АЛЯКСАНДР ДУГІН

 

ПІСЬМЕНСТВА ЯК ЛІХА

1. Што ёсьць пісьменства?

Пытаньні: "што ёсьць дасьведаньне?", "навошта баяньне?" і да т.п. ўвесь час задаюцца сьледам за Марцінам Гайдэгерам. Думка вяртаецца да ўласнага вытоку, зноў і зноў дасьледуючы ўладкаваньне свайго паходжаньня, зьяўленьня. Нашмат радзей ідзе гаворка пра істоту пісьменства. Наша расейскае грамадзтва відавочна жыве ў іншы век, чым нашыя суседзі з Усходу й Захаду. Таму нас розьніць мноства здаўнелых рысаў, адна зь якіх - досыць састарэлае праставата-жыцьцярадаснае асьветніцкае ўбажэньне пісьменства й пісьменьнікаў. А ніякае ўбажэньне не трывае запытаньня пра свае вытокі. Адказ паўстае ў ім нашмат раней за само запытаньне, толькі разыгранае пасьля.

Запытацца, "што ёсьць пісьменства?" цалкам сваечасова і дарэчна, яшчэ не запозна, але й не заўчасна.

 

2.Пісьменства як змова

Пісьменствам завецца ўсякае несьвятарнае, няўрадна-гаспадарчае (рабочае) і нелетапіснае пісьмо. У паўнавартым і суладным спадчынным грамадзтве пісьменства не было і быць не магло, паколькі ўся пісьмовасьць (там, дзе яна мелася) абмяжоўвалася трыма вышэйменавананымі родамі: гэта былі альбо сьвятыя пісьмёны, альбо ўрадныя загады і гаспадарчыя запісы, альбо летапісныя аповеды. Падзел, зразумела, вельмі ўмоўны, бо гэтыя тры роды пісьма ў сьвеце Спадчыны шчыльна перапляталіся між сабой. Веравыя і набожныя складнікі, знакавыя суплёты ня толькі прасякалі тканіну часаповеду, але ўвесь час праніклі і ў рабочы ўжытковы абсяг, аздабляючы спраўныя гаспадарчыя пісьмёны адсылкамі да звычаёвасьці, паданнасьці, абрадавасьці і г.д. Гэта ўсё не пісьменства. Пісьменства вызначаецца ад супрацьлеглага - як нешта істотна іншае, асобнае, карыстаючае з пісьма, мовы сьвятарных і ўрадных запісаў, але дзеля карэнна новых цэляў.

