ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

тэкст/топас


ФРАГМЭНТЫ №8
№8
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


Тацяна Мілова

БЯЗЛІТАСНЫ ГУМАНІЗМ 
АБО ПАКАРАНЫЯ СВАБОДАЙ

 

Ніколі не ведаеш, адкуль з’явіцца новае пытанне. Зручна думаць, што з патрэбы жыцця. Аднак жыццё часцей патрабуе новых адказаў на тыя пытанні, што вырашаліся заўчора, у мінулым годзе… Сапраўды новае, нібыта цень, суправаджае нас ад таго імгнення, як мы нешта зразумеем. Пакуль у зразумелым рэальнасць знаходзіць сабе мейсца, уcталёўваецца ў нашай свядомасці, зразумелае – гэта адказ. Калі ж пачынаецца галоўнае, калі зразумелае з’яўляецца пошукам нашага ўваходжання ў рэальнасць – раптам пытанні, новыя пытанні зазіраюць у твар, набываючы густую, грунтоўную постаць. Так мяне сустрэла пытанне пра маральны сэнс лібералізма.

Захапленне першых дзён посттаталітарных зменаў было нядоўгім. Раптам высветлілася, што адмаўленне ад жорсткага рэгулявання само па сабе не стварае нічога новага; што людзі, пазбаўленыя моцнага кіравання, апанаваныя разгубленасцю, а не творчым натхненнем і, наогул, што чамусьці не з’явілася той радасці і шчаслівай разнастайнасці, якія ўжо не забароненыя. Больш за тое: нарастанне разнастайнасці замест сцежкі да доўгачаканага шчасця пайшло шляхам пашырэння амаральных, антысацыяльных дзеянняў і нават злачынстваў. Самым адпаведным суб’ектам на ролю падставы такіх няўдалых зменаў апынулася свабода. Яе абвінавачвалі за гандаль дзяржаўнымі ўзнагародамі і за агульную ляноту, за непавагу да старэйшых і за эгаізм па-за межамі разумнага. Супольнасць вагалася паміж ацэнкамі памяркоўнымі: свабода цудоўная, але не так знянацку, яе трэба даваць і дадаваць патрошку, каб не кружыліся галовы, каб фармавалася звычка – і ацэнкамі радыкальнымі: не кожны здольны карыстацца свабодай, таму трэба абмежаваць яе меру згодна з тымі маральнымі і іншымі якасцямі, што і ствараюць асабістае права быць свабодным. Хтосьці павінен быў калі не стацца, дык хоць выглядаць адказным за нечакана пагражальны кірунак развіцця, за разбурэнне эфектыўнай сістэмы забеспячэння сацыяльнага парадку, за згубленыя і зруйнаваныя каштоўнасці. Адкуль вера ў неабходнасць і святасць свабоды, адкуль заклік да індывідуальнай актыўнасці, адкуль права чалавека быць супраць цэлага грамадства? Такіх ідэяў і блізка няма ў бліжэйшых стагоддзях нашай айчыннай традыцыі. Усе яны прапанаваны заходняй культурай і, у прыватнасці, славутай ліберальнай ідэалогіяй.

