этнічная дыхатамія. Насамрэч гэта была гісторыя дзьвюх розных нацыянальных фармацыяў: этналінгвістычнае нацыі, якая дасягнула нацыянальнай сьвядомасьці ўжо на зломе 13 стагодзьдзя, а таксама шматэт-
нічнай (хаця і ня шматкультурнай) палітычнай шляхецкай нацыі. Гэтая апошняя, што паўстала ў выніку Люблінскай уніі 1569 году, была супольным сувэрэнам у вельмі своеасаблівай форме імпэрыі: не дынастычнай, але абапертай на прынцып панаваньня народу, якому нададзены статус шматэтнічнай “шляхецкай” нацыі. Стварэньне гэтай нацыі, яе культурнае ўзьяднаньне, замацаваньне праз агульную гістарычную традыцыю і жывое адчуваньне агульнага лёсу ўспрымаліся як найбольшыя дасягненьні польскае шляхты. Нутраныя повязі, што ядналі гэтую нацыю, апынуліся дастаткова моцнымі, каб забясьпечыць яе выжываньне ва ўмовах адсутнасьці дзяржавы, каб захаваць яе культурны развой як адзінае нацыі (нягледзячы на падзел), а таксама яе нязломнае жаданьне адшукаць нацыянальную незалежнасьць.

Эктан меў рацыю, калі бачыў у гэтым імпульс да зьяўленьня новага легітымнага закліку — прынцыпу нацыянальнага самавызначэньня і “абуджэньня тэорыі нацыі ў Эўропе”. Але “легітымнасьць нацыяў”, якую польскія патрыёты 19 стагодзьдзя проціпаставілі дынастычнай легітымнасьці Сьвяшчэннага саюзу, была — прынцыпова — вельмі адрознай ад прагнага жаданьня накрэсьліць мапу Эўропы ўздоўж этнічных і лінгвістычных лініяў. Інтэлектуальныя эліты “адраджанае Польшчы” (выраз Лялевэля) былі прызвычаеныя мысьліць пра нацыі ў палітычных, а не этнічных катэгорыях. Іх прадстаўнікі хацелі аднавіць польскую дзяржаву ў даўнейшых гістарычных межах. Гэтаксама як эўрапейскія інтэлектуалы першай паловы 19 стагодзьдзя, яны не маглі сабе ўявіць стварэньня ўкраінскімі ці літоўскімі сялянамі асобных этнічных нацыяў, што стаялі б у сьвядомай апазыцыі да пальшчызны. Значна лягчэй ім было ўяўляць сабе адноўленую Польшчу, што распаўсюджвала б палітычныя і грамадзянскія правы на ўсіх яе жыхароў, якія навучаюць сваіх дзяцей у польскіх школах, палітычна і культурна ствараючы зь іх палякаў. Лёгкасьць, зь якой у 19 стагодзьдзі літоўская і ўкраінская шляхта прычынілася да польскага нацыянальнага патрыятызму і польскай культуры, дзякуючы распаўсюджваньню на яе правоў, якімі цешылася польская шляхта, стварыла ілюзію, што сучасная польская нацыя можа быць створаная простым актам, раўнуючым у правох усіх жыхароў адноўленае дзяржавы.

Трэба прызнаць, што гэта была фатальная памылка, якая вынікала зь недаацэньваньня “аб’ектыўных” аспэктаў нацыяналізму. Шматэтнічная “шляхецкая нацыя” колішняй Польшчы па сутнасьці была ўтварэньнем сьвядомай палітычнай волі, якой дапамаглі высілкі гісторыкаў, мітатворцаў і іншых “арганізатараў нацыянальнага ўяўленьня” (калі ўжыць выраз Норвіда). Яе гісторыя ёсьць выдатнай ілюстрацыяй таго, якім чынам нацыі “будуюцца”, “ствараюцца” ці “выдумляюцца”. Аднак адначасова яна паказала, што воля і ўяўленьне палітычных і культурных элітаў не былі ўсемагутнымі, што нацыі могуць “будавацца” толькі да пэўнай мяжы, што сучасныя нацыі, падабаецца нам тое ці не, патрабуюць моцных этнічных асноваў, а таксама што этнічныя канфлікты нельга загасіць праз “стварэньне” ці “выдумляньне” неэтнічных, выключна палітычных (і нават толькі духоўных) дэфініцыяў нацыі.