Пісьменства паўстае там, дзе адбываецца зьнесьвячэньне, расшчапленьне падставовых складнікаў сьвятарнай рэчаіснасьці, расклад адзінай супольнай явы. Гэта асноўная існасьць яго існаваньня, ягоная прырода. Пісьменства ад сваіх вытокаў ёсьць выпрабоўваньне, запытваньне, сумнеў, уражваньне, выклік, слоўна-разумовае паўстаньне. Гэта ня спосаб нязгоды, але сама нязгода. Пісьменства ўзьнікае ў заняпалых спадчынных грамадзтвах і ўвасабляе найскладаны й найцікавы чын зьнесьвячэньня пісьма. За сьвятым пісьмом зазвычай прызнаецца боскае паходжаньне, надчалавечая выплынь. Яно ня мае ўладніка, за ім не тоіцца асоба, яно адпачатку першаўяўнае, надасабовае, шматсувязнае. Яно зьмяшчае ў сабе шматузроўневую ўзорнасьць, прыкладальную да найрозных роўніцаў рэчаіснасьці, ад сусьветных да асабістых, ад абрадавых да грамадзкіх. Гэта відавочна не пісьменства, а нешта адваротнае. Зь іншага боку, летапісныя і рабочыя запісы гэтаксама безасабовыя і непісьменскія, але зь іншых прычынаў. Дзейнікам пісьма тут выступае не "надасабовая", "надчалавечая" істота, але зьнеўцялёсьненая дзея, якая таксама апісвае першаўяву (або адхіленьні ад яе), але ўжо на чыста рабочай роўніцы. Сучасныя пераглядальнікі часапаведу, разгледзеўшы ў старажытных летапісах адзіную дакладную зладжанасьць, зрабілі на гэтай падставе цалкам зманную (але ўражвальна-дасьціпную) выснову пра сусьветную падробку старажытнага часаповеду. Насамрэч, супярэчнасьць складаецца ў тым, што суладнае спадчыннае грамадзтва ня ведае ня толькі пісьменства, але й часапавяданьня (як аднавымернага строга прасчасавага чыну); таму летапіс пішацца адпаведна загадзя наяўнаму паданьню, прадвызначаючаму тлумачэньне падзеяў, і адлі, самі падзеі. Мова - гэта паданьне, прычым у спадчынным грамадзтве гэта цалкам разгорнутае паданьне. А паводле сучаснай уставы Ўорфа-Сэпіра "мова, якой мы гаворым, творыць тую рэчаіснасьць, зь якой мы маем справу". У спадчынным грамадзтве - гэта падставовая відавочнасьць: без паданьня няма рэчаіснасьці як спазнавальнай роўніцы. Расейскае слова "вещь" паходзіць ад слова "ведать". Веда, складзеная з мовы, зрослая з мовай, патрабуе рэч, якая ўваходзіць у быцьцё адно тады, калі пра яе "осведомлен", "уведомлен" чалавек, калі яна мае сваю назву і вузу ў полі вытлумачэньняў.

Пісьменства паўстае як спроба адарваць мову ад паданьня, мову ад мовы, тканіну пісьма ад суцэльнага суплёту пісьма. За гэткім зачынам выразна відаць абрысы розрыну, глыбіннага покрышу. Пісьменства імкнецца перабудаваць моўную рэчаіснасьць, знакам тым - спазнавальную рэчаіснасьць, і таму - усю рэчаіснасьць цалкам, паводле новых вымераў, новых законаў. І за гэтай вялізарнай зваблівай прыгодай праглядаецца зусім новы дзейнік - не выцялёсьнены, надчалавечы ўладнік, натхняльнік сьвятых пісьмёнаў, прарок-празорца шматвымерных устанаваных набожжаў, зьбезаблічаны як сьвятарным выхаваньнем, так і іншымі рабочымі спосабамі выйсьця па-за межы чалавечага ўзору - але нехта іншы, новы, дасюль няведамы, пакуль не зусім ясны, з замахам на месца ўсіх убажаных творцаў. У наяве перакрут, падрын, змова, пераніцаваньне, найскладанае падступства дзеля вываду на відніцу новага дзейніка, невядомага сьвятарнаму спадчыннаму сьвету.

Пісьменства ёсьць змова. Змова супраць Спадчыны, супраць сьвятога, супраць паданьня.

 

