ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

мысьленьне/літаратура


ФРАГМЭНТЫ №6
№6
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


Андрыян Меленік

БЕЛАРУСКАЯ ІДЭЯ ЯК ГЕРМАФРАДЫТЫЗМ НАЦЫІ

з павагай да тэорыі, якая лічыла сацыялізм хваробай

 

Арганічная тэорыя грамадзтва існуе, па вялікім рахунку, не нашмат меней за само грамадзтва. З арганізмам чалавечую супольнасьць параўноўваў Плятон, пазьней — Гобс і Конт. Паняткам „арганізм” для вырашэньня праблем структурных узроўняў і ўзьнікненьня новых якасьцяў карысталіся Арыстотэль, шэраг вучоных сярэднявечча, Шэлінг і Гегель. У сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя ўзнікла тэндэнцыя да тлумачэньня ў якасьці арганізму мовы (Шлейхер), мастацкіх твораў (Грыгор’еў), грамадзтва (Спэнсэр).

Англічанін Гербэрт Спэнсэр стаў заснавальнікам арганічнай школы, функцыянаваньне якой засьведчыла моц арганічнай тэорыі і яе пастуляту: „Грамадзтва ёсць арганізмам”. Расеец Ліліенфэльд прыпісваў грамадзтву ўсе рысы арганізму — адзінства, мэтазгоднасьць, спэцыялізацыю органаў. Ролю кровазвароту, напрыклад, выконвае гандаль, функцыі галаўнога мозгу — урад. Немец Шэфле разглядаў эканамічнае жыцьцё як абмен рэчываў у арганізьме. Француз Вормс разважаў пра полавыя адрозьненьні розных супольнасьцяў, іх органы выдзяленьня і г. д.

На Беларусі прыхільнікам вучэньня Спэнсэра паказаў сябе кіраўнік імпэрскай хімічнай лябараторыі (і адначасова выбітны дзеяч нацыянальнай культуры і філязофіі) Уладзімір Самойла. Яго работа „Гэтым пераможаш”, апублікаваная пад псэўданімам „Суліма”, дэкляравала для грамадзкага жыцьця, як найлепшы, прынцып „актыўнай эвалюцыі”, заснаваны на ўсялякім стымуляваньні натуральных працэсаў разьвіцьця арганізму чалавечай (і, у прыватнасьці, беларускай) супольнасьці.

Прадстаўнікі арганічнай школы адшуквалі ўсё новыя і новыя аналёгіі грамадзтва і арганізму, паспяхова тлумачылі сацыяльнае жыцьцё біялягічнымі заканамернасьцямі, разьвіцьцё грамадзтва — працэсамі эвалюцыі. За асноўны закон сацыяльнага разьвіцьця „арганісты” вызнавалі закон выжываньня найбольш адаптаваных грамадзтваў, а са сваёй канцэпцыі эвалюцыі выводзілі найбольшую адаптаванасьць „дыфэрэнцыяванага” — падзеленага на клясы — грамадзтва. Сацыялізму „арганісты” не любілі, а любыя грамадзкія катаклізмы і рэвалюцыі адносілі да „хваробаў” чалавечых супольнасьцяў.

У 1903-м Спэнсэр памёр. Неўзабаве пасьля сьмерці заснавальніка арганічная школа пачала страчваць папулярнасьць. Ідэі сацыялізму і рэвалюцыі, наадварот, апанавалі шырокімі масамі.

Былыя „арганісты” „перакваліфікоўваліся”. З „грамадзтва як арганізму” яны адыходзілі да гештальтпсыхалёгіі, халізму, эмэрджэнтнай эвалюцыі, „арганізмальнай біялёгіі” і „арганічнага індэтэрмінізму”. Англічанін Алфрэд Уайтхэд перанёс паняцьце „арганізму” на тое, што многія філёзафы і дагэтуль завуць матэрыяй. У 1918-м іншы англічанін -- Дж.С.Холдэйн -- увёў тэрмін „арганіцызм”. Тэрмін „грамадзтва-арганізм” паступова зьмяніўся на „грамадзтва-арганізацыю” і ў гэтым выглядзе мае шматлікіх прыхільнікаў дагэтуль.