Вобраз ліберальнай ідэі звычайна будуецца з ацэнкі характэрных рысаў стаўлення да індывіда – як з боку грамадства ў цэлым, так і з боку асобных людзей. Ліберальнае падаецца сінонімам дазволу і цярпімасці, і пераважная большасць яго характарыстык знешне выглядае адмоўнымі: негвалтоўнасць, некатэгарычнасць, няўпэўненасць, а часам нават нявызначанасць, нерашучасць і няскоранасць. Пры павярхоўным знаёмстве з ліберальнымі ідэямі лёгка пагадзіцца з тым, што яны сцвярджаюць прыняццё чалавечых недахопаў і слабасцяў, памылак і паразаў. Тым не менш, прынятая ў лібералізме сістэма каштоўнасцяў даволі жорстка ставіцца да арганізацыі чалавечай дзейнасці, усяго ладу звычайнага жыцця. Гэтая ідэалогія пабудаваная на грунце прызнання свабоды вярхоўнай, безумоўнай каштоўнасцю. Рэалізацыя свабоды і вызначае сабою ўсе астатнія параметры, як сацыяльныя, так і персанальныя. Грамадства і індывід, сацыяльныя дачыненні і асабістая дзейнасць павінны быць пабудаваныя такім чынам, каб падтрымліваць статус і магчымасці свабоды. Нават адзначаны спакусай адмены боскай наканаванасці, ліберальны канструктывізм не губляе гэткай вызначанай абмежаванасці. Няхай сабе Дабро паходзіць не з вышэйшай волі, не з гістарычнага досведу і не з прыроды чалавецтва. Няхай сабе кожны асобны чалавек не павінен даказваць сваё права быць свабодным. Усё адно, чалавек павінен рабіць свой выбар паміж Дабром і Злом, павінен вылучаць свае асабістыя мэты, павінен не адбыць, а зрабіць сваё жыццё. Катэгарычнасць гэтых задач вызначана тым, як праз фундаментальныя прынцыпы лібералізму прадстаўлены асновы асабістай свабоды чалавека. Найбольш лагічным крокам на шляху да разумення ўзаемадзеяння ліберальных ідэяў і чалавечай маралі становіцца вылучэнне і аналіз тых патрабаванняў, што выстаўляюцца ідэалогіяй індывіду.

 

Патрабаванні

Важнейшай і найбольш значнай праявай свабоды людзей з’яўляецца безумоўна іх дзейнасць па ўдасканаленню свайго асабістага жыцця і грамадскай сістэмы. Сама па сабе арыентацыя на канструктывізм не з’яўляецца ўласным здабыткам ліберальнай ідэалогіі. У мінулых стагоддзях можна знайсці мноства сістэмаў, у якіх прадугледжваецца свядомая, планамерная дзейнасць чалавека па трансфармацыі грамадства і ўсяго ладу жыцця з мэтай палепшыць сацыяльныя дачыненні, пазіцыю грамадзяніна і дасягнуць большага шчасця. Сапраўды новае, што ўносіцца ў канструктывізм, — гэта змена той субстанцыі, з якой паходзяць мэты сацыяльнага дзеяння. Пэўным чынам міфатворчая, такая субстанцыя раней абавязкова атрымоўвала яўную сакралізацыю. Тут можна вылучыць тры традыцыйныя падыходы.

Самы старажытны звязаны з антычнай верай у існаванне асаблівай прыроды чалавека. Менавіта яна змяшчае такія істотныя крытэрыі ідэальнасці, як справядлівасць, дабрачыннасць, любоў і гэтак далей. Відавочна адсюль, што незалежна ад ведаў і жаданняў людзей вышэйпамянёнымі крытэрыямі ствараецца адзіна верны ідэал найлепшага, які аб’ядноўвае найлепшы лад жыцця, найлепшы чын асабістай дзейнасці, найлепшае грамадскае ўпарадкаванне. Асобна адзначым, што і свядомая накіраванасць індывідуальнай дзейнасці да ідэалу таксама закладаецца зместам самога ідэалу. Такім чынам, і аб’ектыўна (да чаго чалавек імкнецца), і нават суб’ектыўна (як гэтае імкненне існуе) свае ўласныя мэты індывідам не ствараюцца, ад яго асаблівасцяў не залежаць і рэальна перавышаюць усялякага асобнага чалавека, таму што паходзяць з унутранай структуры ідэалу і, у адрозненне ад недасканалай чалавечай істоты, адзначаны рысамі праўдзівасці і вечнасці.

Падобнае разуменне паходжання мэтазгоднасці і ў хрысціянскай традыцыі. Бог утварае ўвесь свет, а разам з ім – Дабро і Зло. Бог з’яўляецца крыніцай любові і вызначае, чым ёсць справядлівасць. Несумненна, што аб’ектыўна мэты чалавека і тут маюць знешняе паходжанне і сферу існавання, і сакралізаваныя нават яшчэ больш. Яны не толькі асвячоныя прыналежнасцю да ідэалу, але па свайму паходжанню самі – подых вечнасці, бо ёсць праяўленнем вышэйшай дасканаласці. Не так з суб’ектыўнага боку. Імкненне чалавека да ідэалу не задаецца Богам і застаецца цалкам у залежнасці ад індывідуальнага выбару. Бог адказны за існаванне Зла і вызначае наканаванне чалавека такім чынам, што галоўнай мэтай стаецца далучыцца да ісціны, сфарміраваць і рэалізаваць уласнае імкненне да Дабра. Так атрымоўваецца, што суб’ектыўныя складальнікі асабістых мэтаў належаць тут самой асобе; зберагаючы свой сакральны статус, яны ўжо часткова апынаюцца ўнутры чалавечай дзейнасці.

