ФРАГМЭНТЫ філязофіі культуралёгіі літаратуры

другая эўропа


ФРАГМЭНТЫ №3
№3
зьмест


сэмінары
пэрсаналіі
бібліятэка
спасылкі
рэдакцыя
сувязь


Iгар Бабкоў

СЯРЭДНЯЯ ЭЎРОПА — НОВАЯ МАДЭРНАСЬЦЬ

 

Сярэдняя Эўропа вось ужо колькi часу ёсьць геапалiтычнай дадзенасьцю й культурным выклiкам. Пытаньнi, што яна ставiць, альбо ўжо забытыя, альбо яшчэ не дачутыя. Яе бясконцыя сама-адрознасьцi (хаатычны плюралiзм) выклiкаюць перасьцярогу. Яе этас i культурныя вартасьцi апынаюцца на заўсёдна iншым полюсе эўрапейскае актуальнасьцi. Яе няздольнасьць да сама-легiтымацыi, да выпрацоўкi ўласнага праекту й наратыву, паўсьвядомае iмкненьне да далучэньня ў заходнеэўрапейскую культурную прастору нараджаюць стомлены скепсыс. Яе рэдкiя спробы знайсьцi свае вышынi патыхаюць мэсыянствам i абуджаюць страх. "Сярэдняя Эўропа ўцякае ад самой сябе", — дыягназ, што стаўся ўжо на Захадзе агульным мейсцам.

Насуперак гэтай скептычнай вiзii гэты даклад ангажуе сябе ў iншай прасторы: прасторы спадзяваньняў на сярэднеэўрапейскi культурны рэнэсанс альбо новае сярэднеэўрапейскае мадэрнасьцi. Ягоная задача — ня столькi дэманстрацыя нацыянальнага ўнiкалiтэту, колькi крытычнае прадумваньне (мы не адважымся вымавiць слова дэканструкцыя) некаторых базавых мэтапаняткаў, з дапамогай якiх вызначаецца сярэднеэўрапейская сытуацыя. Iх чатыры — Сярэдняя Эўропа, мадэрнасьць, нацыянальная iдэнтычнасьць, культурная поліглясiя.

Але, перш чым перайсьцi да сутнасьцяў, мы вымушаныя дамовiцца наконт тэрмiнаў цi, больш дакладна, зафiксаваць тыя адхiленьнi й розначытаньнi сярэднеэўрапейскае iдэi, якiя выводзяць яе за межы чыстае геаграфii.

 

Сярэдняя Эўропа

Ужо Кундэра ў сваiм славутым эсэ цьвердзiў пра немагчымасьць дакладнае геакультурнае лякалiзацыi Сярэдняе Эўропы. У гэтым тэксьце Сярэдняя Эўропа разглядаецца як вандроўная iдэя, што актуалiзуецца ў розных часавых i прасторавых кантэкстах на шырокай тэрыторыi мiж Атлянтычнай, Мiжземнаморскай i Цыркумбалтыцкай культурнымi зонамi, з аднаго боку, i Расейска-Эўразыйскай, з другога.

Такое разуменьне, вiдавочна, супярэчыць спробам увесьцi мiнiмум дакладнасьцi, але адпавядае сёньняшнiм рэалiям лякальных рэнэсансаў гэтай праблематыкi ў Беларусi, Украiне, часткова ў Летуве, — што, у сваю чаргу, ёсьць iндыкатарам таго, што Сярэдняя Эўропа стаецца "паняткам бязь межаў", эвалюцыянуе ад тэрмiну, якi пазначае канкрэтную зьяву — да ўласна IДЭI.

Зьмест гэтае ідэi палягае не на простым дадаваньнi (яшчэ адна Эўропа), i не на мэханiчным запаўненьнi пусткi (эўрапеiзацыi, вэстэрнiзацыi), — а на актуалiзацыi iншага. Сярэдняя Эўропа ў такiм прачытаньнi — гэта другая, iншая Эўропа, Эўропа, што засталася ў ценю заходнеэўрапейскае мадэрнасьцi, непрысутная ў агульнаэўрапейскiм культурным наратыве. Эўропа страчаных магчымасьцяў, забытых спадчынаў, неактуалiзаваных пасланьняў.

