ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

мысьленьне/літаратура


ФРАГМЭНТЫ №8
№8
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


Валянцін Акудовіч

УВОДЗІНЫ Ў НОВУЮ ЛІТАРАТУРНУЮ СІТУАЦЫЮ

лекцыі для Беларускага Калегіюма

 

3. Мастацкая лiтаратура

Гэтым разам я зноў мушу вярнуцца да праблемы, якой распачыналася папярэдняя лекцыя. А менавiта — да праблемы вылучэння дыскурса Новай лiтаратурнай сiтуацыi з беларускай лiтаратуры гэтага перыяду як цэлага.

Калi на ўзроўнi груповак, выданняў i нават персаналiяў мы хай сабе i з велiзарнай доляй умоўнасцi, але маем нейкiя падставы выдзелiць пэўны корпус суб’ектаў Новай лiтаратурнай сiтуацыi (хаця i праз iхнiя дэкларацыi), то на эстэтычным узроўнi, у дыскурсе творчых практыкаў нават тэарэтычна нейкая аб’ектыўная i ясная метадалогiя размежавання наўрад цi магчымая. Скажам, калi “Дамавiкамэрон” цi “Толькi не гаварыце маёй маме” Адама Глобуса, безумоўна, ужо належыць выключна да Новай лiтаратурнай сiтуацыi, бо нiколi раней у нашым пiсьменстве падобнае было б немажлiвым, то зборнiк “Койданава” без асаблiвых складанасцяў мог знайсцi сабе месца ў рэчышчы традыцыйнай беларускай прозы.

Вось чаму ў гэтай нашай гаворцы, хаця яна i будзе абапiрацца на канкрэтныя тэксты i персаналii, мы звернем увагу пераважна на эстэтычныя тэндэнцыi, што прэзентуюць Новую лiтаратурную сiтуацыю, а не на лакальныя творчыя фiгуры, у межах якiх гэтыя эстэтычныя тэндэнцыi сябе выяўлялi.

I ўсё ж такi напачатку трохi пра персаналii, эстэтычныя пошукi якiх у нейкай меры (зрэшты не трэба тут i перабольшваць) леглi ў падмурак новай лiтаратуры. Больш за тое, творчасць Уладзiмiра Караткевiча, Васiля Быкава, Мiхася Стральцова, Алеся Разанава сталася як бы знакавай для постсавецкiх лiтаратараў, яна як бы маркiравала вектары ўласных шляхоў новай лiтаратуры i не толькi была звяном, якое лучыла яе з беларускай лiтаратурай папярэдняга перыяду, але, у нейкiм сэнсе, i фармавала сучасны эстэтычны кантэкст.

Найбольш праблематычнымi, у ракурсе вызначанага пытання, бачыцца “персанальная каталагiзацыя” такiх лiтаратараў, як Леанiд Дранько-Майсюк, Леанiд Галубовiч, Андрэй Федарэнка, Галiна Булыка, Алесь Наварыч, Барыс Пятровiч, Вiктар Шнiп...

З аднаго боку, яны сфармавалiся i сталi заўважнымi яшчэ да таго, як пачала выяўляцца iншая ад папярэдняй лiтаратурная прастора i таму як бы належаць да перыяду беларускай савецкай лiтаратуры, што падкрэслiваецца i iхняй адслоненасцю ад трохi пазней узнiклых незалежных суполак i выданняў, i нават iх пэўнай палiтыка-iдэалагiчнай амбiвалентнасцю... З другога боку, узростава (“генерацыйна”) i, што больш iстотна, эстэтычна яны нiчым не адрознiваюцца ад тых, хто ўжо бясспрэчна належыць да Новай лiтаратурнай сiтуацыi, а гэта азначае, што калi звяртаць увагу не на фармальна-ўлiковыя, а на эстэтычныя характарыстыкi творчых iнiцыятываў, то гэтую, нiчым вонкава не задзiночаную групоўку лiтаратараў мы мусiм аднесцi да тых, хто разгортваў новыя лiтаратурныя абсягi.

У персанальным вымярэннi “межавымi слупамi”, якiя ў агульнай прасторы беларускай лiтаратуры “выгарадзiлi” поле Новай лiтаратурнай сiтуацыi, мы можам без усялякiх ваганняў назваць прозвiшчы Алега Мiнкiна, Адама Глобуса, Анатоля Сыса, Сяргея Дубаўца, Алега Бембеля, Алеся Астошонка, Уладзiмiра Арлова (хаця У.Арлоў мог быць згаданы i ў папярэднiм пералiку), Iгара Бабкова, Юрася Пацюпу, Юры Гуменюка, Сяржука Сокалава-Воюша, Тацяну Сапач, Людку Сiльнову, Галiну Дубянецкую, Валянцiну Аксак, Алеся Аркуша, Вінцуся Мудрова, Iгара Сiдарука... Разам з тым яшчэ раз падкрэслiм, што хаця гэтыя фiгуры ў сваiм цэлым маркiруюць кантэкст ужо мадэрнiзаванай лiтаратуры, але ў сваiх канкрэтных творчых практыках яны нярэдка карыстаюцца не толькi традыцыйнымi, але падчас i архаiчнымi эстэтычнымi тэхналогiямi.

Паколькi новая лiтаратурная сiтуацыя не ёсць толькi сiтуацыяй ужо iншых фармальных прыкметаў, якiя звычайна дамiнуюць у вымярэннi змены лiтаратурных перыядаў, а з’яўляецца сапраўды радыкальным перайначаннем самой сутнасцi лiтаратурнага працэсу, то нам давядзецца найперш выявiць гэтыя карэнныя адрознасцi, якiх наша лiтаратура раней не мела i акрэслiць тыя iдэалагемна-эстэтычныя дыскурсы, што з’явiлiся толькi апошнiм часам. Але перадусiм яшчэ раз нагадаем, што асноўная глабальная перамена звязаная з тым, што беларуская савецкая лiтаратура, уцiснутая ў адно вымярэнне соцрэалiзму, цяпер набыла шматмерную канфiгурацыю, якая складваецца з самых розных эстэтычных праяваў.

 

Адраджэнства

Новая лiтаратурная сiтуацыя складвалася на тле двух магутных сацыяльна-палiтычных рухаў канца васьмiдзесятых-пачатку дзевяностых гадоў: антыкамунiзме i нацыянальным адраджэннi. I калi антыкамунiзм меў прыблiзна аднолькавыя характарыстыкi на ўсёй тэрыторыi СССР, то рух за нацыянальнае адраджэнне ў кожным рэгiёне быў досыць апрычоным. На Беларусi ён толькi на нейкi момант выйшаў за межы лiтаратуры i мастацтва i зрабiўся фактарам сацыяльнай палiтыкi, а потым зноў згарнуўся ў тэкст, тэатральную i мастацкую дзею — адным словам, у эстэтычна-iнтэлектуальны дыскурс.

Дарэчы, на нейкi час антыкамунiстычная iдэалогiя таксама актыўна распрацоўвалася ў сферы эстэтычнай праблематыкi: антыкамунiстычныя тэмы ды сюжэты напоўнiлi не толькi памфлеты, эсэ, але i мастацкiя творы: ад кiно да поп-музыкi, i, натуральна, — лiтаратуру. Дастаткова згадаць апавяданнi i аповесцi Васiля Быкава 90-х, мастацкую дакументалiстыку Святланы Алексiевiч (“Зачараваныя смерцю”) цi песнi, вершы i паэмы Сяржука Сокалава-Воюша i шмат да таго падобнага... Але нельга сказаць, што на Беларусi антыкамунiстычнае мастацтва выявiлася як самадастатковая i адметная эстэтычная падзея. Хутчэй гэта было толькi рэха сацыяльна-палiтычнага выбуху, i як усялякае рэха яно не было нi самастойным, нi адметным, нi трывалым.

Цалкам iншая рэч адраджэнскае мастацтва i лiтаратура. I гэта зусiм натуральна. Бо хаця само нацыянальнае адраджэнне было iдэалагiчнай з’явай i рэалiзоўвалася як палiтычны выбар, але цяжарам усёй сваёй сутнасцi яно палягала на анталагiчнай праблематыцы этнаса, выяўляла этычны сэнс i эстэтычны вобраз нацыянальнай субстанцыi. Праўда, досыць хутка высветлiлася, што iдэя нацыянальнага адраджэння як у iдэалагiчным, так i ў сацыяльна-палiтычным, i нават у эстэтычным планах не мае доўгатэрмiновай перспектывы, бо нельга “увайсцi ў адну ваду двойчы” i нiчога ў гэтым жыццi не адраджаецца, а ўсё толькi нараджаецца ў першы i апошнi раз, але тады, у другой палове васьмiдзесятых — першай палове дзевяностых, грамадства (прынамсi, яго свядомая частка) было захоплена велiччу, прыгажосцю i багаццем этнiчна-гiстарычнай Беларусi, што раптам паўстала перад вачамi, калi быў развалены камунiстычны мур, які адсланяў наша людства ад усяго свету, у тым лiку i ад свету ўласнай мiнуўшчыны.

У жыццi кожнага грамадства здараюцца перыяды, калi гiсторыя становiцца больш актуальнай за сучаснасць. Гэтак бывае кожны раз, калi сучаснасць не здольная адказаць на ёй жа самой спароджаныя запытаннi — i тады чалавек у патрэбе iсцiны звяртаецца да таго, што ўжо адбылося (бо цi не ёсць толькi ўжо здзейсненае iсцiнай, бо цi можа адбыцца, здзейснiцца не-iсцiна?) У нашым выпадку актуальнасць прамiнулага была абумоўлена яшчэ i тым, што яно адкрывалася нам як новае веданне ўвогуле i адначасна новае веданне пра самiх сябе ў самым шырокiм сэнсе гэтага “сябе”. Гэта было як прыгоднiцкая вандроўка ў часе цi, хутчэй, “вертыкальная мiграцыя”, на нейкi момант мы ўсе мiгрыравалi, перасялiлiся ў сваё далёкае (i не надта далёкае) мiнулае; мы сябравалi не столькi памiж сабой, колькi з Усяславам Чарадзеем i Канстанцiнам Астрожскiм, суседзiлi не са сваiмi пабочнiкамi па лесвiчнай пляцоўцы, а з Францiшкам Скарынай i Сымонам Будным, выходзiлi на мiтынговыя плошчы не з рэальнымi сумеснiкамi, а з Кастусём Калiноўскiм i Кастусём Езавiтавым...

