ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

тэма/тэкст


ФРАГМЭНТЫ №8
№8
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


Мацей Яноўскі

ДЗЬВЕ КРЫНІЦЫ ЛІБЭРАЛЬНАЕ ДУМКІ

 

І

Эўрапейскі лібэралізм чэрпаў свае ідэі зь дзьвюх крыніцаў: з традыцыі сярэднявечных станавых свабодаў і з ідэалёгіі ды практыкі мадэрнага абсалютызму.

Цяжка пераацаніць значэньне станавага ладу для разьвіцьця ідэалаў свабоды ў новы час: менавіта ў сярэднявеччы паўстала паймо прававой сыстэмы, узьніклі мэтады інтэрпрэтацыі права і ідэя правапераемнасьці, і гэтыя прынцыпы, выпрацаваныя ў ХІ-ХІІ стагодзьдзях, выкарыстоўваліся ў наступныя часы ў сьвецкім заканадаўстве.1 

Але ў сярэднявеччы свабода мела частковы, не ўсеагульны характар, была прывілеем, нададзеным асобе альбо групе паводле вольнай (прынамсі тэарэтычна) волі ўладара ці леннага пана. Слова свабода, такім чынам, выступала зазвычай у множным ліку, “правы і свабоды” места, правінцыі ці стана мелі сваё матэрыяльнае ўвасабленьне, былі напісаныя на пэргамэнце, пацьверджаныя пячаткамі і благавейліва захоўваліся ў куфрах. Правы і абавязкі вызначаліся прыналежнасьцю да той ці іншай супольнасьці, не было ніякай абстрактнай ідэі “правоў чалавека”, прыналежных усім ад нараджэння.

Эўрапейскі абсалютызм стварыў перадумовы для зьяўленьня гэткай ідэі: руйнуючы сярэднявечныя свабоды, абмяжоўваючы прывілеі шляхты, самакіраваньне местаў, самастойнасьць правінцыяў і незалежнасьць Касьцёла, ён тымсамым прывёў да аднастайнасьці размаітую мяшанку законаў, інстытуцыяў, узаемных падпарадкаваньняў і сыстэмаў улады, што спаборнічалі між сабой, стварыўшы на іхным месцы пачатак новай дзяржаўнасьці з аднастайнай сыстэмай кіраваньня, бюракратыяй, падпарадкаванай уладзе і супольнай для ўсіх прававой сыстэмай. Сувэрэннасьць, носьбітамі якой дагэтуль былі правінцыі, станы ці іншыя аўтаномныя карпарацыі, пачала засяроджвацца ў сталіцах дзяржавы. Так абсалютныя манархі, “сьляпыя інструмэнты ў руках Божых”, паводле трапнага выслоўя Таквіля, несьвядома дзейнічалі на карысьць сучасных дэмакратычных грамадзтваў. Гэты гмах быў цалкам збудаваны адно пасьля францускай рэвалюцыі, але паступова адбывалася сьціраньне адметнасьцяў. Толькі ў выніку гэтай рэвалюцыі магла паўстаць ідэя “грамадзяніна”, якая раней увогуле не існавала — ідэя фундамэнтальная для лібэральнай думкі, што злучае пад адной назвай усіх людзей, якія жывуць у адной дзяржаве і падпарадкоўваюцца адным законам.

У фундамэнтальным для разьвіцьця мадэрнага палітычнага мысьленьня творы “Левіятан” Томас Гобс абгрунтаваў абсалютызм, апэлюючы не да боскага права каралёў, а да натуральнага права адзінкі. Роўныя і свабодныя адзінкі, што ў натуральным стане жывуць у заўсёдным страху сьмерці ад рукі мацнейшага, дабраахвотна пазбываюцца сваіх палітычных правоў на карысьць манарха, каб гарантаваць сваю бясьпеку, парваць з натуральным станам і скончыць “вайну ўсіх супраць усіх”2 .

Так з індывідуалістычных сьвецкіх і рацыянальных падставаў выводзіцца абгрунтаваньне абсалютнай улады. Лібэралізм і абсалютызм знаходзілі супольныя рысы ня толькі ў сфэры практычнай палітыкі, але й, дзякуючы Гобсу, у сфэры палітычнай тэорыі. Імкненьні лібэралаў да моцнай дзяржавы заўсёды будуць спадарожнічаць іх імкненьням да індывідуальнай свабоды асобы.

Толькі тады, калі абсалютызм ужо выканаў большую частку сваёй нівэлюючай справы, тэарэтыкі змаглі зьвярнуцца да старой сярэднявечнай традыцыі станавых свабодаў і карыстаць зь яе ў барацьбе за перамогу свабоды ў мадэрным разуменьні, якая грунтуецца ўжо не на прывілеях, а на ідэі ўсеагульнага грамадзянства. Гэтую працу выканаў перадусім разам зь іншымі менш значнымі аўтарамі Мантэск’ё ў сваім вялікім творы “Пра дух законаў”. Найлепшыя гарантыі свабоды ён бачыў, як вядома, у такой арганізацыі палітычнай сыстэмы, дзе асобныя дзяржаўныя інстытуцыі супрацоўнічаюць між сабой, утвараючы ратаўнічую раўнавагу сілаў. Мантэск’ё часткова прыняў станавыя антыабсалютысцкія ідэалы шляхты і дэмакратызаваў іх, спалучыўшы з гуманістычнымі ідэямі асьветніцтва. Ён быў “правым апазыцыянэрам”[...], але даў найлепшыя аргумэнты і “левым апазыцыянэрам” — так, ужываючы анахранічную тэрміналёгію, падсумаваў значэньне францускага мысьляра Эмануэль Раствароўскі3 .

Польскі лібэралізм, як і лібэралізм заходні, чэрпаў свае ідэі зь дзьвюх крыніцаў, а гісторыкі і публіцысты вось ужо два стагодзьдзі вядуць спрэчкі пра ролю кожнай зь іх. Першы погляд, што паходзіць ад рэфарматараў Асьветніцтва, рэпрэзэнтаваў лад Рэчы Паспалітай як суцэльную анархію і прыгнёт нешляхетнага люду, а пачаткі свабоды, угрунтаванай на ўладзе закона, зьвязваў з рэформамі часоў Станіслава Аўгуста такімі, як ліквідацыя liberum veto ці рэарганізацыя адміністрацыі. Другі погляд, папулярызаваны (але ня вынайдзены) Яахімам Лялевелем і ягонай школай, рэпрэзэнтаваў шляхецкую дэмакратыю як першы этап разьвіцьця лібэральных ідэяў у Польшчы. Гэная дэмакратыя мела, відавочна, свае хібы і ў ХVII стагодзьдзі вырадзілася ў магнацкую алігархію. Яе магчыма было б яшчэ паправіць, калі б падзелы Рэчы Паспалітай не перарвалі натуральны працэс эвалюцыі ў кірунку сучаснай лібэральна-дэмакратычнай сыстэмы. Абедзьве канцэпцыі ў розных вэрсіях знаходзяць прыхільнікаў ажно пасёньня, а дыскусія між імі ўжо ўвайшла ў гісторыю польскага лібэралізму.

Аднак трэба высьвятліць, ці маглі шляхецкія інстытуцыі зрабіцца апірышчам для лібэральнай ідэалёгіі і палітыкі. У пэўным сэнсе гэта менавіта так, бо шляхецкая дэмакратыя вырасла з таго самага камля, што і заходнеэўрапейскія станавыя сыстэмы. Бэнэдыкт Хмялёўскі ў сваіх “Новых Атэнах” (1745) вылучыў тры падмуркі польскай свабоды: шляхецкая aequalitas (роўнасьць), (...) вольныя выбары каралёў, і liberum veto — “калі гэтае вольнае маўленьне на сойміках і соймах ёсьць маткай і духам свабоды, знакам і статутам неўміручсьці нашай айчыны, пакуль яно гучыць”. Твор Хмялёўскага быў няслушна залічаны да праяваў шляхецкага цемрашальства — пад архаічным лексыконам усё ж хаваюцца ідэі роўнасьці перад законам, індывідуальнай свабоды, свабоды слова і кіраваньня са згоды падначаленых. У публіцыстыцы часоў росквіту шляхецкага парлямантарызму, г. зн. ХVІ-ХVІІ стагодзьдзяў, можна прытачыць некалькі падобных прыкладаў, якія гучаць яшчэ больш сучасна4 .

“Шляхецкая анархічная дактрына (паводле фармулёўкі Эмануэля Раствароўскага)5  пратрывала аж да заняпаду Рэчы Паспалітай. Гетман Кароны Севярын Ржэвускі, пазьней — адзін з удзельнікаў Таргавіцкай канфэдэрацыі — у сваіх публіцыстычных працах, найбольш вядомая зь якіх “Пра спадкаваньне пасаду ў Польшчы”, уяўляў ідэальны вобраз Рэчы Паспалітай, у якой спалучаліся б максымальная дэцэнтралізацыя ўлады і сувэрэннасьці. Ён спасылаўся на сучасныя яму прыклады: ухваляў дзяржаўнае ўладкаваньне Злучаных Штатаў, сымпатызаваў антыкаралеўскай апазыцыі ў Францыі, з радасьцю вітаў скліканьне Генэральных Штатаў і абмежаваньне каралеўскай улады ў Францыі ўвесну 1789 года, а таксама разбурэньне Бастыліі — ненавіснага сымбалю манархічнага дэспатызму.

Ён вельмі дэталёва і зь веданьнем падзеяў на захадзе Эўропы ў ХVII-ХVІІІ стагодзьдзях рэпрэзэнтаваў сваё бачаньне паступовай ліквідацыі свабоды ў Польшчы манархам, які б імкнуўся да абсалютнай улады. “Кожны ўладар шукае шырокай ўлады, кожны кароль шукае ўлады неабмежаванай. Гэта нагэтулькі ўласьціва чалавеку ад нараджэньня, што ня варта ў гэтым сумнявацца”. Нельга прыгэтым не ўзгадаць славутую фразу лорда Эктана, маўляў, кожная ўлада загнівае, а ўлада абсалютная загнівае абсалютна. Зразумець падчас чытаньня тэксту, што аўтар — Гетман Польны Кароны, а не віктарыянскі лібэрал, можна толькі натрапіўшы на перасьцярогі, што спадчынны кароль пажадае “ўзбунтаваць прыгонных” супраць шляхецкага стану, што прывядзе да сытуацыі, “калі ўласны прыгонны шляхціца ў суд пацягне”. Грамадзкі кантэкст між тым ніяк не зьмяняе той факт, што меркаваньні Ржэвускага маюць шмат агульнага зь лібэральнай думкай, яшчэ толькі гатовай нарадзіцца. Яны вымагаюць глыбейшага аналізу і напэўна не заслугоўваюць пагардлівага абвінавачаньня ў “прымітыўнасьці адміністратыўнага мысьленьня гетмана”6 

“Проталібэральнымі” можна прызнаць наступныя тры элемэнты шляхецкай дэмакратыі: па-першае, апэляцыя да ідэі свабоды, якая разумеецца і як індывідуальная свабода, і як удзел у палітычным жыцьці; па-другое, апэляцыя да ідэі правапарадку, што рэгулюе грамадзкае жыцьцё; па-трэцяе, сувязь абедзьвюх канцэпцыяў, што не дазваляе паставіць уладара па-за законам. Функцыя гэтых ідэяў у кантэксьце ўсяго ладу Рэчы Паспалітай адрозьнівалася ад функцыі падобных канцэпцыяў у мадэрнай дзяржаве.

Калі на Захадзе, як мы бачылі, мадэрны лібэралізм выводзіўся са станавых традыцыяў і з палітыкі абсалютызму, то ў Польшчы істотна не ставала другой з гэных крыніцаў, а першая набыла дужа спэцыфічны выгляд. На Захадзе выпрацаваўся гэтак званы станавы дуалізм, у якім манарх дзяліўся ўладай са станамі — шляхтай, мяшчанствам і духавенствам. У Рэчы Паспалітай тымчасам шляхецкі стан атрымаў рашучую перавагу і над астатнімі станамі і над манархам. Гэтая спэцыфічная станавая сыстэма не была перабудаваная абсалютызмам; у выніку ўладкаваньне Рэчы Паспалітай захавала шмат архаічных рысаў, што прымушаюць сумнявацца ў сэнсоўнасьці пошукаў у ім проталібэральных элемэнтаў. Пачнем з канцэпцыі сувэрэннасьці. У краінах, дзе на працягу ўсёй гісторыі разьвівалася сыстэма парлямэнтарызму, такіх як Польшча, Чэхія ці Вугоршчына, параўнальна хутка выгадавалася абстрактнае паймо “Кароны” (У Польшчы яго пазьней замяніла паймо Рэчы Паспалітай), якое азначае аддзяленьне дзяржавы ад асобы ўладара. Для параўнаньня заўважым, што ў складаных дзяржаўных дачыненьнях у Сьвятой Рымскай Імпэрыі гэткая сьвядомасьць не разьвілася яшчэ і ў ХVII стогодзьдзі: славуты ўладар Брандэбургу, курфюрст Фрыдрых Вільгельм мог адпісаць у тэстамэнце частку земляў кожнаму з сваіх сыноў ды вызначыць яшчэ і ўдовіна ўтрыманьне для сваёй жонкі. Відавочна, што ён не адрозьніваў уласнай дзяржавы ад сваёй асабістай ўласнасьці7 , як і Баляслаў Крывавусны ў XII стагодзьдзі. І ўсё ж гэнае зьмяшэньне ўласнасьці з уладай, прыватнага права з правам публічным, не зашкодзіла абсалютным манархам у будаваньні падмуркаў мадэрнай дзяржавы, тады як ідэя Рэчы Паспалітай, якая, здавалася б, належала да мадэрных канцэптаў, выявілася тупіком у разьвіцьці дзяржаўнасьці, як і ідэя рэспублікі ў Нямеччыне: яны дасканала адпавядалі паўфэдэральнаму характару дзяржаваў, у якіх сувэрэннасьць раскладаецца на асобныя соймікі (калі нават не на асобных прадстаўнікоў шляхты). Гэтая зьява пазначана ў гістарыяграфіі (Б. Лесьнадорскі, З. Вуйцік) пад назвай “дэцэнтралізацыі сувэрэннасьці”.

Заўважым прынцыповую розьніцу паміж гэтай дэцэнтралізацыяй сувэрэннасьці і мадэрным прынцыпам сувэрэннасьці народу. У апошнім, маўляў, ёсьць народ як адзінае цэлае, адзінка мае адно ўдзел у адной непадзельнай “агульнай волі”, тады як у Рэчы Паспалітай сувэрэнам быў кожны соймік (альбо нават кожны шляхціц) паасобку. Адпаведнікам юрыдычна-арганізацыйных канцэптаў дэцэнтралізацыі сувэрэннасьці ў сфэры грамадзкіх структураў былі шляхецкія суседзтвы як найважнейшыя ядравыя структуры Рэчы Паспалітай, а ў сфэры ідэалёгіі можна палічыць роднаснай зьявай бачаньне гісторыі як дзеяньня асобных родаў (хаця, безумоўна, барочнае перакананьне пра каштоўнасьць роду і “крыві” — зьява нашмат шырэйшая)8 .