Такi зьмест дазваляе вывесьцi гэтую iдэю за межы дэманстрацыi чыстае ўнiкальнасьцi пэўнае культурнае топiкi й гаварыць надалей пра "новую" сярэднеэўрапейскую мадэрнасьць як пра зьяву тыпалягiчную, а ня толькi гiсторыка-культурную.

 

Мадэрнасьць

Сярэдняя Эўропа неаддзельная ад эўрапейскае мадэрнасьцi. Яна ёсьць яе вынiкам. Калi на зьмену Сярэднявеччу прыходзiць Новы час, на зьмену гiерархiчнае, халоднае цывiлiзацыi цывiлiзацыя кумуляцыйная, — паўстае Новая Эўропа як Цэнтар Сьвету. Усе напраўдзе новыя зьявы разьлягаюцца ў цэнтры гэтага цэнтру: навука, мастацтва, "нацыянальныя лiтаратуры", эканомiка.

Цэнтар патрабуе пэрыфэрыi. Цэнтар i магчымы адно тады, калi ёсьць пэрыфэрыя. Сярэдняя Эўропа i ёсьць адной з эўрапейскiх пэрыфэрыяў, адной з шматлiкiх. I, як усялякая пэрыфэрыя, Сярэдняя Эўропа знаходзiць сябе ў палоне, у разрыве мiж цэнтраiмклiвымi й цэнтрабежнымi тэндэнцыямi: г.зн., мiж магутнымi дыскурсамi нармалiзацыi (вэстэрнiзацыi) i памкненьнем да ўнiкальнай, анiякiм ўнiвэрсалiзмам не абгрунтаванай аўтэнтычнасьцi. Сама культурная топiка й культурная рытмiка пэрыфэрыi вызначаецца гэтым разрывам. Нават сярэднеэўрапейская геаграфiя вызначае сябе праз адсылку да iншых геакультурных каардынатаў, пакiдаючы iдэю ўласнае цэнтральнасьцi (уласнага мадэрну) на карысьць нязбытнага "памiж". Памiж Заходняй Эўропай i Расеяй. Памiж камунiзмам i вольным сьветам. Памiж чыста лацiнскiм i чыста бiзантыйскiм уплывам. Гэтае "памiж" само драбiцца й дзелiцца да бясконцасьцi, ажно пакуль не зьнiкае ва ўласнай аўтахтоннай прывiднасьцi. "Памiж" як прабел мiж двума знакамi, мiж двума радкамi тэксту. Памiж як цень ад чагосьцi. Памiж як паўза ў даўгiм i цiкавым — ажно да стомы — дыялёгу.

Зрэшты, пiсьмо патрабуе прабелаў. Сьвятло пакiдае цень. Усялякай парадыгме (як i ўсялякаму цэнтру) неабходны момант пэрыфэрыi, дзе яна можа сама-адмаўляцца, сама-пярэчыць i, такiм чынам, распачынаць тую гульню падваеньня й пераходу, якая й складае iстоту эўрапейскае мэтафiзыкi прысутнасьцi.

Той эпiстэмалягiчны зрух, якi зьмянiў гэтую звыклую сытуацыю, звычайна апiсваецца й пазначаецца як "la condition postmodernе", — стан постмадэрну.

Такiм чынам, паўстаюць два пытаньнi:

Цi здольны цэнтар i надалей вытрымоўваць ды легiтымiзоўваць уласную цэнтральнасьць?

Цi здатная пэрыфэрыя й надалей вызначаць сябе як пэрыфэрыю ў сытуацыi адсутнасьцi цэнтру?

