ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

мысьленьне/літаратура


ФРАГМЭНТЫ №9
№9
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


Валянцiн Акудовiч

УВОДЗIНЫ Ў НОВУЮ ЛIТАРАТУРНУЮ СIТУАЦЫЮ*

лекцыi для Беларускага Калегiюму

 

5. Iнтэлектуальная лiтаратура

Мне ўжо даводзiлася казаць, што найбольш значная падзея ў беларускай лiтаратуры апошняга дзесяцiгоддзя вынiкае не з яе ўласных здабыткаў (проза, паэзiя, крытыка), i не са з’яўлення незалежных ад дзяржавы лiтсуполак (“Тутэйшыя”, “ТВЛ”, “Бум-Бам-Лiт”) i нават не са стварэння плоймы недзяржаўных часопiсаў, газет, кнiжных праектаў i выдавецтваў, а з таго, што я пакуль схiльны пазначыць досыць авантурным словазлучэннем — беларускi iнтэлектуалiзм.

Што я маю на ўвазе, калi кажу “беларускi iнтэлектуалiзм” i чаму залiчваю яго да канцэптуальных здабыткаў беларускай лiтаратуры найноўшай пары?

Па парадку...

Не станем сягаць у даўнiя стагоддзi, калi мысленне на прасторы, цяпер пазначанай дзяржаўнымi межамi Рэспублiкi Беларусь, разгортвалася адпаведна з агульнаеўрапейскiмi тэндэнцыямi. Ужо хаця б таму, што метадалагiчна яго, бадай, заўсёды будзе досыць няпроста залiчваць да ўласна беларускага: цi то з прычыны яго iншамоўнасцi, цi то з прычыны яго адслоненасцi ад Беларусi, як яшчэ не выяўленага суб’екта еўрапейскай гiсторыi... Безумоўна, фармуючы традыцыю беларускага мыслення, мы ўжо напэўна не пакiнем тыя здабыткi па-за нашай увагай. Але рэальна пачатак беларускага мыслення нам даводзiцца звязваць з нашанiўскiм перыядам беларускай гiсторыi, з тагачаснай лiтаратурай, публiцыстыкай, гiстарыяграфiяй, светапогляднымi рэфлексiямi. Найвялiкiм дасягненнем айчыннага мыслярства той пары мы небеспадстаўна лiчым эсэ Абдзiраловiча (Канчэўскага) “Адвечным шляхам” i эсэ Сулiмы (Самойлы) “Гэтым пераможаш”.

Ёсць досыць распаўсюджанае меркаванне, што чалавеку можна забаранiць усё, нават дыхаць, але нельга забаранiць мыслiць. Магчыма, аднаму асобнаму чалавеку i нельга забаранiць мыслiць сам-насам, але грамадству — можна. Цяпер мы гэта добра ведаем. За камунiстамi беларусам было дазволена пiсаць апавяданнi i раманы, маляваць карцiны i ствараць скульптуры, ставiць спектаклi i спяваць песнi, але нельга было мыслiць...

Беларусам было забаронена мыслiць. Тут карцiць дадаць — самастойна, але iнакшага мыслення, акрамя самастойнага, не бывае. Не станем тут шмат казаць пра дыялектычны матэрыялiзм — адзiную дазволеную нам форму мыслення, бо рэч не ў тым, добрая цi благая была гэтая форма, а ў тым, што мысленне ў нейкай адной форме ўжо не ёсць iм. I адсюль яго кардынальная адрознасць ад мастацтва i лiтаратуры, якiя могуць быць зацiснутыя звонку — цi самi сябе зацiснуць, — у катух аднаго метаду (класiцызм, рамантызм, рэалiзм, сацрэалiзм...) i пры гэтым заставацца творнымi, бо эстэтычнаму, каб выявiцца, усё роўна патрэбны нейкi канон, не той дык iншы.

 

Iнтэлектуалiзацыя эстэтычнага дыскурса

Нам не дазволена было выбiраць формы i спосабы мыслення, а значыць нам было забаронена мыслiць... з другой паловы дваццатых аж да “перабудовы”, калi ўсе забароны неўпрыкмет спарахнелi, а дазволу, каб нават па звычцы закарцела, не было ў каго запытацца.

У гэтым бязладдзi i пачалося сучаснае беларускае мысленне — натуральна, бязладна, але iнтэнсiўна. Невыразныя спробы неяк яго згарманiзаваць, намацаць яму грунт пад пачатак стаяння i адтуль накрэслiць вектар руху наперад нiякага плёну не мелi. Адноўленыя для ўжытку тэксты Абдзiраловiча, Сулiмы, Цвiкевiча i г.д. пацешылi сэрцы адраджэнцаў, але па сутнасцi засталiся незапатрабаванымi iнтэлектуальным рухам...

Тут нам давядзецца зрабiць невялiчкае адступленне i вось з якой нагоды. Калi мы кажам, што традыцыя беларускага мыслення была перапыненая бальшавiкамi, што бальшавiкi на дзесяцiгоддзi i дзесяцiгоддзi забаранiлi беларусам мыслiць i гэтая забарона трымалася аж да другой паловы васьмiдзесятых, то трэба не забывацца i на выключэннi, на тых, хто спрабаваў хоць на крок-другi перарушыць мяжу забароны. Да такiх выключэнняў мы ўжо напэўна можам залiчыць патрыярхаў беларускай фiласофii Уладзiмiра Конана i Мiкалая Крукоўскага... Дык вось якраз яны, Уладзiмiр Конан i Мiкалай Крукоўскi, былi тымi, хто сваёй творчасцю рэальна звязваў мiж сабой беларускае мысленне першай i апошняй чвэрцяў ХХ стагоддзя. Але цi гэты звяз быў не вельмi трывалым, цi надта ўжо рознiлiся iнтэлектуальныя сiтуацыi пачатку i канца стагоддзя, толькi новае беларускае мысленне ў сваiх спробах намацаць самое сябе абапiралася не на “штрыхавую” традыцыю Абдзiраловiч — Сулiма — Конан — Крукоўскi, а на ўсё што заўгодна iншае: дзэн-будызм i тэасофiю Блавацкай ды Рэрыха, Барта i Данiлеўскага, Фрэйда i Дэрыда, Нiцшэ i Бярдзяева, Хайдэгера i Бахцiна, Дэкарта i ...

Аднак досыць хутка ў гэтай мяшанцы-боўтанцы пачалi вырознiвацца прыярытэты. Першым сцёк з сыроваткай расiйскi месiянiзм — бадай адзiная аўтэнтычная i жывая фiласафема расiйскага мыслення. З прычыны яго абсалютнай непрыдатнасцi рацыянальнай беларускай ментальнасцi разам з месiянiзмам апынулася ў незапатрабаванасцi i ўся астатняя расiйская фiласофiя. Не змаглi замацавацца на Беларусi (натуральна, я маю на ўвазе нацыянальны дыскурс) i шматлiкiя фiласафемы Ўсходу, хаця iх уплыў выявiўся нават больш выразна, чым уплыў расiйскай гiстарыясофii i расiйскага мiстыцызму. Падобна, што асаблiва не завабiў беларускiх iнтэлектуалаў паўночнаамерыканскi прагматызм i брытанскi (астраўны) пазiтывiзм (праўда, уплыў апошняга выявiўся ў метадалагiчных спрэчках нашых “новых” гiсторыкаў)...

Зрэшты, няма нiчога дзiўнага, што ў значэннi прыярытэтаў для новага беларускага мыслення засталася еўрапейская кантынентальная фiласофiя, бо i прасторава i ментальна мы ўлучаныя ў еўрапейскую iнтэлектуальную iмперыю. Але паколькi гэтая iмперыя (неверагодна магутная) надзвычай разнастайная i практычна неабсяжная, то нашы першыя iнтэлектуальныя iнiцыятывы, разбэрсаныя гэтай разнастайнасцю па неабсяжнасцi, верагодна на доўгi час згубiлiся б не толькi для iншых, але i для нас самiх. Згубiлiся б, каб... Каб у нас не было Беларусi як праблемы, ад асэнсавання якой не змаглi ўхiлiцца нi “метафiзiкi, нi “экзiстэнцыялiсты”, нi “антраполагi”, нi “структуралiсты”, нi “герменеўтыкi”, нi “фундаменталiсты”... Незалежна ад сваiх прыхiльнасцяў да тых цi iншых канцэптаў еўрапейскага мыслення, усе беларускiя iнтэлектуалы былi заангажаваны праблемай асэнсавання Беларусi як суб’екта гiсторыi, геапалiтыкi, культуры. I гэта зразумела, бо, не акрэслiўшы поле сваёй прысутнасцi ў быццi, немагчыма выходзiць на асэнсаванне самога быцця.

