| 
       
                          | 
    
       
 ЗАЎСЁДЫ З НАМІ?або спроба даследавання беларускай неаміфалогіі
 Напісаць гэты тэкст мяне падштурхнула кніга “Заўсёды з Леніным”. Творы беларускіх паэтаў. / Мінск. “Юнацтва”.1983. Для сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту /. Набыў я яе ў забытай богам краме ў развале спісанай літаратуры. Звярнула на сябе ўвагу слова “заўсёды”, якое звычайна сведчыць аб наяўнасці рэпрэзентацыі чарговага набору артадаксальна-дагматычных ідэалагемаў. У прадмове сказана, што творы “разгортваюць вялікі свет народных пачуццяў да Уладзіміра Ільіча, Камуністычнай партыі, Радзімы...” Гэта, а таксама адрасаванне опусаў школьнаму ўзросту, абяцала выбуховы кактэйль з адрэдагаваных народных лямантаў і стогнаў, аблінялых за некалькі дзесяцігоддзяў “адвечных” ісцінаў і ветхазапаветных казачак для сучасных акселератаў. Так яно і так, але не зусім. Кніжка пры ўсім тым апынулася стылістычна вытрыманай — прычым вытрыманай менавіта семантычна — у сукупнасці асноўных нарацыйных элементаў. І — галоўнае — у ёй сапраўды меліся “народныя пачуцці”, прычым досыць аўтэнтычныя. Рэч у дадзеным выпадку ў тым, што тут найбольш праявілася пачуццёвая сфера беларускай савецкай літаратуры, літаратуры, якая ўвогуле недалёка адышла ад традыцыйнай фальклёрнай стыхіі, сутыкнулася з бадай найбольш міфалагізаванай тэмай, прычым міфалагізаванай па-сапраўднаму — з прысутнасцю моцнай веры ў існаванне комплексу міфалагічнага антуражу. Такім чынам, адкрылася выдатная магчымасць для аналізу калектыўнага неўсвядомленага, масавай свядомасці, неаміфалогіі ў дастаткова “чыстым” выглядзе. Гэтыя даследаванні шырока вядуцца цяпер на ўзроўні сімулякраў масавай культуры, прадукцыі Галівуда, а таксама літаратурных школ міфакрытыкі. Тым цікавей разгледзіць міфалагемы сучаснай культуры на перакрыжаванні сфераў палітычнай ідэалогіі і мастацкай літаратуры на падставе артэфактаў, якія ўтрымліваюць рэлігійна - міфалагічны кампанент веры. Асноўная іх тэма — погляд “масаў” на валадара, які мы будзем аналізаваць, карыстаючыся разнастайнай методыкай, у першую чаргу неафрэйдысцкай. Супольнасць, якая утварылася на падставе яднання вакол правадыра, мае выразныя рысы, паводле тэрміналогіі Эрыха Фрома, рэгрэсіўна - архаічнага грамадства, — такога, дзе выразна праяўляюцца архаічныя формы душэўнага перажывання — некрафілія, гіпертрафаваны нарцысізм, інцэстуальны сімбіёз. Пачнем з апошняга. Адметнай аб’ядноўчай асновай архаічнай супольнасці з’яўляецца крэўная роднасць, сваяцтва . Паслядоўнікі Леніна падкрэсліваюць, маніфестуюць сваё крэўна - братэрскае сваяцтва : “Жыць дружнай,/ Адзінай сямьёю/ Мы знаем, так Ленін вучыў”, “Сягоння я самы шчаслівы,/ Вялікую маю радню” /П. Броўка/; “І кожны быў братам, і кожны быў другам” /С. Грахоўскі/ “Любы мне, як свае, мары /Мары рускіх братоў і сясцёр.” /К. Кірэенка/; “Сястра да сястры, брат плячом прыхінуўся да брата,” /М. Лужанін/; “Яно згуртавала народы/ У братняй сям’і назаўсёды,/ Ленінскай партыі слова” /Я. Непачаловіч/. Крытэрыі роднасці розныя — прыналежнасць да партыі, ідэалогіі, агульнай справы, патэстарнай сістэмы /дзяржавы/, спецыфічна асэнсаваная этнічная блізкасць. Роднасць, што дэкларуецца па-за межамі роднасці непасрэдна крэўнай, сваяцкай — гэта з’ява неаміфалагічная, — тая, дзе рэліктавыя інстытуты накладаюцца на новую сучасную рэчаіснасць. Такім чынам перад намі — калька першабытнай крэўна-сваяцкай эндагамнай супольнасці абшчыны, якая складаецца з родных братоў і сясцёр. Адсюль спецыфічныя — братэрскія — адносіны да жанчыны, адносіны сэксуальна-табуяваныя