ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

даль-агляды


ФРАГМЭНТЫ №3
№3
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


Валерка Булгакаў

DAZWICHEN. OSTMITTELEUROPÄISCHE REFLEXIONEN. HERAUSGEGEBEN VON FRANK HERTERICH UND CHRISTIAN SEHLER. © SUHRKAMP VERLAG FRANKFURT AM MAIN 1989. ISBN 3-518-11560-X <1400>

 

Гаварыць аб Сярэдняй Эўропе лягчэй, чымся пісаць.

Гэтым, аднак, ніяк ня вытлумачыць таго, чаму апошнім часам пра Сярэднюю Эўропу ўсё часьцей гавораць адно шэптам.

Тым ня менш, агульная сытуацыя ў рэгіёне напрыканцы 80-ых гадоў ХХ стагодзьдзя вызначалася ўстойлівым зацікаўленьнем ня толькі да Сярэдняй Эўропы як сваеасаблівай культурнай і геапалітычнай рэальнасьці, але і да акрэсьленьня як ейнага экзыстэнцыйнага статусу, так і ейнага крэатыўнага патэнцыялу.

Сьветчаньнем гэтаму — дадзены зборнік і зьмешчаныя ў ім рэфлексіі.

Пара, калі зьявілася гэтае выданьне, таксама была ў пэўнай меры сымбалічнай, — яна зафіксавала чарговы тэктанічны разлом у Эўропе. Выражаючыся фігуральна, гэта быў час, калі на зьмену звычным ужо сярэднеэўрапейскім прыцемкам прыйшла агрэсыўная стыхія сьвятла. Існаснае адрозьненьне паміж Беларусяй і іншымі краінамі сярэднеэўрапейскага арэалу якраз і праглядаецца ў тым, што на Беларусі гэтыя прыцемкі розуму шчасьліва доўжацца і дагэтуль. Экзальтаванаму аналітыку гэткая зьлёгку алігафрэнічная інфантыльнасьць сучаснай беларускай культуры можа падацца зарукай яе будучых зьдзяйсьненьняў.

Варта, аднак, скіравацца беспасярэдня да эмпірыі тэкставага масыву. Пагатоў, што мы яшчэ так і не далі адказу на пытаньне: якія асноўныя лініі таго канцэптуальнага масыву, які прадстаўлены ў разгляданым выданьні? Але перш як прыступіць да гэтага, зьвернем увагу на шэраг фармальных мамэнтаў кнігі. Перад намі зборнік артыкулаў тагачаснай сярэднеэўрапейскай інтэлектуальнай эліты, якой так ці інакш даводзілася браць удзел у дысыдэнцкім руху (палітычны капітал, назапашаны тады, дазволіў Вацлаву Гавэлу, аўтару першага і ў шмат чым праграмнага артыкула, зьмешчанага ў кнізе, напачатку дзевяцьдзясятых гадоў заняць пасаду прэзыдэнта Чэскай рэспублікі).

Да таго ж, як выяўляецца, галоўным асяродкам тэматызацыі сярэднеэўрапейскай топікі былі фактычна тагачасная Чэхаславаччына, Вугоршчына і Польшч — гэтым арэалам вычэрпваецца кола аўтараў, прадстаўленых у выданьні. (Найсумнейшае тут тое, што аўтары з гэтых краінаў і, часам, з Аўстрыі, дагэтуль імкнуцца рабіць выгляд, што яны валодаюць манаполіяй на гэтую праблематыку.)

А цяпер паспрабуем тэзысна адказаць на кагадзе пастаўленае пытаньне (кажны зь ніжэйпералічаных тэзысаў пакліканы адлюстраваць адзін з аголеных нэрваў дадзенай кнігі):