Беларусь, як iнтэлектуальная праблема, не толькi аб’яднала ўсiх, хто меў схiльнасць да адцягненага рэфлексавання ў яго сучасных параметрах, яна яшчэ i ўзяла на сябе ролю лабараторыi, эксперыментальнага цэха, палiгона, дзе беларускае мысленне, у значэннi ўжо ўласна беларускага напрацоўвала прыдатныя для сваiх патрэбаў тэрмiналагiчныя сiстэмы, выпрацоўвала лагiчныя канструкцыi, намацвала актуальныя для сябе iдэi, — адным словам, асэнсоўваючы Беларусь у якасцi суб’екта еўрапейскай гiсторыi, беларускае мысленне гадавала i нарошчвала свае iнтэлектуальныя цяглiцы.

Дык вось, якраз той факт, што ўсе формы i спосабы мыслення шукалi i знаходзiлi сябе найперш у працэсе абмеркавання феномену Беларусi, дазваляе нам без асаблiвай перасцярогi карыстацца адносна наноў выяўленага мыслення прыметнiкам “беларускае”. I хаця гэта пакуль больш фармальная прыкмета, але, як казалася трохi вышэй, падчас рэфлексавання над праблемай Беларусi пачалi выяўляцца i некаторыя сутнасныя адметнасцi ўжо ўласна беларускага мыслення, — аднак яны яшчэ настолькi неакрэсленыя, што сiстэматызаваць iх пакуль не ўяўляецца магчымым. Адсюль вынiкае, што маючы прыметнiк “беларускае” (адносна мыслення), мы не маем на што яго “пачапiць”, бо нi сваёй фiласофii (цi хаця б сваёй “фiласофскай школы” альбо нейкага пэўнага накiрунку) у нас няма, не аформiлася ў нас у нешта цэласнае i культуралогiя. Усё гэта i вымагае падшукваць для таго, што адбываецца ў нашым мысленнi, нейкага шырокага па меры ахопу, але нi да чаго канкрэтна не прывязанага азначэння. Таму я i прыхiлiўся да слова “iнтэлектуалiзм”, якое ў спалучэннi са словам “беларускi”, не акцэнтуючы сутнасць з’явы, дае ўяўленне (прынамсi, мне так падаецца) пра яе агульны кшталт i абрыс.

 

Праекты i постацi

Нi да чаго канкрэтна не прытарнаванае азначэнне “беларускi iнтэлектуалiзм” бачыцца мне напэўна прыдатным для ўжытку яшчэ i таму, што сучаснае мысленне пачало актыўна выяўляць сябе на Беларусi амаль ва ўсiх гуманiтарных сферах: не толькi ў фiласофii i культуралогii, але i ў гiсторыi, мастацтвазнаўстве, лiнгвiстыцы, сацыялогii, палiталогii, публiцыстыцы i г.д. Аднак паколькi ва ўсiм пералiчаным (i не пералiчаным) яно выяўляе сябе не татальна, не ўсiм корпусам той цi iншай дысцыплiны, а толькi ў значэннi iндывiдуальных прарываў, то якраз гэтыя асобныя выпадкi iнтэлектуальных iнiцыятываў мы i можам ахапiць азначэннем “сучасны беларускi iнтэлектуалiзм”.

Але далей я хацеў бы паразважаць пра гэтую з’яву не ўвогуле, а, так бы мовiць, у дачыненнi да аднаго яе фрагмента. Праўда, фрагмент гэты дамiнантны, бо па сваёй прыродзе фiласофiя i культуралогiя (якраз iх я i збiраюся мець на ўвазе) як мала што яшчэ звязаныя непасрэдна з мысленнем, дакладней, яны цалкам пагружаныя ў мысленне.

Першыя спробы сучаснай фiласофii i культуралогii на Беларусi запачаткаваныя (як, бадай, амаль усё сёння ўласнабеларускае) нашым апошнiм адраджэннем. Верагодна, iх патрэба была сфармулявана ў розных нефармальных гуртках (асобных “нефармальных галовах”) яшчэ “даперабудовачнай” пары, але асабiста мне, на жаль, мала што вядома пра гэта. Я магу казаць тут адно пра тое, што выявiлася ў рэальных праектах, тэкстах, “культурных героях” прыкладна за апошнiя дзесяць гадоў.

Адным з першых сярод маштабных праектаў, у рамках якога памiж шмат чаго iншага павiнны былi знайсцi сябе культуралогiя i фiласофiя, стаўся Скарынаўскi цэнтр. Наколькi я разумею, Скарынаўскi цэнтр ствараўся, каб на фармальным грунце разгарнуць патэнцыял нефармальнага беларускага мыслення ва ўсiх яго магчымых формах i спосабах. З гэтага, на пачатку дзейнасцi, вакол Скарынаўскага цэнтра згуртавалася ладная частка беларускiх iнтэлектуалаў розных пакаленняў, але, напэўна, той час не быў часам цэнтралiзацыi, i неўзабаве большасць з iх разышлася ў розныя бакi. Можа, яшчэ i таму разышлася, што тая бурапенная пара прадстаўляла магчымасць кожнай iнiцыятыўнай i амбiтнай асобе распачынаць самыя розныя праекты на ўласны густ i ўласную хэнць.

Але як бы там нi было потым, менавiта ў прасторы Скарынаўскага цэнтра акрэслiўся “базавы корпус” персаналiяў (Алесь Анцiпенка, Iгар Бабкоў, Алег Бембель, Мiкола Матрунчык, Уладзiмiр Конан, Вiталь Зайка, Захар Шыбека, Вячаслаў Рагойша, Алесь Жлутка), з якiмi я схiльны звязваць тое, што можна было б назваць першай хваляй беларускага iнтэлектуалiзму, якая выявiлася ў формах фiласофii i культуралогii.

Натуральна, вызваленае ад забароны быць, мысленне шукала сабе падставы вызначыцца ўсюды, дзе для гэтага ўяўлялася хоць якая магчымасць. Паколькi ў гэтых развагах я не маю намеру iмкнуцца да навуковай дакладнасцi i ўсеахопнасцi, то далей паспрабую пазначыць адно некаторыя падзеi, якiя асабiста мне падаюцца найперш вартымi ўвагi..

Паперадзе ўсяго згадваецца газета “Наша Нiва”. Яна не выяўляла асаблiвай цiкавасцi да ўласна фiласофii, але культуралагiчна была цалкам скiраваная ў сучаснае еўрапейскае мысленне, i роля “Нашай Нiвы” ў яго разгортваннi на беларускiх абсягах — выключная. Iстотным i адметным для той пары мне падаецца праект, якi ладзiўся на старонках “ЛiМа” i меў назву “Iдэальная Беларусь”. Шэраг артыкулаў i гутарак, якiя арганiзаваў i ствараў Юрась Залоска, шмат чаго дадалi да асэнсавання Беларусi як культуралагiчнай i фiласофскай праблемы. Культуралагiчна значным бачыцца мне i ёмiсты цыкл артыкулаў Яўгена Шунейкi, якiя ён друкаваў у часопiсе “Мастацтва” цягам тых гадоў. Адметнай падзеяй сталася з’яўленне суполкi “Крыўя” i выпуск “крывамi” некалькiх альманахаў (“Vieda”, “Крыўя”). Галоўным завадатарам ў “Крыўi” быў Сяргей Санька, фiлосаф са строгiм i дакладным ладам мыслення, што адбiлася i на падборы тэкстаў для альманахаў i выбары тэмаў i ўдзельнiкаў канферэнцыяў, якiя ладзiлiся гэтай суполкай.

Лiчу, што мы маем усе падставы ўключыць у гэты кантэкст i часопiс “Унiя” (iнiцыятыва Iрыны Дубянецкай): рэлiгiйны па змесце, эстэтычна i iнтэлектуальна гэты часопiс зграбна i таленавiта выяўляў сучаснае светабачанне беларусаў.

Мне досыць складана ацэньваць у акрэсленай тут рэтраспектыве ролю газеты “Культура” з яе пастаяннымi рубрыкамi “Элiта” i “Суплёт iдэяў”, дзе сiстэматычна друкавалiся замежныя i айчынныя мысляры, як i пазней узнiклы ў якасцi дадатка да газеты лiтаратурна-фiласофскi сшытак “ЗНО”, бо я сам быў непасрэдным чынам заангажаваны ў гэты праект, але думаю, што ўнёсак тагачаснай “Культуры” ў цэлым i “ЗНО” ў прыватнасцi быў досыць iстотным. Акрамя ўсяго iншага, “ЗНО” было першым беларускамоўным перыядычным выданнем на Беларусi, якое дэкларавала сябе як фiласофскае.

