ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

топас/мысьленьне


ФРАГМЭНТЫ №8
№8
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


Марцін Гайдэгер

ШТО ЗНАЧЫЦЬ МЫСЬЛЕНЬНЕ?

 

Мы трапляем* у тое, што значыць мысьленьне, калі самі мысьлім. Каб такая спроба зладзілася, мусім мы быць гатовымі вучыцца мысьленьню.

Як бо мы зьвязываемся з вучэньнем, дык павінны застанавіць таксама й тое, што мысьліць мы яшчэ ня здольныя.

Але вартасьць істоты чалавека вызначаецца здольнасьцю мысьліць. І варты ён гэтага па праву. Бо чалавек — гэта разумная жывая істота. А розум, ratio, раскрываецца ў мысьленьні. Як разумная жывая істота чалавек мусіць быць у стане мысьліць, калі ён толькі хоча. Але, магчыма, чалавек хоча мысьліць і ўсё ж ня можа. Зрэшты, хоча ён мысьліць замнога і ад таго можа замала.

Чалавек можа мысьліць, наколькі ён мае магчымасьць для гэтага. Адно гэтая магчымасьць яшчэ не гварантуе здатнасьці. Як бо штосьці змагчы — значыць дапусьціць гэтае ў ягонай ісьце да нас і рупліва пільнавацца гэтым дапушчэньнем. Але здатныя мы толькі на тое, што любім, на тое, чаму мы спачувем, як бо дапускаем яго. Напраўду ж любім мы толькі тое, што спярша само любіць нас у нашай чыстай ісьце, схіляючыся адначасна да яе. Праз гэтае схіленьне пакліканая нашая іста. Схіленьне — гэта покліч. Покліч зьвяртаецца да нашае істы, заклікае нас у ісьце вонкі і гэдак трымае нас там. Трымаць — значыць праўдзіва рупіцца. Тое, што трымае нас у ісьце, трымае нас усё ж гэдак доўга, колькі мы самі захоўваем трымаючае. Мы ўтрымліваем яго, пакуль не выпускаем з памяці. Памяць — гэта збор думак. Пра што? Пра тое, што трымае нас у ісьце, між тым як яно адначасна здаранае-мысьленае намі. У якой меры мусіць быць здараным-мысьленым трымаючае нас? Нагэтулькі, як яно ад нараджэньня ёсьць дараваным-для-мысьленьня. Калі гэткае мысьліцца, яно дарыцца згадкаю-здумываньнем. Мы нясем здумываньне насустрач яму, бо любім яго як заклік нашае істы.

Толькі калі мы любім тое, чым ёсьць само дараванае-для-мысьленьня, здольныя мы да мысьленьня.

Таму, калі мы трапляем у гэтае мысьленьне, мы мусім вучыцца нашай дзелі мысьленьня-дарэньня. Чым ёсьць вучэньне? Чалавек вучыцца ў той меры, як прыводзіць свае паводзіны ў адпаведнасьць з гэным, што нейкім чынам зьвяртаецца да яго як напраўду існае. Мысьліць — дарыць думкай — мы вучымся, калі бачым тое, што дадзена мысьліць.

Нашая мова называе такое, што належыць ісьце сяброўства й паходзіць зь яе, сяброўскім. Назавем, адпаведна, цяпер тое, чым ёсьць само дараванае-для-мысьленьня, паддатным мысьленьню. Усё паддатнае мысьленьню дае нам мысьліць. Але дадзеным ёсьць гэты дарунак толькі ў той ступені, ў якой само паддатнае мысьленьню ўжо існуе для-мысьленьня. Таму мы назавем цяпер і будзем называць у наступным тое, што ўжо, бо спрадвеку, адпачатку і напярод дае мысьліць: найпаддатнейшым мысьленьню.

Чым ёсьць найпаддатнейшае мысьленьню? У чым аказываецца яно ў наш непамысны час?

Найпадатнейшае мысьленьню аказываецца ў тым, што мы шчэ ня мысьлім. Усё яшчэ не, хаця стан сьвету стаецца ўсё больш непамысным. Праўда, гэты працэс можа вымагаць, каб чалавек хутчэй дзеіў, замест каб прамаўляць на канфэрэнцыях ды кангрэсах і рухацца пры гэтым толькі ва ўяўленьнях, што павінна быць і як яно мусіць рабіцца. Паводле гэтага, не стае аніяк ня мысьленьня, але якраз дзеяньня, чыну.

І ўсё ж — можа, чалавек да нас за стагодзьдзі ўжо зашмат нарабіў і замала памысьліў.

Аднак, як магчыма сёньня цьвердзіць, што мы шчэ ня мысьлім, калі інтэрас да філязофіі спрэс жывы і стаецца ўсё спраўнейшым, так што кожны хоча ведаць, што ж мы маем, урэшце, у філязофіі.

Філёзафы — гэта мысьляры. Так яны завуцца, бо мысьленьне разгортываецца пераважна ў філязофіі. Ніхто ня стане пярэчыць, што цяпер да філязофіі йснуе цікаўнасьць. Але сёньня ёсьць яшчэ штось, чым чалавек не цікавіцца, а наймя — той спосаб, на які сёньняшні чалавек разумее “інтарэсавацца”.

“Inter-esse” значыць быць паміж і сярод рэчаў, стаяць знутра аднае рэчы і цярпліва чакаць у ёй. Аднак, для сёньняшняга інтэрасу мае вагу толькі цікаўнае. Гэта такое, што дазваляе ўжо ў наступны міг стаць абыякавым да яго і быць замененым на іншае, каторае гэтак жа мала тычыцца чагось аднога, як і папярэдняе. Сёньня часта лічаць, што нешта будзе адмыслова цанавацца дзеля таго, што яго знаходзяць цікавым. У сапраўднасьці, гэтым меркаваньнем цікавае абясцэньваецца да цікаўнага, абыякавага і адсоўваецца ў скорую дакуку.

