ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

топас/мысьленьне


ФРАГМЭНТЫ №9
№9
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


Алена Гапава

ЖАНЧЫНА ЯК "ІНШАЕ"
Ў ДЫСКУРСЕ БЕЛАРУСКАЙ ДЭМАКРАТЫІ

 

Назва наступнага нумару “Фрагментаў”, паведаміў рэдактар, “Еўропа і яе Іншыя”. А чым ёсць Еўропа? Яшчэ пачынаючы ад “Арыенталізму” Эдварда Саіда (а, можа, і раней) лічыцца, што Захад не проста “ёсць”, а ёсць ідэяй са сваёй гісторыяй, традыцыяй мыслення, вобразнасцю і слоўнікам, якія існуюць у процістаўленні да “Ўсхода”, які таксама ёсць ідэяй са сваёй традыцыяй...(1) І што з гэтымі ідэямі, тым не менш, суадносіцца пэўная рэчаіснасць. Напрыклад, каўчукавыя плантацыі ў Індакітаі і белы наглядальнік з пугай. Калі Рабінзон сустрэў іншую культуру ў асобе Пятніцы, ён меў у руках стрэльбу.

Яшчэ лічыцца, што Еўропа — гэта цывілізацыя (у сэнсе — не дзікунства), дэмакратыя, рацыо, індывідуалізм, пазнанне і ўвогуле дэкартава cogito і філасофскае здумленне; а Ўсход — кітайскія катаванні (пакласці на прарастаючы бамбук), азіяцкі дэспатызм, прастора, народаў “цьмы і цьмы”, філасофскае здумленне, праз якое, аднак, нічога пэўнага спазнаць немагчыма, а ўвогуле тысячагадовая тайна, якую еўрапейцу ніколі не спасцігнуць. Але для еўрапейскай імперскай экспансіі на Ўсход гэта і не трэба, бо яе заўсёды можна тлумачыць цывілізацыйнай місіяй. Таму што з пункту гледжання Еўропы Ўсход — гэта “іншае”. А як з пункту гледжання Ўсходу, нікога не цікавіць, таму што іншыя не маюць голасу. Яны маўчаць — ці мы не слухаем альбо не ведаем іх мовы, і артыкулюем за іх іхнія інтарэсы і абараняем іхнія правы, як нам падабаецца іх разумець.

Ад пачатку еўрапейскай экспансіі метафарай тых іншых зямель і народаў, куды трэба было прынесці “культуру” (як яна бачыцца з еўрапейскага пункту гледжання), а забраць нафту, золата, каўчук, спецыі і рабоў, было абрана жаноцкае. У еўрапейскім увасабленні яно было сканструявана як прыналежнае да прыроды, існуючае па-за гістарычным часам і прасторай мыслення, у адрозненні ад мужчынскага: мужчыны, частка культуры, жылі ў гісторыі, пераадольвалі зямныя абшары і ўвасаблялі “чалавечае”(2). А каб цёмная і жудасная жаночая моц першабытнага “іншага” не ўцягнула ў сябе мужчыну і не згубіла ўвесь каланіяльны праект, побач з ідучым наперад салдатам, купцом, чыноўнікам або сасланым злачынцам павінна была быць белая жанчына, маці яго дзяцей, гаспадыня дома і плантацыі. “Іншая” ў дачыненні да еўрапейскага мужчыны, але частка “нашага еўрапейскага” ў адносінах да іншых Іншых, яна была патрэбна, каб узнаўляць нацыю і пільнаваць мараль як мясцовага грамадства, так і масы цёмных (у прамым і пераносным сэнсе) туземцаў і ўтрымліваць белага мужчыну ад небяспечнай сувязі з іншай — каляровай — жанчынай3. Жаночая іншасць існуе ў перапляценні з іншасцю расавай і класавай, і ў адпаведнасці з патрэбамі палітычнага моманту лона можа быць названа мацярынскім і стаць метафарай радзімы, якую трэба абараняць, а можа — увасабленнем некантраляванай сэксуальнасці распуснай дзеўкі, якую трэба скарыць і выкарыстаць.

