ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

тэкст/топас


ФРАГМЭНТЫ №6
№6
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


Алесь Анціпенка

РАДЫКАЛІЗМ МЫСЬЛЕНЬНЯ, УНІВЭРСАЛІЗМ І ЎНІФІКАЦЫЯ КУЛЬТУРАЎ

 

Шматлікія нэкрафілічныя мэтафары кшталту „Бог памёр”(Ф. Ніцшэ), „Руіны чалавека” (В. Акудовіч), „Народ памёр” (І. Бабкоў), „Сьмерць аўтара” (Р. Барт) ды іншыя даволі лёгка ствараюць уражаньне сытуацыі культурніцкіх прыцемкаў, у якіх далёка не заўсёды разрозьніваюцца контуры ня тое што саміх культурніцкіх зьяваў, але ж і нават некаторых рэаліяў гэтага сьвету. З геаграфічнай мапы раптам „пазьнікалі” Сярэдняя Эўропа і Менск, якіх няма; дый сам аўтар гэтых мысьліўных фігураў В. Акудовіч сьцьвярджае, што яго таксама няма.

Сэмантыка падобных мэтафараў — у правакаваньні культурніцкай сытуацыі і самога культурніцкага мысьленьня, якое ў нашым стагодзьдзіі на глебе ўнівэрсальнасьці і ўніфікацыі аказалася занадта схільным да кампрамісаў з самім сабою і рэчаіснасьцю.

Адзначым, што мысьліўны альбо інтэлектуальны радыкалізм, які якраз і выявіўся ў шэрагу красамоўных нэгацыяў традыцыйна-звыклых паняткаў і схемаў мысьленьня, -- бадай што, найбольш заўважная рыса культурніцкай сытуацыі канца гэтага стагодзьдзя. Бунт і супраціў, якія сталіся зьявамі культуры, таксама — адметныя характарыстыкі культурніцкай сытуацыі канца ХХ стагодзьдзя. І, нарэшце, самі культуры, што наноў заманіфэставалі сябе і якія даволі лёгка прамінулі кароткі пэрыяд узаемнага азнаямленьня, уступілі напрыканцы стагодзьдзя ў стан вайны. Зрэшты, як сьцьвярджае названы ўжо В. Акудовіч, вайна гэтая пэрманэнтная: „Калі ў войнах паміж народамі,— піша ён,— хоць зрэдзьчас здараюцца перапынкі, то ў войнах паміж культурамі перапынкаў не бывае. І таму ў войнах культураў — культураў загінула болей, чым загінула народу ў збройных войнах народаў”.

Гэткім чынам, з аднаго боку, маем мысьліўны радыкалізм, а, з другога боку, — мілітарызм і агрэсіўнасьць культураў.

З гэтага абрысу культурніцкай сытуацыі ніяк не вынікае, што існуе крыза культуры альбо крыза культурніцкага мысьленьня. Хутчэй маем тут справу зь нейкай новай прыхаванай культурніцкай дынамікай, якая напоўніцу яшчэ не ўвасобілася ў шэрагу „спакойных” формаў, а менавіта — у тых формах, што дазволяць асягненьні гэтай новай дынамікі кананізаваць, а потым, у якасьці творчых узораў, памясьціць у музэі ці архівы.

Можна сьцьвярджаць і тое, што сучасныя культуры знаходзяцца ў стане пэўнага нутранога ўзрушаньня, дынамічнай нераўнавагі, „фазавага пераходу”, г. зн. — у працэсе выкрышталізаваньня новых формаў. Нараджэньне новых формаў насамрэч і ёсьць лёгікай гэтай нутраной агрэсіўнасьці культураў і радыкалізму мысьленьня.

Унівэрсалізм і працэсы ўніфікацыі культураў, якія ў найбольшай ступені былі характэрныя бадай што для 70-80-х гадоў нашага стагодзьдзя, насамрэч ня маюць уласна культурніцкага паходжаньня. У першую чаргу яны сталіся вынікам цывілізацыйных працэсаў, а менавіта — тэхналягізацыі вытворчасьці, разьвіцьця камунікацыйных працэсаў, глябалізацыі рынкавай эканомікі і паўставаньня глябальных патокаў як інфармацыйных прадуктаў, так і прадуктаў масавай вытворчасьці.

Яшчэ адзін чыньнік уніфікацыйных працэсаў і ўнівэрсалізацыі — гэта рост навуковай веды. Навуковы прагрэс, як адзначае К. Яспэрс, „вядзе да еднасьці ў галіне рассудку”, г. зн. уніфікуе і стандартызуе мысьленьне. Пры гэтым рассудкавая еднасьць не стварае ні еднасьці людзей, ні еднасьці культураў.

К. Яспэрс зазначае: такі прагрэс „аб ядноўвае людзей у сфэры рассудкавага мысьленьня такім чынам, што яны могуць весьці рацыянальную дыскусію, але могуць і зьнішчыць адно аднаго аднолькавай зброяй… Бо рассудак аб’ядноўвае толькі сьвядомасьць як такую….” (К. Яспэрс, Сэнс і прызначэньне гісторыі, с. 198, цыт. па кн. Философия истории, М. 1995).