Сойм з пасольскімі інструкцыямі (г.зв. “мандатам імпэратыўным”) і правілам аднадумства нагадваў хутчэй кангрэс дэлегатаў сувэрэнных дзяржаваў, чым парлямант. Гэткі ягоны характар яшчэ больш узмацніўся заўважным перасоўваньнем на працягу ўсяго ХVІІ стагодзьдзя цэнтраў улады ад соймаў да соймікаў, што ў гісторыкаў атрымала назву “соймікавых урадаў”. Перавагу соймікаў над соймамі атрымала арганізацыя т.зв. “пабрацімства”, якое дазваляла шляхце на рэляцыйным сойміку выказаць згоду на ўхваленыя соймам падаткі.

Чарговае адрозьненьне паміж шляхецкай дэмакратыяй і дэмакратыяй сучаснай заўважыў паўстагодзьдзя таму Уладыслаў Канапчынскі: “Ідэя ўраду як чагосьці асобнага ад заканадаўства і судовай улады […] зь цяжкасьцю даходзіла да польскіх мазгоў”. На думку сармацкіх статыстаў, кароль у перапынках паміж сэсіямі соймаў ня меў ніякай іншай працы апрача адмерваньня справядлівасьці згодна з законамі, якія яго абавязваюць9 . Увогуле, ніхто не разважаў пра тое, што так выразна падкрэсьліў Джон Лок у сваім “Трактаце пра ўладу”: пра патрэбу асобнай выканаўчай улады, узброенай сваёй уласнай прэрагатывай, г.зн. правам самастойнага прыняцьця рашэньняў у прадпісаных законам выпадках.

Больш за тое, шляхецкія заканадаўцы жылі ў сьвеце фікцыі, якая сьцьвярджала, што функцыя сойму складаецца не ў прыняцьці новых законаў, але ў пільнаваньні выкананьня старых. Палітычная думка была скіраваная назад, як у сярэднявечных утопіях, а не наперад, як у мадэрных ідэалёгіях. Сымбалічным стаўся той факт, што найбольш дасьпелы рэфармісцкі рух у ХVII стагодзьдзі атрымаў назву “экзэкуцыі (выкананьня) законаў”, нібыта падкрэсьліўшы, што існуе толькі для выконваньня ўжо існых законаў, а ня дзеля рэформы ўлады.

Натуральным вынікам адсутнасьці пайма ўраду і слабіны цэнтральнай улады была адсутнасьць мадэрнай бюракратыі. Укарэненая ў сярэднявеччы гіерархія шляхецкіх чыноў, пажыцьцёвых, неаплатных, цалкам незалежных ад каралеўскай улады, яна ня мела нічога супольнага з мадэрнай бюракратыяй у разуменьні М. Вэбэра, у якой кожны чыноўнік мае акрэсьленую сфэру ўлады, пасоўваецца па службе на падставе пастановаў, атрымлівае заробак ад дзяржавы (а не падарункі ад кліентаў) і можа быць пазбаўлены пасады альбо пераведзены ў іншае месца.10  Значэньне гэткай бюракратыі (у Заходняй і Сярэдняй Эўропе выгадаванай абсалютызмам) для разьвіцьця лібэралізму складаецца ў яе функцыі нівэляваньня: яна рабіла краіну аднастайнай як у сэнсе тэрытарыяльным (ліквідуючы асаблівасьці арганізацыі ўлады асобных правінцыяў), так і ў грамадзкім значэньні (абмяжоўваючы станавыя прывілеі). Тым самым яна рыхтавала трыюмф прынцыпу роўнасьці перад законам.

Усе гэтыя адрозьненьні паміж Польшчай і краінамі, якія прайшлі “школу” абсалютызму, можна зьвесьці да адсутнасьці на землях Рэчы Паспалітай цэнтралізацыйных і ўніфікацыйных працэсаў. Што да польскага шляхецкага грамадзтва ХVІІ-ХVІІІ стагодзьдзяў, дык у гэтым выпадку тэрмін “грамадзянская супольнасьць” можна ўжываць толькі зь вялікай асьцярогай — гэты тэрмін перадусім азначае грамадзтва, арганізаванае паводле прынцыпу роўнасьці перад законам, у адрозьненьне ад грамадзтва, арганізаванага паводле прынцыпу асобнага права для кожнага стану. У гэтым сэнсе грамадзянскай супольнасьці ў Рэчы Паспалітай не існавала, не зважаючы на высокі ўзровень удзелу шляхты ў палітычным жыцьці. Не існавала і агульнага пайма грамадзтва — шляхціц быў грамадзянінам ня ўсёй краіны, а толькі сваёй зямлі (terrigena), а ў стане мяшчанства грамадзянства дапасавалася толькі да асобных местаў.11 

Нельга адмаўляць сувязяў паміж сярэднявечнай станавай арганізацыяй Рэчы Паспалітай і мадэрным парлямэнтарызмам, але неперапыннасьць працэсу можа датычыць толькі асобных элемэнтаў, якія павінны былі перанесьціся ў новы, прынцыпова іншы кантэкст. З гэтага гледзішча, як мяркую, трэба прыслухацца да словаў тых гісторыкаў (хаця і з пэўнымі перасьцярогамі), якім у шляхецкай Рэчы Паспалітай бачыцца хутчэй “недасьпелы стан стварэньня дзяржавы, чым прататып лібэральнай дзяржавы новага часу”12 .

Рэфарматарам станіслаўскай эпохі давялося, такім чынам, вырашаць найвелізарную задачу. Яны мусілі перабудаваць падмуркі палітычнай арганізацыі, стварыць канцэпты сувэрэннасьці і агульнай волі, паступова ўлагодзіць станавыя супярэчнасьці, набліжаючыся да вельмі яшчэ далёкай ідэі роўнасьці перад законам. Але важней за разьвязаньне асобных праблемаў тая духовая атмасфэра, якая паспрыяла нараджэньню польскай лібэральнай думкі. Зьмянілася сама структура канцэптаў, каб паспрыяць яе нараджэньню. У культуры польскага (і, можа, шырэй: сярэдняэўрапейскага) барока экзыстэнцыяльная і рэлігійная думка мае перавагу над палітычнай, а апошняя да таго ж шчыльна зьвязваецца з тэалягічным мысьленьнем. Адбываецца, такім чынам, зьмена зоны інтарэсаў, бо ў асьветніцтве грамадзка-палітычныя праблемы выходзяць на першы плян.

Гэтыя праблемы, безумоўна, прысутнічалі і ў барочным мысьленьні, аднак ня толькі зьмест развагі, але і самі мэтады развагі былі прынцыпова іншымі. Адзін аўтар у сямнаццатым стагодзьдзі пісаў, што арганізацыя Рэчы Паспалітай ёсьць відавочным доказам Боскай усемагутнасьці, што ўжо сотні год захоўвае жыцьцё сыстэме, якая з чалавечай пэрспэктывы ўвогуле няздатная да існаваньня.13  У рэчышчы барочнай паэтыкі канцэпту і парадоксу падобная фармулёўка магла б разглядацца як сур’ёзны і істотны аналіз — і каб яна прагучала абсурдам, сьпярша меўся прынцыпова зьмяніцца сьветагляд. Мэтафізыка павінна была саступіць сваё поле эканоміцы і тэорыі грамадзтва; багацьце, свабода, кантракт, разьвіцьцё, прыбытак, гандаль, законы павінны былі заняць месца марнасьці, порху, грэху, цела, пажады, а лягічны выказ павінен быў набыць большую каштоўнасьць, чым аксюмарон, парадокс ці эфэктная моўная гульня.

Канфлікт паміж асьветніцтвам і барокам часта ўяўляўся канфліктам паміж розумам і забабонам, сьвятлом і цемрай, прагрэсам і адсталасьцю.14  Варта адзначыць, што гэта былі дзьве асобныя, але зьнітаваныя сыстэмы сьветагляду. Калі культура барока свае найлепшыя дасягненьні пакінула ў сфэры прыгожых мастацтваў, дык галоўным даробкам асьветніцтва застаецца грамадзкая і палітычная думка. Няма ніякага крытэру, які дазволіў бы вырашыць, ці драматызм і экспрэсія барочнага мастацтва, што імкнулася вырашаць падставовыя рэлігійныя і экзыстэнцыяльныя пытаньні, менш альбо больш вартыя за цудоўныя дасягненьні асьветніцкай думкі, што збудавала падмурак мадэрнай дэмакратыі. Барочная тэорыя цыклічных зьменаў, калі ўжо яе разглядаць як сур’ёзную тэорыю грамадзкага жыцьця, нагэтулькі ж марная, як і асьветніцкая тэорыя лінейнага прагрэсу. Гісторык можа толькі паказваць, чаму другая спрыяла мадэрнізацыі і разьвіцьцю гаспадаркі і чаму прокрыш зьнітаванага сармацкага сьветагляду быў неабходнай умовай польскага лібэралізму.

Асьветніцкая палітычная тэорыя, як і сярэднявечныя і старажытныя падручнікі, грунтавалася на прыродным праве, якое ў новай вэрсіі характарызавалася, аднак, пэўнымі адметнымі рысамі. Калі клясычная тэорыя лічыла падставовай супольнасьцю сям’ю, зь якой шляхам эвалюцыі паходзілі дзяржаўныя ўтварэньні, новая тэорыя будавалася на падставе развагі над прыродным станам, у якім існуюць толькі самастойныя і вольныя адзінкі. Калі першая навучала індывіда спосабам незалежнага жыцьця, то другая прамаўляла на мове індывідуальных паўнамоцтваў, а не абавязкаў. Нічога дзіўнага, што адноўленая тэорыя прыроднага права сямнаццатага стагодзьдзя сталася рэчышчам для лібэральнай думкі, якая тады толькі паўставала.15 

Сэкулярызацыя грамадзкай думкі належыць да важнейшых інтэлектуальных тэндэнцыяў эпохі асьветніцтва. Справа тут не ў паказным антыклерыкалізме некаторых мысьляроў той пары, але ў непараўнальна важнейшым працэсе аддзяленьня грамадзка-палітычнай думкі ад рэлігійнай (што не павінна азначаць адмаўленьня яе сэнсу). Бог асьвечаных — апошні гарант прыроднага права і дамэтнасьці сьветабудовы, у канкрэтных сацыяльных пытаньнях часта выяўляецца “непатрэбнай гіпотэзай”. Рацыяналізм стаецца ня толькі мэтадам спазнаньня сьвету, але і ідэалёгіяй: сьвет уладкаваны рацыянальна, таму і прыроднае права магчыма спасьцігнуць розумам, без дапамогі Аб’яўленьня.

Другая, таксама вельмі важная навіна — гэта ідэя поступу, што прыйшла на зьмену барочнай (але паўстала яна ў часы сярэднявечча) канцэпцыі “кола фартуны” і цыклічных зьменаў чалавечых лёсаў. Толькі ў выніку гэткага перакруту сьвядомасьці магла паўстаць ідэя дамэтных зьменаў у палітыцы згодна з папярэдне прынятай праграмай рэформаў. Уладкаваньне, якое грунтуецца на прыродзе, ня дадзенае раз і назаўжды, яго трэба адкрыць і ператварыць у жыцьцё. Гэта дазволіла адыйсьці ад сярэднявечнага паводле сваёй сутнасьці прававога фармалізму, надзвычай тыповага для шляхецкай Рэчы Паспалітай, у якім адпрэчвалася магчымасьць арганізацыйных зьменаў, і наўзамен прыняць ідэю мадэрнага правапарадку, у якой фіксуецца магчымасьць легальнага пераўладкаваньня прававой сыстэмы16 .

Усе гэтыя зьмены не маглі не паўплываць на адміністратыўнае мысьленьне Рэчы Паспалітай. Павольны адыход ад прынцыпу аднадумства ў законадаўстве азначаў сапраўдную рэвалюцыю ў канцэптах дзяржавы, адзінкі і сувэрэннасьці, пачатак якой належыць да таго часу, калі піяр Станіслаў Канарскі ў сваім трактаце “Пра пасьпяховы мэтад кіраваньня” (1760 — 1763) востра скрытыкаваў прынцып liberum veto. Усё шырэйшае прызнаньне прынцыпу бальшыні азначаў адыход ад квазіфэдэральнай структуры старой Рэчы Паспалітай. Наступным этапам павінна было быць адмаўленьне ад шляхецкай выключнасьці ў парляманце.

У справе распаўсюджваньня ідэалаў асьветніцтва адну з галоўных роляў адыгрывала прэса, якая самім фактам свайго існаваньня і абарачэньня, незалежна нават ад зьместаў, якія яна пераказвала, спрычынялася да дэмакратызацыі і ўніфікацыі грамадзтва (хаця ў польскіх правінцыях той грамадзкі ўплыў быў яшчэ вельмі абмежаваны). Трэба прызнаць, што галоўную ролю гуляў выдаваны ў Варшаве ў 1764 — 1785 гадах часопіс “Манітор”, узорам якому служылі ангельскія пэрыядычныя выданьні. Ягоная публіцыстыка, зьвернутая хутчэй да культурных, грамадзкіх і маральных, чым да палітычных пытаньняў, беспасярэднім чынам біла ў самы падмурак станавай сыстэмы, ухваляючы мабільнасьць, якая стварала бы магчымасьць для пасоўваньня таленавітым плебэям, што карысна для ўсёй краіны. У “Маніторы” зьяўляецца цалкам новае для тых часоў паймо грамадзяніна, якое ахоплівае цалкам усіх жыхароў краіны; падрэсьліваецца значэньне “абавязкаў, якія мы вінны айчыне” — айчыне, а не ваяводзтву, рэлігіі ці стану17 .