Адным словам, у вiр гiсторыi, у напаўзасыпаныя ментальныя сутарэннi абрынулася ўсё нацыянальна свядомае i, натуральна, найперш там блукала мастацкая лiтаратура — уся, ад Iвана Шамякiна да апошняга пачаткоўца. Але найбольш заглыбленымi i актыўнымi ў эстэтычным адраджэнскiм дыскурсе былi тыя, што пакрысе i выявяцца як стваральнiкi Новай лiтаратурнай сiтуацыi.

Тут мы не маем магчымасцi нават проста пералiчыць усiх (хто пiсаў) i ўсё (што было напiсана) у гэтым тэматычным i сэнсавым абсягу, бо ў той цi iншай меры кожны літаратар уклаўся ў гэтую патрэбу. Згадаю адно тры, як на маё меркаванне, знакавыя (для пазначанага тут ракурса) фiгуры той пары: Уладзiмiра Арлова, Сяржука Сокалава-Воюша i Анатоля Сыса.

Сталася ўжо агульным месцам звязваць гiстарычны пласт прозы Уладзiмiра Арлова з гiстарычнай прозай Уладзiмiра Караткевiча. I хаця для гэтага ёсць даволi падставаў, але мы найперш звернем увагу на тое, што апавяданнi i аповесцi Уладзiмiра Арлова (зборнiкi “Добры дзень, мая шыпшына”, “Дзень, калi ўпала страла”, “Рандэву на манеўрах”) былi, калi так можна сказаць, больш сучаснымi раўнуючы з творамі Караткевіча, гэта значыць, былi больш набліжанымі да сучаснай еўрапейскай лiтаратуры ўвогуле. I хаця ладная доля рамантызму, раней неад’емнага атрыбута гiстарычнай прозы, застаецца ў гiстарычнай творчасцi Уладзiмiра Арлова i па сёння, але i тады i цяпер тое, што ён пiша пра былое, надзвычай актуальнае, як стылёва-эмацыйна, гэтак i iдэалагемна.

Сяржук Сокалаў-Воюш не быў лідэрам (у сэнсе паэтычнага майстэрства, версiфiкацыйных здольнасцяў i эмацыянальнай глыбiнi) паэтаў той хвалi, але ён цi не найлепей прэзентуе ўсе хiбы i вартасцi паэзii адраджэнскай лiтаратуры. Сяржук Сокалаў-Воюш зычна, ува весь голас выгукнуў пад гiтару (цыкл “Песнi касiянераў” ды iншыя) тое, пра што прамаўчаў Уладзiмiр Караткевiч — тое, пра што Караткевiч не меў магчымасцi сказаць. Гераiчны пафас, праклён чужынцам, самаахвярнае служэнне Айчыне гучалi не толькi ў песнях Сокалава-Воюша, але i ў вершах ды паэмах (зборнiк “Кроў на сумётах”, паэмы “Ь”, “Пац”). Гэта была мiтынговая паэзiя (таму так горача вiталi выступленнi паэта на шматлiкiх мiтынгах), адкрытая, напоўненая адраджэнскiмi знакамi-“слонгамi” (“пагоня”, “бел-чырвона-белы сцяг”, “народны фронт”, “пашпартны беларус”). Нездарма крытык Анатоль Сiдарэвiч раiў Сокалаву-Воюшу не друкаваць свае вершы ў часопiсах, а расклейваць iх на слупах як улёткi. Спадысподу гэтай прапановы хаваўся скепсiс да паэтычных вартасцяў паэзіі Сокалава-Воюша. Але ж i сам час быў такi: адкрыты, публiцыстычны, эмацыянальны i ... трохi гераiчны. Гэты час i стварыў сабе знакавага паэта Сяржука Сокалава-Воюша.

Бадай самай паэтычнай лiтаратурнай фiгурай, якую выявiла тая адраджэнская пара, — быў Анатоль Сыс. У адрозненне ад Сяржука Сокалава Воюша, паэта Анатоля Сыса нiхто не абвiнавацiць у публiцыстычнасцi, голай палiтычнай цi iдэалагiчнай заангажаванасцi. Анатоль Сыс — безумоўна, анталагiчны (у абодвух сэнсах) паэт. Адзiн з самых энергаёмiстых ва ўсёй беларускай паэзii. Па колькасцi паэтычнай энергii на радок, падобна, яму саступяць i Купала, i Багдановiч. Здаецца, у лепшых паэтычных творах Анатоля Сыса сканцэнтраваны ўвесь трагiчны цяжар нацыянальнага быцця (зборнiкi “Агмень”, “Пан Лес”). Разам з тым адзначым, што фармальна, тэматычна i эстэтычна вершы Анатоля Сыса цалкам упiсаныя ў фiгуру адраджэнскай паэзii, якая не змянiла свае абрысы з канца ХIХ — пачатку ХХ стагоддзяў: усё той жа напышлiвы рамантызм, усё тая ж туга па абстрактнаму iдэалу, усё тая ж мiфатворчасць. У гэтым наiўным (цi архаiчным?) рамантызме, якi вымыкае вершы Анатоля Сыса з кантэкстаў сучаснай паэтыкi, ягоная “слабасць”, але гэта слабасьць не самой паэзii, а яе пазiцыi, таго месца, якое яна займае ў сучасным эстэтычным дыскурсе.

Неяк лiтаратурны крытык Сяргей Дубавец паскардзiўся, што калi спрабаваў адабраць некалькi вершаў Анатоля Сыса для перакладу на польскую мову, каб прэзентаваць сучасную беларускую паэзiю за мяжой, то не змог гэтага зрабiць з-за несучаснасцi ягоных вершаў для польскага чытача... Але для нацыянальна заангажаванага беларуса паэзiя анталагiчных сутнасцяў Анатоля Сыса пэўна будзе заставацца кранальна iстотнай да той пары, пакуль будуць iснаваць мiфалагiзаваная Беларусь i яе рамантычныя апалагеты.

 

Урбанiзацыя эстэтычнага дыскурса

На працягу ХIХ — ХХ стагоддзяў беларуская лiтаратура эстэтычна разгортвалася ў фальклорна-пабытовай прасторы, а сацыяльна была абмежаваная вясковай праблематыкай. Што, урэшце, i натуральна, бо толькi мястэчка i вёска былi беларускiмi, пакуль у другой палове 50-х не пачаўся шырокi мiграцыйны рух, калi лiкам беларускiх вяскоўцаў колькасць гарадскога насельнiцтва з 1950 па 1970 год павялiчылася на 57%. А да гэтага ў беларускiх гарадах пераважала расейскае, габрайскае ды польскае насельнiцтва.

Да таго ж наяўныя ў горадзе беларусы заставалiся ці не апошнiмi ў сацыяльнай iерархii i таму былi адлучаныя ад горада як культурнага асяродка. I хаця, пачынаючы з Максiма Багдановiча, у нас выявiлася не так ужо i мала лiтаратурных твораў пра горад, але гарадской прозы i паэзii мы не мелі.

Для ранейшага беларускага пiсьменства лiтаратура пра горад — гэта спроба засвоiць лад гарадскога побыту i мыслення праз моўныя сродкi i этычны кодэкс вясковай культуры. А насамрэч гарадская лiтаратура — гэта такi тып вобразнасцi, якi сфармаваны рэалiямi гарадскога iснавання i вывераны сiстэмай эстэтычных i этычных кардынатаў урбаністычнай культуры.

Адным словам, пакуль наш горад не стаў хоць у нейкiх лакальных праявах беларускiм i ў гэтым ужо трохi беларускiм горадзе не вырасла пакаленне аўтахтонных лiтаратараў, да той пары гарадской лiтаратуры i не магло быць. Вiдавочна, што не само паўставанне Новай лiтаратурнай сiтуацыi было прычынай узнiкнення гарадской лiтаратуры, а тыя глабальныя мiграцыйныя перарухi, што адбылiся некалькiмi дзесяцiгоддзямi раней, калi беларуская вёска пераехала ў горад. Здарылася б гэтая “новая сiтуацыя” цi не — у дзевяностых гадах у нас усё роўна з’явiлася б i гарадская проза i гарадская паэзiя. У прыклад да гэтай тэзы можна прывесцi зборнiк вершаў Галiны Булыка “Сiнтэз” (1986 г.), дзе дэманструецца спроба стварэння паэтычнай сістэмы на аснове тэхнакратычных рэалiяў урбанiзаванай цывiлiзацыi. Але так сталася, што менавiта ў гэтую пару адна падзея паспрыяла другой — гарадскiя лiтаратары ў значнай ступенi прычынiлiся да паўставання Новай лiтаратурнай сiтуацыi, а сiтуацыя дазволiла больш вольна разгарнуцца i больш трывала замацавацца творчым iнiцыятывам i праектам гарадскiх лiтаратараў. Уласна, творчасць менавiта гарадскiх лiтаратараў i была тым грунтам, на якiм сфармаваўся дыскурс Новай лiтаратурнай сiтуацыi. Для вiдавочнасцi мы тут пералiчым хоць колькi творчых персаналiяў, паходжаннем і выхаваннем звязаных з горадам: Алег Бембель, Сяргей Дубавец, Алесь Асташонак, Уладзiмiр Арлоў, Адам Глобус, Галiна Булыка, Вiнцэсь Мудроў, Галiна Дубянецкая, Iгар Бабкоў, Людмiла Рублеўская, Людка Сільнова, Юры Гумянюк, Алесь Аркуш, Вiтаўт Чаропка, Юрась Барысевiч, Валерка Булгакаў, Мiкола Касцюкевiч, Сяржук Мінскевіч, Iльля Сiн, Мiхась Баярын, Андрэй Хадановiч i г.д.

Мы тут не ў стане аналiзаваць канкрэтныя праявы гарадской паэзii, прозы, драматургii i эсэiстыкi (часткова iх аналiз разгортваецца ў iншых раздзелах) у першую чаргу таму, што гарадская лiтаратура, у адрозненне ад аднамернай вясковай, — эстэтычна полiмерная, бо адначасна абапiраецца на вопыт усёй сусветнай лiтаратуры ў самых розных яе праявах. Мы звернем увагу адно на некаторыя яе характарыстыкi, якiя падаюцца нам больш iстотнымi.

