ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

даль-агляды


ФРАГМЭНТЫ №8
№8
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


АГЛЯД КНІГАЎ

 

Сытуацыя з рэцэнзыямі ў беларускай філязафічнай прасторы проста фатальная. Кнігі выходзяць невялічкімі накладамі ў розных выдавецтвах і губляюцца ў моры іншай літаратуры. Плён часьцяком шматгадовай працы часам не выклікае ня толькі зацікаўленага прафэсыйнага абмеркаваньня, а нават звычайнага водгуку. Культура рэцэнзыі страчана, сама прапанова напісаць рэцэнзыю ўспрымаецца як прапанова напісаць нешта другаснае, “тэхнічнае” — альбо як спроба замовіць “патрэбны” водгук, альбо як прыхаваная рэкляма.

Рэдакцыя часопіса “Фрагмэнты” будзе спрабаваць пераламіць гэтую сытуацыю, хаця б у межах аднаго выданьня. Але без шырокага ды істотнага ўдзелу філязофскай грамадзкасьці гэта немагчыма.

Таму, прапануючы чытачу невялічкія рэдакцыйныя “анонсы” вышэйназваных кнігаў, якія мы папрасілі зрабіць аднаго з сябраў нашай рэдакцыйнай рады, мы заклікаем да іх шырокага абмеркаваньня! Мы чакаем прафэсыйных водгукаў на гэтыя ды іншыя кнігі. 

Кантактуйце з намі па тэлефоне 256-21-67, альбо дасылайце свае водгукі: Менск, 220036, пашт. скр. 24.

 

А. С. Майхрович. СТАНОВЛЕНИЕ НРАВСТВЕННОГО САМОСОЗНАНИЯ. ИЗ ИСТОРИИ ДУХОВНОЙ КУЛЬТУРЫ БЕЛАРУСИ. Минск, “Беларускі кнігазбор”, 1997.

Кніга Альфрэда Майхровіча (дырэктара Інстытута Філязофіі) перагукаецца зь некалькімі кантэкстамі і Ніцшэвая “Генеалёгія маралі” не самы зь іх істотны.

У часы пошукаў “беларускай ідэі”, сутнасьці ці якой іншай логацэнтрычнай забаўкі, ідэя гістарычнасьці маральных нормаў ды стэрэатыпаў не належыць да самых папулярных. Тым ня менш тое, што ў беларускай традыцыі мы знаходзім як мінімум тры усталяваныя сыстэмы маралі (улучаныя, натуральна, у адпаведныя культурныя кантэксты) – хрысьціянская ўнівэрсалістская, рэвалюцыйна-дэмакратычная (народніцкая) і вяскова-працоўная, — гэты факт ня можа аспрэчыць нават самы зацяты прыхільнік “беларускіх сутнасьцяў”. Менавіта гэтыя сыстэмы маралі ў іх станаўленьні і сталіся прадметам філязофскай рэфлексыі.

Кніга разлічаная на вузкае элітарнае кола беларускіх інтэлектуалаў, якія яшчэ не развучыліся чытаць па расейску (жарт). 

 

Татьяна Щитцова. К ИСТОКАМ ЭКЗИСТЕНЦИАЛЬНОЙ ОНТОЛОГИИ: ПАСКАЛЬ, КИРКЕГОР, БАХТИН. Минск, Пропилеи, 1999.

Манаграфія Тацяны Шчытцовай, што выйшла ў выдавецтве Эўрапейскага Гуманітарнага Унівэрсытэта, наўрад ці (на жаль) здатная выклікаць прафэсыйную дыскусыю ў Беларусі. Хаця б дзеля таго, што спадарыня Тацяна – адзіны спэцыяліст па Кіркегору, і прадставіць альтэрнатыўны пункт гледжаньня няма каму. Таму роля гэтай кнігі (роля, якая паўстае ў кантэксьце і з кантэксту) хутчэй інфарматыўна-маналягічная, чым правакатыўная. Зрэшты і жанр акадэмічнага дасьледаваньня не прадугледжвае аніякіх нэрвовых рэакцыяў і занадта “безадказных” мета-пытаньняў (кшталту, напрыклад, такога: што адбылося ў эўрапейскім мысьленьні, якая падзея, у выніку якой Кіркегор стаўся рэспэктабельнай тэмай акадэмічнага дыскурсу, якую дыстанцыю (між намі і самім Кіркегарам) гэты дыскурс нам навязвае, і ці ня ёсьць гэтая дыстанцыя насамрэч славутым Кіркегораўскім альбо-альбо (альбо акадэмічны дыскурс, альбо Кіркегор selbst?).

