ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

тэкст/топас


ФРАГМЭНТЫ №8
№8
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


Аляксандар Фрыдман

ЭЎРАПЕЙСКАЕ АСЬВЕТНІЦТВА
І ГЭБРАЙСКІ ПРАЕКТ “ВЫЗВАЛЕНЬНЯ”

 

Уводзіны

У Эўропе першай паловы XVIII стагодьдзя гэбраі заставаліся вечнымі пагарджанымі “чужаземцамі”, замкнёнымі ў большасьці краінаў у вузкіх сьценах гета і прамышляючымі ганебнымі для тутэйшага насельніцтва заняткамі – ліхвярствам, дробным гандлем і г. д. Яны былі абкладзеныя ўсялякімі, часам зьневажальнымі, падаткамі. У адных краінах гэбраяў трывалі, усьведамляючы іхную карысьць для эканомікі (Рэч Паспалітая, Нідэрлянды, Англія), у іншых спрабавалі якімі толькі можна сродкамі мінімізаваць шкоду ад іхнага знаходжаньня (Аўстрыя, Прусы, усходнія правінцыі Францыі), у трэціх і зусім не жадалі трываць прысутнасьці “ворагаў Хрыстовых” (Гішпанія, Партугалія, Расея).

Грамадзтва не любіла гэбрая. Юдафобства, якое прымала самыя разнастайныя формы — ад рэглямэнтацыі гаспадарчых заняткаў і шлюбаў да рытуальных працэсаў і пагромаў, было неад’емнай прыналежнасьцю тагачаснага эўрапейскага жыцьця. Гэбрай гэтаксама ня меў асаблівай сымпатыі да грамадзтва. Прасьвет ад паўсюднай злосьці і нянавісьці ён знаходзіў ў грамадзе аднапляменьнікаў, у гэткай асаблівай “дзяржаве ў дзяржаве”.

Інтэграцыя гэбраяў ў эўрапейскае грамадзтва здавалася немагчымай. Цяжка было ўявіць, што хваля Асьветніцтва захопіць і “вечных чужаніцаў”, што яны пачнуць змагацца за свае “натуральныя правы”, што ў хрысьціянскім грамадзтве будуць сур’ёзна абмяркоўвацца праекты паляпшэньня іхнага становішча, што гэбрай-філёзаф узыйдзе на вяршыню нямецкой філязофскай думкі, што французкі кюрэ будзе папікаць хрысьціянаў за негуманнае стаўленьне да гэбраяў…

 

1. Асьветніцтва: эўрапейскае і гэбрайскае

Асьветніцкія ідэі пачалі распаўсюджвацца ў Англіі з другой паловы XVII стагодьдзя, а ўва Францыі і іншых дзяржавах Эўропы — ад пачатку XVIII стагодьдзя. Барацьба асьветнікаў за “вяршынства розуму”, за перамогу “натуральных” правоў чалавека, свободу і роўнасьць усіх людзей, за пашырэньне ведаў, сталася ідэалягічнай адзнакай новай эпохі. Асьветнікі паставілі пад сумнеў традыцыйнае стаўленьне да рэлігійных і нацыянальных адрознасьцяў. Жыхары дзяржавы павінны былі пераўтварыцца ў грамадзянаў. Адна мова, адно заканадаўства, адна нацыя — ідэал эпохі Асьветніцтва. Рэлігійныя, навуковыя і іншыя рознасьці ня могуць стацца падставай для дыскрымінацыі. Человека, нават самага разбэшчанага, можна зьмяніць шляхам адукацыі і перавыхаваньня. Апошні тэзіс стаўся падставай для наступных спробаў рэфармаваньня становішча гэбраяў.

Першую спробу разбурыць моцную, створаную на працягу стагодьдзяў, сьцяну нецярпімасьці, варажнечы і непаразуменьня паміж гэбраямі і хрысьціянамі распачаў сын беднага перапішчыка Торы з Дэсау (выйшлы з Кракава) невысокі і хваравіты філёзаф Майсей Мэндэльсон (1729-86). Пасьлядоўнікі назвалі яго “трэйцім Мошэ” (пасьля Майсея і Майманіда)1.

 

1.1. Майсей Мэндэльсон і Гаскала

“Чалавек, прыродай сваёй закінуты ў нетры гібеньня, народжаны без прыкметы дастатку... ўзвысіўся да узроўню самых вялікіх пісьменьнікаў, якіх бачыла Нямеччына”

Мірабо

“...І на самой справе, нават ягоныя супраціўнікі ня здольныя ня ўважаць за ім найвышэйшай для філёзафа хвалы, што ён, як Сакрат і Спіноза, ісьціну свайго вучэньня праводзіў і даводзіў сваім дабрачынным жыцьцём”

Фрыдрых Кірхнэр

 

Мэндэльсон пражыў цяжкае жыцьцё. Бацька Мэнахэм Мэндэль, нашчадак найвялікшага гэбрайскага настаўніка закону XVI стагодьдзя рабі Майсея Ісэрлэса з Кракава, прымушаў сына доўга і ўпарта вучыцца. Перагрузкі падарвалі здароўе хлопчыка, іхным вынікам сталася скрыўленьне пазваночніка.

Лёс разносьніка дробных тавароў ці ліхвяра не прывабліваў Мэндэльсона. У 14 гадоў ён, бяз сродкаў да існаваньня, але з безупыннай цягай да ведаў адпраўляецца ў сталіцу Прусаў, дзе зарабляе на жыцьцё перапіскай талмудычных камэнтароў, якія яму даваў галоўны равін Бэрліна Давід Фрэнкель.

Мэндэльсон ніколі не перапыняў вучобы, усё ягонае жыцьцё – няспынная самаасьвета. Пры дапамозе студэнта-мэдыка Аарона Гумпэрца ён вывучае нямецкую, лаціну і французкую мовы, эўрапейскую літаратуру. Вывучае таемна, бо аднаверцы не ўхваляюць такія заняткі. Яго захапіла філязофія, менавіта “навука аб мудрасьці” шмат у чым сфармавала асьветніка Мэндэльсона. Хто ж з філёзафаў прыцягваў увагу сына перапісчыка Торы? У сваёй працы “Philosophische Gesprache” (“Філязофскія размовы”, 1755) Маісей Мэндэльсон напіша: “Вам, Лок і Вольф, і табе, несьмяротны Лейбніц, стаўлю я вечны помнік у маім сэрдцы...”2.

У 1748 годзе Мэндэльсон уваходзіць у гурток маладых інтэлектуалаў Бэрліна, а праз два гады патрапляе на працу да вытворцы ядвабных вырабаў, гэбрая Бэрнарды. Філязофія не была здольная забясьпечыць Мэндэльсона сродкамі да існаваньня, і таму ён усё жыцьцё прапрацаваў: на фабрыцы, хатнім настаўнікам, бухгалтарам, а потым эканомам. Свою прафэсію ён не любіў: “Добры бухгалтар, вядома, рэдкая істота. Ён заслугоўвае велізарнай узнагароды; ён павінен адкласьці ў бок розум, дасьціпнасьць і чульлівасьць і зрабіцца чурбаком, каб правільна весьці рахунковыя кнігі”3.

Мэндэльсон з дзяцінства прызвычаіўся працаваць рупліва, як пчала. Ягоны працоўны дзень пачынаўся а пятай раніцы. Ранкам філёзаф займаўся літаратурай, потым ішоў на фабрыку, адкуль вяртаўся па абедзе. Вечар ён звычайна праводзіў ці ў сяброў у філязофскіх размовах, ці працягваў займацца дома. Шпацыраў па Бэрліну Мэндэльсон ня любіў. Адылі, ў тыя гады гэбраям хадзіць па вуліцах прускай сталіцы было даволі небяспечна. На доўгі час у памяці Мэндэльсона застаўся наступны выпадак: азьвярэлы натоўп напаў на яго падчас аднаго са шпацыраў з сынам. Пачуліся крыкі “жыд” і абразы, у бок гэбраяў паляцелі камяні. Прастадушны сын запытаўся ў бацькі: “Няўжо гэта на самой справе так сорамна быць гэбраем?”. У Мэндэльсона ня было адказу. Ён толькі апусьціў вочы4.

“Малады гэбрай, які піша па-нямецку” праславіўся ў 1760 годзе, калі адважыўся крытыкаваць паэтычную творчасьць прускага караля Фрыдрыха Вялікага. На пачатку 60-х гадоў імя Мэндэльсона ўжо было вядома далёка за межамі пруской сталіцы. Тым ня менш, у Бэрліне ён пражываў на птушыных правох. Прускія законы дазвалялі гэбраю пражываньне ў сталіцы, калі толькі ён меў апякунства бэрлінскага аднапляменьніка. Такім чынам, Мэндэльсону заўсёды пагражала выгнаньне са сталіцы Прусіі, у выпадку страты пратэкцыі мясцовага гэбрая. Становішча Мэндэльсона абурыла францускага маркіза Д’Аржанса. Філёзаф здолеў заўважыць яму адно наступнае: “Сакрат даказаў свайму сябру Крытону, што мудры абавязаны памерці, калі  гэтага патрабуюць законы дзяржавы. Таму я мушу лічыць замягкімі законы дзяржавы, у якой я жыву. Яны адно вытураюць мяне ў тым выпадку, калі з-за адсутнасьці гэбрая-апекуна які-небудзь гэбрай-анучнік не пагадзіцца прызнаць мяне сваім лёкаем”5.

Тым ня менш, Д’Аржанс не супакоіўся, ён пераконваў Мэндэльсона напісаць прыватны ліст каралю Фрыдрыху, які абавязваўся асабіста сам аддаць у рукі. Мэндэльсон адмаўляўся, заўважаючы, што яму балюча пытацца дазволу на існаваньне, якое належыць кожнаму чалавеку, што вядзе жыцьцё спакойнага і законапаслухмянага грамадзяніна. Калі ў Прусах ёсьць падставы абмяжоўваць колькасьць гэбраяў, дык чаму ён павінен патрабаваць дзеля сябя выключэньня. Чым ён лепшы за сваіх няшчасных суродзічаў? Намаганьнямі Д’Аржанса Майсей Мэндэльсон у 1763 годзе атрымаў права жыць у Бэрліне, аднак, распаўсюдзіць гэтае права на нашчадкаў яму было забаронена.

Улетку 1767 года быў апублікаваны трактат “Phadon” (“Федон”), выбудаваны ў форме дыялога паміж Плятонам і вучнем Сакрата Федонам. Трактат, у якім Мэндэльсон довадамі розуму даводзіць быцьцё Усявышняга і несьмяротнасьць душы, вытрымаў 17 выданьняў на нямецкай мове, быў перакладзены на 10 замежных моваў ды ўвёў аўтара “ў шэраг клясічных пісьменьнікаў Нямеччыны”6. Ад гэтага часу кожны адукаваны чалавек, які наведваў сталіцу Прусаў, імкнуўся абавязкова пазнаёміцца з аўтарам гэткага выдатнага твора.

У 1768 годзе на конкурс, што быў арганізаваны Бэрлінскай акадэміяй, прадставілі свае працы Майсей Мэндэльсон (“Пра відавочнасьць у мэтафізычных навуках”) і Імануіл Кант (“Пра падставы натуральнай тэалёгіі і маралі”). Першай прэміяй быў ушанаваны Мэндэльсон. Акадэмія наважылася ўключыць “гэбрайскага Сакрата” ў свой склад. Аднак Мэндэльсону не было наканавана стаць акадэмікам. Прускі кароль Фрыдрых Вялікі без тлумачэньняў выкрэсьліў ягонае імя са сьпісу. Некаторыя дасьледчыкі схільныя бачыць прычыну выключэньня ў асобе расейскай імпэратрыцы Кацярыны II, якая напярэдадні была прынятая ў склад акадэміі. Прускі манарх палічыў, што Кацярына можа абразіцца, выявіўшы ў сьпісе сябраў акадэміі сваё імя разам з імём “жыда” Мэндэльсона7.

