ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

тэкст/топас


ФРАГМЭНТЫ №6
№6
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


Валянцін Акудовіч

НІДЗЕ І НІХТО

 

Кожны з нас належыць да грамадзянаў нейкай краiны, мае ў гэтай краiне ўласны падворак з домам або кватэру ў гарадзкiм гмаху, але насамрэч чалавек камунiкатыўна адкрытай цывiлiзацыi жыве Нiдзе. Блытанiна ў арыентацыi паходзiць з таго, што мы ўсё яшчэ карыстаемся моўнымi фiгурамi, якiя склалiся ў клясычныя эпохi, калi быцьцё чалавека пераважна фармавалася мейсцам ягонага iснаваньня i таму ў значнай меры было тоесным пэўнаму ляндшафту, адпаведным формам працы, апрычоным культурным i культавым рытуалам. I нават кнiжная (i шырэй — мэтафiзычная) культура, якая ў асноўным сваiм масiве складвалася з iнтэлектуальных iнiцыятываў, што паходзiлi з розных прастораў i эпохаў, не вымыкала тады чалавека зь ягонага „тут” у нейкае „нiкуды”, а толькi ўдакладняла каардынаты быцьця як унiвэрсальнага цэлага i ў дадатак маркiравала трансцэндэтную пэрспэктыву.

Але так было раней, у клясычныя эпохi. Цяпер ужо быцiйна нiхто не жыве на роднай зямлi, у роднай краiне. Што сёньня азначаюць словы „роднае”, „чужое”, „далёкае”, „блiзкае”, калi ангельскую прынцэсу Дыяну (пакуль яна была жывая), я бачыў часьцей, чым сваю адзiнакроўную сястру, калi пра iнтымныя стасункi Клiнтана зь Левiнскi я ведаю куды болей, чым пра гэткiя ж стасункi свайго лепшага сябра, калi Джордж Сорас, якi пра мяне нават нiколi ня чуў, за апошнiя гады ўклаў у мяне грошай болей, чым мой нiшчымны бацька. Зрэшты, рэч не ў асобных правакацыйных прыкладах, якiя можна доўжыць бясконца. Рэч у тым, што, не пакiдаючы родных сялiбаў, кожны з нас незаўважна апынуўся раскiданым па ўсяму свету.

У бязгучнага выбуху, якi гэтак далёка параскiдаў чалавека па розных прасторах зямной кулi, што яму бадай нiколi не сабрацца ў адно цэлае дома, дзе ён толькi працуе i начуе, — шмат назоваў. Мы скарыстаемся толькi адным зь iх, вынесеным на вокладку кнiгi францускiх дасьледнiкаў Фiлiпа Брэтона i Сэржа Пру, а менавiта — „Выбух камунiкацыяў”...

Прастора — гэта адлегласьць, якая аддзяляе чалавека ад чалавека, народ ад народу. У першую чаргу дзякуючы гэтай прасторавай адлегласьцi i магчымыя былi розныя тыпы культураў як апрычоныя формы засваеньня таго цi iншага фрагмэнту прасторы.

Але прастора — гэта ня толькi тое, што адсланяе чалавека ад чалавека, народ ад народу, але i тое, што праз сродкi камунiкацыi лучыць iх мiж сабой, наблiжае адно да аднаго. Чым больш разьвiтыя сродкi камунiкацыi, тым менш становiцца прасторы — i тады чалавек пачынае насоўвацца на чалавека, народ на народ, культура на культуру... Усё гэтае вялiкае мноства грувасьцiцца адно на адно, шчымiцца, сьцiскаецца...

У другой палове ХХ стагодзьдзя сродкаў камунiкацыi назапасiлася ў такой колькасьцi, што яны стварылi крытычную масу, якая спарадзiла неверагоднай магутнасьцi выбух. Гэтым выбухам камунiкацый прастора як падставовы фэномэн быцьця была амаль цалкам зьнiштожаная, з чаго адразу згубiлi сэнс такiя паняткi, як „цэнтар”, „пэрыфэрыя”, „адлегласьць” i да iх падобныя. Цэнтар сьвету сёньня ўсюды, дзе стаiць тэлевiзар са спадарожнікавай антэнай i кампутар, падключаны да Iнтэрнэту. У невялiкiм польскiм мястэчку Сэйны Кшыштаф Чыжэўскi выдае часопiс „Краснагруда”, побач зь якiм польскi часопiс „Культура”, што выдаецца ў Парыжы, выглядае глыбока пэрыфэрыйным выданьнем (тут, натуральна, не параўноўваецца роля i значэньне гэтых выданьняў).