па прычыне небяспекі інцэсту. Афіцыёзны пурытанізм савецкага грамадства выступае, такім чынам, як трансфармаваны страх інцэсту ў архаізаваным, неаміфалагічным грамадстве. Пэўная бясполасць членаў гэтага грамадства, якая праявілася, у прыватнасці, у андрагінным звароце “таварыш”, адпавядае ідэі Карла Юнга аб сувязі гермафрадытызму героя з кастрацыяй з-за пагрозы, страху інцэсту. Закрыты для гетэрасэксуальных адносінаў характар супольнасці выцясняе лібіда ў сферу гомасэксуальнай рытуалістыкі — менавіта гэтым можа тлумачыцца павышанная эратычнасць партыйна-савецкага этыкету — агульнавядомая прага да шчырых мужчынскіх пацалункаў. Члены дадзенага сваяцтва праходзяць асноўныя рытуалы, уласцівыя глыбокай першабытнасці, напрыклад, такі істотны рытуал як ініцыяцыя — уступленне ў рода-плямённую супольнасць, звязанае з набыццём новага комплексу ведаў і навыкаў. “Чырвоны гальштук зноў павязан/ на грудзі мне./ І я лічу, / што я нанова абавязан / вучыцца жыць па Ільічу”. /А. Вольскі/. Наступная фаза сацыялізацыі была звязана з уваходжаннем у супольнасць больш высокага таксанамічнага ўзроўню, якая давала магчымасць удзельнічаць ва ўладных структурах (нешта накшталт суб’ектаў часоў ваеннай дэмакратыі савета старэйшын ці сістэмы ўзроставых класаў) і была звязана, як і ў першабытных культурах, з першай. “Мне заставацца піянерам / дапамагае партбілет.” /Ён жа /. Радавая абшчына вядзе сваё паходжанне ад першапродка — татэма, маці ці, як у дадзеным выпадку, — бацькі . “Я Леніна пяю — ён кроўны бацька нам! “/А. Александровіч /; “я , яго вучань і сын” /К. Кірыенка/; “Вас як бацьку сустрэлі б сыны,” /Г. Кляўко /; “Перамаглі мы, Леніна сыны,” /Р. Няхай /; “За словам “мама” недзе блізка — “Ленін” /В. Ракаў/. Перад намі супольнасць з рысамі грамадства патрыярхальнага тыпу”, г.зн., згодна Э. Фрому і Бахофену, такое, дзе пераважаюць абавязак, законы, рацыянальнае мысленне, імкненне змяніць прыроду, бацькоўскія пакаранне і ўзнагарода. З Леніным звязваюцца рацыяналістычныя паняцці: “ясны розум”, “праўда”, “наказы - думы”, “ленінскі парадак”, ён выклікае спавядальна-справаздаўчы настрой. Яго вобраз натхняе на актыўную пераўтваральную дзейнасць-барацьбу. Адпаведна фрэйдысцкай канцэпцыі ўзаемаадносінаў паміж сынам і бацькам апошні выклікае амбівалентныя пачуцці: пашану, боязнасць, пачуццё віны. Што да першых, дык яны маюцца ў лішку — аб гэтым размова пойдзе ніжэй. Што да двух іншых, у першую чаргу боязнасці, дык з іх канстатацыяй цяжэй — магчыма ў першую чаргу таму, што іх праявы ў дачыненні да палітычных лідараў афіцыёзам не надта падтрымліваюцца. Разам з тым, адбіткі фундаментальнага для псіхалогіі сыноў комплекса віны маюцца ў завуаляваным выглядзе: “Вы дзень пры дні гарэлі ў барацьбе / і мо таму, што думалі пра ўсіх вы, / Не думалі ніколі пра сябе”. /Алесь Бачыла/; “А тут — турбот мільёны./ Нявыкрутка. Стос неадкладных спраў . /Г. Бураўкін/ . У
      шэрагу твораў акцэнтуецца прысутнасць,
      роля Леніна менавіта ў перыяд
      дзяцінства, нават з’яўлення на свет
      чалавека: “Дзе ўсе мы / Былі ім сагрэты, /
      Дзе кожнага ён гадаваў,” /П. Броўка/; “Падлеткамі
      пад яго рукою / Мы адчувалі крыл сваіх
      размах,” /В. Вітка/; “Я з таго пакалення /,
      Над калыскай чыёй з першых дзён, з першых
      год/ Клапатліва схіляўся з усмешкаю
      Ленін.” /П. Панчанка/. Іншым разам
      прысутнасць Леніна набывае выгляд
      парапсіхалагічнага ўспаміна-відзёжа: “Я
      помню —/ Між лесу глухога/ І чэзлых,
      спустошных ніў/ Угледзіў мяне ён , малога,/
      Што з торбай на паству хадзіў. /П. Броўка/.