(1) Інфэрналізацыя расійскага нацыянальнага дыскурсу і ягоных дэрыватаў. „Савецкі Саюз, — сьцьвярджае ведамы вугорскі думаньнік Д’ёрдзь Конрад, — як імпэрыялістычная сіла паводзіць сябе так жа, як і царская Расія.., спалучаючы жорсткую і каляніяльную палітыку экспансіі найбольшай паводля насельніцтва эўрапейскай нацыі з унівэрсалістычнай ідэалёгіяй” (S. 200). Яму ўтаруе іншы знакаміты вугорскі філёзаф Міхай Вайда: „Расія — гэта не Эўропа, у грамадзкім, гаспадарчым і культурным пляне.., а адмысловы сьвет, які ідзе сваім — у шмат чым адхінаючыся ад эўрапейскага — собскім шляхам” (S. 116). Свой падыход прапануе да гэтай тэмы і польскі публіцысты Ян Юзэф Ліпскі: „Культурную мяжу, якая падзяляе Эўропу, вызначыць досыць нялёгка. Палякі, як правіла, праводзяць яе па сваіх усходніх краінах. Наўсуперак гэтаму, Хвылёвы, адзін з арыгінальных украінскіх эсэістаў міжваеннага часу, праводзіў яе далей на Ўсходзе: там, дзе рэнэсанс і барока перастаюць заўважацца ў сакральнай архітэктуры Ўкраіны. Ён падкрэсьліваў, што ўкраінская культура дзякуючы польскім уплывам, якім яна паддавалася ў выніку сужыцьця ў адным гаспадарстве, перажыла моцнае ўзьдзеяньне Заходняй Эўропы, што замацавала ейную духовую адметнасьць ад расійскай культуры. У трыццатыя гады Хвылёвы быў ліквідаваны як „нацыяналісты”. Гэта адпавядае фразэалёгіі імпэрыі — хто падкрэсьлівае сувязі свайго народу з Захадам, той нацыяналісты. Хто акцэнтуе лучнасьць з Масквой, той патрыёт і інтэрнацыяналісты” (S. 155-156).

(2) Лябільнасьць прасторы Сярэдняй Эўропы. Не сакрэт, што практычна на працягу ўсяго ХХ стагодзьдзя Сярэдняя Эўропа ўяўляла сабой зону пэрманэнтнага крызысу, дзе скрыжоўваліся нацыянальныя, культурныя, рэлігійныя etc. супярэчнасьці, што існавалі паміж суб’ектамі гэтай прасторы. Можа якраз таму духовая сытуацыя асобных суб’ектаў Сярэдняй Эўропы вызначалася і дагэтуль дзе-нідзе вызначаецца кантрастным распадзелам на маўклівую бальшыню і агрэсыўную меншыню. Больш таго, у сярэднеэўрапейскай топіцы само азначэньне „сярэдні” часта выступала знакам нядоўгатрываласьці, эфэмэрнасьці і перахаджаласьці — дастаткова згадаць такія мэтапалітычныя ўтварэньні, як Сярэдняя Літва (Litwa Środkowa), што зьявілася на сьвет пасьля першай сусьветнай вайны, і Сярэднюю Нямеччыну (Mitteldeutschland), паўсталую неўзабаве пасьля заканчэньня другой сусьветнай вайны — двух найбольшых, калі не лічыць распаду СССР, узрушэньняў гэтае прасторы ў XX ст. Тое ж самае датычыць геаграфічнай лякалізацыі Сярэдняй Эўропы ці, інакш кажучы, ейнага адмежаваньня ад іншых геапалітычных арэалаў — гэтая праблема напару вырашаецца абсалютна адвольна, згодна з асабістымі інтуіцыямі таго ці іншага аўтара і ступені яго ідэалягічнай заангажаванасьці. Для ілюстрацыі гэтае тэзы возьмем, напрыклад, наступнае характэрнае выказваньне ўжо знаёмага нам Міхая Вайды: „Побач з Польшчай, Чэхаславаччынай і Вугоршчынай... да сярэдняўсходняй Эўропы належаць ГДР і дзьве югаслаўскія рэспублікі Славенія і Харватыя. Што тычыцца ГДР, там праблемы ў выніку так званага „нямецкага пытаньня”, а ў выпадку дзьвюх югаслаўскіх рэспублік, дзякуючы прыналежнасьці да фэдэрацыі, настолькі заблытаныя, што я не наважуся разглядаць іх у рамах гэтага кароткага нарысу. Гэтымі заданьнямі павінна займацца сёньня яшчэ не існуючая гістарычная сацыялёгія сярэдняўсходняй Эўропы. Яшчэ больш адметна выглядае справа ў тых рэгіёнах Савецкага Саюзу, якія маюць вымоўны сярэднеўсходнеэўрапейскі характар, а наймя ў балтыцкіх рэспубліках” (S. 138). Да слова сказаць, славацкі філёзаф Міраслаў Кусы да рэгіёнаў зь „сярэднеўсходнеэўрапейскім характарам” залічае таксама Карпата-Ўкраіну і Бэсарабію (S. 188).