Ператварэнне часопiса “Крынiца” ў лiтаратурна-культуралагiчнае выданне засведчыла, што першапачатковы этап назапашвання культуралагiчных iнiцыятываў збольшага завяршыўся i нашае мысленне ўжо абапiраецца на сякi-такi культуралагiчны грунт.

Але, бадай, найбольш буйной падзеяй гэтай пары, якая кардынальна перамянiла культуралагiчны ландшафт Беларусi, было выданне кнiг серыi “Адкрытае грамадства”, што разгортвалася ў рамках дзейнасцi Беларускага фонду Сораса. Каардынатар гэтага праекта Алесь Анцiпенка змог за вельмi кароткi час наладзiць эфектыўную перакладчыцкую i выдавецкую дзейнасць, у вынiку чаго мы досыць хутка атрымалi некалькi дзесяткаў капiтальных выданняў па фiласофii, культуралогii, гiсторыi, палiталогii, сацыялогii, псiхалогii.

Ну i, бадай, пра апошнi праект у гэтым залiшне сцiплым — як па значнасцi ўсёй падзеi ў цэлым, — пералiку, а менавiта пра часопiс “Фрагменты” (галоўны рэдактар Iгар Бабкоў). “Фрагменты” — гэта ўжо цалкам фiласофска-культуралагiчнае выданне. Часопiс прадстаўляе сабой вяршыню той фiласофска-культуралагiчнай хай яшчэ не пiрамiды, а толькi “пiрамiдкi”, якая спакваля складвалася цягам апошнiх дзесяцi гадоў i ўрэшце склалася — чаму “Фрагменты” i сведчаннем, — у нешта першапачаткова завершанае, як бы цэлае.

Пакуль досыць цяжка казаць, што ўяўляе сабой гэтае цэлае, бо не было нават спробы хаця б акрэслiць — не тое што прааналiзаваць, — гэтую падзею (дык цi не паспяшаўся я са сцвярджэннем, быццам яна ўжо ёсць як нешта цэлае, паколькi любая з’ява фiксуецца ў значэннi “ёсць” адно са з’яўленнем уласнай аналiтычнай крытыкi?). Таму i застаецца па-за асэнсаваннем i ацэнкай фiласофская цi культуралагiчная творчасць Мiкалая Крукоўскага, Уладзiмiра Конана, Алеся Разанава, Iгара Бабкова, Сяргея Санькi, Алеся Анцiпенкi, Юрася Барысевiча, Сяргея Дубаўца, Алеся Аркуша, Пятро Васючэнкi, Сяргея Харэўскага, Алега Бембеля, Мiколы Матрунчыка, Алеся Чобата, Стаха Дзедзiча, Рыгора Груднiцкага, Сакрата Яновiча (калi заўгодна, то пры жаданнi Сакрата Яновiча можна аб’явiць “предтечей” сучаснага беларускага iнтэлектуалiзму) i шмат каго яшчэ...

А на падыходзе — на вачах выспяваюць — ужо новыя “героi” культуралагiчнай прасторы: Ганна Кiслiцына, Валерка Булгакаў, Андрэй Дынько, Мiхась Баярын, Iрына Шаўлякова, Андрэй Хадановiч, Андрэй Гуцаў, Алесь Туровiч, Павел Баркоўскi, Сяргей Шыдлоўскi, Дзмiтрый Серабракоўў... Мiж iншым, з’яўленне наступнага пакалення беларускiх iнтэлектуалаў лепей чым што iншае сведчыць за жыццядзейнасць беларускага iнтэлектуалiзму. Канкрэтным прыкладам гэтай жыццядайнасцi ёсць паўставанне часопiсаў “Архэ” i “Скарына” (дырэктар — Андрэй Дынько, галоўны рэдактар — Валерка Булгакаў) — найбольш адметнага праекту апошняга часу. За тое самае сведчыць i часопiс “nihil” (галоўны рэдактар — Мiхась Баярын).

Зрэшты, адсутнасць аналiтычнай крытыкi ў дыскурсе айчыннай фiласофii i культуралогii няцяжка зразумець. Яшчэ ўсё не зроблена, i таму кожны, хто паклiканы на гэтую працу, мае свой кавалак аўтэнтыкi, i яго не стае, каб яшчэ i рэфлексаваць над наробкам iншага.

 

Тэкст, як месца сустрэчы вобраза з сiлагiзмам

А далей колькi слоў пра тое, чаму я лiчу сучасны беларускi iнтэлектуалiзм (найперш фiласофiю i культуралогiю) здабыткам менавiта лiтаратуры. Для такога меркавання ёсць як мiнiмум дзве грунтоўныя падставы. Адна з iх абумоўлена выключна ўнiкальнасцю беларускай сiтуацыi. Усё, што ў нас адбываецца ўласна беларускае, адбываецца ў полi лiтаратуры. Нават сама Дзяржава Беларусь — гэта хутчэй толькi дэкларатыўная фiгура, а значыць усяго толькi адзiн з лiтаратурных (паэтычных) тропаў. Тое самае i iнтэлектуальная лiтаратура (фiласофiчныя, культуралагiчныя, палiталагiчныя, гiстарыясафiчныя, мастацтвазнаўчыя ды iншыя тэксты пэўнага кшталту) — яна ўзнiкла i пачала афармляцца на Беларусi не ва ўнiверсiтэцкiх колах цi якiх яшчэ iншых месцах, а ў асяродку мастацкай лiтаратуры, у прасторы лiтаратурна-мастацкiх выданняў, i аўтарамi iнтэлектуальных тэкстаў у пераважнай большасцi былi (i ёсць) аўтары таксама i мастацкiх тэкстаў, схiльныя як да вобразна-метафарычнага, так i абстрактна-лагiчнага рэфлексавання, — таму было б дзiўна, каб мы не залiчылi ўжо збольшага сфармаваную падзею беларускага iнтэлектуалiзму да канцэптуальных здабыткаў айчыннай лiтаратуры найноўшай пары.

Другая падстава, надварот, унiверсальная, яна паходзiць з агульнай еўрапейскай традыцыi, якая заўсёды залiчвала фiласофiю (а пасля яе распаду на шматлiкiя самастойныя дысцыплiны — культуралогiю, антрапалогiю, псiхалогiю, сацыялогiю i да т.п.) да лiтаратуры. I хаця фiласофiя раз-пораз спрабавала “ўцячы” з лiтаратуры ў “навуку”, але па сутнасцi ў фiласофii з гэтага нiчога не атрымлiвалася, а што да майго разумення, то i не магло атрымацца, бо i мастацкi вобраз, i абстрактны сiлагiзм аднолькава паклiканыя з’яўляцца як водгук на патрэбы эмацыянальна-пачуццёвага ў чалавеку, а значыць яны a priori маюць суб’ектыўнае паходжанне i таму палягаюць за межамi магчымасцяў навукi.

Адным словам, еўрапейская iнтэлектуальная i мастацкая лiтаратуры заўсёды жылi агульным жыццём. Фiласофскiя рэфлексii натуральна перацякалi ў раманы i вершы, а мастацкiя вобразы i метафары iнiцыявалi i мацавалi мастацкiя тэксты. Так было ў сярэднявеччы (Дантэ), так было ў пару Рэнесанса (Рабле, Мiльтан, Сервантэс), Асветнiцтва (Вальтэр, Дзiдро). Я ўжо не кажу пра дзевятнаццатае стагоддзе (Гётэ, Гёльдэрлiн, Блэйк), а тым болей — пра дваццатае, дзе на прасторы адной асобы фiлосаф i паэт (празаiк) выступалi татальна i ўся рознiца была хiба ў тым, што ў адных (Сартр, Камю, Элiот, Хакслi, Батай i г.д. i да т.п.) часам iнтэлектуальная i мастацкая творчасць разводзiлася па розных тэкстах, а ў другiх (Рыльке, Томас Ман, Кафка i г.д.) выяўлялася толькi праз мастацкiя тэксты цi наадварот — толькi праз iнтэлектуальныя (Артэга-й-Гасэт, Хайдэгер, Вiтгенштайн i г.д.). Але творчасць i адных, i другiх, i трэцiх апазнавалася i адбывалася ў агульным iнтэлiгiбельным дыскурсе еўрапейскай лiтаратуры.