Паказваць цікаўнасьць да філязофіі ні ў якім разе ня сьведчыць ужо гатоўнасьць да мысьленьня. Сам факт, што мы цягам год настойліва штудыюем творы і трактаты вялікіх мысьляроў, яшчэ не гварантуе, што мы мысьлім ці хаця б толькі гатовыя вучыцца мысьліць. Баўленьне зь філязофіяй можа ствараць нам найупарцейшае перакананьне, што мы мысьлім, ў той час як мы, на справе, “філязофствуем”.

Нахабствам будзе цьвердзіць і тое, што мы яшчэ ня мысьлім. Але цьверджаньне гучыць інакш. Яно кажа: найпаддатнейшае мысьленьню аказваецца ў наш непамысны час у тым, што мы яшчэ ня мысьлім. У цьверджаньні адзначаецца — найпаддатнейшае мысьленьню аказваецца. Цьверджаньне ні ў якім разе не зрываецца да пагардлівага меркаваньня аб панаваньні паўсюль толькі бяздумнасьці. Цьверджаньне, што мы яшчэ ня мысьлім, ня хоча ганіць і бязьдзейнасьць. Паддатнае мысьленьню — гэта тое, што дае мысьліць. Яно само зьвяртаецца да нас, каб мы навярнуліся да яго, а іменна — навярнуліся мысьліўна. Паддатнае мысьленьню ні ў якім разе не паўстае толькі праз нас. Яно ніколі не палягае толькі на тым, што мы яго ўяўляем. Паддатнае мысьленьню дае, ёсьць нам мысьліць. Яно дае тое, што мае ў сабе. Яно мае тое, чым ёсьць само. Тое, што найбольш дае мысьліць зь сябе, найпаддатнейшае мысьленьню, павінна аказвацца ў тым, што мы яшчэ ня мысьлім. Тады, што гэта нам гаворыць? Гэта гаворыць: мы яшчэ не дасягнулі сапраўднага абсягу таго, што само зажадала б быць памысьленым перад усім іншым і болей за ўсё іншае. Чаму мы яшчэ не лучылі туды? Магчыма таму, што мы, людзі, яшчэ недастаткова наварачаемся тому, што застаецца дараваным-для-мысьленьня? Але, паводле гэтага, тое становішча, што мы яшчэ ня мысьлім, было б толькі хібнасьцю з боку чалавека, і гэтая нястача мусіла б быць пераадольнай для яго праз належныя чалавечыя захады да чалавека.

Той стан, калі мы яшчэ ня мысьлім, аніякім чынам не палягае на тым, што чалавек яшчэ недастаткова разьвярнуўся да таго, што знутры жадае быць памысьленым. Што мы яшчэ ня мысьлім, паходзіць хутчэй з гэнага, што дараванае-для-мысьленьня само адварачаецца ад чалавека, дый нават здаўна захоўваецца адвярнуўшымся.

Тут жа мы захочам ведаць, калі й якім чынам адбылося меркаванае тут адварачэньне. Мы будзем прагна дапытвацца яшчэ й яшчэ, як мы можам ведаць пра адное з такіх здарэньняў. Такога роду пытаньні наплываюць адно на адно, нават калі йдзе пра найпаддатнейшае мысьленьню. Тое, што наўмысна дае нам мысьліць — дараванае-для-мысьленьня — адвярнулася ад чалавека не калі-колечы ў гістарычным часе, але здаўна захоўваецца ў такім адварачэньні. Само адварачэньне адбываецца толькі там, дзе ўжо зьдзейсьнены разварот. Калі найпаддатнейшае мысьленьню захоўваецца ў адварачэньні, тады гэта ўжо зрабілася, але толькі ўнутры ягонага развароту, гэта значыць так, што яно ўжо давала мысьліць. Дараванае-для-мысьленьня пры ўсім адварачэньні ўжо было (ра)зьвернутае да істы чалавека. Таму й чалавек нашае гісторыі ўжо мысьліў істотнае. Ён мысьліў самае найглыбейшае. Дараванае-для-мысьлення дазваляла сабе даверыцца гэтым думкам, што, праўда, на даволі дзіўны лад. Напрыклад, колісьняе мысьленьне нават і не памысьляла, што дараванае-для-мысьленьня хаваецца і да таго ж надзвычай далёка.

Але ж, пра што мы гаворым? Ці сказанае гэта не ланцуг толькі пустых цьверджаньняў? Дзе засталіся доказы? Ці прамоўленае мае хаця найменьшае што да навукі? Будзе добра, калі мы як болей стрываем у такім ахоўным захаваньні да сказанага. Бо толькі так мы захаваем сябе ў патрэбнай для разбегу воддалі, зь якое, магчыма, той ці іншы (да)сягне скачка ў мысьленьне найпаддатнейшага мысьленьню.

Праўда ў наступным: упярод сказанае і ўсе далейшыя разьясьненьні ня маюць аніякага дачыненьня да навукі наўпрост тады, калі разьясьненьне магло б быць мысьленьнем. Грунт такога стану рэчаў ў тым, што навука ня мысьліць. Ня мысьліць, бо, паводле роду ейнага чыненьня і ейных дапаможных снадзіваў, яна ніяк ня можа мысьліць — мысьліць на той самы ўзор, што й мысьляр. Тое, што навука ня можа мысьліць — не загана, а перавага, якая адно мацуе навуцы, паводле ейнага кшталту дасьледаваньня, магчымасьць уступаць у якуюсь адну воласьць спакмянёў і пасяляцца ў ёй. Навука ня мысьліць. Для звычайнага разуменьня гэта абуральная тэза. Пакінем тэзе ейны абуральны характар і калі яна заменіцца наступнай, навука, як і кожнае дзеяньне, і захаваньне чалавека, будзе паказваць на мысьленьне. Але дачыненьні навукі з мысьленьнем толькі тады сапраўдныя й плённыя, калі продня, што йснуе паміж навукай ды мысьленьнем, стаецца бачнай адзіна як неперасяжная. Няма ніякіх мастоў ад навукі да мысьленьня — толькі скачок. Там, куды ён нас прынясе, ня толькі іншая старана, але й зусім іншы парадак. Тое, што будзе адкрыта зь ім, ніколі нельга будзе давесьці, калі даводзіць — значыць выводзіць тэзы пра стан рэчаў з належных перадпасылак праз шэраг заключэньняў. Хто маецца даводзіць ды яшчэ мець даказаным тое, што ўвідавочніваецца адно нагэтулькі, як праказываецца, крыючыся адначасна, той разважае зусім не паводле аднаго з найвышэйшых і найстрадчэйшых крытэраў і маштабаў веды. Праўда, ён лічыць ў гэтым маштабе, але ж лічыць несувымернае. Адсюль тому, што аб’яўляецца як бо праказываецца ў самапакрыёмасьці, мы адпаведныя толькі праз тое, што паказваем на яго, што адзначаем і адасабляем гэна, каторае можа даваць выяўляцца тому, што аказваецца ва ўласьцівай яму непакрыёмасьці, у сабе саміх. Гэты просты чын ёсьць галоўнай рысай мысьленьня, шляхам да таго, што чалавеку адвеку й наперад дае мысьліць. Даказываць, выводзіць з належных перадпасылак магчыма ўсё. Але праказываць, вызваляць праз указаньне на нараджэньне-прышэсьце магчыма толькі найменшае, якое, звыш таго, шчэ й рэдкае.

