ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

даль-агляды


ФРАГМЭНТЫ №6
№6
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


Андрыян Меленік

ТЭКСТ ДЛЯ ТЛУМАЧАЛЬНІКАЎ

 

З нагоды выхаду кнігі Сяргея Санько „Штудыі з кагнітыўнай і кантрастыўнай культуралёгіі”

 

„Штудыі” маглі б стаць сапраўдным „бэстсэлерам”, каб не былі напісаныя настолькі цяжкачытальна. Санько шмат чаго пераварочвае ў стандартах нашага сьветагляду, і не адразу зразумець — ці з ног на галаву, ці з галавы ў больш натуральны стан.

Кніга гэтая выдадзена ў калекцыі „Сучаснае мысьленне” сэрыі „Бібліятэка Фрагмэнты” накладам у 500 асобнікаў. Па сучасных крытэрах — ня так і мала.

Але паспрабуйце назваць шчэ аўтараў, якія працуюць на адной з Санько дзялянцы, і іх публікацыі. Назвалі? Тады вы проста недакладна ўяўляеце, на якой дзялянцы працуе Санько.

Зацікаўлены чытач зможа знайсьці ў „Штудыях” абгрунтаваньне расізму і нацыянал-сацыялістычных канцэпцый, пры тым што сам аўтар, відавочна, такіх задач перад сабой ня ставіў — ён проста з захапленьнем „перамалоў” стосы архіўных дакумэнтаў і напаўзабытых выданьняў ды зрабіў высновы, здольныя ў пэрспэктыве стаць падмуркам для пэўнай ідэалёгіі — можа, нацыянальнай, а можа — і ня толькі.

Сяргей Санько і ягоны галоўны хаўрусьнік, аўтар вокладкі „Штудыяў” мастак Тодар Кашкурэвіч — прадстаўнікі зусім не малой, багатай традыцыямі крывіцкай галіны самавызнаньня. Крывічы — назва архаічная, і, як даводзіць Санько, — сакральная. З адносна нядаўнай мінуўшчыны можна ўзгадаць Першы перапіс насельніцтва Расейскай Імпэрыі 1897 году, што зарэгістраваў некалькі тысяч крывічоў. Можна ўзгадаць славутага лінгвіста, аўтара найбольш грунтоўнага беларуска-рускага слоўніка Янку Станкевіча, які быў гарачым прыхільнікам крывіцкага руху. Пра тое, што існуе „Крывія” Эдуарда Акуліна ды рок-гурт „Крыві”, пэўна, і нагадваць залішне. Нядзіва, калі пад час чарговай палітычнай „адлігі” крывічы сур’ёзна актывізуюцца, прынамсі, ідэйная база для таго гатовая. Пакуль жа, не ў апошнюю чаргу і зь меркаваньняў салідарнасьці, яны захоўваюць ляяльнасьць да беларушчыны, заўважна дыскрэдытаванай у апошнія гады беларускімі палітычнымі „вяршкамі”.

Як сьведчыць аўтар у прадмове, тэксты, зьмешчаныя ў кнізе, — „вынік дасьледаваньняў… 1993-1998 гг. у галіне тых новых накірункаў сучаснай гуманітарыстыкі, якія… могуць рэалізоўвацца й пад… рубрыкамі „кагнітыўная антрапалёгія”, „архэалёгія веды”, „гісторыя ідэяў” і г. д.” Усе гэтыя накірункі сталі водгукам на „відочны правал мадэрнісцкага праекту, які закрануў самы нэрв „сучаснай” (г. зн. найперш — эўрапейскай) культуры зь яе ўнівэрсалісцкімі і глябалісцкімі ўстаноўкамі”. Прасьцей: кніга Санько — яскравая праява постмадэрнізму і грунтоўная прапаганда паганства (для неэкумэнічных хрысьціян — сатанізму).

Што, напрыклад, значыць „правал… культуры зь яе ўнівэрсалісцкімі… устаноўкамі”? Унівэрсалізм — гэта прызнанне таго, што ўсе людзі роўныя і належаць да аднаго віду. Санько аргумэнтавана даводзіць адваротнае. Не праглядаецца дастатковай павагі да агульнапрызнаных аўтарытэтаў і клясыкаў. Зрэшты, якія клясыкі маглі быць у дапісьменную эпоху?! А да яе аўтар амаль маніякальна зьвяртаецца ў апошніх тэкстах. У тую эпоху, згодна з доказамі, крывічы (крыві, крэвісы і г. д) былі магутным і перадавым народам. Каб вярнуць моц і аўтарытэт, трэ хаця б усьвядоміць захаваную генэтычна ўласную сыстэму каштоўнасьцяў, традыцыйны і найбольш натуральны сьветагляд, спляжаны і загнаны глыбока ў падсьвядомасьць шматлікімі нашэсьцямі, у тым ліку, хрысьціянствам.