Найперш заўважым, што ў адрозненне ад вясковай лiтаратуры, гарадская, калi можна так сказаць, больш лiтаратурная лiтаратура. Гэта значыць, што ў ёй шмат месца належыць фармальным прыёмам, тэхнiцы пiсьма, стылю, кампазiцыйнай выштукаванасцi.

Па-другое, гэта ў значнай меры рэфлексiйная лiтаратура, якая сумяшчае вобразнае апiсанне падзеяў з аналiтычным роздумам i эмацыянальным фiласафаваннем.

Па-трэцяе, гарадская лiтаратура ўжо не ў меншай меры, чым на знакi i падзеi жывога жыцця, абапiраецца на знакi i падзеi культуры — i не толькi айчыннай. Менавiта адсюль змаглі выявіцца ў яе рэчышчы такiя эстэтычныя плыні, як мадэрнiзм, постмадэрнiзм, герметызм, дэкаданс, эстэтызм, абсурдызм, сюррэалiзм, экзiстэнцыялiзм ды iнш.

 

Агрэсiя формы

Пад такой назвай ў 1991 годзе “ЛiМ” надрукаваў артыкул Людмiлы Корань, якi займеў шырокi розгалас з розных прычынаў, але, бадай, найперш таму, што ён ужо самой назвай выявiў праблему, якая з гледзiшча папярэдняга досведу бачылася за небяспеку для беларускай лiтаратуры. Уся ранейшая вясковая соцрэалiстычная лiтаратура ўкладвалася лiтаральна ў некалькi традыцыйных жанраў i фармальных прыёмаў, канцэнтруючы сваю ўвагу на квазіэтычных сутнасцях, а вось лiтаратура новай генерацыi, з прычыны сваёй неабсяжнай размаiтасцi, укладалася не ў этыку, а ў пошукi новых формаў i фармальных прыёмаў, гэта значыць шукае сябе выключна ў праекцыi эстэтычных каштоўнасцяў.

Цiкава, што на час напiсання артыкула яшчэ не выйшаў з падпольля андэграўнд, амаль не быў заўважны авангард i да з’яўлення першых постмадэрновых практыкаванняў, што будуць прэзентаваць сябе менавiта як постмадэрновыя, заставалася некалькi гадоў. Гэта значыць, што сапраўдная агрэсiя формы, якая будзе бурыць ужо i саму форму, яшчэ чакалася наперадзе.

Зрэшты, ўжо тады былi “рысасловы” Людкi Сiльновай (спроба з’адзiночання верша i малюнка), герметычныя апавяданнi i канструктывiсцкiя вершы Адама Глобуса (неўзабаве ён адмовiцца ад гэтага шляху), практыкаваннi ў беларускiм хоку (той жа Глобус, Сцяпан, Шайбак i iншыя), шырока распаўсюджваўся верлiбр, рознага роду i розных формаў паэтычныя iмпрэсii, якiя шукалi сабе месца на памежжы некалькiх жанраў.

Але, паўторымся, “агрэсiя формы” пачалася крыху пазней (недзе пад сярэдзiну дзевяностых), калi ў беларускай лiтаратуры актыўна праявiла сябе генерацыя лiтаратараў, якая пачала працаваць у эстэтычным полi, блiзкiм да постмадэрновага дыскурсу. “Сюррэалiстычныя” апавяданнi i iмпрэсii Iльлi Сiна, “дадаiсцкiя” вершы Змiцера Вiшнёва, “абсурдэлькi” Сяржука Мiнскевiча, алгарытм постмадэрна — “старая капiрка” Алеся Туровiча, “правакацыйныя” тэксты Альгерда Бахарэвiча, “палiндромы” Вiктара Жыбуля — усё гэта i шмат што iншае насамрэч перайначыла застыглы ў дзесяцiгоддзях вобраз сялянска-савецкай беларускай лiтаратуры i надало Новай лiтаратурнай сiтуацыi натуральны (а не рытарычна-iдэалагемны) кшталт навiзны.

Iнтэрвенцыя формы зайшла, як кажуць, гэтак далёка, што ўвогуле традыцыйны i да таго ж сацыяльна заангажаваны празаiк Юры Станкевiч напiсаў раман “Любiць ноч — права пацукоў”, пабудаваны на фармальным прыёме: адзiн сказ — адзiн раздзел (дарэчы, гэта той рэдкi выпадак, калi досыць радыкальны фармальны прыём не застаўся “рэччу ў сабе” i дзеля сябе, а ўдала спрацаваў на карысць усяго тэкста).

Зрэшты, цяпер, на прыканцы стагоддзя, лiтаратурная сiтуацыя сталася настолькi iншай, што ўжо нават не выпадае казаць пра “агрэсiю формы”, паколькі лiтаратура, як сiстэма заканстытуяваных формаў, жанраў, прыёмаў — засталася ў прамінулым i таму перастала быць актуальным наяўнасць цi адсутнасць традыцыйных формаў, як i не з’яўляюцца актуальнымі i фармальныя навацыi. Цяпер мы маем сiтуацыю, калi ацэнка i ўспрыманне тэкста абсалютна не залежаць ад таго, у сiстэму якiх эстэтычных (цi антыэстэтычных) каардынатаў ён упiсаны. Тэкст выяўляецца толькi наяўнасцю тэкста i эстэтычнымi вартасцямi адносна самога сябе, а не нейкiх вонкавых сiстэмных крытэрыяў, фармальных у тым лiку.

 

Тэалагiзацыя лiтаратуры

Сёння ўжо нават цяжка сабе ўявiць, што ў лiтаратуры ўсiх народаў СССР быў даўжэзны перыяд, калі рэлiгiйная тэматыка заставалася пад забаронай, за выключэннем тых выпадкаў, дзе яна выкарыстоўвалася ў мэтах прамой (цi ўскоснай) атэiстычнай прапаганды. (У Гароднi нават музей рэлiгii быў названы “Музеем атэiзму”). Некаторыя сцвярджаюць, што здаралiся выпадкi, калi цэнзура выкрэслiвала з тэкстаў хаця б нейтральна ўжытае слова “бог”, як i iншыя словы з гэтага семантычнага шэрагу...

Таму зусiм натуральна, што калi камунiстычная iмперыя развалiлася i лiтаратура выслабанiлася з-пад iдэалагiчнага прыгнёту, то яна найперш заакцэнтавалася на папярэдне забароненым, у тым лiку — i на рэлiгiйным. Лiтаратурныя часопiсы пачалi друкаваць пераклады святых кнiгаў (“Беларусь” — “Стары Запавет”, “Маладосць” — “Святое Дабравесце”), iншыя рэлiгiйныя тэксты, было зроблена факсiмiльнае выданне “Бiблii” Францiшка Скарыны i шмат чаго яшчэ. Досыць паказальным у гэтым сэнсе з’яўляецца той факт, што цi не першым незалежным часопiсам, якi з’явiўся на Беларусi, быў надканфесiйны часопiс “Унiя” (рэдактар — Iрына Дубянецкая), у якiм хапала месца i лiтаратурна-мастацкiм практыкаванням.

Што да ўласна мастацкай лiтаратуры, то яна, як бы трохi ашалеўшы ад дараванай свабоды, лiхаманкава мiтусiлася памiж антыкамунiзмам, нацыяналiзмам i рэгiяналiзмам, цi, дакладней, адначасна бегла ў гэтыя тры бакi. Рэлiгiйныя (i не толькi хрысцiянскiя) тэмы, iдэi, вобразы, метафары, запаланiлi тэксты (найперш паэтычныя). Безумоўна, шмат у чым гэта была данiна модзе, але найперш — данiна свабодзе.

Цяпер, калi тая першапачатковая хваля даўно апала, добра бачна, што тадышняе рэлiгiйнае было нiчым iншым, як менавіта данiнай свабодзе, бо з тых практыкаванняў на “тэмат Бога”” нiчога вартага застацца ў лiтаратуры — не засталося (за асобнымi выключэннямi, аб чым нiжэй).

Дарэчы, “тэалагiчная” лiтаратура, як i гарадская, узнiкла не з факта Новай лiтаратурнай сiтуацыi, а з тэктанiчных сацыяльна палiтычных перарухаў у грамадстве, але ў адрозненне ад гарадской лiтаратуры, яна iстотна не паўплывала на фармаванне Новай лiтаратурнай сiтуацыi, а толькi павялiчыла яе на адно, i далёка не самае істотнае, вымярэнне. Больш за тое, хаця мы маем падставы, каб казаць пра пэўную тэалагiзацыю сучаснай беларускай лiтаратуры, бо сёння яна ўжо насычаная мноствам мiфаў, вобразаў, метафараў, алюзiяў не толькi з хрысцiянскай цi паганскай, але i з iншых рэлiгiяў, скажам — будызму (да прыкладу згадаем вершы Iгара Бабкова, цi Мiхася Баярына), фрагментарна раскiданых па ўсяму секулярызаванаму дыскурсу, — але падставаў, каб казаць пра тэалагiчную плынь у нашай лiтаратуры мы не маем. Бо нават, скажам, такая паэтка, як Валянцiна Аксак, многiя вершы якой (зборнiкі “Цвiнтар”, “Капліца”) вызначаюцца надзвычайнай глыбiнёй i сур’ёзнасцю рэлiгiйнага пачуцця, у цэлым у сваёй творчасцi не з’яўляецца рэлiгiйным паэтам. I хаця апошнiм часам у нас з’явiлася даволi рэлiгiйна заангажаваных, глыбока веруючых лiтаратараў, адданых рэлiгii як справе жыцця (Iрына Жарнасек, Хрысцiна Лялько, Валянцiна Коўтун, Галiна Каржанеўская, iншыя), але iх рэлiгiйная заангажаванасць наўпрост не выяўляецца ў мастацкай творчасцi.

Наколькi мне вядома, у гэтым сэнсе мы маем толькi два выключэннi: Галiна Тварановiч (зборнiк “Ускраек тысячагоддзя”) i Алег Бембель.

Рэлiгiйныя вершы Галiны Тварановiч мы пакуль пакiнем за дужкамi размовы, каб засталося месца сказаць колькi словаў пра першага ў сучасным айчынным дыскурсе хрысцiянскага паэта Алега Бембеля.

