ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

БІБЛІЯТЭКА


Сяргей Дубавец "Дзёньнік прыватнага чалавека"
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


Сяргей Дубавец

ДЗЁНЬНIК ПРЫВАТНАГА ЧАЛАВЕКА

1989-1998

Апавяданьнi, iмпрэсii, эсэ

 

"Дзёньнiк прыватнага чалавека" -- гэта запiсы рэдактара адноўленай "Нашай Нiвы", зробленыя на працягу апошнiх дзесяцi гадоў.

Рэдактар Сяргей Шупа

 

"ШЛЯХЦIЦ ЗАВАЛЬНЯ"

Прадмова да чацьвертага выданьня

Кожнага разу, калi настае восень, калi доўгi кастрычнiцкi дождж гонiць нас, нiбы пблае лiсьце, зь лесу, з ракi й з суседзкiх двароў, калi шэры дзень так незаўважна перамяняецца ў вечар, што раз-пораз пазiраеш на гадзiньнiк, блытаючы "шэсьць" i "восем", каб адразу ж забыцца на час i зiрнуць зноў, -- кожнага разу мы з шумам ляцiм па гулкай лесьвiцы да свайго паверху i, расчырванелыя, штурхаемся ў калiдоры, скiдаючы абутак, нешта выкрыкваем, сьмяемся й разьбягаемся па доме, па ўсiх пакоях, каб неўзабаве сабрацца да вечаровага стала, ля якога ўжо сядзiць наш сiвавусы дзядуля, каб пасьля вячэры йсьцi ў вялiкi гасьцёвы пакой, дзе мы з нагамi залазiм на старасьвецкую канапу, каб зараз жа стаiцца й слухаць, слухаць пад пошум дажджу за вакном доўгi-доўгi роспавед пра iншы сьвет ды iншых людзей, дзе сьвет i людзi такiя дзiўныя й такiя падобныя да нас самiх, бо гэта наш дзядуля распавядае нам свае дзiвосныя гiсторыi, а мы, заварожаныя, не варушымся, хоць нам зусiм ня хочацца спаць, бо трэба абавязкова дазнацца, чым скончыцца гэтае апавяданьне, якое ўжо заўтра мы будзем пераказваць адзiн адному на розныя лады, але так будзе заўтра, а сёньня мы заўважаем, што дзядулевы гiсторыi апошнiм часам робяцца ўсё больш кароткiя i ўсё часьцей паўтараюцца, яны ўжо зусiм не такiя захапляльныя, як колiсь, i ад гэтага нам лезуць у галаву ўсялякiя недарэчныя думкi пра тое, што наш дзядуля зусiм састарэў i не распавядзе нам ужо больш нiчога -- ён пазiрае на нас сваiмi сумнымi вачыма, у якiх стаяць сьлёзы, нiбы вiнавацiцца перад намi, бо штосьцi зьмянiлася -- нават ня ў iм, i ня ў нашым вялiкiм пакоi, а ў цэлым сьвеце, альбо гэта мы ўжо вырасьлi з гэтага сьвету, бо раней заўсёды, калi гадзiньнiк паказваў дзесяць, дзядуля казаў нам: "Пара спаць!" -- а сёньня ўжо даўно за дзесяць, а ён ня кажа нiчога. Ён маўчыць...

 

ГIСТОРЫЯ СУБ'ЕКТА

Гiсторыя Беларусi -- гэта гiсторыя аб'екта цi суб'екта? Кананiчны, але няўдалы тэрмiн уводзiць нас у зман, падмяняе паняцьцi. Гiсторыя аб'екта-Беларусi -- гэта гiсторыя мяне, убачаная й зразуметая некiм iншым. Гiсторыя суб'екта-Беларусi -- гэта мая гiсторыя, убачаная й зразуметая мною. Каго i чыя?.. Тэрмiн адказвае аднолькава -- Беларусi. Мiж тым, розьнiца зусiм прынцыповая: цi гэта маё (Беларусi) бачаньне сьвету ў гiстарычнай пэрспэктыве, цi гэта мяне (Беларусi) нечае бачаньне ў гiстарычнай пэрспэктыве. У другiм выпадку сама пэрспэктыва перакройваецца ва ўгоду таму некаму. I тады Беларусь ужо не Беларусь, а "исконно" чыесьцi землi: "северо-западный край" цi "kresy wschodnie", а гiсторыя яе -- толькi прыдатак да расейскай цi польскай гiсторыi. Зразумела, што ўсялякае суб'ектнае выяўленьне Беларусi ў гiсторыi ў такiх "гiсторыях" замоўчваецца. А мы, беларусы, на такiх "гiсторыях" выхаваныя, уласнай гiсторыi ня ведаем. Зразумеўшы гэта, пачнем раз за разам згадваць уласную гісторыю суб'екта...

 

У ЦIШЫНI НОЧЫ

Позна ўначы не хадзеце па вулiцы! Там гуляе грубая сiла й гаспадарыць гвалт. Iх законы незразумелыя, а ўчынкi заўжды нечаканыя. Iх вочы тояць прыцягальны жах, падобны да вусьцiшы бяздоннага чорнага неба, а боязь сустрэцца зь iмi вабiць нiбы магнэс!

I таму я выходжу на вулiцу позна ўначы.

Мне здавалася, што я добра ведаю гэты горад, кожны будынак, кожную шыльду па-над вакном. Але цяпер усё выглядае iнакш. I ў гэтай нязнанасьцi я адчуваю злавесны сэнс.

Вулiчны страх спакваля падпаўзае да самага сэрца. Спачатку вас ахiнае змрок, пасьля вы заўважаеце, што на вулiцы пуста. Але гэта падманлiвая пустата, яна ўся працятая напружаным чаканьнем, якое даводзiць да панiкi, да iстэрыi!

Я iду па вулiцы Вежы -- памiж скрывуленых камянiц, што затаiлiся ў цемры -- да вежы. Недзе тут хаваецца грубая сiла. У цiшы я чую кожны рып маiх чаравiкаў. Больш няма анi гуку на гэтым шляху мiж зачыненых дзьвярэй i вакон. Толькi ў дварох чуваць пранiзьлiвыя кацiныя вiскi -- так падобныя да няўцешнага дзiцячага плачу. I гэта зусiм невыносна -- дзяцiныя крыкi ў пустым горадзе, якi сьпiць.

Я насьцярожваюся, я думаю: вось, зараз выйдуць яны i толькi зiрнуць на мяне -- я адразу страчу i голас, i рух. Я здранцьвею ўвесь i, вядома, нiчога ня здолею сказаць у адказ. Мне прасьцей было б напiсаць. Але ж яны не чытаюць нiчога й нiколi. Яны паводзяць сябе так, быццам усё тут належыць iм. Магчыма, мне трэба неяк абвергнуць iхную нахрапiстую пэўнасьць. Але як? Хай бы яны адразу пачыналi бiцца, -- я б паказаў iм, на што я здатны. Хай бы нават загiнуў. Але сам распачаць не змагу. I крычаць iм якiясь абразы -- так невыносна!

Сонная вулiца блiжэй да вежы робiцца ўсё больш напружанаю -- усё, што тут ёсьць, усё творыць гэты псыхоз: самотныя лiхтары адкiдаюць марнае сьветлiва, рэдкi дождж блiшчыць на каменьнi дзiкага бруку, крывыя муры ўсьмiхаюцца цi рагочуць цi крычаць чорнымi бяззубымi ратамi сваiх выгбаў, нiбы квазiмоды, -- iхны жах памнажае iхная старажытнасьць. Вусьцiш вечнага гораду зноў нагадвае мне сказ пра пачвару, што колiсь хавалася ў сутарэньнях пад вежай.

Пачвара забiвала людзей паглядам. I пагляд яе быў падобны да безданi чорнага неба -- прыцягальны й сьмяротны. Шмат людзей загiнула ад яе забойчых вачэй. Але аднойчы людзi паслалi ў сутарэньнi злачынцу-сьмяротнiка. Ён марудна iшоў цёмным каменным праходам. I калi пачвара выскачыла з-за павароткi, каб забiць яго сваiм жахлiвым паглядам, ён павярнуўся да яе сьпiнаю. А на сьпiне ў яго было прымацаванае люстэрка. Пачвара сустрэлася вачыма сама з сабою. Жудасны лямант разарваў цiшыню ночы. I ўсё скончылася...

Ад успамiну мяне працяла халодным потам. I тут у першым паверсе аднае з камянiц я ўбачыў асьветленае вакно. Лiшне казаць, як я гiдзiўся самога сябе, калi памкнуўся быў зазiрнуць усярэдзiну.

Зараз, -- думаў я, -- варта мне толькi наблiзiцца, як яны адчуюць i, апрануўшы свае мiлiтарныя фрэнчы, свае недарэчныя капелюхi, свае пухавiкi, -- выйдуць на вулiцу ў гэтую пустату, пад гэты дождж. I размашыстым крокам рушаць у цемру...

Мне стала халодна. Я зусiм прамок. Я адчуў гэта толькi цяпер, калi скончыўся дождж.

Магчыма, я прыйшоў сюды, каб зразумець сваю бездапаможнасьць? Але я ведаю, што ад разуменьня ня стане лягчэй. Ня сёньня дык заўтра яны наваляцца на мяне. Яны сядуць мне на галаву. Яны будуць кпiць зь мяне й абплёўваць усё, што маё. Не, яны не палезуць у бойку. У бойцы перамагае дужэйшы. А такiя перавялiся ў нашым горадзе. Прыцягальны жах касьмiчнае безданi перабраўся цяпер у вочы нiкчэмнасьцяў i дробных паскуднiкаў.

Недзе ў iншых умовах я сказаў бы, што я -- дасьледнiк, якi хоча зразумець свой страх. Але гэта ў iншых умовах, дзе мы заўсёды ўсё можам патлумачыць i зьiмправiзаваць сабе апраўданьне. I тыя, хто ў iншых умовах скiдае зь сябе аблiчча начнога маньяка, -- гатовыя выслухаць i зразумець нас i паверыць нам.

Божа, куды ўсё тое дзяецца на пустэльнай начной вулiцы! Мая пэўнасьць i iхнае разуменьне...

Я падкраўся да асьветленага вакна i, прыпаўшы да мокрай сьцяны будынка, асьцярожна зазiрнуў туды.