Зьнiкненьне прасторы (яе згортваньне яшчэ ў ХIХ стагодзьдзi распачалi чыгунка i тэлеграф) уласна i спарадзiла праблему, якая атрымала назву татальны крызыс культуры.

Культура — гэта падзеi часу, трывала зафiксаваныя ў прасторы. Калi прастора адсутнiчае, то знакам i падзеям культуры няма дзе статычна зафiксавацца, ўсялякая праява культуры жыцьцядайна выяўляецца толькi ў значэньнi пэўнай сумы статыкi, пазасталай ад дынамiчных перарухаў часу. З чаго вынiкае, што жыцьцядайнасьць культурнага знаку палягае найперш на яго трывалай зафiксаванасьцi ў прасторы нацыянальнай цi сусьветнай культуры. А ў сытуацыi адсутнасьцi прасторы знакi i атрыбуты ўсiх культураў страчваюць ўкарэненую прыналежнасьць да пэўнага мейсца i скочваюцца ў ямiну аднаго кантынууму, дзе ў калейдаскапiчным рушэньнi няспынна засланяюць сябе iншымi. Да таго ж (i гэта, бадай, галоўнае), у сытуацыi адсутнасьцi прасторы знакi i атрыбуты ўсiх iншых культураў апынаюцца ля чалавека гэтаксама блiзка, як знакi i атрыбуты культуры уласнай. На экране тэлевiзара Вавэльскi замак, Кiтайская сьцяна i праспэкт Францiшка Скарыны ў Менску знаходзяцца на адной дыстанцыi ад гледача, нават калi ён глядзiць тэлевiзар у доме, якi стаiць на праспэкце Францiшка Скарыны. З чаго атрымлiваецца, што зьнiкае цi становiцца амаль незаўважнай розьнiца памiж роднай i iншымi культурамi. А што яшчэ, як не адлегласьць, рабiла блiзкую культуру роднай, а далёкую — чужой? I калi на працягу ўсяго жыцьця на адной далечынi ад чалавека будуць прысутнiчаць знакi i атрыбуты розных культураў, да таго ж яшчэ ў няспынным калейдаскапiчным рушэньнi, дзе знакi роднай культуры будуць толькi асобнымi фрагмэнтамi стракатага мноства, то зь якой культурай зможа тады з’iдэнтыфiкаваць сябе чалавек? Натуральна — нi зь якой. Зрэшты, у адсутнасьцi прасторы ўсе размовы пра культурную iдэнтыфiкацыю становяцца ўвогуле гранiчна праблематычнымi.

Марцiн Гайдэґер, вялiкi знаўца праблемаў быцьця, прасторы i часу, некалi пiсаў: „Цяпер пад пагрозай знаходзiцца самаўкарэненасьць (у глебу. — В. А.) сучаснага чалавека”. Але бяда прыйшла не адтуль, скуль яе чакаў Гайдэгер, i была яна больш татальнай, чым прагноз. Не ўкарэненасьць аслабла — аслабла i неўпрыкмет зьнiкла тое, ува што можна ўкарэньвацца — раптам невядома куды падзелася сама прастора...

I што мы з гэтага маем? Як з майго гледзiшча, то ў сытуацыi адсутнасьцi прасторы мейсца знакам i падзеям культуры засталося адно ў часе. Але культура, якая iснуе адно ў часе, ёсьць ужо ня што iншае, як спрэс iнфармацыi, бо толькi iнфармацыя не патрабуе трывалай фiксацыi i нечым апрычонага кантэксту. Усё, што iснуе выключна ў часе, можа iснаваць адно ў форме iнфармацыйнага паведамленьня, нават калi гэтае паведамленьне разгорнутае да памераў фiлязофскай сыстэмы. З чаго вынiкае, што цяпер, у пару татальнага згортваньня прасторы, iнфармацыя заняла тое мейсца, якое раней займала культура. Хаця тут неабходна адразу заўважыць, што знакi i падзеi культуры ня зьнiклi разам са зьнiкненьнем прасторы — яны засталiся, але засталiся ў якасьцi сыравiны, падручнага матэрыялу, зь якога мас-мэдыя бясконца прадукуюць iнфармацыйныя паведамленьнi. Таму ўжо не зусiм зразумела: раман, музычны твор, карцiна цяпер ствараюцца дзеля канкрэтнага чытача, слухача, гледача цi дзеля таго, каб запаўняць iнфармацыйны дыскурс. I цi ня ёсьць нешматлiкi рэальны чытач, глядач, слухач, што бярэ ў рукi раман, прыходзiць на канцэрт альбо мастацкую выставу, па сутнасьцi той самай „масоўкай”, якую зьбiраюць на сваю перадачу вядучыя папулярных тэлешоў, каб было каму задаваць пытаньнi, пляскаць у ладкi i тым ствараць значнасьць iнфармацыйнай падзеi?