У яшчэ большай меры чалавек становіцца гаспадаром ідэальнага, калі ідэал існуе недзе ў рэчаіснасці, часцей за ўсё ў мінулым. Такі падыход характэрны для кансерватызму, што знаходзіць ідэал у традыцыях і ўпарадкаванасці. Крытэрыямі ідэальнага ў гэтым выпадку становяцца не рацыянальныя, як у прыродзе чалавека, ці звышрацыянальныя, як ад Бога, канструкты. Ідэальнасць ствараецца ў пэўным сэнсе вагой чалавечых жыццяў: вырашанымі праблемамі, дасягнутымі поспехамі, карысцю і надзейнасцю. Мэты канструктывізму складаюцца, зразумела, незалежна ад пераваг кожнай канкрэтнай асобы, але тым не менш ствараюцца чалавекам. Аб’ектыўна і суб’ектыўна дачыненне да ідэалу жыцця тут тлумачыцца як вытворнае ад чалавечай дзейнасці, сакральны характар мэтанакіраванасці надаецца ўстойлівасцю і агульнай значнасцю каштоўнасцей.

Які з падыходаў ні ўзяць, індывід павінен знайсці, распазнаць атрыманы звонку ідэал. Канструктывізм ліберальны прызнае права асобнага чалавека ствараць ідэалы. Адзіны з усяго гістарычнага досведу чалавецтва лібералізм сцвярджае, што па-за межамі індывідуальнага сумлення няма ні справядлівасці, ні дабрадзейнасці. Лібералізм абвяшчае, што ніхто не абавязаны будаваць шчасце ў адпаведнасці з вечнымі ісцінамі, што сапраўднае дабро – гэта тое, чаго людзі хацелі б для сябе. Важнейшыя быццёвыя асновы свабоды выглядаюць у ім амаль што разбуральна для тых самых вечных ісцін, якія і складаюць маральнасць, але затое цудоўна дастасуюцца да ўласных ліберальных прынцыпаў.

Чалавек уцягнуты ў незлічонае мноства залежнасцяў. Яго дзеянні дэтэрмінаваныя прыродна і сацыяльна, але ж спецыфічнасць яго існавання ў свеце палягае на тым, што ўся яго ўлучанасць у сістэму матэрыяльных каузальнасцяў не адмяняе свабоды волі. Многія стагоддзі філосафы разбіраліся з гэтым феноменам, і рэальна толькі ў пазнейшы Новы Час складаецца яго тэарэтычнае разуменне. Чалавек свабодны дзякуючы свайму розуму і сваёй здольнасці адрозніваць Дабро ад Зла. Як істота, чалавек знаходзіцца ў межах матэрыяльнага. Але жыццё яго адбываецца ў свеце ідэальнага паходжання – у свеце, створаным і існуючым праз светапогляд, каштоўнасці, інтарэсы і мэты. Свабода чалавека не ў тым, каб не быць уцягнутым у залежнасці, а ў тым, як дзейнічаць ва ўмовах гэтых залежнасцяў, што рабіць са сваімі каузальнымі сувязямі. Свабодным індывід аказваецца ў тых выпадках, калі дзейнічае згодна з самім сабой, калі кіруецца асабістымі каштоўнасцямі, калі ўтварае мэты сваёй дзейнасці, падпарадкуючы рэальнасць сваім інтарэсам, а не наадварот. Гэтыя анталагічныя асновы свабоды самым дакладным чынам адлюстраваны ў вядучых прынцыпах лібералізму.