За шыбамi безь фiранак я ўбачыў дваiх. Маладая жанчына з татарскiм тварам, седзячы на ложку, цыравала шкарпэтку. А лысаваты мужчына абапёрся задам на край стала i, гледзячы перад сабой, жаваў пустым ротам, пэўна, пасьля вячэры. "Дзiбiлы, -- сказаў ён нязлосна й прыўзьнята, -- я iх ненавiжу!" "Самец", -- падумалася мне. На iм былi чырвоныя спартовыя нагавiцы й такая ж пажарная саколка. Пульхны твар пакрывала шчацьцё, а на тлустым чале адбiвалася сьвятло незацененай лямпы. Я ўслухаўся ў iхную гаману.

-- Ты панiмаеш, адна мыша папалась сразу, -- казаў мужчына. -- Я толькi паставiў. Мышалоўка перабiла ёй морду, блiн... Сразу. Бац i ўсё!.. А кiлбасы няма. Ты панiмаеш? Я дажа сам нi знаю. Яна не пасьпела б сажраць!.. Дзiбiлка.

Гаворачы, ён распаляўся ў нейкiм нянавiсным захапленьнi.

-- Не-е, я iм больш кiлбасы ня дам! Iдзiоты. Я iх нагамi душыць буду. Так хоць выкiнуў i ўсё, блiн. А тут яшчэ выкалупывай з мышалоўкi ейные мазгi.

-- Пачакай, -- сказала жанчына. -- Можа гэтую ўбiла сразу, а пакуль тое, прыхадзiла другая ды зьела.

Нейкi час у iхнай размове цягнецца пярэрва.

-- У мёртвай сажрала! Дзiбiлы, я iх ненавiжу! -- крыва ўсьмiхаецца мужчына, гледзячы проста на мяне.

Мабыць, на якуюсь хвiлiну я скамянеў. Аж пакуль не адчуў за сьпiнаю нечае частае дыханьне. Патроены вулiчны жах скалануў мяне. Я рэзка азiрнуўся. Твар у твар зь вясёлай нянавiсьцю ў шкляных вачох на мяне пазiраў чалавек.

-- Ты што, блiн! -- кажа ён гучна i ўладарна. I я адчуваю, як кожнае гэтае слова сьцiрае ў нiшто маю iснасьць.

Што я магу адказаць яму?! Магчыма, я мушу адразу ўдарыць яго па твары цi крыкнуць яму ў вочы штосьцi яшчэ больш зьнiшчальнае. I я магу! Я магу зрабiць гэта, сьцяўшы ў кулак сваю знэрваванасьць, перасiлiўшы свой страх.

Другое выйсьце -- ўцякаць. I дзеля яго я таксама мушу перасiлiць сябе. Дзьве перасiлы змагаюцца ўва мне ў сваёй агiднасьцi -- i нiводная ня можа перамагчы.

Гэты чалавек -- той, у чырвоных нагавiцах. Ён глядзiць на мяне непрыступна й абыякава -- бяз думкi цi пачуцьця ўваччу.

Хутчэй за ўсё я выглядаю перад iм вiнавата й спалохана, недзе ў глыбiнi сэрца разумеючы, што гэтым толькi распальваю ягоную нянавiсьць. О, як мне хочацца быць абыякавым -- дэманстратыўна больш абыякавым за яго, перамагчы яго ў абыякавасьцi! Але я не магу. Я засынаю.

Сон цягнецца сэкунду, ня болей. На сэкунду я бачу вялiзны, запоўнены людзямi стадыён. Я стаю пасярод стадыёну перад мiкрафонам, я мушу нешта казаць, але язык ня слухаецца мяне. I калi неверагоднымi намаганьнямi ўсё ж разяўляю рот -- раздаецца бляяньне, жывёльны рык.

Афэкт такi моцны, што я адразу прачынаюся. I нейкi час не магу паварушыць нi нагой, нi рукой. Я нiбы адляжаў сваю iснасьць. У мяне зьмярцьвелае сэрца.

Гэты стан падобны да стану зомбi. Цi -- да iмiтацыi сьмерцi ў якiх-небудзь мятлiкаў, калi яны заўважылi драпежнiка.

-- Ты што, блiн! -- паўтарае мужчына сваiмi мокрымi губамi.

Цяпер мне трэба зрабiць самае галоўнае, дзеля чаго я йшоў сюды й так мучыў сябе. Божа! Хай гэта будзе астатнi гвалт, якi я зраблю над сабою! I я рэзка адварочваюся, падставiўшы яму сваю сьпiну.

Усё, што мне застаецца, -- глядзець у люстраную вiтрыну нейкае крамы насупраць. А там...

Гэта самае неверагоднае й жахлiвае, што я толькi бачыў у жыцьцi. У вялiкiм люстры вiтрыны памiж нейкiх капелюшоў i стужак я бачыў -- самое ўбоства, самую нiкчэмнасьць, стакроць зацёртае й зьнiшчанае жывёльным страхам чалавечае "я". I гэтае "я", гэтае нiшто было мною!

Я нiчога не магу зрабiць. Я не магу зьмянiць гэтае адлюстраваньне, якое забiвае мяне напавал. Я, здаецца, толькi крычу, лямантую на ўсю вулiцу ад роспачы й нязбыўнага расчараваньня. Мяне, здаецца, трасе й курчыць, пакуль я зусiм ня страчваю прытомнасьць.

Мужчына ў чырвоных нагавiцах пералякаўся. Нiжняя няголеная скiвiца, адвалiўшыся, так i засталася вiсець. Але ў круглых вачох не было анi ценю думкi. Нарэшце ён сьцепануў плячыма, сказаў сваё "дзiбiл, ненавiжу" i пайшоў у дом.

 

ВЫТЛУМАЧЭНЬНЕ ДАСТАЕЎСКАГА

Фёдар Дастаеўскi з паходжаньня беларус. Але прыўлашчыць знакамiтасьць альбо прыўлашчыцца да яе -- яшчэ ня значыць адбыцца. Тым больш, што некалькi цытатаў пра беларускi народ i лiтоўскую дрыгву, а таксама кнiгi Лiтоўскае мэтрыкi з агульнымi продкамi -- ягонымi й нашымi ад 16-га стагодзьдзя -- нiяк не высьвятляюць, якiм чынам памяць роду й памяць генаў адбiлася ў ягоных творах.

Мы маглi б задаволiцца простай канстатацыяй беларускага паходжаньня чужога генiя толькi ў тым разе, калi б за апошнiя 150 гадоў самi адарвалiся ад гэтага "паходжаньня", пайшлi. Цяпер жа -- вось станоўчы бок нашага адмоўнага становiшча -- у нас ёсьць магчымасьць зразумець Дастаеўскага лепш, чым тады, калi б мы ўжо адказалi на сваё нацыянальнае пытаньне.

I першае тут агульнае -- мова. Мова, якой няма, але...

Пры ўсёй незвычайнасьцi стылю Дастаеўскi даволi лёгка перакладаецца на беларускую мову. Некалi я нават выпiсваў зь яго беларускiя, як мне здавалася, словы: кутья; лядащий; цугундер; я скитался за казармами, смотрел, отсчитывая их, на пали крепкого острожного тына... У яго амаль няма дзеепрыметнiкаў. Пiшу "амаль" не таму, што падлiчваў. Проста не заўважаў чытаючы.

Магчыма, стыль Дастаеўскага таму й здаецца незвычайным, што лёгка перакладаецца на беларускую мову?..

Мiж тым, беларускай мовы Дастаеўскi ня ведаў. Вось адно толькi сьведчаньне: образить -- словцо народное, дать образ, восстановить в человеке образ человеческий.

Другая агульнасьць. Як гэта ні дзiвiць, а генэтычнае паходжаньне Дастаеўскага выявiлася ў ягоных развагах пра нацыянальнае. Якраз тут, на маю думку, ён найлепш iдэнтыфiкуецца з сучасным беларусам. Дакладней, беларус iдэнтыфiкуецца зь iм. А дзiвiць таму, што сам Дастаеўскi дзясяткi разоў называў сябе рускiм, вялiкарускiм патрыётам, мацёрым славянафiлам. Ды цi ня гэткi й наш сучасны беларус? Той, пашпартны беларус, якi без ваганьняў называе сябе рускiм?

У справе Расеi й рускасьцi рацыянальны этык Дастаеўскi ператвараецца ў iрацыянальнага маралiзатара.

Но, однако, в чем выгода России? Выгода России именно, коли надо (Падкрэсьлена мною. -- С.Д.), пойти даже и на явную невыгоду, на явную жертву, лишь бы не нарушить справедливости. Не может Россия изменить великой идее, завещанной ей рядом веков и которой следовала она до сих пор неуклонно. (Зьвярнiце ўвагу на гэты "гiстарызм", мы яшчэ вернемся да яго). Эта идея есть, между прочим, и воссоединение славян; но воссоединение это -- не захват и не насилие, а ради всеслужения человечеству (лёгiка "жалезная"). Да и когда, часто ли Россия действовала в политике из прямой своей выгоды? Не служила ли она, напротив, в продолжение всей петербургской своей истории всего чаще чужим интересам с бескорыстием, которое могло бы удивить Европу, если бы та могла глядеть ясно, а не глядела бы, напротив, на нас всегда недоверчиво, подозрительно и ненавистно. Да бескорыстию в Европе и вообще никто и ни в чем не поверит, не только русскому бескорыстию, -- поверят скорее плутовству и глупости. Но нам нечего бояться их приговоров: в этом самоотверженном бескорыстии России -- вся ее сила, так сказать, вся ее личность и все будущее русского назначения. Жаль только, что сила эта иногда довольно-таки ошибочно направлялась.

Апошнi сказ у гэтай цытаце -- проблiск ratio, магчыма, выпадковы. Дастаеўскi, канкрэтны й лягiчны ў прыватнасьцях, пераходзячы да рэчаў агульных -- Расеi, Эўропы, чалавецтва, зусiм ня часта завяршае свае працяглыя эмацыйныя сэнтэнцыi гэткiм цьвярозым сумневам. Часьцей наадварот.

Повторяю: судите русский народ не по тем мерзостям, которые он так часто делает, а по тем великим и святым вещам, по которым он и в самой мерзости своей постоянно воздыхает... Нет, судите наш народ не по тому, чем он есть, а по тому, чем желал бы стать.

Нiбы самi emotio й ratio -- процiлеглыя два Дастаеўскiя: той, якi зьяўляецца аўтарам працытаваных радкоў, i той, якi аналiзуе судовыя працэсы й нiколi ня стане аспрэчваць iсьцiну пра тое, напрыклад, што няведаньне законаў не пазбаўляе ад адказнасьцi. Такiм чынам, Дастаеўскi мае дзьве акрэсьленыя й часта процiлеглыя праўды -- для Расеi й для асобна ўзятага канкрэтнага чалавека.