Cкладаную эвалюцыю канцэпта “народ” можна зьвесьцi да паступовага пашырэньня значэньня гэтага слова ад назвы шляхецкага стану да назвы ўсiх жыхароў Рэчы Паспалiтай. “Народ”, аднак, застаецца i надалей народам палiтычным. Этнiчна-моўныя крытэрыi выявяцца толькi ў рамантызме, але прынцыповую ролю прымуць толькi напрыканцы XIX стагодзьдзя18 . Падкрэсьлiваючы ролю асьветы, як адной з рухальных сiлаў працэсу зьменаў, аўтар “Манiтора” шкадуе, што бальшыня з тых, хто атрымлiвае выхаваньне, выбiрае больш прэстыжныя “вызваленыя навукi”, занядбаўшы навуку рамёстваў i iншыя практычныя справы, якiя лічацца менш годнымі шанаваньня. “Манiтор” у iмкненьнi да поўнай зьмены сацыяльных каштоўнасьцяў услаўляў “сярэдні памiж шляхецтвам i прыгоньнiцтвам стан, карысьць ад якога [...] мы ўсе павiнны ведаць”. Аўтар, схаваўшыся пад псэўданiмам Лiтарацкi, пiша пра цяжкi лёс людзей, якiя працуюць пяром i цiкавяцца навукамi: на пачатку свайго нараджэньня польская iнтэлiгенцыя ўсьведамляе свой супольны лёс19 . Асьветнiцтва адкрыла статыстыку (гэтае слова азначала ў той час усялякае апiсаньне сытуацыi ў гаспадарцы i ў грамадзтве, а ня толькi лiчбавыя зьвесткі). Юзэф Выбiцкi вызначыў колькасьць жыхароў Рэчы Паспалiтай, мяркуючы, што веданьне фактычнага стану — гэта зыходны пункт усялякiх рэформаў. Выбiцкi, адзiн з публiцыстаў “Манiтора” i супрацоўнiк Анджэя Замойскага ў праекце новага кодэксу законаў, пазнаёмiўся з творамi Мантэск’е i iншых мысьляроў эпохi Асьветнiцтва падчас навучаньня ў Ляйдэне. Адным зь першых ён пазнаёмiў палякаў з заходнiмi iдэямi свабоды i канцэпцыяй грамадзкай згоды. Выбiцкi адрозьнiвае “прыроджаную свабоду”, якая панавала ў прыродным стане, i “свабоду сацыяльную”, якая бывае толькі ў цывiлiзаваных краiнах. Дэфiнiцыя гэтай апошняй блiзкая да той, якую даў Мантэск’е: “Свабода сацыяльная — гэта нiшто iншае, як адвага i сiла рабiць усё, што толькi падабаецца, за выняткам таго, што забаронена законам”.20 

Свабода i закон у вызначэньнi Выбiцкага прынцыпова розьняцца ад аналягiчных канцэптаў сармацкай палiтычнай думкi. У сармацкiм станавым грамадзтве — падобна як і ў заходнiм сярэднявеччы “закон” i “свабода” азначалi пэўныя канкрэтныя паўнамоцтвы, прызнаныя за адзiнкай, карпарацыяй, манархам цi якiм iншым вышэйшым уладаром. Права (цi прывiлей) было, такiм чынам, падставай свабоды. У Выбiцкага ж свабода даецца кожнаму чалавеку сiлай натуральнага права, атрымлiваецца праз сам факт нараджэньня. Адсюль роля ўсталяванага права выяўляецца цалкам адваротнай тэорыi мiнулай эпохi: яно не дае паўнамоцтваў для свабоды, але прыпiсвае ёй абмежаваньнi так, каб кожны, хто карыстаецца сваёй свабодай, не ўваходзiў на абшары свабоды іншага чалавека.

На мяжы арганiзацыйнай i сацыяльнай праблематыкi ў Польшчы эпохi Асьветнiцтва паўстала сялянскае пытаньне. Скаргi на цяжкi лёс сялянаў, безумоўна, вядомыя i з ранейшых эпохаў. У часы караля Станiслава зьяўляюцца, аднак, канкрэтныя рэформы прыгонных дачыненьняў, якiя ў суседнiх дзяржавах часьцей за ўсё праходзілі ў кiрунку да фіксаваньня патрыманiяльнае судовай улады над сялянамi, а ў больш радыкальных вэрсiях — да замены паншчыны на аброк.

Але большую важнасьць за сялянскае пытаньне мела справа рэформы духавенства i дачыненьняў Касьцёлу ды дзяржавы. Праблема новага падзелу кампэтэнцыi памiж духовай i сьвецкай уладамi паўставала ўва ўсёй Эўропе разам з узмацнненьнем мадэрнай дзяржавы зь яе iмкненьнем да неабмежаванага сувэрэнiтэту на ўсёй сваёй тэрыторыi. Палiтычны канфлiкт усё больш выразна злучаўся з iдэалягiчным, бо ўпершыню за ўсю гiсторыю Эўропы ў той час паўсталi тэорыi, у якiх адмаўлялася неабходнасьць усялякага iнстытуцыйнага пасярэднiцтва памiж чалавечай адзiнкай i Богам. У той час, калi францускае асьветнiцтва характарызавалася вострым супрацiвам ня толькi палiтычным амбiцыям Каталiцкага Касьцёлу, але датычыла таксама i каталiцкай дактрыны, нямецкае асьветнiцтва iмкнулася толькi абмежаваць палiтычныя апэтыты каталiцызму, не ўступаючы ў барацьбу з самой рэлiгiяй. Калі Польшча і перажывала ўплывы францускага антырэлiгiйнага радыкалiзму, пераважала, аднак, iмкненьне да такiх дачыненьняў з Касьцёлам, дзе заставалася б магчымай падтрымка духавенства ў справах рыхтаваных рэформаў.

У справе распаўсюджваньня на польскай глебе проталiбэральных катэгорыяў шмат зрабiлi прыхiльнiкi фiзыякратызму. Паводле гэтай тэорыi, якая ўзьнiкла ўва Францыi, народнае багацьце — гэта выключна вынiк працы ў сельскай гаспадарцы i нiякiм чынам не залежыць ад разьвiцьця гандлю цi прамысловасьцi. Адмаўляючы мэркантылiзм, якi ў той час рабіўся афiцыйнай эканамiчнай дактрынай у Францыi, фiзыякраты супрацiўлялiся ўмешваньню дзяржавы ў гаспадарку, што, на iхнюю думку, толькi парушала натуральны парадак рэчаў. У палiтыцы фiзыякраты падтрымлiвалi асьвечаны абсалютызм — паколькi ён ня ўмешваўся ў справы гаспадаркi.21  Падручнiк “навукi права прыроджанага, палiтычнага, эканомiкi i права народаў”, якi напiсаў пiяр Геранiм Страйноўскi для школаў Камiсii Народнай Адукацыi, рэпрэзэнтаваў выклад новай дактрыны ў тэрмiнах, якiя неўзабаве павiнны былi ўвайсьцi ў лексыкон лiбэральнага мысьленьня. Асабiстая свабода, прыватная ўласнасьць, абавязковае трыманьне кантрактных дамоўленасьцяў — гэта вельмi iстотныя канцэпты падручнiка Страйноўскага. Дзесяць параграфаў, амаль семдзесят старонак, прысьвечана абгрунтаваньню безумоўнай абавязковасьцi свабоднага гандлю. Так нараджаўся спосаб мысьленьня, безь якога немагчыма было б зьяўленьне лiбэралiзму ў Польшчы.

Мэркантылiзм таксама паўплываў на нараджэньне польскай лiбэральнай думкi. Ён дасягнуў Польшчы ў постацi камэралiстыкi — галiны эканамiчнай навукi, якая разьвiвалася на працягу XVIII стагодзьдзя ў Прусii, Габсбургскай манархii i iншых нямецкiх краiнах. У параўнаньнi з францускiм першаўзорам камэралiстыка яшчэ мацней падкрэсьлiвала значэньне дзяржавы для гаспадарчага жыцьця i засяроджвала сваю ўвагу на скарбнiцтве i даходах уладара; адмiнiстрацыйныя пытаньнi займалi ў ёй большае месца, чым эканамiчныя.

Станiслаў Грабскi калiсьцi заўважыў, што наколькi фiзыякратызм быў у станiслаўскай Польшчы папулярнейшы за камэралiстыку, нагэтулькi ж у канкрэтных праблемах польскiя рэфарматары карысталiся з думкi камэралiстаў22 . Сытуацыя ў гаспадарцы Рэчы Паспалiтай была блiжэй да сытуацыi нямецкiх краiнаў, чым Францыi, таму i ўзоры зручней было браць зь Нямеччыны. Прынцыпы камэралiзму, якiя патрабавалi моцнай дзяржаўнай улады, не маглi быць рэалiзаваныя ў Польшчы дастаткова шырока, але ўплывалi на эканамiчную i сацыяльную думку. Гэтыя ўплывы прыкметныя ў “Патрыятычных лiстах” Выбiцкага, а яшчэ больш — у працах эканамiста эпохi Вялiкага Сойму Яна Фэрдынанда Накса. У ягоных працах не стае тых агульных лiбэральных iдэяў, якiя ёсьць ужо ў падручнiку Страйноўскага; затое канкрэтнае бачаньне будучага эканамiчнага ладу краiны блiзкае да таго, якім яно запануе ў працах польскiх лiбэралаў наступнага стагодзьдзя. Накс з энтузыязмам малюе вобраз квiтнеючай прамысловасьцi i сельскай гаспадаркi краiны, дзе разьвiцьцё адбываецца дзякуючы мудрай гаспадарчай палiтыцы ўраду; урад ня толькi дбае пра разьвiцьцё асьветы (у тым ліку i прафэсыйнага навучаньня), таварыства па апрацоўцы зямлi, камунiкацыi, але й не шкадуе сродкаў на разьвiцьцё рамяства. Мiж тым ён скептычна ставiцца да ўсё больш модных у тыя часы лёзунгаў свабоднай гаспадаркi, мяркуючы, што ў польскiх умовах такiя зьявы, роўна як i свабода гандлю ды лiквiдацыя брацтваў рамесьнiкаў, калі ня шкодныя, дык прынамсi, заўчасныя.

У палiтычнай сфэры Накс дакляраваў iдэi амаль клясычна лiбэральныя. Спасылаючыся на Мантэск’ё, ён ухвалiў тэорыю падзелу ўлады, а ў страху перад тыранiяй ён даходзіць да таго, што разважае пра перавагу выбарнай манархii над спадчыннай. Гэтае спалучэньне лiбэральных лёзунгаў iндывiдуальнай свабоды з гаспадарчым iнтэрвэнцыялiзмам — зьява тыповая для польскага лiбэралiзму дзевятнаццатага стагодзьдзя. Яны не разважалi пра тое, як спалучыць палiтычны лiбэралiзм з гаспадарчым, а ў актыўнасьцi дзяржавы яны бачылi прынцып разьвiцьця.

Незважаючы на свае сымпатыi да выбарнай манархii, Накс выказаўся пра спадчынны пасад як пра найлепшую гарантыю бясьпекi ў краiне. Такiм чынам ён закрануў адно з прынцыповых пытаньняў лiбэральнага мысьленьня. Якімі павiнны быць дачыненьні паміж свабодай адзiнкi і свабодай краiны, дабрабыту грамадзтва і дабрабыту грамадзянаў, якія ў ім удзельнічаюць? Цi заўсёды гэтыя каштоўнасьцi жывуць мiж сабой у згодзе? Калi ж яны канфлiктуюць мiж сабой, якой зь іх трэба аддаць перавагу? У часы асьветнiцтва адказ на гэтыя пытаньнi давалі дзьве ўзаемасупярэчныя тэорыi. Першая, што паходзіла з мэркантылiсцкай гаспадарчай думкi, бачыла сьвет адно як гульню, у якой прыбытак аднаго боку мусіць раўняцца страце другога. Другая, больш аптымiстычная, нарадзiлася ў Брытанii i была тэарэтычным абагульненьнем брытанскага досьведу iндустрыялiзацыi i гаспадарчага ўздыму: згодна зь ёй разьвiцьцё дасягаецца з карысьцю для ўсiх, людзкiя iнтарэсы ўзаемадапаўняльныя.23  У польскай асьветнiцкай думцы можна знайсьцi ўплывы абодвух поглядаў, але з часам перамагла (як i ўва ўсёй Эўропе) тая больш аптымiстычная тэорыя, зрабiўшыся адным з падмуркаў лiбэральнай думкi. Нават калi сама рэчаiснасьць выразна выкрывала яе фальш, усе няўдачы ўбудоўваліся ў суцэльную аптымiстычную карціну карыснага для ўсiх разьвiцьця. Мадэрнiзацыя насамрэч мела неабходнасьць у самаахвяраваньнях, але перайначваньне дактрыны напрошвалася само сабой: наколькi ў дробных маштабах паміж iнтарэсамі адзiнкi i супольнасьцi могуць узьнікаць супярэчнасьці, нагэтулькі ж па вялiкаму рахунку iндывiдуальныя i супольныя iнтарэсы выяўляюцца тоеснымі.

Аўтар “Манiтора” верыў ува “ўсталяваньне дакладных дачыненьняў памiж грамадзкiм дабром i дабром кожнага асобнага грамадзянiна”24 . Пры гэтым ён асьцярожна перасоўваў акцэнты, мяркуючы, што адзiнка, якая дбае пра агульны дабрабыт, дзейнiчае адначасова i на сваю карысьць, у той час як у клясычнай лiбэральнай думцы ўсё адбываецца наадварот: агульная карысьць вынiкае з эгаiстычных дзеяньняў адзiнак. Для Выбiцкага, якi сымпатызаваў камэралiзму, гэты канфлiкт ня быў iстотны: “Усе законы, што маюць на мэце цэльнасьць i шчасьце дзяржавы, нават калі падаюцца супярэчнымі натуральнай свабодзе, сьцьвярджаюць свабоду грамадзянскую”.25 

Станiслаў Сташыц глыбей разглядаў гэтае пытаньне: “Трактат Пра спадкаваньне пасада ягомосьцi Гетмана Польнага Кароны Ржэвускага […] даводзiць тое, ў чым нiколi не было нiякага сумневу: што народнай свабодзе менш адпавядаюць выбары, чым спадкаваньне пасаду. Гэты трактат міжволі ўзбудзiў ува мне думку: можа трэба, каб мы, дзеля Польшчы, дзеля сапраўднай свабоды, трапiлi на нейкi час пад самаўладзтва, якое б трохi нас зраўняла i скасавала ўсе гэтыя ўпартыя забабоны i засьцярогі […] Праўда, спадкаваньне пасаду — адзiн крок да страты свабоды. Але выбары каралёў — ужо палова шляху да страты народу. Сьпярша народ — пасьля свабоды. Сьпярша жыцьцё — карысьць пасьля”.26 

Тэмы, акрэсьленыя вышэй у дужа скарочаным выглядзе, спадарожнiчалi польскай лiбэральнай думцы праз усё XIX стагодзьдзе цi нават больш. Яны, безумоўна, не вычэрпваюць усяго багацьця думкi польскага асьветнiцтва, зь якога будуць карыстаць i радыкальныя дэмакраты, і сацыялiсты, і нават некаторыя з кансэрватыстаў.