Безумоўна, лепшы твор Алега Бембеля — гэта ягоная жыццё. Прафесiйны пiянiст, прафесiйны фiлосаф, ён у 1985 годзе ў Лондане выдаў кнiгу “Роднае слова i маральна-эстэтычны прагрэс”, за якую быў выключаны i з камунiстычнай партыi, i з працы ў Акадэмii навук. Мiж iншым, гэтая кнiга iстотна прычынiлася да фармавання адраджэнскага руху.

Першы этап уласна паэтычнай творчасцi Алега Бембеля таксама пераважна акцэнтаваўся на адраджэнскай праблематыцы, хаця ўжо i там актыўна гучалi хрысцiянскiя матывы (зборнiк вершаў “Рэха малiтваў”, Нью-Йорк, 1989, i “Саната ростанi”, Беласток, 1989).

Пазней, як культуралагiчныя тэксты, гэтак i паэтычныя творы Алега Бембеля цалкам згарнулiся да памераў дагмату праваслаўнага хрысцiянства. У 1986 годзе Алег Бембель стаў паслушнiкам Жыровiцкага манастыра.

З сумам заўважым: чым болей Алег Бембель знаходзiў сябе ў веры, тым болей губляў у паэзii i мысленнi. Многiя яго рэлiгiйныя вершы апошнiх гадоў -- гэта ўсяго толькi палкая вершаваная рыторыка, старанна ўпiсаная ў фiгуру праваслаўнага дагмата. Хаця здараюцца i выключэннi...

 

... зямную сцяжыну завершы
раскаяным сэрцам, найперш
маленнi — вышэй за вершы...
хай стане маленнем — верш!..

 

Зрэшты, гэта таксама рыторыка...

 

Бруталiзацыя тэкста

Пэўна ёсць нейкая логiка ў тым, што тэалагiзацыя беларускай лiтаратуры не мела выразных вынiкаў, акрамя пашырэння лексiчна-семантычнага поля, за кошт уключэння ў лiтаратурны дыскурс лексікі i праблематыкi з прасторы рэлiгiйнага, а вось бруталiзацыя — гэты вынiк безумоўна мела.

Рэч тут, пэўна, ў тым, што рэлiгiйнае — гэта найперш этычнае, а традыцыйная сялянска-савецкая беларуская лiтаратура сама з сябе была наскрозь этычнай, уся яе праблематыка цалкам замыкалася бiнарнай апазiцыяй “дабро — зло”; уласна традыцыйная беларуская лiтаратура i не ставiла перад сабой iншай мэты, акрамя вызначэння маральных характарыстык герояў, вобразаў i падзеяў. Таму канцэптуальна рэлiгiйнае нiчога ёй не магло дадаць, а толькi вонкава пашырыла тэматычнае поле i сiстэму вобразнасцi.

А вось брутальнае лiтаральна перайначыла дасюль татальна цнатлiвую беларускую лiтаратуру. Зрэшты, гэта i натуральна. Усё, што губляе цноту, становiцца iншым.

Адразу зазначым, што пад “брутальнасцю” мы тут будзем зважаць не толькi “чарнуху-парнуху”, не толькi “нiз” бытнавання чалавека, “скатанiзм” ды ненарматыўныя паводзiны i лексiку, а ўсё, што палягае ў прыцемках традыцыйнай пiсьмовай культуры (скажам, “чорны гумар”, дзiцячыя “жашкi”, анекдот i да т.п.), усё, што раней знаходзiлася ў самай глыбiнi маргiнезу, цi нават ў сiтуацыi табу для мастацкай лiтаратуры (да прыкладу, апiсанне родаў альбо выкананне прысуду над пакаранымi на смерць). Хаця, зразумела, што бруталiзацыя лiтаратуры найперш звязана з вымыканнем раней латэнтна ўтоенага дыскурса сексуальнасцi ў праекцыю публiчна вiдочнага i ягоную легiтымацыю ў гэтай праекцыi.

Мiж iншым, легiтымацыя брутальнага была звязаная з немалымi складанасцямi як з прычыны пераадолення магутнай iнерцыi этычнага, так i з прычыны абсалютнай нераспрацаванасцi брутальнай лексiкi i вобразнасцi татальна цнатлiвай беларускай лiтаратуры.

Што казаць пра сексуальны слоўнiк, калi беларуская лiтаратура нават не мела вартага яе слоўнiка эротыкi. У гэтым сэнсе найбольш плённымi для распрацоўкi эратычнага лексiкона i эстэтычна выверанымi былi эратычныя вобразы ў паэзii Леанiда Дранько-Майсюка (раiм звярнуць увагу на паэму “Крумкач”). Але гэта, бадай, адзiны выпадак, бо iншыя спробы крануць сферу сексуальнага “традыцыйнымi” лiтаратарамi выглядалi досыць няўклюднымi.

У адрозненне, скажам, ад нацыяналiзму цi ўрбанiзму, разгортванне якiх было абумоўлена сацыяльна-палiтычнымi перарухамi i якiя выявiлiся б незалежна ад уласна лiтаратурных працэсаў, бруталiзацыя без Новай лiтаратурнай сiтуацыi наўрад цi была б магчымай, прынамсi ў тым аб’ёме i той аголенасцi, у якiх яна выявiлася.

Акцэнтная роля ў гэтай тэндэнцыі, з майго гледзiшча, належыць хаўрусу Адама Глобуса (акрамя яго самога, Уладзiмiр Сцяпан, Максiм Клiмковiч, Вячаслаў Ахроменка, Мiраслаў Шайбак). У свой час, яшчэ на пачатку “старой” “Крынiцы”, яны пачалi распрацоўваць (i ў “Крынiцы” друкаваць) сюжэты з “чорнага гумару” i падлеткавага фальклору жахаў. Прыкладна тады сталi з’яўляцца першыя сексуальныя навэлы Адама Глобуса, якiя пазней склалi дзьве кнiгi “Дамавiкамэрона” — першых беларускiх кнiгаў, якiя трэба хаваць ад дзяцей, як сцвярджае сам аўтар, бо большасць навэлаў “Дамавiкамэрона” арганiзуецца голым сексуальным актам, нахабна вызваленым з-пад эратычнага покрыва таямнiчасцi (так вызваляецца з-пад кажуха рухавiк на дэманстратыўным стэндзе).

Iдэю гарадскога “квазiфальклора” Адама Глобуса скарысталi i па свойму разгарнулi ў дыскурсе брутальнага Марцiн Юр i Францiшак Хлус (Максiм Клiмковiч i Вячаслаў Ахроменка) у кнiзе “Зданi i пачвары Беларусi”. Эстэтычна, “лiтаратурна”, гэта больш вытанчаная i выштукаваная тэкставая прадукцыя, але яна саступае “Дамавiкамэрону” ў самым iстотным — у “першародстве граху”.

Яшчэ два найбольш заўважныя факты брутальнай лiтаратуры ў прозе звязаныя з прозвiшчам Вiтаўта Чаропкi (аповесць “Эрагенная зона”, дзе актыўна скарыстоўваецца ненарматыўная лексiка) i Юры Гуменюка (раман “Апосталы нiрваны”) — абодва творы былi надрукаваныя ў часопiсе “Калосьсе”. Дарэчы, Юры Гумянюк актыўна выкарыстоўвае эстэтыку брутальнага i ў сваёй паэзii (зборнiкi “Водар цела”, “Твар Тутанхамона”). У гэтым кантэксце не лiшне будзе згадаць і паэта Славамiра Адамовiча (“Плавiльшчыкi расы”).

Першая i, пэўна, самая магутная хваля бруталiзацыi беларускай лiтаратуры, вiдавочна, пайшла на спад. Але ў якой бы мiнiмальнай меры беларускiя празаiкi i паэты не выкарыстоўвалi надалей брутальнае, беларуская лiтаратура ўжо нiколi не вернецца ў свой ранейшы стан. Можна шмат што вярнуць — але толькi не цноту.

 

Лiтаратура эмiграцыi

Да перабудовы бальшыня паспалiтых беларусаў бадай нават не здагадвалася пра iснаванне досыць шматлiкай беларускай дыяспары ў замежжы, раскiданай не толькi па розных краiнах, але i па розных кантынентах (Еўропе, Паўночнай i Паўднёвай Амерыцы, Аўстралii). I ўжо зусiм мала хто тады ведаў пра шматлiкiя эмiгрантскiя газеты, часопiсы, лiтаратурныя i культурнiцкiя згуртаваннi, у прасторы якiх знаходзiла сабе месца i актыўна дзеiлася беларуская лiтаратура на эмiграцыi.

Таму няма нiчога дзiўнага, што як толькi iдэалагiчная аблога з беларускай дыяспары была знятая, то факт наяўнасцi даволi багатага эмiгрантскага пiсьменства лiтаральна агалошыў тутэйшую публiку, якая адразу пачала актыўна засвойваць новы досвед праз шматлiкiя асветнiцкiя публiкацыi i перадрукi твораў, напiсаных эмiгрантамi. Першым сiстэмным падсумаваннем гэтага вэрхалу перадрукаў стаўся ладны зборнiк паэзii “Туга па Радзiме”, падрыхтаваны Барысам Сачанкам i выдадзены ў 1992 годзе выдавецтвам “Мастацкая лiтаратура”.

Праўда, эйфарыя ад эмiгрантскай лiтаратуры лiшне не доўжылася, бо неўзабаве высветлiлася, што нягледзячы на шматлiкасць iмёнаў i разнастайнасць выданняў, а да таго ж — на магчымасць непасрэдна i без спазненняў засвойваць найноўшы досвед сусветнай лiтаратуры, i што, можа, найбольш iстотна, нязмушана выказвацца, — акрамя колькаснага павелiчэння эмiгрантская лiтаратура амаль нiчога не дадала беларускай лiтаратуры. Як гэта нi дзiўна, эстэтычна беларуская лiтаратура на эмiграцыi была абсалютна тоеснай вяскова-савецкай беларускай лiтаратуры. А ўся яе адрознасць палягала адно ў полi iдэалагiчнага — яна была выразна антысавецкай.

Вядома, няма правiла без выключэнняў, ёсць яны i ў гэтым выпадку, але iх толькi два: Янка Юхнавец i Ян Пятроўскi.