(3) Абсалютызацыя эўрапейскага (заходнеэўрапейскага) экзыстэнцыйнага шляху ў спалучэньні з патасам рээўрапеізацыі. Выходзячы з гэтае пэрспэктывы, Сярэдняя Эўропа ўяўляецца сваеасаблівым усходнім бастыёнам эўрапейскай айкумэны, пасьля якой пачынаюцца прасьцягі барбарскія і няпэўныя. Такім чынам, сярэднеэўрапейская топіка набывае канатацыі памежжа, але ўзятага ня ў звычным сэнсе, як памежжа культурнага, моўнага, рэлігійнага etc., а памежжа цывілізацыйнага, дзе заходняя, постлацінская цывілізацыя сутыкаецца з сваім усходнім таталітарным аналягам. Натуральна, што ў гэткай сытуацыі бінарнага выбару паўстае спакуса вызначыцца раз і назаўсёды на карысьць таго, што падаецца лепшым і больш адэкватным тым ці іншым канкрэтным варункам.

У кнізе апалягетыка Эўропы найбольш выразна рэпрэзэнтавана артыкулам польскага публіцыстага Марціна Круля „Эўропа як норма”, які складаецца з паказальных падразьдзелаў „Эўропа як палітыка”, „Эўропа як культура” etc., і дзе мы знаходзім наступныя фармулёўкі : „...Эўропа азначае для нас крыніцу нашых ідэалаў і вартасьцяў, вялікую радзіму” (S. 102). „Aut Europa, aut nihil. Першы крок палягае ў тым, каб прыняць да ведама гэткі стан рэчаў. Наступным крокам будзе эўрапеізацыя нашага мысьленьня, перадусім нашага палітычнага мысьленьня. У кажным разе мы б нічога ня страцілі ад такіх высілкаў. Ці атрымае тэарэтычная непадзельнасьць Эўропы як нормы практычнае пацьверджаньне ў будучыні, залежыць ня толькі ад нас, хаця ад нас залежыць тое, ці будзем мы гатовыя да супрацоўніцтва ў гэткай Эўропе” (S. 111-112). У сваю чаргу, чэскі пісьменьнік Людвік Вацулік пры апалёгіі Эўропы імкнецца перайсьці ад прагучэлых сылягізмаў бадзёрасьці да апісаньня сытуацыі ў гераічных танах: „Эўрапейскі дух, такі ж шматаблічны, як абрысы і рэльеф Эўропы, узьнік у супярэчнасьцях і ў хуткаплыннасьці. Ён няўрымсьлівы, кемлівы, дасьціпны, поўны абстрактных ідэяў і практычных задумак. Ён вынайшаў парлямэнт, лякаматыў, чацьверты вымер, пэніцылін і атамную бомбу...”(S. 169)

(4) Польскае культуралягічнае мысьленьне падкрэсьлена арыентавана на рыторыку прыналежнасьці да агульнаэўрапейскага (заходнеэўрапейскага) цывілізацыйнага кола. І ў гэтым няма нічога дзіўнага. Доўгія гады моцным бокам польскай нацыянальнай ідэалёгіі была яе адназначная вызначанасьць, сьвядомае адмаўленьне ад ілюзіяў „супольнага агульнаславянскага прасьцягу”, „свайго ўласнага шляху да цывілізацыйнага прагрэсу”. Зь цягам часу стала абсалютна ясна, што ў гэтым рэгіёне існуюць дзьве асноватворныя магчымасьці нацыянальнага жыцьця: або па ўсіх правілах гуляць у Сярэднюю Эўропу (і выбудоўваць сваю дзяржаву, якая адначасна ператвараецца ў суб’ект сярэднеэўрапейскай сытуацыі зь яе нацыяналізмамі, пэрманэнтнымі крызысамі, культурнымі канфрантацыямі і г.д.), або мэлянхалічна губляць свае абрысы ў разьмешчанай на ўсходзе манструознай прасторы, ледзьве не найбольш заўважным — калі глядзець зь Беларусі — спараджэньнем якой ёсьць тое, што паангельску называецца „the melting pot”. Усё гэта рабіла асобныя элемэнты польскай нацыянальнай ідэалёгіі нарматыўнымі для іншых нацыянальных рухаў зь меншым гісторыка-палітычным патэнцыялам, — найбольш выразна гэта відаць на прыкладзе летувіскага нацыянальнага дыскурсу.