Напэўна, гэта й ёсьць той самы парадокс Дастаеўскага, якi ажыўляе, адухоўлiвае творчасьць пiсьменьнiка.

Славянафiльства Дастаеўскага нельга атаясамлiваць з славянафiльствам сучасных расейскiх патрыётаў. У двух гэтых славянафiльстваў розныя прычыны й тлумачэньне.

Рэч у тым, што калi Дастаеўскi-практык абапiраецца на канкрэтныя сытуацыi, на ўласны досьвед, а нават i на законы крымiналiстыкi, дык Дастаеўскi-iдэоляг -- на грамадзкi настрой, на iдэю, на iнтарэсы афiцыйнае ўлады.

Ввиду горячего патриотического настроения народа... ввиду пламенной и благоговейной веры народа в своего царя...

У сучасных расейскiх славянафiлаў няма ratio на iншую тэму, як у Дастаеўскага. Да таго ж яны не ўяўляюць сабой чыстага афiцыёзу, яны хутчэй апазыцыя.

Другая прычына iрацыянальнасьцi славянафiльства Дастаеўскага ў тым, што ён даволi прыблiзна й несамастойна (апасродкавана) ведае расейскую гiсторыю. Гэта той самы згаданы вышэй "гiстарызм". У нас одно изучение России сколько времени возьмет, потому что у нас лишь редчайший человек знает нашу Россию. Да навуковае канкрэтыкi Дастаеўскi-iдэоляг ставiцца крыху пагардлiва, як, вiдаць, i кожны афiцыёзны iдэоляг: Но что же такое эта "Славянская идея в высшем смысле ее"? Всем стало ясно, что это такое: это, прежде всего, то есть прежде всяких толкований исторических (Падкрэсьлена мною. -- С.Д.), политических и проч., -- есть жертва, потребность жертвы даже собою за братьев, и чувство добровольного долга сильнейшему из славянских племен заступиться за слабого... i г.д.

Ён абапiраецца на патас i велiч гiстарычнае iнтэрпрэтацыi, на аўтарытэт гiсторыкаў (хоць бы й Карамзiна), а не на гiстарычныя факты, хоць бы й вычытаныя ў тых самых гiсторыкаў. Словам, ягоны падыход тут чыста эмацыйны, процiлеглы таму, зноў жа, якiм ён дасьледуе, напрыклад, крымiнальныя сытуацыi, дзяржаўную сыстэму выхаваньня, паводзiны людзей, што вядомыя яму непасрэдна.

I больш за тое. Дастаеўскi iрацыянальны ў нацыянальнай праблематыцы ўвогуле (а яна, дарэчы, i ёсьць у яго толькi ўвогуле, нават калi ён канкрэтна гаворыць пра Расею й рускасьць). Iрацыяналiзм -- гэта ягонае слабое месца, зыб. I колькi нi мацуе ён гэтае месца жалезабэтонным патасам, яно застаецца хiсткiм, бяздоказным, пры ўсёй прэтэнзii аўтара на аксiяматычнасьць (Мы, русские... любим наши святыни, но потому лишь, что они в самом деле святы). Магчыма, што тут, у гэтай хiсткасьцi й адбiваецца генэтычная нестабiльнасьць вялiкарускага iдэоляга Дастаеўскага. А паколькi ўсё нацыянальнае прыцягвае яго нiбы магнэсам (гэты парадокс уласьцiвы й сучаснаму пашпартнаму беларусу, -- дзьве крайнасьцi сыходзяцца ў iм: нацыянальная iндыфэрэнцыя й патрэба нацыянальнае iдэнтыфiкацыi), яно -- хiсткае -- уносiць раскол у маналiт ягоных практычных экзыстэнцыяльных распрацовак. Гэта той самы парадокс Дастаеўскага, але ўбачаны зь iншага боку. У гэтым вось сутыкненьнi, на гэтым зломе Дастаеўскi й разьмяшчае сваiх герояў.

Схематычна ўсё гэта можа выглядаць так. Калi цалкам вылучыць зь ягоных твораў нацыянальную праблематыку, -- застануцца ўрыўкi лягiчных сытуацыяў Ж.-П.Сартра, пазбаўленыя ў нашым выпадку фэнамэнальнасьцi i, вядома ж, -- тайны Дастаеўскага, ягонай, скажам так, мiстычнасьцi (а насамрэч -- ужо згаданага тут парадоксу).

Калi гэтыя ўрыўкi, гэтую лёгiку спалучыць з рацыянальнай (вызначанай, адказанай, завершанай) нацыянальнай праблематыкай, -- атрымаецца, можа быць, маналiтны Л.Талстой.

Калi тыя вылучаныя эмацыйныя нацыянальныя фрагмэнты разглядаць асобна -- атрымаем мiстыфiкаваны патас "Дзёньнiка пiсьменьнiка".

I -- нарэшце -- калi спалучыць iрацыянальную этыку нацыянальнага з iрацыянальнай этыкай сытуацыяў, -- атрымаецца цi не сацыялiстычны рэалiзм заўтрашняга дня.

Гэтак у творчасьцi. Гэтак i ў творцу.

Ratio -- сам Дастаеўскi, яго асоба, ягоная сутнасьць як чалавека. Няпэўныя гены далi яму вострае (магчыма, што й падсьвядомае) зацiкаўленьне нацыянальнай праблематыкай. Усё гэта суб'ект Дастаеўскага. А Расея сталася аб'ектам згаданага зацiкаўленьня.

Але трэба рабiць высновы.

Эмоцыям Дастаеўскага ня варта давяраць безаглядна, тым больш нельга рабiць зь iх догму, пэўныя максымы (як гэта сталася, напрыклад, зь вядомай сьлязой дзiцяцi).

О, я не идеалист, -- пiша Дастаеўскi ў адным месцы, а праз паўсотнi старонак: Я неисправимый идеалист. I тут няма супярэчнасьцi. Ва ўсiм малым, канкрэтным i практычным Дастаеўскi, безумоўна, не iдэалiст. Ён тут амаль прагматык. Ва ўсiм жа вялiкiм, абстракным i беспрадметным ён, няма сумневу, iдэалiст. Амаль мiстык.

Варта давяраць ratio Дастаеўскага. У развагах пра нацыю, грамадзтва, дзяржаву яно сустракаецца нячаста i ўсё ж сустракаецца. Як, напрыклад, гэтая вось актуальная выснова:

... калi ў краiне валоданьне зямлёю сур'ёзнае, тады i ўсё ў гэтай краiне будзе сур'ёзнае, ва ўсiх адносiнах, i ў самым вялiкiм i ў малым. Дбаюць, напрыклад, у нас пра асьвету, пра народныя школы, а я вось веру толькi ў тое, што школы тады толькi прымуцца ў нас сур'ёзна й грунтоўна, калi землеўладаньне ды землекарыстаньне наша арганiзуецца ў нас сур'ёзна й грунтоўна, i што хутчэй не ад школы атрымаецца добрае земляробства, а наадварот, ад добрага толькi земляробства... атрымаецца добрая школа, але нiяк не раней. Паралельна з гэтым прыкладам i ўсё: i парадкi, i законы, i маральнасьць, i нават сам розум нацыяў, i ўсё, нарэшце, усялякае слушнае йснаваньне нацыянальнага арганiзму арганiзуецца толькi тады, калi ў краiне ўсталюецца трывалае землеўладаньне. Тое самае можна сказаць i пра характар землеўладаньня: будзе характар арыстакратычны, будзе дэмакратычны, але якi характар землеўладаньня, такi i ўвесь характар нацыi.

Цiкава, якi характар у сучасных беларусаў -- зь iхнымi спусьцелымi вёскамi, заняпалымі калгасамi, сьвiнакомплексамi, мэлiярацыяй, радыяцыяй?.. I калi б Дастаеўскi ўсьвядомiў сябе беларусам, цi ж мог бы ён гэтак жа ўзьнёсла сказаць: я беларус, як казаў ён: я рускi. Мусiць, ня змог бы. Таму б i не ўсьвядомiў...

Але скончу я яшчэ адным тлумачэньнем Дастаеўскага. Ён пiша як беларус (хай сабе проста як нярускi, хай сабе нават толькi на ўзроўнi згаданае генэтычнае нестабiльнасьцi) пра Расею й рускасьць -- увогуле. Айчына й патрыятызм iснуюць для яго ў адцягнена-адзiнкавым варыянце. Значыцца, ягоныя развагi пра айчыну й патрыятызм я магу разглядаць як развагi пра Беларусь i беларускi патрыятызм (у гэтым выпадку хутчэй -- нацыяналiзм). I калi гэта пазытыўныя развагi, пазбаўленыя дэструктыўнае мiстыкi, -- тады й мы ў нашых пошуках i блуканьнях можам разглядаць досьвед Дастаеўскага як свой. А гэты досьвед важнейшы, чым тое нават, што Фёдар Дастаеўскi з паходжаньня беларус.

 

НОВАЯ КУЛЬТУРНАЯ СЫТУАЦЫЯ

... Тое, што адбылося й што адбываецца сёньня, мысьлiцца як Новая Культурная Сытуацыя. Гэта той краявiд, якi пачынаецца за вокнамi нашага цягнiка. Мы яшчэ ня ўбачылi яго як краявiд, бо нашую ўвагу прыцягвае мiльгаценьне нязвыклых будынкаў i дрэваў, якiя так раптоўна зьяўляюцца й зьнiкаюць за шыбаю. Нечаканыя кошты, парадкi, дзiўныя мiждзяржаўныя пагадненьнi, адстаўкi, рэйтынгi, абяцаньне вайны... Мы глядзiм на ўсе вочы, i новы пэйзаж выглядае спантанна й хаатычна. Але там, за будынкамi й дрэвамi, за плякатамi й помнiкамi, за ўсiм гэтым стракаценьнем хто захоча, ужо можа ўбачыць павольную лiнiю далягляду, пагоркi, над якiмi ўстае сонца. Гэта Новая Культурная Сытуацыя, у якую заяжджае наш шумлiвы цягнiк. Мы мусiм прыняць яе, а яна нас. Побач у вагоне нехта натужлiва крычыць пра патрэбу адраджэньня, а нехта -- пра дарэмна пражытае жыцьцё, нехта -- пра апатыю масаў. Тут адныя клiчуць да змаганьня з другiмi, а трэцiя дбаюць пра выгоднае месца ў новай гіерархii багатых i бедных... Але ўсё гэта -- чмурныя настроi напрыканцы доўгага падарожжа. Неўзабаве цягнiк спынiцца, i кожны пойдзе ў свой бок. Хто да вакзальнае пачакальнi, хто ў мiльгаценьне адставак i рэйтынгаў, а хто -- да павольных пагоркаў, над якiмi ўстае сонца...