Зрэшты, кніга ня толькі пра Кіркегора (+ Паскаль+Бахцін) і можа зусім і не пра Кіркегора. Пытаньне, ненавязьліва пастаўленае самой кнігай – пытаньне пра першую філязофію. Канцэптуальная гіпотэза – тое, што гэты праект першай філязофіі мусіць разумецца як маральная (нравственная) філязофія, якая сама мусіць быць угрунтаваная ў асаблівай онталёгіі чалавечага быцьця, ключ да якой – у экзыстэнцыйна-онталягічным вызначэньні чалавека.

Зрэшты, гэта магчыма і ёсьць адзін з самых сымпатычных момантаў у кнізе — яе несупадзеньне з выбраным дыскурсам, яе лёгкі ан-ахранізм (ва ўсіх сэнсах: як далікатная прывязанасьць да злёгку састарэлых канцэптуальных сродкаў (“модусы чалавечага існаваньня”, “онталягічны сэнс” , “паняткавае выяўленьне спэцыфікі чалавечага быцьця”, — сёньня мала хто з мысьляроў верыць у гэтыя словы), як спроба засьведчыць (экзыстэнцыйна) ідэю этычнай адказнасьці, заклікаўшы на дапамогу Бахціна, — у часы галюцынагенна-дэцэнтраванай паліткарэктнасьці, альбо як спроба максымальна доўга, разам з выбранымі су-размоўцамі трымаць экзыстэнцыйную пазыцыю мысьленьня).

 

М. А. Можэйко. СТАНОВЛЕНИЕ НЕЛИНЕЙНЫХ ДИНАМИК В СОВРЕМЕННОЙ КУЛЬТУРЕ. СРАВНИТЕЛЬНЫЙ АНАЛИЗ СИНЕРГЕТИЧЕСКОЙ И ПОСТМОДЕРНИСТСКОЙ ПАРАДИГМ. Минск, БГЭУ, 1999.

Хаця ў назве гэтай кнігі прысутнае слова “станаўленьне” (ад якога заўсёды чакаеш гегелеўскага альбо пост-гегелеўскага дыскурсу), сама кніга ў сваёй дынаміцы зьдзяйсьняе сапраўдны разрыў у спакойных і ўжо даўна таўталягічных традыцыях філязофіі навукі (асобна) і постмадэрнізму (асобна), сутыкаючы іх ілбамі ў межах доктарскай дысертацыі. Якраз той выпадак, калі выйграе мысьленьне.

 

Владимир Фурс. "КНІГА ПРА ГАБЭРМАСА".

Сама кніга так і не патрапіла да рэдакцыі, нягледзячы на шматлікія спробы, таму дакладную назву, выдавецтва і год выданьня чытач можа даведацца ў аўтара. Але гэта не замінае рэдакцыі горача вітаць яе выхад. Статус Габэрмаса ў сучаснай нямецкай (і сусьветнай) філязофіі ўжо дастаткова клясычны, каб заслужыць асобныя манаграфіі ў самых розных краінах. Манаграфія Уладзіміра Фурса відавочна запаўняе інфармацыйны прабел, што да рэцэпцыі Франкфурцкіх мысьляроў і іх крытычнай тэорыі ў Беларусі. Уласна кажучы, выпадак Габэрмаса паказальны, бо ён увасабляе практычна татальную элімінацыю крытычнасьці, як з тэорыі, так і з практыкі.

У гэтым сэнсе (вядома, суб’ектыўна) Габэрмас самы “нецікавы” з сёньняшніх нямецкіх “клясыкаў”, больш нецікавым можа быць толькі Гадамэр, які ізьхітрыўся завесьці гэрмэнэўтыку (паводле вызначэньня “вясёлую навуку”, — а чым, скажэце, займаўся ўсё сваё жыцьцё Ніцшэ, як не татальнай ... гэрмэнэўтыкай) у дыскурсыўны, эпістэмалягічны ды тэматычны тупік, дзе стары, добры нямецкі этнацэнтрызм прадаецца пад маскай унівэрсальнасьці.

Акрамя прафэсыйна прадстаўленай тэматыкі, “станоўчая” рыса манаграфіі, — гэта тое, што яе аўтар (Фурс) ані на шэлег ня верыць свайму “аб’екту”, — гэта бачна з лёгкай, ледзь заўважнай гіроніі...

Агляд кнігаў падрыхтаваў Аляксей К.

 

зьмест