Першае пытаньне вядзе нас да сытуацыi распушчаньня i, у пэўным сэнсе, сканчэньня эўрапейскай мадэрнасьцi ў плюралiзаваным, полiцэнтраваным, постмадэрным сьвеце. Другое патрабуе больш дэталёвага разгляду i, у прыватнасьцi, вызначэньня анта-культура-лягiчнага статусу пэрыфэрыi без апэляцыi да наяўнага альбо магчымага цэнтру (што выглядае чыстым парадоксам).

Кажучы больш канкрэтна: у сытуацыi, калi Захад больш ня мае iнтэлектуальнай, культурнай дый нават эканамiчнай манаполii на iдэю цэнтру, цi ў стане Сярэдняя Эўропа апэляваць да Захаду, вызначаючы сябе як пэрыфэрыю?

Геамэтрычны вобраз пэрыфэрыi ў адсутнасьцi цэнтру — Хаос. Цi ня ёсьць сёньняшнi Сярэднеэўрапейскi Хаос (вiдавочны на Балканах, але яўны паўсюль) — цi ня ёсьць гэты Хаос платай за iмiтацыю пэрыфэрыйнага мысьленьня ў сытуацыi дэцэнтралiзаванага сьвету?

 

Iдэнтычнасьць, нацыягенэза i культурная поліглясiя

Новыя нацыянальныя культуры Сярэдняе Эўропы высьпявалi ў межах шматнацыянальных iмпэрыяў, i ў пошуках самалегiтымацыi зьвярталiся да этнiчнае культуры, апэлявалi да "гераiчнае мiнуўшчыны" i выбудоўвалi свае нацыянальныя праекты. У кожным з гэтых нацыянальных праектаў прысутнiчала iдэя гамагенiзацыi культуры, але стартавыя ўмовы для гэтае гамагенiзацыi былi iстотна iншымi.

Як мы ўжо казалi, для заходнеэўрапейскае сытуацыi вядучай стратэгiяй гамагенiзацыi сталася стратэгiя Асьветнiцтва, якая была скiраваная на вытворваньне грамадзянскае нацыi. Iнструмэнтам такой гамагенiзацыi выступала абсалютысцкая дзяржава. Як гэта не парадаксальна, абсалютысцкая дзяржава, ламаючы стары сярэднявечны падзел грамадзтва, выступала як вястун эўрапейскае мадэрнасьцi. Альянс мiж Абсалютызмам ды Асьветнiцтвам быў зусiм не выпадковы.

Парадокс сярэднеэўрапейскае сытуацыi ў тым, што асьветнiцкая стратэгiя атрымала татальную паразу.

Гэта было зьвязана з тым, што Асьветнiцтва, пры ўсiм сваiм крытычным патасе што да l’Ancien Ršgime, насьледавала куртуазнай культуры й грамадзтву. Патас Асьветнiцтва быў скiраваны супраць кастава-фэўдальнага прынцыпу ў культуры. Пад цiскам трэцяе клясы, якая была зацiкаўленая ў мабiльным грамадзтве, Асьветнiцтва распрацоўвала стратэгiю пераходу ад гетэракультурнага да монакультурнага грамадзтва, падаўляючы ўсе рэгiянальныя й лякальныя культурныя адхiленьнi.

У сытуацыi ж сярэднеэўрапейскае культурагенэзы непасрэдны пераход ад гетэракультурнага да монакультурнага грамадзтваў быў збольшага немагчымы. Сярэдне-Ўсходняя Эўропа пераходзiла ад гетэракультурнага да полiкультурнага грамадзтва, i толькi затым ад полiкультурнага да монакультурнага*. (Монакультурнае грамадзтва — гэта сучаснае нацыянальнае грамадзтва, дзе культурны выбар дазваляецца ў межах больш цi менш адаптаваных культурнай прасторай iдэалектаў альбо культурных арго.)

Такiм чынам, полiкультурнае грамадзтва, якое шмат у чым абумовiла аблiчча Сярэдняе Эўропы, мы можам вызначыць як грамадзтва, у якiм сацыяльныя, этнiчныя, моўныя й культурныя межы не супадаюць, i ў якiм культурная саматоеснасьць апэлюе адначасна да некалькiх моўных i культурных традыцыяў.

