
зьмест
сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь |
 |
 |
 |
Ігар Бабкоў
ГЕРОЙ
ВАЙНЫ ЗА ПРАЗРЫСТАСЬЦЬ
Адсутнасьць
што прырастае да твару
набрынялая цiшынёю
далёкай забытай
нiбы начныя прысады
дзе вецер
вядзе перамовы
зь цемрай
бясконцай
як успамiн аб дзяцiнстве
о гэтыя сны на руiнах
сьвету
ён прыйдзе:
дрымучы, цёмны
герой вайны за празрыстасьць
зь нізкі
„ХІМЭРЫ”
Сьнег за празрыстым шклом. Японскi пэйзаж.
Вечар. Зiмовы сон сярод талай вады.
Сьнег за халодным шклом. Спамiж восеньскiх
краж
Сэрца — часовы прытулак — такое бяды
Сэрца — халодны прытулак — восеньскi госьць
Прыйдзе зiмовым гасьцiнцам змарожаных вен
Прыйме ад тога, што згублена — тое, што ёсьць
Ў Вiльне — далёкай халоднай красою — югэн.
Спалатнелыя вусны пустыя карункi плялi
I ў бяздомнае неба забытаю музыкай плылi
Словы здраджвалi, пелi — сьляпыя натоўпы iшлi
I самотнае сонца згасала каля Пiкадылi
I iмя нiбы птушка, ляцела, зьлятала з рукi
Пiла неба нэктар, акуналася ў цёмныя воды
Памiрала — ўскрасала наноў, гадавала расткi
Немагчымай любовi, ды мовiў Харон,— назаўсёды
Эўрыдыка прачнецца i вернецца ў сьветлую ноч
I Арфэй, звар’яцелы i шчасны — ўпадзе на каленi
Ў доўгiм сьне, мройным садзе шалёнай пяшчоты,
— наўзбоч
Ад якога, ўсё штосьцi чакаюць памерлыя ценi.
Калi за халодным сутоньнем зiмовага сну
Зьяўляюцца хвалi i вечар хавае разрывы
Празрыстасьць паўстане, у шэптах далёкай крывi
Iмкненьне за скрай пераможа прытулак вiрлiвы
Якi так трымае. На самы апошнi рубеж
Усё адыходзiць. Да самай адчайнае меры
Туды, дзе празрыстасьць — ў прадоньне — сягае
душа
Ды ў стомленым сэрцы, як помста, прачнуцца
Хiмэры
***
Поўдзень. Сьляпучы змрок
Не працягнуць рукi
З жахам, ня ўбачыць твар
У люстэрку ракi
Там дзе аер, трысьнёг
Морак пустых вачнiц
Ды непрытомны бёг
Самазьнiшчальных сьпiц
***
Ноч, быццам кубак здрады
Плешчыцца, па-за шчасьцем
Дзе вы, старыя звады
Сьмерць, вараное масьцi
Цешыцца, прамiнае
Курчыцца, б’е ў ядвабы
Мройная, апранае
Ў сон спалатнелы, слабы
Як самота лiцьвiна
Што няма дзе прыкласьцi
Каля горкага тыну
Конь, шалёнае масьцi
***
Усё той жа сон:
нас зноўку прагне сьмерць
так матылёк iмкнецца да сьвятла
Прысутнасьцi адпрэчаны пагляд
Блукае сярод водараў тугi
Прысутнасьцi, што некалi была
Шалёнай смагай. А цяпер, здалёк
Заве ахрыплым голасам цыкад
Трызьненьнем, што шукае берагi
***
Калi восенi рудыя косы
Разьвiнаюць i музыка грае
Уначы абуджаецца сэрца
Сьмерць-катрынка тужлiва сьпявае
Варажбiтка, сьляпая марока
Пакiдае нязводныя плямы
Вецер лiсьце апалае гонiць
Да зiмовай, далёкае брамы
Й незагойна, у восеньскiм шале
Усё кранае нацятыя струны:
Цi то ластавак стромкiя вежы
Цi халодныя, цёмныя руны
Ды душа, быццам вольныя чоўны, адна
Плыве ў акіяне. Весткі, лісты адсюль
Да яе не даходзяць. Адно хвалі і сьпеў
Шалёнага ветру; наперадзе бачнасьць — нуль
Беспрасьвецьце. І толькі слабы павеў
Сутоньня, дорыць нарэшце нам
Што недзе, за цёмнымі водамі, спакваля
Высьпявае надзея, й магчыма, там
Даўна забытая, нас чакае зямля...