З усяго гэтага — i з сiтуацыi ўласнабеларускай, i з сiтуацыi агульнаеўрапейскай — вынiкае, што наша мастацкая лiтаратура i надалей мусiць заставацца ў агульным полi з лiтаратурай iнтэлектуальнай.

Стварэнне агульнага iнтэлектуальна-мастацкага дыскурсу будзе сведчыць пра карэнную змену сiтуацыi, якая адбылася i ў нашым мастацтве i ў нашым мысленнi, а з гэтага i пра яе нармалiзацыю ў сэнсе агульнаеўрапейскiх стандартаў. I хаця слова “стандарт” не выглядае лiшне вабным адносна творчасцi, але стан падвоенага адбывання (у эстэтычных i iнтэлектуальным вымярэннях) як падзеяй мастацкай лiтаратуры, так i падзеяй iнтэлектуальнага мыслення, напэўна, станоўча адаб’ецца на кожнай з iх паасобку i да таго ж створыць падставы для якасна новай лiтаратуры...

I гэта ўжо зусiм iншая рэч, цi будуць тыя падставы скарыстаны.

 

 

6. Постмадэрн

Постмадэрн — адна з самых буйных культуровых падзеяў найноўшай пары. У пэўным сэнсе гэта iнтэлектуальна-эстэтычнае рэзюмэ ХХ стагоддзя i адначасна канцэптуальныя ўводзiны ў мысленне, мастацтва i, верагодна, светапогляд стагоддзя наступнага.

Падзею постмадэрна рыхтавалi самыя розныя сацыяльныя i культурныя з’явы апошняга часу: марксiзм, фрэйдзiзм, экзiстэнцыялiзм, сюррэалiзм, мадэрнiзм, структуралiзм... Дарэчы, якраз метадалагiчная i тэрмiналагiчная база, сфармаваная ў дыскурсе структуралiзма, i стала асновай тэарэтычнага апарата постмадэрну. Таму зусiм не выпадкова, што шмат хто тоеснiць постструктуралiзм з постмадэрнам, лiчыць iх сiнонiмамi, якiя адсылаюць нас да адной i той самай з’явы, толькi разгорнутай у розных вымярэннях: постструктуралiзм — у вымярэннi мыслення, постмадэрн — у вымярэннi эстэтыкi. Аднак не станем перабольшваць значэнне структуралiзма ў фармаваннi постмадэрну, бо постмадэрн спароджаны не нейкай асобнай, апрычонай сацыяльнай альбо iнтэлектуальна-эстэтычнай падзеяй, а ўсёй татальнасцю крызiса гуманiзму i, шырэй, канчатковай паразай традыцыйных (класiчных) сiстэмаў светабачання.

Увесь папярэднi досвед цывiлiзацыйнага чалавека, незалежна ад таго, на каштоўнасцi якога кшталту ён абапiраўся (гуманiстычнага цi не гуманiстычнага), фармаваўся вакол нейкай адной цэнтрапалеглай унiверсалii. Гэта значыць, што ўсё рэальнае i памысленае чалавекам завязвалася на адзiн нейкi вузел, якi i забяспечваў цэласнасць уяўленай светабудовы i адпаведна пэўнасць чалавека ў гэтай цэласнасцi. I хаця раз-пораз гэтыя вузлы “перавязвалiся”, але прынцып заставаўся тымсамым, незалежна ад таго, якой логацэнтрычнай унiверсалiяй сашчэплiвалася ў нешта адзiнае ўся множнасць бытнага (татэмам, Богам, эвалюцыяй, звышчалавекам, гiстарычным матэрыялiзмам цi камунiзмам). Гэты прынцып унармаванасцi бытнага ў той цi iншы “глабальны цэнтр” сiстэмна распаўсюджваўся i на кожны лакальны фрагмент быцця, якi гэтаксама структураваўся шматлiкiмi цэнтрапалеглымi iнстытуцыямi: дзяржава, сям’я, iншыя грамадскiя, iдэалагемныя, рэлiгiйныя супольнасцi i г.д. i да т.п. Адным словам, увесь папярэднi вобраз мыслення як i вобраз практыкi чалавека быў логацэнтрычным, трымаўся i мацаваўся ў цэласнасцi мноствам унiверсальных вузлоў i вузельчыкаў, якiмi, згодна канвенцыйным дамоўленасцям, звязвалiся ў адно цэлае хаатычна разбэрсаныя феномены бытнага.

Мы пакiдаем абок гаворкi пытанне: чаму гэта ранейшы вобраз мыслення i практыкi перастаў задавальняць чалавека, з чаго i ўзнiкла тое, што атрымала назву татальнага крызiса традыцыйных каштоўнасцяў, мы адзначым толькi адзiн факт: ХХ стагоддзе — гэта стагоддзе развязвання ўнiверсальных “вузлоў” цi iх “рассяканне” (“канец Бога” — Нiцшэ, “канец культуры” — Шпенглер, “канец метафiзiкi” — Гайдэгер, “канец чалавека” — Фуко, “канец гiсторыi” — Фукiяма, “канец часу” — Гвардзiнi, “канец аўтара” — Барт i г.д.)...

Дык вось, калi ўсе ранейшыя ўнiверсальныя вузлы былi развязаныя, не знайшлося канвенцыйнай згоды на iх месцы завязаць нейкiя iншыя, каб наноў з’яднаць быццё i мысленне ў нешта цэлае, — тады i паўстала сiтуацыя постмадэрна. Постмадэрн (у светапоглядным сэнсе) — гэта не новая ўнiверсалiя, якая прапануе чарговую светапоглядную iдэалагему, а панятак, якi пазначае канец эры логацэнтрычных унiверсалiяў i заклiкае да прачытання быцця як адкрытага не-лiнейнага (i таму — па-за сiстэмнага) тэкста.

Постмадэрн — гэта свет, як дыскурс актуальных феноменаў, не сашчэпленых нiякай iерархiяй, i адсюль самакаштоўных у сваiх iнтэнцыях. Таму ў постмадэрна на першы план выходзiць менавiта актуальнасць таго цi iншага феномена, а не ягонае месца ў нейкай iерархiчнай структуры. Сiтуацыя постмадэрна выбаўляе падзею ад саслоўнай, каставай залежнасцi; спадчынная геральдыка тут ужо не забяспечвае падзею нiякiмi прывiлеямi i яна паўстае ў аголенай самасцi. Таму значнасць кожнай падзеi ацэньваецца адно яе актуальнасцю “тут i цяпер” i здымаецца разам са стратай актуальнасцi.

У светаглядным сэнсе постмадэрн вяртае нас да той пары, калi чалавек яшчэ не асэнсаваў свет, як цэлае, калi свет для яго быў тым, што з’яўлялася перад вачыма: канкрэтным дрэвам, рэчкай, вогнiшчам, птушкай, другiм чалавекам.

Прапанаванае постмадэрнам бачанне быцця (быццё як бачанне, а не памысленае ўяўленне пра бачанае) перапыняе сiтуацыю татальнага крызiсу традыцыйных каштоўнасцяў, паколькi постмадэрн здымае iерархiчную каштоўнасць як праблему, адарваную ад актуальнасцi вымкнутага ў падзею феномена быцця.

Вiтгенштайн неяк заўважыў: “Калi замацоўваецца новы вобраз мыслення, то старыя праблемы знiкаюць, больш за тое, становiцца цяжка зразумець, у чым жа яны палягалi. Рэч ў тым, што яны былi ўцялесненыя ў пэўны спосаб выражэння, а паколькi цяпер дамiнуе iншы спосаб выражэння, то разам з папярэднiм здымаюцца i былыя праблемы”.

Менавiта пра “iншы спосаб выражэння” (гэта значыць пра сiтуацыю постмадэрна ў мастацтве i лiтаратуры) мы i будзем весцi далей гаворку.