Прынцып індывідуалізму прадстаўляе сабой у першую чаргу ацэнку паходжання мэтаў дзейнасці. Згодна з гэтым прынцыпам, непаўторная індывідуальнасць кожнага ў разнастайных праявах сваёй актыўнасці з’яўляецца новай асновай сацыяльнасці, быццёвай апорай грамадства. Гэта выцякае з разумення грамадства як складанага цэлага, што мае сістэмныя характарыстыкі двух вымярэнняў – міжперсанальнага і надперсанальнага. І першае, і другое вымярэнне задаюцца змястоўнымі асаблівасцямі дзеючых асоб. Адсюль і дваістая каштоўнасць індывідуальнасці. Для грамадства як міжперсанальнай супольнасці індывід ёсць адзіны, прынцыпова вярхоўны выток разнастайнасці. У надперсанальным сэнсе індывід інтэрпрэтуецца як носьбіт асаблівай, выключна чалавечай якасці – годнасці. Менавіта і толькі асабістая годнасць непасрэдным чынам звязана з каштоўнасцю свабоды, таму што толькі сцвярджэнне годнасці надае характар мэтазгоднасці кожнаму свабоднаму дзеянню, абцяжаранаму пагрозамі правалу.

Прынцып індывідуалізму сцвярджае вярхоўны характар асабістай актыўнасці, але ў яго межах ужо ў класічным лібералізме існавалі дзве розныя лініі. Згодна з адной, адпаведна Локу, у самой аснове кожнай чалавечай асобы знаходзяцца безумоўныя, апрыорныя, інварыянтныя маральныя каштоўнасці, якія, уласна кажучы, робяць істоту чалавекам. Гэтыя агульначалавечыя пачаткі праяўляюцца ў самых розных відах дзейнасці і вызначаюць сабой фундаментальную аснову свабоды – права чалавека на незалежнасць і самарэгуляцыю. З другога боку, як даводзіў Русо, чалавечая істота сама па сабе (у натуральным становішчы) выпрацоўвае маральныя каштоўнасці толькі ва ўзаемадзеянні з прыродай, і нейкая агульнасць, светапоглядная, маральная і палітычная, выступае заўсёды як вынік свядомага пагаднення. Так ці інакш, маральнасць і свабода выступаюць як узаемазалежныя сутнасці: адной належыць першаснасць, а другая з’яўляецца вытворнай.

Прынцып неўмяшальніцтва, са свайго боку, таксама абараняе разнастайнасць. Памятаючы пра тое, што свабоднае дзеянне ў якасці адваротнага значэння ёсць рэалізацыя асабістай адказнасці, мы павінны зрабіць выснову, што маральнасць, якая з неабходнасцю прадугледжвае дзейную перавагу Дабра над Злом, утрымоўвае свабоднае дзеянне як момант свайго рэчаіснага існавання. З маральнымі прынцыпамі сапраўды кожны сам-насам; прыняцце іх – пытанне асабістага выбару, рэалізацыя – патрабаванне годнасці. Акрамя таго, неўмяшальніцтва падтрымоўвае асабістую свабоду сцвярджэннем абсалютнай каштоўнасці асобы, таму што кожная асоба абараняецца ў сваёй прыватнай непаўторнасці.

Для сацыяльных філосафаў яшчэ ад старажытнасці было відавочна, што свабода аднаго індывіда можа супярэчыць свабодзе іншага. Цудоўна, лёгка і зручна карыстацца формулай “свабода кожнага сканчаецца там, дзе пачынаецца свабода другога”, і праблема на самай справе зусім не ў тым, што дзве свабоды пачынаюць адмаўляць адна адну. Рэальная праблема ў тым, што ў сваім змястоўным вызначэнні свабода не можа быць абмежаваная, любая абмежаванасць ёсць адмаўленне сапраўднасці яе прыроды: самавызначанасці, самасцвярджэння. Прынцып дэмакратызму, які змяшчае складаную тэарэтычную канструкцыю дзяржаўнага і палітычнага ладу і сцвярджэнне цэлай іерархічнай сістэмы правоў чалавека, яўляе сабой спробу зразумець і паказаць магчымасць несупярэчлівага сумяшчэння індывідуальных свабодаў. Механізмам іх узаемадзеяння з’яўляецца таксама канкурэнцыя. На першы погляд яна здаецца з’явай накшталт натуральнага адбору, толькі ў сацыяльным сэнсе. Сутнасць жа яе заключаецца ў спробе ісцінасці, сапраўднасці, і калі сапраўднасцю ў чалавечым свеце адзначана маральнасць (ці то як аснова, ці як вынік аб’яднання індывідаў), выніковая мэтазгоднасць канкурэнцыі апраўдана ўзмацненнем існавання ў рэальнасці агульначалавечых каштоўнасцей.