Бальшавізм з нацыянал-сацыялізмам моцна падарвалі сусьветную папулярнасць ідэі, якую так не любілі прыхільнікі арганічнай тэорыі. Але ня зьнішчылі яе прывабнасьці. Сацыялісты кіруюць многімі, у тым ліку вельмі заможнымі дзяржавамі і ня могуць вітаць вяртаньня арганічнай тэорыі ва ўжытак, працягваючы называць яе састарэлай альбо ўвогуле абыходзячы маўчаньнем работы прадстаўнікоў арганічнай школы. Ня дзіва, што нават сур’ёзныя навукоўцы могуць гэтай тэорыі ня ведаць.

Маё ў гэтым артыкуле вызначэньне Беларусі і беларусаў заснавана ў значнай ступені менавіта на арганічнай тэорыі, дзе чалавецтва разглядаецца як адзіны арганізм, а нацыі — як мікраарганізмы і асобныя органы. Ведаю — сацыялістам гэта не спадабаецца, ня можа спадабацца, і цешу сябе надзеяй, што стварыў тэст на сацыялістычную і несацыялістычную арыентацыі.

 

* * *

Сярэдзіна агульначалавечага арганізму (а геаграфічна — зямной сушы, месца, ад якога ва ўсе бакі сьвету — зямлі аднолькава) — Эгіпэт. Якраз тут паўсталі сакральныя піраміды, уздоўж іх шыраты ўзьніклі ўсе наймагутнейшыя старажытныя цывілізацыі, а ўздоўж даўгаты — Троя, Бізантыя, Кіеў, Ноўгарад, Санкт-Пецярбург, Адэса, Ворша, Віцебск, Магілёў, Гомель, Чарнігаў — гарады з этнічна і рэлігійна стракатым насельніцтвам і сакральнай, для пэўных асяродкаў, роляй. Сярэдзінны мэрыдыян стаў таксама рысай, дзе, нягледзячы на адсутнасьць сур’ёзных рэльефных перашкодаў, паўсталі межы розных дзяржаў, культур і сьветапоглядаў, аб якія спатыкалася большасьць вайсковых хваляў.

 

* * *

На захад ад сярэдзіннага мэрыдыяну ствараліся цывілізацыі — увасабленьні мужчынскага пачатку: цывілізацыі адкрытасьці, экспансіянізму, асабістай волі ды ініцыятывы. На ўсход — цывілізацыі гіерархічнасьці, абмежаванасьці, падпарадкаванасьці, пачуцьцёвасьці, загадкавасьці і інтуітывізму: цывілізацыі-ўвасабленьні таго, што лічаць жаноцкім. Захад даў чалавецтву Бога-Абсалюта, каталіцызм, пратэстантызм, місіянэраў і канкістадораў, калёніі, парлямэнты, ідэі правоў чалавека, лібэралізму і дэмакратыі, унівэрсытэты, нацыі-грамадзтвы, Усход — „единые и неделимые” аўтарытарныя звышдзяржавы, Богачалавекаў і Вялікіх Настаўнікаў, касты, Дао, ваенны камунізм, мэдытацыю, філігранныя танцы і школы змаганьняў.

Чым далей ад сярэдзіннага мэрыдыяну, тым больш акцэнтавана праяўляюцца мужчынскасьць і жаноцкасьць. А чаго болей у беларусаў, якім, разам з карэламі, украінцамі, туркамі, эгіпцянамі, суданцамі, тутсі, хуту і насельніцтвам Паўднёвай Афрыкі выпала жыць там, дзе сярэдзіна? Сярэдзіна, якая ўжо па азначэньні ня можа рэальна належаць ні Ўсходу, ні Захаду, але якая ператварылася ў месца бясконцай і часам крывавай спрэчкі паміж імі.

Дзяржавы сярэдзіннага мэрыдыяну зазвычай намагаюцца выразна акрэсьліць сваю заходнюю ці ўсходнюю прыналежнасьць, спрабуючы, пэўна, тым самым засьцерагчы сябе хаця б ад двухбаковага ўдару (а такіх прыкладаў — ад падзелаў Рэчы Паспалітай да Суэцкага крызысу — больш чым дастаткова). І тут назіраецца пэўная кампэнсацыя — празаходняя (мужчынская) у адным, супольнасьць праяўляе рысы Ўсходу (жаночыя) у іншым. І наадварот. Турцыя ўваходзіць у НАТА і дэкляруе эўрапейскі вобраз жыцця, але адначасова тут моцныя пазыцыі ў ісламістаў і зусім не лібэральная палітыка ў адносінах да нацыянальных меншасьцяў. Эгіпэт — мяшанка парлямэнтарызму і бескантрольнай улады. Судан на сёння — тыповая аўтарытарная дзяржава Ўсходу. Бясконцыя разборкі ў Заіры і Руандзе паміж „шляхетнымі” тутсі і „дэмакратычнымі” хуту. Супрацьстаяньне ў Паўднёвай Афрыцы. А ўвогуле, на сярэдзінным мэрыдыяне — адносны балянс „празаходніх” і „праўсходніх” яго кшталтаў.

