ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

пасьля імпэрыі


ФРАГМЭНТЫ №8
№8
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


Маўрысіо Лянган Кун’яро

“L’ ESPRIT DE L’ESCALIER”

 

1.

Калі я быў малы, нехта распавёў мне, што у французаў ёсьць байка пра духа, якога яны называюць l’esprit de l’escalier1. Ён насяляе лесьвіцы, і калі ты пасьля гарачай спрэчкі ўздымаешся па сходах, ён нашэптвае табе на вуха: “Ты мусіў сказаць ім тое і тое; а вось на гэта ты павінен быў адказаць вось так...”. А трэцяй раніцы, пасьля таго, як я чатыры гадзіны запар пісаў твор на конкурс, абвешчаны Праўленьнем IPA, мяне заатакаваў l’esprit de l’escalier. Чаму ж я не сказаў гэтага? Чаму не напісаў таго?

Усю раніцу я працаваў над адным матэрыялам, які займаў мяне з тэарэтычнага пункту гледжаньня, – я хацеў зьвесьці ў адно пэўныя развагі, угрунтаваныя на арыстотэлевым разьмежаваньні паміж episteme, poнesis ды prбxis, а таксама на панятках tйjne і frуnesis, у сувязі з старой дыскусіяй на прадмет наступнага: чаго можна навучаць, чым ёсьць адукацыя наагул і, больш дакладна, ці можа быць выкладзена aretй (інакш кажучы, ці магчыма вучыць і выхоўваць). І я хацеў зьвязаць гэта з цяперашняй рэформай адукацыі (якая падаецца мне занадта тэхнічнай і кансэрватыўнай), маючы на ўвазе стары тэкст Тэдэско, дзе той акрэсьлівае педагагічную і выкладніцкую дзейнасьць словам “ствараць”, а таксама адзін сьвяжэйшы тэкст: леташні зварот прафэсара Рама да дырэктараў і будучых дырэктараў/кіраўнікоў IFD (курс, дзе мне не дазволілі прысутнічаць, бо я маю больш за 45 гадоў і менш за два тытулы). Дык вось, той зварот датычыўся зьменаў у сьвеце і выкладніцкай дзейнасьці.

 

2.

Прафэсар Рама гаварыў штосьці (дух забараняе мне пашукаць дакладную цытату ці праслухаць магнітафонную касэту) накшталт:

a) сёньняшні сьвет вызначаецца глябалізацыяй, і мы ня ў стане нічога ў ім зьмяніць; адсюль вынікае, што

b) найбольш актуальная дзейнасьць – тая, што дапаможа Ўругваю прыстасавацца да гэтага сьвету, ідучы курсам Даніі, Галяндыі, Новай Гвінэі (ці Зэляндыі?) і Сынгапуру;

c) гэтая дзейнасьць адукацыйная ў сваёй сутнасьці: трэба рыхтаваць людзкія рэсурсы, прыдатныя да гэтага сьвету, трэба навучыць людзей карыстацца падручнікамі і хутка перавучвацца, набываць навыкі для новых працаў, бо

d) сёньняшні сьвет зьмяняецца пэрманэнтна і хутка.

Нехта ўжо памалу заводзіцца, бо – нішто сабе заявачкі! – пасьля Канта, Маркса, Гусэрля, Гайдэгера, Гадамэра мы прыйшлі да высновы, што “сьвет” – гэта рэч, якая знаходзіцца недзе там, звонку нас, на якую мы можам глядзець і якой можам захапляцца, але ня можам ні памацаць, ні зьмяніць яе! Гэта ўжо трохі занадта пасьля – паўтаруся, калі мяне не зразумелі – пасьля таго, як Кант навучыў нас, што сьвет – ня рэч, але толькі ідэя чыстага розуму; а потым Маркс гаварыў нам, каб мы спрабавалі зьмяніць сьвет; а потым Гусэрль навучаў нас, што сьвет – гэта духоўная структура сьвядомасьці (ці нешта ў гэтым рэчышчы), што сьвет будуецца суб’ектам; а потым Гайдэгер ясьнютка растлумачыў нам, што “чалавек ёсьць істотай, сутнасьць якой палягае ў разуменьні”, што чалавек дарэшты гістарычны – ён стварае сябе, ствараючы свой сьвет; і потым ужо Гадамэр – а зь ім доўгая традыцыя гермэнэўтыкі – паказаў нам, што наш позірк – гэта заўсёды інтэрпрэтацыя, што ён сам па сабе зьмяняе сьвет і сам зьмяняецца ў кожнай інтэрпрэтацыі і што гісторыя і сьвет не зьмяшчаюцца ў сьвядомасьці, бо яна сама гістарычная і зямная...