Найпаддатнейшае мысьленьню аказвацца ў наш непамысны час у тым, што мы яшчэ ня мысьлім. Мы ня мысьлім, бо дараванае-для-мысьленьня адварачаецца ад чалавека і зусім ня толькі таму, што чалавек недастаткова наварачаецца дараванаму-для-мысьленьня. Для-мысьленьня адварачаецца ад чалавека. Яно ўнікае чалавека тым, што не даецца яму, крыючыся ад яго. Але, тое што крыецца, ужо настала пастаўленае перад намі працягнутым да нас. Тое, што тоіць сябе, паводле ўласьцівасьці пакрыёмага, не зьнікае. Дык як мы можам ведаць пра тое, што тоіцца такім чынам, хаця б самае найменшае? Як прыходзім мы да таго, каб гэнае нават называць? Тое, што тоіцца, абяцае нарадзіцца-зьявіцца. Але, утойваньне сябе гэта ўжо не нішто. Уніканьне тут — гэта не-дадзенасьць і як такое — падзея. Тое, што тоіць сябе, можа быць істотней спрычыненым чалавеку і зьвяртацца нутраней за ўсякае наяўнае, каторае яго закранае і завязывае на сябе. Заклапочанасьць рэчаісным ахвоча падтрымліваецца, таму што ўдае ісьціну рэчаіснага. Але азадачанасьць рэчаісным можа папросту адгарадзіць чалавека ад таго, што тычыцца яго, тычыцца выразна загадкавым чынам, бо, прышэсьце, хаваючыся, высклізгае ад яго. Таму схаванасьць, самаўніканьне дараванага-для-мысьленьня можа цяпер, як падзея, быць больш злабадзённым, чым усё актуальнае.

Тое, што ўнікае нас названым чынам, адхінутае ад нас. Але пры гэтым і прыхінутае наўпрост да нас і вабіць нас на свой лад. Тое, што хаваецца, здаецца цалкам адсутным. Але гэтая ўява маніць. Тое, што хавае сябе, адсутнае так, што яно вабіць нас незалежна ад таго, заўважаем мы яго адразу ж ці збольшага, ці зусім не ўспрымаем. Ужо адно, што нас цягне, пацьвярджае прышэсьце. Калі мы ў (по)цягу (да)сягнулі памкненьня, — мы ў руху да таго, што вабіць нас, крыючы сябе.

Але, калі мы, як такія, завабленыя ў рух да ..... , цягнучага нас, тады й нашая іста ўжо адбілася проста пераз гэтае “ў руху да .....”. Як такія адзначаныя паказываем мы самі сабе на самапакрыёмае. Мы ёсьць перадусім толькі сабой і толькі тымі, хто мы ёсьць, і разам з тым мы кажам на самапакрыёмае. Гэтае аказваньне ёсьць нашай істой. Мы ёсьць, як бо мы паказваем у самапакрыёмае. Як паказвальнае туды, чалавек ёсьць паказальнікам. І чалавек уласна — гэта не чалавек перадусім, і тады шчэ, апрача ўсяго, зрэдчас магчымы паказальнік. Але толькі вымкнуты ў самапакрыёмае, у рух да яго, і разам з тым кажучы на ўніканьне, чалавек ёсьць перадусім чалавекам. Ягоная істота карэніцца ў тым, каб быць такім паказальнікам.

Тое, што зь сабе, паводле свайго строю, ёсьць чымсь паказывальным, мы называем знакам. Вымкнуты ў руху да самапакрыёмасьці чалавек ёсьць знакам.

Як бо знак гэты паказывае ў такое, што пазьбягае сябе, знак можа непасрэдна не тлумачыць тое, што крыецца за ім. Так знак застаецца без разьясьненьня.

Гёльдэрлін у накідзе да аднаго гімну кажа:

“Мы знакам ёсьць невыясьнёным
нам не баліць ды ўжо хіба
й мову страцілі ў чужыне.”

Накіды да гімну мелі назовы “Зьмяя”, “Німфа”, “Знак” і апроч таго “Мнэмазіна”. Мы можам перакласьці гэтае грэцкае слова на нашую нямецкую як “памяць”. Нашая мова гавора: das Gedaechtnis /памяць, згадваньне/ (сярэдні род па-нямецку). Але гаворыць яна і: die Erkenntnis /спазнаньне, сьвядомасьць/, die Befugnis /права, кампэтэнцыя/ (жаночы род па-нямецку); і зноўку: das Begraebnis /пахаваньне/, das Geschehnis /здарэньне/ (сярэдні род). Кант, да прыкладу, у сваёй манэры мовіць часта ўжываў Erkenntnis як у жаночым, так і ў сярэднім родзе, блізка адно пры адным. Таму мы можам бяз гвалту перакладаць Mnhmosbnh, якому ў грэцкай адпавядае жаночы род, як “памяць” жаночым родам.