Наўрад цi я моцна памылюся, калi скажу, што пераважная большасьць з таго, што цяпер робiцца ў лiтаратуры i мастацтве, ня проста становiцца вядомым толькi праз журналiсцкiя паведамленьнi, рэцэнзii, агляды ды iнтэрвiю, але i iснуе для шырокай публiкi адно ў тым аб’ёме i ў тых формах, якiя гэтаму творчаму наробку прадстаўляюць сродкi масавай iнфармацыi.

Пэўна, самы вядомы ў сьвеце пiсьменьнiк — гэта Салман Рушдзi, а яго „Сатанiнскiя вершы” — цi не найбольш вядомая кнiга, хаця нiкому нават да галавы ня прыйдзе лiчыць Салмана Рушдзi найвыбiтным пiсьменьнiкам сучаснасьцi, а ягоную кнiгу — вялiкiм лiтаратурным творам. Рэч, зразумела, зусiм у iншым: лёс „Сатанiнскiх вершаў” i iхнага аўтара адпавядае крытэрыям вялiкай iнфармацыйнай падзеi. А для iнфармацыйнай падзеi зусiм не iстотна, што наўрад цi хаця б адзiн з кожных ста чалавек, добра абазнаных у „праблеме Рушдзi”, прачытаў цi хацеў бы прачытаць яго „Сатанiнскiя вершы”.

У нас, у Беларусi, цяпер, бадай, самы знаны паэт — Славамiр Адамовiч, якi быў пакараны ўладамi за верш „Убей президента” i адсядзеў за яго дзевяць месяцаў у турме. За тэрмiн зняволеньня Славамiр Адамовiч улучна зь вершам стаўся значнай iнфармацыйнай падзеяй, што, аднак, не адбiлася на рэальнай цiкавасьцi да ягонай паэзii. Зрэшты, як i да самога верша — уласна, для беларускай публiкi было дастаткова адно назвы верша i крымiнальнай адказнасьцi за яго, каб „ацанiць” i твор, i паэта.

Але было б памылкай лiчыць, што мастацкi твор можа стацца заўважнай iнфармацыйнай падзеяй адно праз сваю ўблытанасьць у палiтыку, iдэалёгiю цi этыку. Адносна нядаўна ў нас узьнiк лiтаратурны рух „Бум-Бам-Лiт”, але ўжо сёньня гэта адзiная лiтаратурная суполка, хоць трохi вядомая за межамi лiтарацкага асяродку, хаця, як i ўсе постмадэрнiсты, бумбамлiтаўцы прынцыпова апалiтычныя ў сваёй творчасьцi. Прычына досыць шырокай вядомасьцi „Бум-Бам-Лiта” ў тым, што тэатралiзаваныя выступы, пэрформансы i iншыя лiтаратурныя акцыi сяброў гэтага руху аказалiся зручнымi для iнфармацыйнай iнтэрпрэтацыi, вабнымi ў сваёй кiдкасьцi тэлежурналiстам, прыцягальнымi ў сваёй скандальнасьцi для рэцэнзараў i крытыкаў.

Напiсаць раман у тысячу старонак адно дзеля таго, каб аб iм у некалькi радкоў распавялi праз газэту — вось ён, лёс лiтаратуры ў грамадзтве татальнай iнфармацыi. I гэта рэальнасьць.

Але з гэтай рэальнасьцю нiяк не жадае пагадзiцца той, хто выхаваны ў досьведзе, што культура — пасьля жыцьця — ёсьць найвялiкшай каштоўнасьцю. Наша нязгода з рэальным станам рэчаў цалкам зразумелая. У грамадзтве татальнай iнфармацыi суб’ект перастае iдэнтыфiкаваць сябе хоць зь якiм культурным кодам i з гэтага быцiйна апынаецца ня толькi ў сытуацыi Нiдзе, але i ў сытуацыi Нiхто, гэта значыць у сытуацыi аналягiчнага вакууму, якi наўрад цi можна кампэнсаваць адным фактам экзыстэнцыйнай прысутнасьцi.