Каб пацьвердзіць гэтыя выкладкі, прывядзем адпаведную цытату. „Акрэсьліваючы саміх сябе як нацыю, палякі заўсёды робяць магутны націск на тое, што культурна яны належаць да Заходняй Эўропы, — сьцьвярджае Ян Юзэф Ліпскі ў артыкуле „Ці знаходзіцца Польшча ў Эўропе?”, — нават калі палітычныя факты і сьвядомасьць у Заходняй Эўропе і ў сьвеце гавораць супраць гэтага. Гэтае самаўсьведамленьне ў ідэалёгіі бальшыні польскага народу выконвае цэнтральную ролю і, за некаторымі выняткамі, падзяляецца блізу ўсімі культурнымі і палітычнымі плынямі. Прычым зьместы, зьвязаныя з гэтым самаўсьведамленьнем, паддаюцца часткова адрознай інтэрпрэтацыі, але прынцыповых рознагалосьсяў на гэты конт не бывае. Гэтае пачуцьцё прыналежнасьці да Заходняй Эўропы ўмацоўвае перакананьне, што Ўсходняя Эўропа, прынамся культурна, ня мае дачыненьня да Польшчы” (S. 150).

(5) маргінальная прысутнасьць беларускай топікі. У выніку гэтага ўзьнікае спакуса разглядаць знак Беларусь як фантом, пагатоў што пачаткі гэткага ўспрыманьня Беларусі назіраюцца, напрыклад, ужо ў Казімера Сваяка. З увагі на тое, што ў кнізе беларуская топіка так і не стаецца аб’ектам тэматызацыі, выкажам некалькі ўласных думак на гэты конт:

— адсутнасьць робіцца формай прысутнасьці Беларусі на карце Эўропы (нулёвая ступень прысутнасьці).

— разам з тым можна чакаць інфармацыйнага выбуху, зьвязанага з ад- і нараджэньнем новага топасу ў агульнаэўрапейскім маштабе (часткова мы ўжо зьяўляемся сьветкамі гэтага).

— у духовым пляне Беларусь няўхільна ператвараецца ў полюс холаду ў Сярэдняй Эўропе.

— аналіз сытуацыі можа быць лягчэйшым, калі выкарыстоўваць дэфініцыі „вялікая аграрная культура”, „каляніяльны сындром”, „усходнеэўрапейскія разлогі трызьненьня”, „лёгіка гісторыі і посткультура”.

— Сярэдняя Эўропа карэлюе зь Беларусяй прыкладна так, як духовасьць карэлюе з адухоўленасьцю.

— у культурнай дынаміцы сучаснай Беларусі цяжка вызначыць якія-небудзь выразныя сэнсаўтваральныя (у пазытыўным, так бы мовіць, сярэднеэўрапейскім сэнсе) дамінанты. Аднак існуе нешта, на што немагчыма не зьвярнуць увагі, — беларускі нацыяналізм стаецца зьявай пераважна культурнай, г.зн. на зьмену этнічнаму вымеру нацыянальнай тоеснасьці прыходзіць яе дэкляратыўны вымер (нешта гэткае колькі гадоў таму запрыкмеціў і Сакрат Яновіч).

— для культуры (дапусьцім, беларускай) нашая эпоха можа стаць клясычнай, бо яна вымагае сваеасаблівай клясычнай топікі (клясычных твораў, клясычнага стылю, клясычных вобразаў, клясычных выяўленчых фігураў).

 

Напрыканцы яшчэ колькі заўвагаў. Думаецца, што спадзеў і чаканьне дагэтуль застаюцца неўнікнёнымі падставамі сьветабачаньня сярэднеэўрапейскай інтэлектуальнай эліты; знакам прасторы таксама застаецца фактар страху.

Эўропа выходзіць з сваіх берагоў.

 

Валерка Булгакаў - МОЙ БАГУШЭВІЧ. ДЫЯЛЕКТЫКА КЛЯСЫЧНАГА ТЭКСТУ

 

зьмест