Гёльдэрлін называў грэцкае слова : :<0:@Fb<0 як імя аднае з тытанідаў. Яна — дачка неба і зямлі. Каханка Дзэўса на дзевяць начэй, Мнэмазіна сталася маці музаў. Гульня й танец, сьпеў і верш належаць улоньню мнэмазіны, памяці. Відавочна, тут гэтае слова будзе значыць іншае, чым толькі прынятую ў псыхалёгіі здольнасьць утрымліваць мінулае ва ўяўленьні. Памяць згадвае пра здаранае-памысьленае. Але “памяць” у менаваньні маці музаў разумеецца не як любое мысьленьне пра што-колечы памыснае. Памяць тут — збор здумываньняў, якія супольна палягаюць на тым, што ўпярод ужо здарана-памысьлена, бо спрадвеку ўжо хацела быць мысьленым. Памяць гэта перадусім збор здумываньняў аб дараваным-для-мысьленьня. Гэты збор сам крыецца і крые такое, што адвеку магчыма мысьліць ува ўсім, што аказываецца і зьвяртаецца як істотнае ды існае. Памяць, сабраныя здумленьні-згадкі пра дараванае-для-мысьленьня, — крыніца паэзіі. Іста паэзіі, згодна з гэтым, палягае ў мысьленьні. Гэта гаворыць нам міт, г.зн. паданьне, казка. Іхны аповяд значыць найстарэйшае ня толькі па даўнасьці ў часе, але й таму, што яно (найстарэйшае) здаўна і надалей застаецца найбольш вартым памяці-ўдзячнасьці ў сваёй ісьце. Вядома, мы можам мець уяўленьне пра мысьленьне са зьвестак, што дае нам пра яго лёгіка, можам паважна ня ўлічываць, што ўся лёгіка ўжо ўгрунтаваная ў вадным апрычоным родзе мысьленьня, але як тады зможам мы заўважыць, што паэзія карэніцца, і як глыбака, ў згадках.

Усякі Верш здараецца як дар здумваньня. Пад назваю Mnemosyne Гёльдэрлін кажа:

“Мы знакам ёсьць невыясьнёным...”

Хто мы? Мы, сёньняшнія людзі, людзі сяго дня, які ўжо даўно й яшчэ доўга будзе доўжыцца ў даўжыні, меры для якой не здабудзе ніякае часавае зьлічэньне гісторыі. У тым жа гімне “Мнэмазіна” ён зазначае: “Даўным ёсьць / час” — наймя той, у якім мы — гэта невытлумачаны знак. Ці не стае, каб мысьліць, ужо гэткага, што мы — гэта знак і наймя неразьясьнёны? Магчыма, гэна, што Гёльдэрлін гаворыць у гэтых і наступнымі радках, належыць да таго, у чым праказваецца нам найпаддатнейшае мысьленьню, наймя, што мы яшчэ ня мысьлім. Але, ці тое, што мы яшчэ ня мысьлім, палягае на гэным, што мы — гэта невыясьнёны знак і нам не баліць, ці то мы невыясьнёны знак і нам не баліць, як бо мы яшчэ ня мысьлім? Калі апошняе адпавядае рэальнаснасьці, дык тады мысьленьнем было б тое, што даравала б адпачатны боль сьмяротным, а знаку, калі такім ёсьць сьмяротныя, надало б вытлумачэньне. Такое мысьленьне пераводзіць нас у дыялёг з паэзіяй паэты, радкі якога, як нішто іншае, шукаюць водгаласу ў мысьленьні. Калі мы наважымся дасягаць роўню паэтычнага слова Гёльдэрліна ў вабсягу мысьленьня, дык мусім пільнавацца, каб бяздумна не прыраўноўваць паэтычна прамоўленага Гёльдэрлінам да таго, што мы зьбіраемся мысьліць. Паэтычна прамоўленае й мысьлярскі прамоўленае ніколі не сувымерныя. Аднак і адное і другое могуць адрозным чынам прамаўляць тое самае. Тут шчасьціць адно тады, калі продня спаміж паэзіяй і мысьленьнем зеўрае чыста і выразна. Гэта здараецца, калі паэзія ёсьць вышынёй, а мысьленьне — глыбінёй. Ведаў гэта і Гёльдэрлін. Мы пазычым зь ягонае веды дзьве страфы, якія называюцца:

Сакрат і Алькібіяд

“Чаму, сьвяты Сакрат, шануеш маладзёна?
Ня ведаеш нібы з дастойнейшых каго?
Чаму яго зь мілосьцю прыдатнай для багоў
Лялеіць тваё вока?”

Адказ дае другая страфа.

“Хто найглыбейшае памысьліў — любіць найжывое,
Юнацтва высокае цяміць хто вызірнуў колісь у сьвет
І часта схіляе яно напрыканцы
Мудрага перад красою”.

Нас тычыцца радок:

“Хто найглыбейшае памысьліў — любіць найжывое”.

У гэтым радку лёгка не дачуць сапраўды вымоўныя і таму апорныя словы. Вымоўныя словы — гэта дзеясловы. Мы пачуем дзеясловы радка, калі йнакш, нязвыкла звычайнаму вуху, агучым іх.

“Хто найглыбейшае п а м ы с ь л і ў — л ю б і ць найжывое”.

Паўсталая блізіня абодвух дзеясловаў “памысьліў” і “любіць” стварае сярэдзіну радка. Згодна з гэтым, любоў карэніцца ў тым, што мы мысьлілі найглыбейшае. Такое “мысьлілі”, мяркуем, і спараджае самую памяць, у якой знаходзяць сябе як мысьленьне, так і паэзія, а зь імі й ўсё мастацтва. Але, што ж значыць тады “мысьліць”? Што, напрыклад, значыць “плаваць”, мы ніколі ня зьведаем з тлумачэньняў пра плаваньне. Чым ёсьць плаваньне, скажа нам сіг у плынь. Толькі так зазнаем мы сяродак, у якім мусіць адбывацца плаваньне. Дык якім жа ёсьць сяродак, у якім рухаецца мысьленьне?

