ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

даль-агляды


ФРАГМЭНТЫ №9
№9
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


АГЛЯД КНІГАЎ

 

Фурс В.Н. ФИЛОСОФИЯ НЕЗАВЕРШЕННОГО МОДЕРНА ЮРГЕНА ХАБЕРМАСА.  Минск.: ЗАО “Экономпресс”, 2000 — 224 с.

Філязофская творчасьць аднаго з найбольш значных прадстаўнікоў заходнеэўрапейскай філязофіі апошняй траціны XX стагодзьдзя, нямецкага мысьляра Юргена Габэрмаса (Habermas) (нар. 1929) дасюль параўнальна мала асьвятлялася як у айчыннай, так і ў расейскамоўнай крытычнай традыцыі. Палітыка-этычныя погляды Габэрмаса былі ў пэўнай ступені прааналізаваны ў разгорнутым суправаджальным артыкуле расейскай дасьледчыцы Н. Матрашылавай да зборніка лекцыяў Габэрмаса, прачытаных у Маскве. (Хабермас Ю. Демократия. Разум. Нравственность. — М., 1992; другое выданьне — 1995). Яго ж інтэлектуальная дзейнасьць у поўным аб’ёме (Габэрмас – аўтар каля трох дзесяткаў кніг, прысьвечаных пытаньням філязофіі, сацыялёгіі, культур-антрапалёгіі, правазнаўства, псыхалёгіі, лінгвістыкі й г.д.) натуральна не зводзіцца да такога абмежаванага ракурса разгляду.

Прапанаваная кніга й імкнецца самым значным чынам запоўніць гэты прабел. Абапіраючыся на рэпрэзэнтатыўны корпус арыгінальных тэкстаў самога Габэрмаса, а таксама на сур’ёзную традыцыю палемічна-крытычных водгукаў ў асадах заходняй філязофіі, аўтар змог усебакова адрэфлексаваць ня толькі парадыгмальны статус канцэпцыі Габэрмаса (фундаваны “станам мадэрна” сучаснай філязофіі), але й унесьці ў канву ўласнага дасьледаваньня такія праграмныя для нямецкага філёзафа праекты, як “тэорыя камунікатыўнага да-чыненьня”, “новая вэрсыя філязафічнай рацыянальнасьці”, “новая мадэль пасьлядоўна інкарнаванай рацыянальнасьці” й г.д.

Актуальнасьць кнігі для беларускага чытача абумоўліваецца таксама й тым, што аўтар у кантэксьце тэарэтычнай рэканструкцыі поглядаў Габэрмаса сур’ёзна закранае таксама й пытаньні “прыхаванай этнацэнтрычнасьці” базавай для гэтага мысьляра схемы “камунікатыўнай рацыянальнасьці”: гэткая ў мэтах глябальнай рэлевантнасьці мусіць улучаць у сябе дадатковую зьменную — “тэрытарыяльнасьць”, якая толькі й здатная пераадолець лятэнтны этнацэнтрызм шэрагу рэфлексыўных стратэгіяў (асабліва ў іх маргінальных разгалінаваньнях — напрыклад, “особого восточнославянского пути”).

Аляксандар Грыцанаў

 

А.Р. Усманова. УМБЕРТО ЭКО: ПАРАДОКСЫ ИНТЕРПРЕТАЦИИ.  Минск, Пропилеи, 2000.

Кніга Альміры Усманавай пра Умбэрта Эка дэкляруе сябе як пачынальніка новага жанра апафатычнай тэорыяграфіі і самавызначаецца ў “...нэгатыўных тэрмінах: дадзены тэкст не прэтэндуе на строгую навуковасьць, ён ня можа быць вызначаны як філязафічнае альбо ўласна сэміятычнае дасьледаваньне, ён не зусім упісваецца ў жанр інтэлектуальнай біяграфіі (альбо, тым больш, агіяграфіі), ён ня можа быць кваліфікаваны як “заўвагі на палёх” альбо як уласна эсэістыка. З пэўнасьцю можна сказаць толькі пра тое, што цяжэй за ўсё было змагацца з спакусай мімэтычнага пісьма... Пытаньне пра жанр цалкам можна было б адрасаваць і самому Умбэрта Эка”.

Тым ня менш, кніга Усманавай усталёўвае новыя стандарты дыскурсыўнай самарэфлексыўнасьці ў жанры “манаграфіі пра сп. X”: яна адмаўляецца выглядаць і быць чыстым прыдаткам да спадара Эко, а, хутчэй, скарастоўвае Эко як тэматычную матрыцу...

Аляксей К.

 

 

Кантактуйце з намі па тэлефоне 256-21-67, альбо дасылайце свае водгукі:

Менск, 220036, пашт. скр. 24.

 

       

зьмест