Такім чынам: сьвет – гэта ня рэч, а вобраз, які мы ствараем, каб разьмясьціцца ў ім і надаць сэнс нашай дзейнасьці, гэта нешта такое, што ня мае права ігнараваць той, хто кіруе адукацыяй у краіне. Бо у адваротным выпадку атрымаецца, што ён выстаўляе свой вобраз у якасьці рэчаіснасьці, іншымі словамі, што ён надае рэчаіснасьці – без дыскусіяў ці крытыкі – характарыстыкі свайго ўласнага вобразу сьвету.

 

3.

І характарыстыкі гэтыя – яго нязьменнасьць, яго непазьбежнасьць, яго незалежнасьць ад нас, якія, стоячы перад гэтым сьветам, ня можам зьдзейсьніць нічога, апроч як прыняць яго, сузіраць яго, захапляцца ім і нават любіць яго. Мы не адказваем за сьвет; гэта рэальнасьць, у якой нам выпала жыць; мы ня ў стане зрабіць нічога, мы нямоглыя. Мы, бясьсільныя перад глябалізацыяй, павінны прыняць яе нават з радасьцю ды энтузіязмам (нягледзячы на спадарожных ёй заўсёды часовых і заўсёды іншых маргіналаў, памерлых ад голаду, змасакраваных і г.д.) – як Эдып у Калёне прымае свой лёс бацьказабойцы ды кровазьмяшальніка і за гэта дасягае апатэозу (ужо ня ведаю, ці йдзе ён на неба альбо яму дастаецца неўміручасьць)...

Шкада вось толькі, што я памятаю выслоўе Чэстэртана – не прыгадваю адно, зь якога раману, але там апавядаецца пра забойцу. Забойца той здолеў унушыць асобам, якія яго перасьледвалі, такі вобраз рэчаіснасьці, што ім пачало здавацца, быццам яны ніяк ня могуць яго дапяць (той забойца валодаў магічнымі здольнасьцямі ці нешта такое). І вось, маючы на ўвазе той выпадак, адзін з пэрсанажаў гаворыць: “Усе нячысьцікі заўсёды імкнуцца прымусіць нас паверыць, што мы ня здатныя зьмяніць стан рэчаў, – і гэткім чынам яны сапраўды ператвараюць нас у нямогаў”.

 

4.

Таму, хто слухае краем вуха, можа падацца, што ў прамове прафэсара Рама канцы з канцамі не сыходзяцца: то ён кажа, што сьвет непарушны – то што сьвет зьмяняецца вельмі хутка. Але пад уяўнай супярэчнасьцю хаваецца глыбінная сутнасьць думкі прафэсара, і гэтую сутнасьць спасьцігне больш уважлівы слухач: зьмены ў сьвеце – гэта нешта такое, што адбываецца абавязкова, няўхільна, без удзелу людзей. Прынамсі, без удзелу гэтых небарак-уругвайцаў, зробленых са звыклага мяса ды костак. Магчыма, на сьвет могуць неяк паўплываць іншыятыя, з Уол-Стрыт, мультынацыянальныя карпарацыі, Пэнтагон – але ж яны хутчэй багі, чымся людзі, калі меркаваць па ўладзе, якую яны сканцэнтравалі ў сваіх руках. Але насамрэч той, хто возьме пад увагу іншыя тэксты, пераканаецца, што багі таксама выключаюцца з гэтага працэсу – хаця б таму, што бедныя багі не такія ўжо і ўсемагутныя: яны так падобныя да людзей, што часам ім таксама хочацца паўстаць! І, з глыбіні свайго XVI стагодзьдзя La Boétie падказвае нам, што гэта лёгка: варта толькі перастаць падпарадкоўвацца...