 

Гісторыя падзеі

Гiсторык постмадэрна Чарльз Олсэн сцвярджаў, што ўпершыню слова “постмадэрн” было ўжытае невядомым аўтарам у адной газетнай публiкацыi 1875 года ў Францыi. Натуральна, тое слова “постмадэрн” не мае нiчога агульнага з яго сённяшнiм значэннем. Хаця, i гэта трэба адразу адцемiць, большасць даследчыкаў постмадэрну лiчыць, што гэты тэрмiн увогуле нiкуды не варты, бо ён нiчога не вытлумачае, акрамя таго, што так названая з’ява гiстарычна iдзе па слядах (пасля) мадэрна. Праўда, Жан-Франсуа Льётар сцвярджае, што “постмадэрн” ужо знаходзiцца ўнутры мадэрна, “цяпершчына ў сваёй плыннасцi спелiць iмкненне пераўзысцi сябе, вымкнуць у стан, адрозны ад яе самой... Паводле свайго складу цяпершчына заўжды цяжарная сваёй наступнасцю” (“Перапiсаць сучаснасць”). Адсюль Льётар высноўвае, што ў апазiцыi да постмадэрна знаходзiцца не мадэрн, а класiчная эпоха. Зрэшты, хто толькi з чым не звязвае (праз пераемнасць цi апазiцыю) постмадэрн. Адна з найбольш папулярных лучнасцяў: постмадэрн — барока... Меркаванняў, самых супрацьлеглых, процьма. Таму мы адслонiмся ад праблемы тэрмiна, згадаўшы, што ўсе тэрмiны падобнага кшталту (класiцызм, рамантызм, рэалiзм, мадэрнiзм) таксама нiкога нiколi не задавальнялi цалкам. Разам з тым не забудземся, што якраз вось гэтая неакрэсленасць, зыбкасць, умоўнасць тэрмiна “постмадэрн” сталася цi не асноўнай прычынай таго, што толькi ў мастацтвазнаўстве тэарэтыкi налiчваюць больш за шэсцьдзесят канцэпцый постмадэрну...

Але вернемся да фактаграфii. У першай палове ХХ стагоддзя выходзяць тры буйныя працы, прысвечаныя постмадэрну ў мастацтве: “Постмадэрн” Фрэдэрыка Онiз (1945г.), “Пост-мадэрнiзм” Дзiдлей Фiтц (1943г.), “Пост-мадэрн” Арнольда Тойнбi (1947г.). Праўда, асноўны пафас гэтых працаў яшчэ быў скiраваны адно на тое, каб зафiксаваць адрознасць элiтарнага мастацтва, каштоўнасцi якога аберагалi мадэрнiсты i мастацтва масавага , якое характарызавала пошукi тых, хто iшоў за iмi последам.

Ва ўсёй паўнаце i значнасцi сваёй падзеi постмадэрн пачаў разгортвацца на мяжы 50-60-х гадоў, калi вакол яго распачалася палкая дыскусiя. Бадай найбольш iстотным у разгортваннi постмадэрну было тое, што ў гэты час ён настала “пераехаў” са сваёй радзiмы Амерыкi ў Еўропу. Дарэчы, падаецца вельмi цiкавым, што постмадэрн — гэта першы эстэтычна-iнтэлектуальны метад, якi Еўропа экспартавала з Амерыкi, а не наадварот, як гэта заўсёды было раней.

Недзе, пачынаючы з 70-х гадоў, постмадэрн, як патоп, залiў увесь еўрапейскi гуманiтарны кантынент, ды i не толькi еўрапейскi. З лакальнай падзеi ён амаль iмгненна перарос у агульнакультурную з’яву глабальнага маштабу. Колькасць працаў, прама цi ўскосна прысвечаных постмадэрнiзму, не паддаецца нiякаму ўлiку. Досыць спрэчнай застаецца i кожная спроба вылучыць найбольш канцэптуальныя з iх, бо праз “прызму” постмадэрна разглядалiся самыя розныя сферы сацыяльнай i культурнай дзейнасцi; пры гэтым метадалагiчна падыходы, якiя пазначалiся адным тэрмiнам “постмадэрн”, былi гранiчна рознымi. Апошняе выклiкала безлiч закiдаў у бок постмадэрну, якiя праiлюструем толькi словамi амерыканскага даследчыка Майкла Нехлера: “Постмадэрн не ёсць пэўны стыль, а толькi групоўка людзей, якiя жадаюць iсцi паперадзе мадэрну”. З прычыны таго, што панятак “постмадэрн” — на эстэтычна-iнтэлектуальным узроўнi — шматлiкiм даследчыкам падаецца адно фармальнай катэгорыяй, якая аб’ядноўвае зусiм розныя пошукi ў фiласофii, мастацтве i лiтаратуры, мы далей ухiлiмся ад храналогii падзеяў i станем згадваць адно тыя працы, якiя будуць нам неабходнымi непасрэдна для нашай мэты.

Гiсторыя постмадэрну на Беларусi (тут i далей пад “Беларуссю” мы будзем разумець пераважна нацыянальны дыскурс) досыць кароткая i магчыма таму нiкiм пакуль не даследаваная. Запознены зварот на Беларусi да постмадэрну як аналiтыкi, гэтак i творчай практыкi, абумоўлены выключна палiтычна-iдэалагiчнымi прычынамi. Нагадаем, што нават словы “мадэрнiзм”, “мадэрнiст” лiчы да “перабудовы” заставалiся аргументамi палiтычнага абвiнавачвання, якiмi пазначаўся кожны, хто спрабаваў выйсцi з канону соцрэалiзма. Але нягледзячы на жорсткi iдэалагiчны ўцiск, сям-там напрыканцы семiдзесятых гадоў, а асаблiва з пачаткам васьмiдзесятых, прыёмы постмадэрновага пiсьма пачалi ўсё больш актыўна выяўляцца ў жывапiсе, хаця фармальна яны амаль не дэкларавалiся як постмадэрновыя. Што да “лiтаратуры”, то эстэтыка постмадэрна спачатку “выгукнулася” праз тэксты рок-кампазiцый; праўда, па-за “тэхнiчнымi прыёмамi” гэтыя тэксты наўрад цi можна лiчыць постмадэрновымi, бо светаглядна яны былi наскрозь заангажаванымi альбо iдэалогiяй антыкамунiзму альбо — адраджэння. Дарэчы, якраз сiтуацыя адраджэння шмат у чым марудзiла разгортванне постмадэрновых тэндэнцый, бо не толькi ў iдэалогii i ў палiтыцы, але i ў эстэтыцы яна патрабавала канцэнтрацыi ўсiх сiлаў вакол логацэнтрычнай iдэi адраджэння нацыi i незалежнай дзяржавы.

Таму больш-менш сiстэматычна постмадэрн, як у якасцi iнструмента аналiтыкi, так i тэхналогii лiтаратурнай практыкi, стаў выяўляцца толькi ў першай палове дзевяностых гадоў. Менавiта тады аўтары розных артыкулаў раз-пораз пачалi звяртацца ў сваiх аналiтычных рэфлексiях да тэрмiналогii постмадэрну (найперш у газеце “Наша Нiва”), а некаторыя паэты, як Юры Гумянюк, сталi дэклараваць сябе адэптамi постмадэрнiсцкага метаду. Частка гэтых паэтаў (акрамя Ю.Гумянюка — Iгар Сiдарук, Юрась Пацюпа, Лявон Вольскi, Сяржук Мiнскевiч, Алесь Туровiч...), якiя засвойвалi тэхналогiю постмадэрнага пiсьма, згуртавалася вакол Таварыства Вольных Лiтаратараў, хаця само гэтае “таварыства” не мела выразна акрэсленай эстэтычнай iдэалогii. Але бадай толькi Iгар Сiдарук найбольш поўна, выразна i цэласна дэманстраваў тады (i працягвае дэманстраваць па-сёння) сваю натуральную прыналежнасць да дыскурсу постмадэрну...