Хай цьверджаньне, што мы яшчэ ня мысьлім, слушнае, тады яно гаворыць і тое, што нашае мысьленьне рухаецца яшчэ ня ўласна ў сваім ісьцінным асяродзьдзі, і якраз таму, што дараванае-для-мысьленьня нас унікае. Мы ня можам прымусіць нарадзіцца тое, што гэдак тоіцца нас і застаецца з таго непамысьленым, ня можам самі выбраць нагоду ды ясна прамысьліць яго напярод.

Такім чынам, нам застаецца толькі адно — чакаць, пакуль дараванае-для-мысьленьня зьвернецца да нас, пакліча нас. Але ж чакаць кажа тут аніяк ня тое, што мы пакуль усё яшчэ адвалакаем мысьленьне. Чакаць — значыць тут азірацца навокал ці, дакладней, унутры ўжо памысьленага аб непамысьленым, якое шчэ крыецца ва ўжо памысьленым. Цераз такое чаканьне мы ўжо крочым, мысьліўна, па шляху ў дараванае-для-мысьленьня. Шлях можа быць і аблудным. Але ён застаецца адзіным настроеным адпавядаць тому, што дадзена мысьліць.

Дык у чым жа павінны мы агулам зацямляць тое, што адпачатна й перадусім дае чалавеку мысьліць? Як можа аказацца нам найпаддатнейшае мысьленьню? Адзначалася: найпаддатнейшае мысьленьню аказваецца ў наш непамысны час у тым, што мы яшчэ ня мысьлім, г.зн. мысьлім яшчэ не такім чынам, каб належна адпавядаць найпаддатнейшаму мысьленьню. Мы дагэтуль не ўступілі ва ўласную істу мысьленьня, каб у ёй жыць. У гэтым сэньсе самі мы яшчэ ня мысьлім напраўду. Але яно ж наўпрост кажа: “Мы ўжо мысьлім, але, па-за ўсёй лёгікай, яшчэ не давераныя сапраўднаму сяродку, у якім мысьленьне праўдзіва мысьліць”. Таму мы нават недастаткова ведаем, у якім асяродзьдзі ўжо рухаецца дагэтулешняе мысьленьне, з прычыны, што яно ёсьць мысьленьнем. Галоўная рыса дагэтулешняга мысьленьня — дапытваньне. Здольнасьць да яго завецца розумам.

Чаго дапытываецца розум? У якім асяродзьдзі трывае запытваньне, калі перазь яго адбываецца мысьленьне? “Запытваць” — гэта пераклад грэцкага слова <@gJ<, што значыць “заўважаць штосьці існае, заўважаючы аруплівацца ім і прыймаць яго як існае”. Гэтае арупленае запытваньне ў простым, шырокім і, ў той жа час, істотным сэнсе ёсьць у-яўленьнем, калі існае мы пакідаем стаяць і ляжаць перад намі так, як яно ляжыць і стаіць.

З раньнягрэцкіх мысьляроў, Пармэнід у ладнай ступені вызначыў істу дагэтулешняга заходняга мысьленьня. Ён, калі заходзіла пра гэнае мысьленьне, але ніяк і ніколі дагэтуль, усё ж заўважаў тое, што мы любім называць ягонай (мысьленьня) істою. А палягае яна пераважна ўпрост на такім, каторае дазволіла вызначыць істу мысьленьня з таго, што адчула яго (мысьленьне) як запытваньне — наймя, на бытным ў ягоным быцьці

Пармэнід гаворыць (Фрагмэнт VIII, 34/36):

(...)

“Але як самое запытваньне, так і (тое),
з чаго запытваньне йдзе.
Наймя не без быцьця бытнага, у якім яно
(наймя запытваньне) ёсьць прамоўленым,
знойдзеш ты запытваньне”.

Гэтыя словы Пармэніда ясна высьвятляюць: мысьленьне ўспрымае сваю істу як запытваньне з быцьця бытнага. Тагды што значыць тут быцьцё бытнага для грэкаў і, у выніку, для ўсяго заходняга мысьленьня да гэтае пары? Адказ на гэтае шчэ не стаўлянае, бо занадта простае, пытаньне гучыць так: быцьцё бытнага значыць існаваньне існага, наяўнасьць дараванага. Адказ гэты — скачок у цемрадзь.

Тое, што адчувае мысьленьне як запытваньне, — гэта дараванае у ягонай наяўнасьці. У ім мысьленьне бярэ меру для свае істы як запытваньня. Згодна з гэтым, мысьленьне — гэта такая прэзэнтацыя дараванага, якая мусіць ставіць нам існае ў ягонай існасьці і таму стаўляе яго перад намі, таму мы стаім перад існым і можам трываць ўнутры гэтага свайго стаяньня. Мысьленьне мусіць ставіць існае ў дачыненьне да нас, аднаўляць нам яго наноў, як гэткую прэзэнтацыю (стаўленьне). Таму прэзэнтацыя гэта рэ-прэзэнтацыя (стаўленьне дараванага). Слова representatio — гэта пазьней пашыраны назоў для ў-яўленьня.

Адметнай рысай дагэтулешняга мысьленьня ёсьць уяўленьне. Паводле даўнае навукі аб мысьленьні гэтае ўяўленьне адбываеца ў 8@(@H, слове, якое азначае тут “разважаньне”. Навука аб мысьленьні, пра 8@(@H, завецца таму лёгікай. Кант вельмі наўпрост прымаў традыцыйнае абазначэньне мысьленьня як уяўленьня. Бо асноўны чын мысьленьня, разважаньне, ён вызначыў як уяўленьне ўяўленьня спакмяня. (Kr. d. r. V. A.68, B.93). Пастановім, напрыклад, “гэтая дарога камяністая”, тады ў разважаньні ўяўленьне спакмяня, г.зн. дарогі, будзе паказана з гледзішча магчымасьцяў ўяўленьня, тут, наймя, як камяністай.