 

ДЗЯДЗЬКА МIХАСЬ

Чалавек заўсёды адзiн. Калi ён гуртуецца ў суполкi, ён ужо ня сам па сабе чалавек. У статку ходзяць толькi маткi й дзецi. Але дзiк цi зубар заўсёды адзiн. Аднак, калi забiваюць адзiнца, сканчаецца й ягонае племя.

Так казаў дзядзька Мiхась.

Пятнаццаць гадоў таму ў лесе каля Доўскай шашы працавала падпольная беларуская школа. Мы даяжджалi сюды аўтобусам, а потым iшлi празь лес па адным. Была позьняя восень, i падаў першы сьняжок. Мы йшлi не па сьцежках, а проста па жухлым iмху, каб не пакiдаць сьлядоў. Каля вогнiшча на паляне нас чакаў настаўнiк дзядзька Мiхась. Ён заўсёды быў у гiмнасьцёрцы й заношаным курцяку. Нiхто ня ведаў, адкуль ён узяўся, i не пыталiся пра гэта.

-- Мова свая, калi ты сам свой, -- казаў дзядзька Мiхась. -- Каб адчуваць мову, трэба адчуваць сваю кроў.

Адчуваньне прыходзiла хутка. Мы былi вучаныя па-расейску i таму цяпер паўтаралi, як малiтву: адзiн цень, адзiн боль, адзiн сабака. Гэта было выпрабаваньне мужчынскага роду.

Дзядзька Мiхась загiнуў першы. Нехта навёў на школу гэбiстаў, i мiлiцыя зрабiла аблаву. А дзядзька Мiхась меў паляўнiчую стрэльбу. Яны абступiлi яго, i ён, не прамовiўшы анi слова, стрэлiў у неба. Гэтага было дастаткова, каб нехта стрэлiў у яго. З таго дня перастала йснаваць наша лясная школа.

-- "Адзiн" гучыць так толькi па-беларуску, -- казаў дзядзька Мiхась. -- Як першы званок цi як куля аб шкло -- "дзiн-н-н"...

 

КРЫШТАФОВIЧ

Шарай гадзiнаю Крыштафовiч выходзiць зь вёскi, каб распалiць ля чыгуначных тораў вялiзнае вогнiшча. Ён глядзiць, як полымя ўзносiць да неба белы дым, высокiя зоркi i "агнi партавыя Лiбавы"... Мiма цугам лятуць цягнiкi, i ў запаленых вокнах журботныя дбмы пазiраюць Крыштафовiчу ў вочы, шукаючы там водсьвет свайго страчанага жаданьня.

-- Гэй, Крыштафовiч, нашто палiш ты вогнiшча каля чыгункi?

-- Глядзець на цягнiкi й глядзець на вагонь -- адно тое самае. Iсьцi побач з чыгункай -- пачувацца самiм сабою. Твае крокi -- твой рух. А калi ты сеў у цягнiк, паiмчаў у далёкi горад, гэта будзе ня твой рух, бо ты сядзiш i застаесься на месцы. Толькi час няспынна iдзе... У цягнiкох згараюць чалавечыя жыцьцi.

 

ЛЕНКА

Зь Ленкай Мiхневiч мы вучылiся ў адной клясе 50-й менскай школы з матэматычным ухiлам. Мы нiколi не сядзелi за адной партай, нiколi не хадзiлi разам. Хоць жылi ў дамох, якiя й цяпер стаяць адзiн насупраць аднаго i памiж якiмi -- плошча Перамогi, якую тады называлi Круглай. Вы павiнны ведаць дом з цырульняй. У iм i жыла Ленка.

Ленка была маiм патаемным, зусiм яшчэ дзiцячым каханьнем. Русявая дзяўчына з грубаватымi, як на маё цяперашняе ўяўленьне, рысамi твару, вельмi жаноцкая для свайго тадышняга веку. Аднойчы я нават трапiў да яе дадому на дзень нараджэньня. У вялiкiм пакоi за круглым сталом сабралася шмат дзяцей, а на стале былi толькi заварныя пiрожныя. Памятаю, я моцна саромеўся свайго пачуцьця, бо Ленка сярод нас, аднагодкаў, выглядала вельмi дарослай.

Праз шмат гадоў пасьля школы я выпадкова пабачыў Ленку ў Заслаўi, дзе наша студэнцкая Майстроўня проста на траве ставiла народную драму "Цар Максiмiлян". Мы ўсё рабiлi iмправiзавана, i Ленцы нават ледзь не дасталася роля царскага пажа, але знайшлася iншая дзяўчына. Мяне тады моцна зьдзiвiла, што Ленка гаворыць па-беларуску й сьпявае разам з намi беларускiя песьнi. I я спытаўся ў яе, чаму яна не прыходзiць да нас у Майстроўню. Ленка ўсьмiхнулася й адказала, што ўвогуле ня вельмi любiць сьпяваць, бо не ва ўсiх ёсьць голас i слых.

Гэта было зусiм кароткае спатканьне, i мы зноў разьвiталiся на доўгiя гады. Аж да сёлетняе вясны, калi я дзеля справаў рэдакцыi паехаў у Коўна. Ня ведаю, праўда, цi можна тое, што тут адбылося, назваць сустрэчай.

Прозьвiшча Лены Мiхневiч я прачытаў у ковенскiм чачэнскiм iнфацэнтры, у сьпiсах людзей, якiя загiнулi за незалежнасьць Чачэнскай Рэспублiкi. Гэта яна -- тая невядомая снайпэрка, грамадзянка Беларусi, пра гiбель якой паведамiлi расейскiя iнфармацыйныя агенцтвы. Згадваю, што ў тых паведамленьнях было нешта як бы пiкантнае, i таму -- марадзёрскае.

Чачэнскi журналiст, якi паказваў мне сьпiсы палеглых, сказаў, што на баку прэзыдэнта Дудаева ваююць да двухсот беларускiх патрыётаў. Яны нашываюць сабе на адзеньне чачэнскi сьцяг i змагаюцца за сваю незалежнасьць. Чачэнскi сьцяг на зялёным тле ўнiформы не адрозьнiш ад беларускага.

Я слухаў чачэнца i думаў пра Ленку, пра сваё колiшняе дзiцячае захапленьне. Яшчэ нясьпелае, але цяпер ужо вечнае...

 

ЧАЛАВЕК БЕЗ ГАЛАВЫ

Год назад я ўчынiў страшнае злачынства. Ня буду пра яго расказваць, менш жорсткага вы ўсё адно ня ўявiце. Словам, суд прысудзiў мяне да найвышэйшае меры. А неўзабаве мяне пакаралi -- адсеклi галаву. I цяпер я, пакараны, пiшу гэтыя радкi, бо мне ёсьць што сказаць.

Я йду па вулiцы, усе сьмяюцца, жахаюцца й тыцкаюць у мяне пальцамi. Я заходжу ў кавярню, сядаю за столiк, выпростваю ногi й раптам адчуваю ўсю сваю недарэчнасьць. Я заходжу ў мэтро, i людзi адступаюцца ад мяне -- гэткi невыносны пах тлену. Але я не магу пакiнуць iх, не магу не йснаваць -- я нясу сваю кару.

Магчыма, вы думаеце, што мяне няма, што мяне папросту ня можа быць без галавы, што я памёр. Але ж я ня проста памёр цi быў забiты, я быў пакараны.

Цi ня праўда, можна жыць без рукi, з выкалатымi вачыма, у няволi, быць пачвараю або жабраком? Можна жыць. I не самое гэтае зьнявечанае жыцьцё, не самыя гэтыя калецтвы, але ўсьведамленьне iх, усьведамленьне свае заганнасьцi сярод iншых -- кара для чалавека. Можна, нарэшце, i памерцi, здохнуць, але каб пры гэтым усьведамляць, што ты -- пакараны. Ды толькi так не бывае. Якраз каб усьведамляць, трэба жыць. Вось чаму я йсную без галавы.

Каб паверыць мне, пачытайце наш крымiнальны кодэкс, якi прадпiсвае мне -- жыць, а вам -- верыць у маё йснаваньне.

Такiм чынам, я йсную. Я нясу сваю бязьмерную кару й сваё бязьмернае жаданьне пераканаць вас у тым, што сьмерць -- гэта не пакараньне. Як i жыцьцё -- не ўзнагарода. Гэта абсалютныя рэчы. Вяршыць iх можа толькi прырода. I толькi яна мае такое права. Калi нiхто з нас ня можа ўзнагародзiць мёртвага жыцьцём, дык нiхто ня можа й адабраць жыцьцё ў жывога. Гэта, памiж iншым, адзiн з трох аргумэнтаў працiўнiка сьмяротнае кары Альбэра Камю. Калi дзяржава ня можа абсалютна ўзнагародзiць, значыць, яна ня можа й абсалютна пакараць.

Другi аргумэнт Камю -- людзi, якiя прысуджваюць, нiколi не бываюць сьвятымi. Але вiдавочна, што права на прысуд да абсалютнага пакараньня (скрайняе меры) павiнны мець толькi абсалютна бязгрэшныя людзi, якiя з абсалютных пазыцыяў вызначаць, цi абсалютнае ўчыненае злачынства. Але такiх людзей, пазыцыяў i злачынстваў -- проста не бывае. I кожны суд можа памылiцца. I нi ў якiм кодэксе немагчыма раскласьцi ўсё нашае жыцьцё па палiцах. Мiж iншым, для стварэньня такога абсалютнага кодэксу зноў жа спатрэбiлiся б абсалютныя людзi.

I потым -- з-за чаго ўзьнiкаюць злачынствы? Можа, з-за таго, што жорсткасьць, тупасьць i хiтрасьць, страх, прага забойства й гвалту -- гэта вызначальныя рысы чалавека? Напэўна, не. Напэўна, нiводзiн чалавек не нараджаецца злодзеем. Злодзеем яго робяць абставiны, увесь лад грамадзкага жыцьця, адказнасьць за якi нясе дзяржава. Тым больш не даводзiцца казаць пра бязгрэшнасьць i абсалютныя правы дзяржавы -- як бачым, паўнамоцнага саўдзельнiка ёю ж караных злачынцаў.