Так што лепей забудземся на багоў і пагодзімся, што лёс няўхільны, што існуе сьляпы выпадак, што ўсім кіруе рок – як лічылася спрадвеку. Альбо паверым у рынак, у непарушныя законы эканомікі, як гэта прынята цяпер. Альбо папросту скажам, з інтанацыяй убогага сьвятара, які прапаведуе пакору, — “ня ў нашых сілах нешта зьмяніць”. І кропка. Але мудры быў стары Бакунін, калі гаварыў, што “толькі той, хто намагаецца зрабіць немагчымае, дасягае магчымага”.

 

5.

Найгоршае ў выпадку праф.Рама – ня толькі тое, што ён перадае свой вобраз непарушнага сьвету сваім прыхільнікам, тым, хто верыць у ягоныя гавэнды. Але ж ён яшчэ і навязвае гэты вобраз усім астатнім. Цікава бачыць, як мы прадукуем сваю ўласную нямогласьць.

З аднаго боку: Рама такі магутны! ён мае такую палітычную падтрымку! (ніводная палітычная група не патрабуе ў яго ніякай справаздачы ні аб чым, уяўляеце? нават Фрэнтэ Ампліа яго не крытыкуе; больш за тое, калі ФА прыйдзе да ўлады, на адукацыйным фронце апынуцца франтавікі, якія сёньня супрацоўнічаюць з праф. Рама); у яго столькі грошай, атрыманых ад сяброў ці гаспадароў з Сусьветнага Банку, Міжнароднага Банку Разьвіцьця, ад амэрыканскіх імпэрыялістаў,... ад сьляпых, ад багоў, ад фартуны! столькі народу корміцца пры ім, займаючы сытныя пасады і пасадачкі! адным словам... ну што тут паробіш! Сядзі ціха, ня мецьмеш ліха, схавай свае тры грошыкі і не вытыркайся! І апроч таго, неяк трэба жыць, разумееце? У мяне сям’я. А калі не ўхаплю я, дык ухопіць нехта іншы, горшы. І, апроч таго, трапіўшы ў гэтую структуру, мы зможам разваліць яе знутры! Заўважце, як паўтараецца тая самая нестыкоўка: ці ж не пачыналася гаворка з тэзы, што нічога зрабіць немагчыма, што ніякім чынам не зьмяніць існую, цудоўную і ўсёведную, уладу багоў?

З другога боку: няма чаго турбавацца; вы разумееце, што сам Сангінэці заклікаў яго да парадку ў сваёй заяве? правасудзьдзе вельмі незадаволена выразамі/дэманстрацыямі CODICEN! Рама зусім зарваўся! парлямэнт дужа заклапочаны расходамі і неўзабаве перакрые яму кран! Рама павінен прадэманстраваць нейкія вынікі правяральшчыкам з міжнародных фінансавых структураў, а вельмі мала хто /мала што запісаўся/упісваюцца ў CERP! у яго не атрымаецца распаўсюдзіць рэформу на базавы цыкль, таму што ў яго няма памяшканьняў і таму што гэта выйдзе нашмат даражэй, чым меркавалася! нават Лякаль яго крытыкуе! Карацей кажучы: ягоная рэформа ўжо больш за год дыхае на ладан і вось-вось сканае. Ці, у самым найгоршым выпадку, – прыйдуць новыя выбары, і народ выбера добрых, і добрыя паставяць на іншага, які будзе дзейнічаць слушна. Дык сядзі ціха, не чапай ліха, і твае тры грошыкі цалейшыя будуць.

 

6.