Праўда ў тым, што Польшча мела вялікі ўдзел у “нацыянальным абуджэньні” Сярэдняй і Усходняй Эўропы; але праўдай ёсьць і тое, што вынікам гэтага абуджэньня быў востры канфлікт з палітычнымі мэтамі і тэрытарыяльнымі прэтэнзіямі палітычных палякаў. На працягу доўгага часу польскія нацыяналісты папросту не ўсьведамлялі гэтага. Пазьней яны намагаліся ўнікнуць канфлікту, чынячы палавінчатыя саступкі нацыяналістычным памкненьням няпольскіх жыхароў “усходніх крэсаў”, маючы надзею ўратаваць як мага больш са спадчыны былой Уніі. Дарэмна! У рэшце рэшт усе нацыі сярэдняй і ўсходняй Эўропы, у тым ліку палякі, сфармаваліся як сучасныя нацыі на базе этнічнага самавызначэньня13 .

Такім чынам, выпадак Польшчы не пацьвярджае гледзішча, што нацыі ёсьць утварэньнямі нацыяналізму і што нацыянальныя супольнасьці адрозьніваюцца “паводле спосабу, якім іх выдумалі”. Хутчэй ён адлюстроўвае выразны кантраст паміж нацыяналізмам як ідэалёгіяй элітаў і нацыяналізмам як гістарычным працэсам, які сфармаваў сучасную польскую нацыю. Нацыяналізм элітаў “адраджанае Польшчы” ці Польшчы пэрыяду буйных нацыянальных паўстаньняў адрозьніваецца зьместам і стылем ад народнага нацыяналізму, які адлюстроўваў спантанны працэс “нацыяналізацыі масаў”. Большасьць дыскусіяў элітарнага нацыяналізму адбывалася вакол аднаўленьня шматэтнічнае дзяржавы, што ўздыме ўсіх сваіх жыхароў да ўзроўню сьвядомага патрыятычнага грамадзянства; таму яны былі схільныя лічыць дробязьзю этнічныя адрозьненьні14 .

І наадварот, сучасная польская нацыя разьвінулася як этналінгвістычная цэласнасьць на этнічнай тэрыторыі сярэднявечнай Польшчы. У пэўнай ступені яе сфармаваў шляхецкі нацыяналізм, але яна сталася абавязанай сваім існаваньнем аб”ектыўнаму працэсу грамадзка-эканамічнае мадэрнізацыі ў межах існаваўшай раней этнічнай нацыянальнасьці. Яе зьяўленьне парадзіла новыя, палітычныя формы нацыяналізму, вельмі адрозныя ад анархічнага грамадзянскага нацыяналізму лібэральна зарыентаваных інтэлектуалаў.

Гэта ня значыць, што ранейшыя традыцыі анархічнага нацыяналізму згасьлі ў Польшчы. Яны выжылі, пераважна ў інтэлігенцкім асяродку, і адыгрываюць важную ролю ў польскім палітычным жыцьці. Аднак істотна тое, што яны не ўспрымаюцца як варыянт нацыяналізму. У слоўніку польскіх палітыкаў слова “нацыяналізм” ёсьць зьневажальным паняткам, зарэзэрваваным для праяваў неталерантнай, ксэнафобнай этнацэнтрычнасьці.

 

Зацемы

1 Гл. Synopticus (Karl Renner) Staat und Nation, Wien 1899 i Otto Bauer Die Nationalitдtenfrage und die Sozialdemokratie, Wien 1907. Галоўную канцэпцыю згаданай тэорыі аўстрыйскіх марксістаў сфармуляваў Карл Каўцкі ў працы Die moderne Nationalitдt (“Die Neue Zeit”, 1887, Wien), а таксама ў іншых артыкулах. Найважнейшай сярод немарксісцкіх прац на тэму нацыяналізму ёсьць праца F.Meinecke Weltbьrgertum und Nationalstaat, 1907. Шкада, што асобныя аўтары тлумачаць нацыяналізм як новую досьведную спадчыну, мінаючы ранейшыя працы на гэтую тэму.

2 Гл. B.Anderson Imagined Communities. Reflections on the Origin and Spread of Nationalism. London — New York, 1991 Verso; E.J.Hobsbawm Nations and Nationalism since 1780. Cambridge 1990, Cambridge University Press; E.Gellner Nations and Nationalism. Ithaca — London 1983, Cornell University Press. Адну з самых першых і найбольш радыкальных фармулёвак гледзішча, што нацыі насамрэч ёсьць “вымысьленымі” ці нават “сфабрыкаванымі” нацыяналізмам, можна знайсьці ў Гелнэра: “Нацыяналізм ня ёсьць абуджэньнем нацыяў да самасьвядомасьці; гэта ён стварае нацыі там, дзе іх няма.” (E.Gellner Thought and Change. London 1964, Weidenfeld and Nicholson, p. 169). Тэза Андэрсэна менш радыкальная, бо ён трактуе зьяўленьне нацыяў ня толькі як мэтанакіраванае “вынаходніцтва”, але хутчэй як “спантанную дыстыляцыю складанай крыжаванкі ўзаемнапранікальных незалежных гістарычных сілаў” (B.Anderson, op. cit. p. 4).