Паэзiя Янкi Юхнаўца ўгрунтавана ў адмысловую лексiку i глыбока персанальную стылiстыку, яна як бы цалкам паўстае сама з сябе, не мае прамых аналагаў i таму ва ўсялякiм лiтаратурным дыскурсе па азначэнню выступае самадастатковай і з гэтага дадатнай падзеяй.

Безумоўна, узбагацiла кантэкст айчыннай iнтэлектуальнай лiтаратуры перакладнiцкая дзейнасць Яна Пятроўскага. Пераклад са старагрэцкай кнiгаў Платона i па сёння застаецца найбольш адметнай з’явай у гэтай сферы.

Дарэчы, мая ацэнка эмiгрантскай лiтаратуры толькi як колькаснага дадатка да ўласна беларускай лiтаратуры не ёсць агульнапрынятай. Iснуе i супрацьлеглае гледзiшча. Скажам, Сяргей Дубавец лiчыць, што толькi эмiгранты прадстаўляюць беларускую лiтаратуру ў яе сапраўднасцi, вольнай ад камунiстычнага i расейскага ўцiску. Тут не месца для дыскусiяў, але з якой бы павагай мы не ставiлiся да творчага наробку Натальлi Арсеньневай, Майсея Сяднёва, Алеся Салаўя, Уладзiмiра Дудзiцкага ды iншых, хоць каму будзе цяжка давесцi, што яны ўзбагацiлi нашую лiтаратуру не толькi колькасна, але i якасна — гэта значыць узбагацiлi яе новымi эстэтычнымi вартасцямi, дагэтуль ёй невядомымi.

Разам з тым, сам факт наяўнасцi досыць багатай эмiгрантскай лiтаратуры быў надзвычай iстотны для Новай лiтаратурнай сiтуацыi. Ен не толькi надаў гэтай сiтуацыi яшчэ адно вымярэнне, але, асабліва ў сферы iдэалогii, больш выразна аддзялiў яе ад беларускай савецкай лiтаратуры. Асобная тэма гаворкi, якую мы тут абмiнем, — гэта ўплыў эмiгрантскай лiтаратуры на станаўленне граматыкi Тарашкевiча ў прасторы грамадска-палiтычных i лiтаратурных выданняў Беларусi. Вiдавочна, вяртанне “тарашкевiцы” наўрад цi сталася б магчымым, каб яно не было забяспечана актыўным функцыянаваннем “тарашкевiцы” на эмiграцыi.

 

Iнтэлектуальна-метафiзiчная лiтаратура

Пазначэнне гэтага раздзела досыць умоўнае i не вельмi дакладнае. Разам з тым ёсць вiдавочная неабходнасць вынесцi пэўную групу твораў i аўтараў за межы пабытова-псiхалагiчнага кантэкста беларускай лiтаратуры, якiм пераважна ахопленыя ўсе яе жанры i ў дыскурсе Новай лiтаратурнай сiтуацыi.

Тут найперш трэба адзначыць, што ўся беларуская лiтаратура, пачынаючы ад Дунiна-Марцiнкевiча i Багушэвiча, да самага апошняга часу ўкладвалася ў тры вымярэннi: фальклорнае, пабытовае i, у меншай меры, псiхалагiчнае. У нас зусiм не было фiласофскай, iнтэлектуальнай i, шырэй, метафiзiчнай лiтаратуры. Мы яшчэ i па сёння не маем нiводнага фiласофскага рамана. Сапраўдны прарыў у гэтым накiрунку быў здзейснены ў 70-я гады Алесем Разанавым. Гэта ён першы, i магутна, выявiў чацьвертае (метафiзiчнае) вымярэнне ў да гэтага трохмернай беларускай паэзii. Аднак, характарызуючы вершаванне Алеся Разанава як метафiзiчнае, адзначым, што ўся ягоная метафiзiка скiнутая ў анталогiю, дакладней — у анталагiчнае быццё беларускага слова. Гэта не метафiзiка зорнага неба, астральных целаў, трансцэндэнцыi ўвогуле, а метафiзiка зерня, глiны, каменя i самога слова.

Алесь Разанаў заставаўся ў сваёй “метафiзiчнай адзiноце” да пачатку Новай лiтаратурнай сiтуацыi, калi ў паэзiю прыйшлi спачатку Алег Мiнкiн (зборнiк “Сурма”), а затым ужо выразна метафiзiчны паэт Iгар Бабкоў.

Праўда, тут трэба згадаць пра адно выключэнне — iнтэлектуальна-рацыянальныя вершы Галiны Булыка (зборнiк “Сiнтэз”), якiя запачаткавалi ў беларускай лiтаратуры факт гарадской (з акцэнтам на тэхнакратычнасць) iнтэлектуальнай паэзii.

Але прыкладам кардынальнай змены сiтуацыi сталася паэзiя Iгара Бабкова (зборнiкi “Solus Rex” i “Герой вайны за празрыстасць”).

У адрозненне ад “метафiзiкi глебы” Алеся Разанава, паэзiя Iгара Бабкова звернутая да “метафiзiкi неба”, да трансцэндэнцыi як такой. У звязку з вершамi Iгара Бабкова падаецца надзвычай iстотным той факт, што гэта, бадай, першы выпадак, калi беларускi паэт цалкам абапiраецца не на расейскую, з фрагментамi беларускай, а на заходнееўрапейскую паэтычную традыцыю, а ў гэтай традыцыi менавiта на досвед iнтэлектуальна-метафiзiчнай лiтаратуры ўвогуле і канкрэтна на творчасць Гёльдэрлiна, Рыльке, Тракля, Цэлана (я б не выключаў з гэтага спiсу Элiота i Паўнда). Цiкава, што ў Iгара Бабкова традыцыя заходнееўрапейскага верша арганiчна i плённа спалучаецца з паэтычнай традыцыяй Усходу.

Апрычонасць вершаў Iгара Бабкова ў кантэксе беларускай лiтаратуры надала яго паэзii адметнасцi, але i стварыла сiтуацыю непаразумення з чытачом i крытыкам, якiя прызвычаiлiся арыентавацца i ацэньваць вершы адно ў тых параметрах, што калiсьцi фармавалiся ў прасторы расейскай паэзii, а затым былi перанесеныя на беларускую глебу.

Але пакрысе сiтуацыя мяняецца, бо гэты шлях спакваля пачынаюць засвойваць i iншыя “героi”. Побач з Iгарам Бабковым разгортвае ўласны дыскурс Мiхась Баярын (зборнiк “Шалёны вертраградар”), у той жа прасторы шукае сябе i Андрэй Хадановiч, хаця яго постмадэрновая культуралагiчна-iранiчная паэзiя вонкава i кантрастуе з дэкадансна-мадэрновай паэзiяй як Iгара Бабкова, гэтак i Мiхася Баярына.

Несумненна, што iнтэлектуальна-метафiзiчная беларуская лiтаратура пакуль толькi на пачатку свайго шляху. У яе яшчэ ўсё наперадзе. Але незалежна ад будучых поспехаў i стратаў, ужо сёння яна шмат у чым вызначае вобраз ды i саму наяўнасць Новай лiтаратуранай сiтуацыi.

 

Вызвольная лiтаратура

Паколькi мы ў гэтай лекцыi аналiзуем Новую лiтаратурную сiтуацыю пераважна ў эстэтычным вымеры, то падзеi палiтычнага супрацiву, нават калi яны разгортваюцца на тле мастацкага тэксту, як быццам павiнныя былi б застацца па-за абсягам нашай гаворкi. Але так атрымалася, што арганiзаваныя вызвольнай iдэяй тэксты, у адрозненне ад адраджэнскай паэзii i прозы, выявiлi новыя эстэтычныя тэндэнцыi. На фармальна-iдэалагiчным узроўнi, адраджэнская i вызвольная лiтаратура амаль нiчым не розняцца: i там, i тут аснова драматычнага канфлiкта палягае на змагарнасцi за iдэю незалежнай бацькаўшчыны. Але ў вызвольнай лiтаратуры, параўнальна з адраджэнскай, гераiчны пафас значна знiжаны, тут вiдавочна менш дэкларатыўнасцi, рыторыкi. Калi адраджэнская лiтаратура пераважна абiрала месцам дзеяння мiнуўшчыну, то вызвольная хутчэй схiляецца да будучыні, як у апавяданнi Iгара Бабкова “Менская опера” цi Паўла Севярынца “Паленне”. I яшчэ пра рознiцу: адраджэнская лiтаратура, хай i на ўзроўнi рыторыкi, але i ў самiх сваiх трагiчных сутнасцях — аптымiстычная, калi заўгодна — сонечная. Зусiм iншае — вызвольная: гэта лiтаратура прыцемак, сутарэнняў, тут пануе стылiстыка дэкаданса, супрацiў герояў абумоўлены хутчэй фатумам, наканаваннем, чым рэальным спадзяваннем на перамогу. Эмацыйны сплiн узмацняецца яшчэ i тым, што герой вызвольнай лiтаратуры — гэта пераважна рэфлексуючы iнтэлектуал, веру якога ў перамогу спадысподу точыць шашаль веды пра бясплённасць усiх супрацiваў.

У сваiм цэлым вызвольная лiтаратура, асаблiва проза (Дубавец, Бабкоў, Севярынец, Шыдлоўскi, iншыя) гэта, калi можна так сказаць, лiтаратура суiцыдальнага аптымiзму, якая нейкiм дзiўным чынам спалучае ў сабе панылы сплiн дэкадансу з халерычнай энергетыкай футурызма.

Аднак ёсць у беларускай вызвольнай лiтаратуры постаць, якая вылузваецца з параметраў яе асноўных характарыстык, але разам з тым застаецца сiмвалам гэтай лiтаратуры. Натуральна, я маю на ўвазе Славамiра Адамовiча, якi за верш “Убей презiдента” быў зняволены i дзесяць месяцаў адбыў за кратамi.

Славамiр Адамовiч, бадай, першым з беларускiх лiтаратараў угледзеў паэтычную вабноту iдэi тэрарызму для сучаснай беларускай лiтаратуры. Падчас татальнага бяссiльля зняможанай нацыi, калi ў яе няма волі пераламаць сiтуацыю на сваю карысць, тэракт застаецца адзiнай рэальнай сiлай — а яго вербальныя версii — дэманстрацыя гэтай (верагодна ўяўнай) сiлы, якая выклiкае ў нацыянальна заангажаванага чытача жывую рэакцыю.