Што тычыцца прынцыпа негвалтоўнасці, то сцвярджэнне ўзаемадзеяння нават з праціўнікам, арыентацыя на ўсталяванне сваіх каштоўнасцяў, а не на разбурэнне чужых – гэта і ёсць дзейнасць па-над умовамі, а не сярод іх. Улічваць перакананні іншай асобы, адмаўляючыся ад знішчэння і гвалту, азначае сапраўды ўносіць ідэальнае ў змест матэрыяльнага свету.

З кароткага апісання адпаведнасці зместу ліберальных прынцыпаў анталагічнай сутнасці чалавечай свабоды вынікаюць нешматлікія, але радыкальныя патрабаванні да асобы.

Паколькі асабістая годнасць і праз яе чалавечая прырода непасрэдна ідэнтыфікавана з ажыццяўленнем свабоды, то самае катэгарычнае, самае простае і самае цяжка выканальнае патрабаванне лібералізму: каб быць чалавекам, чалавек павінен быць свабодным. Катэгарычнасць гэтага імператыву ўцягвае асобу ў межы дзеяння адразу дзвюх супярэчнасцяў. Па-першае, сапраўдная свабода індывіда мае на мэце акрамя ўсяго і свабоду адмовіцца ад сваёй свабоды. У гэтым кантэксце павіннасць, абавязак быць свабодным выглядае даволі парадаксальна. І па-другое: свабоду лёгка адабраць, але даць яе немагчыма. Свабода ствараецца толькі канкрэтным актам самастойнага, незалежнага дзеяння, і таму толькі сама асоба можа быць вытворцай сваёй свабоды.

Абавязак ствараць і падтрымліваць сваю ўласную свабоду спалучае ў сабе тры ўзаемазвязаныя патрабаванні. Не дзейнічаць без мэты, заўсёды падпарадкоўваць сваю актыўнасць не існуючым умовам, а ажыццяўленню ідэальна сфармаваных задачаў. Мэты дзейнасці трэба не знаходзіць звонку, якія б сакралізаваныя яны не былі, а выпрацоўваць іх з уласнага зместу самавызначэння і змяшчаць у рэальным працэсе самасцвярджэння. Гэтае самасцвярджэнне магчыма толькі ў выпадку дзейнасці не сярод, а па-над абставінамі і ўмовамі.

Усе гэтыя вартасці, якія ліберальнае разуменне прадугледжвае ў праве і абавязку чалавека быць чалавекам, спалучаюцца тым не менш з вялікім шэрагам залежнасцяў і патрэбаў, таксама спецыфічна чалавечых. І гэтым патрэбам свабода няспынна і неабмежавана пагражае.

 

Пагрозы

Пераважная большасць безумоўных патрэбаў чалавека вызначаецца неабходнасцю самазахавання. Істота дваістай прыроды, чалавек вымушаны клапаціцца пра самазахаванне як у матэрыяльным, так і ў духоўным сэнсе. Таму можна лічыць усе безумоўныя патрэбы чалавека патрэбай ў бяспецы. Вельмі шматлікія, яны існуюць часткова як усвядомленыя, часткова не. Сярод магчымых вымярэнняў забеспячэння асабістай бяспекі можна вылучыць зберажэнне цела (бяспеку ад голада, неспрыяльных навакольных умоваў, фізічнай шкоды і г.д.), зберажэнне духу (бяспеку ад нянавісці, ад страху) і зберажэнне сацыяльнасці (бяспеку ад адзіноты, ад непаразумення, ад гвалту). Задавальненне гэтых патрэбаў складае разам з іншымі аснову дабрабыту і часта ўспрымаецца як умова шчаслівага жыцця. Больш таго, калі б мы задаліся аналізам той самай чалавечай прыроды, дык пераканаліся б яшчэ раз у тым, што цалкам усе аспекты патрэбы ў бяспецы выцякаюць з самой прыроды чалавека і ў значнай меры складаюць змест гуманізму. Неабходна адзначыць яшчэ, што названыя патрэбы задавальняюцца не пэўнымі працэсамі актыўнасці, а толькі дасягненнем пэўных вынікаў. Бяспека ад злачынства, напрыклад, дасягаецца не ў той момант, калі прымаюцца антыкрымінальныя меры, а толькі ў выніку радыкальнага змяншэння ці знікнення верагоднасці падвергнуцца нападу.