3.Пісьменства супраць пісьма

У выпадку сучаснага пісьменства гэта відавочна. І тут нескладана зразумець, каторы дзейнік хаваўся за гэтым найскладаным перасоўваньнем. У глыбіні пісьменства, у блукальнях ягоных чынаў таіўся чалавек, самаўрадная асоба, тая постаць, якой ня ведалі сусьветы Спадчыны. Гэта ён узволіў вызваліцца ад паданьня, скінуць шматвымерныя пласты сьвятарнасьці. Ён распачаў досьлед высьвятленьня ўласнай тоеснасьці праз узьвіры нішчаваньня. Пісьменства - гэта спроба самаўраднага чалавека заняць месца надчалавека, месца боскага, законацьверднага, вонкавага, пазамежнага дзейніка. Празь пісьменства самаўрадны чалавек узволіў стварыць новы сьвет, новае пісьмо, новы лад, новую мову. Але ці не было чалавека ў спадчынным сьвеце? Вядома, не. Гэтае слова мела іншае значэньне, было прыступкай, сховам, абрадавым чыньнікам, быцьцёвым строем. Чалавек патрабаваўся паданьнем як адно са зьвёнаў рэчаіснасьці, але сама гэтая рэчаіснасьць, увесь час сутыкаючыся і ўзаемадзеючы з боствам, білася ўв адметным току, узрушваючы быцьцёвыя пласты, і паймо чалавека зрушвалася, зьмянялася, пераўтваралася ў плыні сьвятарнасьці. Чалавек быў умоўным пазначэньнем ступені паміж богам і жывёлай. Таму ён ня быў ані самаўрадным, ані незалежным, ані асабовым. Ён мог драбіцца, раскладацца і пераўтварацца ў вышэйшыя існасьці. Уладары й сьвятары не былі людзьмі праз сваю блізіню да багоў. Сьмерды й рабы таксама не былі людзьмі, але ўжо зь іншай прычыны - бо былі задужа падобныя на жывёлаў.

У спадчынным грамадзтве не было каму паўставаць супраць паданьня, выпрабоўваць правадзейснасьць сьвятога пісьма. Тканіна гэтага пісьма, як і сама тканіна грамадзтва, была адкрытая ўгору. Адсюль вынікае, уласна, пераўтворная сіла малітвы. Малітва - праціпісьменства. Мольбіт вымаўляе першаўяўнае пісьмо, найчасьцей прыналежнае сьвятому, зьлітаму зь першаўявай. І верхаваньне напружаньня гэткага пісьма ёсьць адказ, увага пазамежнага надчалавечага дзейніка. Сьвятое пісьмо - лесьвіца пераўтвораў. Хто жадае перамагчы сябе, няспынна рушыць па ім. Яно кілзае бязьдзейных і леных.

Пісьменства - гэта намаганьне стварыць замкнёнае, закрытае пісьмо, закручанае вакол чалавека, што, не зьбіраючыся перамагаць сябе, адмаўляе прыгэтым сьвятарны парадак, закліканы захаваць у ім рэшткі годнасьці нават супраць ягонай волі.

З чаго будуецца пісьменства: з апісаньня або стварэньня рэчаіснасьці, складнікі якой спалучаюцца між сабой з адволі ўладніка, насуперак ладу паданьня. Тут усё прасякнута паўстаньнем. Не грамадзкае высьмейваньне ці асуджэньне звычаяў складае падрыўны зьмест пісьменства. Гэта ўжо спраўнае лягчаньне яе першапачатковага пакліканьня, у нейкай меры - яе самавыкрыцьцё. Само апісаньне лагоднага краявіду асабовым уладнікам ёсьць вышэйшая ступень богазмаганьня, карэнны процісьвятарны падрын.