Аднак тут мы трохi перапынiмся, каб сказаць пра наступнае. Перад гiсторыкамi i тэарэтыкамi постмадэрну ў вызначэннi прыналежнасцi таго цi iншага аўтара да постмадэрнага дыскурса паўстае некалькi амаль непераадольных праблемаў. Некаторыя аўтары (да прыкладу, празаiк Юры Станкевiч), публiчна заяўляюць пра сябе як пра постмадэрнiстаў, у той час калi iх творчая практыка вiдавочна палягае ў рэчышчы зусiм iншага мастацкага метаду. Iншыя, як, скажам, паэт Валерка Булгакаў, празаiк Iльля Сiн цi культуролаг Юрась Барысевiч альбо цалкам адмаўляюць постмадэрн, альбо вельмi неахвотна суадносяць сябе з iм, хаця iх тэксты адпавядаюць “канонам” постмадэрна па ўсiх эстэтычных i “тэхналагiчных” параметрах. Дарэчы, гэта не толькi наша “беларуская” праблема. Калi б сам Умбэрта Эка не залiчваў свой раман “Iмя розы” да постмадэрнай лiтаратуры, то не толькi чытач, але i даследчык наўрад цi наважыўся б зрабiць гэта (той жа самы выпадак — Мiлан Кундэра). Вось чаму нам не абыйсцiся без пэўнай меры валюнтарызму, калi далей мы некага, без ягонай згоды, будзем далучаць да постмадэрнага дыскурса, а некага адлучаць ад яго. Сiтуацыя дадатка ўскладняецца яшчэ тым, што шэраг аўтараў, якiя пераважна знаходзяць сябе у традыцыйных эстэтычных вымярэннях, зрэдчас таксама звяртаюцца да прыёмаў постмадэрнага пiсьма. У якасцi прыклада згадаю “Лiтарацкiя показкi” i “Як я быў бумбамлiтаўцам” Алеся Асташонка (Лiтаратурна-фiласофскi сшытак “ЗНО” пры газеце “Культура”) цi “Матэрыялы да жыццяпiсу Адама Клакоцкага” Iгара Бабкова (“Крынiца”). Усё папярэдне згаданае разам паказвае, наколькi ўмоўнай будзе кожная класiфiкацыя i сiстэматызацыя на ўзроўнi персаналiяў i асобных тэкстаў, але гэтая ўмоўнасць адно сiнгулярных выпадкаў не адмаўляе унiверсальнага факта, якi сведчыць, што ў беларускай лiтаратуры пакрысе фармуецца пэўны постмадэрновы дыскурс.

Цяпер мы зноў вернемся як бы да храналогii, каб распавесцi пра падзею, што найперш i дае нам падставу казаць пра паўставанне постмадэрна ў беларускай лiтаратуры як пра рэальны факт.

Вясной 1994 года суполка маладых лiтаратараў (Юрась Барысевiч, Альгерд Бахарэвiч, Мiхась Башура, Змiцер Вiшнёў, Усевалад Гарачка, Вiктар Жыбуль, Сяржук Мiнскевiч, Алесь Туровiч) аб’явiла пра стварэнне лiтаратурнага руху Бум-Бам-Лiт i падмацавала гэтую дэкларацыю персанальнымi манiфестамi, надрукаванымi ў “ЗНО”. У адрозненнi ад iншых лiтарацкiх аб’яднанняў, згаданыя вышэй лiтаратары згуртавалiся пераважна па эстэтычнаму прынцыпу i гэты прынцып вектарна быў скiраваны ў прастору постмадэру (хаця i ў выпадку з Бум-Бам-Лiтам казаць пра эстэтычную маналiтнасць не выпадае).

Творчая актыўнасць i папулярызатарская дзейнасць сяброў гэтага руху сталiся прычынай таго, што лiтаральна за два гады Бум-Бам-Лiт зрабiўся досыць вядомым на Беларусi i займеў шэраг паслядоўнiкаў, ды не толькi ў сталiцы, але i ў правiнцыi. Магчыма найбольш яскравай адзнакай плёну гэтай дзейнасцi стала з’яўленне суполкi “Вулей”, якая прадстаўляла сабой самую апошнюю генерацыю беларускiх лiтаратараў i вiдавочна найбольш утульна пачувала сябе ў эстэтычнай прасторы, заселенай Бум-Бам-Лiтам (хаця я i не выключаю, што ў рытарычных дэкларацыях сябры суполкi “Вулей” могуць i адмяжоўваць сябе ад наробку Бум-Бам-Лiта).

Але бадай найбольш выразным сведчаннем трывалага замацавання постмадэрнiсцкiх тэндэнцый у беларускамоўным вербальным дыскурсе сталася з’яўленне газеты “Навiнкi” (афiцыйна зарэгiстраваная ў 1999 годзе). Рэч у тым, што ў адрозненне ад iнтэлектуальных падзеяў, якiя не губляюць сваёй вартасцi, калi застаюцца ва ўжытку хаця б нейкага абмежаванага кола людзей, вартасць эстэтычнай падзеi пацверджваецца адно тады, калi яна, хай сабе i ў адэптаваным выглядзе, выходзiць на “шырокага” спажыўца. (Так было з элiтарнымi на пачатку футурызмам, дадаiзмам, iншымi эстэтычнымi з’явамi i мадэрнiзмам увогуле.)

У гэтым сэнсе “масавая” i досыць папулярная газета “Навiнкi” фактам свайго з’яўлення засведчыла, што постмадэрн на Беларусi ўжо адбыўся, як эстэтычная i, больш за тое, светапоглядная падзея.

 

Эстэтычныя i светапоглядныя крытэрыi постмадэрну

Бадай мы нават i не перабольшым, калi скажам, што кожны, хто хоць трохi рэфлексаваў над падзеяй постмадэрна, мае калi не яго ўласную канцэпцыю, то хаця б сваё апрычонае бачанне, якое у лепшым выпадку тарнуецца адно з некаторымi пазiцыямi iншага бачання гэтай праблемы, але амаль нiколi не тоясняцца з нейкiм “агульным” уяўленнем пра постмадэрн. Зрэшты нiякага “агульнага” ўяўлення i не iснуе — якраз у выпадку з постмадэрнам можна ўпэўнена казаць: у кожнага з нас свой постмадэрн. Мiж iншым, гэта i натуральна для падзеi, аснова якой палягае на адмаўленнi якiх бы там нi было ўнiверсалiяў. I ўсё ж такi, калi падзея ёсць, iснуе, доўжыцца, то нечым яна павiнна вырознiвацца не толькi сярод iншых з’яваў, але i аб’ядноўвацца ў нешта цэласнае, звязанае нейкiмi агульнымi крытэрыямi, нават калi сама падзея ўсёй сваёй сутваю скiраваная супраць усялякай унiверсалiзацыi.

Пэўна, як на мой погляд, найбольш простую i выразную методыку вылучэння постмадэрна з дыскурса iншых iнтэлектуальна-эстэтычных падзеяў прапанаваў англiйскi прафесар Iхаб Хасан у працы “Раз’яднанне Арфея ў постмадэрновай лiтаратуры”. Iхаб Хасан склаў таблiцу, у якой базавым катэгорыямi мадэрна вынайшоў адпаведныя базавыя катэгорыi постмадэрна.

Прынцып бiнарных апазiцыяў не толькi наглядна дэманструе сiстэмную адрознасць постмадэрна ад мадэрна, але i дае нам тэхналагiчнае начынне, з дапамогай якога мы самi можам зладзiць падобную сiстэму вартасных адрозненняў постмадэрна адносна кожнай iншай iнтэлектуальна-эстэтычнай з’явы (скажам, класiцызму).

 

Мадэрн

Постмадэрн

рамантызм/сiмвалiзм

патафiзiка/дадаiзм

закрытая, замкнутая
форма

 

адкрытая, адамкнутая
антыформа

мэта

гульня

задума

выпадак

iерархiя

анархiя

майстэрства/логас

вычарпанасць/моўкнасць

мастацкая рэч/
заверша
ны твор

працэс/перформанс/
хэпе
нiнг

дыстанцыя

наблiжанасць

творчасць/татальнасць/
сiнтэз

дэканструкцыя/антысiнтэз

прысутнасць

адсутнасць

збiранне

раскiдванне

жанр/межы

тэкст/iнтэртэкст

семантыка

рыторыка

каранi/глыбiня

рызома/паверхня

iнтэрпрэтацыя/
тлума
чэнне

супраць iнтэрпрэтацыi/
недакладнае тлумачэнне

чытанне

пiсьмо

аповед/вялiкая
гiсторыя

антыаповед/
малая гiсторыя

галоўны код

iдэалект

сiмптом

жаданне

тып

мутант

фалацэнтрызм

полiморфнасць/андрагiнiзм

вытокi/прычыны

адрознасць/след

Бог-Бацька

Святы Дух

метафiзiка

iронiя

трансцэндэнтнае

iманентнае

 

Вiдавочна, што гэты “каталог апазiцыяў” можа быць значна пашыраным, хаця i ў наяўным складзе ён дастаткова выяўляе той дыскурс, якi прэзентуе постмадэрн. Мы не станем разгортваць i аналiзаваць кожную з бiнарных апазiцыяў (што магчыма хiба адно ў памерах кнiгi), а толькi да прыкладу коратка звернем увагу на адну з iх: “мэта — гульня”.