Сучасныя Карэлія і Пскоўшчына — цьвёрдыя „ўсходнікі”, Украіна — скіравана „ў Эўропу”. Беларусь паміж імі — фармальна незалежная і „шматвектарная”, але дэманструе жаданьне „быць разам з Расеяй” (як бы мяняючыся месцамі з прамаскоўскай Украінай ХVII стагодзьдзя). Але, калі сапраўды „ўвойдзе ў склад Расеі” — балянс парушыцца і, ці ўзьнікне хваля сэпаратызму на поўначы, ці сама Беларусь рэзка „памяняе арыентацыю” і стане рвацца „на Захад”, рэзанансна разварушваючы „братнія” расейскія рэгіёны.

На другім баку зямной кулі сярэдзінны мрыдыян мае дыямэтральна супрацьлеглую даўгату, праходзіць па водных прасьцягах Акіяніі і перасякае Аляску. Досыць блізка ад яго ляжаць Гаваі (адзіным прэзыдэнтам якіх быў напрыканцы мінулага стагодзьдзя былы магілевец Мікалай Судзілоўскі), архіпэлягі Туамоту, Супольнасьці (са славутым Таіці), Тубуаі ды яшчэ некалькі выспаў-атолаў. Паказальна, што і па набліжэньні да гэтай даўгаты назіраецца полаваакцэнтуацыйнае згладжваньне. Чукчы і эскімосы, жыхары каралявых архіпэлягаў не вызначаюцца ні экспансіянізмам, ні аўтарытарызмам, іначай кажучы, падобныя да беларусаў. І, відочна, не выпадкова Расейская Імпэрыя, скончыўшы крывавае стагодзьдзе „воссоединения братских народов”, вынішчыўшы больш за палову карэннага насельніцтва Беларусі, зрабіла наступнае стагодзьдзе крывавым для карэннага насельніцтва Чукоткі, зьменшыўшы яго ажно ў некалькі разоў.

 

* * *

Усьведамленьне полавай прыналежнасьці і індывіда, і супольнасьці прадугледжвае абавязковае засваеньне „правільных” полавых паводзін, іначай кажучы — „свайго” паловага міту. Міт мае за мэту пэўную „запраграмаванасьць” дзеяньняў, што значна аблягчае жыцьцё і яго носьбітам, і тым, хто зь імі сутыкаецца, а таксама дае адчуваньне ўласнага камфорту і самадастатковасьці. Міты засвоеныя павінны заставацца з носьбітамі да скону, а разбурэньне мітаў часцей за ўсё вядзе іх носьбітаў да псыхічнага краху і згубы адчуваньня сваёй вартасьці.

Індывіды і супольнасьці з рэзка акцэнтаванымі полавымі асаблівасьцямі лёгка „знаходзяць” „свой” міт і адкідаюць „чужы”. Але ў пераходных полавых тыпаў, а, праз прызму арганічнай тэорыі, у нацыяў сярэдзіннага мэрыдыяну полавай акцэнтуацыі проста ня можа быць. Мужчынскасьць і жаноцкасьць, усход і захад роўнааддаленыя ад іх і заўжды роўнапрыцягальныя. Фактычна — гэта арганізмы-гермафрадыты.

Гермафрадыты ня могуць мець дзяцей. Па азначэньні яны ня здольны таксама мець ні камфорту, ні самадастатковасьці. Адпаведны полавы міт, які будуецца на абавязковым супрацьпастаўленьні зь іншым полам, для гермафрадытаў проста ня можа быць створаны. Мужчынскі і жаноцкія міты ўспрымаюцца імі крытычна, бяз поўнага атаесамленьня з сабой. Практычнае валоданьне полавымі мітамі дэманструецца ў залежнасьці ад сытуацыі, як маскіроўка. Тут няма месца адданасьці ці фанатызму — ёсць рэалізм, прагматызм і барацьба за выжываньне. Дзякуючы гэтым якасьцям выхадцы з нацыі-гермафрадыта здольны праявіць сябе ў любых асяродках і, асабліва, ва ўсталяваньні ўзаемаадносін паміж асяродкамі. Таму, нягледзячы на бясплоднасць гермафрадытаў, іх роля ў грамадзтве неабходная. Больш таго, менавіта ідэі, сфармаваныя нацыямі-гермафрадытамі робяцца вызначальнымі — і мужчынскія, і жаноцкія нацыі знаходзяць у іх нешта прыцягальнае для сябе.