У спадчынным грамадзтве краявід сьвятарна напоўнены. Калі кавалкі яго апісаньня апынаюцца ўва ўзорным пісьме, яны самі сабой убудоўваюцца ў суцэльную тканіну паданьня, набываючы сьвятарную напоўненасьць, пераўтвараючыся ў складнік абраду ці абразу. Гара і дрэва, камень і рака, кветкі й травы, згаданыя ў сьвятых пісьмёнах і паданьнях, ёсьць вузлы пасьвячальнай веды, уцягваючай у зладжаную паводле адмысловай задумы рэчаіснасьць, дзе для кожнага маецца сваё месца. Краявід у сьвятым пісьме выконвае тую самую выхавальную дзею, што й засталыя звычаёвыя, веравыя ці абрадавыя наставы, зьмешчаныя ў ім: ён падводзіць да знаходжаньня свайго месца ў тканіне паданьня, узгаданьня свайго сапраўднага імя, усьведамленьня знакавасьці таго становішча, у якім знаходзіцца чалавек, паводле дзейснага пераўтворнага падабенства на першаўяўны абраз, пра які апавядае паданьне. Сьвятое пісьмо вымыкае таго, да каго яно зьвернута, са штодзённай, няцямнай, непераўтворанай рэчаіснасьці, што душыць сваёй суворай, неўсьвядомленнай, нязнакавай наяўнасьцю, і ўводзіць яго ўва ўзорную тканіну чароўнага іншабыту. Найзвычайнае дрэва, ля якога стаіць чалавек, знаёмае да найдробнай лукавіны шкарупы, нечакана паўстае адсьветам Сусьветнага Дрэва, што расьце карэньнем угору. Смуга ахінае ўспрыманьне, у чульлівым вызрушэньні зачынаецца чарада самаўтаясьненьняў... І сам чалавек ужо стаецца дрэвам, па ягоным целе бягуць нябёсныя сокі, гольле думак авейвае цялёсны абраз, яму маланкава адкрываецца значэньне праставеснасьці камля. Вымернасьць прасторы й целабудова, расьліннасьць і настрой асяродьдзя пераўтвараюцца ў дзівосны аповед пра таемную бытабудову. Тонкія галасы, лёгкі вецер, таямніца сьняжынкі, у вымернасьці якой адкрываецца тайнапіс пасланьня, запісанага на рагах далёкага сугор'я.

Але пісьменства чыніць нешта проста адваротнае. Апісаньне краявіду - гэта ня вызрух, не вызваленьне ад рэчыўнасьці, а наадварот, яе ўцяжараньне, узьвядзеньне ў дасканаласьць, распаленьне яе задушнай наяўнасьці. Пісьменьнік, апісваючы краявід, падвойвае цялёснасьць, замыкае быцьцё ў ягонай наяўленасьці. Тым самым ён змацоўвае і самога сябе, ухіляючыся ад расшчапленьня, ад пераўтварэньня, ад удзелу - добраахвотнага ці прымусовага - у сьвятарным ладзе сусьвету. Калі сьвятарная мова мае выдаляць ціск цялёснай наявы рэчы, дык пісьменская мова, наадварот, намагаецца выставіць слова другасным адсьветам рэчы альбо чыну, даданым, прыкладзеным пазьней да іх складнікам. Вынікае, што рэч спараджае апісаньне, а не апісаньне - рэч. Такім чынам, пісьменьнік ня проста высоўвае ўласнае паданьне замест паданьня супольнага - ён высільваецца стварыць менавіта цьвёрдую рэчавую яву, якую ён спараджае і ўсталёўвае ўжо сваім адрокам ад ужываньня мовы й пісьма дзеля яе скасаваньня, разьвеяньня, вытанчэньня да ўзроўню спазнавальнай асьветленасьці.

Пісьменьнік стварае не паданьне, а сьвет, і нават у найсьмелых асабістых уяўленьнях ён ускосна ўмацоўвае непарушнасьць здушальнага суплёту каляных абрысаў, бо ўцякае ад іх у кволую разрумзаную адвольнасьць, пакідаючы прыгнёт непераўтворанага быцьця яшчэ больш панурым і неўнікнёным. Істотнае пытаньне: пісьменства - выплынь зьнесьвячэньня, падступны злачынца, або заслона, што адсьвечвае зьбегі існых пераўтвораў сьветасяродзьдзя? Ці заслугоўвае пісьменства суцэльнага спаленьня ўжо на першай ступені вяртаньня да сьвятарнага ўзору? Адказ адкладаецца.

 

4. Немагчымасьць дасканалага пісьменства

Ужо пярэчаць людзі, знаёмыя з работамі будаўноўцаў ці бліскучымі тлумачэньнямі Мірча Эліядэ спадчынных узорных дзейсьцяў, якімі поўніцца сучаснае пісьменства (высокага і нізкага роду): само пісьменства - паданьне, яно ня можа высунуць нічога новага, і тупа вымае са збройні несьвядомага ўсё тыя самыя дзейсьці і ўставы, скрозь спатыканыя ў першабытных абрадах і сказах. Адпаведна, пісьменства нельга тоесьніць адно са зьнесьвячэньнем, у ім відавочна прасочваецца й складнік перасьвячэньня.