Вызначальная рыса мысьленьня — гэта ўяўленьне. Ва ўяўленьні разгортываецца запытваньне. Само ўяўленьне гэта рэ-прэзэнтацыя. Дык чаму-ж мысьленьне палягае ў запытваньні? Чаму запытваньне разгортваецца ва ўяўленьні? Чаму ўяўленьне гэта рэ-прэзэнтацыя?

Філязофія ставіць сябе так, нібы тут спрэс няма пра што пытацца.

Тое, што даўнейшае мысьленьне палягае ва ўяўленьні, а ўяўленьне ў рэ-прэзэнтацыі — мае даўнае паходжаньне. Яно хаваецца ў нябачнай зьяве-здарэньні: быцьцё бытнага зьяўляецца напачатку заходняе гісторыі й выяўляецца на ўсім цягу яе як наяўнасьць, як існае. Гэтае зьяўленьне быцьця як істы існага й ёсьць уласна пачаткам заходняе гісторыі, пры ўмове, што гісторыю мы ўяўляем ня толькі паводле падзеяў, але мысьлім яе найперш паводле таго, што ўладна даслана пераз гісторыю адпачатна і пераз усё, што зьдзейсьнілася.

Быць — значыць існаваць. Існаваньне, гэтая лёгкавымоўная вызначальная рыса быцьця, ў момант стане поўнай таемнасьцю, калі мы абудзімся й заўважым, куды адсылае нашае мысьленьне тое, што мы завем існым.

Існуючае праўдзіцца, кажучы ў непакрыёмасьць і знутра яе. Існаваньне здараецца толькі там, дзе непакрыёмасьць ўжо ўладарыць. Але існуючае, як яно доўжыцца ў непакрыёмасьць, — гэта сучаснае.

Таму да існага належыць ня толькі непакрыёмасьць, але і сучаснасьць. Гэтая ўладарная ў існым сучаснасьць ёсьць адметнасьцю часу, істу якое нельга, аднак, схапіць пераз успадкаваны панятак часу.

У быцьці, праяўленым як існаваньне, застаецца ўсё ж уладарная ў ім непакрыёмасьць, гэтаксама як і непамысьленая як уладная ў ім іста сучаснасьці й часу. Імаверна, непакрыёмасьць і сучаснасьць, як іста часу, належаць адна адной. Наколькі мы запытываем бытнае ў ягоным быцьці, наколькі мы, мовячы ў манэры Новага Часу, уяўляем спакмяні ў іхнай спакмянёвасьці (пастаўленасьці перад намі), нагэтулькі мы ўжо мысьлім. Але, ўсё адно, пакуль застаецца непамысьленым тое, на чым палягае быцьцё бытнага, калі яно выступае як існуючае, мы мысьлім не сапраўдна.

Паходжаньне істы быцьця бытнага — непамысьленае. Уласна дараванае-для-мысьленьня застаецца сукрытым. Яно яшчэ ня сталася для нас вартым мысьленьня. Таму нашае мысьленьне ня трапіла яшчэ адмыслова ў свой сяродак. Мы мысьлім яшчэ не напраўду. Таму й пытаемся: што значыць мысьленьне?

 

Пераклаў зь нямецкае Сяргей Варывоцкі

Пераклад зроблены паводле выданьня: Martin Heidegger. Was heisst Denken? // Vortraege und Aufsaetze. Guenther Neske. Pfullingen, 1954. S.129 — 143.

 

 

Сяргей Варывоцкі

КАМЭНТАР

 

“Што значыць мысьленьне?” — выступ М.Гайдэгера па Баварскім радыё, які прагучэў у 1952 годзе. Падставаю для яго стаў цыкаль лекцыяў з тым жа назовам, чытаных ва Фрайбургскім унівэрсітэце ў 1952/53 гадах.

 

Мы трапляем... — Лучыць у адказ на запытаньне магчыма толькі мысьлячы (не йдучы, не чытаючы) самастойна (не з чужое падказкі). Калі не трапляем нібыта і мысьлячы і нібыта самастойна — значыць мусім вучыцца, бо мысьліць мы яшчэ ня здольныя.

Але вартасьць істоты... — Жывая істота бяз розуму не ёсьць чалавекам. Немагчымасьць мысьліць, праяўляць розум, — можа быць вынікам адсутнасьці адчуваньня меры.

Чалавек можа мысьліць... — Патэнцыял мысьленьня рэалізуецца ня толькі адпаведна чалавечым жаданьням праяўляць розум, але і ў вадпаведнасьці з жаданьнем і здольнасьцю пачуць, дапусьціць, утрымаць і дагледзець тое, што магчыма мысьліць. Гэта залежыць ад рашучасьці аддаць яму свае думкі, згадкі, успаміны, памяць. Падарыць сябе дараванаму-для-мысьленьня і ўспрыняць яго як дарунак. Прыняць дар, усьвядоміўшы, што гэта дарунак наш, нашай ісьце, які сам выбраў нас і вымагае нашага сапраўднага пільнаваньня і ўвагі да сябе.

Толькі калі мы... — Любім, тут, гэта не кахаем, не мілуем і не шкадуем. Любім гэта жадаем у найбольшай ступені таго, што нас вабіць, разумеючы ўсю адказнасьць, што кладзецца на нас з гэтае прычыны.

Таму, калі мы... — Чалавечы ўдзел у вучэньні мысьліць — гэта адчуваць сваё сапраўдна існае, узгадняць сябе зь ім, маючы яго ўваччу.

Нашая мова... — Паддатнасьць мысьленьню (канкрэтна нашаму ўласнаму) — уласьцівасьць дараванага нам для-мысьленьня, ягоная найістотнейшая пазнака для нас як людзей. Наколькі паддатнае мысьленьню (тая дзель, якая адведзена нам) бачыцца намі як сапраўдна існае, нагэтулькі яно ёсьць найпаддатнейшым мысьленьню (тая частка, якую мы самі ўспрымаем). Мяркуем, адказ на пытаньне-загадку, пастаўленую ў назве, гэта якраз і ёсьць найпаддатнейшае мысьленьню. Далейшыя тлумачэньні толькі разьясьняюць гэтую разгадку.