      Выхаванне, клопат аб немаўлятах, дзетках
      —у традыцыйных культурах і не толькі —
      прэрагатыва маткі; бацька пачынае
      займацца сынам тады, калі той здольны
      вучыцца мужчынскім прафесіям. Прыняцце
      на сябе функцый маткі сведчыць аб
      прысутнасці фенамену, аб якім узгадвае Э.Фром
      — замяшчэнне маткі бацькам. Гэтая
      сітуацыя для міфалогіі не новая —
      першапродак звычайна бывае адзін; аднак
      адсутнасць іншаполага Найбольш глыбокі ўзровень сувязі з маткай Э.Фром вызначае як інцэстуальны сімбіёз — максімальна блізкая еднасць чалавека са сваім “гаспадаром” (жывым ці мёртвым), калі для сімбіятычна звязанай асобы немагчыма правесці мяжу паміж сабой і іншым. Вызначальныя прыкметы гэтай сувязі мы бачым і ў дадзеным выпадку: “Ён сам — народ” /Ю. Свірка/; “Мы — рэкі... Нібы ў мора, у Леніна ўпадаць” /А. Сербантовіч/. Найбольш істотна інцэстуальныя імкненні праяўляюцца ў дачыненні да маці ці яе сінанімічных замяняльнікаў — партыі, рэвалюцыі, Савецкай улады. Гэтыя тры іпастасі выступаюць як аўтаномныя прадукцыйныя істоты: “Усе мы родам з Рэвалюцыі!” /М. Маляўка/; “Я сын/ і выхаванец твой,/ Мая Савецкая ўлада,” /П.Броўка/; асабліва істотна матчыны пачатак выражаны ў дачыненні да партыі: “Ты — плоць і кроў, душа і мозг народа”, “Паклічаш ты на свята ці на бой — / Мы, Партыя, з табой /!” /А. Звонак/; “З усіх куткоў маёй Радзімы/ сабрала партыя сыноў” /М. Машара/; “Ленінскай партыі слова — моцная зброя,/ тое, што згуртавала народы/ У братняй сям’і назаўсёды, яно вастрэй шаблі,/Як бурны вулкан, агнявое, / Як гром навальнічны, сцяг, зброя ”/Я. Непчаловіч/. Як бачна, партыя выконвае асноўныя функцыі нерэалізаванага інцэстуальнага імкнення да маці: ахоўчую, інцэстуальна-сімбіятычную (немагчыма падзяліць яе і народ), а таксама дэструкцыйна-пагрозлівую, звязаную з яе традыцыйнай прыроднай эманацыяй (тут — гром, вулкан). Адна з асноўных рысаў матрыархальнага грамадства — роўнасць усіх яго чальцоў як сыноў маткі, якая усіх любіць аднолькава: яны яе “простыя салдаты” /М.Лужанін/, “радавыя партыі вялікай” /Ул. Нядзведзкі/; “Я — адзін з яе радавых”. /М.Танк/. Людзі, аб’яднаныя партыяй, маюць сваеасаблівы фетыш, які валодае цудадзейнымі рысамі, звязанымі з праяўленнямі магічнай энергіі-маны: “Партыйны білет з’ядноўвае сэрца камуніста / з сэрцамі мільёнаў аднамыснікаў-братоў”/В.Лукша/. У дадзеным выпадку партбілет мае рысы магічнага сродку-паролю і бярэ на сябе пэўныя функцыі татэму. Характэрна, што ён злучае менавіта сэрца — пачуцці, інтуіцыю, ірацыянальнасць, — усё тое, што складае сутнасць псіхалогіі матрыярхальнага грамадства. “Маленькі камячок у грудзях/ Вялізную ж планету/ Ён умяшчае у сабе/ І лёс народаў свету.” / “Сэрца камуніста” /П. Прануза/. Мацярынскія інстытуцыі маюць стадыяльны характар: яны прыйшлі на змену грамадству, якое паходзіла ад бацькі: “Мы ўжо явай завём, што калісьці было Ільічовымі марамі,/ А наперадзе — новы, акрэслены Партыяй шлях”/У.Верамейчык/. “Ільіч адышоў у спрадвечную засень спакою... / І ты ні на міг не адчула сябе сіратою.” /“Партыі”, М.