Гэта слушны довад, і ён патрабуе некаторай паправы нашай пачатковай настановы, ад якой, адлі, мы ня маем намеру адмаўляцца.

Дык вось: адна рэч - прагалосіць неабходнасьць зьнесьвячэньня, іншая - зьдзейсьніць гэта на справе. Па-за сьвятым, па-за паданьнем, па-за Спадчынай нічога няма. Таму дасканалым пісьменствам былі менавіта "аголеныя" выданьні звышрэчаісьнікаў, складзеныя са зграбна падшытых чыстых белых лістоў. Але нават гэтую зьяву можна вытлумачыць у даволі сьвятарных рамах як апірышча ("янтра") для развагі пра стан зыходнай падставы быцьця, не закранутай стваральнай, упарадкавальнай воляй чыннага пачатку. Вялікае значэньне мае белы ліст і ў закрытай навуцы магамэтанства. Таму нават найскрайні нішчавальна-пісьменскі рух цалкам падстаўна атрымлівае вытлумачэньне ў сьвятаным суплёце, і, знакам тым, не зьяўляецца пісьменствам цалкам.

Таму ўдакладнім: калі вышэй ужывалася слова "пісьменства", на ўвазе меўся ня ўчын, але намер, напрамак, невыразная і часта неўсьвядомленая (амаль ніколі да канца не дадуманая) заява. Такога чалавека, што быў бы адно чалавекам, а значыцца меў бы магчымасьць стварыць сапраўднае, "дасканалае" пісьменства, само сабой, няма. Гэта відма, самападман, замах і воля, незьдзяйсьняльныя цалкам з быцьцёвых прычынаў. Адно цяпер, калі праводзяцца першыя досьледы вымнажэньня людзей, можна прадбачыць зьяўленьне "самаўраднай асобы", "чалавека ў чыстым выглядзе". Мо ён і здолее стварыць нешта падобнае на "дасканалае пісьменства". А пакуль...

А пакуль пісьменства ў чыстым выглядзе - ледзь заўважнае памежжа, плыткая рыса, заставацца на якой насуперак усім намаганьням ня здольны ніхто. Гэтая рыса аддзяляе адно паданьне (хай яно завецца вонкавым ці супольнапрынятым) ад другога. Пісьменства выяўляе распад сьвятарнага абразу, зьнесьвячэньне пісьма. Але насамрэч яно ня здольнае доўга і пасьлядоўна крочыць толькі гэтай дарогай. І ў выніку адразу, амаль імгненна, у ім сьцьвярджаецца, выяўляецца, уздымаецца новае паданьне. Прадчуваньне быцьцёвага дна, цёмнай дрыгвяністай багны нябыту, так адрынае чалавека, які насьмеліўся зазірнуць у існасьць пісьменства, што той жахнута ўсплывае да звыклых абразоў, чапляючыся за абіркі сьвятарнасьці, што рояцца ў несьвядомым, каб як найхутчэй паставіць новую будову на месца старой.