Мы зыходзiм з таго, што нацыя й культурагенэза сярэднеэўрапейскiх грамадзтваў праходзiла дзьве пасьлядоўныя трансфармацыi: ад гетэракультурнасьцi да полiкультурнасьцi й ад полiкультурнасьцi да монакультурнасьцi.

 

Нацыянальнае адраджэньне як "стратэгiя"

Да таго ж Сярэдняя Эўропа выпрацавала сваю ўласную стратэгiю гамагенiзацыi: менавiта стратэгiю "нацыянальнага адраджэньня". Зрэшты, i асьветнiцкая, i адраджэнская парадыгмы выконвалi адную й тую ж функцыю: гамагенiзацыю соцыякультурнае прасторы. Розьнiца палягала на мэханiзмах гамагенiзацыi: калi асьветнiцтва апэлявала да цэнтралiзаванай дзяржавы (неiстотна -- манархii альбо рэспублiкi), да iдэяў грамадзянскае дамовы, усеагульнае адукацыi й г.д. — дык адраджэньне апэлюе непасрэдна да "народу" (таксама неiстотна -- этнiчна гамагеннага цi не), разгортваючы апрычоную мiстыку Volksgeist’у i нацыянальнага вызваленьня.

У адраджэнскай парадыгме мы знаходзiм ня толькi й ня столькi этнiчны iрацыяналiзм, як гэта здаецца некаторым крытыкам, колькi зварот да арганiчных, нутраных рэсурсаў грамадзтва, якiя цягам сярэднеэўрапейскае гiсторыi забясьпечвалi заўсёдную перавагу грамадзтва над дзяржавай i дарылi надзею на выжываньне этнакультурнае супольнасьцi ў самых неспрыяльных гiстарычных умовах.

Але i ў адной, i ў другой парадыгме на скрыжаваньнi дзяржавы й культуры мусiлi паўстаць нацыi.

Адраджэнская стратэгiя разьвiцьця магчымае нацыi/народу прадугледжвае тры пасьлядоўныя стадыi.

Першая стадыя — дэскрыпцыйная. Задача гэтае стадыi — апазнаваньне магчымага народу/нацыi ў якасьцi аб’екта гiсторыi, пры гэтым дыскурс этнаграфii, якi паўстае як адказ на выклiк сытуацыi, першапачаткова зьвяртаецца да фэномэну навукi як да крынiцы магчымае легiтымацыi. Менавiта на глебе навукi адбываюцца першапачатковыя бiтвы на тэму "цi сапраўды iснуе пэўны народ як самастойная этнакультурная адзiнка". Дзевятнаццатае стагодзьдзе, у якiм пераважна i разгортвалiся адраджэнскiя стратэгii, вытварыла калясальную колькасьць "этна-лiнгва-графiчных тэкстаў".

Другая стадыя праектная альбо "адраджэнская". Пачынаецца фармаваньне культурнае саматоеснасьцi будучае "ўяўленае супольнасьцi" i вядучае роля пераходзiць ад фэномэну навукi да фэномэну нацыянальнай лiтаратуры. У першым часе менавiта нацыянальная лiтаратура фармуе "топiку ўяўнага" нацыi, менавiта ўва ўлоньнi лiтаратуры паўстаюць усе складнiкi нацыянальнае саматоеснасьцi. Нацыянальная лiтаратура выступае на гэтай першай стадыi ня столькi ў ролi ўласна лiтаратурнага дыскурсу, колькi ў ролi дыскурсу агульнанацыянальнага, выступае як нацыянальны праект. Лiтаратура замяняе сабой нацыю.

Пачынаецца структурацыя нацыянальнае саматоеснасьцi. Паўстае "мiт псыхе" альбо душы народу. Фармуецца ён у межах нацыянальнае лiтаратуры, пераважна паэзii.