Калi ў адным сказе падсумаваць “лiбэральныя” элемэнты польскага асьветнiцтва, то яны былi б зьведзеныя да досьведу адставаньня. “Уся Эўропа сканчае васямнаццатае стагодзьдзе, а Польшча яшчэ толькi ў пятнаццатым”27  — пiсаў Сташыц. Там, дзе культура барока бачыла вышэйшую за ўсе заходнеэўрапейскiя мадэлi сыстэму кiраваньня, асьветнiцтва заўважыла ўбоства, анархiю i неабходнасьць наганяць колькі стагодзьдзяў, каб зраўняцца з захадам кантынэнту.

Больш дакладна тут трэба рэпрэзэнтаваць погляды аднаго з выбiтных дзеячоў польскага асьветнiцтва, Гугона Калантая, выказаныя ў кнiзе “Лiсты ананiма”, напiсанай у 1788-1789 гадах у выглядзе лiстоў да маршалка пасольскай палаты Вялiкага Сойму Станiслава Малахоўскага. Праца Калантая, падсумаваньне дасягненьняў палiтычнай i грамадзкай думкi польскага асьветнiцтва, сьведчыць пра стан польскай палiтычнай рэфарматарскай думкi напярэдаднi ХIХ стагодзьдзя.

Адразу вiдаць, якiя зьмены адбыліся пасьля саскiх часоў. Калантай успрымае Рэч Паспалiтую ўжо не як зьлепак правiнцыяў, а як сувэрэнную мадэрную дзяржаву i зьсярэдзіны i звонку. “Усе мы, колькi нас зямля польская носiць, без вынятку, багатыя i бедныя, падданыя Рэчы Паспалiтай. Яна мае найвышэйшую ўладу над намi, яе законы над намi пануюць, яе воля нам аддае загады”.28  Для яго вiдавочна абавязковая патрэба выканаўчай улады. “Прычына ўсіх нашых няшчасьцяў толькі ў тым, што мы ня мелi трывалага ўраду” (т. II с. 34) — трывалага, а значыць такога, што будзе дзейнiчаць i тады, калi сойм ня мае сваёй улады. Калантай разумее таксама i неабходнасьць сталага войска i падрабязна пралічвае ягоны бюджэт. Насуперак фiзыякратам, у духу лiбэральнай эканомii, якая тады тоькi нараджалася, ён лiчыў купцоў i рамесьнiкаў тымі, хто прычыняецца да багацьця краiны ня менш за сялянаў.

Калантай любiць называць польскiя рэформы “лагоднай рэвалюцыяй” — зрэшты, падобна да яго, i ўся рэфарматарская публiцыстыка падкрэсьлiвала мiрны характар зьменаў.29  Захаваньне “свабоднага ўраду” было адным з галоўных клопатаў таго самага ўзроўню, што i павышэньне эфэктыўнасьцi ўрадавых службаў i рэформа сыстэмы кiраваньня. Польшчу ён бачыць рэспублікай, але ў разуменьні васямнаццатага стагодзьдзя, г. зн. з каралём на чале дзяржавы. Ён разумее неабходнасьць прававога забясьпечаньня свабоды, бо сама парлямэнтарная сыстэма яе яшчэ ня гарантуе. У ягоным тоне, ужо роднасным лiбэралiзму дзевятнаццатага стагодзьдзя, часам яшчэ гучыць рэха сармацкага рэспублiканiзму: “Нязносныя прысуды аднаго дэспата […] паражаюць страхам кожнага, хто iм павiнен падпарадкоўвацца. Якое ж можа быць параўнаньне аднаго дэспата з такой колькасьцю сэнатараў i паслоў, якiм на кожным сойме вольна пературбаваць усю канстытуцыю?” (т II с.13) Да выбараў у паслы ён хоча дапусьцiць як уладальнiкаў зямельнай уласнасьцi, так i — з пэўнымi абмежаваньнямi — капiталаўладальнiкаў: такiм чынам ён, як i лiбэралы большай часткi ХIХ стагодзьдзя, быў прыхiльнікам маёмаснага цэнза, з аднога боку супрацьпастаўленага прывiлеям нараджэньня, а з другога — дэмакратычнаму выбарчаму праву. А мiж тым у Гугона Калантая можна разгледзець — як у канкрэтных задумах, так i ў агульных канцэпцыях — мноства адметных ад прынятых у эўрапейскай традыцыi рашэньняў. Падкрэсьлiваючы неабходнасьць прадстаўнiчай выканаўчай улады, якая б дзейнiчала памiж соймамi, Калантай тым часам намагаецца вызначыць яе будову i ўласьцiвасьцi такiм чынам, каб яна не магла пагражаць свабодзе. Так ён стварае асаблiвую канструкцыю, у якой выканаўчую ўладу павiнен прадстаўляць “сойм cталы” — “стрыжнёвы” парлямант, які ўвесь час прысутнічае ў сталiцы i атрымлiвае агульныя iнструкцыi ад ваяводзтваў, ад якiх і паходзяць яго паўнамоцтвы. Ён крытыкуе iдэю “мiнiстраў”, зь якiх утваралася б рада пры каралi — гэта быў бы, маўляў, пачатак абсалютызму.

Ваяводзтвам ён пакiдае вельмi шырокую аўтаномiю ў форме ваяводзкiх соймiкаў i асобнай адмiнiстрацыi. Перабудова старой шляхецкай урадавай адмiнiстрацыi ў мадэрную бюракратыю належала да прынцыповых дасягненьняў заходнеэўрапейскага абсалютызму i было мэтай, да якой iмкнуўся Гугон Калантай. Чыноўнiкi павiнны пасоўвацца па службе паводле прынцыпаў гiерархii — вышэйшую пасаду мог атрымаць толькi той, хто перад тым кiраваў на нiжэйшай. Чыноўнiк павiнен атрымлiваць заробак. Чыноўнiкі выбiраюцца на ваяводзкiм соймiку, а не прызначаюцца цэнтральнай уладай. Гэта па сутнасьці было б не дзяржаўнай адмiнiстрацый, а самакiраваньнем; дзяржаўная адміністрацыя iснавала б адно на цэнтральным узроўнi. Яшчэ цікавей, што Калантай прадбачыў тое, што пасады будуць аплочвацца (што гарантуецца толькі ў выпадку, калi чалавек, што займае пэўную пасаду, не пасоўваецца па службе), і адначасова запярэчвае немагчымасьцi адхiленьня судзьдзяў ад пасады! Ён не жадае таксама і ліквідацыі станавага суду, але толькi яго грунтоўнай рэформы: шляхцiц павiнен адказваць перад земскiм судом, мяшчанiн — перад гарадзкiм, селянiн (незалежна ад таго, чый ён прыгонны) — перад трацейскiм, духоўныя асобы маюць кансысторыюм, вайсковыя — вайсковы суд, настаўнiкi — суды Камiсii Народнай Адукацыi.

Калi i ў гэтага аўтара, нагэтулькі адкрытага для новых павеваў, хуткага i нястомнага ў шуканьнi новых арганiзацыйных рашэньняў, можна ўбачыць прапановы, якiя выглядаюць такiмi анамалiямi з гледзiшча пазьнейшага разьвiцьця эўрапейскiх дзяржаваў, — што ж тады казаць пра нейкi там правiнцыялiзм найвыбiтнейшых розумаў польскага асьветнiцтва? Трэба памятаць, што клясычная мадэль лiбэральнага кiраваньня — парлямэнтарна-габiнэтная ўлада, тады яшчэ толькi паўставала, а да труiзмаў палiтычнай думкi эўрапейскага асьветнiцтва належаў і той погляд, што рэспублiканскае кiраваньне прыдатнае толькi для такiх малых краiнаў, як сярэднявечныя цi старажытныя гарады-дзяржавы. “Польшча, якая сваёй працягласьцю ня так даўно яшчэ перавышала Нямецкую Iмпэрыю”, ня можа браць узораў з маленькiх рэспублiкаў Галяндыi, Швайцарыi цi Вэнэцыi. Яна ня мае нiякага ўзору перад сабой i ня можа яго мець” ( т. II, с. 45).

Было б несправядлiва ацэньваць вартасьць прапановаў Калантая з гледзiшча ўзораў дзяржаўнага ўладкаваньня ХIХ стагодзьдзя. Можна толькi паразважаць на тэму — цi не магла Польшча пракласьцi свой уласны шлях да мадэрнай дзяржаўнасьцi, будуючы яе на трывалых падмурках структуры самакiраваньня цi лякальных структурах, як у англасаксонскіх краiнах, а не на падставе здысцыплiнаванай бюракратычнай гiерархii, як краiны нямецкiя. У абодвух выпадках, аднак, разьвiцьцё мадэрнай дзяржавы азначала б хутчэй разрыў з духам сармацкага ладу Рэчы Паспалiтай чым ягоны працяг. Насоўваецца думка пра параўнаньне “Лiстоў ананiма” з адным з найбольш вядомых твораў сусьветнай лiбэральнай думкi, што паўстаў амаль дакладна ў той самы час: зь лiстамi Аляксандра Гамiльтана, Джона Джая i Джэймса Мэдысана пра новую канстытуцыю Злучаных Штатаў, вядомымi пад назвай “Лiсты фэдэралiста”30 . Ужо з фармальнага гледзiшча ўражваюць падабенствы: твор мае форму ананiмных лiстоў, якiя абмяркоўваюць праект новай канстытуцыi, што павiнна правесьцi поўную рэформу дзяржаўнай будовы. Нават гэная рэформа ў абодвух выпадках мусіла адбывацца ў такiм самым кiрунку: да стварэньня моцнага цэнтру ўлады i ператварэньня квазiфэдэральнай структуры амаль незалежных правiнцыяў у адзіную дзяржаву, хаця i здольную запэўнiць шырокi дыяпазон свабодаў. Здаецца нават, што амэрыканскiя рэфарматары яшчэ больш чым польскiя засьцерагалiся жахаў дэцэнтралiзацыi, анархii i рознага кшталту “дзяржавы ў дзяржаве”. Калi гэта так, то ў нас зьявіўся бы довад на карысьць таго, што тыповыя польскiя праблемы былi тыповымi ўвогуле для эпохi, якая на руiнах таго, што мы зараз называем “фэўдалiзмам”, збудавала падмуркi i муры мадэрнай дзяржавы: эканамiчная адсталасьць Польшчы магла ўзмацнiць драматызм сытуацыi, але не зьмяняла прыроды тых рэформаў, што мелiся адбыцца.

Вялiкi Сойм (1788 — 1792) i Канстытуцыя 3 траўня былi важным крокам ня толькi на шляху да арганiзацыйнай рэформы, але i да ўтварэньня ў Польшчы адпаведных мадэрных прававых i палiтычных канцэптаў. Прэамбула Канстытуцыi 3 траўня разглядае народ у традыцыйна станавым значэньнi, але ў IV артыкуле, дзе сялянаў прызнаюць “найбольш шматлiкiм у народзе людам”, гэтае паймо азначае ўжо ўвогуле насельнiцтва. Станiслаў Градзiскi пiша пра “грамадзянскiя правы”, iмплiцытна ўведзеныя заканадаўствам Вялiкага Сойму: гаворка тут iдзе пра панадстанавыя правы, якiя служаць усяму насельнiцтву, такiя як абмежаваная свабода вызнаньня, а таксама свабода слова i друку, прызнаная ў пастанове пра соймавыя суды.

Некаторыя з палiтычных рашэньняў Канстытуцыi 3 траўня таксама можна ўлучыць у кола лiбэральнай традыцыi. Абарона правоў была ўсталяваная паводле ангельскага ўзору, хаця iдэя парлямэнтарнай адказнасьцi не была праведзеная да канца. Заканадаўства Вялiкага Сойму не надавала палiтычныя правы безьзямельнай шляхце: а значыць, сыстэму, у якой прыналежнасьць да сацыяльнага стану давала палiтычныя прывiлеi, мусіла зьмяніцца сыстэмай, блiзкай да цэнзавага парлямэнтарызму ХIХ стагодзьдзя, хаця палiтычныя правы надалей даваў толькi зямельны маёнтак.31 

Уплыў польскiх станавых iнстытуцыяў на нараджэньне польскай лiбэральнай думкi выяўляўся нашмат больш пасрэдным спосабам, чым хацелi б гiсторыкi, для якiх Рэч Паспалiтая заставалася недасягальным першаўзорам лiбэральных iнстытуцыяў. У гiстарыяграфii вядомае паймо шляхецкага лiбэралiзму; асаблiва ахвотна яго ўжываюць вугорскiя гiсторыкi, сьцьвярджаючы, што сярэдняя шляхта на Вугоршчыне была функцыянальным адпаведнiкам францускай сярэдняй клясы — i як такая была натуральнай грамадзкай базай лiбэралiзму.

Гэтая канцэпцыя стварае для дасьледнiкаў шмат праблемаў, бо часьцяком нельга сцьвердзiць, цi дадзеная думка альбо сьветапогляд адзiнкi трэба прызнаць праявай старой станавай цi новай лiбэральнай iдэалёгii. Нельга i зусім абысьцiся безь яе, асаблiва, калi дасьледаваць эпоху мiж Вэнскiм Кангрэсам i Вясной Народаў (1815 — 1848). Уплыў старой Рэчы Паспалiтай на разьвiцьцё польскага лiбэралiзму выяўляўся больш у спадкаваньні пэўных традыцыяў стылю i палiтычнага жыцьця, чым у iдэйнай сфэры. Спосаб правядзеньня соймаў i соймiкаў у Варшаўскiм Княстве i Канстытуцыйным Польскiм Каралеўстве, спосабы арганiзацыi падтрымкi з апірышчам на рэгiянальныя канэксii (зьява асаблiва прыкметная ў жыхароў Калiшу) — усё гэта было спадчынай палiтыкi з часоў перад падзеламi Рэчы Паспалітай, якая пратрывала амаль да сярэдзіны XIV стагодзьдзя. Затое ў сфэры палiтычных iдэяў традыцыя шляхецкага супрацiву ўнiфiкацыйнай актыўнасьцi абсалютысцкiх уладаў адыграла на польскiх землях — як здаецца — меншую ролю, чым у нямецкiх краiнах цi ў габсбургскай манархii. Так адбывалася з дзьвюх прычынаў: па-першае, адсутнасьць польскага абсалютызму ўскладняла нараджэньне традыцыi супрацiву яму i пэўным чынам зрабiла шляхту безабароннай перад абсалютызмамі краiнаў-удзельнiцаў падзелаў; па-другое, што важней, расейскi дэспатызм, якi панаваў над большай часткай земляў былой Рэчы Паспалiтай, пакiдаў няшмат месца палiтыцы шляхецкага супрацiву, якая выяўлялася на соймах Варшаўскага Княства i Польскага Каралеўства.