Перасьвячэньне можа ісьці рознымі рэчышчамі. Найчасьцей адпрэчыўшы адзін (зазвычай уладарны) сьвятарны абраз, раскладаючы яго прыродную тканіну, лад яго ператворнага пісьма, пісьменьнік набывае глебу ў іншым сьвятарным абразе, празь каторы адгэтуль аднаўляецца раўнавага. Гэтым новым сьвятарным абразам можа стацца адступны від таго самага ўладарнага верніцва ці дзіўнаватага набожжа, або навука закрытага брацтва ці таемнага таварыства. Ува ўсякім разе, зьнесьвячэньне й перасьвячэньне ідуць раўналежна. Тады сваім разбуральным бокам пісьменства павернута вонкі, да неазнанай, непасьвечанай бальшыні, а сьцьвярджальным бокам - да "пасьвечаных". Абуральныя паўблудапісныя казаньні Бакача - падрын для зборнай верніцкай звычаёвасьці, зьнішчальны чын супраць умоўленасьцяў жыцьцяладу Ватыкану, і адначасова збор тайнавальных ды ружакрыжацкіх навукаў, лёгка чытаных у міжрадкоўі і зразумелых для паловы асьвечаных жыхароў тагачаснага Захаду, абавязкова прыналежных да нейкага таемнага таварыства. Усё пісьменства Сярэднявечча і Адраджэньня - такое, і назваць яго "пісьменствам" можна адно ўмоўна: гэта шматгалосьсе ўсьмешлівых шматвымерных зносінаў таемных таварыстваў, тайнаведнае звышпісьмо пасьлядоўнікаў прыроднага чараўніцтва і рэчаўніцтва, ня менш стройнае і строгаўпарадкаванае за ўзорныя абразы багазнаўчых дасьледаваньняў, жыцьцяпісаў сьвятых ці папскіх лістоў. Гэта "пісьменства" толькі з аднаго боку, для праставатых сьвятароў і дурнаватых месьцічаў. Але й тут патрэбныя папраўкі, паколькі побыт заходніх месьцічаў Сярэднявечча й Адраджэньня быў таксама прасякнуты "раўналежным вераньнем", нейкім "пабытовым тайнаведаньнем", а таму ня варта недаацэньваць іх вытлумачальных здольнасьцяў і прыроднага валоданьня мовай тайнаведных загадак. Гэта падрабязна дасьледаваў вялікі Грасэ д'Орсэ, да якога адсылаем па паглыбленае і розгорнутае тлумачэньне нашай настановы.

Складаней зь пісьменствам Новага Часу. Але й тут далёка да чысьціні. Па звычцы асьвечаны чалавек Захаду быў сябрам нейкага таемнага таварыства. Іх уплыў спачвараўся духаўніцкімі аддзейнікамі, але гэтаксама спрэчна і безпадстаўна перамяншаўся ваяўнічымі вызвольцамі. Насамрэч, таемныя таварыствы даюць выдатны ключ амаль да ўсяго пісьменства 18-19 стагодзьдзяў. Возьмем, прыкладам, хаця б Д'юма ці Бальзака: кожны твор дакдадна падзелены на два ўзроўні - для пасьвечаных і для непасьвечаных; кожная зьява, кожнае дзейсьце, кожны яго паварот - гэта адначасова вытанчанае нагаданьне "братам" і вілаводная крутня для непасьвечаных. Але зноў жа, ня варта забывацца на тое, што ў 18-19 стагодзьдзях усякі чалавек, што ўмеў чытаць і меў такую магчымасьць, амаль дакладна быў сябрам таго ці ішага "таемнага таварыства". Першы натоўпны чытач узорных уладнікаў, што напраўду зусім нічога не разумеў у суставе тайнаведных нагадак т.зв. "ўзорнага пісьменства" зьявіўся адно ў нашу пару, дый у вялікай колькасьці - адно ў "грамтабары", што паставіў сабе заданьне ўвысакародзіць і падагнаць да ўяўнага "сярэдняга ўзроўню" прадстаўнікоў грамадзкага долу. У заходнім местасьвеце да "ўнародненьня" пісьменства ставіліся нашмат халадней, і зь нейкай звычкі разумоўцы Захаду і сёньня скрозь наведваюць разныя "таварыствы" ці іх падноўленыя адпаведнікі.