Дух ужо трохі стаміў мяне (я зьняў гадзіньнік і ня ведаю, колькі цяпер часу: але... ці я зусім боўдзіла, ці зусім сплю – гэтая ж машынка мае свой гадзіньнік! цяпер 5:26, 2/09), але ён хоча, каб я крыху працягнуў гэты артыкул – занадта шмат нявыказаных думак яшчэ застаюцца ў маёй чарнільніцы (гэты вобраз не атрымліваецца асучасьніць: калі б я сказаў, што “занадта шмат яшчэ застаецца ў кампутары”, гэта б значыла, што файлы ўжо створаны і знаходзяцца ў ягонай памяці). Але стоп.Я адхіліўся. Спрабую ўцячы ад гэтых тэмаў, занадта цяжкіх для абмеркаваньня на золку. Аднак трэба напоўніцу выкарастаць мой Дух, бо ён наведвае мяне толькі зрэдзьчасу. Дарэчы, па-француску ў яго ёсьць яшчэ адно імя: le Saint Esprit.

Іншы аспэкт, які я ледзь не ўпусьціў, — гэта тэма, зьвязаная з Арыстотэлем. Атрымліваецца, што ён, гаворачы пра вартасьці/дабрадзейнасьці (areté), напрыклад, інтэлектуальныя, разьмяжоўвае іх на схільнасьці/здольнасьці (exis) да навуковай дзейнасьці (episteme), тэхнічнай альбо мастацкай (tйjne) і практычнай (prбxis).

Episteme датычыць рэчаў абавязковых, тых, што ня могуць зьмяняцца: г.зн. гаворка пра тое, што мы сёньня назвалі б фармальнымі навукамі, дзе пануе дэдукцыя, якая зачынае ад аксыёмаў, дзе йдзецца аб авалоданьні аб’ектам, каб прыйсьці да непарушных высноваў. Адпаведныя гэтаму вартасьці вельмі разнастайныя (яны не цікавяць мяне зараз) і безумоўна могуць быць выкладзеныя.

Што ж датычыць рэчаў нясталых, якія магчымыя, якія могуць зьмяняцца, то наш стары добры грэк разьмяркоўвае іх паміж exis ды aretйs, якія належацца да вытварэньня (poíesis) аб’ектаў і дзеяньня (práxis).

Стварэньне аб’екта (не валоданьне ім) патрабуе tйjne, майстэрства рабіць пэўныя рэчы; ёсьць аптымальны спосаб, каб вытвараць канкрэтны аб’ект, і той, хто валодае tйjne, часткова можа навучыць іншых: гэта робіцца так і так, выкарыстоўваецца тое і тое, гэтага не рабеце, гэтак будзе найлепей і г.д. (калі ён ня мае пэўнай/ага exis, навучаць цяжэй, але магчыма). Мэтай стварэньня ніколі не бывае вырабляны аб’ект; аб’ект заўсёды прызначаны для чагосьці. Я ствараю крэсла, каб сядзець на ім, я ствараю тэлевізар, каб забаўляцца... Вытворчасьць і тэхніка рухаюцца ў плоскасьці сродкаў.

У адрозьненне ад іх дзеяньне (praxis) ня мае на мэце авалоданьня аб’ектамі, роўна як і іх стварэньня; ідзецца выключна пра тое, каб дзейнічаць слушна і дасягнуць сваёй мэты: шчасьця. Шчасьце, у сваю чаргу, — гэта дзеяньне (хаця для Арыстотэля яно было сузіраньнем, тэорыяй), гэта – найлепшае, што чалавек здольны зрабіць. І шчасьце ёсьць дабрадзейнасьцю (aretй), разважлівасьцю (frуnesis): яны выяўляюцца ў слушным дзеяньні, дзеяньні, што суправаждаецца рэфлексіяй, для чаго не існуе гатовых рэцэптаў. Я хачу сказаць, што дзеяньне не залежыць ад веды. Такім чынам этыка (навука пра тое, як наладзіць добрае жыцьцё), палітыка (як усталяваць добрае грамадзтва) і асьвета (як выхаваць новага свабоднага чалавека) не залежаць ад веды, таму што не належаць да поля вытворчасьці, але да поля praxis. Гэта не навуковыя і не тэхнічныя, але практычныя пытаньні. Адпаведна, aretй альбо frуnesis не могуць быць выкладзеныя такім самым чынам, як веды аб фармальных навуках ці як тэхніка вытворчасьці. Можна толькі разьвіваць у вучню намер дзейнічаць слушна, што, у сваю чаргу, можа быць вольна прынята альбо вольна адкінута вучнем, бо гаворка ідзе пра выхаваньне менавіта вольных асобаў са здольнасьцю разважаць і прымаць самастойныя рашэньні ў практычных пытаньнях.