I вось трэцi аргумэнт Камю: калi дзяржава ўчыняе справядлiвы акт, забiваючы злачынцу, дык няхай яна робiць гэта публiчна, няхай кат будзе папулярнай у народзе асобай, сымбалем справядлiвасьцi й непазьбежнасьцi пакараньня. Дык не ж. Калi мне адсякалi галаву, кат нацягнуў на твар маску, так, каб нават я ня мог пазнаць яго. Значыць, ён адчувае, што робiць нешта ня тое? Гэтаксама й дзяржава чамусьцi схавала нас двух у цёмным скляпеньнi, далей ад вачэй народу. Яна зрабiла гэта, як сапраўдны злачынца, таемна, крадком. А можа, дзяржава й кат думаюць, што я запомню iх у твар? Куды -- запомню? Выходзiць, яны насамрэч лiчаць, што я буду йснаваць i пасьля пакараньня?..

Такiм чынам, пакараньне сьмерцяй -- гэта зусiм не справядлiвае i не пакараньне. Але што гэта? Можа, помста? Каго й каму?

У сярэднявеччы кодэкс права Старабеларускае Дзяржавы -- Статут 1588 году -- сапраўды разглядаў сьмяротную кару як помсту сваякоў i блiзкiх пацярпелага. Вас маглi чацьвертаваць, спалiць на вогнiшчы, пасадзiць на кол, пакiнуць без галавы, павесiць (у залежнасьцi ад таго, якое вы ўчынiлi злачынства), але кату за паслугi заўсёды плацiлi сваякi пацярпелага. Дзяржава толькi судзiла й выносiла вырок. I каралi вас, помсьцiлi вам прылюдна, на плошчы.

Цяпер жа мы толькi й чуем, што сьмяротная кара -- гэта ня помста. Але што? Давайце глядзець, чые тут прысутнiчаюць iнтарэсы.

Ну, натуральна, не пакаранага. Можа, пацярпелага? Але караюць сьмерцю найчасьцей за забойства. Сваякi пацярпелага, калi й атрымлiваюць ад гэтага, дык толькi зусiм умоўную "маральную кампэнсацыю". Можа, тут iнтарэсы сьледзтва й суда? Але iм у прынцыпе ўсё адно, яны толькi выконваюць прадпiсанае. Можа -- крымiнальнага кодэксу? Гэтай вось кнiжэнцыi... А можа -- тых, хто прадпiсвае? Дзяржавы, якая iмкнецца прыбраць саўдзельнiка? Улады? А iнтарэсы ўлады -- палiтычныя. Яе iнтарэсы -- усё тое, што яе ўмацоўвае. Выходзiць, сьмяротнае пакараньне -- гэта ўсяго толькi палiтычная падпорка ўлады, калi яе аўтарытэт "на нулi".

Кепская ўлада... Але што тут цiкавае? Тое, як шчыльна сплялiся палiтыка ўлады i зьверства п'янога мужыка на ўласнай кухнi, i групавы гвалт у цёмным куце парку, i ўсё такое iншае. Нездарма, значыць, кажуць, што людзi самi заслугоўваюць тае ўлады, якую маюць.

Людзi -- гэты разьятраны натоўп, што прагным чырвоным ротам раве: сьмерцi! Страляць, вешаць, танкамi душыць! Наш народ -- прыхiльнiк пашырэньня сьмяротнай кары. Пра гэта сьведчаць апытаньнi, статыстыка.

Гэта яны тыцкаюць у мяне пальцамi, сьмяюцца зь мяне, жахаюцца ад мяне. Гэта яны пiшуць пра мяне ў газэтах, смакуючы дэталi злачынства, зноў i зноў выносяць мне прысуд у даўжэзных чэргах i ненавiдзяць. Гэта сябе яны ўва мне маюць на ўвазе, разглядаюць i ненавiдзяць. I я не магу пакiнуць iх ня толькi таму, што павiнен усьведамляць сваю пакаранасьць, але й таму, што я -- iхны дакор самiм сабе.

Аднойчы, калi я блукаў па вулiцах, мне сустрэўся мужчына. Ён абаўрэла глядзеў на мяне, а пасьля раптам спахапiўся й кiнуў мне ўсьлед камень.

"Што ты робiш! -- хацеў сказаць яму я. -- Я ж не Хрыстос! Я забойца. Разумееш?"

"Так, -- хацеў быў падумаць чалавек, -- але ж i я не бязгрэшны".

Ды толькi стаялi мы адзін насупраць аднаго моўчкi. Бо не было чым: яму -- падумаць, а мне -- сказаць.

 

ТОЙ, ХТО ВЫЙШАЎ З ПУСТОЕ ФУРМАНКI

Усё аднекуль бярэцца, аднекуль выходзiць. Ева -- з рабра Адама, дзецi -- з капусты, Афрадыта -- з морскага шумавіньня, а паэт Лесьмян -- з пустое фурманкi. Iснуе такая показка: пад'ехала пустая фурманка, i зь яе выйшаў Баляслаў Лесьмян.

А беларуская культура выходзiць з камунiзму. I тут яны сустракаюцца.

-- Як дзiўна! -- кажа культура. -- Пяцёрачы прачытала я "Пана Тадэвуша", але першы раз бачу "Пана Блiшчынскага!"

-- Але, -- кажа Лесьмян, -- не адзiн Гаўрыла ў Полацку.

Беларуская культура прывыкае зьдзiўляцца. Не адныя Мiцкевiч i Тувiм у Польшчы паэты. Беручы нават толькi выбiтных. Воляю лёсу Лесьмян -- памiж першых, каму належыць адкрыць для беларускай культуры ў ёй самой цэлы сьвет усялякiх лiтаратурных iнакшасьцяў -- iншых сэнсаў, фарбаў i правакацыяў думкi, сьвет узьнёслай эротыкi й змрочнай пажады, фантастычна салодкай свабоды й вусьцiшнага чалавечага страху, -- сьвет неадаптаванага прыгожага пiсьменства.

Яго ня станеш чытаць дзецям... Верш Лесьмяна, -- пiсаў крытык Артур Сандаўэр, -- зьмяшчаецца ў тых мэтафiзычных каранях мовы, дзе ўсё дазволена, бо там усё й пачынаецца.

Што рабiць, калi ў чалавеку жывуць ня толькi добрыя намеры, калi homo sapiens -- гэта яшчэ й драпежнiк-сысун. Трэба прывыкаць зьдзiўляцца. Можна хiба зрабiць выгляд, што ты цалкам валодаеш сваёй псыхiкай. Але пры ўсiм жаданьнi ўтаймаваць прыроду ты ня ўладны, напрыклад, над уласнымi снамi. I прысьнiш такое... Можна, вядома, не сказаць нiкому, або сказаць, што сасьнiў правiльнае. Беларуская культура так i казала 70 гадоў. Яна часам здагадвалася, што гэтая хлусьня -- у iмя, але ня ведала -- чаго. Мiж тым, адаптацыi зрабiлi яе выхалашчанай i трывiяльнай, амаль мёртвай.

-- Я -- твой успамiн пра сябе жывую, -- кажа ёй Лесьмян.

Адаптацыi пачалiся разам з iдэалягiчнымi спакусамi, зь бязьмернай сацыялягiзацыяй, з канцом нашанiўскай пары. У гэтым сэнсе Баляслаў Лесьмян -- нашанiўскi паэт. Ягоная спэцыфiка -- местачковасьць, выведзеная на ўзровень сусьвету. Але я доўга не магу знайсьцi для Лесьмяна ў беларускай паэзii ягонага шэрагу. Лучына, Купала, Багдановiч... надаюцца да параўнаньня датуль, дакуль яны -- мадэрнiсты. А далей яны ўжо паэты нацыянальныя, эстэтычнае крэда страчвае для iх сваю выразнасьць, бо нацыянальная iдэалёгiя выходзiць на першы плян i вымагае пiсаць ня толькi тое й так, што й як хочацца. Местачковыя беларускiя паэты былi ў "Нашай Нiве". Сухоты, вайна, рэвалюцыя, -- усё гэта спынiла iхную хаду да ўнiвэрсуму, iхную творчасьць i жыцьцё. Былi такiя Альфонс Петрашкевiч, Станiслаў Шыманоўскi, якiсь Шышачка... Ды цi мала. Былi-недабылi. Не ўпiсалiся ў шыхты. Гулялi самi па сабе. Вось, бадай, той кантэкст, у якi можа прыняць Баляслава Лесьмяна наша культура з культуры польскай. Перакладзены на беларускую мову, ён зараз знаходзiць сябе ў знаёмых вобразах беларускага фальклёру й местачковых паданьняў. Урэшце i Беларусь, i Польшча ў часы паэта ўяўлялi сабой адну культурную прастору, якая ўзьнiкла ў даўнiя часы на тэрыторыi Рэчы Паспалiтай...

Нарадзiўся Баляслаў Лесьмян у Варшаве каля 1878 году (такi год ён называў сам, мэтрыка ўдакладняе -- 22 студзеня 1877, на магiльнай плiце -- 1879), школьныя гады правёў у Кiеве, дзе скончыў клясычную гiмназiю i праўныя курсы ва Ўнiвэрсытэце Сьв. Уладзiмера. Там трапiў у канфлiкт з царскай палiцыяй, быў затрыманы за свае патрыятычныя прамовы. У 22 гады выехаў у Нямеччыну, тады -- у Парыж, дзе жыў да 1906 году, узяўшы шлюб з мастачкай Зоф'яй Хiлiнскай... Ён яшчэ вернецца ў Францыю ў 1912-14, будзе падарожнiчаць па Iталii.

Зрэшты, i ў Польшчы Лесьмян не сядзеў на месцы, працаваў у розных гарадох праўнiкам i займаўся тэатральнай рэжысурай, прычым -- экспэрымэнтальнай. Перакладаў Э.А.По, складаў i друкаваў вершы таксама па-расейску, пiсаў рэцэнзii, меў багата сяброў спамiж культурнае элiты. Лёс паэта нiбы абвяргае маю выснову пра местачковасьць. Спрэчка аднак апраўданая толькi тады, калi адмовiць правiнцыйнаму творцу ў праве на генiяльнасьць i пэўны абсалют. Што да Лесьмяна, ён даказаў: калi мае быць сон, дык сон да самага дна (Чэслаў Мiлаш).