Гiсторыкi часта супрацьстаўлялі радыкальную плынь асьветнiцтва зь яе нiбыта прэтаталiтарнымi тэндэнцыямi памяркоўнаму лiбэральнаму асьветнiцтву. Такое гледзiшча напэўна абгрунтаванае ў абстрактнай галiне гiсторыi палiтычнай думкi, дзе сапраўды можна вельмi пераканаўча прадставiць неперарыўнасьць думкi ад якабiнцаў да формаў “суцэльнай грамадзкай iнжынэрыi”. Можа быць, гэтая тэза знаходзiць пацьверджаньне таксама i ў гiсторыi Францыi, дзе багатая i размаiтая культура асьветнiцтва дзялiлася на шматлiкiя плынi, да якiх лёгка дапасоўваюцца асобныя мысьляры. Iнакш справа маецца ў Польшчы i ў iншых краiнах Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы. Тут асьветнiцтва было слабейшае i мусіла змагацца з мацнейшымі ворагамі; падзел на плынi, такiм чынам, быў менш выразны: пачуцьцё слабіны заахвочвала прапагандыстаў асьветнiцтва да шыхтаваньня ў шэрагi. Найбольш радыкальны польскi, чэскi цi вугорскi якабiнец, такiм чынам, быў нашмат большым прыхiльнікам кампрамiсаў, чым яго францускі аднаіменец, а ўмеркаваны прыхiльнiк канстытуцыйнай манархii, якога ў сваю чаргу называлі радыкалам у кансэрватыўным асяродзьдзі, сiлай фактаў знаходзiўся на больш скрайняй пазыцыi, чым чалавек, якi вызнае падобныя погляды ў Францыi цi ў Нямеччыне.

Такім парадкам падзел на “лiбэральную дэмакратыю” i “дэмакратыю таталiтарную”, зроблены Талманам у ягонай клясычнай працы, мае сэнс толькi як агульны ўказальнiк кiрунку ці як падстава для вызначэньня таго цi iншага палiтыка; прынамсi на польскай глебе гэты падзел ня мае нiякага сэнсу. Для ўсёй групы дзеячоў асьветнiцтва характэрнай была эвалюцыя ад якабiнства да ўсё больш памяркоўнага лiбэралiзму, якая праходзіла без ахвяраваньня былымі поглядамі цi асновамі сьветагляду. Гiсторыя падобных зьменаў (што знаходзiць свае адпаведнiкi i ў iншых краiнах) складае важны элемэнт гiсторыi нараджэньня польскага лiбэралiзму памiж трэцiм падзелам i Вэнскiм Кангрэсам.

 

II

Радыкалы апошнiх гадоў, што папярэднічалі трэцяму падзелу, знайшлi сваё месца ў Таварыстве Польскiх Рэспублiканцаў — канспiрацыйнай арганiзацыi, якая паўстала ў 1797 годзе. У яго iдэалёгii складана разгледзець лiбэральныя элемэнты; агульныя iдэi статуту гэтай арганiзацыi пад назвай “Перадграмадзкі Закон” (бо грамадзкiя законы будзе здольны прыняць адно народ, калi здабудзе сваю свабоду) хутчэй наводзяць на думку пра цьвёрдае i безумоўнае якабiнскае рэспублiканства. Тым часам канкрэтныя пастановы таго ж статуту кантрастуюць са строгай прынцыповасьцю тэарэтычных перакананьняў. Зьбiраньне кнiг па гiсторыi i сучаснасьцi польскiх земляў i асьвета валасьцянаў зьяўляюцца галоўнымі мэтамі змоўшчыкаў, і адна зь іх найбольш “канспiратыўная” — збор iнфармацыi пра дзеяньнi удзельнiкаў падзелу Рэчы Паспалiтай і асаблiва пра становішча iх войскаў.32 

Таварыства Рэспублiканцаў перапынiла сваю дзейнасьць у першыя гады ХIХ стагодзьдзя, а частка ягоных дзеячоў апынулася ў варшаўскiм Таварыстве Сяброў Навукаў, заснаваным у 1800 годзе. Новая хваля актыўнасьцi надышла для iх толькi ў 1807 годзе, калi Напалеон, разьбiўшы прускiя войскi, заняў землi былой Рэчы Паспалiтай, а зь земляў другога i трэцяга прускага падзелаў стварыў “дзяржаўку”, якую назваў Варшаўскiм Княствам.

Для новай польскай лiбэральнай думкi гэтая падзея была, магчыма, яшчэ важнейшай за трэцi падзел. Напалеон, даўшы Княству Канстытуцыю i цывiльны кодэкс, названы ягоным iмём, заснаваў на польскiх землях новую арганiзацыю дзяржавы, у якой самi палякi займалi ўсе дзяржаўныя пасады. Былыя якабiнцы насамрэч не здолелi, нягледзячы на шчырае жаданьне, нагэтулькi заваяваць давер Iмпэратара, каб атрымаць уладу ў Княстве, але актыўна вялi палiтычную барацьбу. Колішнія якабiнцы, пазьнейшыя “рэспублiканцы”, сталiся цяпер гарачымi заўзятарамi канстытуцыйнай манархii — “разумнай свабоды, якая магла бы спалучацца з Манархiчным Урадам”33 . Элiту Княства складалі, аднак, не яны, а больш памяркоўныя вэтэраны рэформаў Станiслава Аўгуста, засяроджаныя ў Таварыстве Сяброў Навукаў. Сярод iх трэба назваць Станiслава Костку Патоцкага i Юльяна Урсына Нямцэвiча. Погляды гэтай памяркоўнай групы былi ўзрошчаныя на той самай глебе, што i погляды якабiнцаў i абедзьве плынi ўсё больш наблiжалiся адна да адной у сфэры iдэяў.

Здавалася б, Напалеон ажыцьцявіў мары асьветнікаў пра ўладкаваньне дзяржавы паводле ўнiвэрсальных прынцыпаў розуму, якое адпавядае натуральным правам i гарантуе шчасьце ўсiм грамадзянам. Гугон Калантай у 1807 годзе захапляўся радыкальным характарам зьменаў. Перад падзеламi “Лiтва, прывязаная да свайго статуту, не жадала далучацца да супольнага цывiльнага i грамадзянскага кодэксу; […] вялiкапольскiя ваяводзтвы былi меншыя за паветы малапольскiх i лiтоўскiх ваяводзтваў; і адгэтуль анi скарбавая адмiнiстрацыя, анi адмiнiстрацыя справядлiвасьцi не маглі функцыянаваць належным чынам — што ўжо казаць пра iншыя супярэчнасьці, якiя мусiлі напаткаць выканаўчую ўладу […] нават пасьля канстытуцыi трэцяга траўня? Шляхецкі стан не хацеў згаджацца на поўную рэформу сваiх паўнамоцтваў, а iншыя клясы насельнiцтва былi яшчэ не гатовыя яе прыняць”. А цяпер — што за зьмена! “Усе гэныя цяжкасьцi зьнiклi перад аблiччам пранiклiвага розуму нашага заканадаўцы. Напалеон адразу ж зьнiшчыў шкодныя ўяўленьнi, якiя палякi мелi пра незалежнасьць правiнцыi” — i, у выніку, “дух правiнцыялiзму раз i назаўжды зьнік з гэтай канстытуцыi”.

“Аднастайнасьць кiраваньня” — адна з ключавых формулаў польскай публiцыстыкi напалеонаўскiх часоў. Дзеячоў асьветнiцтва ўвесь час страшылі вiдзежы “выключнасьцi” — уладкаваньня, у якiм усе рэгiёны, гарады i грамадзкiя групы кiруюцца паводле асобных прававых сыстэмаў, дзе выканаўчая ўлада не iснуе ўвогуле, а пачуцьцё партыкулярызму нiшчыць дух грамадзянскай супольнасьцi. Для Калантая падазроным знакам “духу выключнасьцi” была ўжо сама назва ваяводзтваў, ён з задавальненьнем вiтаў замену iх на “дэпартамэнты”, якія незалежна ад гiстарычнай традыцыi “роўныя паводле плошчы i насельнiцтва”, і “аднолькава дапамагаюць і ўтрымліваюць выканаўчую ўладу дзеля выкананьня законаў, скарбавай адмiнiстрацыi, вайсковага абавязку i іншых падобных рэчаў”.34 

Палiтычныя змовы — калi б яны паўсталi — былi б нагэтулькі ж шкодныя, як i тэрытарыяльны рэгiяналiзм. Раймунд Рэмбелiнскi пiсаў: “Мы нiколi ня будзем фармаваць асобныя народы ў адзiным княстве […] мы ўсе дзецi адной айчыны, досыць i гэтай славы. Iнакш зноў прышчэпiцца дух партызантызму, нагэтулькі шкодны для грамадзянскай справы”. Калантай быў больш адназначны: “Нам трэба асьцерагацца ўсялякiх iнтрыгаў i новага фармаваньня партыяў […] Зараз нам не патрэбна ніякая апазыцыя, як, напрыклад, у Англіі, дзе яна дазваляецца самой канстытуцыяй; мы павінны выкрасьліць з нашай сьвядомасьці любыя анархічныя ўяўленьні. Таму годзе нам звацца прыхільнымі Радзівілаў, Чартарыйскіх ці Патоцкіх. Мы ўсе, безумоўна, павінны быць прыхільнымі адной Айчыны і аднаго Напалеона”.35  Выразны страх перад вяртаньнем магнацкай алігархіі быў зьвязаны з распаўсюджаным у часы асьветніцтва перакананьнем, што праўда відавочна для ўсіх, а настойваць на сваіх памылках можна толькі са злой волі. Таму наступствам свабоды можа быць толькі аднадумства, бо ўсе, хто разважаюць сумленна, павінны прыйсьці да тых самых высноваў.

“Аднастайнасьць” не азначала адно цэнтралізацыю польскіх земляў — у далейшай пэрспэктыве Напалеон дапускаў магчымасьць улучэньня Польшчы ў адзіны вялікі эўрапейскі арганізм пад эгідай Францыі. Гугон Калантай раскрываў гэты праект перад суайчыньнікамі з такім размахам, якога не ўбачыш у польскай палітычнай думцы ажно да фэдэралісцкіх плянаў Пілсудзкага пасьля першай сусьветнай вайны: вось Напалеон уваскрашае Заходнюю Імпэрыю, якая гарантавала бы Польшчы ня толькі бясьпеку, але і адкрыла б цудоўныя пэрспэктывы гаспадарчага разьвіцьця. Ува ўсёй Эўропе ўводзіцца “адзіная мера, вага і кошт манэты (…). Тады жыхар кожнага кутка зямлі, куды ні глянь, (…) у кожнай краіне знайшоў бы для сябе, так бы мовіць, айчыну; бо паўсюль была б адна канстытуцыя, адна мера, вага і манэта, і звычаі ніводнай краіны ня будуць яму чужымі, хіба толькі мову і клімат ён знайшоў бы іншымі. Што казаць пра свабоды, якія Напалеон рыхтаваў для гандляроў! Што казаць пра ягоныя высілкі, каб вярнуць свабоду марскому гандлю!”36 

Такім чынам быў адкрыты новы спосаб рэалізацыі будучага шчасьця чалавецтва, стварэньня новага ладу і канчатковай перамогі над “выключнасьцю”. Гэтым спосабам мелася стацца дзяржаўная адміністрацыя, якая была аб’ектам вялікага захапленьня былых лібэралаў.

Ёсьць нешта сымбалічнае ў тым, што адзін з былых сяброў Таварыства Рэспубліканцаў, юрыст Станіслаў Вэнгерскі, апублікаваў кнігу, прысьвечаную дзяржаўнаму ўладкаваньню Княства ў выглядзе камэнтару да табліцаў, на якіх былі паказаныя структурныя залежнасьці паміж дзяржаўнымі ўстановамі. Дзяржаўны лад, які можна так схэматычна рэпрэзэнтаваць, павінен быў падавацца ідэалам рацыянальнасьці. “Адміністрацыя, — пісаў Вэнгерскі ў другой сваёй кнізе, — ахоўвае грамадзкае жыцьцё ад усякага ліха […]. Дзіця, адно толькі ўбачыўшы сьвятло, ужо трапляе пад апеку адміністрацыі, якая сочыць за здароўем і харчаваньнем маці, чысьцінёй паветра, выдаленьнем усялякіх непрыемных і агідных відовішчаў; пры нараджэньні дзіцяці яна пільнуе, каб праз нязграбнасьць і нядбайнасьць павітухі яго не скалечылі. Калі ўжо дзіця пабачыць сьвет, бацькі нясуць яго да Чыноўніка Цывільнага Стану, каб забясьпечыць яму правы, якія яму належаць. Хлопец, “атрымліваючы дзякуючы школе [...] ўсё большыя магчымасьці, робіцца здольным аддзячыць Ураду, што апякуе яго ад калыскі, і тады ўваходзіць у рэестр вайсковай службы. Калі чалавек памірае, адміністрацыя, якая запісвала нованароджанага ў сьпіс супольнасьці, выкрэсьлівае яго, каб пацьвердзіць спазнаную страту”.37  Разам з уплывамі францускай рэвалюцыі істотную ролю адыгралі ўплывы камэралістыкі. Яны існавалі ўжо ў часы Станіслава Аўгуста, але іх час надышоў менавіта цяпер, у цэнтралізаванай арганізацыі ўлады Варшаўскага Княства. Для іх папулярызацыі меў значэньне і той факт, што землі княства больш за дзесяць гадоў знаходзіліся пад прускім панаваньнем.

Да прыхільнікаў бюракратычнай сыстэмы належыў і Антоні Глішчынскі, калісьці — пасол Вялікага Сойму, пазьней — дзеяч Таварыства Польскіх Рэспубліканцаў, а ў Варшаўскім Княстве — прэфэкт быдгоскага дэпартамэнту. Ягоным ідэалам таксама была “дзейснасьць і аднастайнасьць адміністрацыі”, а для кандыдатаў на пасаду чыноўніка ў быдгоскім дэпартамэнце ён склаў цэлы сьпіс экзамэнацыйных чытаньняў, у якім пераважалі аўтары з асяродзьдзя нямецкіх камэралістаў38 . Ён пераклаў, з уласнымі дадаткамі, адзін з тыповых падручнікаў гэтай дысцыпліны — “Навуку паліцыі” Ёгана Паўля Харля39 . Паліцыя ў разуменьні дзевятнаццатага стагодзьдзя азначала, як вядома, адміністрацыю ўвогуле і разумелася таксама і як галіна навукі пра кіраваньне (Polizeiwissenschaft), якое, будучы практычнай дзейнасьцю, мела на мэце гарантаваць спакой і бясьпеку. Кніжка Харля-Глішчынскага — гэта дасканалы прыклад сваеасаблівага “таталітарызму” асьветніцкай думкі, які не пакінуў па-за ўвагай ніводнага аспэкту чалавечага жыцьця. Харль у вэрсіі Глішчынскага кідаецца часам у адмысловую паліцыйную містыку, якая сёньняшняму чытачу ня можа не нагадаць гратэскаў Мрожака.