Першая сустрэча Канта і Мэндэльсона адбылася ў 1777 годзе. Гэбрайскі філёзаф, які гасьцяваў у Кёнігсбэрге, прыйшоў паслухаць лекцыю вялікага немца. Аўдыторыя не прыняла незнаёмага, да таго ж гэбрая. Почуліся кпіны, шыканьне, сьвіст. З ледзяным спакоем Мэндэльсон дачакаўся лектара. Толькі зьяўленьне Канта і сардэчная сустрэча дзьвюх філёзафаў здолела зьняць напругу.

Шмат шума нарабіла капітальная праца Мэндэльсона “Jerusalem. Über religiose Macht und Judentum” (Ерусалім, ці пра рэлігійную моц іудзейства”, 1783). Філёзаф паставіў у парадак дня пытаньне пра аддзяленьне царквы ад дзяржавы. На ягоную думку, адно дзяржава мусіць мець права прымусу, а царква не павінна валодаць уласнасьцю і можа выключна пераконваць, прыводзячы усё новыя і новыя довады. Мэндэльсон выславіўся як барацьбіт за свабоду сумленьня і думкі. Дзяржава бачыцца аўтару адкрытай для ўсіх рэлігіяў, у ёй павінна панаваць талеранцыя. Рэлігійная розьніца ня можа быць перашкодай для карыстаньня грамадзянскімі правамі. Юдаізм, які філёзаф абараняе ад наскокаў хворага на юдафобства нямецкага грамадзтва, — найменш недасканалая з усіх існуючых рэлігіяў. Параўноўваючы юдаізм і хрысьціянства, ён падкрэсьлівае, што гэбрайская рэлігія – рэлігія дзеяньня, а хрысьціянства – рэлігія веры. Мэндэльсон адзначае, што ў гэбрайскай рэлігіі адсутнічае супярэчнасьць паміж розумам і верай.

Імануіл Кант ацэніў “Ерусалім” як “зьвястуна вялікай, хаця і павольнай рэформы, якая распаўсюдзіцца не адно на гэбраяў, але і на ўсе рэлігіі”8. Зьвяртаючыся да аўтара, ён адзначыў: “Вы здолелі зьяднаць вашую рэлігію з такім станам свабоды сумленьня, які нельга было нават дапусьціць у ёй і якім ня можа пахваліцца ніводная рэлігія. Вы ў той жа час давялі так грунтоўна і зразумела неабходнасьць неабмежаванай свабоды сумленьня для ўсялякай рэлігіі, што і нашая (пратэстанская) царква павінна будзе падумаць пра адпрэчваньне ад ўсяго таго, што можа абцяжарваць і прыгнятаць сумленьне”9.

Усё сваё жыцьцё Майсей Мэндэльсон прысьвяціў барацьбе за правы гэбраяў. Так, адно яго ўмяшаньне спыніла ў 1777 годзе выгнаньне сотняў гэбраяў з Дрэздэна. Сваім асабістым прыкладам Мэндэльсон, які пераклаў Тору на нямецкую мову, руйнаваў традыцыйныя ўяўленьні аб гэбраях, выклікаючы захапленьне.

Гэбрайская асьвета (“Гаскала”), ідэолягам якой стаўся Мэндельсон, заклікала да збліжэньня гэбраяў і хрысьціян. Гэбраі павінны былі азнаёміцца з навакольным сьветам, далучыцца да нямецкай культуры, засвоіць нямецкую мову (захаваўшы для напісаньня іўрытскія літары) і культуру, адмовіцца ад агіднага “жаргона” (ідыш) і адасобленасьці. Далучэньне да культуры карэннага народа здавалася панацэяй ад усіх бедаў, што атачалі гэбрайства. Роўнасьць праз адукацыю – такі прынцып Мэндэльсона. У гэбрайскіх школах мусілі зьявіцца свецкія прадметы (у 1778 годзе ён адчыняе ў Бэрліне Гэбрайскую вольную школу, дзе захоўваліся традыцыі гэбрайскай адукацыі, а таксама былі ўведзеныя ў курс агульнаадукацыйныя дысцыпліны), гэбраі павінны былі выйсьці з гета адукаванымі. Толькі тады яны здоляць пазбегнуць асыміляцыі.

Інтэлектуальная эліта Бэрліна, а ў хуткім часе і ўсёй Эўропы пляскала філёзафу Мэндэльсону. Андрэй Мэйер у сваім “Описании Кричевского графства” (1786) усклікае: “хто ня ведае выдатныя творы цяперашняга века “Сакрата Мэндэльсона”10. У Мэндэльсоне бачылі ўзор ідэальнага, добрага гэбрая, адносіны ж да гэбрайства ўвогуле заставаліся ранейшымі – пагардлівымі і ненавіснымі (выключэньне, бадай што, складалі багатыя гэбрайскія вярхі Бэрліна – сем’і банкіраў Маераў, Эфраімаў, Іцыгаў, Когэнаў і іншых). На іхні адрас часам рабіліся шматзначныя рэверансы. Гэтак актор Флэк, які граў Шэйлака ў пастаноўцы шэкспіравага “Венэцыянскага купца” на сцэне сталічнага Нацыянал-тэатру, падкрэсьліваў перад пачаткам прадстаўленьня, што зусім не зьбіраецца асьмейваць са сцэны “аднаверцаў Мэндэльсона”11.

Урэшце, самога філёзафа неаднаразова намагаліся схіліць да хросту. Мэндэльсон меў сяброўскія сувязі з цюрыхскім пастарам І. К. Лафатэрам. Аднак менавіта Лафатэр патрабаваў ад Мэндэльсона ці прыняць хрысьціянства (лютэранства), ці публічна абвергнуць гэтую рэлігію. Пастар пісаў: “Так казаць, так мысьліць, так адчуваць можа адно чалавек, працяты хрысьціянской ісьцінай”12. Дыскусія пастара і філёзафа вылілася ў публічнае абмеркаваньне. У “Пасланьні да Лафатэра” Мэндэльсон зноў пацьвердзіў сваю вернасьць рэлігіі Майсея – рэлігіі любові і цярплівасьці.

 

1.2. Готхальд Эфраім Лесінг 

Сяброўства зьвязвала Майсея Мэндэльсона з “самым унівэрсальным чалавекам гэтага стагодьдзя”13 (словы графа Мірабо) нямецкім асьветнікам, філёзафам, публіцыстам і драматургам Готхальдам Эфраімам Лесінгам (1729-81). Лесінг нарадзіўся ў сям’і пастара маленькага горада Камянца і рос у абстаноўцы далёкой ад гэбрайства і ягоных праблемаў.

Пачуцьцё справядлівасьці і цікавасьць, абуджаная тэалёгіяй, прымусілі сына пастара зьвярнуць увагу на гэбрайства. У 1749 годзе 20-гадовы студэнт напісаў сацыяльную драму “Die Juden” (“Гэбраі”). Драма “Гэбраі” сталася першым тэатральным творам Лесінга (у тым жа годзе яна была сыграна ў Бэрліне вандроўнай трупай актораў), апроч таго, бадай што ўпершыню ў Нямеччыне гэбрай быў прадстаўлены ў якасьці станоўчага персанажа, які ратуе жыцьцё нямецкаму барону. Гэбраі – частыя госьці на старонках твораў Лесінга. Ягонаму пяру належыць і славутая п’еса “Nathan der Weise” (“Натан Мудры”, 1779).

Стваральнік нямецкага драматычнага тэатру, Готхальд Эфраім Лесінг пазбаўлены прадузятага погляда, ён — гарачы прыхільнік роўнасьці гэбраяў. Аўтар выяўляе гэбраяў зусім не такімі, якімі іх прызвычаілася бачыць нямецкае грамадзтва.Гэта не злачынцы, не круцялі, не забойцы, што п’юць кроў хрысьціянскіх дзяцей, а звычайныя людзі, з недахопамі і вартасьцямі. Мяркуюць, што прататыпам галоўнага героя “Гэбраяў” быў вялікі Спіноза, якім так захапляўся Лесінг. У ідэале драматурга — высакародным Натане (галоўным героі аднайменнай п’есы) бачаць Майсея Мэндэльсона.

Творы Лесінга выклікалі шквал крытыкі. Іх называлі ілжывымі, непраўдападобнымі, сьцьвярджалася, што гэбрайскі народ ня можа нарадзіць такі характар (прафэсар тэалёгіі ўнівэрсітэта Гэтынген Г. Міхаэліс), лічылі, што гэбраі падкупілі аўтара. Лесінг жа працягваў сваю барацьбу з векавымі забабонамі, справамі пацьвярджаючы прыхільнасьць да гэбрайства. Вядомы расейскі крытык Уладзімір Стасаў адзначаў: “Ніколі, ні ў якія часы, нават паміж самімі гэбраямі, не было больш магутнага, больш энэргічнага, больш таленавітага абаронцы іхніх правоў, чым Лесінг”14.

 

1.3. Трактат Х.-В. Дома “Аб грамадзянскім паляпшэньні гэбраяў” 

Дзякуючы ідэям Мэндэльсона ды творчасьці Лесінга багатае гэбрайства зьмяняецца, адчыняючы славутыя “бэрлінскія салоны”, дзе зьбіраецца інтэлектуальная эліта горада і дзе пануе рацыяналізм. У сталіцы Прусаў, зь якой яшчэ зусім нядаўна абшчынныя старшыні высылалі гэбраяў за чытаньне нямецкіх кнігаў, традыцыйнае гэбрайства ужо бачыцца як састарэлыя і рэакцыйныя рэшткі сярэднявечча. Юдаізм бачыцца узорам правінцыйнасьці, талмудычныя спрэчкі – нікчэмнымі і пазбаўленымі актуальнасьці, ідыш – жаргонам і шкодным перажыткам. Але нават багацьце, вядомасьць і адукаванасьць не даюць шмат якім гэбраям элемэнтарных чалавечых правоў, за якія трэба было весьці доўгую барацьбу. І гэбраі вядуць гэтую барацьбу, імкнуцца дасягнуць дзеля сябе ўсё новых і новых мажлівасьцяў.

Залатой старонкай у гісторыі французкага гэбрайства зьяўляецца сутычка пастаўшчыка французкай арміі Гэрца дэ Модэльсгэйма Сэрфбэра (Cerfbeer)) з магістратам Страсбурга за права пражываньня ў горадзе (цягнулася да пачатку Рэвалюцыі). На бок Сэрфбэра стала цэнтральная ўлада (у 1775 годзе ён быў разам з сям’ёй натуралізаваны). Пастаўшчык арміі прыкладаў усе намаганьні дзеля паляпшэньня становішча сваіх аднапляменьнікаў, сярод якіх карыстаўся вялізарнай папулярнасьцю. Прыняўшы рашэньне аб накіраваньні чарговай пэтыцыі Дзяржаўнай Каралеўскай Радзе, Сэрфбэр адаслаў свае матэрыялы Мэндэльсону, у якіх прапанаваў адказаць на пасквіль юдафоба Франсуа Хэля. Выбітны філёзаў, палічыўшы, што да голасу хрысьціяніна ў абарону гэбраяў прыслухаюцца з большай увагай, прапанаваў ваеннаму дарадцы, тайнаму сакратару і архіварыюсу Прусаў Хрысьціяну-Вільгэльму Дому (Dohm) (1751-1820) напісаць паводле прысланых матэрыялаў артыкул. Тэкст ператварыўся ў славуты трактат “Ьber die burgerliche Verbesserung der Juden” (“Аб грамадзянскім паляпшэньні гэбраяў”, Бэрлін, 1781 год), а мэмарандум эльзаскіх гэбраяў (“Mémoire sur l`etat des juifs en Alsace”) склаў да яго толькі дадатак.