Але, пры тым, што нацыі сярэдзіннага мэрыдыяну зьяўляюцца гермафрадытамі фактычна, — фармальна, і гэта разглядалася вышэй, большасьць з іх прагне засьведчыць сваю мужчынскую ці жаноцкую сутнасьць. Замест прадуцыраваньня ўласных ідэй — падхопліваюцца чужыя — полаваакцэнтаваныя. Тым самым ствараецца пэўны камфорт, але нейкага рэальнага ўплыву ад такой фіктыўна мужчынскай ці жаноцкай нацыі быць аніяк ня можа. Прызнаць сябе нацыяй-гермафрадытам адкрыта адважыліся ў апошнія два тысячагодзьдзі хіба толькі габрэі. Вынікі? Прыняцьце сусьветным грамадзтвам менавіта традыцыйных габрэйскіх філязофскіх і сацыяльных канцэпцый, габрэйскага разуменьня гісторыі (зь лінейнасьцю часу замест кола вечнага вяртаньня), габрэйскіх імёнаў, габрэйскай культуры. Без аніякай фармальнай улады габрэі дамагліся нефармальнай магуты, увайшлі ў сусьветную фінансавую, ідэалягічную і культурную эліты.

Шукаючы прычыны ўзвышэньня габрэйства, ёсьць сэнс зазірнуць у гісторыю габрэяў і прыгледзецца да іх „нацыянальнага гермафрадытызму”. Эгіпэцкі (заходні) палон — у цэнтры, нагадаем, сушы. Вывад народу Майсеем у пустыню і саракагадовае блуканьне па ёй. „Залаты век” пры Саўле, Давідзе, Салямоне. Бабілёнскі (усходні) палон. Вяртаньне ў Палестыну і адраджэньне дзяржавы. Пэрыяд акупацый, ужо без выгнаньня народу. Мэсія і расправа над ім. Гібель Юдэі.

Далей — расьсяленьне габрэйства па сьвеце; паралельна распаўсюджваецца хрысьціянства (па сутнасьці таксама параджэньне сэміцкай культуры) і нішчацца ці адаптуюцца (маскуюцца) пад яго іншыя традыцыйныя культуры. Габрэі ў сьвеце хрысьціянства ды ісламу — доўгі час гнаныя, але гэты сьвет базуецца на падмурку юдаізму, ён знаёмы і зразуметы габрэямі, ён, па сутнасьці, працягвае іх шматтысячагодзьдзевыя традыцыі. У адрозьненьне ад народаў, што прымаюць новыя для сябе рэлігіі і адракаюцца ад продкаў, габрэі ні ад чаго не адракаюцца, і ў выніку адбываецца іх духоўная перамога ва ўсім хрысьціянскім сьвеце ды шэрагу краін ісламу. Пазбаўленае дзяржавы, габрэйства ня мае межаў і многія стагодзьдзі выконвае злучальныя функцыі ў міждзяржаўных стасунках.

Але любая функцыянальная сыстэма з часам старэе. Дваццатае стагодзьдзе запатрабавала новай нацыі-пасярэдніка. Дзьве сусьветныя вайны яскрава прадэманстравалі крызыс аб’яднанага грамадзтва, злучанага хрысьціянствам і сэміцкімі традыцыйнымі каштоўнасьцямі. Эўрапейскі фашызм стаўся спробаю вяртаньня эўрапейскай аўтэнтычнай традыцыі і выказаў рэзкае непрыяцьце габрэйскага сьветагляду аж да фізычнага зьнішчэньня яго носьбітаў. Няўдалаю, але заканамернай спробаю.

Са сконам эўрапейскага фашызму прага да вяртаньня эўрапейскай аўтэнтыкі ня зьнікла, хіба што набыла некалькі іншыя формы. Патрэба ў нацыі-пасярэдніку, сфармаванай на ўласнаэўрапейскай глебе, застаецца.