Беларуская мова, спаткаўшы Лесьмяна, неяк ураз забылася на ўвесь свой савецкi досьвед i прагна дапала да эстэтыкi мадэрну, ажно млеючы часам ад асалоды. Гэтак марнаваная праз даўгi час жанчына дападае да свайго першага, патаемнага каханьня. Ад дотыку беларускага слова ажывае каменны грыфон на фасадзе старасьвецкага будынку, i малiньнiк стаiць барвовы -- так багата ў iм ягад, i так добра -- да сьмерцi. Бо прыйшоў пан блiскучы, блiшчасты, пан Блiшчынскi. Цяжкое прабуджэньне пасьля доўгага сну...

Вечнасьць, цёмная вечнасьць, пабывала й ты ў садзе!

I быў бледны пан Блiшчынскi, вельмi бледны.

 

ПЕРАД КАНЦОМ СЬВЕТУ

... Усё добра. Усё занадта добра, каб не прыходзiлi думкi пра сьмерць. Настаў час, калi зусiм не адчуваецца будучыня, калi мiнуўшчына гатовая шчыра адказаць на любое самае таемнае пытаньне, калi цяпершчына аж iльсьнiцца ад таго, што ўсё так добра. Чым заслужаны гэты посьпех? Адчуваньне таго, што ён незаслужаны, -- гэта апошнi ўсхлiп iнстынкту самазахаваньня. Усё настолькi добра, што гэты iнстынкт гатовы канчаткова заглохнуць. Так добра можа быць толькi перад канцом сьвету...

 

КЛIЧ МОРА

Гэта было ў Лiмбажы, сьпякотным летам 1989 году. Я прыяжджаў сюды, каб выдаваць забароненую ў Беларусi газэту. Тады мы ўсе толькi й думалi, што пра палiтыку. Чарнобыль, Курапаты, Незалежнасьць... Надрукаваць праўду пра гэта ў Менску было немагчыма. I таму я езьдзiў у Лiмбажы, латыскае мястэчка, 18 км ад Балтыйскага мора. Тут ужо дазвалялася. Было вальней, дый мала каго хвалявалi нашыя праблемы.

Я пасялiўся ў невялiкiм гатэлi на другiм паверсе ў двухмясцовым нумары. Ноччу працаваў у друкарнi, а ўдзень адсыпаўся, хаваючыся ад яркага летняга сонца. Салодкае балтыйскае паветра крыху кружыла мне галаву, i я тлумачыў гэта большай свабодай, калi нiкому няма да цябе справы й нiхто не залазiць у душу.

Мой сусед па нумары цэлы дзень прападаў у мястэчку, i ўбачылiся мы толькi пад вечар, калi я зьбiраўся перахапiць чаго-небудзь перад працай. Сусед згадзiўся пайсьцi са мной за кампанiю.

-- Вы на машыне? -- спытаўся ён. -- Цудоўна. Тут ёсьць адна неблагая кавярня на ўскрайку.

Гэта быў саракагадовы лысаваты мужчына з рэзкiм турэцкiм профiлем. Але вымаўленьне адразу выдавала ў iм беларуса. Зрэшты, калi мы выехалi на цэнтральную вулiцу, ён сказаў:

-- Я адразу пазнаў у вас земляка. Вы зь Менску?

-- Так.

-- Гэта акцэнт. Але да гандляра вы не падобны.

У той год усю Балтыю пачалi напаўняць гандляры зь Беларусi. Пачынаўся прыватны бiзнэс, i калi дзе-небудзь у Рызе спатыкаўся наш зямляк, то абавязкова "мяшэчнiк" або "тарбэшнiк", як iх тады называлi.

-- Я нефармал. Выдаю газэту, -- адказаў я. -- А вы, мусiць, з КГБ?

Ён засьмяяўся:

-- Не. Хоць ведаю, што падобны. Я прыехаў сюды памерцi.

-- Памерцi?

-- Так. Рана цi позна прыходзiць час... Урэшце, у кожнага свае справы. Вы -- змагар, выдаеце газэту. Я настолькi ж мастак. А сапраўднаму мастаку належыць думаць пра сьмерць.

Так пачалося нашае кароткае знаёмства. Iнакш як жарт успрымаць ягоныя словы я ня мог.

-- I вы абралi Лiмбажы, таму што тутэйшыя могiлкi -- помнiк сусьветнага значэньня? -- спытаўся я. -- Сапраўдны мастак мусiць думаць таксама й пра славу...

Могiлкi былi зусiм побач з друкарняй, i памiж працай, выходзячы пакурыць, я блукаў па iх, нiбы па батанiчным садзе, разглядаў дзiвосныя нетутэйшыя дрэвы й кветкi.

-- Не, вы не адгадалi, -- адказаў мой новы знаёмец.

-- Ага, значыць, вас прывабiў гатэль! Самае месца для дэтэктыўных сюжэтаў.

Гэта быў дзiўны гатэль. Палову драўлянага будынку займала гарадзкая трупярня, i з ранiцы ў вакно можна было бачыць, як на панадворку зьбiраюцца ў чаканьнi працы тутэйшыя дзядзькi -- наёмныя далакопы.

-- Не, не, -- адказаў сусед ужо без усьмешкi. -- Ёсьць лепшы спосаб. Без трупярнi й могiлак. Iдэальны спосаб... Бачыце, наперадзе зьлева чырвоны й зялёны агеньчыкi? Гэта й ёсьць наша кавярня.

Чамусьцi ў Балтыi кавярнi любяць разьмяшчаць у скляпеньнях. Напэўна, калi-небудзь я паразважаю пра гэта. Цяпер жа я быў заклапочаны вячэрай i тым, што выпадак паслаў мне дзiвака суседа, якi вынаходзiў спосаб iдэальнае сьмерцi. Мы спусьцiлiся ў сутарэньне.

-- Сьмерць -- сумная тэма, -- сказаў я, спрабуючы зьмянiць гаворку.

-- Як сказаць, -- не згадзiўся сусед. -- У Альбэра Камю ёсьць раман "Шчасьлiвая сьмерць". Я люблю Камю. Але ён так i не прыдумаў сабе шчасьлiвага зыходу.

-- Вы хочаце сказаць, што ваш зыход шчасьлiвы?

Некалi я чытаў "Чужанiцу" й "Чуму" i цяпер сiлiўся прыгадаць. Тым часам сусед сказаў:

-- Калi шчасьце -- гэта нармальна, тады так.

-- Няўжо сьмерць можа быць нормай?

-- Ну, раз так цi йнакш памiраюць усе...

-- Але ж нiхто не сьпяшаецца.

-- Так. Нават тыя, хто ўжо пражыў. I тады пачынаецца нешчасьлiвае жыцьцё.

Я даеў сваё мяса i перад моцнай каваю закурыў. Мой сусед адмовiўся ад цыгарэты. У кавярнi было яшчэ некалькi параў. Бармэн уключыў цiхую цяглiвую музыку.

-- Усё якраз для таго, каб расслабiцца й паразважаць пра жыцьцё й сьмерць, -- сказаў я суседу. -- Але мяне цяпер хвалюе толькi першае. Я мушу працаваць. Можа быць, заўтра мы яшчэ пагаворым пра гэта... Калi вы зьбiраецеся дадому, я магу ўзяць вас з сабою ў Менск.

У ягоных вачох зьявiлася просьба:

-- Дзякуй за прапанову. Але мне ў адваротны бок. I я якраз хацеў прасiць вас падкiнуць мяне. Да мора. Тут усяго 18 км, але напрасткi аўтобус ня ходзiць...

-- Можа быць, -- адказаў я нерашуча. -- Але толькi па абедзе. Мне трэба будзе выспацца.

Цэлую ноч я чытаў карэктуры. Тры кабецiны-латышкi набiралi й вярсталi беларускi тэкст вельмi старанна, частавалi мяне кавай i хатнiм печывам. Начная праца йшла для iх за "жывыя" грошы.

Калi макет быў амаль зроблены i за вакном ужо ўзыходзiла сонца, я выйшаў з друкарнi пакурыць. Вечаровая размова з суседам ня йшла ў мяне з галавы. Цяпер я мог дазволiць сабе паразважаць i пра сьмерць.

На гэтых могiлках сапраўды не адчувалася тае сьмерцi, да якой я прывык. Зусiм нiчога гнятлiвага. Наадварот, тут было вельмi ўтульна й хораша. Тут не было агароджаў, i каменныя помнiкi стаялi на ўзгорках сярод экзатычных дрэваў i жывых кветак, як неад'емная частка прыроды.

Але што ён сабе надумаў? Iдэальны спосаб... Толькi скончылася ўся гэтая мерцьвячына мiнулага часу -- сама жыць. Ня хочаш займацца палiтыкай -- займiся бiзнэсам, ды хоць жанчынамi цi творчасьцю, калi так любiш Камю.

Зрэшты, можа быць, ён жартуе? I цяпер, праспаўшыся, загаворыць пра што-небудзь iншае?

Да гатэлю я йшоў празь зялёную лугавiну з рачулкай, якая аддзяляла друкарню й могiльнiк ад астатняга мястэчка. Сонца з самае ранiцы было такое сьпякотнае, што, здавалася, удыхаеш не паветра, а гарачыя хлапякi ваты. Усё нiбы набрыняла цяжкою вiльгацьцю -- вопратка, машыны на вулiцы, нерухомы латыскi сьцяг на будынку мясцовага аддзяленьня народнага фронту.

-- Ведаеце, Камю напiсаў, што мы занадта доўга жывем, -- сказаў сусед, якi ня спаў i чакаў мяне ў нумары. Выглядала на тое, што ён ужо даўно чытае ў ложку.

-- Магчыма, вам варта выйсьцi на вулiцу, -- пачаў я прыдуманую па дарозе ў гатэль прамову. -- Прыгожае мястэчка абуджаецца пасьля сну, дворнiкi падмятаюць вулiцу, сонца... -- Я адчуў, што грувашчу нейкiя банальнасьцi, што словамi мне не перадаць таго адчуваньня, якое п'янiла сэрца. Тады я сказаў iнакш: -- I ўвогуле, вы любiце Камю, а мне даводзiцца чытаць найболей сваiх аўтараў. Барыс Пятровiч пра тое самае выказаўся па-iншаму: "Людзi доўга не жывуць".

-- Ды ён гiгант, ваш Пятровiч.