Лужанін/. Як бачна, паміж двумя фазамі грамадства існуе генетычная сувязь; больш таго — іх звязваюць адносіны бацькі і дачкі. Адсутнасць супрацьборства паміж патрыярхатам і матрыярхатам, — больш таго — адносна спакойная, безканфліктная змена валадара грамадства-бацькі, што ў міфалагічных сістэмах суправаджаецца працяглымі рэцэдывамі варожасці — можа тлумачыцца першапачатковым матрыярхальным характарам расійска-савецкай супольнасці. Гэта патрабуе, з аднаго боку, наяўнасці моцнага ўладара, (нават маці мае мілітарызаванае аблічча: яе дзеці — радавыя), а з другога, фемінізуе яго праз прыярытэт не закону, парадку, а ідэі роўнасці, крэўнай еднасці, адвольнасці, ірацыянальнай пачуццёвасці. Акрамя інцэстуальнага, у дадзенай супольнасці ў той ці меншай ступені праяўляюцца іншыя вылучаныя Э.Фромам імкненні. Досыць відавочна прадстаўлены групавы нарцысізм — адчуванне, акцэнтацыя перавагі свайго соцыума над іншым: “Красой зямлі і душ/пад зорным садам/ свет паўстае камуністычны наш” /А. Русецкі/; “Хутка будуць называцца — знаю гэта — /Камуністамі ўсе людзі на зямлі!” /А.Куляшоў/. Упэўненасць у сваёй выключнасці спараджае месіянскія прэтэнзіі: “У камуністаў няма асобых правоў, акрамя аднаго — /Весці наперад права”. /В. Лукша/. Для групавой свядомасці радавой абшчыны характэрна жорсткае размежаванне з прадстаўнікамі іншых соцыумаў паводле прынцыпа мы — яны, прычым першаснай саманазвай, эндаэтнонімам гэткай абшчыны досыць часта было слова “людзі” як супрацьпастаўленне іншым, ніжэйшым істотам. На стадыі цывілізацый такім вербальным размежавальнікам стала слова “варвар”. “Хаця напалм і бомбы дзікуноў/ То там, то тут нам сеюць ліхалецце” /А. Астрэйка/. Дарэчы, асноўны вораг, што прымушае змагацца, “няўстанна” працаваць, з’ядноўвацца ў інцэстуальную, нарцысічную супольнасць — у асноўным пагроза звонку, дзе жывуць “падонкі, і хлусы, і зводнікі ўсе” /К.Камейша/. У значна меншай ступені ў творах прадстаўлена некрафілія /зразумела, у інтэрпрэтацыі Э.Фрома/. Настрой усяго таго, што звязана з будаўніцтвам новага грамадства — падкрэслена дынамічны, рэвалюцыйны, стваральны. Разам з тым, і ў гэтай дзейнасці праяўляюцца некрафілічныя рысы, а можа нават і аснова: “Сто гадоў мы рыем дол для капітала,/ Для хаўтур яго збіваем мы труну”. /А.Куляшоў/ — вось сэнс вайны, на якую выйшлі камуністы, паводле аўтара верша, сто гадоў таму. Атрымліваецца класічная перверсія — энергія жыццёвага працоўнага парыву скіравана на справу, звязаную з падрыхтаваннем да смерці — жыццёвай антытэзы. Некрафілічны імпэт адчуваецца і ў занадта частым і захапляючым узгадванні маўзалею. У
      цэнтры ментальнай сістэмы гэтай
      сваяцкай супольнасці стаіць фігура
      кіраўніка-валадара, бацькі, якая з’яўляецца
      досыць шматфункцыянальнай і сумяшчае
      разнастайныя надзвычайныя іпастасі. Ён
      і першапродак, да якога звяртаюцца ў
      цяжкую хвіліну за парадай, і, адначасова,
      носьбіт магічных здольнасцяў: “Быццам
      тут з’явіўся чарадзей/ З той далёкай,
      незабыўнай казкі”. /М. Шаховіч/; /“Рабскі
      стогн закрэсліў — чарадзей ці маг?” /С.Гаўрусёў/.