Усяго тэкстаў, якія ёсьць вынікам дасьледаваньняў у галіне новых накірункаў гуманітарыстыкі, — сем. Так бы мовіць, па тэксьце на кожны дзень тыдня — і генэтычна-традыцыйнае мысьленьне прыйдзе.

Першы тэкст — „Культура як тэзаўрус фрэймаў” — уводны, і па зьмесце, і па стылістыцы. Ён жа, на мой погляд, і самы просты для ўспрыманьня. Чытач уводзіцца ў сьвет „паняцьцяў” якія дазволяць адэкватна ставіцца да далейшых тэзаў і тэкстаў Санько. К сярэдзіне першага тэксту „згодна з вышэйсказаным” мы можам зразумець, што культура — гэта „фрэймавы тэзаўрус пэўнага грамадзтва, разгляданы ў яго сынхранічным аспэкце, у прад’яўленасьці яго „тут-і-цяпер” і адначасна ўва ўсіх сваіх частках.” Тут жа прыводзіцца і больш „геамэтрызаванае” вызначэньне культуры: „адначасны стан фрэймавага тэзаўрусу грамадства, нібы зададзенага на „прасторападобнай гіпэрпаверхні” дадзенага бягучага моманту ў сымбалічнай прасторы-часе аб’ектызаванага сацыялізаванага досьведу сьвету”, а таксама даводзіцца, што „традыцыя можа быць вызначана як дыяхранічны аспэкт фрэймавага тэзаўрусу або як яго пераходнасць з стану, задаванага на „гіпэрпаверхні” S1 пры t = t1, у стан, задаваны на „гіпэрпаверхні” S2 пры t = t2 (t1 < t2)”.

Другі тэкст — „Канцэпты „карціна сьвету” і „мадэль сьвету” як гранічныя катэгорыі сучаснага культуралягічнага дыскурсу”. Тут абгрунтоўваецца няслушнасьць яшчэ папулярнай устаноўкі мадэрнага грамадзтва на глябалізм, якая, тым ня менш, ужо таксама знаходзіцца ў „відочным правале”. Непазьбежная пры інтэграцыі грамадзтва мяшанка розных карцінаў сьвету, створаных на падставе розных мітапаэтычных сыстэмаў і традыцыяў, насуперак жаданай уніфікацыі прыводзіць да хімэраў. Сусьветная культура, паводле Санько, можа нармальна існаваць толькі пры захаваньні адрозных, прычым, часам, вельмі кардынальна, рэгіянальна-нацыянальных культураў і сьветаглядаў.

Наступны тэкст — „Канстытутыўныя элемэнты антычнага космасу як эталённага для стараэўрапейскай тэсматычнай культуры”. Тэсмос — з грэцкай — „тое, што не запісваецца, сьвяты закон, закон, усталяваны багамі, таксама „правіла, узор, прэцэдэнт” — тэрмін, які, на думку Санько, больш дакладна перадае сэнс таго, што прынята ў навуковым сьвеце называць традыцыяй. Даводзіцца пэўная аднароднасьць тэсматычнай эўрапейскай культуры, якая ў канцавой выснове адносіцца „да культураў гэнага тыпу, у якіх вызначальную ролю адыграюць фундамэнтальныя прасторавыя інтуіцыі”.

Чацьверты тэкст — „Фрэйм „памежная сітуацыя” і яго сэміятычныя рэпрэзэнтацыі ў традыцыйных індаэўрапейскіх культурах”. Адзначаецца, што „індаэўрапейскія культуры, як старажытныя, так і сучасныя, выяўляюць нейкую падвышаную чуйнасьць, неабыякавасьць да „памежнай” праблематыкі” і аргумэнтуецца жыцьцёва-важнае для іх значэнне панятку „мяжа”. Па ходу тэксту адбываецца вяртаньне да моманту „ўзнікненьня самога часу”, і „мяжа” паўстае перад чытачом як „вынік першападзелу” і пачатак „першай фазы касмагенэзу”. Надзвычай насычаны твор.

