ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

тэма/тэкст:
парыская „культура”
і культура супраціву


ФРАГМЭНТЫ №4
№5
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


Алесь Анціпенка

„КУЛЬТУРА” Ў МЕНСКУ

 

Выстава парыскай „Культуры”, што прайшла ў Менску ў чэрвені гэтага году, адбывалася ня толькі зь якой-небудзь фармальнай нагоды, не была яна прымеркаваная і да якой-небудзь вонкавай даты альбо падзеі. Ейнай дамінантай была асоба чалавека, маральны аўтарытэт якога і сёньня надзвычай вялікі ня толькі ў Польшчы, але і ў шэрагу посткамуністычных краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Імя гэтага чалавека — Ежы Гедройц, які на працягу ўжо больш за 50 гадоў зьяўляецца галоўным рэдактарам польскага часопіса „Культура”.

На адкрыцьці выставы, арганізаванай Польскім інстытутам культуры ў Менску, прысутнічалі паслы Польшчы, Літвы, Украіны, прадстаўнікі беларускай культуры і навукі. Адзначаючы ролю асобы Ежы Гедройца, пасол Польшчы ў Беларусі сп. Марыюш Мацкевіч сказаў: „Ён усё сваё доўгае жыцьцё прысьвяціў свабодзе Польшчы, Літвы, Беларусі і Ўкраіны. Менавіта ён ў канцы 40-х асьмеліўся на старонках свайго выданьня апублікаваць тэзы, які неадназначна былі ўспрынятыя ў колах польскай эміграцыі, але якія добра зразумелыя сёньня дзеячам Украіны, Польшчы і Беларусі”.

Вынікі інтэлектуальнай дзейнасьці сп. Ежы Гедройца — гэта й дэмакратычныя трансфармацыі ў Польшчы, шэрагу іншых посткамуністычных краінаў, гэта й сотні тамоў выдадзеных ім кніг і нумароў часопіса „Культура”. За вялікі інтэлектуальны ўнёсак у разьвіцьцё дэмакратычнай сытуацыі ў посткамуністычных краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы „Беларускі Калегіюм”, незалежная адукацыйная інстытуцыя, заснаваная ў 1997 годзе „ЭўроФорумам”, Беларускім гуманітарным фондам „Наша Ніва”, Беларускай асацыяцыяй журналістаў і Інстытутам Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, прысвоіў галоўнаму рэдактару часопіса „Культура” сп. Ежы Гедройцу ступень доктара ганорыс каўза. Дыплём быў уручаны на адкрыцьці выставы паслу Польшчы ў Рэспубліцы Беларусь сп. Марыюшу Мацкевічу.

На наступны дзень, 19 чэрвеня 1998 году, у залі Нацыянальнага музэя гісторыі і культуры Беларусі, у якой была адкрытая выстава, заснавальнікі „Беларускага Калегіюму” зладзілі навуковую канфэрэнцыю пад назвай „Парыская „Культура” і беларускі культурны кантэкст”. У якасьці выступоўцаў у ёй узялі ўдзел праф. А. Грыцкевіч, праф. А. Мальдзіс, філёзаф І. Бабкоў, гісторык А. Дзярновіч і аўтар гэтых радкоў.

Працяг гэтай акцыі — падрыхтаваны сумесна з часопісам „Культура” нумар „Фрагмэнтаў”, які шаноўны чытач трымае ў руках.

 

Алесь Анціпенка - МАРГІНАЛЫ І МАРГІНАЛЬНАЯ СЬВЯДОМАСЬЦЬ

Алесь Анціпенка - ПАРЫСКАЯ "КУЛЬТУРА" - ПРАЕКТ КУЛЬТУРНІЦКАГА СУПРАЦІВУ ТАТАЛІТАРЫЗМУ І КАМУНІЗМУ Ў ЦЭНТРАЛЬНАЙ І ЎСХОДНЯЙ ЭЎРОПЕ

Алесь Анціпенка - РАДЫКАЛІЗМ МЫСЬЛЕНЬНЯ, УНІВЭРСАЛІЗМ І ЎНІФІКАЦЫЯ КУЛЬТУРАЎ

 

зьмест