Зазнаўшы ўплыў французкіх філёзафаў-энцыкляпэдыстаў, знаёмы з гісторыяй гэбраяў, задумаўшы напісаньне “Гісторыі гэбрайскага народа ад часоў разбурэньня іхняй уласнай дзяржавы”, Дом мяркуе, што прыгнечаны стан гэбраяў “ёсьць адно вынікам рэшткавых зьяваў розных забабонаў у палітыцы і чалавечай прыродзе, народжаных больш змрочнымі вякамі...”15.

На думку прускага чыноўніка, падстава дабрабыта краіны караніцца ў росьце колькасьці жыхароў. У сувязі з гэтым яму незразумела, чаму ж тады выключэньне паўсюль робіцца адно дзеля “няшчасных уцекачоў з Азіі”16, размнажэньню якіх улады чыняць перашкоды, пазбаўляюць іх самых неабходных і падставовых правоў.

Дом – аніяк не юдафіл, ён падзяляе гледзішча пра “сапсаванасьць” гэбраяў. Асаблівасьць ягонай пазіцыі — вера ў “папраўчую сыстэму” асьветнага абсалютызму, які ў стане перамяніць нават гэбраяў.

Аўтар дапушчае, што шматвекавы прыгнёт адмоўна паўплываў на маральнасьць гэбрайства, але справядлівае абыходжаньне зь імі зробіцца лепшым сродкам для іхняга выпраўленьня. Адмяжоўваючыся ад сярэднявечных стэрэатыпаў, ён вылучае станоўчыя рысы гэбрайскага характара (вернасьць веры Бацькоў, адданасьць справе, маральнасьць, руплівасьць, прастата хатняга побыту, моцныя сямейныя сувязі, лучнасьць са сваякамі і адзінаверцамі і г.д.). Прускі чыноўнік перакананы, што гэбраі могуць і павінны прыносіць карысьць дзяржаве. Лепшы доказ таму — іхняя шматгадовая гісторыя. На думку Дома, гэбраі павінны мець тыя ж правы, якімі валодаюць іншыя грамадзяне. Дакоры, часам справядлівыя, у іхні бок народжаны неэфектыўным заканадаўствам, якое абмяжоўвае гэбраяў ліхвярствам і дробным гандлям — заняткамі, ня спрыяльнымі фармаваньню высокамаральнага чалавека. У выніку “натоўп ніколі не даруе гэбраю тое, што ён гэбрай, нават тады, калі ён валодае найлепшымі годнасьцямі розуму і сэрца”17.

Рэлігійнае адрозьненьне гэбраяў ня можа стаць падставай для іхняга выключнага становішча, як і няма прычынаў абмяжоўваць людзей за тыя ці іншыя навуковыя ці палітычныя погляды. Быць пазбаўленымі грамадзянскіх правоў могуць адно злачынцы, а ўсе тыя, хто шануе законы, павінны мець мажлівасьць стаць грамадзянамі.

Гэбраям мусіць быць прадстаўленая свабода выбара мейсца пражываньня (гета ў гарадох ліквідуюцца), набыцьця маёмасьці, заняткаў, хаця пажадана разумнымі мерамі (часам і прымусовага характарe) перавесьці іхную энэргію ў сфэру рамяства, сельскай гаспадаркі (у той жа час зьяўленьне буйных землеўласьнікаў і арандатараў-гэбраяў непажадана), навукаў і мастацтваў. Ручная праца — вось шлях да фізічнага і маральнага адраджэньня гэбрайства. Гэбраяў неабходна адцягнуць ад ліхвярства і дробнага гандлю. Збор адмысловых падаткаў і даніны спыняецца. Доступ да дзяржаўных і грамадскіх пасадаў абмяжоўваецца, бо, як падкрэсьлівае Дом, кандыдатаў на вядучыя пасады хапае і сярод хрысьціянаў, а, апроч таго, “дзеля дзяржавы і дзеля гэбрая будзе лепш, калі гэбрай возьмецца за плуг, чым за пяро ў канцэлярыі”18. Тым ня менш той, хто праявіць выключныя здольнасьці, зможа прэтэндаваць на мейсца чыноўніка. Дом таксама перакананы, што іудаізм не зьяўляецца перашкодай для выкананьня гэбраямі вайсковай павіннасьці.

Нельга абвінавачваць усіх гэбраяў (хаця абвінавачваньні ў фанатычнай нянавісьці да хрысьціянаў, нячэснасьць, імкненьне захапіць гандаль не пазбаўлены грунту) за злачынствы іхніх суродзічаў, як і нельга ўскладаць адказнасьць на ўсіх каталікоў за злачынствы езуітаў.

Гэбраям даюць дазвол на свабоду веравызнаньня. Шырокая абшчынная аўтаномія захоўваецца, але пад пільным наглядам дзяржавы. Дом падкрэсьлівае неабходнасьць збліжэньня гэбраяў і хрысьціянаў, ліквідацыю ўзаемных супярэчнасьцяў. Дзеля гэтага перад гэбраямі павінны адчыніцца дзверы хрысьціянскіх школаў і ўсіх унівэрсітэтаў, прадугледжваецца прапаведаваньне і ў сынагогах, і ў хрысьціянскіх храмах.

У правядзеньні рэформаў Дом мае спадзеў на “мудрасць урадаў” і заяўляе: “Я адважваюся нават павіншаваць тую дзяржаву, якая раней за іншых ажыцьцявіць гэтыя асноўныя пачаткі. Яна ўласнымі сродкамі створыць сабе новых верных і ўдзячных падданых”19.

Надзея прускага чыноўніка на “ідэальнага манарха” Фрыдрыха Вялікага ня спраўдзілася. “Кароль-філёзаф”, застаючыся верным прынцыпу “гэбрай карысны настолькі, наколькі ён багаты” 20, абрынуў на бедакоў (г.зн. большасьць гэбрайскага насельніцтва) законы, “вартыя канібала”21 (словы графа Мірабо). Але да парадаў Дома прыслухаўся імпэратар Іосіф II, які запачаткаваў на пачатку 80-х гадоў перанос асноўных уставаў трактата на аўстрыйскую глебу.

Трактат “Аб грамадзянскім паляпшэньні гэбраяў” выклікаў як захапляльныя водгукі, гэтак і шквал крытыкі. Прыхільнікі “гэбрайскай асьветы” цешыліся. Супраціўнікі ж роўнасьці падкрэсьлівалі, што гэбраі ўжо паводле сваёй прыроды, рэлігіі і рытуалаў ня здольныя выконваць грамадзянскія павіннасьці (прыкладам, адбываць вайсковую павіннасьць). Прадставіць ім грамадзянскія правы — азначае ўчыніць несправядлівасьць у адносінах да іншых грамадзянаў. Ад гэбрайскага раўнапраўя пацерпіць найперш дзяржава, бо “сапсаваная і пагарджаная нацыя будзе падманна квітнець на яе тэрыторыі”22. Гэта было меркаваньне Г. Міхаэліса, “самага небясьпечнага ворага гэбраяў, адмысловага вучонага, добра абазнанага ў законах Майсея”23 (словы графа Мірабо). Прафэсар лічыў, што ўпартасьць гэбраяў і адданасьць закону Майсея, абрады (прытрымліваньне Суботы, ужываньне кашэрных страваў і г.д.) асуджаюць іх на нянавісць і варожасьць да іншых народаў. Выходзіць, гэбраі няспраўныя, а значыць максімум таго, што ім можна дазволіць — гэта апрацоўваць неўзараную зямлю, выплочваючы вялікія падаткі за цярплівасьць. Французкі дасьледчык Робэр Бадэнтэр называе Міхаэліса “першым тэолягам сучаснага антысэмітызму”.24.

Удар, які нанёс гэбраям Міхаэліс, парыраваў Майсей Мэндэльсон, заўважыўшы: “Нам не даюць займацца навукамі, мастацтвам і вытворчасьцю, загароджваюць нам усе шляхі да самаўдасканаленьня, і ў той жа час абвінавачваюць нас ў тым, што мы недастаткова культурныя. Нам зьвязваюць рукі і потым дакараюць нас у тым, што мы імі не карыстаемся”25.

Супраць пазыцыі Дома таксама паўсталі прапаведнік Швагер, публіцысты Фрыдрых Т. Хартман (Hartmann) і Йохан Шульц (Jochan Sczhultz), якія асаблівую ўвагу надалі немажлівасьці спаўненьня гэбраямі воінскай павіннасьці.

Дома падтрымаў публіцыст Г. Дзіц (H.H. Dietz, “Über Juden”, Dessau und Leipzig, in der Buchhandlug der Gelehrten, 1783). Дзіц нават не дапушчае сумневу ў пытаньні, што тычыцца грамадзкай і дзяржаўнай службы гэбраяў. Дом, на яго думку, не ўлічвае, што “сапсаванасьць” хрысьціянаў “вядома ня меншая, чым гэбраяў”26. Дзіц перакананы, што дзяржава не павінна мець анічога агульнага з рэлігіяй, павінна мець сьвецкі характар. Мэндэльсон ухваліў трактат Дома і погляды Дзіца, выступіўшы за зьвядзеньне паўнамоцтваў гэбрайскай абшчыны выключна да рэлігійных функцыяў.

У Хрысьціяна-Вільгэльма Дома атрымалася прыцягнуць увагу да гэбрайскага пытаньня ня толькі ў Прусіі ці Аўстрыі, але і ва Францыі і Англіі, а для рэфарматараў становішча гэбраяў у Рэчы Паспалітай ягоны трактат увогуле стаўся адпраўным пунктам.

 

1.4. Французкая асьвета 

Як гэта не парадаксальна, у пытаньні паляпшэньня прававога становішча гэбраяў далёка ззаду прускага чыноўніка Х.-В. Дома засталіся мэтры эўрапэйскай Асьветы — Вальтэр і французкія энцыкляпэдысты. Вяшчальнікі свабоды і роўнасьці самі ня здолелі цалкам перамагчы вековую прадузятасьць. Эпоха Асьветы не вызваліла Францыю ад юдафобіі.

Так, “гэты апостал гуманізма і цярплівасьці, які першым падняў свой магутны голас супраць усялякіх прымхаў, — Вальтэр — меў самыя грубыя забабоны адносна гэбраяў, распаўсюджваў іх і, калі б здолеў, то паставіў бы ўсю гэбрайскую нацыю да ганебнага слупа”27. Аднак, у Франсуа Мары Аруэ (Вальтэра) словы вельмі часта дыямэтральна адрозьніваліся ад учынкаў (Фрыдрых Вялікі лічыў, што кожны зь яго твораў “заслугоўвае помніка, а кожны зь яго учынкаў праклёну”)28. Шырокі розгалас атрымаў працэес (1751) бэрлінскага залатніка Абрама Гіршэля і Вальтэра, які ўжыў фальсіфікацыю. Фальсіфікацыя была настолькі відочнай, што прускі кароль заўважыў свайму ўлюбёнцу: “Такога роду справа ганьбіць таго, хто мае да яе дачыненьне, і нават з талентам вялізарнага французкага генія вам не прыкрыць ганебнай плямы, накінутай на вашую славу гэткім учынкам”29.