Найпаддатнейшае мысьленьню аказываецца ў тым, што мы шчэ ня мысьлім. ... — Ключавая фраза тэксту. Рэфрэн, які шмат разоў паўтараецца па хадзе лекцыі. Ягоныя невялікія варыяцыі толькі паглыбляюць і пашыраюць разуменьне сэнсу. Мы ня мысьлім, значыць ня бачым сапраўды істотнага, не адчуваем таго, што кліча нас. Праяўляецца гэта ў непамыснасьці стану сьвету (ён не адпавядае нашым найглыбіньнейшым спадзяваньням і чаканьням, мы не пачуваемся ўтульна і зручна, мы ня можам зрэалізаваць у ім свае найістотныя патэнцыі, сьвет наш не належны), дзеяньне ў якім не прыносіць ісьцінага плёну.

І усё ж... — Пытаньне пра стасунак і меру мысьленьня і чыну, ва ўмовах непамыснасьці стану сьвету.

Аднак, як магчыма... — Спроба аспрэчыць тэзу пра адсутнасьць сапраўднага мысьленьня ў цяперашні час, на падставе шырокага зацікаўленьня філязофіяй (як апрычонай воласьцяй разгортываньня мысьленьня).

Inter-esse значыць... — Вызначэньне сутнасьці інтарэсу, як істотнае для кожнага паасобку. Чужыя, навязаныя думкі, мода пераводзіць інтарэс (паважны, асабісты і асобны) ў часовую, зьнікомую агульную цікаўнасьць. Займацца філязафаваньнем і мысьліць — ня тое самае.

Нахабствам будзе... — Жаданьне найпаддатнейшага мысьленьню быць заўважаным праяўляецца ў тым, што яно (п)аказываецца. Таму нейкае думаньне ўсё ж адбываецца, хай сабе і бяз чынных наступстваў. Але паддатнае мысьленьню вымагае ад нас не думаньня, а іменна мысьленьня. Яно хоча нашае мысьліўнае адкрытасьці, мысьліўнае адчувальнасьці, мысьліўнага далучэньня да сябе. Мысьліўства-мысьленьне тут магчыма параўнаць з паляваньнем-ловамі, з ахвотаю (пайшоў на ахвоту, ахвоча), каб упільнаваць здабычу, прамысьліць яе (промысел). Паддатнае мысьленьню — лес для мысьліўца, які дае яму тое, што мае ў сабе. Сапраўдны мыслівец не у-яўляе сабе лес. Ён мае яго перад сабой. І тое, што будзе ўбачана ахвотнікам у лесе, тое і стане ягоным найпаддатнейшым мысьленьню, тым, што найбольш дае мысьліць зь сябе. Зь яго (найпаддатнейшага) і будзе паходзіць усялякае здабытае. Адсюль, не дайшоўшы лесу, нельга ўмысьліць лясное дзічыны. Трэба зайсьці ў лес. Трэба было б знаюшчым мысьліўцам абвесьціць пра гэта і тым ахвотнікам, хто ня ведае пра лес.

Той стан, ... — У працяг параўнаньня: мала ведаць, што дзічына хаваецца ў лесе. Трэба ведаць, дзе той лес. У якім кірунку? Ці ён існуе ўвогуле?

Тут жа мы захочам... — Дараванае-для-мысьленьня існуе. Гэта пацьвярджаецца істотнасьцю здабытага-ўбачанага мысьліўцамі даўнейшых часоў, якія нават і не дапускалі, што “лес” трэба шукаць. Проста (?) яны і дараванае-для-мысьленьня нейкай парой апыналіся тварам у твар. У час гэтае “планеты” мысьляры былі ахвотныя бачыць, а для-мысьленьня — разьвернутае да іх бачным бокам. Не паўставала й думкі, што нешта можа (с)хавацца.

Але ж, пра што... — Пытаньні пра давер да аўтарытэтнага сьветчаньня. Хто давярае — не вымагае доказаў, пацьверджаньняў, устрымліваецца ацэніваць. Лепей дачакацца вынікаў.

Праўда... — Навука разводзіцца з мысьленьнем і прыраўноўваецца да іншых паказальнікаў ды індыкатараў мысьленьня, якія кажуць на мысьленьне тым, што не таесамяцца зь ім. Навука — не мысьленьне. Не супадаюць ні арганізацыя прасторы аднога і другога, ні дзеяньні ў прасторы (вылічэньне, разьлік ня маюць значэньня пры мысьленьні), ні інструманты для яго (мера і маштабы зусім адрозныя). Зусім адрозныя і аб’екты (рэдкасьць-частасьць, памеры) абодвух і іхная (аб’ектаў) каштоўнасьць. Найважнейшыя радкі абзаца (Адсюль, тому ... і далей) разьясьняюць асноўную дзею мысьленьня, як прывядзеньня сябе ў адпаведнасьць з дараваным-для-мысьленьня: — указываць на тое, што зьяўляецца, калі паказываецца ў сваім хаваньні; — адзначаць, выдзяляць і аддзяляць у саміх сабе тыя выпадкі, якія спрыяюць праяўленьню таго, што выяўляе сябе ў несхваным.

Найпаддатнейшае мысьленьню... — Перанос акцэнту з уяўнае актуальна-сьці наяўнага і ягоных запатрабаваньняў на ўніканьне дараванага-для-мысьленьня. Для-мысьленьня існуе скрываючы сябе ад чалавека. Яно хаваецца, але не зьніклае, не нішто. “Тое, што тоіць сябе — абяцае нарадзіцца.” Небясьпека тут ў магчымасьці не заўважыць і прамінуць нараджэньне-прыйсьце таго, што нельга нават назваць (адсюль усе гэтыя пазнакі, прыкметы), бо рэчаіснае адгараджае чалавека ад ісьціны.

Тое, што ўнікае... — Нараджэньне вабна праяўляе сябе (по)цягам. Памкненьне — рух да самапакрыёмага.