 

* * *

Пры параўнаньні гістарычных шляхоў габрэйскага і беларускага народаў няцяжка знайсьці аналёгіі. Заходні і ўсходні палоны, „Залаты век” Скарыны, Гусоўскага і Трох Статутаў, эксодус у часе першай сусьветнай, масавая эміграцыя на працягу ўсяго XX стагодзьдзя…

Факт сталеньня беларускай нацыянальнай ідэі паралельна з разьвіцьцём ідэі сыянізму заслугоўвае адмысловай увагі. Хаця б як яскравы прыклад рэчыўнага аднаўленьня ў агульначалавечым арганізьме.

Першы сыянісцкі кангрэс і новабеларускія першадрукі Багушэвіча амаль супадаюць па часе. Першая граматыка на новым іўрыце ствараецца адначасова зь беларускімі граматыкамі Абіхта, Гарэцкага, Станкевіча і Тарашкевіча. Першыя рэпатрыянты ў Палестыне, і амаль адначасова — амэрыканскія ўлады прызнаюць за сотнямі тысячаў каляністаў права на саманазву „беларусы”. Гарачы заклік лідэраў сыянізму да вяртаньня на „зямлю абетаваную” і Другая Ўстаўная Грамата, што абвяшчае Беларускую Народную Рэспубліку „паўсюль, дзе беларусы жывуць і маюць большасьць”. Некалькі мільёнаў габрэяў утвараюць пасьля другой сусьветнай вайны ўласную дзяржаву ў варожым асяродзьдзі, тады ж — мільёны выхадцаў зь Беларусі расьсейваюцца па сьвеце, шукаючы паратунку ад варожага асяродзьдзя. У сьвеце на пачатку фармаваньня беларускай нацыянальнай ідэі на мяжы XIX i XX стагодзьдзяў — 25 мільёнаў габрэяў, напрыканцы ХХ стагодзьдзя — 14 мільёнаў габрэяў і 11 мільёнаў беларусаў. У габрэяў — тэндэнцыя да сьсяленьня раскіданага па сьвеце народу ў адну дзяржаву, у беларусаў — тэндэнцыя да расьсяленьня.

Сьцягі дзяржавы Ізраіль і Беларускай Народнай Рэспублікі маюць белыя палосы ў верхняй і ніжняй сваіх частках — сымбалі дарогі, якія могуць сьведчыць пра функцыянальнае падабенства абодвух народаў. Параўнаньне сярэдніх частак гэтых сьцягоў (блакітных палос і „Моген Довіда” на габрэйскім сьцягу і чырвонай паласы на беларускім) можа засьведчыць функцыянальную пераймальнасьць беларускага народу ў адносінах да габрэйскага (згодна ўсходнім філязофскім канцэпцыям менавіта чырвоны колер (стыхія — агонь) прыходзіць на зьмену блакітнаму (стыхія — дрэва).

Відочнае таксама падабенства „сямісьвечніка” — ізраільскага герба — са старажытным беларускім гербам „калюмны” (які, з варыяцыямі, належыць роўна і ўкраінскай ды летувіскай культурным традыцыям). А вось другі старажытны беларускі герб — „Пагоня” — прынцыпова адрозьніваецца як ад сэміцкага герба, так і ад мноства іншых дзяржаўных і нацыянальных гербаў. „Пагоня” вядзе радавод ад выяваў на манетах кельтаў і македонскага цара Філіпа ІІ і зьяўляецца гербам незвычайным, бо адлюстроўвае рух (пытаньне: ці не лягічна меркаваць, што постаць, якая знаходзіцца ў працэсе руху, сымбалізуе таксама нешта рухомае, зьменнае?). Зьменлівасьць беларускіх абрысаў канстатуюць і клясык нацыянальнай літаратуры Максім Багдановіч, і клясык нацыянальнай ідэалёгіі Ігнат Канчэўскі. Панятак „шлях” разам з „доляй” і „нівай” уваходзіць у вызначальную трыяду беларускай нацыі і сьведчыць пра пераемнасьць ёю арыйскай ды старажытнаэўрапейскай традыцый. „Шлях” — як сымбаль мужчынскасьці, „ніва” — жаноцкасьці і „доля” — як непазьбежная перадвызначанасьць лёсу.