Традыцыйная лiтаратура (мадэрновая ў тым лiку) была паважнай, сур’ёзнай, амаль сакральнай справай, у якой аўтар прыпадабняўся да Дэмiурга, секулярызаванага святара, транслятара i тлумача iсцiнаў, якiя ён сваiм чуйным вухам вылоўлiвае з моўкнасцi трансцэндэнцыi i перакладае паспалiтаму чалавецтву агульна-зразумелымi словамi. Гэткае разуменне ролi лiтаратуры i лiтаратара стасавалася не толькi з “сур’ёзнымi”, “высокiмi” жанрамi (ода, паэма, раман i да т.п.), але i “нiзкiмi”, “пабытовымi”, бо нават сатырычныя i гумарыстычныя тэксты iмкнулiся быць не проста забаўкай для чытача, яны неслi ў сабе функцыю падручнiка па этыцы i эстэтыцы, выкрывалi зламыснасць ды пачварнасць i ўсталёўвалi дабрачыннасць ды прыгажосць. Нават “ мастацтва дзеля мастацтва”, гэта значыць мастацтва дзеля эстэтыкi, у традыцыйнай лiтаратуры лiчылася з’явай досыць заганнай, бо прыгажосць, пазбаўленая этычнага iмператыву, не ўяўлялася каштоўнасцю, вартай увагi такой сур’ёзнай справы як лiтаратура.

Постмадэрн радыкальным чынам перамянiў стаўленне да лiтаратуры i мастацтва ўвогуле, ён разам пазбавiў лiтаратуру (i аўтара) усiх верагоднамагчымых сакральна-мiстычных параметраў. У сiтуацыi постмадэрна за лiтаратурай засталася толькi адна функцыя — функцыя вербальнай гульнi.

Постмадэрн безапеляцыйна сцвярджае: лiтаратура — гэта вербальная гульня. I нiшто iншае. Гульня ў словы, сюжэты, вобразы, сэнсы, iдэi. Якiм бы сур’ёзным, праблематычным цi сацыяльна вострым не iмкнуўся быць тэкст, ён толькi забаўка, што па-сутнасцi нiчым не рознiцца ад розных гульняў у словы, якiмi студэнты бавяцца падчас лекцыяў.

 

Постмадэрн i этыка

У гэтым раздзеле, як да агульнапрынятай стылiстыкi выкладу лекцыi, я дазволю сабе “эсэiстычную фрывольнасць”, што, на мой погляд, дапаможа больш выразна сфармуляваць азначаную праблему. Таму пачну я з аднаго разгорнутага прыватнага ўспамiну.

Неяк дачка, тады яна вучылася ў чацьвёртым класе, падышла да майго пiсьмовага стала i нечакана папрасiла:

— Тата, навучы мяне пiсаць постмадэрновыя тэксты.

Я трохi разгубiўся. I не толькi таму, што ў чатырохкласнiцы з’явiлася жаданне пiсаць постмадэрновыя тэксты, а таму, што раней я пераважна рэфлексаваў над ужо зробленымi тэкстамi i не надта задумваўся, як яны, уласна, пiшуцца, — постмадэрновыя цi якiя заўгодна iншыя.

Для мяне, як трава расце, так i пiшуцца тэксты — цiха, неўпрыкмет, з прычыны самiх сябе.

Каб паспець скаардынаваць свае думкi, я пачаў здалёк:

— Ведаеш, — сказаў я дачцы, — перш чым пiсаць постмадэрновыя тэксты, трэба навучыцца пiсаць звычайныя вершы, апавяданнi, казкi.

— Ну, дык жа гэта будзе не хутка, — з сумам уздыхнула яна.

Я зразумеў яе сум i вырашыў паспрабаваць патлумачыць хаця б рознiцу памiж звычайным i постмадэрновым тэкстам.

— Традыцыйны тэкст, — адразу знайшоўся я, — гэта калi кажуць пра нешта ўсур’ёз, постмадэрновы — калi гэтую сур’ёзнасць перадражнiваюць. Постмадэрновы тэкст, нават самы сур’ёзны, гэта бясконцае перадражнiванне таго, што ёсць, бо постмадэрнiст не верыць, быццам словам можна выказаць нешта, акрамя таго, што ёсць у самiм слове... Ты, напэўна, яшчэ памятаеш, у “Буквары” было такое выслоўе: “Мама мыла раму”. Дык вось, каб стварыць постмадэрновы тэкст, ты бярэш гэтае выслоўе i, да прыкладу, пiшаш:

 

Мама любiць
рамы мыць.

Тата любiць
шыбы бiць.

 

“Мама мыла раму” — звычайны тэкст, а дражнiлка, якую мы зараз прыдумалi, — постмадэрновы. Хаця гэта, можа, i не лепшы прыклад. Давай пашукаем яшчэ што-кольвек больш выразнае. Скажам, ты калiсьцi для нейкага “патрыятычнага ранiшнiка” вучыла напамяць верш Пiмена Панчанкi “Герой”:

 

Злосна сказаў: “Уставай, пяхота!
Ты не на пляжы, а на вайне”.
I лёг на змяiныя скруткi дроту
I дзвесце салдацкiх запыленых ботаў
Прайшлi па яго спiне.

 

З гледзiшча эстэтыкi (i этыкi) соцрэалiзму (ты можа i не будзеш ведаць, што гэта за цуда-юда) — блiскучая страфа. I хаця ва ўсiм вершы няма нi калiўца праўды i гэты “герой” цалкам прыдуманы паэтам, але якая рытарычная фiгура — цуд. Другая страфа значна слабейшая, затое ў трэцяй зноў усё выдатна... Толькi мы адхiлiлiся. Значыць так, ты бярэш пачатак трэцяй страфы:

 

А ён свае косцi з iржавых калючак
Сваiмi рукамi без стогну аддзёр.

 

I далей у тым жа самым вершаваным памеры, але па-свойму ператлумачваеш, чаму “герой” злез з дроту. Ну, да прыкладу, “герой” убачыў, што бяжыць яшчэ дзвесце ботаў, гэта значыць, яшчэ сто ахвотнiкаў па чужых спiнах праз калючы дрот пералазiць. А яму i папярэднiя абрыдлi данельга, таму ён падняўся i сказаў: “Ды колькi можна на маёй спiне таўчыся?”

Дачка ўсмiхнулася i пайшла ў свой пакой, можа звычайную казку пiсаць, а можа — постмадэрновы тэкст. А я пачуўся нiякавата ад апошняга прыкладу. Хай сабе гэты “герой” Пiмена Панчанкi наскрозь паэтычная прыдумка, але самаахвярнасць чалавека i трагедыя вайны, якую гэты верш гiпертрафавана вырознiвае — праўдзiвыя, i цi варта такога, яшчэ зусiм маладога чалавека, як мая чатырохкласнiца, вучыць постмадэрновай iронii на прыкладах з запечанай крывёю?

Бадай i не варта. Затое з гэтага выпадку я атрымаў магчымасць на падставе рэальнай падзеi ўдакладнiць сваё тэарэтычнае разуменне сутнаснай рознiцы памiж традыцыйным i постмадэрновым тэкстамi. Гэтая рознiца (сутнасная) не ў дэцэнтралiзацыi тэксту i не ў дэканструкцыi яго, не ў адсутнасцi “героя” цi аўтара, тым болей не ў фармальных прыёмах (у тым лiку i праiлюстраваных вышэй iранiчнасцi, цытатнасцi, калажнасцi, эпатажнасцi, правакацыйнасцi...), а ў iншай ролi самога слова.

У традыцыйным тэксце мастацкае слова спрабавала iмiтаваць Слова Бога. Бог сказаў: хай будзе святло, i святло з’явiлася. I традыцыйнае мастацкае слова iмкнулася выявiць у сабе такую ж стваральную моц, яно жадала не толькi адлюстроўваць рэальнасць, але стварыць яе i быць ёю. I вось што яшчэ надзвычай iстотна: паколькi Бог (прынамсi адна з трох Ягоных iпастасяў — Iсус Хрыстос) быў не толькi Тварцом, але i ўяўляў з сябе маральны iмператыў, то i кожнае Яго слова ўжо па сваiм азначэннi было маральным, яно цалкам арыентавалася на той этычны закон, што ад пачатку заставаўся латэнтна iмплiкаваны ў iм.

Таму i ў традыцыйным мастацкiм тэксце слова таксама ўяўляла сябе як бы Словам. Яно не толькi рабiла выгляд, што ёсць тым, што азначае, але i нагружала сябе ўсiмi канатацыямi маральнага iмператыву. З гэтага ў традыцыйным тэксце слова — заўсёды этычнае слова.

Зусiм наадварот у постмадэрновым тэксце, дзе слова значыць што заўгодна, але найменш тое, што як бы пазначае. Адарванасць слова ад таго, што iм пазначаецца, адразу пазбаўляе яго этычнай семантыкi i пакiдае яго ў эстэтычным сам-насам. Таму ў постмадэрне слова не этычнае , а выключна эстэтычнае .