-- Я б не сказаў.

-- Тады жартаўнiк, блюзьнер. Гадоў пад сорак Бог вызваляе нас ад жаданьняў i далей... проста няма сэнсу.

Сусед адклаў сваю кнiгу ўбок i працягваў:

-- Бачыце, гэта адзiнае, што мы можам. З узростам каторы раз жыцьцё страчвае свой сэнс. Дрэва штогод пачынае спачатку. Так i я. Я стамiўся паўтараць, памiраць i адраджацца. Раздражнёнасьць зьбiраецца ў сэрцы, i ўрэшце пачынаеш думаць -- навошта гэта ўсё? Калi нас пакiдаюць жаданьнi, адзiнае, што мы можам -- гэта вызвалiць ад сябе астатнiх. Я еду на мора й сплываю ў нiкуды. Усё вельмi прыстойна, густоўна, "тэхналягiчна"...

-- А можа, вы проста баiцёся, што аднойчы прыйдзецца сутыкнуцца зь сьмерцю, i тады -- без варыянтаў. А таму цяпер хочаце самi прыйсьцi да яе, пакуль у вас яшчэ ёсьць выбар?

-- Я хачу, каб яе не было ўвогуле. Мая воля -- вось што ёсьць. I ёсьць мая немагчымасьць працягваць. Голад, стома -- усё гэта толькi маё. Я сам распараджаюся ўсiм. Хочаце гарбаты?

У суседавым награвальнiку закiпела вада. Я пагадзiўся.

-- Ня ведаю, -- сказаў я, гледзячы ў залiтае сонцам вакно. Тэрмомэтар паказваў 35. -- Як для мяне, дык гэта ўсё паталёгiя. Вы нагадваеце аднаго звар'яцелага героя Дастаеўскага...

Сусед усьмiхнуўся.

-- У тым i рэч, што гутарка йдзе пра здароўе, пра нармальнасьць, -- сказаў ён. -- Чалавек неяк зьмiраецца з шкодаю, якую прычынiў сабе сам. А непазьбежнасьць? Незваротнасьць? Вось, скажам, у вас у роце пяць зубоў штучныя. А не жывыя. I жывых на тым месцы больш нiколi ня будзе. Альбо вы робiце сабе штодня масаж пяткi, бо йначай ня зможаце хадзiць. Адкладаюцца солi. I яшчэ, i яшчэ... Так спакваля вас забiрае сьмерць. Вы ня хочаце пра яе думаць. Але мы ўсе паступова пагружаемся ў гэтую ваду. Некаторыя ўжо па горла, але ўсё адно як бы не заўважаюць яе, пакiдаючы ёй яе самы моцны аргумэнт -- раптоўнасьць.

-- Ну, а блiзкiя людзi, iх гора i ўсё такое?

-- Нiякага гора! Прынамсi, у маiм выпадку гэта так. Ад чаго сьлёзы? Ад таго, што раптам скончылася завядзёнка, рабамi якой яны сталi. Раптам прапала тое, што яны прывыклi лiчыць сваёй уласнасьцю, але яны падманвалi сябе. Маё жыцьцё належыць толькi мне. I вось мне сорак. Я ўсё ведаю, усё перажыў, усё, што толькi можна, адчуваў, хацеў i рабiў. I цяпер я разумею, што Бог вызвалiў мяне ад жаданьняў.

-- Вы верыце ў Бога?

-- Я веру, што мною кiруе Бог. Так, як верыць любы вернiк. Але, у адрозьненьне ад вернiкаў, я ўсё раблю сам.

-- Бядача...

-- Адвязiце мяне да мора.

Не знаходзячы словаў, я сьцепануў плячыма, узяў ручнiк i пайшоў умывацца. Iнтуiцыя падказвала мне, што магу ўлезьцi ў нешта нядобрае. "Аднак, -- казаў я сабе, -- нiякiх падставаў ня верыць суседу ў мяне няма".

Вада шумна сьцякала ў бляшаную чарупiну. Я пачуваўся прытомленым, але зусiм не хацеў спаць.

-- I што вы будзеце там рабiць? -- спытаўся я, вярнуўшыся ў нумар.

-- Адвязiце -- пабачыце.

Увогуле справа была нескладаная. 18 км па добрай дарозе. Я ўжо зусiм не хацеў спрачацца.

I мы паехалi.

-- Вы адчуваеце, дарога ўвесь час iдзе ўнiз, -- казаў сусед з захапленьнем дзiцяцi. -- Якая незваротнасьць! Мяне ахоплiвае дзiўнае пачуцьцё. Адсюль ужо нельга выбрацца. Нiчога нельга вярнуць. Жыцьцё пражыта. А страху няма. Ёсьць урачыстасьць. Гэта як гiмн. Мы ўвесь час спускаемся. Вы чуеце гэты шум? Гэта шум мора! Ён нарастае. Я пачынаю хвалявацца. Скажыце мне што-небудзь, змагар!

-- Нiчога.

-- Як нiчога?

-- Я нiчога не разумею.

Дарога зайшла ў тупiк. Далей былi нейкiя хаткi, падобна, што дачы, а за iмi, напэўна, мора.

-- Мы прыехалi.

-- Дык хадземце. Хадземце, няўжо вы можаце тут сядзець?

Мы прайшлi мiж дамкамi, i нас сустрэў неабсяжны бясконцы гул. Мора стаяла халоднай чорнай сьцяной. Вялiзны камяністы пляж, на якi накатвалiся пенныя хвалi, быў абсалютна пусты.

Сусед пазiраў на мора як заварожаны, а ягоны рашучы профiль не пакiдаў месца сумневу.

-- Я павiнен плысьцi, -- сказаў ён, расшпiльваючы кашулю. -- Плысьцi дзень, два, тры. Калi вырашыў. Прыйшоў час i -- паплыў, колькi зможаш. Як сапраўдны плывун... Без трупярнi й могiлак.

-- Навошта вам гэта? -- спытаўся я.

-- Гэта норма. Я пражыў i ўвогуле задаволены сваiм жыцьцём. Гэта проста нармальна.

-- А Бог? Бог вызначае тэрмiны...

-- Слушна. Ён падказаў мне, што мой тэрмiн прыйшоў. У нас з Богам поўная згода. Я проста сыходжу. Як кiт, якi выкiдаецца з свайго мора на бераг, так я -- з свайго берагу сыходжу ў мора. У поўнай згодзе з прыродай. Нiякага самагубства. Я проста адбыўся.

Нейкi час мы маўчалi. Сусед пазiраў на высокiя берагавыя хвоi, камлi якiх плавiлiся на сонцы й ператваралiся ў бурштын.

-- Давайце разьвiтвацца, -- нарэшце сказаў ён. -- Вы чараўнiк! Вы зьдзейсьнiлi апошнюю мару майго жыцьця. Я ня ведаю, як вам аддзячыць... Хаця... цяпер вы ведаеце iдэальны спосаб. Вы яшчэ малады, але калi-небудзь вам гэта можа спатрэбiцца. Бывайце.

Я быў разгублены, а ён, распрануўшыся, кiнуўся ў хвалю й паплыў. Неўразуменьне нiбы скавала мае рухi й мой голас, пакуль ён зусiм ня зьнiк зь вiдавоку. Адтуль патыхала жаданай i чыстай сьвежасьцю, але я не заўважаў гэтага, калi сядаў у распаленую на сонцы душную машыну.

Усю дарогу да Менску я ня мог сабрацца з думкамi, адчуваючы агiдны халадок пад сэрцам. I толькi пад'яжджаючы дадому, я раптам з усёй яснасьцю зразумеў: я забiў чалавека.

Гэта было там, у далёкай казцы, на сонечным беразе дзiўнага мора, дзе кожны можа рабiць, што захоча, i нiкому няма нi да кога справы.

Але тут гэта ўсё выглядала йнакш. Тут я нiкому нiчога ня мог растлумачыць, нiчога даказаць. Начны горад сустракаў мяне сваiмi жорсткiмi й халоднымi абдымкамi. Тут ня верылi байкам i казкам. Я забiў чалавека. Жыць i думаць пра гэта мне належала тут.

З тых часоў прамiнула пяць гадоў. Мая газэта даўно выходзiць у Менску, i я да яе мала датычны. Трапiць у Латвiю можна толькi зь вiзай, дастаць якую зусiм няпроста. Мая краiна атрымала незалежнасьць. Мая сям'я забясьпечаная i, здаецца, цудоўна абыходзiцца безь мяне. Мае жаданьнi зьдзейсьнiлiся, а новыя не ўзьнiкаюць.

За гэтыя гады сам лёс зрабiў усё, каб я нiколi больш ня трапiў на мора. Але я не забыў нiчога. I таму, дапiсваючы гэтыя радкi, якiя павiнны вытлумачыць мой учынак, я выяжджаю ў Балтыю.

 

НАСТАЛЬГIЯ ПА МЕНСКУ

Я сучасны менскi iнтэлiгент. Я падобны да Марсэля Пруста, якi па дарозе да Свана шукае страчаны час. Я шукаю страчаны вобраз свайго гораду. Мая сьвядомасьць працiвiцца той упакоўцы, у якой яна высьпела. Я падобны да шыцiка, якi выпаўзае з свае паўразбуранай хаткi, што сталася для яго радзiльняй i часткай ягонага цела. Шыцiк бяз хаткi нежыцьцяздольны й безабаронны. Але дзе мой iншы горад, мой несавецкi Менск? I дзе ў Менску iншы, несавецкi я?

Вобраз гораду, калi гэта твой горад, фармуецца як вобраз гораду ўвогуле. Урэшце i Парыжам, i Адэляiдай, пра якiя мы чыталi ў кнiгах i глядзелi ў кiно, -- для нас, менчукоў, быў наш Менск. Менск -- Сан-Францыска Джэка Лёндана i Лёндан Олiвэра Твiста, Пецярбург Дастаеўскага i Будэёвiцэ Гашака. Твой горад -- люстэрка урбанiстыкi сьвету. Прыяжджаючы ў Пецярбург, я неўсьвядомлена знаходзiў там тое, што атаясамiў з горадам Дастаеўскага ў Менску i такiм чынам прысвойваў СПб. Патаемны вобраз гораду фармаваўся як унiвэрсум. Гэты вобраз зьлiўся з намi, стаў часьцiнкаю нас.