Далей фармуецца "мiт паходжаньня". Мiт паходжаньня заклiканы легiтымiзаваць "нацыянальную гiсторыю" i ў iм фармуецца нацыянальна-гiстарычны наратыў. Папярэдняя гiсторыя перапiсваецца ў якасьцi нацыянальнай.

Апошнiмi фармуюцца "мiт будучынi" й "мiт парадку". У мiце будучынi акумулююцца пэрспэктывы й iдэалы "несьмяротнасьцi нацыi", ейнае iснаваньне працягваецца ў неакрэсьленую будучыню. Мiт парадку — гэта iдэя i праграма "сваёй дзяржавы" як арганiчнага цела нацыi, гаранта бясьпечнага й справядлiвага iснаваньня.

Адраджэнская альбо праектная стадыя збольшага характарызуецца культурным пурызмам, — уяўленая нацыя мусiць максымальна вырозьнiвацца ад сваiх суседзяў, ейная нацыянальная саматоеснасьць зарыентаваная на максымальную гамагеннасьць, на адмежаваньне альбо падаўленьне ўсiх магчымых альтэрнатываў нацыянальнага праекту.

Трэцяя, рэфлексыйная стадыя разьвiцьця нацыянальнае iдэi — гэта стадыя постпраектная альбо постмадэрная. Яна настае, калi мадэрны праект "нацыягенэзы" выкананы па большасьцi парамэтраў, — як мiнiмум, калi больш не стаiць задача культурнае гамагенiзацыi грамадзтва, калi нацыя забывае пра сваё паходжаньне й пераходзiць ад "уяўленай" супольнасьцi да супольнасьцi "рэальнай". На гэтай стадыi адбываецца замена iдэi нацыi як нацыi/народу, як квазыарганiчнай супольнасьцi — замена на iдэю нацыi як супольнасьцi пераважна грамадзянскай. Пры гэтым напрацаваная мадэль арганiчнае культурнае саматоеснасьцi "здаецца ў архiў" i разглядаецца як састарэлая, як здольная выконваць ролю культурнага архiву нацыi, а не актуальнага нацыянальнага праекту.

У гэтай стадыi адбываецца распад "агульнанацыянальнага" дыскурсу на шматлiкiя нацыялекты, зарыентаваныя на грамадзянскую супольнасьць.

 

Калянiзацыйныя стратэгii

Схема сярэднеэўрапейскай нацыя- й культурагенэзы, пра якую мы казалi вышэй, у сваiм чыстым выглядзе сустракаецца надзвычай рэдка. I гэта зьвязана з тым, што ў гэтым рэгiёне мы мусiм вылучыць яшчэ адзiн фактар, якi непасрэдна ўплываў на сытуацыю, затрымоўваючы культурныя працэсы i прадукуючы шматлiкiя "адхiленьнi". Мы назавем гэты чыньнiк калянiзацыйныя стратэгii й калянiзацыйныя дыскурсы. Iхнае паўставаньне абумоўлiвалася тым, што шматнацыянальныя iмпэрыi, якiя зьнiклi на Захадзе напрыканцы Сярэднявечча ў сувязi з паўставаньнем новых цэнтралiзаваных дзяржаваў, у Сярэдне-Ўсходняй Эўропе дажылi да дваццатага стагодзьдзя. У новаэўрапейскiя часы ў межах гэтых iмпэрыяў пачалося фармаваньне iмпэрскiх протанацыяў, якiя былi вымушаныя будаваць сваю культурную й нацыянальную саматоеснасьць як полiкультурную й мэтаэтнiчную. Але сама сытуацыя полiкультурнасьцi штурхала гэтыя протанацыi не на самаабмежаваньне i самавызначэньне ў межах уласнай этнакультурнай супольнасьцi, а на фармаваньне адмысловых стратэгiяў калянiзацыi, на прывязку свае культурнае саматоеснасьцi да iдэi iмпэрскае культурна-цывiлізацыйнае мiсii.