Паэтыка пластыкавых бомбаў, азарына, партупеi, нагана, кiнжала — адным словам, паэтыка тэракта ў спалучэннi з iдэяй свабоды, незалежнасцi Айчыны стварае моцны эфект, i Славамiр Адамовiч удала iм карыстаецца.

У пэўным сэнсе можна сцвярджаць, што якраз паэзiя Славамiра Адамовiча задзiночыла ў сабе рытарычны пафас адраджэнскай лiтаратуры i тэхналогiю сучаснага пiсьма лiтаратуры вызвольнай, да таго ж яна выбавiла апошнюю ад дэкаданскага сплiну i насыцiла яе мужным, энергiчным словам, падмацаваўшы гэтае слова адпаведным учынкам.

 

У падсумаванне

Было б залiшне саманадзеянна сцвярджаць, што абраны тут падыход да разгляду Новай лiтаратурнай сiтуацыi, як i заакцэнтаваныя ў ёй эстэтычныя ракурсы — метадалагiчна бясспрэчныя i аб’ектыўна слушныя. Не, нi ў якiя разе. Тут шмат ад суб’ектывiзму даследчыка i ў агульным поглядзе на сiтуацыю i ў канкрэтных ацэнках. Прычынай таму, як i недааформленасць “цела” новай лiтаратуры, якое пакуль немагчыма дакладна i выразна акрэслiць, так i “лiтаратуразнаўчая” пазiцыя даследчыка, у якой суб’ектывiзм паўстае адзiна магчымым аб’ектыўным прынцыпам доследу. З гэтага гледзiшча iстотная нi нейкая там мiфiчная аб’ектыўнасць, а колькасць i глыбiня аналiтычных прапрацовак таго цi iншага матэрыялу. У гэтым сэнсе Новая лiтаратура, як аб’ект крытычнага доследу, уяўляе з сябе аркуш паперы, на якiм зроблена пакуль адно некалькi чарнавых накiдаў.

 

4. Эсэістычная літаратура

ЭСЭ (ад лацiнскага exaguim — узважванне, англiйскае essay i французскае essai — нарыс, артыкул, спроба) — жанр крытыкi, лiтаратуразнаўства, якi характарызуецца вольным трактаваннем якой-кольвек праблемы. Аўтар эсэ аналiзуе абраную праблему (лiтаратурную, эстэтычную, фiласофскую i г.д.), не зважаючы на сiстэмнасць выкладу, аргументаванасць высноваў, агульнапрынятасць падыходаў да праблемы i г.д. Заснавальнiкам жанра эсэ стаў французскi пiсьменнiк — гуманiст i фiлосаф Мiшель Мантэнь, якi напiсаў у 1580 годзе “Essais”, дзе выклаў свае развагi аб сутнасцi грамадства i чалавека. У 1597 годзе Фрэнсiс Бэкан напiсаў таксама “Essays”. Пазней да гэтага жанру звярталiся Д.Лок, Д.Адысон, Г.Фiлдзiнг, А.Голдсмiт. У iх жанр эсэ трансфармаваўся — цяпер яго разумелi як досвед аўтара ў распрацоўцы пэўнай праблемы. У нашым стагоддзi да эсэ звярталiся Б.Шоу, Дж.Галсуорсi, А.Франс, Р.Ралан, Р.Вайян i другiя. Тэрмiн “эсэ” шырока распаўсюджаны на Захадзе, асаблiва ў Англii, Францыi, Польшчы ды iншых краiнах. У Расеi ён амаль не ўжываўся. Нават “Эсэ” Мантэня перакладалася як “Опыты”.

У сучасным лiтаратуразнаўстве эсэ — гэта нарыс цi артыкул, якi насычаны тэарэтычнымi фiласофскiмi развагамi.

 

Стадартная энцыклапедычная даведка

У 1588 годзе ў Парыжы пабачыла свет першае поўнае выданне “Essais” Мiшэля Мантэня. Кнiга не засталася па-за ўвагай (аб чым сведчыць хаця б той факт, што ў 1597 годзе, у Лондане, Фрэнсiс Бэкан друкуе свае “Essays”), але i да сёння падзея, якую стварыў Мiшэль Мантэнь, не прысутнiчае ў пералiку найбольш адметных з’яваў еўрапейскай гiсторыi — а дарма. Вынайсцi i замацаваць ў лiтаратуры новы жанр (пры жаданнi можна казаць i пра новы лiтаратурны род, месца якому сярод эпасу, лiрыкi i драмы) — такое здараецца не кожны дзень. Дакладней, падобнае нi раней, нi потым, нiколi не здаралася. Мы не можам хоць з якой мерай упэўненасцi сказаць, хто вынайшаў драму, паэму, раман... А вось аўтара жанру эсэ можна назваць абсалютна дакладна.

Але, надаючы вынаходнiцтву Мiшэля Мантэня мета-гiстарычнае значэнне, я зыходжу нават не столькi з яго лiтаратурнай каштоўнасцi (хаця аднаго гэтага было б даволi для якой заўгодна ўхвалы), колькi з каштоўнасцi менавiта гiстарычнай, бо нi адзiн лiтаратурны жанр не ўплываў на фармiраванне еўрапейскага чалавека ў такой меры, як эсэ.

Некалi Эдмунд Гусэрль казаў, што старадаўняя грэчаская фiласофiя i ў ХX стагоддзi вызначае не толькi еўрапейскае мысленне, але лад ды кшталт самой еўрапейскай цывiлiзацыi. Як з майго гледзiшча, то вялiкi мысляр тут трохi перабольшыў. Так было толькi да 1588 года, да таго часу, калi пабачыла свет кнiга Мiшэля Мантэня, якая адкрыла еўрапейскаму чалавеку каштоўнасць суб’ектыўнага мыслення i, адпаведна, каштоўнасць iндывiдуума, як носьбiта гэтай суб’ектыўнасцi.

Грэчаская мадэль мыслення, пры ўсёй яго iнтэлектуальнай разняволенасцi i светапогляднай размаiтасцi, як i пазней запанавалая, аднафарбавая юда-хрысцiянская, мелi на мэце усталяванне канвейцыйнай iсцiны, якая праз усеагульную дамоўленасць замацоўвала нейкi светапоглядны цi рэлiгiйны дагмат. Натуральна, што на iдэалогii канвенцыйнасцi сфармавалiся i ўсе роды лiтаратуры: эпас, драма i нават лiрыка, якая толькi на першы погляд падаецца прэзентантам суб’ектыўнай сваволi персанальнага “я”, але па сутнасцi застаецца ў полi эстэтычнай канвенцыi, за што сведчаць як кананiзацыя формаў лiрыкi, так i фармалiзацыя эмацыянальных досведаў унутры гэтых формаў.

Мiшэль Мантэнь, стварыўшы феномен эсэ, як форму iнтэлектуальна-эмацыянальнага (iнтэлiгiбельнага) самавыяўлення iндывiда, прапанаваў еўрапейскаму чалавецтву мадэль зусiм iншага ад старажытнагрэцкага i юда-хрысцiянскага светабачання ды самапачування i, урэшце, сацыяльнага ўладкавання, у якiм наперад калектыўнага “мы” заступала iндывiдуальнае “я”. Неўзабаве Рэнэ Дэкарт сакралiзаваў вынаходнiцтва Мiшэля Мантэня ў мiстычна-шматзначнай формуле “Cogito ergo sum”, дзе феномен iснавання чалавека ўжо напрасткi быў задзіночаны з “Я — мыслю”. Трохi пазней, разгорнуты паўтара стагоlдзямi еўрапейскай гiсторыi, досвед Мiшэля Мантэня рэвалюцыйна выявiўся ў канцэпцыi новай сацыяльнасцi Шарля Мантэск’ё, якi запрапанаваў пасекчы на кавалкi маналiт абсалютызму i такiм чынам падзялiць уладу памiж заканадаўцам, выканаўцамi i судом.

Зрэшты, каб прасачыць i зафiксаваць усе паследкi наробку Мiшэля Мантэня ў iдэях, падзеях, постацях, патрэбна асобная, капiтальная праца, а я руплюся ўсяго толькi пра эсэ... Але менавiта з гэтага я не мог прамiнуць успамiнам Мiшэля Мантэня, якi не напiсаў нiводнага фiласофскага трактата i нiводнага рамана, але без якога будзе няпоўным пералiк як буйнейшых фiлосафаў той эпохi (Рэнэ Дэкарт, Фрэнсiс Бэкан, Готфрыд Ляйбнiц..), так i пералiк буйнейшых пiсьменнiкаў (Франсуа Рабле, Мiгель Сервантэс, Ганс Грымельзгаўзен...). Хаця асабiста я схiльны лiчыць, што месца Мiшэля Мантэня не ў шэрагу вялiкiх мысляроў i пiсьменнiкаў Новай пары, а паперадзе i тых i другiх.

 

Плынь субстанцыi

Жанру эсэ ўжо болей як чатырыста гадоў, а ён па-ранейшаму застаецца жанрам без жанру. Шматлiкiя спробы зафiксаваць яго канструктыўныя элементы нiхто нават не спрабуе легiмiтызаваць, бо гэта вiдавочна марная справа. Таму пра эсэ заўсёды можна сказаць, што яно ёсць, але нiколi немагчыма сказаць, якiм (чым) яно ёсць. Усе артыкулы ў энцыклапедычных даведнiках, як i грунтоўныя лiтаратуразнаўчыя працы, прысвечаныя эсэ, — гэта толькi варыяцыi на тэму эсэ, суб’ектыўныя як i сам жанр. Магчыма, адну суб’ектыўнасць можна палiчыць устойлiвай прыкметай эсэ, але што ёсць устойлiвай прыкметай самой суб’ектыўнасцi?

Мяжы памiж эсэ, артыкулам, аповедам, нарысам, лiрычнай паэмай, трактатам — няма. Прынамсi, вонкi, знадворку. Форма ўсялякага жанру (тым болей яго асобныя элементы) можа рэльефна выяўляцца ў эсэ не замiнаючы яму заставацца самiм сабой, бо адрозненне эсэ ад iншых жанраў палягае не ў форме i нават не ў змесце, а ў прычыне, якая клiча эсэ аб’явiцца.