Зрэшты, зусiм верагодна, што мы адно з апошнiх пакаленьняў, якому яшчэ патрэбна нагружаць сваё экзыстэнцыйнае „Я” аналягiчнай сэмантыкай, што толькi i магчыма праз iмпэратыў культуры. I хаця большасьць з нас калi не разумее, то ўжо прадчувае, што культура як падставовае цэлае ўсiх ранейшых цывiлiзацыяў на вачах маргiналiзуецца, распадаецца на фрагмэнты, лякальныя падзеi, прыватныя iнiцыятывы, але нават усьведамляючы ўсё гэта, мы не жадаем i ня можам адбываць быцьцё iнакш, чым адбывалi да гэтага ўсьведамленьня. Што i натуральна. Чалавеку толькi здаецца, што ён шукае iсьцiну, насамрэч ён прагне адно ўтульнасьцi. А якая там утульнасьць у голай экзыстэнцыi, высунутай на скразьнякi часу?

Бадай вось гэтай прагай утульнасьцi найперш i абумоўлены наш супрацiў сытуацыi татальнага Нiдзе i Нiхто, якую стварыў выбух камунiкацый. Прадчуваючы, што культура як цэлае ўжо ня можа быць нашым гарантам у захаваньнi за намi мейсца ў прасторы быцьця, мы, кожны на свой капыл, спрабуем уладкавацца на яе ацалелых фрагмэнтах. Адну са спробаў такога ўладкаваньня яшчэ напярэдаднi iнфармацыйнага шэсьця сфармуляваў Герман Гесэ, калi ў рамане „Гульня шкляных пэрляў” высунуў iдэю Касталii, замкнутай на самой сабе Правiнцыi, дзе духоўныя элiты хаваюцца ад „эпохi фельетонаў”.

Гады два таму ўжо згаданы вышэй польскi культуроляг Кшыштаф Чыжэўскi на канфэрэнцыi ў Менску перафармуляваў iдэю Гесэ, прапанаваўшы замест утапiчнай Правiнцыi ствараць у кожнай краiне скiты для духоўных элiтаў, а пасьля злучыць iх мiж сабой у нейкую iнтэлектуальную гiпэрсыстэму. Магчыма, гэта i слушная думка, хаця цi не зьяўляюцца ўжо сёньня такiмi скiтамi ўнiвэрсытэцкiя асяродкi, лiтаратурна/культуралягiчныя выданьнi i суполкi, мiстычныя сэкты, як i безьлiч iншых аб’яднаньняў на грунце традыцыйных культурных каштоўнасьцяў.

Ня цяжка зразумець, што ў адсутнасьцi культуры як цэлага ўсе нашыя спробы выгарадзiць сабе ў iнфарматыўным дыскурсе лапiк аўтэнтыкi, традыцыi, клясыкi становяцца эфэктыўнымi адно праз звышнацыянальныя высiлкi. Гэта значыць, што кожная наша лучнасьць з традыцыйнымi культурнымi каштоўнасьцямi ёсьць штучнай у тым сэнсе, што яна арганiзаваная праз супрацiў пануючай, спрэс iнфармацыйнай рэальнасьцi.

Адным з найбольш цiкавых выпадкаў штучнага (зноў жа ў сэнсе не-натуральнага ходу цывiлiзаваных падзеяў) супрацiву мне падаецца тое, што раней мы называлi нацыянальным Адраджэньнем.

Згодна з традыцыйнай схемай разьвiцьця гiстарычных падзеяў, нашае жаданьне адрадзiць нацыянальную культуру ва ўсiх яе значэньнях, каб на гэтым подзе стварыць нацыянальную дзяржаву, было i лягiчным, i натуральным, i ясным у стратэгii рэалiзацыi... Вызвалiўшыся ад расейскага калянiяльнага прыгнёту, трэба ачысьцiць сьвядомасьць паспалiтых ад рэшткаў калянiяльнай спадчыны i на калектыўным „табуля раса” вытлумачыць беларускiмi словамi сэнс беларускай iдэi. Якiм жа было нашае зьдзiўленьне, калi амаль нiчога з пазначанага ў мэтах не атрымалася зьдзейсьнiць. Цяпер беларускiя палiтолягi, аналiтыкi, культуролягi шукаюць прычыны паразы беларускай iдэi ў кволай нацыянальнай сьвядомасьцi народу, у скрытай iнтэрвэнцыйнай палiтыцы Расеi, у стратэгiчных пралiках палiтыкаў i да таго падобным...

Усё гэта так, i ўсе нашыя тэарэтыкi сапраўды маюць рацыю, але, як мне здаецца, сутнасная прычына паразы нацыянальнага руху палягае ў iншым, а менавiта — у тым, аб чым тут казалася вышэй.