Для вестуноў асьветніцтва галоўнае значэньне скасаваньня прыгоннага права ў канстытуцыі Варшаўскага Княства было ў тым, што быў нанесены рашучы ўдар па “выключнасьці” — і толькі ў далейшай пэрспэктыве разглядалася гаспадарчае значэньне гэтага кроку. Згодна з так званым сьнежаньнскім дэкрэтам прынца Фрыдрыха Аўгуста (1807), дараваньне сялянам асабістай свабоды не азначала дараваньня зямельнай уласнасьці, але прынамсі тэарэтычна спыняла былую фэўдальную залежнасьць; дачыненьні селяніна і пана замяняліся на дабраахвотную арэнду, платай за якую была праца, а не наяўныя грошы. Гэтага асьветнікам было дастаткова, каб прызнаць, што былы шляхецкі народ перастаў існаваць, а роўнасьць перад законам — “той найважнейшы прывілей, дадзены чалавецтву”40  азначае нараджэньне адзінага народу, які цяпер складаецца зь людзей усіх станаў. Далейшыя рэформы былі ўжо не такія істотныя, а новыя ўступкі сялянам былі б абразай справядлівасьці.

Цяпер, калі скончыўся час прыгоннага права, найважнейшым полем дзейнасьці дэпартамэнту па сялянскім пытаньні сталіся ўжо не сацыяльныя рэформы, а асьвета і выхаваньне. Толькі асьвета здольная сьцерці шматвяковыя забабоны і зрабіць так, каб людзі разумелі натуральныя правы, якія кіруюць сьветам і ў згодзе зь імі — а ў гэтым і ёсьць сапраўдная свабода — кіравалі сваім жыцьцём.

“Народная адукацыя” патрабуе, “каб ува ўсёй краіне моладзь выхоўвалася аднолькавым чынам” [...] Ніхто [...] “не павінен выслаць дзяцей айчыны ў чужыя краіны на выхаваньне, бо тады айчына ня ведала б, ці так іх выхоўваюць, як ёй патрэбна, а адукацыя да таго ж не была б аднастайнай; ім не ставала бы таго духу патрыятызму, які і зьяўляецца падставай народнай адукацыі.[...] Дзеці найрозных плямёнаў і веравызнаньняў павінны мець аднолькавыя школы.[...] Урад не павінен дазваляць каталіцкія, лютэранскія, кальвінскія школы: павінна быць толькі адна польская школа, каб усе, хто навучаецца паводле адных і тых самых прынцыпаў, дыхалі адным патрыятычным духам”. Мовай асьветы павінна быць польская мова41 .

Падобным чынам разважаў і Глішчынскі. “Трэба цалкам забараніць прыватную адукацыю, ад якой нараджаецца пыха, самахвальства, надзьмутасьць і шматлікія заганы”.42  Ня ўсе былі нагэтулькі радыкальныя, але кірунак мысьленьня — школа як зброя супраць “выключнасьці” — быў паўсюдна аднолькавым.

Разьвіцьцё школьнай адукацыі, як і разьвіцьцё дзяржаўнай адміністрацыі, сустракала прынцыповую перашкоду — слабіну мясцовых выканаўчых структураў. Для сьвецкай дзяржавы, якая усё глыбей прасякала жыцьця сваіх грамадзянаў, існаваў толькі адзін даступны ўзор — разьвітая і ўзмоцненая шматвяковым досьведам адміністрацыя каталіцкага Касьцёлу. Улады, аднак, не маглі спадзявацца так хутка прадубляваць парафіяльную сетку сеткай мясцовых дзяржаўных установаў; тым часам выкарыстаньне ксяндзоў у якасьці настаўнікаў і чыноўнікаў ніжэйшага рангу выглядала як адзінае магчымае выйсьце. Хаця шмат якія польскія асьветнікі засталіся пад уплывам радыкальнага францускага антыклерыкалізму, усё ж такі ідэі канфэсіянальнай палітыкі мелі крыніцай ня Францыю, а хутчэй традыцыю габсбурскай Імпэрыі Ёзэфа ІІ, дзе намагаліся ня зьнішчыць Касьцёл, а зрабіць яго хаўрусьнікам у справе рэформаў. У польскім мысьленьні праект падпарадкаваньня Касьцёла дзяржаве паводле габсбурскага ўзору рэпрэзэнтаваў Выбіцкі ў “патрыятычных лістах”.

Гэткі спосаб мысьленьня меў такую моц, што пераконваў нават тых, хто ня меў ніякіх радыкальных перакананьняў. Адным з галоўных ініцыятараў мадэрнізацыі Княства шляхам увядзеньня адміністрацыі францускага ўзору і падпарадкаваньня Касьцёла дзяржаўнай уладзе быў міністр юстыцыі Фэлікс Лубэнскі. У 1807 годзе ён рашуча падтрымаў увядзеньне Кодэксу Напалеона, а праз чатыры гады выступіў з праектам прыняцьця ў Княстве карнага кодэксу, таксама францускага ўзору. Гэны “найпабожны варшаўскі міністр”43 , кансэрватызм якога быў аб’ектам нападаў якабінцаў, стаўся такім чынам аб’ектам крытыкі і з боку духавенства.

Цяжка пераацаніць практычнае значэньне канфлікту, бо патрыятызм і пэрспэктыва поўнай незалежнасьці прымушалі біскупства супрацоўнічаць з уладамі Княства; асьветнікі разумелі сацыяльную функцыю рэлігіі, і, шчыра паразважаўшы, прыходзілі да высновы, што маральнасьць яшчэ ня хутка зробіцца зьявай паўсюднай, калі будзе апэляваць адно да “цнотаў”.44  А між тым ідэйны канфлікт быў вельмі напружаным. Асьветнікі жадалі, каб парафія была найніжэйшай адзінкай адміністрацыйнага падзелу, а пробашч выконваў функцыі чыноўніка, які займаецца рэгістрацыяй руху насельніцтва і абвяшчае з амбону распараджэньні ўладаў, а ў народнай школцы ўдзёўбваў бы дзецям ня толькі веды, але і дзяржаўную ідэалёгію. Захопленыя ідэяй “аднастайнасьці арганізацыі”, асьветнікі лічылі відавочным тое, што арганізацыйная абасобленасьць Касьцёлу — толькі адна з фэўдальных выключанасьцяў, такая самая як прывілеі шляхты і местаў, і яны павінны саступіць мадэрнай дзяржаве, дзе пануе толькі адна прававая сыстэма. Яны разьлічвалі яшчэ і на падтрымку асьвечанага духавенства. “Будзем лепшымі пад вокам ураду” — дэкляраваў ад імя ксяндзоў адзін плябан-рэфарматар у артыкуле з характэрнай назвай “Пра патрэбу ўрадавага назіраньня над духавенствам”.45 

Дзяржава жадала назіраць за выхаваньнем і сьветаглядам сьвятароў таксама як і іншых сваіх чыноўнікаў. “Ніхто ня можа пайсьці ў закон альбо ў стан сьвецка-духоўны, пакуль [...] не атрымае згоды на пасьвячэньне ў духоўны сан ад прэфэктуры”, — напісаў у загадзе ў 1808 годзе прэфэкт быдгоскага дэпартамэнту Антон Глішчынскі. “Шмат залежыць ад таго, ці асоба, якая хоча прыняць духовы сан і мае стацца [...] настаўнікам народу ды чыноўнікам, што выконвае розныя ўрадавыя заданьні, на гэта здатная”. Трэба правяраць, ці мае кандыдат [...] уяўленьне пра канстытуцыю, законы і статуты дзяржавы і дакладнае іх выкананьне, асабліва што да талеранцыі, згоды і адзінства ў справах грамадзянаў рознага вызнаньня. Ці з сапраўднай прычыны, якой можа быць толькі жаданьне несьці карысьць сваёй краіне, прымаюць духовы сан, ці гэта робіцца, адно каб схавацца ад вайны і праводзіць марнае, паражняцкае жыцьцё?”46 

Міністр юстыцыі пісаў: “Безумоўна, рэлігія [...] належыць да кампэтэнцыі духовых асобаў. Але там, дзе гаворка ідзе пра паўстаньне новай парафіі, гэта ўжо ня цалкам належыць духовай уладзе [...]. Новая парафія ня можа зьявіцца без дазволу Прэфэкта і ўхваленьня Міністра, бо гэта шкодзіць усталяванаму ладу палітычнага падзелу, падзелу на паветы, гэта ўваходзіць у паўнамоцтвы чыноўнікаў цывільнага стану. Усё гэта ня мусіць належыць выключна да кампэтэнцыі духовых асобаў” (с. 342).

Дзяржаўныя ўлады, парушаючы кампэтэнцыю касьцельнай арганізацыі, абвяшчалі такім чынам лібэральны прынцып аддзяленьня Касьцёлу ад дзяржавы. Гэтак Лубэнскі “запэўнівае арцыбіскупа (гнезьненскага Ігнацыя Рачынскага), што цывільныя справы ўжо дужа адасоблены ад рэлігійных і ніякім чынам рэлігіі не ўціскаюць, [...] а пільнуюць толькі за грамадзкім парадкам і асабістай уласнасьцю, пакінуўшы ўсё боскае Богу. [...] Законы для людзей, а рэлігія для душаў” (с. 249 — 255).

Касьцельныя ўлады супраціўляліся ня толькі ўмяшальніцтву дзяржавы, але і самому прынцыпу падзелу. Яны спадзяваліся, што ў дзяржаве, у якой кіраўнічыя пасады будуць займаць самі палякі, Касьцёл будзе карыстацца прывілеяваным становішчам, як і ў Рэчы Паспалітай. Захавалася ня толькі шмат абмежаваньняў, уведзеных яшчэ прускім урадам, былі дададзеныя нават новыя. Дарэмна Прымас Рачынскі пісаў да варшаўскага прынца Фрыдрыха Аўгуста: “Вярні, Ваша Каралеўская Мосьць, Біскупам уплыў на адукацыю і нагляд за ёй. Выдай закон супраць блюзьнерцаў сьвятое веры каталіцкай і супраць апаганьшчыкаў сьвятаў, […] супраць чужаложцаў і публічнай распусты. Загадай магістратурам караць злачынных, каб служылі дапамогай у справах духовых” (с.12).

Абразай была сама апэляцыя да грамадзкай думкі для абгрунтаваньня рэлігійнай талеранцыі — так, нібы каталіцкая навука была толькі адной з “ідэяў”, а не “навукай неба, дадзенай Езусам Хрыстусам” (с.15). Касьцёл не патрабаваў ад чыноўнікаў асабістай рэлігійнасьці, але меркавалася, што асоба, якая займае пасаду ў грамадзкай установе, нават ня маючы ў сэрцы ніякай рэлігііі, павінна паказваць яе наяўнасьць людзям дзеля добрага прыкладу. Крывадушнасьць, якой агіднай яна б ні была Богу і людзям, ня так шкодзіць звычаям, як яўная бязбожнасьць Публічных Чыноўнікаў (с.97).

Абодва бакі гаварылі на розных мовах, па-рознаму разумелі прававыя і арганізацыйныя канцэпты, а для абгрунтаваньня сваіх аргумэнтаў апэлявалі да прынцыпаў, якія суразмоўца не прызнаваў слушнымі, а таму не пераканаўчыя. Дзякуючы гэтай падставовай супярэчнасьці канцэптаў паразуменьне паміж лібэраламі і католікамі было немагчымым на працягу ўсёй эпохі падзелу Рэчы Паспалітай.

Будаваньне новай дзяржавы патрабавала ня толькі рэформаў у арганізацыі, але і зьменаў у гаспадарчым жыцьці. Некаторыя асьветнікі падыходзілі да гэтай справы зь вялікай асьцярогай — такі вялікі аматар кіраваньня, моцнага ўраду і цэнтралізацыі, як Станіслаў Вэнгерскі, меў сур’ёзныя сумневы: ці трэба касаваць рамесьніцкія брацтвы (цэхі) і асобныя прывілеі гарадоў. Бальшыня, аднак, бачыла адзіны шанец для краіны ў разьвіцьці капіталізму.

Наіўны этатыстычны энтузіязм асьветніцкіх элітаў Варшаўскага Княства рабіў магчымым тое, што дзеля дасягненьня гэтай мэты яны падтрымлівалі максымальнае ўмяшальніцтва дзяржавы ў гаспадарчае жыцьцё краіны. Да пэўнай ступені так насамрэч і было. Танная шляхецкая дзяржава, у якой урад пакрываў усе кошты адміністрацыі даходам зь дзяржаўных уладаньняў, незваротна зыйшла ў мінулае, але надоўга яшчэ засталася ідэалам землеўладальнікаў. Асьветнікі лічылі, што сармацкі лесэфэрызм ў адрозьненьне ад ангельскага вядзе да застою, а не да ўздыму гаспадаркі, таму энергічна аспрэчвалі яго, як і польскія лібэралы ў ХІХ стагодзьдзі. Разам з тым і гаспадарчая дзейнасьць дзяржавы не азначала інтэрвэнцыяналізму ў яго непасрэдным значэньні. Гаворка ішла хутчэй пра перабудову інфраструктуры і стварэньне ўмоваў для індывідуальнага прадпрымальніцтва. Зраўнаньне правоў асобных станаў дзеля гаспадарчай дзейнасьці, рэарганізацыя падаткаў і чыншаў, клопат пра становішча дарогаў і пераправаў, арганізацыя рынкаў і кірмашоў, дапамога ў атрыманьні крэдытаў не выходзіла за межы дазволенай (нават на думку прыхільнікаў свабоднай гульні эканамічных сілаў) дзяржаўнай дзейнасьці, а між тым ува ўмовах тагачаснай Польшчы гэта было вельмі шмат, і ўрад, які прыняў бы на сябе вырашэньне гэтых складаных праблемаў, мусіў бы глыбока ўмяшацца ў структуру польскай гаспадаркі.

Такім чынам, ня трэба вельмі здзіўляцца, што праца Харля-Глішчынскага, дзе зьмешчана так шмат драбязговых парадаў наконт умяшальніцтва паліцыі ўва ўсе аспэкты чалавечага жыцьця, сканчаецца ўсхваленьнем свабоды прадпрымальніцтва і лёзунгу laissez nous faire. Дамінік Крысінскі раіў вучыцца “праўдам эканомікі ў працах Смітаў, Сцюартаў, Сэяў”, а гэта значыць, прадстаўнікоў школы клясычнага лібэралізму (што, зрэшты, не перашкаджала яму сьцьвярджаць, што, маўляў, “як калісьці Францыя, так цяпер і Польшча будзе патрабаваць вялікага Кальбэра”47  — выглядае так, нібы Крысінскі, неўзабаве адзін з абаронцаў капіталістычнага шляху разьвіцьця, яшчэ не арыентаваўся ў поглядах тэарэтыкаў, якіх рэкамэндаваў). Калі для Калантая “эканаміст” значыць фізыякрат (яшчэ Суравецкі разумее гэты тэрмін у такім значэньні), дык у часы Княства адбылося значнае перасоўваньне значэньня: “палітычная эканомія” — гэта эканомія клясычнага лібэралізму, іншай эканоміі быць ня можа. Гэтак было аж да саракавых гадоў.