Артыкул, нарыс, лiрычны аповед, трактат — гэта толькi звяно ў бясконцым ланцугу жанрава падобных тэкстаў, яны нiчога сабой не пачаткуюць i нiчога не канцуюць, яны толькi сведчаць, што нейкая жанравая падзея доўжыцца, iснуе ў фармальнай наяўнасцi. Пра тэксты гэтага тыпу можна без паэтычнага перабольшвання казаць, што яны не маглi не быць напiсаныя, што нi тым, дык iншым аўтарам яны былi б зафiксаваныя, бо, як праблема, якую неабходна развязаць, яны фармуюцца па-за аўтарам i аўтар тут ёсць толькi тым, хто адгукаецца на покліч знадворку.

Не так у эсэ. Нiшто з таго, што дзеецца знадворку, не патрабуе эсэ, не клiча яго аб’явiцца. Таму эсэ не можа быць запачаткаваным нiдзе яшчэ, акрамя як у самiм сабе, i вонкi сябе не мае працягу.

Эсэ — гэта тэкст, напiсаны без фармальнай нагоды. Вось чаму пра кожнае эсэ без таго ж паэтычнага перабольшвання можна ўпэўнена казаць, што яно магло быць не напiсаным. Прынамсi, нiхто iншы не можа напiсаць не толькi тое самае, але хаця б падобнае эсэ. У гэтым сэнсе эсэ тоеснiцца з уласна мастацкiм актам, але ў адрозненне ад iншых лiтаратурных жанраў, падпарадкаваных канонам формы, эсэ ў значна большай меры iндывiдуалiзаванае (гранiчна iндывiдуалiзаванае), бо ў адсутнасцi фармальнага жанравага канона яно ўсялякi раз наноў стварае сабе форму, арыентуючыся толькi на запатрабаваннi экзiстэнцыйнай канстытуцыi аўтара, увесь час зменлiвай, як i само быццё чалавека. Адсюль зразумела, чаму няма двух падобных эсэ нават у аднаго аўтара. У эсэ, як у адну ваду, нельга ўвайсцi двойчы. Нельга двойчы ўвайсцi ў эсэ яшчэ i таму, што яно з’яўляецца толькi тады, калi нешта ўжо скончылася (вандроўка, каханне, сяброўства, тэма, праблема, iдэя...), а наноў яшчэ нiчога не распачалося, i таму табе нiчога iншага не застаецца, акрамя як пакутлiва рэфлексаваць, намацоўваючы наступныя межы самога сябе ў вярэдзiве быцця.

Дарэчы, калi нешта, акрамя суб’ектыўнасцi i магчыма выдзелiць у якасцi канструктыўных элементаў структуры эсэ, як жанру, то гэта наяўнасць мыслення хоць у якiх яго формах: уласна мысленне, развага, роздум, аналiтыка, здуменне, меркаванне... Па-за спробамi мыслення эсэ ператвараецца ў замалёўку, эцюд, успамiн, нарыс... у што заўгодна. Разам з тым я не схiльны залiчваць эсэ да т о л ь к i iнтэлектуальнай лiтаратуры. Знаходзячы сябе на скрыжаваннi iнтэлектуальнага i эмацыянальнага, гэта значыць у полi iнтэлегiбельнага, эсэ аднолькава захоплiвае як прастору сакральнага (метафiзiчнага), так i прастору прафаннага (пабытовага). Эсэ, як i ўсё цэлае (а эсэ па азначэннi ёсць цэлым, бо распачынаецца i адбываецца ў прасторы самога сябе), не адсланяе ад сябе нiчога iснага, але нiчога пры сабе i не трымае.

Напiсаць эсэ — гэта зачэрпнуць жменяй з вiрлiвай плынi быцця i нейкi момант глядзець, як быццё празрыстымi цуркамi сцякае паўз твае пальцы...

Калi вы напiсалi эсэ, вы не напiсалi нiчога.

 

Набыткi i страты

Наперадзе я яшчэ буду сцвярджаць, што найбольш значная падзея ў беларускай лiтаратуры найноўшай пары вынiкае не з яе ўласных здабыткаў, а з таго, што ў ёй за апошняе дзесяцiгоддзе выявiлася i аформiлася досыць шырокая плынь iнтэлектуальнай лiтаратуры, якая дазваляе казаць нам пра зусiм новую з’яву — беларускі iнтэлектуалiзм.

Гэтым разам я хацеў бы амаль паўтарыць тую самую моўную фiгуру, адно паставiўшы на месца “беларускага iнтэлектуалiзму” — “эсэ”.

Сучасная лiтаратурная крытыка, згодна нашай адвечнай завядзёнцы, шукае (i, пераважна, не знаходзiць) значных дасягненняў у прозе ды паэзii, скрайнiм выпадкам — у драматургii, у той час як гэтыя “дасягненнi” найноўшай лiтаратуры калi дзе сёння i можна адшукаць, дык гэта ў жанры эсэ.

Эга-эсэ Леанiда Дранько-Майсюка “Стомленасць Парыжам” (ды iншыя); зборнiкi эсэ Уладзiмiра Арлова “Мой радавод да пятага калена” i “Божая кароўка зь пятай авэню”; не сабраныя пад адной вокладкай шматлiкiя “вандроўныя” i не “вандроўныя” эсэ Адама Глобуса; шматстайная эсэiстыка Сяргея Дубаўца (Дубавец па азначэннi эсэiстычны лiтаратар, усё iм напiсанае, за выняткам хiба “практыкаванняў” у прозе i вершах, па сутнасцi, з’яўляецца эсэiстыкай); “Зацемкi з левай кiшэнi” Леанiда Галубовiча (кожная зацемка Галубовiча ёсць нiшто iншае, як мiнi-эсэ, а з другога боку, усе разам яны — гэта адно бясконцае мета-эсэ); метафiзiчная эсэiстыка Iгара Бабкова i футурыстычная Юрася Барысевiча, размаiтая эсэiстыка “Нашай Нiвы”, якая ад пачатку навярнулася на гэты жанр (найперш згадваюцца прозвiшчы Славамiра Адамовiча, Сяргея Харэўскага, Севярына Квяткоўскага, Змiцера Бартосiка...); эсэiстыка часопiса “Крынiца” (там свядома i мэтанакiравана перасоўваюць лiтаратурную крытыку ў дыскурс эсэ)... Дадамо да гэтага не-сiстэмныя, але ад таго не менш яскравыя эсэiстычныя iнiцыятывы Сакрата Яновiча, Алеся Разанава, Алеся Асташонка, Пятра Васючэнкi, Алеся Аркуша, Юрася Пацюпы ды шмат, шмат каго яшчэ, акiнем вокам усё гэта разам i ўбачым тое, што ўжо даўно ў нас перад носам: апошняе дзесяцiгоддзе беларускай лiтаратуры было дзесяцiгоддзем эсэ i якраз тут, у эсэістыцы, яна выявiла сябе найбольш ярка, актыўна, цэласна i грунтоўна. Але iстотна нават не гэта (колькасць i якасць эсэiстыкi), а тое, што нарэшце эсэ з’явiлася ў нашай лiтаратуры i заявiла пра сябе як пра паўнавартасны жанр... I гэта сапраўды падзея, ды яшчэ якая!..

Сёння ўжо нават цяжка сабе ўявiць, што ад свайго пачатку i цягам усяго стагоддзя новая беларуская лiтаратура стваралася i разгортвалася паўз эсэ (за рэдкiмi выключэннямi, не iстотнымi для сiтуацыi ў цэлым). Але так яно было насамрэч. Практычна няма эсэiстыкi ў Вiнцэнта Дунiна-Марцiнкевiча, Францiшка Багушэвiча (праўда, тут мы мусiм згадаць прадмову да “Дудкi беларускай” як прыклад, бадай, першага i, безумоўна, вялiкага эсэ), у Янкi Купалы, Якуба Коласа, Максiма Багдановiча (хаця ён, бясспрэчна, меў багаты патэнцыял эсэiста), Аркадзя Куляшова, Кузьмы Чорнага, Пiмена Панчанкi, Iвана Мележа, Васiля Быкава...

Рэч, натуральна, не ў тым, што згаданыя тут, i ў мностве не згаданыя, лiтаратары былi пазбаўленыя эсэiстычнага таленту; рэч ў тым, што ён быў цi не да месца ў пэўнай лiтаратурнай сiтуацыi i таму застаўся незапатрабаваным, цi з той альбо iншай, пераважна iдэалагiчнай, прычыны не мог выявiцца, i таму мусiў рэалiзоўваць свой патэнцыял у такiх канвенцыйных жанрах, як раман, паэма, апавяданне, верш — i толькi ў нейкiх сваiх парэштках азначаўся праз артыкулы з нагоды, успамiны (таксама з нагоды), часам нешта яшчэ, што, бадай, можна было б пазначыць якiм-небудзь няўцямна-аморфным словам, кшталту “расповед”.

Можа, некалi ў некага дойдуць рукi, каб згуртаваць i грунтоўна прааналiзаваць усе тыя прычыны i абставiны, якiя на працягу стагоддзя замiналi аб’явiцца эсэiстыцы ў беларускай лiтаратуры, я ж тут згадаю адно некалькi момантаў, якiя, як мне падаецца, найперш тлумачыць гэты феномен.

 

Падставы адсутнасцi

Станаўленне новай беларускай лiтаратуры ў апошняй чвэрцi ХIХ — пачатку ХХ стагоддзяў спалучалася з фармаваннем нацыi i таму было цалкам падпарадкавана, што зусiм натуральна, выяўленню i легiтымiзацыi не асобнага “я”, а калектыўнага “мы”: мы — беларусы.

Праблема “я” ўяўлялася настолькi мiзэрнай, нiчога не вартай раўнуючы з велiччу задачы, вынiкам якой мусiла быць паўставанне новай нацыi, што нават ў дзённiкавых запiсах i прыватных лiстах духоўныя мiтрэнгi ўласнага “я” амаль заўсёды ўвязвалiся з нейкiмi маштабнымi калiзiямi. I толькi калi абрыс нацыi збольшага быў акрэслены i нават адбылася спроба стварэння нацыянальнай дзяржавы (БНР), пачалi з’яўляцца першыя эсэ, чаму прыкладам вядомыя тэксты Абдзiраловiча i Сулiмы. I хаця пачатковая беларуская эсэiстыка пераважна была завязана на агульнанацыянальную праблематыку, яна ўжо падпарадкоўвалася не столькi iдэалогii канвенцыйнага “мы”, колькi светапоглядным патрабаванням асабовага “я”.