 

* * *

Роднаснае беларускаму нацыянальнаму бел-чырвона-белае колеравае спалучэньне ўтрымліваюць у сабе дзяржаўныя сьцягі Злучаных Штатаў Амэрыкі, Вялікабрытаніі, Японіі, Аўстраліі, Новай Зэляндыі, шэрагу краін Акіяніі, Лібэрыі, Ічкерыі і Абхазіі, сьцяг Міжнароднага Чырвонага Крыжа, сьцяг карабельнага сыгналу, што пазначае „Так”… Правамоцным можа быць меркаваньне пра агульнасьць паходжаньня гэтых сымбаляў, агульнасьць іх сэнсавага напаўненьня і тоеснасьць іх уздьзеяньня на чалавечую сьвядомасьць ды падсьвядомасьць, а таксама падабенства тых супольнасьцяў, якія лічаць вышэйназваную сымболіку сваёй.

Няцяжка заўважыць, што ўсе краіны з бел-чырвона-белым колеравым спалучэньнем на сьцягах (дый Чырвоны Крыж таксама) знаходзяцца ў пэўным памежным стане: на мяжы сушы і акіяну, на мяжы Эўропы і Азіі, на мяжы ісламу і хрысьціянства, на мяжы розных цывілізацыяў, таму непазьбежна набываюць рысы абодвух, а значыць, зьяўляюцца ў пэўным сэнсе двуполымі.

 

* * *

Гермафрадытызм нацыі, які мы знайшлі ў беларусаў — зусім не ўнікальная зьява для звышарганізму чалавецтва. Але пакуль ён знаходзіцца ў зганьбаваным стане як ідэя (цалкам верагодна, пры актыўным удзеле лідыруючай нацыі-гермафрадыта, якая не жадае канкурэнцыі, ды сацыялістаў, адвяргаючых арганічную тэорыю), рэальныя нацыі-гермафрадыты аддаюць перавагу хлусьлівай маскіроўцы, забясьпечваючы тым самым нейкі камфорт, але пры гэтым нішчачы свой жа патэнцыял натуральнай рэалізацыі. Гістарычныя абставіны (а можна сьцьвярджаць — і функцыянальная патрэба агульначалавечага арганізму) ужо значны час даводзяць беларускай нацыі, што яе полавая маскіроўка не забясьпечвае ёй аніякага камфорту і трэба выконваць перадвызначанае: расьсяляцца па зямным шары і пераняць ролю габрэяў, што пераходзіць у іншую фазу існаваньня. Прававая база пад такое расьсяленьне была закладзена яшчэ ў 1918 годзе Другой Устаўной Граматай БНР, і тую БНР ніхто не скасоўваў.

А на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь, зыходзячы з комплекснага аналізу, беларуская ідэя, бадай, не застанецца ні адзінай, ні галоўнай. Чакаюць часу, каб гучна абвесьціць пра сябе, старыя і адносна новыя нацыянальныя ды краёвыя ідэі: крывіцкая, ліцьвінская, радзіміцкая, віленская, постчарнобыльская, далёка ня скончана дыскусія вакол заходніх палешукоў (пінчукоў, яцьвягаў). Усе яны пакуль назапашваюць свой ужо зусім не малы патэнцыял, каб грымнуць у працэсе чарговай хвалі дэмакратычна-прававых зьменаў і прывесьці да стварэньня сваіх этнапалітычных рэгіёнаў (у пэрспэктыве — дзяржаваў). Пакуль працэсу этнаідэнтыфікацыі моцна перашкаджае звышцэнтралізаваная адміністратыўная сыстэма састарэлага кшталту, якая існуе на постбэсэсэраўскай прасторы. Пытаньне ў тым, як надоўга яе хопіць.

 

* * *

Арганічная тэорыя грамадзтва так і не была нікім аргумэнтавана абвергнута. Яе проста адсунулі ўбок, паспрабавалі замаўчаць — занадта многія папулярныя грамадзкія кірункі яна спляжвала, бессэнсоўнасьць занадта многіх рэчаў тлумачыла. Ды чалавецтву хочацца ня столькі праўды, колькі ілюзіі яе веданьня, ня столькі разуменьня рэаліяў, колькі веры ў сьветлае заўтра.

Арганічная тэорыя — яна не для ўсіх. А як для беларусаў?

 

Андрыян Меленік - ТЭКСТ ДЛЯ ТЛУМАЧАЛЬНІКАЎ

 

зьмест