Уладар думак, Вальтэр неаднаразова знаёміў публіку са сваім поглядам на іудаізм і гэбрайскі народ. Ён ніколі не губляў мажлівасьці закляйміць ганьбай “самы агідны народ на зямлі”30. Для Вальтэра гэбраі — некультурныя і барбарскія бадзягі, злодзеі, людажэры. Французкі асьветнік прыпісвае гэбраям усялякія палавыя вычварэньні, шчыра верыць у рытуальныя забойствы. На ягоную думку, “самы вялікі зброд, які калі-небудзь апаганьваў зямлю” (ліст да шэвал’е дэ Лілю, 15 сьнежня 1773)31, цалкам няздатны да мастацтва і навукаў. Адзін са сваіх артыкулаў Вальтэр сканчае наступнымі словамі: “Тым ня менш, спальваць іх ня варта”32.

Далёка не пайшлі ад Вальтэра энцыкляпэдысты. Дэні Дзідро, знаходзячыся ў палоне ў забабонаў, дэманстраваў абсалютнае неразуменьне і няведаньне іудаізма і гэбрайства, а Поль Анры Гольбах ставіўся да гэбраяў з непрыхаванай пагардай. Ён ганьбіў Майсея, ад якога гэбраі нібыта ўзялі ўсё самае горшае. Жан-Жак Русо лічыў, што старажытныя гэбраі “самы занядбалы народ, які калі-небудзь існаваў”33, але ў сваім рамане-трактаце “Эміль, ці пра выхаваньне” (1762) падкрэсьліваў: “Разьяднаны, раскіданы па зямлі, зьняволены, перасьледаваны, пагарджаны ўсімі, ён (гэбрайскі народ — А.Ф.) тым ня менш, захаваў свае характэрныя рысы, законы, норавы, патрыятычную любоў да першага сацыяльнага зьвязу, калі ўсе сувязі здаваліся разарванымі. Афіны, Спарта, Рым загінулі і не пакінулі на зямлі сваіх дзяцей. Сіон сваіх не страціў”34. Для французкіх асьветнікаў гэбраі — увасабленьне старога, традыцыйнага невуцтва. А адмоўнае стаўленьне да хрысьціянства яны з яшчэ большай жорсткасьцю пераносяць на іудаізм.

Паасобку сярод французкіх асьветнікаў стаіць Шарль Луі Монтэск’ё, які прапанаваў у сваёй працы “Надта ціхмяны дакор інквізітарам Гішпаніі і Партугаліі” арыгінальны праект гэбрайскай рэформы. Аўтар — супраціўнік роўнасьці гэбраяў, але ягоны клопат — росквіт Францыі і аднаўленьне фінансавай сістэмы. Таму адмысловыя гэбрайскія падаткі павінны быць скасаваныя. Гэбраям жа трэба прадаць больш шырокія прывілеі (цярплівасьць, свабоду гандлю і г.д.) У Каралеўстве мусіць быць створаны гэбрайскі горад (на мяжы з Гішпаніяй у зручным мейсцы для гандлю), які б павялічыў прыбыткі дзяржавы.

Монтэскьё застаецца супраціўнікам традыцыйнага гэбрайства, якое заклікае адмовіцца ад сваіх забабонаў, бязлітасна крытыкуе іудаізм, а пра Талмуд кажа, што “сярод гэтай масы равінаў не было аніводнага з найдрабнейшымі прыкметамі генія”35. Ну а калі гэбраі адмовяцца зрабіць так, як ён раіць, то давядзецца прызнаць іхную непапраўнасьць.

Далей за Монтэскьё пайшлі прадстаўнікі вышэйшага магнацтва, што былі зьвязаныя з гэбраямі трывалымі фінансавымі сувязямі. Гэтак, прынц Шарль дэ Міль у сваіх “Мэмуарах пра гэбраяў” заклікаў да эмансіпацыі, у выніку якой гэбраі перастануць быць самым пагарджаным народам у сьвеце і зробяцца шчасьлівымі, а заможны прускі барон Анахарсіс Клоотз (да 1789 года жыў у Парыжы) увосень 1782 года ў спрэчцы з выразьнікам інтарэсаў парыжскіх пратэстантаў Куртам Жыбелінам даводзіў эканамічную карысьць знаходжаньня гэбраяў ва Францыі.

 

1.5. Гэбрайская асьвета ў Рэчы Паспалітай 

Пачатак эпохі Асьветніцтва ў Рэчы Паспалітай зьвязваюць з уваходжаньнем на трон Станіслава Аўгуста Панятоўскага (1764 год). Перад новым уладаром стаяла маса нявырашаных праблемаў. “Сям’я” Чартарыйскіх і Панятоўскіх распачала рэформы. Адна з самых вострых праблемаў — дысідэнцкая — стварала для суседзяў выдатную нагоду для ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы дзяржавы. І калі за дысідэнтаў маглі хаця б заступіцца, патрабаваць для іх роўных правоў (што, урэшце, і рабілі) Расея, Аўстрыя і Прусы, то ў гэбраяў такога абаронцы ня было. У сьвятле дысыдэнцкага пытаньня паказальны “Manifest skonfederowanej izraelskiej szlachtу Рanstw Zagranicznуch Ierozolimskich niegdy dziedzicow” (“Маніфэст канфэдэратыўнай ізраільскай шляхты замежных дзяржаваў, некалі Іерусалімскіх нашчадкаў”) — пасквіль часоў Радомскай канфэдэрацыі (датуецца 1767 годам). Аўтар падробкі гіранічна адзначае, што калі раўнаваньня ў правох патрабуюць праваслаўныя і пратэстанты, то куды больш справядліва ўраўнаваць у правох “іерусалімскіх нашчадкаў” 36.

Гэбраі Вялікага княства Літоўскага і Польскага каралеўства былі знаёмыя з ідэямі Асьветніцтва, з поглядамі Мэндэльсона і ягоных вучняў. Справа ў тым, што ў апошнія дзесяцігодьдзі XVIII ст. гэбрайскія купцы — нярэдкія госьці на кірмашах Лейпцыга, Франкфурта, Кёнігсбэрга і г.д. Маладыя гэбраі накіроўваюцца на вучобу ў пратэстантскія ўнівэрсітэты Галле, Бэрліна, Дуйсбурга, Франкфурта-на-Одры і іншых гарадоў (у XVIII стагодьдзі гэбраі афіцыйна маглі навучацца ў пратэстантскіх унівэрсітэтах Прусіі і іншых княствах, але толькі на медычных факультэтах. Дзьверы ж Кракаўскага ці Віленскага ўнівэрсітэтаў заставаліся для іх замкнёнымі). У Варшаву, Кракаў, Вільню і іншыя гарады дзяржавы прыбываюць прыхільнікі “Гаскалы” — гэбраі-банкіры, лекары з Нідэрляндаў, Прусаў і г.д.

Аднак “бэрлінскае асьветніцтва” не ўкаранілася ў Рэчы Паспалітай. Вялікае княства Літоўскае і Польскае каралеўства і ў другой палове XVIII стагодьдзя заставаліся апорай традыцыйнага іудаізма і кузьняй гэбрайскіх кадраў для краінаў Заходняй Эўропы (гэтак, адзін з самых вядомых гэбрайскіх аўтарытэтаў XVIII стагодьдзя равін Меца Арье-Леб бэн Ашэр нарадзіўся ў мястэчку Смілавічы, пэўны час быў равінам у Менску і Валожыне). Ані дзейнасьць ілжэкамісіі Я. Франка і ягоных прыхільнікаў (франкістаў), ані крызіс равінізма і ягоная бескампрамісная барацьба з нарадзіўшымся і ўзмацніўшымся хасідызмам, “адным з буйных і арыгінальных зьяваў ня толькі ў гісторыі іудаізма, але і ў гісторыі рэлігійнай эвалюцыі ўвогуле”37, прынцыпова сітуацыю не зьмянілі. Хасіды ж і зусім адмовіліся весьці барацьбу за эмансіпацыю, сканцэнтраваўшы ўвагу на ўнутраным жыцьці і паставіўшы прыгнечаных (гэбраяў) вышэй за сваіх прыгнятальнікаў (хрысьціянаў).

Тут пануе традыцыя, якую ўвасабляе постаць найвялікшага рабі Залмана Эліаху бэн Шломо (Віленскага Гаона) (1720-97), ідэалам для якога было “жыцьцё ў Торы і з Торай”38. І “гэбрайскае асьветніцтва” ў Рэчы Паспалітай мае выразна рэлігійны характар і зьвязана не зь імем Мэндэльсона, а з велізарным аўтарытэтам Гаона, які лічыў, што “кожны недахоп ў галіне сьвецкіх ведаў цягне за сабой у сто разоў большы недахоп у веданьні Торы, бо Тора і навукі непарыўна злучаныя міжсобку ”39.

Тым часам цэнтрам польска-літоўскай “гэбрайскай асьветы” робіцца буйны гандлёвы горад Шклоў, які ў 1772 годзе ўвайшоў у склад Расейскай імпэрыі. У 80-е гады вучоны-талмудыст і мэцэнат Іошуа Цэйтлін заснаваў у Шклове друкарню, а суседні маёнтак Усьцье ператварае ў сваеасаблівую “вольную акадэмію”, у якой стварае ўсе ўмовы для вывучэньня Торы і Талмуда, заняткаў навукамі. У “вольнай акадэміі” актыўна працавалі заснавальнікі польска-літоўскай гэбрайскай асьветы Барух Шык (Шкловер, “Boruch der doctor”), Мэндэль Левін (Сатанавер, Мікалаевер) і шмат хто іншы. Характэрнай рысай шклоўскіх асьветнікаў зьяўляецца асаблівая цікавасьць да творчасьці сярэднявечных араба-гэбрайскіх мысьляроў, а асабліва да Майсея Майманіда (Рамбаму) і ягонай працы “More Nebuchim” (неабходна зазначыць, што Майсея Мэндэльсона пазнаёміў са славутым тэкстам Рамбама кракаўскі равін і матэматык Ізраіль Замосць). “Ізноў, як і ў сярэднія вякі, Майманід становіцца настаўнікам жыцьця і выхавацелем душаў, а ягоны “More Nebuchim” зьяўляецца надзейным і ўлюбёным “шляхаводнікам” для вандроўных і цікаўных гэбрайскіх розумаў”40. Уплыў шклоўскіх асьветнікаў распаўсюдзіўся як на землі, што ўвайшлі ў склад Расійскай імпэрыі, так і на тэрыторыі Рэчы Паспалітай.

Як прыхільнік бэрлінскай “Гаскалы” вядомы славуты філёзаф, родам з мястэчка Мір, Саламон Маймон. “Чалавек рэдкіх здольнасьцяў і ўпартасьці, ён здолеў выбіцца з цяжкага становішча, у якім знаходзіўся ў юнацтве, і ўзьняцца на вышыню нямецкай філёзофскай адукацыі “41. Пасьля доўгіх блуканьняў па Эўропе ён заяўляў: “Я быў ужо занадта асьвечаны, каб думаць пра вяртаньне ў Польшчу, дзе мяне чакала жыцьцё поўнае нястачы, без спадзеваў на які-колечы разумовы занятак, без сяброўства, і дзе я ізноў быў бы вымушаны апусьціцца ў прорву забабонаў і цямноты, зь якога я ледзь вырваўся ”42.