Ці дастаткова ясна я выказаў свае думкі? Ня ведаю. У кожным выпадку: ці зразумела, што для праф. Рамы сьвет – гэта нешта такое, што сузіраецца і выконвае функцыю аксіёмаў у полі episteme, інакш кажучы, ролю навук аб абавязковым, якія выводзяцца мэтадам дэдукцыі? Ці зразумела, што поле абавязковага, непарушнага прызначана для фармальных навук, кшталту матэматыкі альбо лёгікі, і што прыпісваць сьвету такую самую непарушнасьць (асабліва калі разумець пад сьветам сучасную капіталістычную сыстэму) – гэта бязглузьдзіца, сьцверджаньне, якое знарок прыхоўвае ўсю нізасьць, што ў ім утрымліваецца, якое мае на мэце паставіць па-над усялякай крытыкай, нібыта гаворка пра аксіёмы, усе зьверствы і жахі, уласьцівыя сучаснаму сьвету? Ці зьвярнулі вы ўвагу, што прапаноўваная праф. Рамам пастаноўка пытаньня – гэта адмова ад зразуменьня сьвету – ня толькі ад яго пераўтварэньня! — а разам з тым і адмова ад зразуменьня чалавека, калі пагадзіцца з Гайдэгерам. Ці добра відаць, што інтэнцыямі прафэсара чалавек ставіцца на службу сьвету, г.зн на службу таму вобразу сьвету, што мае за мэту ўвекавечыць сучасную сыстэму?

Цяпер, спадзяюся, зразумела, чаму я назваў прапаноўваную рэформу адукацыі занадта тэхнічнай? Так, на гэтым узроўні і з гэтым бачаньнем праблемы мы можам дзейнічаць – але толькі як вытворцы. Як вытворцы вызначанага тыпу людзей (дакладней, нават ня тыпу людзей, а вызначанага тыпу людзкіх рэсурсаў), але, як я ўжо казаў вышэй, ствараныя “прадукты” – ня мэта, але сродкі. У нашым выпадку – сродкі для функцыяваньня рынку. Адукацыя прадуктыўная. Яна прадукуе людзей на заказ (выбачайце, на загад), людзей, дапасаваных да “непарушнасьці”... рынку. Фабрыкі запчастак для высокіх тэхналёгіяў капіталістычнай вытворчасьці. Выдатна.

І ці можна на падставе ўсяго пералічанага выказаць меркаваньне, што адукацыя – я хачу сказаць, выхаваньне асобаў, значных як мэты самі ў сабе і ніколі – як сродкі, фармаваньне свабодных індывідаў, а не прыслугачоў, людзей, якія маюць каштоўнасьць самі па сабе, незалежна ад настаўнікаў — што гэта praxis, які ня мае нічога супольнага з прапановай праф. Рама?

Спадзяюся, што так. Я вельмі стомлены. Баліць спьпіна. Ужо 6:10 і я мушу пачынаць працоўны дзень. Таму пакідаю ўсё як ёсьць.

Merci bien, l’esprit. Mais tu laisses ma “pauvre carcasse” en tremblant. Et bien: elle tremblera bien plus...

 

Mauricio Langon. 6:13. – 2/09.1997.

 

зьмест