Беларускі дэмакратычны праект абраў сваім лозунгам “Беларусь у Еўропу” — у заходнюю мадэрнасць, прагрэс, правы чалавека, рацыянальную эканоміку, логіку, інтэлектуальнасць і дабрабыт. Нам так хочацца належаць да еўрапейскага культурніцкага праекта, што мы шукаем — і знаходзім — сведчанні сваёй колішняй прыналежнасці да рэнесансу яшчэ ў залаты час беларускай дзяржаўнасці (якую некаторыя іншыя таксама лічаць сваёй), у эпоху Літоўскага Княства. Услаўляючы мінулае, патрэбнае нам для фантазій аб будучыні, і быццам бы ў кампенсацыю таго, чаго пазбаўлены сёння, мы завем тое княства “калыскай сучаснай еўрапейскай дэмакратыі”(4) і малюем ідэю прыналежнасці да Еўропы, перарваную, але не зруйнаваную савецкім эксперыментам, настальгічным мітам у беларускай нацыянальнай памяці.

Менавіта заходняя каардыната абраная намі як пачатковы пункт сучаснага нацыянальнага будаўніцтва, і каб усе ўбачылі нашу еўрапейскаю прыналежнасць, мы знайшлі сабе місію, якая дазваляе яе дэманстраваць. Як апошні заходні францір, мы пільнуем Еўропу ад цемры, хаосу і азіятчыны (ёсць добрая цытата, але нельга выкарыстаць: яе аўтар далёка і не зможа мне адказаць), і нам трэба стаяць, і на нас глядзіць увесь цывілізаваны свет, бо “из нас ослабнет кто-то, и небо упадет”. Мы дэкларуем сваю азаходненасць і еўрапейскасць як можам, чым можам, і свае лісты ў “Нашу ніву” друкуем лацінкай. Яна набліжае нас да Еўропы. Калі у часы Заходняй Беларусі польскія ўлады перавялі беларускую друкарню на лацінскі шрыфт, гэта лічылася варожым да беларускасці актам… Арфаграфія — наша палітыка.

Еўрапейская прыналежнасць усеабдымная і аб’ядноўвае з’явы публічнай сферы (палітыку, дзяржаву) і прыватнай прасторы, да якой адносяцца сям’я, арганізацыя хатняга жыцця і сэксуальнасць: яны павінны быць адпаведныя адно аднаму. Прыватнае — найслабейшае месца нашага фронту, таму што “нашы жанчыны” саўковыя, як напісаў вядомы паэт у газеце “Культура” (5), і не паўстаюць уровень з нашымі культурнымі амбіцыямі. “Ганна завіхалася ля печы” — гэта не па-еўрапейску. Як было б хораша, калі б яна замест гэтага з раніцы гуляла ў тэніс. Як казаў у Салжаніцына лепшы сябра савецкіх матэматыкаў, “Коммунизм бы был давно построен, эсли бы нэ нэпаслушание дэтэй”.

Сярод сваіх экзістенцыальных пытанняў наш нацыянальны дыскурс уключае жаночае, як было ва ўсіх тых позніх нацыяў — ці то ва Ўсходняй Еўропе, Азіі ці Лацінскай Амерыцы — якія праходзілі праз нацыянальнае адраджэнне і вырашалі праблемы палітычнай незалежнасці хто на 150 гадоў раней за нас, а хто на 50 6. Мы імкнемся заняць сваё пачэснае месца між “цывілізаваных” народаў, і нас не задавальняе якасць жаночага, якое выпала на нашу долю.

“Ад блізкасці з жанчынай заўжды чакаеш задавальнення свайго жадання, а ў рэшце рэшт усё сканчваецца адным і тым жа — стратай жадання” (ЛіМ, 1998), — кідае думку з левай кішэні публічны інтэлектуал (цікава, а што робіцца з жаночым жаданнем?), які увасабляе прыналежнасць да свету еўрапейскіх ідэй. “…Я нават не ведаю, колькі каштуе хлеб у краме… Праўда, ведаю, што двухтомнік Мантэня каштуе чатыраста тысяч рублёў…” (там жа, далей).