Згодна з камэралісцкай традыцыяй інтарэсы асьветнікаў засяроджваліся ня так на чыстай тэорыі эканоміі, як на сфэры сутыкненьня гаспадаркі і кіраваньня. Бо “ад Ураду […] залежыць ужываньне неабходных сродкаў і разбурэньне дашчэнту забабонаў, калі гэткія яшчэ ўтрымліваюць шляхціца ад сяленьня ў гарадах і займаньня гарадзкім прадпрыймальніцтвам”48 .

Ад ураду таксама залежала распаўсюджаньне і пашырэньне ролі прыватнай маёмасьці. Прадавалася дзяржаўная маёмасьць, былыя каралеўскія маёнткі — бо мадэрная дзяржава павінна ўтрымлівацца з падаткаў, а не з уласных зямельных багацьцяў. Таксама патрэбна было ўпарадкоўваць складаныя маёмасныя дачыненьні фэўдальнай эпохі і мяняць усе формы супольнай уласнасьці на адназначную прыватную ўласнасьць. (“Малы ці вялікі кут зямлі павінен мець свайго ўласьніка”, — піша Калантай49 ). Урэшце, справа была ў сатварэньні “сярэдняга стану (le tiers etat), якога нам цалкам не стае”, і які, аднак, неабходны, “калі нашае палітычнае шчасьце і быцьцё мае абапірацца на трывалыя падставы” — як пісаў, апэлюючы да прыкладу Францыі, Антон Глішчынскі50 , тым самым выказваючы сваю прыналежнасьць да шырокага кола мысьляроў, якое ад станіслаўскіх часоў абмяркоўвала спосабы ўтварэньня ў Польшчы сярэдняй клясы заходняга ўзору. Адзін з карэспандэнтаў, які “ў матэрыях вобраз краю і народу польскага растлумачыў”, напісаў у гонар прыватнай уласнасьці сапраўдны пеан: выдатны прыклад, на якія толькі выбухі лірызму не была здольная лібэральная сьвядомасьць на працягу ХІХ стагодзьдзя, калі гаворка ішла пра неабмежаваныя пэрспэктывы, адкрытыя ў працэсе гаспадарчага разьвіцьця. Уласнасьць прывязвае чалавека да ягонага месца жыхарства. “Яна спаборнічае з самой прыродай; яна ператварае недаступныя багны ў ворныя палі, яна скалы робіць прорвамі, яна ператварае пушчы ў дзівосныя сады, выганяе зь лясоў дзікага зьвера, на месцы балота закладае разьлеглыя паселішчы і квітнеючыя гарадзішчы. Так і ёсьць, зямельная ўласнасьць — спружына чалавечых учынкаў. Відавочна выснова, што квітнее той край, у якога больш уладальнікаў зямлі”.51  Калі гаворка ішла пра ўласнасьць, то часьцей за ўсё мелася наўвеце ўласнасьць на зямлю, мадэрнізацыя азначала хутчэй мадэрнізацыю сельскай гаспадаркі, чым прамысловасьці. Як у Дамініка Крысінскага: “Гарады, фабрыкі, мануфактуры, хаця і маюць вялікае значэньне для багацьця народу, але зьяўляюцца ўсё ж аб”ектамі другога гатунку для палякаў […] Добра ўладкаваны край — гэта той край, дзе ўрад клапоціцца пра павялічэньне лічбы зямельных уласьнікаў, дзе селянін назапашвае капіталы; гэткі край, кажу вам, узбагаціцца і заселіцца без мануфактураў і безь вялікіх гарадоў. Гарады паўстануць самі сабой, калі вёскі будуць заселеныя належным чынам”.52 

Важным полем дзейнасьці ўраду на шляху да гаспадарчага ўздыму мусіла стацца рэформа падаткавай сыстэмы разам зь неабходнасьцю дакладнага вымярэньня тэрыторыі, складаньня падрабязных мапаў, якія б улічвалі якасьці асобных глебаў. Гэта быў яшчэ адзін з элемэнтаў барацьбы з “выключнасьцю”, якая азначала ўніфікацыю абавязкаў да дзяржавы. Дастаткова прыкметны і ідэалягічны — побач з практычным — аспэкт прапановы адмаўленьня ад сыстэмы мераў, якія ўжываліся ў Польшчы, на карысьць новых францускіх метраў і гектараў.

Славуты польскі эканаміст пачатку ХІХ стагодзьдзя Ваўжынец Суравецкі запрапанаваў зьвязную праграму гаспадарчага разьвіцьця, у межах якой адбылася дэталёвая сыстэматызацыя ідэалаў асьветніцтва53 . Суравецкі, як і Глішчынскі, але насуперак Крысінскаму, будучыню польскага капіталізму бачыў у прамысловым разьвіцьці, а не ў мадэрнізацыі сельскай гаспадаркі. Суравецкі часам піша як прапаведнік тэорыі прымусовага разьвіцьця, калі — што дастаткова шмат цытуецца — рэпрэзэнтуе трагічныя вынікі міжнароднай свабоднай канкурэнцыі. Слабейшы, зьнішчаны перавагай суседа, ня мае для сябе ніякага іншага ратунку, як толькі альбо напружыць усе свае сілы, каб зь ім зраўняцца, альбо з жалем глядзець на руіны ўласнага прадпрыемства і, пайшоўшы пад жорсткае ярмо, плаціць яму з рэшты зьнікаючага штодзённа капіталу вечную даніну (с.83). Як пазьбегнуць такіх сумных пэрспэктываў?

Як і ў шмат якіх іншых асьветнікаў, у Суравецкага драматычнасьць дыягназу спалучалася з памяркоўнасьцю ў выбары папераджальных сродкаў. Урад павінен дзейнічаць з асьцярогай, бо забарона імпарту альбо загараджальныя мытныя падаткі звычайна выклікаюць адказ другога боку. Каб пазьбегнуць наступстваў чужой канкурэнцыі, урад можа падтрымліваць заснаваньне фабрыкаў: “акрамя таго што фабрыка ўтрымлівае і працаўладкоўвае мноства людзей, […] дабрачынным сваім уплывам яна яшчэ і […] ажыўляе ўсялякія іншыя віды прамысловай дзейнасьці (с.98). Не заўсёды, аднак, дапамагаюць дзяржаўныя датацыі, бо ў выніку народ павінен аплочваць стратную працу рамесьнікаў”. Пільны і азнаны Кальбэр праз няўдалы выбар падтрымкі адных рамёстваў і пазбаўленьня фундаваньня іншых, пэўна больш нашкодзіў Францыі, чым доўгія войны Людовіка ХІV.

Трэба ісьці іншым шляхам: “Замест заганных разрахункаў, забаронаў гандлю ці мытных перашкодаў (…) улады часам, заснаваўшы некалькі школаў ці фабрыкаў, якія будуць далучаць моладзь да рамёстваў, і, надаўшы некаторыя свабоды рамесьнікам альбо пазбавіўшы іх збытных падаткавых абцяжарваньняў, (…) хутчэй дасягнуць паляпшэньня”(с.90-91). Нястача “краёвай асьветы” — вось прычына заняпаду гарадоў. Улады павінны спрыяць наплыву замежных капіталаў. “Каб перавесьці капітал зь перапоўненага месца туды, дзе іх не стае, ня трэба нічога іншага, як толькі забясьпечыць прыбыткі, бясьпеку і сумленныя дачыненьні”. Гэтае “нічога іншага” ў польскіх умовах было ўжо дужа амбітнай праграмай.

Згодна з тытулам сваёй працы, Суравецкі прысьвяціў галоўную ўвагу гарадам; ён шмат піша пра рамёствы, але не рамесьнік, а купец яго ўлюбёны герой. Ён грае ня толькі гаспадарчую, але і інтэлектуальную ролю, як пасярэднік у распаўсюджваньні новых замежных ідэяў. Суравецкі адкінуў мэркантылісцкае перакананьне пра тое, што разьвіцьцё аднаго народу можа адбывацца толькі за кошт іншага і прыняў лібэральнае гледзішча, паводле якога гаспадарчае разьвіцьцё можа быць карысным для ўсіх — відавочна, пры мудрым гаспадарчым кіраваньні, якое дапамагло бы пазьбегнуць зьнішчэньня прамысловасьці ў краіне ад канкурэнцыі.

Я ня ўпэўнены, ці насамрэч праца Суравецкага ў тагачаснай польскай эканамічнай думцы была найбольш выбітнай праявай тэорыі распачатага эканамічнага ўздыму.54  Хутчэй можна ўбачыць у ім папярэдніка памяркоўнага інтэрвенцыйнага лібэралізму, канцэпцыі якога пазьней разьвіваў Джон Ст’юарт Міль, які казаў, што ўлады павінны ўмешвацца толькі там, дзе адзінка альбо самакіраваньне не спраўляюцца з выкананьнем сваіх заданьняў (г. зв. правіла дапаможнасьці).

У ідэалёгіі Варшаўскага Княства ўплывы камэралістыкі і апалягетыка напалеонаўскага дэспатызму гарманічна спалучаліся зь лібэралісцкай фразэалёгіяй францускага асьветніцтва. Ніякага парадоксу тут, насамрэч, няма. Асьветнікі лічылі, што спазналі законы, якія кіруюць грамадзкім разьвіцьцём. Законы эканомікі “найбольш блізкія да тых, якія нам рэпрэзэнтуюць дакладныя і матэматычныя навукі”, — пісаў Дамінік Крысінскі, а Антон Глішчынскі прыдумаў дзіўнае параўнаньне, сьцьвярджаючы, што “навука заканадаўства, гэтае мастацтва рабіць народы шчасьлівымі, мае такія ж пэўныя і нязьменныя законы, як і мастацтва забаўленьня людзей у тэатрах”. Калі прыроднае права нагэтулькі пэўнае і відавочнае, дык свабодны чалавек заўсёды выбірае сапраўдны, адпаведны прыродзе жыцьцёвы шлях. Супраць могуць выступаць толькі людзі злой волі; прэса ж і грамадзкая думка, якія выражаюць агульную волю, а значыць, паводле вызначэньня ня могуць памыляцца, могуць толькі падтрымліваць палітыку ўладаў.55 

Няма нічога дзіўнага ў тым, што ўлады Княства і асьветніцкія публіцысты ўжывалі аднолькавую асьветніцка-лібэральную рыторыку для абгрунтаваньня бюракратычнай цэнтралізацыі. “Уладары, прасякнутыя грамадзянскім духам, могуць лічыць сваім шчасьцем толькі шчасьце падуладных”, — з гэтымі словамі зьвярталася Рада Дзяржавы Варшаўскага Княства да жыхароў правінцыяў, новадалучаных у выніку вайны 1809 году, дадаўшы пры гэтым, што гэтыя землі будуць разам з рэштай княства “пад адной Канстытуцыяй, пад адным урадам, пад панаваньнем аднаго дабрачыннага і добрага караля”.56 

Для таго, каб зразумець гісторыю паходжаньня польскай лібэральнай думкі, надзвычай важна усьвядоміць той факт, што лібэралізм ці хутчэй проталібэралізм Варшаўскага Княства выяўляўся ўласна ў этатызме, заўзятым прыманьні дзяржаўнай ідэі і перакананьні ўва ўсемагутнасьці дзяржаўнай адміністрацыі, якой надаваліся блізу што рэлігійныя атрыбуты. У час свайго нараджэньня польскі лібэралізм гэтай эпохі знаходзіўся прыблізна на ўзроўні ангельскага проталібэралізму часоў Гобса. Трэба памятаць, што для Томаса Гобса досьвед стану анархіі пасьля грамадзянскай вайны ў Англіі зрабіўся істотнай прычынай для стварэньня тэорыі сувэрэннай і непадзельнай дзяржаўнай ўлады.57  З гэтага гледзішча напрошваецца параўнаньне з польскімі асьветнікамі, для якіх незьнішчальнай плямай была памяць пра анархію былой Рэчы Паспалітай. Польская палітычная думка мусілa засвоіць канцэпты сувэрэннасьці, дзяржавы, правапарадку і адміністрацыйнай цэнтралізацыі, каб атрымаць магчымасьць займацца праблемай індывідуальнай свабоды.

Гэта ня значыць, што ў ідэалёгіі позьняга асьветніцтва ў Варшаўскім Княстве гэтай праблемы не існавала, але яна выступала ў суцэльна іншым кантэксьце, чым у лібэралізме дзевятнаццатага стагодзьдзя. Галоўным ворагам той свабоды была “фэўдальнасьць”, усялякія абмежаваньні свабоды руху, канкурэнцыі, перасоўваньня ў грамадзкай гіерархіі ці гаспадарчай дзейнасьці. Асьвечаная ўлада, рэфармуючы арганізацыю дзяржаўнай структуры, усталёўваючы роўнасьць перад законам і свабоду выбару прафэсіі, не магла, паводле гэтай ідэалёгіі, зрабіцца пагрозай для індывідуальнай свабоды, але, наадварот, была яе галоўным хаўрусьнікам. Клясычная лібэральная апазыцыя паміж адзінкай і ўладай у мысьленьні часоў Варшаўскага Княства не існавала. Ні “грамадзкая думка” — чарговае паймо асьветніцтва — ні “неабмежаваная свабода друку” не былі, як гэта было ў клясычным лібэралізме, тымі часткамі, зь якіх складаецца кантроль над уладай; яны былі натуральнымі хаўрусьнікамі ўлады ў барацьбе з забабонамі і цемрадзьдзю.

“Правы чалавека гарантуюць яму свабоду, роўнасьць, упэўненасьць і ўласнасьць у грамадзтве. Што да свабоды, то гэта тое, што можна рабіць, не пагражаючы правам іншых. Сутнасьць роўнасьці ў тым, што закон кожнаму аддае роўную справядлівасьць. (…) Упэўненасьць ці бясьпека — гэта вынік супрацоўніцтва ўсіх дзеля забяспечаньня правоў кожнага паасобку, уласнасьць — гэта права кожнага распараджацца сваёй маёмасьцю і прыбыткамі, пладамі працы і прадпрымальніцтва”.58  — пісаў Станіслаў Вэнгерскі, а значэньне гэтага несумнеўна лібэральнага фрагмэнту мы лепш зразумеем, калі заўважым, што ён ідзе адразу пасьля цытаваных у гэтым раздзеле развагаў над роляй адміністрацыі ў жыцьці чалавека.