3 R.Sporluk Communism and Nationalism. Karl Marx versus Friedrich List. New York 1988, Oxford Universiti Press, p. 164.

4 Пра адрознасьць “старых нацыяў зь перарванай гісторыяй” (такіх як палякі) ад “новых нацыяў”, гл. Hugh Seton-Watson Nations and States. Boulder, Colo. 1977, Westview Press, p. 6-13.

5 Гл. A.Lieven The Baltic Revolution. Estonia, Latvia, Lithuania on the Path to Independence. New Haven — London 1993, Yale University Press, p. 47-48.

6 Гл. M.Wielhorski O przywrуceniu dawnego rzadu wedlug pierwiastkowych Rzeczypospolitej ustaw, 1775. Свае Considйrations… Русо напісаў на падставе Tableau du gouvernement de Pologne, падрыхтаванага Вяльгорскім.

7 Гл. A.W.Rzewuski O sukcesji tronu w Polsce. Warszawa 1789, s. 31-33.

8 Гл. E.Gellner Nations and Nationalism, p. 138.

9 У часы Махнацкага гэтая праграма выяўленьня і фармаваньня рэгіянальнай тоеснасьці была пасьпяхова рэалізаваная так званай украінскай школай у польскай літаратуры. Варта згадаць, што сам Махнацкі нарадзіўся ў спалянізаванай рускай сям’і.

10 Гл. Ezra Mendelsohn The Jews of East Central Europe Between the World Wars. Bloomington 1983, Indiana University Press, p. 29-32. Мэндэльсон слушна заўважае, што адкрыты пераход на бок нацыянальных мяншыняў, якія імкнуліся да зьменаў дзяржаўных межаў, не цікавіў польскіх жыдоў.

11 Трэба адрозьніваць адкрыты расізм і антысэмітызм ад даўнейшых формаў антысэміцкіх настрояў з рэлігійнай, культурнай ці эканамічнай падставы. Прызнаньне асыміляцыі жыдоў ці таксама шлюбаў з асыміляванымі жыдамі ёсьць — відавочна — абвярганьнем сапраўднага расізму.

12 Гл. слынны эсэй Эктана Nationality, апублікаваны ў яго Selected Writings (John Emerich Dalberg-Acton), том 1: Essays in the History of Liberty. Indianapolis 1985, Liberty Classics.

13 Украінскі эміграцыйны навуковец Іван Л.Рудніцкі меў рацыю, дапускаючы, што “вяртаньне ў гістарычным развоі сярэдняй і ўсходняй Эўропы вяло да перамогі этнічнага самавызначэньня над гістарычнай легітымнасьцю”. (Гл. Rudnytsky Polish-Ukrainian Relations: the Burden of History, у: L.Potichnyi (рэд.) Poland and Ukraine, Past and Present. Edmonton — Toronto 1980, p. 24). На маю думку, ён меў таксама рацыю, абвяргаючы заўвагу Адама Бронка, што “для палякаў і ўкраінцаў існаваў у гісторыі шанец зьяднаньня ў адну нацыю”. Адзінкі, і нават цэлыя групы грамадзтва (як шляхта), маглі пераходзіць этнічна-культурныя межы, якія аддзялялі Ўкраіну ад Польшчы, але гэта не было магчымым для ўсяе ўкраінскае нацыі (тамсама, с. 28).

14 Гэта было відавочным для Маркса і Энгельса, якія менавіта таму выразна адасаблялі адраджэньне Польшчы ад этнічнага самавызначэньня. У артыкуле Працоўная кляса і польскае пытаньне Энгельс рэзка проціпастаўляе эт-
нічныя нацыянальнасьці “буйным эўрапейскім нацыянальным утварэньням”, такім як Польшча; на яго думку, права вялікіх гістарычных нацыяў на незалежнае бытаваньне было падтрымана “старым прынцыпам дэмакратыі і працоўнае клясы”, які ня меў нічога агульнага з рэакцыйным і сэгрэгацыйным “нацыяналістычным прынцыпам”. Выпадак Польшчы быў для яго доказам, што гэтыя два прынцыпы — нацыянальная незалежнасьць і “нацыяналістычны прынцып” — узаемна выключаюць адно аднаго, адраджэньне Польшчы “азначае аднаўленьне дзяржавы, якая складаецца найменш з чатырох розных нацыянальнасьцяў”. (Marks i Engels o Polsce. Warszawa 1971, KiW, s. 277-281.)

 

 

зьмест