Мы ацэньваем мысленне па палавой прыналежнасці, і лічым жаночае сінонімам глупства: “Женским своеобразием было отмечено выступление г-жи Ольги Абрамовой (белорусское “Яблоко”), которая предложила освободить диалог от политики и считать всех его участников “миротворцами”…” (“Наша свабода”, 9 чэрвеня 2000).

Як у часы еўрапейскага каланіялізму, жанчына ўвасабляе “презренную телесность”, што перш за ўсё ўяўляецца нам полем бітвы:

У рaсейцаў шаблi касыя,
У расейцаў вочы Батыя,
Конскiя хвасты за плячыма,
Потная кабыла — айчына.
Не патрап пад шаблi касыя,
Не павер у вочы Батыя.
Не сядлай жаробай кабылы,
Давядзе яна да магiлы.
А ў мяне ж свая ёсць магiла,
А мяне ж яна палюбiла,
Палюбiла сынам i мужам,
Як жану я бiў яе гужам.
А я бiў-пытаўся:
“Цi мала да мяне з чужынцамi спала?”
“Спала з маскалём,
Спала з ляхам,
Ды была пастеллю мне плаха.
Спала з тваiм бацькам — лiцьвiнам,
А цяпер з табой — маiм сынам.
Паглядзi-ка ў рэчкi лясныя,
Хiба маеш вочы Батыя?
Хiба конскi хвост за плячыма?
Паглядзi, з кiм спала Айчына!” (7)

Як нішто больш прагаворанае альбо напісанае ў нашай культуры гэты верш адлюстроўвае працэс беларускага нацыянальнага самавызначэння і пошук гісторыі як праблему полавой ідэнтычнасці. Ён б’ецца рэхам болі, што праходзіць скрозь нацыянальны інтэлектуальны дыскурс як драма паходжання — хто мы? адкуль мы? ці мы палякі, ці расейцы, ці мы самі народ? — і прадстаўляецца праблемай жаночай чысціні ў кантэксце “нацыянальнай беларускай міфалогіі”. Краіна, у якой, паводле ўяўленняў інтэлігенцыі, “скралі” яе вялікую еўрапейскую гістарычную кнігу, выпрацавала некаторы комплекс ідэй. Беларускае Палессе — прарадзіма усіх славян; беларуская мова — наістаражытная з славянскіх, ў ёй захаваліся спрадвечныя карані (тое ж самае кажуць пра сваю мову сербы і іншыя); беларусы захавалі старажытныя антрапалагічныя рысы — манголы сюды амаль не дайшлі і не сапсавалі кроў (а рускія, наадварот, атручаны азіяцкай). Гэта міфалогія, якая існуе большай часткай у галовах беларускіх інтэлектуалаў і ў некаторых тэкстах апошняга дзесяцігоддзя (да пачатку перабудовы яе перадавалі вусна і за распаўсюджванне можна было заплаціць лёсам), знаходзіцца ў складаных адносінах з гістарычнымі, лінгвістычнымі і археалагічнымі сведчаннямі. Па многіх палажэннях — мовы, паходжання славян і г.д. — навуковая дыскусія ідзе шмат гадоў, але тут яны ёсць ілюстрацыяй культурнай настальгіі народа, што цягам стагоддзяў быў пазбаўлены дзяржаўнасці і зараз імкнецца ўявіць сваё месца ў свеце. Нацыя рэканструюе мінулае як падставу для калектыўнай прыналежнасці: агульнага паходжання, досведу альбо культуры. У пэўнай ступені гэта кампенсаторны працэс: калі няма палітычных шляхоў для артыкуляцыі нацыянальнага пачуцця, людзі ганарацца уяўнымі расавымі, лінгвістычнымі альбо культурнымі рысамі 8.

Метафара жанчыны, што спіць з сынам і мужам і не аддае сябе каланізатару, які адначасова гвалтаўнік, шмат што кажа пра нашае палітычнае “неўсвядомленае” і нашыя нацыянальныя комплексы. Мы выкарыстоўваем у палітычных мэтах традыцыйны сэксуальны сімвалізм, дзе іканізацыя жаночага лагічна суседнічае з пагардай да яго, таму што ведаем толькі два жаночых вобраза — мадонны і шлюхі, а таксама ўяўляем жанчыну як рэч.