Але, калі мы... — Апісаньне чалавека не як нейкае разумнае істоты, але як істы, што мкнецца вонкі сябе і трывае там, паказываючы самой сабе на самапакрыёмае.

Тое, што зь сябе... — Чалавек гэта паказальнік — знак сам сабе. Знак са схаванае мовы ня мае сам для сябе кантэксту і разуменьня.

...невыясьнёным... — які не атрымаў выясьненьня, разьясьненьня, ня быў вытлумачаны.

Накіды да гімна... — Абгрунтаваньне далейшага ўжываньня нямецкага слова сярэдняга роду Gedaechtnis (памяць) у жаночым родзе.

Гёльдэрлін называў... — Сюды ж: Паводле паведамленьня Паўсанія (IХ, 39, 8) блізу пячоры Трафоніюса ў Лейбадэне (Беотыя) тыя, хто прыйшоў запытаць аракула ўпярод пьюць ваду зь дзьвюх крыніц: Леты — забыцьця, каб забыцца пра клопаты і хваляваньні, і Мнэмазіны — памяці, каб запомніць пачутае і ўбачанае ў пячоры. Істотная сувязь памяці з аракулам — зазіраньнем у будучыню. Памяць — як крыніца, зь якое паходзіць мысьленьне (бо “гэта ... зборня ўзгадываньняў пра дараванае-для мысьленьня”). Лепшы подступ да пазнакаў мысьленьня — пераз паэзію. Яны паходзяць з аднога жарала; мысьленьне — іста паэзіі. Міт, сага, як паэтычная трансьляцыя найістот-нейшага, — аргумент за пошук знакаў мысьленьня ў паэзіі.

Хто мы?... — Верш, як аб’яўленьне найпаддатнейшага мысьленьню, паказывае на тое, што мы яшчэ ня мысьлім. Мысьленьнем, паводле Гёльдэрлінава верша, будзе тое, што дасьць сьмяротным адпачатны боль і знаку (чалавеку) — вытлумчэньне. Магчымыя абмылкі пры спробе “дасягнуць роўню паэтычнага слова ... ў вабсягу мысьленьня” вынікаюць з адрознасьці моваў аднога і другога, і патрабуюць зважаньня на адсутнасьць мяжы спаміж імі. Не забываць, што паэзія — вышыня, а мысьленьне— глыбіня.

Паўсталая блізіня... — у варыгінале не сяродак, а Элемент. Элемент тут — гэта сярэдзінная, найістотнейшая і цэнтральная частка сьветабудовы (як і рэальныя літары Л, М, Н, што ствараюць цэнтар альфабэту, які ў сваім першародным варыянце быў адпаведнікам устройства сьвету). Але, разам з тым, гэта і Сярэдзіна — тая прастора, той нераскладальны, неспрашчальны, найважнейшы (а)сяродак сусвету, зь якім зьвязаныя складаныя пераходы аднога сьвету ў іншы.

Хай цьверджаньне... — Дараванае-для мысьленьня не дае мысьленьню належнага сяродку, а мы ня ў стане прынучыць яго і падрыхтавацца.

Такім чынам, нам... — Мы мусім заўжды быць гатовымі да звароту, мусім чакаць. Напружанае, чуйнае чаканьне прыйсьця, пільнаваньне ўсякага непамысьленага ва ўжо памысьленым — шлях да таго, што значыць мысьленьне.

Дык у чым жа... — Мысьленьне яшчэ не адпаведнае найпаддатнейшаму мысьленьню. Але яно ўжо йснуе. У якім асяродку? Дзе мы цяпер? Нашае мысьленьне да гэтае пары — гэта запытывальная дзейнасьць розуму.

Чаго дапытываецца розум?... — Розум запытываецца ў існага, такога, якім мы яго бачым і якім прымаем як існае. (Мы ня ставім пытаньне пра ягоную істотнасьць для нас.) Яшчэ Пармэнід адзначае, што бытнае ў сваім быцьці сталася тым, што адчула запытальнасьць як істу мысьленьня. Быцьцё бытнага гэта і наяўнасьць (пастаўленасьць перад сабой) дараванага (наяўнага).

Тое, што адчувае... — Мерай мысьленьня як запытываньня ёсьць наяўнае ў сваёй пастаўленасьці перад намі. Такое мысьленьне ўводзіць нас у існуючае, паказывае нам нас у дачыненьнях з наяўным. Яно падае-прапануе нам існае, рэ-прэзэнтуе яго. Мысьленьне стварае нам яву-наяўнасьць. У-яўленьне магчыма разумець і як пастаўленьне рэчаіснасьці перад нашымі вачмі (Vorstellung).

Адметнай рысай... — Запытывальнае мысьленьне гэта ў-яўленьне, якое адбываецца ў Лёгасе. Лёгас і вызначае магчымасьці і абмяжоўвае такое мысьленьне здольнасьцю пастанаўляць, выракаць, разважаць толькі пра наяўнае, лягічнае, назоўнае.

Тое, што даўнейшае... — Быцьцё бытнага адпачатна дадзена нам як наяўнасьць, існае. Але іста існага гэта не бытнае, а быцьцё. Існаваньне быцьця, ягоныя падставы, прычыны — вось вартае ўвагі ў існуючым.

...непакрыёмасьць... — гэта Гайдэгераўскі пераклад грэцкага Алэтэя — ісьціна. Магчыма, тут гэта і дараванае-для-мысьленьня.

Існуючае праўдзіцца... — Сучаснасьць непакрыёмасьці складае істоту-сутнасьць існуючага. Запытываючы бытнае/сучаснасьць мы ўжо ставім запытываньні і непакрыёмасьці, бо “непакрыёмасьць і сучаснасьць ... належаць адна-адной”. Але сапраўднае мысьленьне ня ёсьць запытывальным. Яно ня ставіць пытаньняў. Яно не спадзяецца адказаў. Мысьленьне, скіраванае дараванаму-для-мысьленьня, чуйна чакае прыйсьця.

 

зьмест