Асаблівае значэньне мае адпачатку сьвядома процісьвяратнае "радавае пісьменства". Але калі чынаведна ў гэтым і атрымалася дасягнуць некаторых вынікаў - "Маці" Горкага, напраўду, зь цяжкасьцю ўзводзіцца да першаўяўных будоваў несьвядомага (хаця няўжо сама назва не выклікае яскравых сугадак?), - дык у суцэльным суплёце гэтага вялізарнага прадпрыемства папросту ўзьнялося новае першаўяўнае сузем'е, завершанае супольніцкае паданьне, такое ж бясспрэчнае, наўсуцэльнае, усеабавязнае і па-свойму зладжанае, як і ўсякае іншае.

І адлі, апошні выпадак: існавальніцкае пісьменства. Шмат рысаў, закладзеных у першапачатковым напростку, даводзяцца тут да заканамернай разьвязкі. Сьвядома і пасьлядоўна зьнясьвечана дзейсьце. З мовы старанна вычышчаны знакавыя давескі і звыклыя нагадкі. Але вынікла не "дасканалае пісьменства", а "дасканалае паданьніцтва". Пад жудасным цяжарам абуджанага нішчаваньня існавальніцкі ўладнік вымушаны ратавацца ад асабовасьці - або праз стварэньне ўласнага ўбажэньня асобы (якраз у гэтым караніцца ўслаўленьне дзеячоў выховы, уласьцівае Новаму Часу, і асабліва дваццатаму стагодзьдзю), або праз скрайняе "дабраахвотнага шаленства". Паражнеча ж запаўняецца ўжо сьвядомым "паданьніцтвам", няхай загадзя асабістым і таму паўсьмешным, але нястрымным, адчайным, жахнутым. Існавальнік грамадзкага вымеру (супольства Сартра і Арагона, зьвязоўства Гайдэгера, новазбаўленства Марсэля і Ясрпэрса і г.д.) імкнецца стварыць сваё ўласнае вераньне, адвольна і сьвядома гуляючы з душэўнымі першаўявамі як выняткамі.

Але ў гэтым напрамку дваццатае стагодзьдзе не дало нічога, што б якасна пераўзыйшло велічныя досьледы дэ Сада і Лётрэамона. Два гэтыя волаты нашмат больш пісьменскія за ўсё напісанае цягам апошніх двухсот гадоў.

 

5. Колькі словаў пра чарнабога

Перасьвячэньне супрысутнае пісьменству, але гэта змушаны захад, гэта ўсплыцьцё перашкоды, засьцерагаючай чалавека ад нішчавальнай і немагчымай дарогі ператварэньня ў "толькі чалавека". Але гэта не вынікае зь істоты пісьменства, бо ў такім разе яно было б адно адступным, спрэчным ці проста іншым "сьвятарным пісьмом", адвольным зуладнікаваным "сказам" ці дзіўнаватым "празорствам", выгнаньніцтвам зганеных прарокаў.

Істота пісьменства ў невыканальным замаху на змацаваньне, падваеньне грубай калянасьці наяўнага сьвету, выстуджэньне ўспрыманьня рэчаіснасьці і гэтым самой рэчаіснасьці да поўнага здубеньня. Калі гэта не дасягнута, дык адно ад слабінаў і кволасьці тых, што абралі гэтую небясьпечную, нішчавальную, разбуральную сьцяжыну. Пісьменства ў сваім найчысьцейшым выглядзе - гэта найпасьлядоўнае і найскрайняе чарнабожжа.

Але пакуль мы не адкажам на раней зададзенае пытаньне, датуль мы не наважымся й вынесьці адназначны сумленны прысуд гэтаму ўчыну. І зноў: "Пісьменства - выплынь зьнесьвячэньня, падступны злачынца, або заслона, што адсьвечвае зьбегі існых пераўтвораў сьветасяродзьдзя?"

У шырэйшым абрысе: безумоўнае існаваньне чарнабога - гэта ліха ўжо само сабой, або ліха - вызнаньне чарнабога кімсьці іншым?

 

публікуецца з дазволу аўтара

Пераклад з расейскай М. А. Б.

  

  nihil #3  nihil #2  nihil #1   

   



nihil