Момант рэалiзацыi праекту нацыянальнага адраджэньня прыпаў на пару выбуху камунiкацый, пасьля якога вядзе рэй ужо не падзея культуры, а iнфармацыйная падзея. Пераканаць сёньня беларускае грамадзтва — якое ўжо амаль цалкам знаходзiць сябе ў iнфармацыйным дыскурсе — забыцца на рэальную пару iснаваньня i ўлегчыся ў адбудову бастыёнаў нацыянальнай культуры — гэта тое самае, што пераканаць грамадзтва ў неабходнасьцi будаўнiцтва старажытных замкаў дзеля пасьпяховай абароны ад нашэсьця чужынцаў.

Менавiта з таго, што нацыянальную культуру сёньня трэба адваёўваць не ў расейскiх цi якiх там iншых заваёўнiкаў, а яе трэба адваёўваць у самога часу, якi ўжо не прадугледжвае iснаваньня культуры ўвогуле, iдэя нацыянальнага адраджэньня не спарадзiла шырокага народнага руху i, пасьля кароткага пэрыяду адноснай актыўнасьцi, згарнулася да памераў таго, што можна назваць беларускай вэрсiяй Гесэўскай Правiнцыi Касталiя.

Сёньня беларускасьць, беларуская мова, гiсторыя, культура ў цэлым — гэта не прастора жыцьцядзейнасьцi грамадзтва, а прытулак для iнтэлектуалаў, духоўнай элiты, для ўсiх тых, каму няўтульна без апранахi культуры. У зьвязку з апошнiм цiкава адзначыць, што сярод тых, хто сёньня актыўна i апантана працуе ў нацыянальнай культуры на карысьць беларушчыны, зусiм ня шмат этнiчна чыстых беларусаў. Гэты факт можна трактаваць па-рознаму, але, як з майго меркаваньня, то ён найперш сьведчыць аб тым, што да беларускай iдэi далучаюцца ня столькi з-за этнiчнай iдэнтычнасьцi, колькi дзеля таго, каб быць улучаным у рэальныя справы рэальнай культуры. А калi выславiцца менш далiкатна, то трэба проста сказаць, што ў беларускую культурную Правiнцыю сёньня ўцякаюць адсюль ня столькi дзеля яе самой, колькi дзеля таго, каб тут схавацца ад сытуацыi татальнага Нiдзе i Нiхто, бо раскiданы выбухам камунiкацый па ўсяму сьвету чалавек сёньня анталягiчна можа сабрацца ў адно цэлае толькi ў дыскурсе iдэнтыфiкацыi сябе з тым цi iншым культурным кодам... I нiкога з гэтых уцекачоў асаблiва не турбуе, што як да эпохi камунiкатыўна адкрытай прасторы, замкнутая сама ў сабе Беларуская Касталiя ёсьць утварэньнем штучным, iснуючым насуперак рэальнаму часу i таму зь нябачнай, прынамсi пакуль, уцямнай пэрспэктывай...

Зрэшты, у сэнсе пэрспэктывы мы мала чым адрозьнiваемся ад iншых. Беларусь сёньня — гэта Францыя заўтра. Калi культура як цэлае перастае быць падставовым апiрышчам быцьця, то ўсiх нас чакае аднолькавы лёс. I магчыма адзiнае, што нас неўзабаве будзе адрозьнiваць адзiн ад аднаго, — гэта колькасьць волi да супрацiву сытуацыi Нiдзе i Нiхто.

 

Валянцін Акудовіч - АХІЛ І ЧАРАПАХА

Валянцін Акудовіч - МЕТАФІЗІКА. CІТУАЦЫЯ РОСКВІТУ І СІТУАЦЫЯ ЗАНЯПАДУ

Валянцін Акудовiч - УВОДЗIНЫ Ў НОВУЮ ЛIТАРАТУРНУЮ СIТУАЦЫЮ (частка 1)

Валянцін Акудовіч - УВОДЗІНЫ Ў НОВУЮ ЛІТАРАТУРНУЮ СІТУАЦЫЮ (частка 2)

Валянцiн Акудовiч - РАЗБУРЫЦЬ ПАРЫЖ

Валянцін Акудовіч - УВОДЗIНЫ Ў НОВУЮ ЛIТАРАТУРНУЮ СIТУАЦЫЮ (частка 3) 

Валянцін Акудовіч - МЯНЕ НЯМА. РОЗДУМЫ НА РУІНАХ ЧАЛАВЕКА - бібліятэка "ФРАГМЭНТЫ"

 

зьмест