Пяты тэкст — „Некаторыя падставовыя прасторавыя і часавыя структуры ў беларускім фальклёры”. Сюрпрыз для тых, хто „купіўся” на „зразумелую і часткова вывучаную тэму”. Вы вывучалі некалькі ня тое, шаноўныя! Хаця будуць спасылкі і на Плятона, і на Арыстотэля, і на Гайдэґера…

Тэкст шосты — „Канцэпт „бясконцасьць” як падстава тыпалёгіі культур і тыпалёгіі веды”. Самы аб’ёмны з тэкстаў кнігі — ля пяцідзесяці старонак. На маю думку — і самы складаны. Даводзіць, „што рэальныя культурныя працэсы, якія ахапляюць цэлыя гістарычныя эпохі, ня могуць быць адэкватна зразуметыя ні ў васадах прагрэсысцкіх, аўтэнтычна-эвалюцыйных, ні ў васадах „марфалягічных” тэорыяў”. Але „гісторыя вельмі часта і лёгка становіцца служкай ідэалёгіі” — змаганьне культур пакідала мноства фальшывых сьведчаньняў, якія, за адсутнасцю іншых, занадта некрытычна ўспрымаліся дасьледчыкамі. У шостым тэксьце — плойма захапляльных момантаў, разбураючых стэрэатыпы. Кляс!

І нарэшце, тэкст апошні — „Беларусь: паміж Поўднем і Поўначчу. Падставовыя складнікі аўтэнтычнага мэтапалітычнага дыскурсу”. Усяго адзінаццаць старонак. Правакацыйна-„выпяндрожная” пераарыентацыя традыцыйнай для нашых мазгоў асі „Ўсход — Захад” на „Поўнач — Поўдзень”, і, як далей высьвятляецца — на Цыркумбалтыйскі рэгіён. Расісцкая, на мой погляд, тэорыя. Пэўна, можа быць сымпатычнай для прыбалтаў. Але занадта абгрунтаваная, каб быць нежыцьцёвай. А тое і лепшы шанец, пры рэалізацыі, для многіх з нас (у тым ліку і для мяне).

Ну як? Памятаецца, яшчэ Фрыдрых Ніцшэ засьцерагаў сапраўдных дасьледвальнікаў ад моднай і ў тыя часы прафанацыі і вульгарызацыі. Чаго-чаго, а гэтых хібаў у аўтара „Штудыяў” ня знойдзецца. Размова не зьніжаецца да папулярызатарства, каб спасьцігнуць сэнс — варта мець адпаведную адукацыю і немалое жаданьне.

Спасылак ў Санько безьліч. Пераважная большасьць — на работы лінгвістычнага характару. Лінгвістыцы ў „Штудыях” адводзіцца галоўная роля, а з лягічных пабудоваў, на ёй заснаваных, можна атрымаць сапраўднае задавальненьне. І з аргумэнтацыі, і з выніковых канструкцыяў.

Так і карцела знайсьці ў канцы кнігі глясарый ці слоўнік паняцьцяў, бо шэраг тэрмінаў аўтара у немалым сваім стосе даведачнай літаратуры я адшукаць ня здолеў. Але, ня выключана, Санько сьвядома, памятаючы пра рытуальнае, перадусім, значэньне чалавечай мовы, пра што сьведчаць яго тэксты і спасылкі да іх, ўскладніў успрыяцьце сваіх твораў, бо калі чытаць уважліва (мне давялося — паўторна) — знаходзіш тлумачэньні тэрмінаў ці спасылкі на літаратуру, дзе іх можна знайсьці (іншае пытаньне, што літаратуры той у вас можа ня быць). „Ёсьць многа пакліканых, але мала абраных” — сьцьвярджае папулярны сакральны тэкст. Абраным часу на знаёмства са „Штудыямі” шкада ня будзе.

 

Андрыян Меленік - БЕЛАРУСКАЯ ІДЭЯ ЯК ГЕРМАФРАДЫТЫЗМ НАЦЫІ- З ПАВАГАЙ ДА ТЭОРЫІ, ЯКАЯ ЛІЧЫЛА САЦЫЯЛІЗМ ХВАРОБОЙ

  

зьмест