Ідэя распаўсюджваньня асьветы сярод польска-літоўскага гэбрайства, якая авалодала прыхільнікамі Мэндэльсона і ў выкананьні якой непасрэдны ўдзел зьбіраўся браць Маймон, сталася адно ідэяй.

Група “бэрлінэраў” (прыхільнікаў “Гаскалы”) заснавалася ў Варшаве. Яны вельмі цікавіліся палітыкай, былі абазнаныя ва ўсіх бягучых падзех. Вялікую цікавасьць сярод іх выклікаў выхад трактата Дома і асабліва праца “Dibre Schalom we-Emeth” (“Слова міра і праўды”, 1782) самавітага пасьлядоўніка Мэндэльсона паэта і філёляга з Гамбурга Нафталі-Герца (Гартвіга) Весэлі (Вэйзэля) (1725-1805). Аўтар заклікаў аўстрыйскіх гэбраяў з удзячнасьцю прыняць рэформы імпэратара Іосіфа ІІ. Урэшце, колам “асьвечаных” цікавасьць да гэбрайскай рэформы не абмежавалася. Інфармацыю пра працу Дома зьмясьціла варшаўскае выданьне “Đamiętnik Нistorуczno-Рolуtуcznу”, рэдактар якога Пётра Світкоўскі (Рiotr Switkowski), пагадзіўшыся з шмат якімі высновамі прускага чыноўніка, падкрэсьліў, што гэбраі цалкам гатовыя да вайсковай службы.

Новая хваля цікавасьці да гэбрайскай праблематыкі ў Рэчы Паспалітай прыпала на 1782 год, калі былі апублікаваныя адносна лібэральныя прапановы безыменнага абываталя.

 

2. Праекты гэбрайскай рэформы ў Рэчы Паспалітай: ад канцлера Замойскага да безыменнага абываталя 

Публікацыі прапаноў безыменнага абываталя папярэднічала абмеркаваньне праекту “рэпрэсіўнага, працятага старым шляхецкім “клерыкальным духам”43, аўтарам якога быў канцлер Польскага каралеўства Анджэй Замойскі, які прыступіў да распрацоўкі гэбрайскага заканадаўства па даручэньню караля і вялікага князя Станіслава-Аўгуста.

Праект Замойскага, складзены пры непасрэдным удзеле полацкага епіскапа Шэмбека, быў прадстаўлены на абмеркаваньне Сейма ў 1778 годзе. Асветніцкія ідэі практычна не закранулі праект канцлера. Замойскі прапаноўваў гарантаваць гэбраям свабоду веравызнаньня, недатыкальнасьць асобы і маёмасьці, аўтаномнае функцыяваньне абшчыны, забарону на прымусовы хрост, але з іншага боку — жорстка рэглямэнтаваў гаспадарчыя заняткі, паўтараў сярэднявечныя забароны на знаходжаньне хрысьціянаў на службе ў гэбраяў, дазваляў браць шлюб адно тым, хто меў прафесію (астатніх плянавалася абавязаць пакінуць межы Рэчы Паспалітай). Праект, пакідаўшы гэбраяў “дапушчальнымі чужаземцамі”, быў з захапленьнем сустрэты духаўнікамі і мяшчанствам, але ня быў ухвлены Сеймам.

У 1780 годзе на сьвет зьявілася брашура ананімнага аўтара “Rozmowa mięzdy szlachcicem рolskim, szwajcarem i Źydem w Gdańsku”. Аўтар жорстка скрытыкаваў усю сістэму кіраваньня Рэчы Паспалітай. Яго абураюць паводзіны шляхты і неразумныя прынцыпы заканадаўства. Усё гэта побач з аўтаномным становішчам кагала і іншымі адмоўнымі бакамі гэбрайскага побыту ёсьць асноўнымі прычынамі заняпаду гэбрайства ў краіне.

Фэномэн гэбрайства прымушаў задумацца шмат якіх аўтараў. У 1781 годзе адначасова ў Львове і Варшаве ў друкарні прыдворнага кнігавыдаўцы Міхаіла Грэля выйшаў другі том даведачнай энцыкляпэдыі “Zbior potrzebniejszych wiadomosci, porzadkiem alfabetu ulozonych”. У артыкуле “Zydowski Narod” зьмешчаны зьвесткі пра гэбрайства ўвогуле і пра жыцьцё гэбраяў у Рэчы Паспалітай. Аўтар актыўна разважае пра зьяву гнанага і зьневажанага “народа Божага”, які ня маючы сваёй дзяржавы, мусіў бы зьнікнуць, як і іншыя вандроўныя народы, але дзіўным чынам захаваўся. Прычыны існаваньня гэбрайства бачацца аўтару ў згуртаванасьці народа, сфармаванай іудэйскай рэлігіяй, але гэтаксама і ў волі Усявышняга, які “падтрымлівае гэбраяў, як сьведкаў сьвятасьці той Хрысьціянскай веры, якая зьяўляецца новым адкрыцьцём, закліканым зьнішчыць недасканаласьць ветхазаветнага адкрыцьця”44.

 

2.1. Брашура безыменнага абываталя 

Найбольшую ўвагу прыцягнула брашура “Zуdzi, czуli konieczna рotrzeba reformowania zуdow w krajach Rzeczурosрolitej Рolskiej, рrzez obуwatela bezimennego” (“Аб неабходнасьці рэформы гэбраяў зямель Рэчы Паспалітай”). Брашура невядомага аўтара, які назваў сябе безыменным абываталем ці, прасьцей кажучы, ананімам вытрымала ў 80-я гады XVIII стагодьдзя тры выданьні: 1782, 1785 і 1789 (са сваімі дадаткамі выдаў М. Бутрымовіч).

Аўтар вымушаны канстатаваць, што ў цяперашнім стане гэбраі зьяўляюцца для краіны цяжарам. Для шмат каго зь іх гультайства, падман і лянота сталіся іхняй уласьцівасьцю. Ананім у роспачы заўважае, што ўрады шматлікіх краінаў ужо зьвярнулі ўвагу на гэбраяў і адно ўлады Рэчы Паспалітай, дзе яны складаюць восьмую частку насельніцтва, пазбаўляюць гэты народ сваёй апекі.

Працяты ідэямі заходняй філязофіі, безыменны абываталь заклікае пакінуць глядзець на гэбраяў “як на нейкую незвычайную зьяву прыроды”, пакінуць здзеквацца і перасьледваць іх за іхнія заганы45.

Аўтар — прыхільнік педагагічнай тэорыі ангельскага філёзафа Джона Лока і “натуральных правоў” чалавека. Чалавек не нараджаецца добрым або благім. Разумнымі і добрымі не нараджаюцца, а стаюцца. Характар чалавека фармуецца пад уплывам рэлігіі, заканадаўства і выхаваньня (адукацыі). Такім чынам, заганнасьць гэбраяў вынікае як ад непраўдзівага заканадаўства, гэтак і ад шкоднага выхаваньня. Таму аўтар робіць выснову, што гэбраяў трэба перавыхоўваць і зблізіць з тутэйшым насельніцтвам.

Аўтар пагаджаецца з абвінавачваньнем гэбраяў ў невыкананьні маральных патрабаваньняў, адзначаючы, аднак, што дзейнічалі яны такім чынам не заўсёды. Для заканадаўства яны заўсёды заставаліся “пасынкамі”, адрознымі ад іншых жыхароў. І гэбраі прызвычаіліся адначасова падпарадкоўвацца і сваім законам і законам дзяржавы. Дэфэкт заканадаўства быў у тым, што гэбраі не лічыліся часткай якога-колечы кляса (саслоўя) дзяржавы (у адносінах гэбраяў-мяшчанаў і мяшчанаў-хрысьціянаў дзейнічалі розныя законы, і многія правы хрысьціянаў былі для іх недасягальнымі). Абмежаванні прымусілі гэбраяў накіраваць позіркі ў сфэру гандлю, які сфармаваў тыя іхнія рысы, якія выклікаюць найбольшую пагарду.

Безымянны абываталь рэзка крытыкуе папярэднія спробы рэфармаваць становішча гэбраяў. Спроба, паводле канцэпцыяў фізіякратаў, прыцягнуць гэбраяў да заняткаў земляробствам (1775 год) цалкам правалілася. Дазвол на апрацоўку зямлі скарысталі адно 14 сямействаў. Ананім ня можа зразумець, якая цікавасьць чалавеку апрацоўваць зямлю, якая ня можа быць ягонай уласнасьцю? Ды й жыцьцё селяніна, цалкам залежнага ад выбрыкаў пана, ня можа натхняць гэбрая.

Гэбрайскае заканадаўства Рэчы Паспалітай — перажытак тых часоў, калі ў грунт закона закладаліся рэлігійныя прадпісаньні (наказы). Гэбраяў лічаць чужымі ды й Рэч Паспалітая не зьяўляецца для іх Айчынай. Але горш за ўсё — дазвол гэбраям жыць па ўласных законах і звычаях, якія ператвараюць іх у corрus in corрure (“дзяржава ў дзяржаве”). Бязумоўна, гэбрайскія законы і звычаі сур’ёзна адрозьніваюцца ад мясцовых. У выніку ўзьнікаюць канфлікты, блытаніна, узаемны недавер, пагарда і нянавісьць. “Асноўным правілам для хрысьціяніна сталася пераследаваць і ненавідзець гэбраяў, а для гэбраяў — падманываць і ненавідзець хрысьціянаў” 46. Такая сітуацыя патрабуе зьменаў.

Ананім падрабязна спыняецца на становішчы гэбраяў у Рэчы Паспалітай, апісывае іхнія заняткі, адзначаючы адмысловыя падаткі, забарону ўваходзіць ў склад цэхаў і г.д. Абмежаваньне для гэбраяў правоў на жыхарства ў некаторых гарадох выклікаюць адно неўразуменьне. Напрыклад, Варшава ж мае вострую патрэбу ў жыхарах, але гэбраям у сталіцы жыць забараняюць.

Найлепшы варыянт рэформы безыменны абываталь бачыць у прызнаньні гэбраяў “obуwatelami” Рэчы Паспалітай і далучэньня іх да мяшчанскага саслоўя. Яны павінны атрымаць усе правы, якімі карыстаецца хрысьціянскае мяшчанства, адмене падлягаюць адмысловыя падаткі. Гэбраі могуць займацца рамяством, прыватным гандлем і земляробствам, але з іх карчмарствам (карчмамі) і шынкарствам (шынкамі) мусіць быць скончана.

Безыменны абываталь лічыць, што для гэбраяў павінна быць уведзеная рэкруцкая павіннасьць. Яны будуць служыць чатыры гады, складаючы траціну палка. Вайсковая служба абудзіць у гэбраяў любоў да парадку, працавітасьць, будзе спрыяць іхнаму збліжэньню з хрысьціянамі.

Безумоўна, гэбраям гарантуецца свабода веравызнаньня, але падкрэсьліваецца неабходнасьць барацьбы з іхнымі “шкоднымі абрадамі”: законамі аб ежы, мноствам сьвятаў і г.д. Аўтаномія кагала зводзіцца да мінімума (г.зн абмяжоўваецца выключна сфэрай рэлігіі). Каб паскорыць зліцьцё гэбраяў з палякамі (а для Ананіма ўсё насельніцтва краіны — польскі народ), забараняецца выкарыстаньне ідыша, друк і ўвоз кнігаў на гэбрайскай мове з-за мяжы, нашэньне традыцыйнага ўбраньня і г.д.