      Сапраўды, Ленін валодае шэрагам
      спецыфічных магічных якасцяў: ён бачыць
      будучыню / “Бачыць ён, як праз гады /
      Пакут і змагання / Новы век над зямлёю /
      Займаецца скрозь” /П.Глебка/; прычым
      дэталёва — / “Што ён ужо бачыў агні
      Днепрагрэса, / Адзначыў на карце Кузбас /
      І марыў, што ў нетрах сібірскага лесу/
      Уздымецца горад для нас”. /С. Грахоўскі/.
      Апошнія радкі гучаць больш, чым
      праўдзіва. “Ён зрокам прарочым угледзеў
      разлогі, / Што людзям нябачны былі” /Я.
      Колас/. Розніца ў магічных
      характарыстыках паміж першапродкам,
      магам і дэміургам досыць склізкая, аднак
      паспрабуем вылучыць у гэтым вобразе
      яшчэ шэраг рысаў чарадзея і мага. Перш-наперш,
      гэта — сваеасаблівыя магічныя сеансы,
      падчас якіх валадар бачыў, што робіцца
      на вялікіх адлегласцях ці мог ясна ды
      канкрэтна-вобразна прадбачыць будучыню.
      Адбываліся яны звычайна ўначы і
      сканчаліся з першымі прамянямі сонейка,
      што набліжае іх да рытуалаў чорнай,
      згубнай магіі, для якіх гэта асноўны час
      правядзення. “Хутка зведае вораг / Гэту
      сілу — ночы без сноў!” /В. Зуёнак/. Сеанс
      ажыццяўляўся на звычайным, стацыянарным
      месцы ці мог адбывацца выпадкова, там,
      дзе застане імгненнае азарэнне, што мае
      паралелі з дзэн-будысцкай практыкай. Як
      можна меркаваць, часцей за ўсё сеансы,
      звязаныя таксама з дэміургічнай
      дзейнасцю, адбываліся ў габінеце. Так,
      атрымаўшы маніфест ад працоўных
      Беларусі, ён чуе “магутны голас цэлага
      народу”, потым “рэзкім рухам адхінае
      штору, / Імкліва падышоўшы да акна. І вось
      ужо далёкая прастора, / Як на далоні, /
      Леніну відна”. /Пятрусь Макаль/. Ён
      бачыць гарапашніка за сахой, салдата,
      рабочага, што працягваюць яму рукі.
      Сеанс сканчаецца зранку; вынік магічна-дэміургічнага
      дзеяння гатовы: “...А ў шыбу ўжо зірнуў
      прамень ласкавы. / І вось Ільіч / У рукі
      ўзяў дэкрэт —/ Аб нараджэнні новае
      дзяржавы / Даведаецца сёння цэлы свет!”.
      Тыпалагічна падобнае дзеянне
      адбываецца і ў Смольным — штабе
      паўстання. На момант усё заціхае — Ленін
      моўчкі стаіць і праз яго вочы праходзяць
      надзеі, думы, прадбачанне таго, што будзе
      праз гады. Напэўна, гэта цягнецца
      нядоўга — ён пачынае дзейнічаць і дае
      загад аб пачатку штурму Зімняга. І вось,
      нарэшце, “Ноч мінае. / Зара над краінай
      усходзіць. / ...Мудры Ленін падпісвае /
      Першы дэкрэт” /П.Глебка/. Сваеасаблівыя
      медытацыі адбываліся і на прыродзе. Адно
      з такіх месцаў — крутыя схілы над Волгай,
      адкуль “Валодзя Ульянаў / Думае думы пра
      заўтрашні дзень” /Л. Мароз/ і бачыць
      бурлакоў, катаржанаў, шахцёраў у забоях,
      сялянку на полі. Гэтае месцапалажэнне
      адпавядае міфалагічнай семантыцы
      узвышша, гары як месца, дзе прысутнічае
      сакральнае, дзе ажыццяўляецца кантакт
      паміж раўнінным і горным, прафанным і
      сакральным, дзе адбываецца далучэнне да
      боскага — на гарах атрымлівалі боскія
      сведчанні Маісей, Хрыстос; Алімп, Меру —
      месца знаходжання багоў. Іншым разам
      сеанс мог адбывацца ў далёка не
      сакральным атачэнні. Так, у Разліве “На
      міг Ільіч прысеў на пень, ... / Ён слухае
      рабочыя мільёны,/ прароча ўглядаецца ў
      вякі./ Як на далоні перад ім яны” /М.