Яўніцай, прадчуваючы, — сэрца тоне ў імгле
У замсьце, ў ядлоўцавых стогнах, і ўсё ж, апроч
Незаўважныя, згубленыя на шарым тле
Белыя чоўны плывуць праз ноч
Сэрца, цішэй, зорка ўзыходзіць у начы
Гіне гнятлівы агонь, гносыс запальвае твары
Прэч, ашалелыя словы, сэрца ўтойся, маўчы
У месяца срэбным сьвятле тонуць сьляпыя
абшары
Сэрца, цішэй, вечнасьці зорнай крыло
Ветла агорне адтуліны, зломы, пустэчы
У галерах часу застогне смаліста вясло
Узыйдзе душа і атуляцца блізкія рэчы
***
Вера паэтаў, птушкай сьляпою сядае на рукi
Ведае, вочы заплюшчу й буду
мроiць аб дрэве самотным, маўклiвым
Ведае, буду сыходзiць пакутна
ў пекла, дзе гукі жалейкі сэрца ўначы разьдзiраюць
Ведае, словы складуцца й поўня
залямантуе, заплача: ўспамiны пра неба
Вучыць, самотныя зоркi мусяць гарэць безразважна
й падаць бясконца
Вера паэтаў, каханьне
зь нізкі
„ГЭТЫЯ РУІНЫ”
***
падаючы ўглыб: гэтыя руіны
праплываюць праз нас, як празь веі сон
рэчы, жужалкі, палімпсэсты —
кветкі, увязьненыя ў мінулым —
квітнеюць, зачароўваюць, спавіваюць
гэтыя зажохлыя датыкненьні,
шурпатыя эпіфаніі,
цёмнае шчасьце
скамянелае сьвятло
безнадзейнае трываньне
самотная вера
Рэзкія, ясныя гукі: падае сьнег
Нібы сьвінцовыя кулі, на самы скрай
Халоднай пустэчы памяці. У блізкі сьвет
Вільготнае вечнасьці, пасярод якой
Мы думаем, што нам здараецца жыць
І нават пакінуць сьлед…
Ня зблытаны, ацалелы сярод іншых сноў
Замкнёны й дасканалы, мінулы год
Застаўся, як старадаўні самурайскі меч,
У музэі часу, за шэра-матавым шклом.
***
Сьвет, раптам асірацелы
Доўжыцца пераходзіць
У гэта боль невыносны
У гэты пякучы слодыч
Працінае навылет
Працінае дарэшты
Празрынае, вярэдзіць
Недзе там, незваротна
Абуджаецца слова
Адзін у халодным пакоі, я гляджу на партрэт
Намаляваны у іншым часе, з чужога сну
Распазнаецца толькі
пах благіх цыгарэт
Ды забытая песьня. Яе адну
Кружэлка, 33 абароты, грае Уліс
Так далёка-далёка, нібы над зямлёй
Я ня ведаю словаў, напэўна блюз
У халодным пакоі, гэтай парой
Нешта пра чужаніцу сьпявае Уліс
Пра тое, што Імпэрыя мінае як дым
У халодным пакоі пах цыгарэт
Вось мы і дома, каханая, па-над зямлёй
Я ня ведаю словаў, кроплі дажджу
Падаюць на падлогу, у цішыні
Перадапошні тралейбус, за вакном
Праплывае павольна, у вышыні
Па-над зямлёю, каханая, па-над зямлёй
***
Т.С.
Восень, сястра, сярод твараў, што бачу наўкола
Мне не хапае чагосьці, магчыма таго
Што ў лістападавым шале ты тайна хаваеш
Сярод бясконцых дажджоў і пажухлай лістоты
Сярод самотных шпацыраў у прыціхлых завулках
Сярод нязьменных прытулкаў і палкіх жаданьняў
***
Датыкненьні тонкіх губ
Сьлед крыху прыпухлых вуснаў
Ад начнога недасыпу
Ці банальнае самоты
Ад нерасказанай казкі
У прыцішаным паўзмроку
Вылучэньне доўгіх веяў
Для асобнай партытуры
Дотык дрыгаткіх далоняў
Высьпяваньне мяккіх рухаў
Ў некантраляваным шале
Крыху звар'яцелых нотаў...
Наш маленечкі аркестрык
Граў для нас начное скерца
Мы ў ім былі слухачамі
Нотамі і скрыпачамі
***
Па-за вокнамі дождж пляце павуціньне сну
Ў маім сэрцы дажджы як у гэты бясконцы дзень
І холад тваіх рук, і морак тваіх губ
У паўзмроку тваіх вачэй блукае мой цень
Надзейны прытулак
далёкай i зрэбнай начы
(а можа жыцьцё, што так прамiнае
праходзiць
шукае напраўдзе
а гэтай гадзiне)
Адбiтак празрысты
асьветлены
даўна памерлы
***
халоднае лямпы сьвятло
і словы кладуцца незваротным узорам
дзе дом твой, мудрасьць? Адкуль
дарогі твае і куды?