Для кожнага чалавека гэтыя патрэбы як бліжэйшыя жыццёвыя задачы бясспрэчныя. Але ж свабода, узведзеная людзьмі на п’едэстал асновы гуманізму, безумоўнай і вечнай каштоўнасці, ставіцца да бяспекі кардынальна іншым чынам.

Абстрактная канструкцыя свабоды палягае на вызначаных канкрэтных адзінках – на асобных актах свабоднага дзеяння. Кожны з іх мае складаную структуру, і ў кожным можна вылучыць неабходны, істотны, якаснаўтваральны момант. Гэта момант адмаўлення. Каб распачаць пераўтварэнне свету згодна з самім сабой (менавіта гэта і ёсць ідэальным зместам усялякага, найменшага свабоднага дзеяння), індывід павінен адмовіцца ад дадзенага становішча. Свабода заўсёды ў параўнанні магчымага і рэчаіснага аддае перавагу магчымаму, таму што яно змяшчае ў сабе развіццё. І, бясспрэчна, адмаўленне рэчаіснасці не выклікае аўтаматычна ажыццяўлення новай магчымасці. Вось у гэтым пункце, народжаныя неабходнасцю адмаўлення, і засяроджаны пагрозы свабоды.

Найвялікшай пагрозай з’яўляецца рызыка, звязаная са зместам ажыццяўлення магчымасці. Паколькі свабоднае дзеянне па сутнасці ёсць спроба ўтварэння сябе-ідэальнага ў рэальным свеце, то няўдача гэтага дзеяння азначае некаторую іррэальнасць, няўдаласць самога дзеючага індывіда, яго адмаўленне ў пэўным сэнсе. Нават болей, рызыка няўдачы, зразумелая не як псіхалагічная з’ява, а як здарэнне анталагічнае, выключна небяспечная для чалавека. Дзеянне, накіраванае на ажыццяўленне магчымасці, не можа быць гарантавана ад правалу, і таму магчымасць вельмі лёгка можа не пераўтварыцца ў рэчаіснасць, а згубіць верагоднасць і замест усталявання ў быцці “саслізнуць” у нябыт.

Магчыма, не настолькі ўніверсальныя, але прыкладна таго ж кшталту пагрозы, звязаныя з рызыкай разладжвання рэальнасці – поспех канструктыўнага ўсталявання магчымага новага ў дадзеную рэчаіснаць няпэўны; з рызыкай падпадання пад новыя, яшчэ незасвоеныя залежнасці – гэта дадатковае, але непазбежнае значэнне ўвядзення ідэальнага ў рэальны свет; з рызыкай разбурэння сацыяльнасці – бо парушаецца раўнаважнасць міжперсанальных адносінаў, і гэтак далей і далей. Відавочна, што адзначаныя пагрозы не выбіральныя і непазбежныя. І накіраваны яны дакладна на патрэбнасць чалавека ў бяспецы, з якой свабода абыходзіцца бязлітасна. На суцяшэнне свабода не прапануе нічога, акрамя сябе самой. Паспрабуем вызначыць, ці выкупаецца яе бязлітаснасць абяцаннямі.

 

Абяцанні

Унікальнасць чалавечага існавання ў свеце грунтуецца, як вядома, на двух непаўторных асаблівасцях: свабодзе волі і здольнасці адрозніваць Дабро і Зло. Як ужо адзначалася, адна з асноўных каштоўнасцей, асабістая годнасць, звязана са свабодай непасрэдным чынам і падтрымоўвае мэтазгоднасць самой свабоды. Але, акрамя годнасці, можна адшукаць такія рысы чалавечнасці, якія з’яўляюцца вытворнымі ад свабоды і абапіраюцца на яе безумоўнасць. Па-першае, гэта сама ідэя волі. Воля тлумачыцца як ідэальны матыў матэрыяльнага дзеяння, як выток патэнцыяльнасці. Воля адрозніваецца ад іншых аспектаў суб’ектыўнасці ўсталяваннем залежнасці реальнага свету ад асабістай свядомасці, яе істотны сэнс – самасцвярджэнне. Таму толькі свабодная воля ёсць воляй, у іншым выпадку мы сутыкнемся са згубай персанальнай ідэнтычнасці і цэласнасці.