Адносна традыцыйнага гледзiшча, у постмадэрне слова — толькi пусты гук, амаль нiшто, бо па-за самiм сабой яно не скiраванае нi да якой мэты, нi да якой iдэi. Яно толькi элемент i прылада эстэтычнай гульнi, якая мае свае правiлы, але нi перад кiм i нi перад чым iншым не мае нiякiх абавязкаў, i найперш — маральных.

У постмадэрне слова не маральнае i не амаральнае, яно iмаральнае. З гэтага постмадэрновае слова не ведае, што такое боль, сумленне, адказнасць, пакута... Да прыкладу, у традыцыйным творы “герой”, якi свядома загубiў дзiця, — рэальны забойца, якому нi iншыя “героi” твора, нi аўтар, нi чытач нiколi не даруюць. “Героi” постмадэрновага тэксту могуць нялiчана рэзаць дзяцей на кавалкi дзень пры днi, i гэта будзе выклiкаць у постмадэрновага чытача што заўгодна, толькi не агiду да “герояў”, бо постмадэрновы тэкст ведаць не ведае, што такое сапраўдная рэальнасць (тым болей — этычная рэальнасць), ён цалкам адбываецца ў гiперрэальнасцi вiртуальна-вербальнай гульнi.

 

Падсумаванне ў праекцыi перспектывы

На пачатку гэтай лекцыi сцвярджалася, што постмадэрн — “гэта iнтэлектуальна-эстэтычнае рэзюме ХХ стагоддзя i адначасна канцэптуальныя ўводзiны ў мысленне, мастацтва i, верагодна, светапогляд ХХI стагоддзя”. Пэўна, далёка не кожны пагодзiцца з гэтым цверджаннем, што натуральна. Па-першае, аб сапраўднасцi гэтай досыць рызыкоўнай тэзы мы зможам даведацца адно ў ХХI стагоддзi, а па-другое, даць ёй веры ўжо сёння больш цяжка, чым учора, бо слова “постмадэрн”, якое яшчэ нядаўна стракацела паўсюдна, цяпер сустракаецца ўсё радзей i радзей, з чаго пачынае дамiнаваць быццам лагiчнае меркаванне аб iмклiвым заняпадзе кароткай эпохi постмадэрна.

Тое, што слова “постмадэрн” сёння ўжо згадваецца радзей, чым згадвалася ўчора, а заўтра, магчыма, знiкне паўсюль, акрамя архiваў — праўда, з якой няма сэнсу спрачацца i якую застаецца адно зафiксаваць. Але цi знiкне са знiкненнем слова сама з’ява — вось у чым пытанне?

Вiдавочна, дэфiнiцыя “постмадэрну” не вытрымала цяжару ўсiх тых сэнсаў, якiя звалiлiся на яе, у вынiку тэктанiчных перарухаў, што адбылiся ў грамадстве за апошнiя часы.

Як ужо казалася, панятак “постмадэрн” ад самага пачатку мала каго задавальняў, больш за тое, у iм было нешта, што хутчэй выклiкала раздражненне, адпрэчванне, чым давер. Вось чаму большасць патэнцыяльных постмадэрнiстаў, як у мастацтве, лiтаратуры, гэтак i ў мысленнi, адразу пачалi шукаць iншыя азначэннi для таго iнтэлiгiбельнага дыскурса, да якога яны належылi, але якi не жадалi называць постмадэрновым. Варыянтаў сiнонiмаў постмадэрну (цi асобным яго фрагментам) толькi ў Беларусi можна згадаць ужо добры дзесятак (транслагiзм, шызарэалiзм, посттрадыцыяналiзм, некрафiлiзм i г.д.). Але колькi б яшчэ не з’явiлася новых сiнонiмаў, наўрад цi ўжо калi ўзнiкне слова, якое б змясцiла ў сябе ўсю семантыку той сiтуацыi, якую пакуль мы пазначаем, як постмадэрновую. I я не выключаю, што пасля нейкага перыяду адсутнасцi, гэтае слова вернецца ва ўжытак. Зрэшты, знiкне слова “постмадэрн” цi не знiкне, вернецца потым цi не вернецца — гэта мала iстотна. Куды больш iстотна, што знiк i ўжо нiколi не вернецца той логацэнтрычны тып адносiнаў да быцця, на якiм яшчэ i сёння многiя спрабуюць будаваць сваё светабачанне i адпаведна яму сваю сiстэму стасункаў з рэальнасцю. А мiж тым рэальнасцi, як унiверсальнага цэлага, сашчэпленага нейкай канцэптуальнай iдэяй, ужо няма. Уласна, постмадэрн i з’явiўся найперш дзеля таго, каб засведчыць гэты факт i публiчна прамовiць: усе тыя унiверсалii, што вы яшчэ лiчыце за сапраўднасць, — гэта толькi сiмулякры...

Каб вярнуць чалавека ў свет адэкватнага рэальнасцi бытнага, постмадэрн перадусiм улёгся ў дэканструкцыю ўсёй той безлiчы iдэалагiчных сiмулякраў, што раней напрацавала чалавецтва. Адсюль так шмат у мастацкiх i iнтэлектуальных тэхналогiях постмадэрна iронii, скепсiса, гульнi, правакацыi — усяго, што ставiць пад сумнеў ранейшыя этычныя i эстэтычныя каштоўнасцi, што выкрывае аблуду iнтэлектуальных спекуляцыяў, якiмi ўласна i мацуюцца ўсе iдэалагiчныя канструкцыi...

Значэнне постмадэрна як цэлага у тым, што ён зафiксаваў змену унiверсалiсцкага тыпу светабачання на тып светабачання дыскурсiўнага.

Уласна ў эпоху постмадэрна свет застаецца тым самым, што быў i раней. Глабальнае адрозненне палягае адно на тым, што раней усе соцыякультурныя з’явы з’адзiночвалiся нейкай цэнтрапалеглай унiверсалiяй, укладвалiся ў нейкую агульную для ўсяго наяўнага абстрактную канструкцыю, а цяпер соцыакультурныя практыкi аб’ядноўваюцца толькi дыскурсам, г.з. месцам, у якiм падзеi не звязаныя нiякай iдэалогiяй, нiякай iерархiяй — нiчым яшчэ, што не ёсць прычынай iх самiх. I хаця дыскурс таксама мае нешта, што мы з пэўнай доляй умоўнасцi можам пазначыць словам “структура”, але гэтая структура трымаецца не па статыцы iерархii, а па дынамiцы актуалiяў. У ранейшым светабачаннi нейкая падзея, аднойчы з’явiўшыся, займала сваё месца i заставалася ў iм назаўжды. Iнакш у пару дыскурсiўнага светабачання, дзе з’ява бярэцца пад увагу толькi да той пары, пакуль яна застаецца актуальнай.

Асабiста ў мяне няма сумневу, што як мiнiмум на працягу некалькiх блiжэйшых эпохаў, чалавек будзе бачыць свет як дыскурс бясконцай пульсацыi актуалiяў, не абумоўленых нiчым яшчэ, акрамя як фактам сваёй наяўнасцi. Магчыма такое светабачанне ў ХХI стагоддзi людзi будуць называць не постмадэрновым, а неяк iнакш. Але сутнасць ад гэтага не памяняецца — чалавецтва ўступiла ў эру постмадэрна.

 

УВОДЗІНЫ Ў НОВУЮ ЛІТАРАТУРНУЮ СІТУАЦЫЮ. частка І (№7)

УВОДЗІНЫ Ў НОВУЮ ЛІТАРАТУРНУЮ СІТУАЦЫЮ. частка ІІ (№8)

Валянцін Акудовіч - АХІЛ І ЧАРАПАХА

Валянцін Акудовіч - МЕТАФІЗІКА. CІТУАЦЫЯ РОСКВІТУ І СІТУАЦЫЯ ЗАНЯПАДУ

Валянцін Акудовіч - НІДЗЕ І НІХТО

Валянцiн Акудовiч - РАЗБУРЫЦЬ ПАРЫЖ

Валянцін Акудовіч - УВОДЗIНЫ Ў НОВУЮ ЛIТАРАТУРНУЮ СIТУАЦЫЮ (частка 3)

Валянцін Акудовіч - МЯНЕ НЯМА. РОЗДУМЫ НА РУІНАХ ЧАЛАВЕКА - бібліятэка "ФРАГМЭНТЫ"

 

    

зьмест