зь нізкі
„ДАЛЁКАЕ СЬВЯТЛО З УСХОДУ”
***
Нерасчытаная сутра
Аднаго з патрыярхаў
Забытага веравызнаньня
Невядомае веры
Там усё запiсана:
Пра пераходы
Ветру i цiшы
Жыцьця i руiнаў
Сну й чуйнаваньня
Пра вайну зь лiхтарамi
Пра чырвонае сонца
Пра ноч i дарогу
Пра сутарэньнi
Затрыманага часу
На маршруце жаданьняў
У лябiрынце пяшчоты
Дзе замест Мiнатаўра
Кроплi марцiнi
Сутра
Незьлiчоных квiткоў
З адмененых падарожжаў
У кiшэнях
Начнога ветру
Тэлефонаў
Па якiх не шукаеш нiкога
Запiсаных забытых
На рахунку кавярні
Сутра
Адкладзенага спадзеву
На пераўвасабленьне
У мёртвую котку
Што ляжыць пры дарозе
Сутра блуканьня...
Для аднаго з патрыярхаў
Даўгачаканай самоты
У гатэльным пакоi
Дзе толькi сьцены i неба
ЧАТЫРЫ
ВЕРШЫ ВАН ВЭЮ
I
Дзікія гусі
Зьніклі за даляглядам
На халодным сьвітанку
Шэрань
Кранае золкімі пальцамі абляцелае лісьце
Вандроўнік
Дайшоў да самага скраю
Лета жаданьняў...
II
Калі восень
Нечакана прыходзіць у халодным сутоньні
Ахінае крыламі астужае раскошай
У прысадах вецер
Гуляецца з мокрым лісьцем
І кроплі дажджу цалуюць выпадковыя твары
Тады ўсюды
Як подых, як прадчуваньне
Нябачна, невідочна, уяўна
Сыйшоўшыя з далёкіх вышыняў
Красуюць белыя кветкі
Лотаці эдэльвэйсы хіба словы нешта значаць
Калі жыцьцё толькі сон і варта нарэшце прачнуцца
Разам зь імі
У краіне Чыстай Зямлі
Дзе душы, вольныя ад пераўвасабленьняў
Ад падарожжаў, ад прывязанасьцяў, ад пакутаў
Ад сьмерці
Уступаюць у чыстую дасканаласьць
Ах, прачнуцца бы там, ды толькі восень
Занадта пяшчотна абсыпае лістотай
Замсьціць вочы
Шапоча пра вусьцішную радасьць каштанаў
Пра тое, што сьмерць — гэта сьвята
Восень...
Шапоча простыя зьнікомыя словы
Аблокі плывуць, зьнікаюць у цішы неба
Як вечныя, празрыстыя, дасканалыя тайны
Каля якіх так імкнесься
Яшчэ крыху пабыць
Затрымацца
III
Раптоўныя хваляваньні неба перуны грымоты
Дождж змывае жаданьні пакідае пустэчу
У якой адзінокі човен плыве супроць плыні
Гэта Шосты патрыярх разьбівае кайданы
Заблытанай кармы
Ягоны вялікі гнеў вялікая міласьць
Палае ў сусьветнай начы аж да золку
раптоўныя сполахі, вогнішчы, зараніцы
далёкае, халоднае сьвятло з Усходу
IV
За вокнамі вечар і слота
Дождж змагаецца зь ветрам
Я адзін у пакоі
І на маім стале
Парцалянавы кубак
З-пад выпітае гарбаты
Безнадзейна забыты
Дарэшты пусты й цудоўны
***
Чаму старадаўнія паэты
Не клапаціліся
Пра выратаваньне душаў?
Крыху віна, поўня, подых восені
І яны плачуць, як дзеці
Сузіраюць ружы ці хрызантэмы
Альбо глядзяць на мёртвыя целы
Што плывуць па Янцзы ў часы бескаралеўя
Чэрпаюць месяцовы адбітак
Не зважаюць на багоў і герояў
Бог, Імпэратар — аднолькава ў вышынях
І толькі іхныя душы
Як кірлі на пясчаных плёсах
Імклівыя, незваротныя
Альбо як высокія сосны
Раскінутыя на паўсьвета
Альбо як клёны
Што скідаюць лістоту
Са шкадаваньнем
Ідучы гасьцінцамі, сьцежкамі
Самотныя, разам з усімі
Лёгкія, невыносныя
Заўсёды ў небясьпецы
Яны не шукаюць ключы
Ад незамкнутае брамы
Якой няма і ня будзе
У восеньскім парку
да
наступнай
зьмест
|