Але наўрад цi мянчук распавядзе табе менскую гiсторыю. Не гiсторыю гораду, а менавiта гарадзкую гiсторыю. Адну. У кожнага гораду мусiць быць нешта такое: пра купцоў, якiя селi на мель, цi пра Напалеона, якi хацеў на далонi перанесьцi ў Парыж касьцёл, цi пра заклятую панну... Менская гiсторыя -- гэта Нямiга. Як пасярод мiрнага часу людзi руйнавалi свой стары горад i здымалi гэта ўсё на кiнастужку, як сюжэт нядаўняе агрэсii. Сумнеўнае мастацтва запатрабавала зусiм рэальных ахвяраў. Унiкальная гiсторыя. Гэта не рэгенэрацыя, не касмэтыка, ня рост... Я ня ведаю, што гэта.

Сапраўдная трагедыя гораду ў тым, што ён не памiрае. Яго нiшчаць, нявечаць, дратуюць, i ён працягвае жыць такiм зьнiшчаным i зьнявечаным. Я ўяўляю сабе прафэсара Праабражэнскага, якога апэруюць Шарыкавы. Будзь Менск чалавекам, ён сканаў бы ад непамыснасьцi самое сытуацыi. Яму выдаляюць сэрца i ўстаўляюць звонкi мэханiчны будзiльнiк, замест галавы прышываюць футбольны мяч, замест ног -- пастамэнт, а ў рукi даюць вясло... Такiм "чалавекам" уяўляецца мне Менск. Але Менск не чалавек...

Калi мой вобраз Менску сутыкаецца зь менскай гiсторыяй, я пачуваюся бацькам, якi перажыў уласных дзяцей. У горадзе ўжо няма тых мясьцiнаў, дзе колiсь знаходзiў я Сан-Францыска й СПб. Кожнае пакаленьне менчукоў асуджанае перажыць свой горад. Але сам Менск не пачуваецца нябожчыкам. Празь зьнiшчэньне й недарэчнасьцi ён упарта адмаўляе сваю старасьць ды гэтак жа настойлiва й хваравiта заваёўвае сабе права звацца ма-ла-дым.

Зусiм iнакш пачуваецца старая Вiльня -- беражлiва захаваны Сан-Францыска й СПб кожнага пакаленьня сваiх жыхароў. Вобраз гораду падобны ў спракаветных насельнiкаў i ў сучасьнiкаў. Таму я магу меркаваць, што тое, што адчуваю тут я, адчувалi яшчэ Скарына, яшчэ Гарэцкi й Танк... Праўда, я -- менскi iнтэлiгент i мае адчуваньнi ў Вiльнi выхаваныя й сфармаваныя Менскам. Стары горад жыве ўспамiнамi пра свой багаты досьвед, а малады -- прадчуваньнем досьведу. Менск жыве марай пра Вiльню, а Вiльня -- настальгiяй па Менску.

 

ВКЛ

ВКЛ... Мне ўвесь час здаецца, што Княства просiцца да жыцьця. Вялiзная iржавая калёша адляжала на дне свае чыгунныя бакi. Яна зноў хоча быць Залатым Караблём, усплысьцi з водаў зiхоткiм эўрапейскiм фрэгатам, абсыпаным зорамi.

Усе нашыя пярэчаньнi, абставiны, якiя "склалiся", нашыя жыцьцi -- мiзэрныя й неапраўданыя. Божа, хiба мы... пражылi... ня ў iм?

Абрэвiятура "ВКЛ" -- як скарот на выключальнiку. Нацiсьнiце кнопку, павярнiце ручку, апусьцiце рубiльнiк. Зрабiце "вкл."! Нiшто ня можа апраўдаць тое пахаваньне жыўцом, якое мы называем сваёй бiяграфiяй.

200 гадоў, як нехта нацiснуў "выкл.". 200 гадоў мы выключаныя. У выключанай краiне мы пражываем сваё выключанае жыцьцё.

 

БIБЛIЯТЭКА

Навука ўрэшце абрыдае таму, хто ня хоча памножыць свой смутак да змрочнага вынiку. Ня веды абрыдаюць (як у Маякоўскага: Никогда ничего не хочу читать!), а прапанаваная сыстэма ведаў. I тады, уваходзячы ў чытальную залю, я з наўмысна халодным позiркам iмклiва прамiнаю столiк бiблiятэкаркi й праходжу ў фонды, у сховы, у царства забытых iсьцiн, зь якiх кожнаму з нас дадзена спазнаць толькi нiкчэмна малую iх частку.

Тут кнiгi. Дзясяткi соцень, тысячы кнiг прапанаванай сыстэмы губляюцца ў моры, у акiяне антыкнiг, уступаючы зь iмi ў чаканыя й нечаканыя сувязi, творачы свае дзiўныя заканамернасьцi й нiкiм не заплянаваныя, непатрэбныя й нават шкодныя сыстэмы. Тут царства абсурду, тут тайны кантэкстаў i тайны часу... Бiблiяграфii. "Предварительный отчет по качественному изучению литовско-белорусского скота в Минской губернии"... "На стр. ХII г-жа Радченко напрасно вдалась в сравнение белорусского языка с английским и итальянским"... "Кантор не должен начинать молитвы, когда нет в синагоге по крайней мере десяти молящихся евреев (минион)"...

Як гэта ўсё называецца? "Ленинка"? Сама прапанаваная сыстэма называецца "ленинка". Што там у яе ў сярэдзiне... Бiблiяграфii. "Бибиков, Бибикова. Цветоводство для Северо-Западной зоны. Мн., 1984". "Император Николай I, отправляя в 1830 году в Польшу гвардию, сказал: "Вам придется сражаться с неприятелями, но помните, что они братья". "Инструктивно-методические рекомендации к проведению трехдневных городских и районных семинаров культпросветработников и секретарей комсомольских организаций. Мн., 1973". Далей, далей... Можна дасягнуць нават фiзычнага адчуваньня працэсу -- слова страчвае свой сэнс, нiбы пераапранаецца, i набывае сэнс зусiм iншы, амаль процiлеглы. Яшчэ трохi, i сэнс ня вытрымае такiх зь iм пэртурбацыяў, прападзе, каб пакiнуць пустое месца абсурду. Гэта й будзе выхад з прапанаванае сыстэмы.

"Савецкая ўлада стане ўладай ня толькi рускай, але й iнтэрнацыянальнай, роднай для сялян раней прыгнечаных нацыяў, калi ўстановы й органы ўлады загавораць i будуць працаваць на роднай мове" (Сталiн). А чаму, уласна, вы думаеце, што ён хлусiў?.. "ГРУБИАН Матвей Матвеевич (р. 1909, м. Соколовка, ныне Киевской обл.), еврейский советский поэт. Окончил лит. ф-т Минского пед. ин-та в 1938. В 1935 в Минске вышел первый сб. стихов "Из подвала -- к солнцу"... Але далей, далей...

Калi няспынна йдзеш мiма стэлажоў, выхоплiваючы кнiгу па кнiзе, старонку па старонцы, фразу па фразе, -- разумееш, што нiякай сыстэмы няма. Нiшто ня цiсьне на цябе й не абяцае змрочнага вынiку. Каб упэўнiцца, што гэта так, што гэта ня сон, паспрабуй на сэкунду параўнаць два гэтыя станы -- спынiся каля якой-небудзь палiцы й чытай запар...

Бовш В.И. Сионизм на службе международного империализма. Мн., 1970. Бовш В.И. Антикоммунизм -- главное идейно-политическое оружие империалистической реакции. Мн, 1971. Бовш В.И. Обострение идеологического противоборства... Мн., 1976. Бовш В.И. Антикоммунизм перед судом... 1983... Реальный социализм и современные "крестоносцы"... 1985...

Цяпер ты бачыш, што ўсё ў парадку. Спыняцца нельга.

ДИСФОРИЯ, расстройство настроения, характеризующееся напряженным, злобно-тоскливым аффектом с выраженной раздражительностью, доходящей до взрывов гнева с агрессивностью...

Здаецца, гэты Боўш напачатку перабудовы яшчэ пiсаў у газэтах нейкiя "антыперабудовачныя" артыкулы. Але антыкамунiзм усё ж перамог. Яшчэ не канчаткова, праўда, i нават ня поўнасьцю, але перамагло гэтае мора антыкнiг, завалiла, залiло прапанаваную сыстэму, разбураючы яе стройны шкiлет.

ГОЛЯК, шкурка преждевременно родившегося каракульского ягненка или плода, извлеченного из утробы павшей или преждевременно забитой матки. Шкурки покрыты коротким гладким волосом с едва заметным муаровым отливом или без него. После выделки используются для изготовления головных уборов.

Уся справа, вiдаць, у тым, хто надзене на галаву гэты "голяк". Але пра тое ў энцыкляпэдыях ня пiшуць. Там тлумачаць словы, якiя высыпаюцца з пульхных тамоў, з прапанаванае сыстэмы i жывуць сваiм, непрадбачаным жыцьцём.

"ГАРУН, река в Хабаровском крае, левый приток Амура". "ГРЯЗИ, город в Липецкой области РСФСР на р. Матыра". "ДНО, город (с), центр Дновского р-на Псковской обл." Расейская милость i польская miłość -- сутнасьцi, процiлеглыя абазначэньням. Прышласьць -- чужое й будучае, два паняцьцi ў адным. Чужая будучыня. "Бацька, канчаючы расказваць казку: "I воўк зьеў гэтае непаслухмянае цялё". Сынок на гэта: "А калi б цялё было паслухмянае, яго зьелi б мы?" ("Голас Радзiмы", 1968)...

Яшчэ трохi, i старая сыстэма будзе разбураная зусiм. Яшчэ трохi, i пачне завязвацца новая. Трэба толькi ўспомнiць, за што зачапiлася думка... Ага: хто надзене шапку? Можа, Боўш? А можа...

БАТЫРША Алиев (ок. 1710--1762), башкирский мулла, написавший в начале 1755 обращение, призывающее башкир, татар, казахов и узбеков к священной войне против "неверных" -- русских. В августе 1756 арестован, заключен в Шлисельбургскую крепость, где и умер.

P.S. Умер -- праз тое, што нацiск не на канцы -- гучыць неяк не канчаткова, ня цалкам, не зусiм. Лепей -- памёр.

 

Сяргей Дубавец - ДЗЁНЬНІК ПРЫВАТНАГА ЧАЛАВЕКА (1989-1998) : АПАВЯДАНЬНІ, ІМПРЭСІІ, ЭСЭ - частка 2 - бібліятэка "ФРАГМЭНТЫ"

зьмест