“Сімвалам жа жаночага пачатку (па Фрэзеру) з глыбокай старажытнасці было кола. Альбо вянок. Таму багіня перамогі Ніка ўзнагароджвала пераможцу на спаборніцтвах лаўровым вянком. Бо жанчына была і застаецца найвялікшай узнагародаю для мужчынаў (“Навіны”, 1998, н. 52), піша рупліўца бацькаўшчыны ў артыкуле пра рэферэндум 1996 г. і доўга грае далей са словамі “ператрахіваць” і “паімець”. Што думае сама ўзнагарода аб сваёй прысутнасці ў мужчынскім сэксуальным праекце, нікога не цікавіць, таму што яна, як іншыя рэчы — кола ці вянок, не мае голасу.

Дыскурс аб стане нацыі даўно ператвораны ў нас у арэну, на якой дэманструюць мужчынскую моц, і галасаванне на рэферэндуме супраць вяртання савецкай сімволікі прадстаўляецца як менавіта мужчынскія, а не грамадзянскія паводзіны:

“І я прагаласаваў супраць. Як меншасць. Мужчын, сапраўды, у Беларусі менш, чым жанчын” (там жа, далей).

Так мы тлумачым, чаму нашыя ідэі і сімвалы не падтрымлівае народ, ад імя якога мы іх прапануем. Увасабленне жанчыны як іншага ад “нас” дазваляе прыхаваць, што мы выдаем свае — “карпаратыўныя” інтарэсы кола інтэлектуалаў - за інтарэсы народа.

І ўвогуле, жанчын няма сярод нас, лічыць вядомы пісьменнік і публічная фігура ў рэцэнзіі на новы паэтычны зборнік Алеся Разанава:

”Гэта вельмі матэрыяльнае пісьмо, вельмі мужчынскае, а таму вельмі беларускае …” (“Наша ніва”, 1999, 25 студзеня).

Беларускае таму, што мужчынскае…

Усе выкарыстаныя вышэй цытаты ўзяты з беларускіх газет “незалежніцкага” кірунку. Іх функцыя ў нацыянальным дыскурсе палягае ў сацыяльнай мабілізацыі на барацьбу за дэмакратыю і ўваходжанне ў еўрапейскую культурную і палітычную прастору. Але паколькі жанчын (і не толькі іх) у той “Еўропе”, што імі будуецца, няма — ні як грамадзянаў, ні як аўтаномных суб’ектаў, ні як вытворцаў значэння, я раблю выснову, што будуецца нешта іншае. Менавіта, новы патрыархат, звязаны з узнікненнем “мужчынскага суб’екта” (якога не было пры сацыялізме ў сувязі з агульнай “негатыўнай роўнасцю”, калі ўсе былі аднолькава пазбаўленыя грамадзянскіх правоў) ў абставінах постсавецкай сацыяльнай стратыфікацыі: будаванне маскуліннасці і класу заўсёды ідуць побач (9). А нацыянальны праект… ён добра ідэалагічна абслугоўвае гэты працэс.

 

Зацемы

1. Edward Said, Orientalism, 1978.

2. Ortner, Sherry. “Is Female to Male as Nature Is to Culture?” In: Rosaldo, Michelle and Lamphere, Louise (ed). Women, Culture and Society, Stanford University press, 1974.

3. У якасці культурных пасведчанняў гэтага цікава чытаць раманы Дж. Конрада і “Апавяданні Паўднёвых мораў” С. Моэма.

4. С. Падокшын.“Уладар адзін — закон”// Літаратура і мастацтва, 1996, 14 чэрвеня.

5. “Культура”, 1997, № 6.

6. Chatterjee, Partha, Nationalist Thought and Colonial World: A Derivative Discourse?, London 1986.

7. Сыс, Анатоль. Песня пра жану// Крыніца, 1993.

8. Nodia, Ghia, Nationalism and Democracy// Nationalism, Ethnic Conflict and Democracy, The Johns Hopkins University Press, 1994, p.15

9. Watson, Peggy, Civil Society and Politization of Difference in Eastern Europe// Transitions, Environments, Translations: The Meanings of Feminism in Contemporary Politics (J. Scott and C. Kaplan, eds.), Routledge, 1998.

 

    

зьмест