      Рудкоўскі/. Ён усміхаецца, хмурыць бровы
      і, адпаведна, на небакраі збіраюцца буры,
      у іх спеюць перуны. У традыцыйнай
      культуры пень з’яўляецца ў асноўным
      адмоўным сімвалам, ён выступае як
      антытэза жывому дрэву, культ якога
      шырока распаўсюджаны ў разнастайных
      міфалагічных сістэмах. У беларусаў праз
      нехрышчоны асінавы пень перакульваліся,
      каб зрабіцца ваўкалакам, што звязвае
      пень з нячысцікамі. Нездарма ў дадзеным
      выпадку Ільіч выклікае змрочныя
      нябесныя сілы, псуе надвор’е, што было
      адным з традыцыйных заняткаў ведзьмарак
      і ведзьмакоў. Адзначым, што робіць ён
      гэта праз фізіагноміка-імітацыйны
      магічны прыём, што выдае ў ім боска-язычніцкую
      прыроду. Падобнае празрэнне адбылося
      пад вечар на палубе парахода, які плыў па
      Енісею. Ізноў Ленін не заўважыў шума, ён
      “бачыў вольным гэты край, / Ён бачыў
      збітыя кайданы,” /С. Шушкевіч/. Калі
      знянацку цуд гэтага містычнага
      празрэння нехта бачыў, ён таксама
      пранікаўся велічам падзеі і яму
      рабілася даступным усё тое, што бачыў
      маг; гэта знаходзіцца ў кантэксце
      міфалагічна-казачнага сюжэту аб пад- Як сапраўдны паганьскі волхв, Ленін карыстаўся падтрымкай прыроды — Енісей спяшаўся яго адведаць, крыгаломам будзіў на дасвецці, ахінаў думкі “выраевым крылом” /Р. Барадулін/. Разам з тым, з узростам становячыся чалавекам культуры, больш таго, культуры ваяўнічай, рэвалюцыйнай, Ленін пераходзіў у апазіцыю да прыроды, на ёй, напэўна, ён вымяшчаў лішкі дэструктыўнага інстынкту. Так, плывучы па возеры са стрэльбай, ён “Не б’е ні качак, ні аленя,/ І жураўлі па-свойску з ім./ Яшчэ Ульянавым быў Ленін,/ Яшчэ быў Ленін маладым.” /А. Пысін/. Такім чынам, вобраз Леніна сумяшчае ў сабе рысы першапродка, валадара, мага. Такі сімбіёз не з’яўляецца нечым выключным. Як адзначаў Фрэзер, сумяшчэнне функцый цара і жраца, валадара і мага ўласціва шырокаму колу культураў і народаў — імператарскаму Кітаю, тэўтонскім валадарам у паганьскую эпоху, выспе Мадагаскар, аўстралійскім абарыгенам ды інш. Старажытныя людзі верылі, што цары з’яўляюцца пасярэднікамі між чалавекам і богам, а таксама валодаюць боскімі функцыямі дабратворцы. У аўстралійскіх абарыгенаў, якімі кіравала алігархія старых і ўплывовых мужчынаў, асноўным заняткам валадароў была грамадзянская магія — здабыванне пры дапамозе магіі ежы, выкліканне дажджу ды інш. Французскі даследчык Ж. Дзюмезіль адзначае як характэрную з’яву германскай, славянскай, рускай грамадскай арганізацыяў параўнальна слабое развіццё інстытуту святароў, у выніку чаго функцыі князя-воіна і мага сумяшчаліся. 
 Ігар Вуглік - У ЛАНЦУГАХ ТАБУ. СВАБОДА, КУЛЬТУРА І РЭПРЭСІІ Ў ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСКАГА ГРАМАДСТВА 
  | 
    |||