У мяне няма сумнення, што беларуская лiтаратура ў 20—З0-я гады патэнцыйна была гатова шырока i разнастайна выявiць сябе ў жанры эсэiстыкi, але гiсторыя навярнулася такiм чынам, што ў наступнае паўстагоддзе (з лiшкам) прыватнае “я” зноў было ўпляжана ў калектыўнае “мы”, на гэты раз — “мы” таталiтарызму.

Рэальная наяўнасць эсэiстычнага патэнцыялу ў беларускай лiтаратуры была засведчана ўжо толькi ў пару “хрушчоўскай адлiгi”, калi таталiтарнае цэлае надламалася пасярэдзiне i праз разлом стаў бачны чалавек з яго ўласнымi праблемамi ды турботамi. I хаця неўзабаве гэты разлом спехам зашпаклявалi, эсэiстычнае “я” ўжо паспела выявiцца ў той меры, каб здолець пратрымацца ў лiтаратуры, хай сабе i ў нейкiм недапраяўленым стане, да перабудовы. Паспрабуем хаця б у некалькiх фактах пазначыць сляды ягонай прысутнасцi: “Загадка Багдановiча” Мiхася Стральцова, “Мiнiяцюры” Янкi Купалы, “Глядзiце ў вочы лямура” Вiктара Карамазава, “Як агонь, як вада” Алега Лойкi, лiтаратурна-крытычныя артыкулы Аляксандра Станюты, Алы Сямёнавай...

Натуральна, што ў тую пару асобныя эсэiстычныя iнiцыятывы выяўлялiся ў беларускай лiтаратуры пераважна iнкогнiта, не акцэнтуючы сваёй жанравай прыналежнасцi, бо, рэч ясная, таталiтарызм i эсэ — з’явы iдэалагемна несумесныя. Пры таталiтарызме лiтаратар можа i мусiць пiсаць толькi з той нагоды, якая фармуецца патрабаваннямi iснуючай iдэалогii, i таму тут няма месца для эсэiстычнай “отсебятины”. Да таго ж, таталiтарная сiтуацыя не дапускае нават магчымасцi мыслення як мыслення, якое абапiраецца не на загадзя сфармуляваны iдэалагiчны модус, а на стыхiйны i кожны раз iншы досвед iндывiдуальнага “я”. А без незацуглянага мыслення якое там можа быць эсэ...

Вымкнуўшы з прамiнулага некаторыя знакi, якiя сведчылi пра наяўнасць эсэiстычнага патэнцыялу беларускай лiтаратуры, мы ўсё ж такi мусiм канстатаваць, што ў рэальным цэлым сiтуацыя была адваротнай адносна сваiх латэнтна ўтоеных магчымасцяў, бо калi таталiтарызм усталёўваецца надоўга, то праз нейкi час ужо амаль нiкому нават да галавы не прыходзiць напiсаць пра тое, пра што яму самому карцiць, “накрэмзаць” нешта дзеля задавальнення ўласнай эмацыянальнай цi iнтэлектуальнай патрэбы — гэта значыць стварыць эсэ. I гэтае разуменне прыроды лiтаратурнага пiсьма (як выяўнiка адно грамадсказначных i агульнакарысных патрэб) настолькi глыбока ўцялеснiваецца ў свядомасць, што ўжо i потым, калi таталiтарны маналiт расцярушваецца ў парахню, лiтаратар не ўяўляе сабе, як гэта можна iнтэлектуальна агалiцца на людзях, каб паглядзець на сваё iнтэлегiбельнае цела, як на адзiную сапраўдную рэальнасць самога сябе. Па прыклады да гэтай тэзы няма патрэбы далёка хадзiць. Нашы пiсьменнiкi старэйшага пакалення за постперабудовачныя гады так i не адважылiся скiнуць з сябе парадныя мундзiры, упрыгожаныя блёсткамi старых i новых рэгалiй, распрануцца да галiзны i ўвайсцi ў сцюдзёную i празрыстую плынь эсэiстыкi...

Была (i застаецца) яшчэ адна глыбокая прычына, якая замiнала беларускай эсэiстыцы разгарнуцца раней i будзе ствараць ёй апазiцыю ў будучым. Ужо працяглы, нават у гiстарычным вымярэннi, час беларуская лiтаратура i, шырэй, ментальнасць знаходзiцца пад магутным уплывам (цiскам) не толькi расiйскай лiтаратуры i культуры, але i ўсяго масiву расiйскай ментальнасцi, сутнастваральным цэнтрам якой з’яўляецца “соборность”, “общинность”, карацей, калектывiсцкае “мы”.

Вiдавочна, што на прасторы Беларусi ўжо колькi стагоддзяў таму сутыкнулiся i з той пары iснуюць у супрацьстаяннi дзве ментальныя мадэлi: уласна еўрапейская, запачаткаваная на iндывiдууме, як цэнтрапалеглай каштоўнасцi быцця (гэтую ментальную мадэль ў полi лiтаратуры якраз найбольш поўна прэзентуе эсэ), i расiйская, якая цалкам ўгрунтавана ў “соборное”, калектывiсцкае “мы” (у расiйскай лiтаратуры найперш выяўляюць гэтую ментальную мадэль полiфанiчны раман i канвенцыйная паэзiя; адсюль зразумела, з чаго гэта расiйская паэтыка агрэсiўна не прымае вольны верш — верлiбр).

Няма сумнення, што беларуская лiтаратура i надалей будзе падзелена адпаведна прыналежнасцi яе аўтара да еўрапейскага цi расiйскага ментальных модусаў. I адно гэты падзел (эсэ тут можа выступаць у якасцi мяжы) сапраўды iстотны, а ўсе астатнiя (“старыя” — “новыя”, “хрысцiянiсты” — “сатанiсты”, “нацыяналiсты” — “каланiсты”, “дэмакраты” — “камунiсты”) ёсць толькi iдэалагiчнымi мiстыфiкацыямi, паклiканымi заблытаць рэальную сiтуацыю...

 

Эсэ i постмадэрн

Уся гiсторыя эсэ, як лiтаратурнага жанру, гэта адна вялiкая спроба вызвалiць аўтарскае “я” з канвенцыйнага “мы”, якое эстэтычна ўвасабляў сабой мастацкi вобраз, а iнтэлектуальна — грамадска заканстытуяваны сiлагiзм. Увесь гэты час эсэiстыка толькi тое i рабiла, што вылушчвала зернейкi iндывiдуальнага “я” з усiх верагоднамагчымых шкарлупiнняў, каб замацаваць каштоўнасць чалавечай самасцi ў якасцi асноўнага атрыбута любой iдэалогii. Праўда, за гэтай нястомнай рупнасцю эсэ, здаецца, не заўважыла, як разам са шкарлупiннем аблушчыла i выкiнула ў смецце таксама i само зернейка. Прынамсi, iдэалогiя постмадэрна, якая фармавалася ў полi эсэ i, да таго ж, ягоным начыннем, у адным з першых сваiх манiфестаў аб’явiла пра канчатковую смерць аўтара i пра рашучае ссоўванне iндывiдуальнага “я” на маргiнальныя ўскрайкi быцця.

Але не станем вiнавацiць эсэ за тое, што здарылася. Хто мог ведаць наперад, што пад шкарлупiннем разнастайных “мы” ёсць толькi шкарлупiнне “я”, а “я” самога няма i значыць няма што супрацьпаставiць постмадэрну (хiба адно зноў вярнуцца да канвенцыйнага “мы”). Зрэшты, пра гэта мне ўжо даводзiлася казаць раней, тут я звярну ўвагу толькi вось на што: калi для “старой” Еўропы ментальная сiтуацыя “пасля чалавека” ёсць лагiчным вынiкам iнтэлектуальнай эвалюцыi, да якога яна была падрыхтавана ўсiм папярэднiм досведам, то мы, атрымаўшы ў адначассе i эсэiзм (як iдэалогiю вызвалення “я” з маналiту “мы”) i постмадэрнiзм (як iдэалогiю вызвалення ад толькi што набытага “я”), апынулiся ў парадаксальнай сiтуацыi: эсэ ў нас цяпер ёсць, затое ўжо няма “я” — куды вокам нi кiнь, усюды адно дыскурсы, дыскурсы...

Зрэшты, нам не прызвычайвацца да парадаксалiзму. Уся наша гiсторыя — суцэльны парадокс. Цi, можа, мы самi — нiшто iншае, як парадокс гiсторыi?

 

Лiрычны эпiлог

Эсэ — гэта востраў, куды можна патрапiць толькi пасля караблекрушэння. Вось чаму эсэ заўсёды пачынаецца з вусцiшнай адзiноты, калi ты стаiш на пустэльным беразе i пакрысе ўсведамляеш: каб не знiкнуць дазвання разам з тым, што цябе цешыла i бавiла раней, трэба ад пачатку ўсё вынайсцi i стварыць самому — i глiняны збан, i сябрука Пятнiцу.

I ты рушыш ў глыб вострава...

Скуль вернешся да людзей адно праз дзесяцiгоддзi, каб расказаць iм гiсторыю свайго вяртання.

Калi цябе вабiць жанчына — ты пiшаш верш.

Калi цябе чаруе чалавек — ты пiшаш раман.

Калi цябе вярэдзiць быццё — ты пiшаш эсэ.

 

УВОДЗІНЫ Ў НОВУЮ ЛІТАРАТУРНУЮ СІТУАЦЫЮ. частка І (№7)

УВОДЗІНЫ Ў НОВУЮ ЛІТАРАТУРНУЮ СІТУАЦЫЮ. частка ІІІ (№9)

Валянцін Акудовіч - АХІЛ І ЧАРАПАХА

Валянцін Акудовіч - МЕТАФІЗІКА. CІТУАЦЫЯ РОСКВІТУ І СІТУАЦЫЯ ЗАНЯПАДУ

Валянцін Акудовіч - НІДЗЕ І НІХТО

Валянцiн Акудовiч - РАЗБУРЫЦЬ ПАРЫЖ

Валянцін Акудовіч - МЯНЕ НЯМА. РОЗДУМЫ НА РУІНАХ ЧАЛАВЕКА - бібліятэка "ФРАГМЭНТЫ"

 

зьмест