Гэткія тэорыі распаўсюджвалі прыхільнікі ўлады, а не яе праціўнікі. І калі яны спаткаліся з соймавай апазыцыяй59 , якая сілкавалася з традыцыяў старой шляхты, тады і сутыкнуліся абедзьве крыніцы лібэральнай думкі і нарадзіўся польскі лібэралізм. Пачатак гэтага спатканьня можна разгледзець ужо ў часы Варшаўскага Княства, калі пазбаўленыя ўлады якабінцы на сойме 1811 года падтрымалі старашляхецкую апазыцыю з тактычных прычынаў. Гэная апазыцыя на чале з марыямпольскім паслом Юзэфам Гадлеўскім ня мела, аднак, у той час ідэалягічнага апірышча ў выглядзе новых ідэяў свабоды і волі. Спатканьне абедзьвюх плыняў адбылося толькі ў канстытуцыйным Польскім Каралеўстве.

 

Зацемы

1. Гаральд Бэрман шмат піша пра гэта ў сваёй надзвычай цікавай працы Prawo i rewolucja. Kształtowanie się zachodniej tradycji prawnej, пераклаў Стэфан Амстэрдамскі, Wydawnictwo Naukowe PWN, Warszawa, 1995.

2. Гл. Andrzej Rapaczynski, Nature and Politics. Liberalism in the Philosophies of Hobbes, Locke and Rousseau, Cornwell Univesity Press, Ithaca- London,1987; Leo Strauss, Prawo naturalne w świetle historii, перакл. Tomasz Gorski, Warszawa,1969, s.168; Norberto Bobbio, Thomas Hobbes and the natural law Tradition, Uiniversity of Chicago Press, Chicago-London, 1993, p. 68-69.

3. Emanuel Rostworowski, Historia powszechna. Wiek XVIII, Warszawa, 1980, s.619.

4. Benedykt Chmielowski, Nowe Ateny, ed. Maria i Jan Jуzef Lipscy, Krakуw 1968, s. 342-343. Гл. таксама Zbigniew Ogonowski, Filozofia Polityczna w Polsce XVIII i tradycje demokracji europejskiej, Instytut Filozofii i socjologii PAN, Warszawa 1992.Спробу інтэрпрэтацыі дзяржаўнага ўладкаваньня Рэчы Паспалітай у катэгорых мадэрнай дзяржавы апошнім часам зрабіў Edward Opalinski, Kultura polityczna szlachty polskiej w latach 1587-1652. System parlamentarny a społeczeństwo obywatelskie, Wydawnictwo sejmowe, Warszawa, 1995.

5. Emanuel Rostworowski Ostatni krol Rzeczypospolitej Warszawa 1966, s.20

6. Seweryn Rzewuski, O sukcesji tronu w Polsce, rzecz krуtka b.m. i d. (1 XII 1789) s. 26; 15; 24. Пра “прымітывізм” ягонай думкі піша Zofia Zielinska, Republikanizm spоd znaku bulawy, Warszawa 1988, s. 394, больш сур’ёзным аналітычным досьледам займаецца Andrzej Walicki, The Enlightenment and the Birth of Modern Nationhood, Notre Dame, 1989, p. 1-28.

7. Otto Hintze, Die Hohenzollern und ihr Werk, Berlin 1915, s. 251

8. Пар. Władysław Konopczyński, Liberum veto, Krakуw 1918, s. 361; Andrzej Feliks Grabski, Myśl historyczna polskiego oświecenia, Warszawa 1976 s.23 а таксама : Andrzej Zajaczkowski, Szlachta polska kultura i struktura, Wydawnictwo naukowe Semper, Warszawa, 1993, s.59-80. Вельмі арыгінальная і цікавая кніга Заянчкоўскага ўпершыню была выдадзеная ў 1961 годзе пад назвай Główne elementy kultury szlacheckiej w Polsce, і выклікала жывую палеміку, пра якую аўтар апавядае ўва ўводзінах да першага выданьня.

9. Władysław Konopczyński Polscy đisarzy polityczni, Warszawa, 1966, s. 111. Пар таксама : Anna Sucheni-Grabowska, Prawa i obowiązki królów polskich w opiniach pisarzy odrodzenia, у: Miedzy monarchią a demokracją, выд. Anna Sucheni-Grabowska, Malgorzata Zaryn, Wydawnictwo Sejmowe, Warszawa, 1994, s.54-115, і Jan Urwanowicz Ideologia a działalność polityczna szlachty w czasach Zygmunta III. Wokół wartości ustrojowych, тамжа, s.170-190

10. Пар. Max Weber Polityka jako zawód i powołanie перакл. Andrzej Kopacki, Pawel Dubel, выд. Zdzislaw Krasnodebski, Znak, Kraków, Фундацыя імя Стэфана Баторыя, Warszawa 1998, с 67-68.

11 Пар. Stanisław Grodzicki, Obywatelstwo w szlacheckiej Rzeczypospolitej, Krakуw 1963, s. 103, 159.

12. Аўтар формулы Unfertiger Zustand der Staatsbildung — Otto Hintze, Verfassungsgeschichte Polens vom 16 bis 18. Jahrhundert, той жа, у: Staat und Verfassung. Gesammelte Abhandlungen zur allgemeinen Verfassungsgeschichte, Gottingen 1962 s.516. Гл. таксама цiкавыя зарысы на тэму характару польскае дзяржаўнасьці ў XVII стагодзьдзi Tadeusz Manteufel, Feudalizm polski, y : той жа Historyk wobec historii, Warszawa 1976, s. 100-122, Antoni Mączak Jedyna i nieporównywalna? Kwestia odrębności Rzeczypospolitej w Europie XVI- XVII, Kwartalnik Historyczny 1993, nr 4, c 121-136 Бясцэннай крынiцай натхненья застаецца i дагэтуль вобраз Рэчы Паспалiтай намаляваны Michalam Bobczynskim (Dzieje Polski w zarysie, выд. IV, t.2, Warszawa 1927, s 139-144).

13. Гл. Grabski, выд. цыт., с. 20-21.

14. Такі погляд яшчэ можна спаткаць у цытаванай працы А.Ф. Грабскага, а ў папулярызацыях яго можна часта сустрэць і дагэтуль.

15. Розьніцу паміж мадэрнай і папярэднымі тэорыямі прыроднага права яскрава паказаў Bobbio цыт. выд. с. 149-154; пар. таксама Strauss, цыт. выд. с. 114-179.

16. Пар. Konopczynski, Liberum veto, c 259-262. Пра рытуальна-магічны характар правоў у раньнім сярэднявеччы піша H.Berman у цытаванай працы с. 75-76.

17. Monitor 1765-1785, выд. Elzbeta Aleksandrowska Biblioteka Narodowa, Wrocіaw.

18. Гл. Stanisław Staszic, Przestrogi dla Polski, Stefan Czŕrnowski, Biblioteka Narodowa, 1926, s. 10; Franciszek Pepłowski, Słównictwo i frazeologia polskiej publicystyki okresu oświecenia i romantyzmu, 1961 s. 105-110; Janusz Maciejewski, Đojecie narodu u republikanow lat 1767-1775, Idee i koncepcje narodu w polskiej myśli politycznej czasуw porozbiorowych, Janusz Goskowski, Andrzej Walicki, Warszawa 1977,

19 Monitor, цыт. выд. s. 391(1774, n. 14); s. 140-141 (1767, n. 18); s.41 (1765, n. 35 Feliksa Loyki); s. 178-182 (1767, n. 72). Пар. таксама [F. Bohomolec?] Respons na list imci pana Literackiego, тамжа s. 182-185 (1767 nr. 73).

20 Jozef Wybicki, Mysli polityczne o wolnosci cywilnej, Wrocław, 1984 (выд І 1775-1776), выд. Zbigniew Nowak, s. 58. пар. таксама Wladyslaw Zajewski Jуzef Wybicki, Warszawa 1983.

21. Roztworowski Historia powszechna, цыт. выд. С. 621- 5; J.L. Talmon, The Origins of Totalitarian Democracy, Penguin Books, Harmandsworth 1986, p. 45.

22. Stanisław Grabski, Zarys idei społeczno-gospodarczych w Polsce od pierwszego rozbioru do r. 1831, t I Od pierwszego do trzeciego rozbioru, Krakуw 1903, s. 56.

23. Гл. Jerzy Jedlicki, Social Ideas and Economic Attitudes of Polish Eighteenth Century Nobility, у : Пятый Международный Конгресс по экономической истории, Ленинград 1970, т. I, Доклады, Москва 1974, с.89.

24 [Jуzef Epifani Minasowicz] Patrialowski (псэўд.) Salus patriae suprema lex estо, y : Monitor, цыт. выд. s. 249 (1769, n. 97).

25 Jуzef Wybicki, Listy patryotyczne, Kazimierz Opaіek, Biblioteka Narodowa, Krakуw 1955, s. 255.

26 Staszic, s. 208-210.

27 тамсама.

28 Hugo Koіі№taj, Listy anonima i prawo polityczne narodu polskiego, t I-II, выд.. Bogusіaw Leњnodorski, Halina Wereszycka, Warszawa 1954, t I s. 278.

29 Pepіowski выд. цыт. s. 56-57.

30 Alexander Hamilton, James Madison, John Jay, The Federalist, or the New Constitution, Everyman Library, London - New York 1942.

31 Grodziski, цыт. выд. s. 178, 185-186; Jerzy Jedlicki, Klejnot i bariery spoіeczne, Warszawa 1970, s. 183-207.

32 Гл. Marceli Handelsman, Ideologia polityczna Towarzystwa Republikanуw Polskich (1798-1807), у: тойжа, Rozwуj narodowoњci nowoczesnej, 1973 s. 111-196 (тамсама падаецца зьмест Ustawy Przedspoіecznej -Перадграмадзкага Закону).

33 Korespondencja w materiach obraz kraju i narodu polskiego razjaњniaj№cych, 1807, s. 161 (Gliszczyсski do Szaniawskiego). Пар. таксама Waclaw Tokarz Ostatnie lata Hugona Koіі№taja (1794-1812), Krakуw, 1905, t І, 272-275, 331-334, а таксама — на тэму поглядаў памяркоўных прыхільнікаў позьняга асьветніцтва — Tomasz Kizwalter, Kryzys Oњwiecenia a pocz№ki konserwatyzmu polskiego, Warszawa, 1987 i Jerzy Michalski, Z dzejуw Towarzystwa Przyjaciуі Nauk, Warszawa, 1953.

34 [Hugo Koіі№taj] Uwagi nad teraџniejszym poіoїeniem tej czкњci ziemi polskiej, ktуr№ od pokoju tylїyckiego zaczкto zwaж Ksiкstwem Warszawskim, Leipzig 1808, s. 180-182.

35 Korespondencja w materiach…, цыт. выд. s. 214 (Rembeliski do Szaniawskiego), [Koіі№taj] Uwagi…, цыт. выд. s. 213.

36 тамсама s.217.

37 Stanisіaw Wкgierski, Rozprawa o profesjach i profesjonalistach, Warszawa 1810, s.189-192.

38 Antoni Gliszczyсski, Uwagi nad dochodami publicznymi, м.б. 1810, s.6. Сьпіс чытаньняў быў дадаткова апублікаваны ў дадатку да Gazety Bydgoskiej.

39 Jan Paweі Harl Nauka policji. Dzieіo podrкczne nieuchronnie potrzebne dla sprawuj№cych urzкdy policyjne i staraj№cych siк o nie…, пераклад А. Gliszczynski, Bydgoszcz 1811.

40 Stanisіaw Wкgierski, O woіoњcianach polskich, Warszawa, 1814, s. 6-7.

41 Korespondencja w materiach…, цыт.выд. s. 251- 253 (Kaulfus do Szaniawskiego).

42 тамсама s. 61 (Gliszczynski do Szaniawskiego).

43. Tadeusz Mencel, Feliks Łubenski minister sprawiedliwości Ksiestwa Warszawskiego, Warszawa 1952, ń.67; гл. таксама Marceli Handelsman, Próba wprowadzenia u nas francuskiego kodeksu karnego, у: той жа Pod znakiem Napoleona, Warszawa, s. 148-149.

44. Цікава апавядае пра гэта Калантай ува Uwagach..., цыт. выд. с.111-112 ( зноска 23).

45. Korespondencja w materiach…, цыт.выд. s. 231- 242 Пад крыптонімам X.W.P.G. можа хавацца X (ксёндз) Walenty Grztszkiewicz Pleban Budzislawski, які падпісаўся так пад іншым лістом (с.274).

46 [Ignacy Raczynski] Szescioletnia korespondencja władz duchowych z rządem świeckim Ksiestwa Warszawskiego, Warszawa, 1816, s. 300-305 ( далей у тэксьце нумары старонак з таго ж выданьня).

47. Korespondencja w materiach…, цыт.выд. s. 143 (Krysinski do Szaniawskiego; чытаньне Сміта таксама раіў Глішчынскі, тамсама, s.162).

48. Gliszczynski do Szaniwskiego, тамсама, s.16.

49. [Kołłątaj] Uwagi…, цыт. выд. s.194.

50. Gliszczynski, Uwagi nad dochodami..., цыт. выд. s.14.

51. Korespondencja w materiach…, цыт.выд. s. 90 (Podoski do Szaniawskiego; таксама у Сташыца, Przestrogi dla Polski, цыт. выд. s.116-117).

52. Korespondencja w materiach…, цыт.выд. s. 143 (Krysinski do Gliszczynskiego).

53. Wawrzyniec Surowiecki, O upadku przemysłu i miast w Polsce, y: той жа, Wybуr pism выд. J.Krzywicka A. Łukasiewicz, Warszawa, 1957, s. 33-246 ( далей у тэксьце нумары старонак з таго ж выданьня).

54. Гэтую думку падзяляў таксама і Janusz Górski, Polska myśl ekonomiczna a rozwуj gospodarczy 1807-1830, Warszawa, 1963, s.180.

55. Korespondencja w materiach…, цыт.выд. s 144; 129 Пра падобныя рэчы ў тагачаснай Францыі пісаў Тальмон, цыт. выд. c. 36.

56. Водгук апублікавала Gazeta Bydgoska n. 11 I 1810.

57. Bobbio, цыт. выд. s. 29-30.

58. Węgierski, Rozprawa o profesjach..., цыт. выд. s . 192.

59. Tokarz, цыт. выд. т. II s.221 Mencel цыт. выд. c 182-183; Jerzy Skworonek, Skład społeczny i polityczny sejmуw Ksiestwa Warszawskiego i Krуlewstwa Kongresowego, Przegląd Historyczny, 1961, z.3, s. 472.

 

зьмест