![]() |
||||
|
![]() |
![]() |
![]() |
КРЫТЫЧНЫЯ ІНТЭЛЕКТУАЛЫ
Яны мала ўва што вераць і ўжо напэўна нікому не служаць. Ніцшэ адважыўся назваць іх іхным небясьпечным найменьнем: спакушальнікі. Яны сапраўды спакушаюць: лепш ня быць кімсьці, чым адно здавацца, лепш быць нікім, чым роля Плятонавых лялек у тэатры ценяў, — лялек, матузкі ад якіх сёньня торгаюць усе, хто толькі можа. “Чалавек выбірае хацець нішто, чым нічога не хацець”, — гаворыць спакушальнік. “Неўзабаве мы будзем адрозьнівацца адзін ад аднаго толькі воляй да супраціву сытуацыі Нідзе і Ніхто”, — працягвае Валянцін Акудовіч. “Істотна тое, што сама воля была выратаваная”, — камэнтуе Ніцшэ. З тых часоў анічога не зьмянілася. І мы зноў, тут і цяпер, вымушаныя паўтараць пытаньні, зададзеныя больш за стагодзьдзе таму: “Што ў нас саміх імкнецца да праўды? Мы хочам праўды: чаму лепш не аблуды? Не сумневу? Не няведы? Хто з нас тут Эдып? Хто сфінкс?” “Філязофія беларускага шляху”, запачаткаваная Ігнатам Канчэўскім, амаль стагодзьдзе дбайна адбірала з Архіву эўрапейскага мысьленьня думкі ды ідэі, якія маглі б “асьвятліць” дарогу. “Беларусь”, як праект выхаду зь ценю адной з “магчымых нацыяў”, адбыўся. Мы прыйшлі. Ад сьляпучага сьвятла шмат каму хочацца зноў заплюшчыць вочы ды ўявіць сабе наступнае падарожжа. Хтосьці лічыць, што не дайшлі, хтосьці — што прыйшлі запозна і зусім не туды. І толькі нешматлікія разумеюць, што мы так і засталіся сядзець у Плятонавай пячоры. І сярод гэтых нямногіх зусім горстка адважваецца запытацца пра праўду. У гэтай краіне іх увесь час блытаюць з кімсьці іншым. З прафэсыяналамі і інтэлігентамі, зь інжынэрамі чалавечых душаў ці адраджальнікамі. Яны не дзеляцца паводле мовы і геапалітычнай арыентацыі. Яны ня дзеляцца на шчырых і няшчырых, на сьвядомых і несьвядомых, на маніпулятараў і аб’екты маніпуляцыяў. У гэтай краіне яны нікому не патрэбныя. Яны дасьпелі, каб назваць сябе ўласным небясьпечным найменьнем: спакушальнікі.
Iгар Бабкоў - СЯРЭДНЯЯ ЭЎРОПА - НОВАЯ МАДЭРНАСЬЦЬ Ігар Бабкоў - БЕЛАРУСЬ-УКРАІНА- ПАДАРОЖЖА НА СКРАЙ Ігар Бабкоў - ЭТЫКА ПАМЕЖЖА- ТРАНСКУЛЬТУРНАСЬЦЬ ЯК БЕЛАРУСКІ ДОСЬВЕД Ігар Бабкоў - ЧАТЫРЫ ВЭРСІІ ІДЭІ СВАБОДЫ Ігар Бабкоў - ГЕРОЙ ВАЙНЫ ЗА ПРАЗРЫСТАСЬЦЬ - бібліятэка "ФРАГМЭНТАЎ"
|