На думку вялікага гэбрайскага гісторыка С.М. Дубнова, сваімі прапановамі і канцлер Замойскі, і безыменны абываталь жадаюць дасягнуць адзінай мэты — абязшкоджваньня гэбраяў. Розныя толькі сродкі. Для Замойскага гэта — шлях “прымусовай ізаляцыі”, а для Бязыменнага — “прымусовага зліцьця”47.

Адразу ж падкрэсьлім, што такое “зьліцьцё” ў адзін польскі народ прадугледжана для ўсіх этнічных групаў дзяржавы ( у выкладаньні асьветніка Ф.С. Язерскага гэты прынцып выглядае наступным чынам — адна мова, заканадаўства, “zwyczaje i obyczaje”48).

Рашучы ўплыў на Бязыменнага абываталя мелі трактат Дома і аўстрыйскія рэформы. Прымусовая асьвета і зьліцьцё з тутэйшым насельніцтвам — вось умовы атрыманьня правоў. Паказальна, што “усе праекты, якія зьявіліся праз некалькі гадоў, зьмяшчаюць у сабе толькі ў больш стараннай апрацоўцы думкі, што былі выказаныя безыменным аўтарам брашуры 1782 года” 49.

Першым адгукнуўся на брашуру “Pamietnik Historyczno-Polityczny”, які апублікаваў разлеглы артыкул Світкоўскага “Mysli wzgledem zalozenia osad zydowskich ро wsiach”50. Аўтар крытыкуе Ананіма, паўтараючы абвінавачваньні гэбраяў у заняпадзе гарадоў, занядбанасьці рамёстваў і гандлю. Рэформы Ананіма ня выправяць гэбраяў. Эфектыўным можа быць толькі іхняе прыцягненьне да земляробства. Вядома, неабходна надаць увагу адукацыі (асьвеце) гэбраяў. Свабоду заняткаў рамяством яны могуць атрымаць выключна ў спецыяльна вылучаных гарадох, і тое пад пільным надзорам уладаў. “Рrzуwileje obуwatelskie” атрымаюць адно гэбраі, якія выказалі жаданьне займацца земляробствам.

У 1784 годзе П. Світкоўскі ізноў зьвярнуўся да гэбрайскай рэформы, горача падтрымаўшы безыменнага абываталя ў пытаньні вайсковай службы гэбраяў. Сачыўшы за ходам рэформаў у іншых краінах, Світкоўскі з захапленьнем адгукнуўся на старонках “РНР” на ўвядзеньне імпэратарам Іосіфам ІІ абавязковай вайсковай павіннасьці для гэбраяў (1788 год). Аўтар заклікаў распаўсюдзіць аўстрыйскі досьвед і на Рэч Паспалітую. Дзеля справядлівасьці адзначым, што прапановы рэдактара “РНР” успрымаліся шматлікімі публіцыстамі досыць скептычна. У публікацыях, прысьвечаных гэбрайскай рэформе кідаецца ў вочы сур’ёзная цікавасьць да падзеяў у Прусах, яшчэ большая — у Аўстрыі, а інфармацыя пра радыкальныя прапановы з Францыі практычна адсутнічае.

Сваё меркаваньне аб прапановах Ананіма выказалі і “асьвечаныя” гэбраі. Доктар Эліас Акорд родам з Вільні, які атрымаў адукацыю ў Бэрліне, ажыцьцявіў пераклад і выданьне брашуры на нямецкай мове (“Die Juden oder Die nothwendlige Reformation der Juden in der Reрublik Рolen”, Варшава, 1786 год). Пераклад быў прысьвечаны каралю Станіславу-Аўгусту (аналягічнае прысьвячэньне зрабіў напачатку сваёй працы “Спроба трансцэдэнтальнай філязофіі” (1790 год) Саламон Маймон). У прадмове Акорд пералічыў шматлікія вартасьці працы Бязыменнага абываталя, выказаў задавальненьне, што менавіта яму — ураджэнцу Польшчы (“als geborner Рole”) удалося перакласьці яе на нямецкую мову. Сваё выданьне перакладчык забяспечвае шматлікімі дадаткамі. Доктар Акорд станоўча ставіцца да ідэі асіміляцыі, але з асобнымі палажэньнямі (высновамі) брашуры (якія закранаюць гонар гэбрайскага народа) ён пагадзіцца ня можа і ўступае ў спрэчку з безыменным абываталем.

Абмеркаваньне лібэральных праектаў не садзейнічала спаду юдафобскіх настрояў. Гэтак, варшаўскае выданьне “Dziennik Handlowy” (1786-89 гады) патрабавала ўвядзеньня сьмяротнага пакараньня для гэбраяў — гандляроў коньмі51.

 

2.2. Ад дыскусіі да практыкі 

Дыскусіі, выкліканыя аўстрыйскімі рэформамі і праектам Ананіма, а найперш цяжкае становішча гэбраяў, прымусілі ўрад прыняць шэраг практычных рашэньняў. Калі ў справе прыцягненьня гэбраяў да земляробства асаблівых посьпехаў не было, то ў сфэры індустрыялізацыі (далучэньня гэбраяў да мануфактурнай вытворчасьці) вызначыліся станоўчыя тэндэнцыі. У 80-я гады мы бачым гэбраяў як арганізатараў (заснавальнікаў) мануфактур ва ўладаньнях магнатаў і шляхты, гэтак і ўласных. Апошнім практычным рашэньнем да сэйма 1788-92 гг. стаў унівэрсал караля і вялікага князя Станіслава-Аўгуста (1787 год), якім гэбрайскім абшчынам было абавязана весьці рэестр бадзягаў, якіх неабходна было аддаваць на грамадзкія працы. У склад бадзягаў патрапіла і большасьць безпрацоўных рамесьнікаў і гандляроў.

 

3. Францыя: ад адмены peage corporel да камісіі Мальзэрба

 

3.1. Ад практыкі да дыскусіі 

Першай сярод заходнеэўрапейскіх дзяржаваў гэбрайскае пытаньне паспрабавала вырашыць Францыя. Каралеўскі эдыкт 17 студзеня і патэнт ад 10 ліпеня 1784 года крыху палепшылі становішча гэбраяў (так, была скасаваная зьневажальная транзітная пошліна Peage corporel — спаганялася ў аднолькавам памеры і з гэбрая і з быдла, што ўвозілася ў горад, — адсюль і назва — капытковы падатак (l’impot du pied fourchu). Апроч таго, упершыню, хаця і фармальна, французкі кароль Людовік XVI прызнаў гэбраяў сваімі падданымі.

 

3.2. Конкурс у Меце 

Амаль праз год пасьля зьяўленьня патэнта Каралеўскае Таварыства для развоя навукі і мастацтва ў Меце на сваім паседжаньні 25 жніўня абвясьціла конкурс на тэму: “Est il des moуens de rendre les Juifs рlus utiles et рlus Нeureux et France?” (“Ці ёсьць спосаб зрабіць гэбраяў больш карыснымі і больш шчаслівымі ва Францыі?”). Пераможца ў конкурсе рабіўся “ўладальнікам залатой мэдалі вартасьцю ў 400 ліўраў”52.

Звестка пра конкурс была ўспрынятая вельмі прыхільна, часам нават з запалам. Так, у парыжскім выданьні “Le Mercure de France” (11 лютага 1786 года) адзначалася: “Гэта новае цікавае пытаньне, вартае самай мудрай філязофіі і праўдзівага красамоўства.... Яшчэ ніводная акадэмія не прысуджала прэміі такой высокароднай працы” 53.

На конкурс прыйшло дзевяць эсэяў, два зь якіх мелі традыцыйны дыскрымінацыйны характар. Гэта — працы пракурора парламэнта Меца Майекура, які прапанаваў “арганізаваць іхні (гэбраяў — А.Ф.) масавы вываз у пустыні Гюаны” і бэнэдыктына Дом Шэза, які раіў прымусіць гэбраяў займацца выключна сельскай гаспадаркай54. Такія прапановы былі рашуча адхіленыя.

Канчатковыя вынікі былі падсумаваныя ў жніўні 1788 года. Прэміямі журы адзначыла працы адваката Парлямэнта Нансі Клода Антуана Т’еры “Развагі па пытаньню “Ці ёсьць спосаб зрабіць гэбраяў больш карыснымі і больш шчаслівымі ва Францыі?” (апублікаваная ў лістападзе 1788 года), кюрэ з Эмбермэнсіля (паблізу Люнэвіля) Анры Грэгуара “Аб фізічным, маральным і палітычным адраджэньні гэбраяў” (апублікаваная ў студзені 1789), а таксама “Apologie des juifs” (“Апалогія гэбраяў”, апублікаваная ў сакавіку 1789 года) пісьменьніка Залкінда Гурвіца. Сябра журы Жан дэ Пайен у сваёй прамове падкрэсьліў, што “ у грунце трох працаў ляжаць адны і тыя ж прынцыпы, пацьверджаныя тымі ж фактамі і выказаныя прыблізна аднолькава. Усе атрыманыя намі працы, апроч дзьвух, абвінавачваюць нашыя прымхі супраць гэбраяў у тым, што яны зьяўляюцца першапрычынай нашых заганаў” 55.

Юрыст і пісьменьнік Клод Антуан Т’еры асаблівую ўвагу надаў прававому становішчу гэбраяў, адзначыў іхнія недахопы, але падкрэсьліў, што “ва ўсіх гэтых ліхадзействах, так справядлівых у адрас гэбраяў, належыць вінаваціць нас... Мы іх да гэтага вымушаем 56. На думку юрыста з Нансі, лепшы спосаб зрабіць гэбраяў больш карыснымі і шчаслівымі ў Францыі — цалкам ураўняць у правох.

Погляды Т’еры падзялілі Грэгуар і Гурвіц. Сын беднага латарынгскага фэрмэра Анры Грэгуар з раньняга дзяцінства назіраў бядоты гэбрайскага народа. Абгостранае пачуцьцё справядлівасьці прымусіла яго задумацца аб мерах па паляпшэньню становішча гэбраяў. Яшчэ ў 1785 годзе з нагоды адкрыцьця сінагогі ў Люнэвіле Грэгуар прамаўляе ў гарадскім храме казаньне, у якім заяўляе пра братэрскія пачуцьці да гэбраяў.

У сваёй працы ён рашуча адмаўляе рытуальныя забойствы хрысьціянскіх дзяцей, атручваньне крыніцаў пад час жахлівых моракаў, якія прыпісваліся гэбраям. Апісваючы гэбраяў, аўтар не саромеецца ў выразах, але з ягонага гледзішча не выпадаюць і станоўчыя рысы гэбрайскага характара: дабрадзейнасьць у сямейным жыцьці, павага да бацькоў, любоў да дзяцей і г.д.

Анры Грэгуар адмоўна ставіцца да гэбраяў-ліхвяроў, якія “паўстаюць перад намі з чалом пакрытым зьнявагай і душою часта высушанай заганамі”57. Тым ня менш “іхнае ліхвярства ёсьць непасрэднай рэакцыяй на прыгнёт, ад якога яны пакутуюць. Вяршыняй непасьлядоўнасьці было б умацоўваць іх у злачынствах, якія іх прымусілі ўчыняць”58. З вуснаў кюрэ чуюцца абвінавачваньні ў адрас народаў Эўропы: “Васемнадццаць вякоў вы пляжыце (сыноў Ізраіля) нагамі”, гэта вы вінаватыя ў сучасным бядотным становішчы гэбраяў. Ёсьць строгасьць Божага суда, але хто ўпаўнаважыў вас быць прыладай ягонага гневу?... Мы з жахам кажам пра Варфаламееву ноч. Але гэбраі былі ў 200 разоў часьцей ахвярамі сцэнаў больш трагічных, і хто ж былі забойцы?”59.