Паслугуемся і яшчэ адной цытатай з К. Яспэрса. „Калі агульнасьць аддаленых культураў заснавана на тым, што ў іх знаходзяць свой выраз асноўныя ўласьцівасьці чалавечай прыроды, то дзіўнае і надзвычай важнае тое, што там, дзе мы мяркуем знайсьці ўнівэрсальнае, заўсёды выяўляюцца і адхіленьні… унівэрсальнае як такое заўсёды абстрактнае, аднастайнае па сваім характары” (Тамсама, с. 196, выдзелена мною.— А. А.).

Гэткім чынам, унівэрсалізм культураў — гэта тое, што найперш належыць сфэры інтэлегібельнага, што выяўляецца пры пэўным, а менавіта навуковым прэпараваньні культураў як прадмету дасьледаваньня. Рэальнае ж іх жыцьцё — у тым, што Яспэрс называе „дзіўным і надзвычай важным” — у адхіленьнях, эвалюцыйных мутацыях. А таму стварэньне, так бы мовіць, унівэрсаліяў ня ёсьць задачай культуры. Паводле свайго нутранога імпульсу яны, якраз наадварот, скіраваныя на прадукаваньне адхіленьняў, на разьняволеньне чалавечай суб ектыўнасьці і фармаваньне новых як асабовых, так і калектыўных ідэнтычнасьцяў.

І хаця працэсы ўніфікацыі культураў сапраўды мелі і маюць мейсца ў нашым стагодзьдзі, аднак не яны вызначаюць нутраную лёгіку разьвіцьця. У адваротным выпадку трэба было б гаварыць пра сьмерць, а не пра вайну культураў. І калі вайна культураў напраўдзе і ідзе, дык гэта вайна за адхіленьні, вайна супраць уніфікацыі і культурніцкага ўнівэрсалізму, г. зн. супраць сьмерці культураў.

У нашай частцы сьвету, і перадусім я маю на ўвазе беларускую і ўкраінскую культурніцкія сытуацыі, уніфікацыйныя працэсы мелі і дасюль маюць пераважна іншую прыроду. І гэта яшчэ адзін выпадак уніфікацыйных працэсаў. Яны спароджаны калянізацыйнай і імпэрскай практыкай, якая ў пэўнай ступені яшчэ застаецца палітычнай у сваёй сутнасьці практыкай, скіраванай на рэпрэсаваньне культурных адметнасьцяў ці адхіленьняў. Ролю ўніфікацыйна-рэпрэсавальнай культурніцкай мадэлі адыгрывала так званая дактрына адзінага народу, у якой галінамі ці, больш дакладна, адгалінаваньнямі зьяўляюцца беларусы і ўкраінцы, а расейскі народ выконвае ролю тронкі, ствала. Сэнс падобнай уніфікацыі — у навязваньні пэўнага канону, уласьцівага адной культуры, другой культуры і ў сьцьверджаньні гэтага канону ў якасьці ўнівэрсальнага, прынамсі, для так званых блізкіх ці роднасных культураў. Сваёй практычнай мэтай уніфікацыйныя працэсы ў дадзеным выпадку маюць маргіналізацыю і паглынаньне адной культуры другой — культурай калянізацыйнай.

Гэткім чынам, уніфікацыйныя працэсы, што адбываюцца як у выпадку шырокага распаўсюджваньня стандартызаваных інфармацыйных і навукова-тэхналягічных прадуктаў, гэтак і ў выпадку каляніяльных і нэакаляніяльных практыкаў, не зьяўляюцца ўласна культурніцкімі працэсамі. Яны могуць павялічваць вонкавую аднастайнасьць культураў, але не вядуць да іхнай еднасьці, бо апошняя можа базавацца толькі на суб’ектнасьці (пэўнай адметнасьці культураў) і іхнай дыялягічнасьці. Да таго ж, уніфікацыя і ўнівэрсалізм як тэндэнцыі сутнасна скіраваныя на рэдукаваньне культурнай разнастайнасьці, а дыялёг як такі магчымы толькі пры захаваньні пэўнай рознастайнасьці, адметнасьці і суб ектнасьці культураў. Еднасьць культураў дыялягічная ў сваёй сутнасьці. І ад кожнай культуры яна вымагае захаваньня сваёй адметнасьці.

А таму культуры, якія страчваюць здольнасьць супрацьстаяць уніфікацыйным працэсам, — гэта адпаведна культуры, што знаходзяцца на шляху ці то да маргіналізацыі, ці то да паступовага зьнікненьня.

 

Алесь Анціпенка - МАРГІНАЛЫ І МАРГІНАЛЬНАЯ СЬВЯДОМАСЬЦЬ

Алесь Анціпенка - „КУЛЬТУРА" Ў МЕНСКУ

Алесь Анціпенка - ПАРЫСКАЯ "КУЛЬТУРА" - ПРАЕКТ КУЛЬТУРНІЦКАГА СУПРАЦІВУ ТАТАЛІТАРЫЗМУ І КАМУНІЗМУ Ў ЦЭНТРАЛЬНАЙ І ЎСХОДНЯЙ ЭЎРОПЕ

 

зьмест