Такiм чынам, культурныя працэсы ў межах iмпэрыяў мелi амбiвалентны характар: адна й тая ж прастора выступала i як прастора протанацыянальная, i як прастора полiкультурная, прастора сваеасаблiвай мэтатрадыцыi. Такiм чынам, мы можам канстатаваць, што да моманту паўставаньня незалежных дзяржаваў Сярэдне-Ўсходняе Эўропы базавай характарыстыкай культурнай сытуацыi гэтага рэгiёну была сытуацыя культурнае поліглясii.

Культурная полiглясiя ёсьць вынiкам сытуацыi полiкультурнасьцi, i палягае на адначаснай прысутнасьцi ў межах аднае прасторы некалькiх тыпалягiчна адрозных культураў, якiя ўступаюць мiж сабой (часьцяком у межах аднае асобы, аднаго тэксту альбо нават у межах аднае культурнае саматоеснасьцi) у складаныя стасункi ўзаемададатковасьцi/кантрастнасьцi, дыялёгу/варожасьцi й г.д.

Культурная полiглясія спалучаная з тэмай культурнага памежжа — калi мы пагадзiмся, што культурныя межы могуць праходзiць ня толькi й ня столькi ў мейсцах геаграфiчнага сутыкненьня культураў, але ў самых розных прасторах.

У дадзеным выпадку культурная полiглясія ў рэгiёне Сярэдне-Ўсходняе Эўропы абумоўлiвалася (i абумоўлiваецца) наступнымi фактарамi:

а) Прысутнасьцю калянiзацыйных дыскурсаў iмпэрскiх мэтакультураў. Нацыянальныя культуры Сярэдняе Эўропы выбудоўвалi свае праекты ў яўнай альбо прыхаванай апазыцыi да калянiзацыйных дыскурсаў. Бо задачай калянiзацыйных дыскурсаў было пранiкненьне й дэструкцыя базавых момантаў, базавых мiтаў нацыянальнае саматоеснасьцi: мiту паходжаньня й мiту будучынi/парадку.

б) Наяўнасьцю мэтакультурнае прасторы, у якой адначасова прысутнiчалi некалькi магчымых нацыянальных культураў, — зь нявызначанымi культурнымi межамi мiж самымi гэтымi культурамi.

в) Фармаваньнем рэгiянальных мэтасыстэмаў з агульнай мовай (нямецкая, польская, расейская).

г) У вынiку пераходу да рэфлексыйнае стадыi нацыянальнае iдэi адбываецца актуалiзацыя сытуацыі полiкультурнасьцi.

..........

Зрэшты, сярэднеэўрапейская iдэнтычнасьць можа быць прачытаная ня толькi праз паняткi, але й праз мэтафары. Мэтафара сну…

Мы глядзiм у твар голаду твар агню твар сьмерцi
ў найгоршы з усiх — твар здрады

i толькi сны нашыя ня ўнiжаныя засталiся

(Зьбiгнеў Гэрбэрт)

Менск, 1997

 

Ігар Бабкоў - БЕЛАРУСЬ-УКРАІНА- ПАДАРОЖЖА НА СКРАЙ

Iгар Бабкоў - МУЗЭЙ "ЭЎРОПА"

Ігар Бабкоў - ЭТЫКА ПАМЕЖЖА- ТРАНСКУЛЬТУРНАСЬЦЬ ЯК БЕЛАРУСКІ ДОСЬВЕД

Ігар Бабкоў - КРЫТЫЧНЫЯ ІНТЭЛЕКТУАЛЫ

Ігар Бабкоў - ЧАТЫРЫ ВЭРСІІ ІДЭІ СВАБОДЫ

Ігар Бабкоў - ПАСЬЛЯ ЭЎРОПЫ

Ігар Бабкоў - ГЕРОЙ ВАЙНЫ ЗА ПРАЗРЫСТАСЬЦЬ -  бібліятэка "ФРАГМЭНТЫ"

 

зьмест