Аўтар — рашучы прыхільнік эмансіпацыі, якая прывядзе да зьнікненьня ліха і да асіміляцыі “дзяцей таго ж Бога, якому маліўся Ісус Хрыстос”60. Растварэньне гэбраяў у асяродьдзі французаў прынясе карысьць як гэбраям, так і дзяржаве. Але галоўнае “поўная свабода веравызнаньня, дазволеная гэбраям, дапаможа зрабіць вялікі крок дзеля іхняга пераўтварэньня, і, адважуся сказаць, дзеля іхняга абарачэньня. Бо ісьціна прыцягальна, адно калі яна прасякнута дабрынёй” 61.

Грэгуар не хавае адмоўных адносінаў да традыцыйнага гэбрайства, а тым больш да іудаізма. Талмуд для яго — “вялічэзны рэзервуар..., амаль клаака, дзе сабрана ўсё трызьненьне чалавечага розуму”62. Ён прыхільнік роспуска гэбрайскіх абшчынаў, ліквідацыі гэбрайскіх кварталаў. Ідыш, як і іншыя дыялекты, павінен зьнікнуць. На зьмену яму прыйдзе французкая мова. Гэбраі атрымаюць доступ ва ўнівэрсітэты і коледжы, што будзе садзейнічаць іхняй асьвеце і далучэньню да французкай культуры. Неабходна ўсяляк садзейнічаць распаўсюджваньню зьмешаных шлюбаў.

Напрыканцы працы Анры Грэгуар заклікае хрысьціянаў: “Дзеці адзінаго бацькі, вы павінны зьнішчыць усялякую нагоду да варажнечы супраць сваіх братоў, якія ў будучым злучацца з вамі ў адным Божым храме. Расчыніце ім вольныя прытулкі, дзе яны маглі б спакойна прытуліць свае галовы і высушыць свае сьлёзы, і няхай наступіць, нарэшце, дзень, калі гэбрай, адказваючы любоўю на любоў хрысьціяніна, убачыць ува мне грамадзяніна і свайго сябра” 63.

І далей: “Творцы іхніх заганаў, будзеце творцамі іхных дабрачыннасьцяў, аплаціце вашыя даўгі, вашыя і вашых продкаў”64. Кюрэ бачыць гэбраяў часткай “усеагульнай сям’і, якая павінна ўсталяваць братэрства ўсіх народаў”65.

Ураджэнец Любліна (па іншых зьвестках, Коўна), пісьменьнік Залкінд Гурвіц яшчэ ў юнацтве выправіўся на вучобу ў Бэрлін, дзе пазнаёміўся з прыхільнікамі Мэндэльсона. Пакінуўшы сталіцу Прусаў, ён перебраўся ў Нансі, а адтуль у Мец, дзе вучыўся ў вялікага равіна Арье-Леба бэн Ашэра. У 1786 годзе мы бачым Залкінда Гурвіца ў Парыжы, дзе ён — бедны гэбрай, які напачатку нават ня ведаў французкай мовы, робіць ашаламляльную кар’еру, займаючы пасаду сакратара-перакладчыка ўсходніх моваў ў Парыжскай Каралеўскай бібліятэцы. С.Г. Лазінскі адзначае, што Гурвіц — “польскі гэбрай, які дзейнічае на арэне французкай навукі, літаратуры і мастацтва, ёсьць асабліва выключнай зьявай”66.

Выявіўшы пэўны сарказм з нагоды конкурса, аўтар даў да сваёй “Апалёгіі” мноства вытанчаных філязафічных і гістарычных экскурсаў, цытатаў з Бібліі і Талмуда. На думку Лазінскага, шмат якія тонкія разважаньні талмудыста з Любліна сябрамі журы папросту ня былі зразуметыя. Тым ня менш, бліскучы талент и выключная асоба аўтара прымусілі іх палічыць “Апалёгію для гэбраяў” вартай прэміі конкурса 67.

Конкурс цягнуўся тры гады, і ягоныя ляўрэаты былі заўважаныя, іхныя погляды выклікалі як захапляльныя авацыі, так і вострыя спрэчкі і дыскусіі. Асаблівая ўвага была нададзеная працы Грэгуара. Р. Бадэнтэр адзначае, што калі голас на карысьць гэбрайства з боку адваката-лібэрала Т’еры а тым больш гэбрайскага вучонага Гурвіца быў цалкам зразумелы і лягічны, то выступленьне каталіцкага сьвятара Анры Грэгуара, “палымянага абаронцы, лепш за ўсіх абазнанага ў справе гэбраяў”68, з-за сваёй незвычайнасьці выклікала ўсеагульнае зьдзіўленьне.

 

3.3. Граф Мірабо і эмансіпацыя гэбраяў у Англіі 

Адначасова з правядзеньнем конкурса ў Меце на карысьць гэбраяў выступіў выдатны французкі палітычны дзяяч, граф Анарэ Габрыэль Рікэці Мірабо, які ўпісаў выдатную старонку ў гісторыю эмансіпацыі. У 1785 годзе граф адправіўся з дыпляматычнай місіяй ў Бэрлін, дзе асабіста пазнаёміўся з Х.-В. Домам, працамі М. Мэндэльсона, стаў заўсёднікам салона цудоўнай Генрыеты Герц і іншых гэбрайскіх дамоў. У Бэрліне перад вачыма вялікага француза паўстала супярэчлівая карціна: бляск багатых і бядота, нішчымнасьць і бязпраўе бедных гэбраяў. З таго часу “гэбрайскае пытаньне надоўга засталося ў сфэры цікавасьцяў графа. Неабходнасьць паляпшэньня становішча гэбраяў ён безвынікова адстойвае на аудыенцыі ў Фрыдрыха Вялікага. Лёс заносіць Мірабо ў Лёндан, дзе ён знаёміцца з няўдалай спробай эмансіпацыі ангельскіх гэбраяў у 1753 годзе. Уражаньня ад убачанага і пачутага прымусілі графа ўзяцца за пяро. Так зьявіўся “эсэй на хуткую руку”69. “Sur Moses Mendelssohn, sur la reforme politique des Juifs et en perticulier sur la revolution tentee en leur faveur en 1753 dans la Grande Bretagne” (“Пра Майсея Мэндэльсона і пра палітычную рэформу гэбраяў...”, 1787).

Мірабо прадстаўляе чытачу гісторыю паразы эмансіпацыі гэбраяў ў Англіі. Яшчэ ў 1714 годзе англійскі філёзаф Джон Толанд выступіў з ананімнай працай “Reasons for naturalizing the Jews in Great Britain and Ireland on the same foot with all other nations” (“Доказы на карысьць натуралізацыі гэбраяў ў Велікабрытаніі і Ірляндыі”), у якой заклікаў даць гэбраям грамадзянскія правы. Праз дваццаць шэсьць гадоў ангельскі парлямэнт прыняў акт аб натуралізацыі асобаў, якія пражылі сем гадоў у амэрыканскіх калёніях. У сьпіс тых, хто падлягаў натуралізацыі трапілі і гэбраі. У 1753 годзе габінэтам віга Гэнры Пэльгэма (Henry Pelham) быў унесены праэкт аб наданьні асобам, якія вызнаюць іудаізм, права быць натуралізаванымі парлямэнтам (“Naturalization Bill”). Біль быў прыняты і зацьверджаны каралём Георгам II. У адказ юдафобская прапаганда набыла ў Англіі безпрэцэдэнтны характар, прыхільнікі біля былі абвінавачаны ў здрадзе нацыянальных інтарэсаў. Пратэст, які ўмела скарысталі торы, выліўся на вуліцы. У выніку праз год біль быў адменены, хаця ўрад вуснамі У. Пітта яшчэ раз падкрэсьліў вартасьць гэбраяў для дзяржавы.

Мірабо выступіў за поўнае ўраўнаньне гэбраяў у правох. Ён пісаў: “Вы жадаеце, каб гэбраі сталі лепшымі, каб яны сталі карыснымі грамадзянамі? Вытурыце з грамадзтва ўсялякія зьневажаньні на іхны адрас; адкрыйце ім усе шляхі да здабытку і выжываньня. Не забараняйце ім доступ да сельскай гаспадаркі, мэханікі, ухваляйце іх, каб яны прыахвоціліся да ўсяго гэтага.”70. Апроч таго, граф лічыць, што гэбраям неабходна забясьпечыць “жыцьцё паводле ўласных законаў” 71. А ў выніку “вельмі хутка яны зоймуць мейсца ў ліку самых карысных асобаў дзяржавы” 72.

Паказальна, што адначасова з выступленьнямі на карысьць гэбраяў нікуды не зьнікала і юдафобская прапаганда. Сімвалічным стала зьяўленьне ў 1786 годзе навукова-фантастычнага рамана пісьменьніка Луі-Сэбасьцьяна Мершэя “Год 2440 - мроя, якая ніколі не споўніцца”. Аўтар малюе жудасную карціну распаўсюджваньня гэбраяў, іхнага імкненьня завалодаць сьветам і ўсталяваць у ім сваё валадарства. Мершэй прапаноўвае чытачу шэраг рэцэптаў барацьбы з гэбрайскай пагрозай. Як адзначае Бадэнтэр, Мершэй папярэдзіў сучасны антысэмітызм73.

 

3.4. Час камісій 

Надзвычай цяжкае становішча гэбраяў прымусіла кіраўнікоў розных дзяржаваў Эўропы ў другой палове 80-х гадоў XVIII стагодьдзя даць згоду на стварэньне камісіяў для выпрацоўкі праекта гэбрайскай рэформы.

У 1786 годзе ў Рыме быў разыграны фарс, калі была створана камісія з сямі асобаў для разгляду скаргаў гэбраяў на пачварны “Эдыкт пра гэбраяў” Папы Пія VI. У Прусіі гэбраі ўскладалі асаблівыя надзеі на Фрыдрыха-Вільгэльма ІІ, які ўступіў на трон у 1786 годзе. У першы дзень свайго кіраваньня кароль атрымаў вялікі ліст з прапановай усялякага роду рэформаў ад графа Мірабо. Аднолькава з дазволам на свабоду друку ў праграму была ўключаная і эмансіпацыя гэбраяў.

Фрыдрых-Вільгэльм II адносіўся да гэбраяў куды лепш за свайго папярэдніка Фрыдрыха Вялікага. У адным з пакояў ягонага бэрлінскага палаца быў нават бюст Мэндэльсона. Прыхільнасьць да гэбраяў выказваў улюбёнец караля — міністр юстыцыі і духоўных справаў Іаан-Хрыстафор Вельнэр, які меркаваў, што іх трэба зрабіць грамадзянамі ці прынамсі даць мажлівасьць вайсковай службы. Ужо ў першыя месяцы кіраваньня Фрыдрых-Вільгэльм II даў права грамадзянства пяці гэбрайскім сямействам (у тым ліку і сям’і Мэндэльсона — “за вядомыя заслугі іх мужа і бацькі”74), быў скасаваны ганебны “Leibzoll” (1787) і сумна вядомы “парцалянавы падатак” (1788). У 1787 годзе была заснавана камісія для паляпшэньня становішча гэбраяў. Але дзейнасьць камісіі не прынесла жаданага выніку (у 1789 годзе гэбраі пажадалі пакінуць ранейшы рэглямэнт).