Колькі існуе чалавецтва, людзі ганарацца сваёй разумнасцю. Свядомасць ёсць жыццё ідэальнага, у вялізнай меры незалежнага ад зместу матэрыяльнага свету. Паняцці і тэорыі, пачуцці і ідэалы не мелі б ніякага сэнсу, калі б немагчыма было праз дзейнасць чалавека змяняць рэальнасць у адпаведнасці з імі. Разумнасць чалавека не магла б існаваць інакш як фактар, здольнасць яго свабоды вызначаць асабісты ідэальны змест і дзейнічаць адпаведна з самім сабой.

Свабода ляжыць у фундаменце сумеснай дзейнасці, сацыяльнага характару жыцця чалавека. Павага да асобы, адмаўленне ад інструментальнага ўспрыняцця іншага павялічваюць магчымасці супольнасці, таму што свабодная дзейнасць – гэта творчасць, якая заўсёды ўносіць у жыццё нешта новае і нараджае тым самым новыя магчымасці. Самое адрозненне Дабра і Зла ў вызначэнні сваім змяшчае адзінкавы акт свабоднай перавагі.

Сцвярджаючы індывідуалізм, свабода абапіраецца на асабістую годнасць і сама падтрымлівае яе. Неўмяшальніцтвам ажыццяўляецца незалежнасць, рэальнасць і неабходнасць выбару, а праз яго рознасць і разнастайнасць чалавечых асобаў. Дзякуючы дэмакратыі сацыяльнасць не супярэчыць свабодзе, а забяспечвае распаўсюджванне вынікаў рэалізацыі індывідуальных ідэальнасцей. Без канкурэнцыі, накіраванай на адбор і падтрымку поспеху, не ўзмацнялася б мэтанакіраванасць. А шляхам негвалтоўнасці, пашырэння павагі да чалавека мы прызначаны прыйсці напрыканцы да разумення права як праведнасці.

Дабро і Зло апярэджваюць свабодны выбар чалавека ў свеце. Тым не менш для іх няма іншай магчымасці існавання, як праз індывідуальны свабодны выбар. Так што гэта яны вызначаюцца нашай свабодай, а не наадварот. Асабісты ўчынак на аснове рашэння – гэта жыццёвая творчасць і сцвярджэнне ідэальнага. Менавіта таму неабходнасць дзейнага выбару паміж дабром і злом і ёсць гуманізм. Свабода робіць чалавека справядлівым, моцным і дабрадзейным. Адсутнасць гарантый поспеху, якая ўвасабляецца ў бязлітасных пагрозах свабоды, вымушае чалавека як асноўную прыняць залежнасць ад самога сябе, а не звонку. Такім чынам, менавіта пагрозамі свабода падтрымлівае чалавечнасць як унікальную пазіцыю ў свеце, робіць чалавечую істоту чалавекам.

Нашчадкі таталітарызму, што далі перавагу толькі адной свабодзе – свабодзе адмовіцца ад сваёй свабоды, людзі вінаватыя перад чалавечнасцю за ўласную годнасць, што не адбылася, за нерэалізаваныя магчымасці, за панаванне матэрыяльнага над ідэальным. Свабода здаецца ім пакараннем, і за такую віну яны заслужылі пакаранне.

Аднак ліберальная ідэя, такая патрабавальная і небяспечная, з’яўляецца праграмай не толькі сацыяльнага, але і персанальнага канструктывізму. Пад прымусам адказнасці за існаванне Дабра ці Зла, якія ажыццяўляюцца праз наш выбар і нашу дзейнасць, чалавечнае, а значыць, свабоднае ў нас набывае большую рэчаіснасць. Перайсці праз страх да ўчынку, праз няўдачу да ідэалаў, праз выбар да супрацоўніцтва – вось маральны сэнс лібералізму, дзе сакралізаваная свабода закладаецца ў падмурак чалавечнасці.

 

зьмест