Увесну 1788 года французкі кароль Людовік XVI даручыў захавальніку дзяржаўнай пячаткі Крэцьену Гільому Мальзэрбу ўзначаліць камісію для падрыхтоўкі рэформы становішча гэбраяў. Мальзэрб лічыў, што гэбраям неабходна даць грамадзянскія правы, пры гэтым заяўляючы: “ Пажадана, каб гэбраі спрабавалі грунтоўна злучыцца з іншымі жыхарамі Каралеўства, захаваўшы ў сябе толькі найважнейшыя адрозьненьні, якія тычацца рэлігіі і якія зьнішчыць немажліва”.75. Праца камісіі выніка не дала. Улетку 1788 года ва Францыі ўзмацніўся фінансавы і палітычны крызіс. У Мальзэрба зьявіліся больш важкія дзяржаўныя клопаты. Дзяржаўная Каралеўская Рада прыняла рашэньне адкласьці абмеркаваньне гэбрайскага пытаньня. Гэтак няслаўна закончылася апошняя спроба гэбрайскай рэформы ў старой Францыі. Устаноўчы сход напрацоўкі камісіі Мальзэрба не зацікавілі.

 

Заключэньне 

Практычна ва ўсіх лібэральных праектах былі высунутыя дзьве асноўныя ідэі — правоў і асыміляцыі. Аўтары згодныя з ганебным становішчам гэбрайства і намагаюцца знайсьці найлепшы способ “зрабіць гэбраяў больш карыснымі”, “палепшыць” ці “рэфармаваць” іх. Для рэфарматараў гэбрай не нараджаецца “сапсаваным” ці “шкодным”. Яго такім робіць атачэньне. Выходзіць, шляхам рэформаў можна зьмяніць і народ Торы.

Перад рэфарматарамі стаяла пытаньне: што пакласьці ў грунт праектаў — права ці асіміляцыю? Ва Францыі выбар быў зроблены на карысьць правоў, у Рэчы Паспалітай — на карысьць асіміляцыі.

Грамадзянскія правы і свабоды — вось лепшы сродак для асіміляцыі гэбраяў (Анры Грэгуар, Мальзэрб). Гэбраі больш ня могуць быць “дзяржавай у дзяржаве”, ім трэба даць адчуць сябе “французамі”. Аўтаномнае становішча гэбрайскай абшчыны ліквідуецца, а гэбраі атрымаюць усю шматлікасьць грамадзянскіх правоў. Асобна стаяць прапановы графа Мірабо — прыхільніка грамадзянскай роўнасьці гэбраяў і супраціўніка касаваньня традыцыйных гэбрайскіх інстытутаў.

У праектах, высунутых у Прусіі і ў Рэчы Паспалітай і спраўджаных у Аўстрыі, акцэнты зьмешчаныя ў другі бок. Адначасова з наданьнем даволі абмежаваных правоў, гэбраяў трэба пазбавіць не толькі абшчыннай аўтаноміі, але і абавязаць разарваць са сваімі “шкоднымі” абрадамі і традыцыямі. Рэфарматары з Рэчы Паспалітай, не робячы замах на саслоўную структуру грамадства, мрояць аб далучэньні гэбраяў да аднаго з саслоўяў дзяржавы.

Другая палова XVIII стагодьдзя азначылася зьяўленьнем “гэбрайскага асьветніцтва”. І калі ў Заходняй Эўропе гэбраі, узброеныя ідэямі Майсея Мэндэльсона, пайшлі на злучэньне з тутэйшым грамадзтвам, то на Усходзе кантынэнта — засталіся апорай і сымбалем традыцыі, так негатыўна ацэненай рэфарматарамі.

Такім чынам, напрыканцы 80-х годоў XVIII стагодьдзя на мапе Эўропы мы не знаходзім дзяржавы, якая б рэалізавала эмансіпацыю гэбраяў. Паліатыўныя меры старых рэжымаў аказаліся не ў стане вырашыць гэтую праблему. Яна паўстане, у прыватнасьці, перад Устаноўчым Сходам Францыі і Сеймам Рэчы Паспалітай (1788-92 гг.). Толькі вырашаць яны яе будуць па-рознаму.

І калі рэвалюцыйная Францыя зробіцца першай эўрапейкай дзяржавай, якая ўраўняе гэбраяў у правох, распаўсюдзіць эмансіпацыю на тэрыторыю акупаваных Батаўскай (Галяндыя), Цызальпійскай і Рымскай (Італія) і Гэльветычнай (Швэйцарыя) рэспублік, то Рэч Паспалітая закончыць сваё існаваньне, пакінуўшы становішча самай буйной гэбрайскай абшчыны Эўропы фактычна бяз зьменаў.

Прайшлі дзесяцігодьдзі, перш чым эмансіпацыя “de jure” сталася эмансіпацыяй “de facto”. Куды хутчэй ішоў працэс асіміляцыі. Гэбраі сталі ператварацца ў “французаў і немцаў Майсеевага закону”, а неўзабаве папросту ў французаў і немцаў. Нямецкія гэбраі зрабілі крокі насустрач грамадству, але не дамагліся эмансіпацыі, а ў выніку падпалі “эпідэміі хрышчэньняў”, якая стартавала на пачатку ХІХ стагодьдзя ў Бэрліне (гэтак чацьвёра з шасьцёх дзяцей Мэндэльсона перайшлі ў хрысьціянства). Але і хрост не прынёс шчасьця. Гэбрайскі асьветнік Лацарус Бэндавід канстатаваў: “Хрышчэньне, да якога шмат хто імкнецца, не дае аніякага паляпшэньня, наадварот, — рэнегат сьмяецца над дзьвюма рэлігіямі, ён пазбаўлены ўсялякай глебы і асуджаны на поўнае выраджэньне76 .

Большая частка літоўска-беларуска-польскага гэбрайства, захаваўшы самабытнасьць і нацыянальную адметнасьць, не дасягнула роўнасьці ў складзе Расейскай імпэрыі, застаючыся за рысай аседласьці — мяжой пагарды і нецярпімасьці. Калі ў Бэрліне гэбраі актыўна прымалі хрост, найвыдатны вучань Віленскага Гаона рабі Хаім Валожынэр адчыніў у 1803 годзе ў Валожыне іешыву, якая стала цэнтрам гэбрайскай вучонасьці Эўропы ХІХ стагодьдзя.

 

Зацемы

1 Броер М. Начало Гаскалы. // http://www.ort.spb.ru/nesh/broer.htm

2 Корш В. Моисей Мендельсон (по поводу стопятидесятилетнего юбилея его рождения) // Еврейская библиотека. СПб., 1880. Т.8. С.18.

3 Тамсама.

4 Гильбранд К. Высшее Берлинское общество и евреи.// Еврейская библиотека. Спб., 1873. Т.4. С.243.

5 Корш В. Моисей Мендельсон (по поводу стопятидесятилетнего юбилея его рождения). С.19.

6 Тамсама. С.24.

7 Тамсама. С.21.

8 Тамсама. С.31.

9 Тамсама. С.31-32.

10 Мейер А. Описание Кричевского графства 1786 г. // Могилёвская старина. Могилёв, 1900-1901. Вып.2. С.105.

11 Дубнов С.М. Новейшая история еврейского народа от Французской революции 1789 года до Мировой войны 1914 года. Берлин, 1923. Т.1. С.17.

12 Слонимский Д. Прозелитизм с точки зрения иудейства.// Еврейская библиотека. Спб., 1873. Т.3. С.181.

13 Бадэнтер Р. Свободные и равные. М., 1997. С. 45.

14 Стасов В. По поводу перевода “Натана Мудрого” // Еврейская библиотека. СПб., 1875. Т.5. C.155.

15 Бадэнтер Р. Свободные и равные. С.42.

16 Левин И. Евреи в Пруссии XVIII века.// Еврейская старина. СПб., 1916. Т.9. вып. 1-3. C.171.

17 Тамсама. С.181.

18 Тамсама. С.184.

19 Еврейская энциклопедия. СПб., 1908-13. Т.VII. С.296.

20 Поляков Л. История антисемитизма. М., 1997. С.374.

21 Еврейская энциклопедия. Т.XV. С.450.

22 Бадэнтер Р. Свободные и равные. С.44.

23 Тамсама. С.43.

24 Тамсама. С.44.

25 Левин И. Евреи в Пруссии XVIII века. С.188.

26 Тамсама. С.189

27 Бейлин И. Вольтер и евреи (по Гретцу) // Еврейская библиотека. СПб., 1873. Т.4. С.214.

28 Тамсама. С.215.

29 Тамсама. С.223.

30 Бадэнтер Р. Свободные и равные. С.31.

31 Тамсама.

32 Тамсама.

33 Тамсама. С.32.

34 Тамсама. С.32-33.

35 Тамсама. С.33.

36 Балабан М. Политический пасквиль эпохи Радомской конфедерации // Еврейская старина. СПб., 1909. Т.2. С.101-02.

37 Дубнов С.М. Социальная и духовная жизнь евреев в Польше в

первой половине XVIII век // Восход. СПб., 1899. кн.1-2. С.62.

38 Марек П.С. Внутренняя борьба в еврействе в XVIII веке // Еврейская старина. Л., 1928. Т.12. С.47.

39 Цинберг С. Шклов и его “просветители” // Еврейская старина. Л., 1928. Т.12. С.22.

40 Тамсама. С.17.

41 Фишер К. История новой философии. СПб., 1909. С.168.

42 Из автобиографии Соломона Маймона. Очерки быта польско-русских евреев во второй половине XVIII века // Еврейская библиотека. СПб., 1872. Т.2. С.325.

43 Дубнов С.М. Новейшая история еврейского народа... Т.1. С.46.

44 Гольдштейн С.М. Сведение о евреях в Польше в польской справочной книге 1781 года.// Еврейская старина. Спб., 1909. Т.1. С.121-22.

45 Геккер Е. Проекты реформы еврейского быта в Польше в конце XVIII века // Еврейская старина. Спб., 1914. Т.7. С.210.

46 Тамсама.

47 Дубнов С.М. Еврейская Польша в эпоху разделов // Еврейская старина. СПб., 1909. Т.2. С.12.

48 Eisenbach A. Emancурacja zуdow na ziemiach рolskich 1785-1870 na tle euroрejskim. Warszawa, 1988. С.29.

49 Геккер Е. Проекты реформы еврейского быта в Польше в конце XVIII века. С.211.

50 Eisenbach A. Emancурacja zуdow na ziemiach рolskich... С.74.

51 Коробков Х. Экономическая роль евреев в Польше в конце XVIII века // Еврейская старина. СПб., 1910. Т.3. С.353.

52 Бадэнтер Р. Свободные и равные. С.48.

53 Тамсама. С.50.

54 Тамсама.

55 Тамсама. С.49.

56 Тамсама. С.52.

57 Тамсама.

58 Тамсама.

59 Тамсама. С.53.

60 Тамсама. С.51.

61 Тамсама. С.52.

62 Тамсама.

63 Кулишер М.И. Великая Французская Революция и еврейский вопрос. Л., 1924. С.44.

64 Бадэнтер Р. Свободные и равные. С.52.

65 Тамсама.

66 Лозинский С.Г. Канун эмансипации французских евреев // Еврейская летопись. Петроград, 1923. Сб.2. С.10.

67 Тамсама. С.9.

68 Бадэнтер Р. Свободные и равные. С.49.

69 Тамсама. С.53.

70 Тамсама. С.53-54.

71 Тамсама. С.54.

72 Тамсама.

73 Тамсама. С.33.

74 Корш В. Моисей Мендельсон (по поводу стопятидесятилетнего юбилея его рождения) С.19.

75 Бадэнтер Р. Свободные и равные. С.57.

76 Марголин C. Укрощённая историография. Еврейская старина СПб., 1910. Т.3. Вып.3. С.438.

 

зьмест